- -
- 100%
- +
«Карані! – раптам зразумеў Ясь. – Вось што адметнае ў гэтым дрэве!» Ён нахіліўся і ўважліва прыгледзеўся.
Карані разыходзіліся наўкола, дзіўна перапляталіся, але самае галоўнае – якраз каля таго месца, дзе стаяў хлопец, яны выходзілі з камля вышэй за ўзровень зямлі – настолькі, што можна было паспрабаваць залезці пад іх.
Ясь лёг на жывот і папоўз пад карані, нагамі намацваючы шлях. Ён ужо напалову схаваўся пад дубам, як ногі ўперліся ў камель. Далей ходу няма.
На бліжэйшых дрэвах з’явіліся водбліскі паходняў.
Некалькі імгненняў Ясь страціў, разгубіўшыся і не ведаючы, што рабіць далей. Выбірацца назад было ўжо бессэнсоўна. Ён не паспее збегчы. Схавацца ў каранях не атрымалася.
Паміж дрэвамі замільгалі агні. Зусім блізка.
Ясь вырашыў паспрабаваць яшчэ раз. Ага! Здаецца, збоку ёсць трохі прасторы. Але ці ўдасца яму так выгнуцца? Ён лёг на правы бок і пачаў залазіць усё далей і далей пад дрэва.
– Ды дзе ж ён?!
Пераследнікі выйшлі з-за дубоў якраз тады, калі плечы і галава Яся схаваліся пад каранямі.
– Я бачыў, як ён бег кудысьці сюды, – адказаў адзін з іх.
Насупраць схову з’явілася пляма святла, і проста перад сваім тварам Ясь убачыў скураныя боты, аздобленыя зверху тонкай палоскай шэрага футра.
– Яму ад нас не збегчы, – працягваў першы голас. – Лес зусім невялікі. Але чым раней мы яго зловім – тым нам лепш. Даўжэй паспім. Гэй ты! – цяпер ён зароў ва ўсё горла кудысьці ўглыб дубровы. – Дзе ты там хаваешся?! Давай, выходзь!
Ясь стараўся не дыхаць, баючыся, што яго пачуюць.
– Прачасаць увесь гай! Стаць шарэнгай, дыстанцыя дваццаць крокаў!
Боты зніклі.
Ясь змог набраць поўныя грудзі паветра і ўздыхнуць. Схоў хоць і не выдатны, але які ёсць. Ён вырашыў чакаць тут раніцы.
Але месца пад каранямі было зусім няшмат, і ён зразумеў, што ў такой паставе ён не зможа праляжаць доўга. Ясь пачаў павольна, каб не нарабіць шуму, паварочвацца, і ў гэты момант яму падалося, што глеба пад ім прасядае. Ён інстынктыўна падаўся наперад, але было ўжо запозна: Ясь адчуў, што правальваецца.
Ён саслізгваў уніз разам з вільготнай, цяжкай зямлёй, і Ясю здалося, што гэтая яма ніколі не скончыцца. Нарэшце ён упаў на дно.
Ён ляжаў у поўнай цемры, чакаючы, што зараз яго засыпле зямлёю. Але было ціха. Ясь паварушыўся: здаецца, нічога не паламаў. Трэба было выбірацца назад. Ён падняўся на ногі, вытрас зямлю з валасоў і намацаў сцены. Яма была амаль вертыкальнай. Ясь паспрабаваў лезці наверх, але на сценах не было нічога, за што можна было б зачапіцца ці на што можна было б паставіць нагу. Пасля некалькіх няўдалых спробаў, цалкам змучаны, ён вырашыў спыніцца.
Але думаць спакойна не атрымлівалася. Няўжо вось так усё і закончыцца, тут, у нейкай незразумелай і цёмнай яме, дзе яго ніхто – нават ягоныя пераследнікі – ніколі не знойдзе? Дзе выйсце? Можа, яшчэ раз заплюшчыць вочы ў спадзеве на дзіўнае святло, якое ён бачыў наверсе? Ясь так і зрабіў.
Нічога.
Так і ведаў…
Хаця пачакай.
Нешта быццам бы з’явілася перад вачыма, нейкая светлая кропачка. Але адразу ж знікла.
«Гэта ад стомы?»
