- -
- 100%
- +
Стэфан павёў Яся па невысокай лесвіцы наверх, і яны падняліся, адчыніўшы над сабой драўлянае вечка. У перадсвітальным прыцемку Ясь убачыў, што апынуўся ў доме, падобным да тых, у якіх ён быў учора.
– Чый гэта дом? – запытаў Ясь, азіраючы бязлюдны пакой.
– Тамаша. Мой бацька з ім сябраваў, і я часта бываў у яго тут, у Чырвонай Рудзе, – яшчэ з дзяцінства.
– Чаму гэты горад так называецца?
– Думаю, ты бачыў, якога колеру тут зямля, – адказаў Стэфан, падышоў да акна і пільна ўгледзеўся ў вуліцу: – Здаецца, нікога. Зараз набяром вады.
Яны выйшлі вонкі. Неба на ўсходзе пачало святлець. Было ціха.
У двары дома з зямлі выцякала невялічкая крыніца, якая ручайком бегла далей у старанна выкладзеным каменьчыкамі латачку. Ясь і Стэфан напіліся (па смаку можна было здагадацца, што гэта тая ж вада, якая была ў Стэфана ў вежы) і напоўнілі свае біклагі.
Дом стаяў на самым ускрайку горада, аднак, як зразумеў Ясь, не там, дзе мінулай ноччу ён збягаў ад пагоні, – тут не было відаць абрысаў дубровы.
– Ціха! – раптам сказаў Стэфан і паглядзеў на суседнія дамы. Ён насцярожыўся, прыслухоўваючыся. – Не, усё нармальна… Цяпер самае галоўнае для нас – дабрацца да травы. Хутка і незаўважна.
Яны пакінулі горад. Ясь ішоў шырокім крокам за Шостым Захоўнікам, стараючыся рабіць гэта як мага цішэй. Пад нагамі была ўсё тая ж чырвона-карычневая сухая зямля, але далей наперадзе можа было заўважыць зарасці. Калі гэта трава, пра якую казаў Стэфан, то яна вельмі высокая – ніяк не меншая за рост Яся. Пакуль яшчэ прыцемак, ім трэба дайсцi туды. Менш за ўсё хлопцу хацелася, каб іх заўважылі пры ранішнім святле на адкрытай прасторы. Пагоні мінулага дня яму хапіла з лішкам.
Дасягнулі зарасніку яны якраз перад тым, як неба пасвятлела настолькі, што ўсё навокал стала выразна бачным. Трава аказалася для Яся зусім незнаёмай і вельмі дзіўнай: па-першае, яе сцябліны былі шырынёй з ягоную далонь і вышынёй са Стэфана – таму нават не даводзілася згінацца, каб ісці незаўважным. Падругое, – і гэта было самае дзіўнае – сцябліны былі лядова-празрыстыя. У іх не толькі было добра відаць шматлікія пражылкі, але праз іх Ясь мог разгледзець сваю руку. Згубіць Стэфана ў такой траве было б складана – нават калі ён заходзіў трохі далей, скрозь траву была бачная ягоная постаць. Падзьмуў лёгкі вецер, і трава загойдалася, зашамацела, быццам бы марскія хвалі накатваліся на пясок.
У гэты момант узышло сонца. Ясь ажно разгубіўся, у яго заняло дух: вакол усё ўспыхнула пунсовым колерам. Празрыстая трава, як толькі яе крануліся першыя сонечныя промні, стала бардовай, затым чырвонай, а праз некалькі хвілінаў – іскрыста-памаранчавай. Бяскрайнія прасторы пералівалася самымі разнастайнымі адценнямі аранжавага колеру, нібы вітаючы ўзыход свяціла.
– Ніколі не бачыў? – здзівіўся Стэфан. – Гэта сонечная трава. Яна заўсёды такога ж колеру, як і сонца. А калі дзень пахмурны, яна блякла-шэрая. Расце мала дзе, але якраз тут яе хапае. Лічы, што табе пашанцавала: гэта сапраўды прыгожа.
Ясь ішоў як зачараваны, рассоўваючы яркія сцябліны ў бакі.
– Асцярожна толькі, не згубіся тут, – папярэдзіў Стэфан.
Ясь прапусціў яго словы міма вушэй і быццам забыўся пра ўсё на свеце, ідучы наперад. Ён цешыўся тым, як іскрыцца святло, як яно дзівосна пераломлiваецца ў празрыстай траве, захоплена азіраўся, гледзячы на чароўныя яркія сцябліны, якія калыхаліся вакол яго. Пакуль не зразумеў, што згубіў Стэфана.
Яго не было нідзе. Ясь кінуўся наперад, спрабуючы яго дагнаць, але сцяміў, што не ведае, дзе зараз «перад».
Аранжавы акіян гайдаўся, і Ясю здалося, што ён зараз патоне ў ім і што зіхоткія хвалі назаўжды накрыюць яго сабой.
– Стэфан! – выгукнуў Ясь.
Не, занадта ціха – шолах травы перакрывае голас.
– Стэ-э-эфа-а-ан!
Адказу не чутно. «А можа, нельга так крычаць? А калі пачуюць тыя, што ў горадзе? Не так ужо і далёка мы адышлі».
Ясь не ведаў, што рабіць: стаяць у надзеі, што яго знойдзе Стэфан, ці ісці, шукаючы самому. Аднак хваляванне не дало стаяць на месцы, і хлопец пайшоў проста перад сабой, адкідваючы сцябліны ў бакі. Ён прасоўваўся далей і далей, выгукваючы імя свайго новага сябра, аж пакуль нешта чорнае не выскачыла ў яго з-пад ног і не шуганула ўгору перад самымі ягонымі вачыма. Ясь адхіснуўся назад, баронячы твар рукамі.
Усчаўся страшэнны вэрхал, шум, крык. Наваколле выбухнула такім галасам, што, здавалася, магло падняць і мёртвага ў дзесяці кіламетрах навокал. Шум быў паўсюль: па баках, унізе і нават недзе ўверсе. Ясь апусціў рукі: сотні шэра-чорных птушак узвіліся ўверх, стракочучы і лапочучы крыламі. Ён зірнуў уніз, у траву: сярод сцяблінаў, на зямлі, ляжала безліч птушыных гнёздаў.
Раптам хтосьці ўзяў яго за плячо:
– Дык вось ты дзе!
Стэфан хацеў выглядаць строгім, але Ясь заўважыў: ён рады, што хлопец знайшоўся, хоць і не хоча гэтага паказваць.
– Лепшага спосабу паведаміць ворагам пра тое, дзе ты знаходзішся, бадай, не знайсці. Таму хадзем хутчэй – і не губляйся болей!
Далейшую дарогу Ясь трымаўся поруч з Шостым Захоўнікам, спрабуючы не адставаць. Яны ішлі яшчэ не менш за гадзіну. Сонца паднялося вышэй, і трава стала залаціста-жоўтай.
Зусім нечакана для Яся зараснік скончыўся. Перад сабой ён пабачыў невысокія пагоркі, парослыя лесам.
– Дарога ўжо блізка, – Стэфан паказаў рукой. – Там будзе старажытны шлях, які ідзе ад вялікага ўзбярэжнага горада Шэрая Скала да самага Вертагарда.
Ясь яшчэ раз азірнуўся на дзівосную траву і пайшоў за Стэфанам у бок тракту.
Мясцовасць тут змянялася. Раўніна пераходзіла ў пагоркі, і падарожныя зайшлі ў негусты светлы лес. Гэта быў лісцвянік: дрэвы, падобныя на тыя, да якіх Ясь прывык у сябе дома. Тут яны зрабілі прывал. Пад адным з пагоркаў знайшлі вялікае цяністае дрэва і селі на мох. Дасталі круглы хлеб ды сыр з сваіх заплечнікаў, і пасля таго, як моўчкі паснедалі, Ясь запытаў:
– Колькі ісці да сталіцы?
– Табе – каля пяці дзён. Шлях нескладаны – па дарозе не будзе ні гор, ні балотаў. Галоўнае – не заходзь у пустыя гарады. Гэта небяспечныя месцы.