Не, нешта ўсё-такі ёсць. Вакол хлопца пачалі праяўляцца, пакрысе вымалёўвацца залаціста-чырвоныя абрысы гэтага месца. У хуткім часе Ясь змог разабраць, што лаз падымаецца ўверх і трохі ўбок і губляецца ў цемры. Уздых горычы вырваўся з ягоных вуснаў: стала зразумела, што падняцца тут немагчыма. Ён некалькі разоў расплюшчваў вочы, але толку ад гэтага не было. У нязручным тунэлі, зробленым ці то людзьмі, якія зусім не клапаціліся пра камфорт тых, хто будзе ім карыстацца, ці то прыхамаццю прыроды, якая пракладала шлях так, як было зручна толькі вадзе, панавала абсалютная цемра – святлу месяца сюды было не дабрацца.
Ясь зноў заплюшчыў вочы і вырашыў разгледзець дно ямы. Яно было завалена глебай, разам з якой ён сюды ўваліўся. Ён прысеў і, на сваё здзіўленне, убачыў, што супрацьлеглая сцяна ямы не даходзіць да дна: паміж ёй і глебай быў невялікі прагал.
Ясь падабраўся бліжэй, схіліўся і зразумеў, што лаз ідзе далей. Верхні вузкі тунэль тут амаль пад простым кутом пераходзіў у больш шырокі, які ішоў, як яму здалося, паралельна паверхні зямлі. «Калі дарогі назад няма, значыць, трэба ісці наперад», – падумаў Ясь і пачаў разграбаць пясок. Урэшце ён расчысціў лаз настолькі, што можна было прасунуцца.
Гэты тунэль сапраўды быў куды больш шырокі. Хлопец споўз у яго па насыпанай зямлі і выпрастаўся ва ўвесь рост. Тунэль ішоў спачатку без нахілу, а потым стаў заўважна скіроўвацца ўніз. Ясь спачатку баяўся, што ўвапрэцца ў глухую сцяну, затым чакаў, што яшчэ крыху – і ён некуды выйдзе, але ход усё не канчаўся. Праз нейкі час спуск стаў зусім стромкім, і абрысы наперадзе пачалі рабіцца цьмянымі, аж пакуль перад заплюшчанымі вачыма не паўстала непраглядная цямрэча. Ён прайшоў так яшчэ некалькі крокаў і спыніўся. Куды ісці далей – было незразумела. Па ілбе, нягледзячы на падземную прахалоду, прабеглі кропелькі поту. Ясь азірнуўся назад, зноў паглядзеў наперад – цемра, здавалася, яшчэ больш згусцела.
Ён стаяў нерашуча, не ведаючы, што можа быць наперадзе. «Расплюшчыць вочы? А што, калі я ўбачу толькі цемру?» Ён павагаўся секунду, быццам асцерагаўся страціць апошнюю надзею, і расплюшчыў вочы.
Асляпляльнае святло ледзь не збіла Яся з ног. Ён аж схіліўся ад нечаканасці.
Трохі ператрываўшы, пакуль вочы перастануць балець, хлопец, паволі прыпадымаючы вейкі ды прыкрыўшы твар рукою, паспрабаваў зноў зірнуць навокал. Калі яркае мігценне ўваччу ўляглося, Ясь убачыў, дзе апынуўся.
Ён быў на беразе вялікага падземнага возера, з якога і сыходзіла святло. Пасярод возера стаяла старажытная вежа.
Яна ўздымалася недасяжна высока – як падалося Ясю, метраў на сто. Падсветленая знізу вадой, вежа гублялася недзе далёка ўверсе, і абрысы яе вострага даху можна было толькі ледзь-ледзь разгледзець. Столі ж самой пячоры было не відаць – азёрнае святло на такую вышыню проста не сягала.
Ясь бачыў, што знаходзіцца на невялікім, зусім вузкім беразе. Возера было спераду і злева ад яго, а справа ўгару ішла і знікала ў цемры стромая сцяна пячоры. За сабой ён, азірнуўшыся, убачыў праход, з якога выйшаў: цёмны, вузкі, трохі вышэйшы за ягоны рост.
Па дробных берагавых каменьчыках Ясь зрабіў некалькі крокаў да вады. Возера ззяла зыркім рубінавым з залатымі пералівамі святлом, адкідвала дрыготкія блікі на камяні і сцены пячоры.
Ясь прысеў на беразе, дакрануўся да яркай вады і павольна апусціў у яе сваю далонь. На дотык вада была звычайная, хіба што трохі халаднейшая за рачную. Ён дастаў з возера невялікі каменьчык і ўбачыў, што і ягоная далонь, і каменьчык таксама свецяцца, але ззянне гэтае было значна слабейшым. Яно згасала на вачах, і, калі вада высахла, знікла і святло.
Да вежы было каля двухсот метраў. Ясь увайшоў у возера і нетаропка пакрочыў, чакаючы, што вось-вось бераг рэзка пойдзе ўніз – і ён не дастане дна. Аднак узровень вады не змяняўся, яна даставала яму толькі да костачак, і Ясь пайшоў наперад, здзіўлены і ўзрадаваны, што яму не давядзецца плысці. Ён ступаў у халоднае ззянне, і лёгкія хвалі святла разыходзіліся па вадзе.
Падыходзячы ўсё бліжэй да вежы, Ясь разглядваў яе. Высачэзная, з разнастайнымі вокнамі, вежачкамі і байніцамі, яна заварожвала сваёй таямнічасцю. «Цікава, ці ёсць там хто? – думаў Ясь. – І што гэта за людзі, якія маглі б жыць тут, пад зямлёй?»
Праз некалькі хвілінаў ён дабраўся да падмурка. Прыступкі, ніжнія з якіх хаваліся ў вадзе, вялі да ўвахода: да вялізных, закругленых уверсе жалезных дзвярэй з кальцом замест ручкі. Ясь узяўся за гэтае кальцо і з усёй моцы пацягнуў на сябе.
У гэтай вежы нехта жыў. Унутраная пляцоўка была асветленая. Ясь устаў на дыбачкі і зняў замацаваную на сцяне паходню. Як ён і меркаваў, унутры на навершы была наліта азёрная вада. Паставіўшы паходню на месца, ён падышоў да вінтавой лесвіцы, якую заўважыў насупраць, і пачаў падымацца наверх.
Ісці было складана, высокія прыступкі рабілі ўзыходжанне павольным. «Хаця, з іншага боку, – думаў Ясь, цяжка перастаўляючы здранцвелыя ногі ды згадваючы кніжкі па гісторыі, – зразумела, чаму збудавалі менавіта так: абараняцца ў такой вежы нашмат лягчэй, бо па вузкай і стромкай лесвіцы не зможа ўзбегчы адразу цэлы атрад нападнікаў». Вада з паходняў, што былі развешаныя ўздоўж сценаў, свяціла лагодна і роўна, і гэта зусім не было падобна да трапяткога й няўстойлівага святла, якое дае агонь.
Ясь падымаўся каля дваццаці хвілінаў і толькі аднойчы спыніўся, каб аддыхацца і адпачыць. Яму ўжо хацелася, каб гэты бясконцы пад’ём хутчэй скончыўся, і з невымоўнай палёгкай ён убачыў апошнія прыступкі. Падняўшыся, ён ступіў у прыцемак верхняга пакоя вежы. У гэты самы момант чыясьці рука заціснула яму рот. Праз долю секунды Ясь ужо ляжаў на падлозе тварам уніз, адчуваючы, як яму балюча ўперліся каленам у спіну, а зведзеныя ззаду рукі моцна замотваюць вяроўкай.
– Дзе астатнія? – пачуў хлопец над сабою суровы шэпт.
– Я адзін, – ледзь вымавіў ён.
Нябачны ў цемры чалавек даў яму падняцца, але тут жа спрытна схапіў за звязаныя рукі, адвёў іх назад і ўверх, і Ясю давялося нахіліцца. Так чалавек пазбавіў яго ўсякай магчымасці вырвацца й завёў у суседні пакой. Там ён наўмысна пасадзіў Яся пад паходняй, а сам застаўся ў цені.
– Няўжо ў Вормара не хапае байцоў, што яны адправілі юнака? У цябе ж яшчэ малако на губах не абсохла! – у голасе Ясь пачуў непрыхаванае здзіўленне. – І што гэта за дзіўная вопратка?