– Пустыя гарады?
– Так. На жаль, зараз такіх хапае. Гадоў дзесяць таму гэта пачалося: людзі сталі пакідаць паселішчы, дзе калодзежы высахлі ці вада цалкам сапсавалася. Цяпер гэтыя гарады стаяць зусім закінутыя. Ці амаль зусім: часам там знаходзяць прыстанішча разбойнікі. Альбо тыя, каму трэба схавацца.
Стэфан дастаў з заплечніка шырокі шэры пояс.
– Вада зараз каштуе вельмі дорага. Вось табе грошы на піццё, начлег і ежу, – Ясеў спадарожнік разгарнуў тканіну, і на сонцы заблішчэлі залатым святлом манеты. – Поясам трэба абматацца пад адзеннем: так будзе спакайней.
– Вялікі дзякуй. А гэта хто? – запытаўся Ясь, паказваючы на профіль, што ззяў на грашах.
– Ага, вось, дарэчы, і Вормар – пазнаёмся, – скрывіўся Стэфан, ткнуўшы пальцам у залатое аблічча, і зноў глянуў на Яся: – Запомні: старайся не звяртаць на сябе лішняй увагі. Начуй у заезных дамах, грошай хопіць. Не купляй мутнай або цёмнай вады: яна хоць і нашмат таннейшая, але я не перакананы, што ты дойдзеш да Вертагарда, калі будзеш яе піць.
– Зразумела.
– І вось яшчэ што: з гэтым абыходзіцца ўмееш? – Стэфан, адчапіўшы ад пояса похву з кінжалам, працягнуў яе Ясю.
Ясь выцягнуў кінжал, узважыў на руцэ.
– Добрая зброя. Дома я займаўся фехтаваннем. Там, праўда, была шпага.
– Ну, будзем спадзявацца, што ён табе не спатрэбіцца. Толькі трымаць трэба ў правай руцэ.
– Не, у левай. Я – ляўшун.
– Ляўшун? – Стэфан здзівіўся. – Гэта ж такая рэдкасць!
– Хіба?
– Вядома!.. – ён хмыкнуў. – Але добра, размова ж не пра гэта. Так ці інакш – са зброяй табе будзе спакайней.
– Вялікі дзякуй за дапамогу, – сказаў Ясь.
– Пачакай, было яшчэ нешта… Ага, згадаў! Трэба ж памяняць табе імя, – Стэфан на хвілю задумаўся. – Як табе такое: купец Заніззін з-за Нізін? Пойдзе? Ці давай так, – Стэфан стаў, падняўшы твар угору і падпёршы пальцамі падбароддзе. – Зараз, пачакай… Вось такое: рыцар Лабалот з замка ля балот?
Ясь задумаўся. Паміж першым і другім выбраць было складана. Ён глядзеў на Стэфана і ўрэшце адказаў:
– Не, рыцар Лабалот – гэта ж язык можна зламаць. Я прапаную проста: Вялікі падарожнік Прыплыўзту-Ману.
Яны абодва рассмяяліся.
– Добра, – сказаў Стэфан, – ты мяне раскусіў. Ну што ж, здаецца, я распавёў табе ўсё асноўнае пра дарогу.
– Але ўсё-такі, Стэфан, скажы: чаму хочуць злавіць цябе? Чаму спрабавалі схапіць мяне? І хто такі гэты Вормар?
– А ці табе гэта трэба? Менш будзеш ведаць – менш будзеш хвалявацца. Для цябе галоўнае – знайсці Гераніма.
– Мне гэта трэба. Калі ўжо гэтыя людзі палявалі на мяне, то было б някепска ведаць, хто яны і чаго хочуць.
Стэфан памаўчаў.
– Давай зробім так, – ён зноў адчыніў заплечнік і апусціў руку ўглыб. – Я дам табе пачытаць тое-сёе. Не з сабой, канечне. Калі б у цябе гэта знайшлі ворагі, то лепшае, на што можна было б спадзявацца, – правесці рэшту жыцця ў халоднай камеры. Прачытай, тут няшмат, – ён дастаў з сваёй торбы штосьці, загорнутае ў тканіну. – Не думаю, аднак, што гэта будзе надта вясёлая гісторыя, дый супакою ў дарозе гэта табе не дадасць.
Ясь працягнуў руку і ўзяў патрапаную брашурку, якую, відавочна, чыталі не адзін раз. Яна была кішэннага фармату і зусім тонкая – на некалькі аркушыкаў. На першай старонцы, уверсе, было напісана:
Веснік Эферыі. No 3.
Праўда аб тым, як Вормар запанаваў у Эферыі
Ясь прыхіліўся спінай да камля дрэва і пачаў чытаць:
Дазволь нагадаць табе, адважны чалавек, аб тым, што было ў дні тваёй маладосці. Альбо калі ты яшчэ юнак, то расказаць аб тым, што было да цябе: як быў падступна скінуты Уладар Арыстарх і як узвысіўся і завалодаў зямлёю падманшчык Вормар.
Уладар Арыстарх быў абраны ўсім народам у час, калі памёр Тадэй, Уладар папярэдні.
Абранне ж Арыстарха Уладаром было такім.
У першы дзень другога месяца па смерці Уладара Тадэя ўвесь народ Эферыі сабраўся ў сталіцы для таго, каб абраць сабе новага кіраўніка. Амаль усе жыхары краіны хацелі бачыць новым Уладаром краіны Арыстарха, сумленнага і сціплага чалавека, што заслужыў шанаванне справамі, якія здзяйсняў на карысць людзей Эферыі.
У гэты дзень на галоўнай плошчы Вертагарда і вакольных вуліцах весела гралі музыкі, а людзі спявалі песні пра Эферыю і веліч мінулых часоў. Перад замкам стаялі вялізныя Шалі Выбару, на якіх, паводле старога звычаю, вызначалася, ці стане гэты чалавек наступным Уладаром.
Кожны дарослы жыхар Эферыі, хто быў за гэтага чалавека, клаў свой знак – круглы медны жэтон з выявай шаляў – у вялізную правую чашу вагаў, а хто быў супраць – у левую. Калі правая чаша пераважвала левую – гэта азначала, што вылучаны людзьмі чалавек станавіўся Уладаром. Калі не, то народ шукаў іншага, больш дастойнага.
Такая традыцыя вялася з часоў Генрыка, Дзевятнаццатага Уладара Эферыі.
На працягу трох месяцаў пасля абрання Уладара медныя знакі мусілі заставацца ў вагах. Па сканчэнні ж гэтага часу любы чалавек мог падысці да вагаў, узяць адзін знак і перакласці яго ў іншую чашу. Старажытны Закон Эферыі быў такі: калі чаша тых, хто не падтрымлівае Уладара, пераважыць чашу тых, хто падтрымлівае, ён павінен сысці з замка, а на яго месца людзі абіраюць новага.
Аднак яшчэ ніколі ў гісторыі Эферыі левая чаша не пераважвала правай. У праўдзівых хроніках, якія сёння Вормар хавае, было запісана, што тройчы за ўсю гісторыю каралеўства шалі амаль зраўняліся. Але тыя Уладары сышлі ў правільны час, не чакаючы, пакуль людзі іх няўзлюбяць.
Такім чынам, у той дзень жыхары краіны склалі свае знакі ў правую чашу і абралі Арыстарха Уладаром. Ён справядліва і мудра кіраваў Эферыяй на працягу трох год.
Уладар Арыстарх любіў старыя кнігі, у якіх распавядалася пра даўнія часы. На другім годзе свайго валадарання ён натрапіў на старажытную хроніку, дзе быў запіс пра знойдзеную Магнусам, першым эферыйскім Уладаром, крыніцу Жывой вады.
Напісана было, што знайшоў яе Магнус у адной са сваіх вандровак. Вада з гэтай крыніцы была надзвычай чыстая і смачная, а самае галоўнае – выпіўшы яе, людзі вылечваліся ад хваробаў, нават такіх, у якіх не маглі дапамагчы ўжо ніякія лекары.