– Гэта нармальная воп…
– Ты хто такі? – рэзка перабіў незнаёмец.
– А ты хто? – Ясь не ведаў, як трэба гаварыць з нападнікам: на ты, альбо на вы, але, седзячы са звязанымі за спінай рукамі, вырашыў, што тут не да цырымоніяў. – Наконт жа гэтага твайго Вормара…
– Ну-ну, асцярожней, ён мне не «мой», – тон захопніка стаў пагрозлівым.
– …наконт жа Вормара, – працягнуў Ясь, – я ведаю толькі, што ягоным імем мне загадвалі спыніцца тыя людзі, якія хацелі мяне схапіць.
– Што ты кажаш? – іранізаваў голас. – І дзе ж гэта было?
– У пустым горадзе.
– І ў якім жа з пустых гарадоў?
– Як «у якім»? Тым, што зверху, над гэтай пячорай.
Ясеў захопнік рэзка выйшаў на святло. Гэта быў мужчына гадоў трыццаці, цёмна-русы, у вопратцы, што нагадала Ясю сярэднявечныя строі, якія ён калісьці бачыў у музеі. Незнаёмец памаўчаў некалькі секундаў, а затым хмыкнуў:
– Ты думаеш, я паверу ў байку, што ў горадзе нікога няма? Спахаплюся, пабягу наверх – і патраплю ў лапы шпегаў? – ён пасунуў да сябе крэсла і сеў насупраць Яся. – Хлопча, я не ведаю, чаму ты пайшоў служыць Вормару – і мне цябе нават трохі шкада, – але твае сябрукі закінулі цябе сюды як нажыўку. Падумай пра гэта. І распавядзі мне ўсю праўду.
Ясю здалося, што тут, пад зямлёй, яму не хапае паветра. Ён раптам успацеў, кроў тахкала ў скронях, і ўсё гэта не давала сабрацца з думкамі.
– Праўду? – крыкнуў Ясь. – Праўда ў тым, што я не ведаю, дзе я і чаму тут! Я не ведаю, за каго лічыце мяне вы і за каго тыя людзі, што там, наверсе! Праўда ў тым, што мне трэба вярнуцца ў свой дом, які знаходзіцца немаведама дзе, вярнуцца назад, праз мора, праз гэты незразумелы туман!
Чалавек моўчкі глядзеў на хлопца.
– Ды й навошта тым людзям наверсе, – працягнуў пасля паўзы Ясь, – трэба было б штосьці прыдумляць з «нажыўкай»? Калі ім вядома, дзе вы, то чаму яны не спусцяцца і не схопяць вас?
Мужчына ўстаў і пачаў хадзіць узад-уперад. Затым павярнуўся да хлопца:
– Паўтары, што ты сказаў пра туман?
– Мой плыт панесла рэчка, і я патрапіў у нейкі дзіўны туман, такога я раней ніколі не бачыў… Ён узяўся невядома адкуль. Не ведаю, як доўга я ў ім плыў… Затым апынуўся ў акіяне, і ўрэшце мяне вынесла да берага.
Чалавек глядзеў Ясю проста ў вочы:
– Ты жывеш у Эферыі?
– Дзе?
– Эферыя. Наша краіна. Наша выспа.
Выспа… Раней Ясь мог бы толькі марыць пра тое, каб апынуцца на выспе, на якой-небудзь дзіўнай зямлі. Але зараз, тут, ён не адчуваў ніякай рамантыкі. Ён адно запытаўся – чамусьці асіплым голасам:
– Гэта далёка?
– Я думаю, хлопча, што гэта вельмі далёка… Дык што ў цябе за адзенне, ты кажаш?
– Звычайнае, у нас усе так апранутыя: штаны, кашуля, чаравікі.
– Як цябе завуць?
– Ясь. А вас як?
Чалавек падышоў да Яся і пачаў развязваць яму рукі.
– Маё імя Стэфан. Мяне завуць таксама Шосты Захоўнік, але для цябе гэта нічога не значыць, калі ты не з Эферыі. Дарэчы, звяртайся да мяне на ты.
Нечаканае вызваленне, здаецца, адабрала ў Яся рэшту сілаў. Калі Стэфан прапанаваў яму прайсці ў суседні пакой, Ясь падняўся, разумеючы, што зараз можа паваліцца: так дрыжалі яго калені.
Гэты пакой быў большы і лепш асветлены. Тут стаяў доўгі стол з крэсламі вакол, вялікі пясочны гадзіннік, на сценах віселі дзівосныя прыгожыя шчыты і самыя разнастайныя мячы – ад кароткіх да вялікіх двусечных, некалькі відаў арбалетаў і лукаў.
Ясь не паспеў разгледзець як след усё гэтае багацце на сценах, як ягоны новы знаёмец прынёс і паставіў перад ім некалькі талерак з ежай, а таксама срэбны графін.
– Частуйся, брат! – Шосты Захоўнік сеў насупраць яго.
Ясь убачыў перад сабой хлеб, некалькі гатункаў сыру, зялёную цыбулю, яблыкі і яшчэ нешта з гародніны і садавіны, якіх ён не ведаў.
– Раскажы мне, што ты бачыў наверсе, у горадзе, – Стэфан наліў яму вады з выкшталцонага графіна ў такі ж срэбны, з прыгожым арнаментам, келіх.
Ясь паднёс келіх да твару: вада злёгку пахла балотам. Такой жа яна аказалася і на смак – рыхтык тая, што была ў доме пустога горада.
– Наверсе нікога няма. Калі не лічыць тых людзей, што хацелі мяне злавіць.
– Ты ішоў сюды ад мора? Па дарозе нікога не сустракаў?
– Так, я ішоў з самай раніцы. Але нікога не бачыў.
– Вось, значыць, чаму старэйшына не з’яўляўся апошнія дні. Яны іх арыштавалі, усіх…
– Хто «яны»?
– Прыслужнікі Вормара. Тыя, хто незадорага прадасць і свой народ, і сваіх бацькоў… – Стэфан устаў з-за стала. – Але, прабач, ты паеш спачатку.
Ясь узяўся за эферыйскую ежу. У гэты час Шосты Захоўнік хадзіў па пакоі, і Ясь пачуў, як ён задуменна сказаў сам сабе: «Такога яшчэ ніколі не было…»
– Ну як? Выбар ежы тут не вельмі вялікі…
– Не, шчыры дзякуй, усё было смачна, – пра ваду Ясь вырашыў прамаўчаць. – А што гэта за месца?
– Пячора Эйлон – гэта адно з самых патаемных месцаў Эферыі. Падземная вежа была пабудаваная яшчэ ў часы першых старэйшынаў Чырвонай Руды – горада, што там, наверсе. Тут можна было схаваць нешта ці схавацца самому, будучы ўпэўненым, што ніхто ніколі цябе не знойдзе. Адзіная нязручнасць – што ваду з гэтага возера нельга піць. Дарэчы, у даўнія часы яго ўзровень мог уздымацца вельмі высока – возера насычалася падземнымі рачулкамі, таму і вежу пабудавалі такую, пад самую столь пячоры.
Ясь устаў, падышоў да вузкага акна і паглядзеў уніз.
– Чаму вада свеціцца?
– Тамаш, старэйшына Чырвонай Руды, кажа, што вада тут такая з-за самой пячоры, але дакладна ён і сам не ўпэўнены. Увогуле, пра гэтую пячору да сённяшняга вечара ведала толькі два чалавекі: ён і я. Як жа ты яе знайшоў?
Ясь распавёў Стэфану пра ўсе прыгоды, якія нядаўна перажыў: пра ўцёкі з заплюшчанымі вачыма, пра дуб і падземны шлях сюды.
– Ну, брат… Даўно нішто мяне так не здзіўляла, – прамовіў Стэфан. – Скажу шчыра, мне цяжка паверыць у тую пагоню ўсляпую… – ён узняў руку, бачачы, што Ясь збіраецца яго перапыніць. – Але калі я паверыў, што ты прыплыў з-за туману, то мушу прыняць і гэта.
– Мне няма сэнсу падманваць.
– Значыць, быў дуб? Тамаш неяк казаў, што ў старажытнасці ў пячору быў яшчэ адзін ход. Атрымліваецца, потым яго засыпалі зямлёй, а зверху і навокал пасадзілі дубы.