У тыя далёкія часы Уладар кіраваў не ўсёй Эферыяй, а толькі Вертагардам. За гарадскімі сценамі было ўжо небяспечна: там панавалі разбойнікі і рабаўнікі. Таму Магнус вырашыў не расказваць нікому, дзе цячэ крыніца, разважыўшы, што ёю могуць завалодаць ліхадзеі. Ён, аднак, прывёз вялікі запас гэтай вады і паставіў ля гарадской брамы ў сталіцы. Кожны, хто хацеў, мог прыходзіць і піць, не заплаціўшы ніводнай срэбнай манеты. Хворыя ацаляліся ад хваробаў; тыя, хто жыў у трывогах ці ў роспачы, напаўняліся радасцю і надзеяй. Былі нават выпадкі, і неаднойчы, што ўжо на падыходзе да гарадской брамы, яшчэ не дайшоўшы да бочак з вадой, кульгавыя людзі пачыналі хадзіць вольна, сляпыя атрымлівалі зрок, а нямыя – мову.
І вось разбойнікі, што ваявалі з Магнусам, намерыліся захапіць крыніцу. Яны хацелі прадаваць Жывую ваду за вялізныя грошы. Для гэтага яны вырашылі напасці на Вертагард і ўзяць у палон Уладара, каб даведацца пра месца, дзе цячэ Жывая вада. Яны пачалі збіраць вялікае войска і паставілі на яго чале найжахлівейшага з іх саміх – ліхадзея на імя Кадук. Калі Магнус зразумеў, што гэтую вайну ён можа не выйграць, то стварыў штосьці, што павінна было дапамагчы нашчадкам знайсці крыніцу Жывой вады. Ён назваў гэта Пэтрафор.
Пазней ён сабраў усіх верных людзей, і на агульнай нарадзе былі абраныя сем дастойных сем’яў, найбольш здольных у рэчах, важных для ўсёй краіны. Кожнай сям’і Магнус перадаў па каштоўным камяні – і гэтыя Сем Камянёў былі ключом і разгадкай для Пэтрафора.
Вось пералік сем’яў Захоўнікаў:
Першыя Захоўнікі. Яны мелі талент у розных навуках. Ім быў дадзены на захаванне чырвоны камень – Рубін.
Другія Захоўнікі. Мелі здольнасць навучаць іншых. Ім быў дадзены аранжавы камень – Гіяцынт.
Трэція Захоўнікі. Умелі зарабляць грошы, каб ахвяроўваць на ўсякую добрую справу. Ім быў дадзены жоўты камень – Турмалін.
Чацвёртыя Захоўнікі. Мелі найбольшыя здольнасці ў мастацтвах. Ім быў дадзены зялёны камень – Смарагд.
Пятыя Захоўнікі. Умелі апісаць падзеі, сведкамі якіх былі, і данесці нескажона ўсякую важную навіну. Ім быў дадзены блакітны камень – Тапаз.
Шостыя Захоўнікі. Мелі дзяржаўную мудрасць і разуменне ва ўладкаванні дзяржавы. Ім быў дадзены сіні камень – Сапфір.
Тут Ясь адарваў вочы ад напісанага і паглядзеў на свайго спадарожніка:
– Шостыя Захоўнікі?
– Так, гэта мае продкі.
Хлопец працягнуў чытанне.
Сёмыя Захоўнікі. Валодалі мудрасцю духоўнай. Ім быў дадзены фіялетавы камень – Аметыст.
Акрамя таго, Магнус папрасіў, каб у выпадку, калі ён загіне ў бітве з войскам Кадука, ніхто не шукаў крыніцы да часу, пакуль вайна не скончыцца і разбойнікі не будуць пераможаныя. Толькі пасля гэтага можна будзе выкарыстаць Пэтрафор і Сем Камянёў ды знайсці крыніцу. Ваду з крыніцы належала бясплатна раздаваць усім людзям, якія яе патрабавалі.
І ўсе яны выйшлі на бітву.