– Навошта?
– Можа таму, што ў Эферыю пазней прыйшлі спакайнейшыя часы. Войны паміж гарадамі спыніліся, хавацца не трэба было, і падземным сховам больш не карысталіся. А веды пра існаванне вежы перадавалі ад старэйшыны да старэйшыны – на такі выпадак, як мой.
– А што за выпадак?
– Калі казаць коратка, то Вормар – той чалавек, які сядзіць зараз на пасадзе Уладара Эферыі, – палюе на мяне. У гэтым горадзе былі мае сябры. Тамаш схаваў мяне ў вежы. І, баюся, усіх за гэта арыштавалі.
– І дзе зараз тыя людзі?
– Адзінае месца, куды іх маглі павесці, – гэта Лагер у Пустэльні, – Шосты Захоўнік нявесела пасміхнуўся. – Даўно я там не быў.
– Ты збіраешся пайсці туды?
– Гараджане заплацілі занадта дарагі кошт за маю свабоду. Я абавязаны паспрабаваць ім дапамагчы, – Стэфан памаўчаў. – Я выходжу перад світанкам. Мы зможам разам падняцца ў горад, так, каб нас не заўважылі. Я пакажу, дзе можна набраць вады. Шкада, што не ўдасца паразмаўляць больш падрабязна, мне было б цікава даведацца пра гэты туман… Тваё з’яўленне тут – гэта ўжо сама па сабе дзіўная справа. Так ці інакш, табе, Ясь, лепш не заставацца ў гэтай ваколіцы, я б параіў табе ісці ў сталіцу, у Вертагард.
Ясь паглядзеў Стэфану ў вочы:
– Як мне вярнуцца дадому?
– На тваё пытанне ў мяне няма адказу. Але магу сказаць, што праз туман, як ты сюды прыплыў, ты не вернешся. Да туману можна даплыць: за суткі на добрым караблі. Але прабрацца праз яго немагчыма, гэты туман атачае ўсю Эферыю, – і, заўважыўшы выраз твару Яся, Стэфан паспяшаўся дадаць: – Аднак ёсць чалавек, які зможа адказаць на тваё пытанне, – Геранім.
– Хто гэта?
– Ён – мой сябра, і ён – чалавек, які верыць, што такія цуды, якія адбыліся з табой, магчымыя. Геранім прачытаў безліч старажытных хронік, таму часам яму вядома тое, чаго не ведае больш ніхто. Ён будзе рады з табой пагаварыць. І, думаю, зможа дапамагчы табе.
– Дакладна зможа?
– Я не быў бы ў гэтым упэўнены, калі б некалькі месяцаў таму ў нас не адбылася адна цікавая размова.
Ясь з надзеяй паглядзеў на Стэфана. Той працягнуў:
– Акурат пра гэта мы і гаварылі – пра туман. Геранім знайшоў адзін вельмі стары рукапіс у Горным, мястэчку на ўсходзе Эферыі. Як ён сказаў, гэта быў тэкст «з самага світанку нашай гісторыі, з часоў першых Уладароў». Пергамент амаль разваліўся, мова была такая, на якую нашая ўжо мала падобная, але ён разабраўся.
– І… і што там было?
– Там была гісторыя пра тое, што ў тыя даўнія часы вельмі зрэдку, але здаралася, што ў Эферыю траплялі іншыя людзі – як і ты, праз туман, з мора. Назад такой самай дарогай ніхто з іх вярнуцца не змог…
У Яся сціснула горла.
– Калі ніхто не змог, то ў чым тут можа быць дапамога мне? – расчаравана сказаў ён.
– Не спяшайся, гэта не ўсё. Аднойчы, на здзіў Трэцяму Уладару Эферыі, адзін з ягоных памочнікаў знайшоў шлях, як вярнуць такога чалавека назад. Калі на выспе з’явіўся чарговы – і апошні – нечаканы вандроўнік, таму памочніку ўдалося гэта зрабіць. Вось, у Гераніма ёсць гэтыя запісы.
– Відаць, твой сябра здзівіцца, калі ўбачыць мяне, – сказаў Ясь. – Якраз такога «нечаканага вандроўніка».
– Здзівіцца – гэта яшчэ мала сказана! Яго так захапіў гэты стары тэкст, што ён гаварыў пра яго вельмі доўга, а звычайна ён чалавек маўклівы.
– Значыць, я іду да Гераніма! – рашуча сказаў Ясь. – Як да яго дабрацца?
– Час цяпер у Эферыі не зусім спакойны. Трэба будзе ісці асцярожна.
– Добра, буду асцярожны. Як бы там ні было, але мне трэба знайсці яго, каб вярнуцца дадому. Іншага ж варыянту ў мяне няма.
– Геранім жыве ў сталіцы. Запомні месца: вуліца Замкавая, яна ідзе ад Цэнтральнай плошчы; на ёй знойдзеш карчму «Ля Магістрата», у яе дварах – невялічкая крама, называецца «Кнігі і Рэчы». Гэта там. Зойдзеш да яго, скажаш: «Я шукаю працу кніжнага падмайстра». Ён запытае, што ты ўмееш. Адкажы: «Раблю пераплёт для старых кніг». Так ён зразумее, што ты ад мяне. Я часам адпраўляў да яго нашых людзей, калі ім трэба была дапамога… Запомніў?
– Так.
– Калі ўсё будзе добра, дабярэшся адсюль за некалькі дзён. Галоўнае, каб хапіла вады. Зрэшты, я дам табе некалькі залатых манет, ваду ты зможаш купіць па дарозе.
– Ваду?
– Ну так. Дарога ж не блізкая. А ў Эферыі зараз вады мала. Тая, што ёсць, – кепская. У лепшым выпадку – на смак як балота. Раней было не так.
– А што здарылася з вадой?
– Адно магу сказаць дакладна: з таго часу як Вормар абвясціў сябе Уладаром, гэта значыць за апошнія дваццаць чатыры гады, з вадой робіцца невядома што: крыніцы і калодзежы высыхаюць, вада ў рэках псуецца. Спачатку яно было быццам незаўважна. Але зараз гэта пакута для ўсіх жыхароў Эферыі.
Ясь кінуў позірк на срэбраны келіх і адвёў вочы. Стэфан павярнуўся да пясочнага гадзінніка, што стаяў у пакоі:
– Да світання яшчэ тры гадзіны, можаш крыху адпачыць. А мне пакуль трэба сабрацца.
Ён правёў Яся ў адзін з невялікіх пакояў. Ясь, не распранаючыся, прылёг на ложак. Шосты Захоўнік выйшаў, але праз імгненне вярнуўся.
– Хацеў запытацца, – сказаў ён. – Якая яна, твая краіна?
– Зусім іншая, – адзінае, што змог адказаць Ясь.
ДРУГІ ДЗЕНЬ
– Падымайся… Падымайся, брат.
Ясь ускочыў.
– Не бойся, не праспалі.
Трывожны, неглыбокі сон развеяўся, і Ясь убачыў, што ў пакой зайшоў Стэфан.
– Нам трэба ісці.
Хлопец страсянуў галавою, каб пазбавіцца санлівасці, і ўстаў.
– Наверсе ўжо раніца?
– Хутка будзе… Вось што мне ўдалося тут знайсці, – Шосты Захоўнік працягнуў яму адзенне. – Спадзяюся, табе якраз. Будзеш ісці ў гэтым – ніхто на цябе не зверне ўвагі.
Ясь узяў вопратку і паглядзеў на яе: карычневыя кашуля і штаны, такога ж колеру чаравікі, падобныя да макасінаў, лёгкая куртка.
Стэфан выйшаў і прынёс скураны мех, які можна было павесіць за спіну.
– Што тут? – запытаўся хлопец.
– Запасное адзенне – дарога ў цябе не блізкая. Вось яшчэ хлеб і сыр, вады мы набяром у горадзе.
Такую ж самую торбу Стэфан накінуў на плячо і сабе.
– Вазьмі яшчэ гэта, – Захоўнік працягнуў Ясю дзве пустыя біклажкі. – Чакаю цябе каля лесвіцы.
Ясь хутка пераапрануўся, кінуў позірк на сваё прывычнае адзенне, якое зараз адзінока ляжала на драўляным крэсле, і выйшаў з пакоя.