Змаганне доўжылася цэлы дзень. А ноччу Магнус, калі рыхтаваў план бітвы на заўтра, быў забіты шпегамі ў сваім шатры. Ягонае войска адступіла да самага Вертагарда. Разбойнікі ўзялі горад у аблогу. Але Вертагард выстаяў. Быў абраны Другі Уладар, які працягнуў справу папярэдніка, і войска разбойнікаў было адкінутае далёка ад межаў горада. Вялікая вайна з Кадуком, а потым і яго нашчадкамі, працягнулася. Так нам распавядаюць старыя хронікі.
Наступныя Уладары паспяхова супрацьстаялі ворагу. Акрамя таго, раз за разам у навакольных гарадах, што былі пад уладай разбойнікаў, людзі падымалі паўстанні і далучаліся да ўладанняў Эферыі. Пастаяннае змаганне з ліхадзеямі і пабудова Эферыі адбіралi шмат сілаў. І так доўжылася пакаленнямі: толькі праз некалькі соцень гадоў ад разбойнікаў не засталося і следу і Эферыяй стала ўся нашая зямля.
Вось жа, калі наш Уладар Арыстарх знайшоў у хроніках усе гэтыя гісторыі, ён зразумеў, што пра існаванне Пэтрафора ўсе забыліся; памяць пра Жывую ваду таксама засталася толькі ў легендах. Захоўнікі спраўна перадавалі каштоўныя камяні ад бацькоў дзецям, і хоць кожная сям’я была слаўнай у сваіх здольнасцях – хто ў навуцы, хто ў мастацтве, а хто ў дзяржаўнай мудрасці, – аднак ніхто ўжо не памятаў пра сапраўднае прызначэнне саміх крышталёў.
Убачыўшы ўсё гэта, на зыходзе трэцяга года свайго панавання Арыстарх запрасіў у замак семярых Захоўнікаў. Ён адправіў кожнаму з іх ліст, у якім падрабязна распавёў пра Жывую ваду ды пра тое, што даведаўся ў хроніках, і прызначыў сустрэчу ў замку. На гэтае спатканне з розных гарадоў Эферыі прыехалі ўсе сямёра.
Сустрэча праходзіла ў малой зале Замка Уладароў. Арыстарх паведаміў, што наблізіўся да разгадкі таго, дзе можа быць схаваны Пэтрафор Магнуса.
Адразу пасля гэтых ягоных словаў адбылося тое, чаго ніхто не чакаў. Пачуўся галас, тупат ног, і ў залу ўварваўся атрад з сарака чалавек. Яны былі ўзброеныя мячамі й арбалетамі. Адзін з іх – ён быў верхавод – даў каманду схапіць усіх, хто сядзеў вакол каралеўскага стала. Аднак Арыстарх і сямёра Захоўнікаў паспелі адступіць да іншага выхаду з залы, пра які нападнікі не ведалі. Калі яны дасягнулі патаемных дзвярэй, Першы, Пяты i Шосты Захоўнікі, ахвяруючы сабой, засталіся абараняць выхад, дастаўшы мячы. Яны стрымалі наступ на некалькі хвілінаў, даючы астатнім магчымасць пакінуць замак. У выніку Пяты Захоўнік быў забіты, Першы – паранены і звязаны вяроўкамі. Выбегчы з замка змаглі, аднак, не ўсе: Уладар Арыстарх быў схоплены, Трэці Захоўнік быў паранены і таксама схоплены падчас пагоні. Верхавод зладзеяў забраў сабе тры каштоўныя камяні.
Справіцца з невялікай колькасцю каралеўскіх жаўнераў нападнікам было нескладана (войска ў Эферыі амаль не было: войны даўно ўжо мінулі; здаралася, у лясах з’яўляліся ліхія людзі, якія рабавалі вандроўных, але такое было вельмі рэдка). Жаўнеры Арыстарха былі заспетыя знянацку, абяззброеныя і пасаджаныя ў турму адразу пасля сканчэння пагоні за Захоўнікамі.
Такім чынам, увесь замак быў захоплены зладзеямі. Іхні верхавод абвясціў сябе новым Уладаром.
Што сталася з Арыстархам пасля таго, як ён трапіў у палон, ніхто не ведае. Невядома, ці жывы ён яшчэ. Астатнія Захоўнікі вымушаныя былі хавацца.