Стэфан ужо чакаў. Ён быў апяразаны пасам, на якім злева вісеў меч, а справа – доўгі кінжал. Захоўнік пайшоў першым, Ясь пакрочыў за ім. Так, моўчкі, яны спусціліся, адчынілі браму і выйшлі з вежы ў возера святла. Стэфан упэўнена пакрочыў у бок, адваротны таму, з якога дабіраўся сюды Ясь.
Хлопец яшчэ раз, падняўшы галаву, зірнуў угару, імкнучыся ўбачыць самы верх вежы. Потым дастаў з заплечніка адну біклажку, схіліўся і пачаў набіраць туды азёрную ваду.
– Яе нельга піць! – азірнуўся Стэфан.
– Я ведаю, але ж гэта такі цуд!
Ясю хацелася набраць гэтай дзівоснай вады, хоць ён і ведаў, што гэта не зусім разумна – займаць адну з дзвюх вольных біклажак. Напоўніўшы яе, ён уставіў тугі корак і пайшоў праз возера, спрабуючы не адставаць ад Шостага Захоўніка.
Неўзабаве яны наблізіліся да берага, і Стэфан дастаў паходню, якая была прымацаваная ў яго за спінай, ды зачарпнуў вады ў жалезную місачку-наверша.
Ясь заўважыў, што са сцяны пячоры цячэ ручай звычайнай вады. Там, адкуль ён выцякаў, было нешта падобнае на ход.
– Вось і шлях у горад, – сказаў Стэфан і дадаў: – Вада таксама не пітная.
Ход быў прасторны, і па ім можна было ісці вольна. Яны вырушылі наперад абмялелым падземным рэчышчам. Шлях паварочваў то ўправа, то ўлева і падымаўся ўсё вышэй і вышэй. Вада ў паходні дрыжала, і ад гэтага вогненна-гранатавыя водбліскі танчылі па сценах і столі.
Ясь згадаў свае ўчарашнія прыгоды і вырашыў яшчэ раз праверыць, ці зможа ісці ў цемры ўсляпую. Заплюшчыў вочы. І… На гэты раз – сапраўды цёмна. Ніякага пробліску, усё як звычайна, быццам і не было нічога.
Пакрысе ход пачаў звужацца і рабіцца ўсё нiжэйшым. Ісці цяпер можна было толькі адзін за адным, прыгнуўшыся. Стэфан запаволіў крок, а затым спыніўся. Праход у гэтым месцы раздзяляўся. Ручай ішоў далей, губляючыся ва ўсё больш вузкім рэчышчы. А злева ад іх пачынаўся яшчэ адзін лаз – без вады.
Калі яны павярнулі налева і ўвайшлі ўнутр, Ясь убачыў: гэта быў не проста тунэль, а лесвіца з безліччу высечаных у тоўшчы скалы прыступак.
Яны падымаліся доўга, аж пакуль Стэфан не азірнуўся і не паведаміў: «Прыйшлі». Яшчэ праз некалькі крокаў лесвіца скончылася невялічкай пляцоўкай. Ясь прыгледзеўся і ўбачыў цёмныя металічныя дзверы. Стэфан прыхіліў паходню да сцяны, дастаў з кішэні вялікі ключ і некалькі разоў з сілай правярнуў яго. Было бачна, што гэтымі дзвярыма карыстаюцца не часта.
– Ясь, патрэбная твая дапамога, – паклікаў ён. – Зараз трэба піхаць іх што ёсць моцы.
Яны ўперліся рукамі ў холад жалеза. Таўшчэзныя дзверы незадаволена зарыпелі і адчыніліся. Ясь і Стэфан увайшлі ўнутр цёмнага памяшкання.
Тут было нашмат цяплей, чым унізе, і ў святле паходні Ясь разгледзеў, што знаходзяцца яны ў падвале: па сценах ішлі паліцы з гліняным посудам, на падлозе стаялі вялікія, у палову чалавечага росту, збаны. Азірнуўшыся, Ясь убачыў, што з гэтага, унутранага, боку дзверы выглядаюць як звычайная сцяна. Зноў у чатыры рукі, яны павольна прычынілі іх, і цяпер месца, дзе быў уваход у тунэль, ужо нічым не выдавала сябе.