На шосты дзень пасля захопу ўлады новы Уладар з’явіўся народу – на балконе замка. Адтуль ён назваў сваё імя – Вормар.
Такое адбылося ўпершыню ў гісторыі краіны. Эферыйцы проста не ведалі, як сябе далей паводзіць. Вормар спадабаўся мала каму. Хіба што толькі некаторым гарадскім лайдакам, якія з радасцю далучыліся да яго, пасяліліся ў каралеўскім палацы, елі там і пілі ды сталі называцца «шаноўнымі служкамі Вормара і Эферыі».
Вормар заняўся пошукамі крыніцы Жывой вады. Кажуць, што наваспечаны Уладар баяўся хваробаў і таму хацеў займець гэтыя дзівосныя лекі. Ён неадкладна абвясціў вялізную ўзнагароду за любога з чатырох пазасталых Захоўнікаў і іх камяні. Акрамя таго, ён склаў два сакрэтныя спісы: у адным былі хаўруснікі з бліжэйшага атачэння – тыя, хто мог бы спадзявацца на атрыманне Жывой вады амаль бясплатна; і другі спіс – крыху большы: тыя, хто мог бы час ад часу атрымліваць гэтую ваду, але за неймаверны кошт. Астатнія жыхары Эферыі на Жывую ваду нават спадзявацца не мелі права.
Паводле старой звычкі, народ Эферыі чакаў сканчэння трох месяцаў, калі можна будзе падысці да Шаляў Выбару і пакласці свае мядзяныя знакі ў левую чашу, мяркуючы, што такім чынам Вормар вымушаны будзе сысці. Калі з наступленнем раніцы першага дня чацвёртага месяца да вагаў пайшлі людзі, то Эферыя сутыкнулася з яшчэ адной зусім новай рэччу: тых, хто выходзіў на плошчу да шаляў, пачалі хапаць проста на вуліцах. Такая справа была настолькі нечаканай для звыклых да справядлівасці жыхароў, што яны спачатку нават і не напалохаліся – новыя людзі ўсё ішлі на плошчу, а іх усё хапалі і некуды адводзілі ўзброеныя прыспешнікі Вормара.
Як аказалася, адводзілі ў турму – туды, дзе яшчэ нядаўна сядзелі толькі рэдкія лясныя рабаўнікі і падманшчыкі. Аказалася таксама, што турма спешна разбудоўвалася: яе рабілі адразу ў некалькі разоў большай.
А на наступны дзень шалі былі прыбраныя з гарадской плошчы. Куды іх падзелі – ніхто з гараджанаў не бачыў.
Старажытны сцяг Эферыі, на якім у залатым полі былі выявы чалавека, льва, быка і арла, быў зняты, знішчаны і забаронены. Замест яго быў уведзены новы: чорны, з выявамі леапарда, мядзведзя, льва і дракона. А сябе новы Уладар загадаў называць не іначай як Сябра Вормар, быццам ён быў гатовы па-сяброўску клапаціцца пра кожнага эферыйца.
Так завалодаў Эферыяй ліхадзей Вормар: гвалтоўна ды падступна. Ён стаў кіраваць без літасці і справядлівасці, уціскам і страхам.
Помні пра гэта, адважны чалавек, і заставайся адважным.
Прыйдуць новыя часы. Не пакідай у гэта верыць.
– І што было далей? – запытаў усхваляваны Ясь, уздымаючы вочы ад гэтай невялічкай кніжкі.
– Далей – гэта тое, што ёсць цяпер. У гэтым «далей» зараз мы ўсе, – было відаць, наколькі Шостаму балела тое, аб чым ён гаварыў: ён ажно ўстаў. – Вормар робіць усё, што заманецца. Ад былой нашай вольнасці не засталося нічога. Народ жыве пад прыгнётам, у поўнай бязвыхаднасці.
– Скажы, Стэфан… Жывая вада, – голас Яся ўздрыгнуў, – яе ўжо знайшлі?
– Не. Я таксама яе шукаў – пакуль безвынікова. Калі яна насамрэч ёсць, я не хачу, каб яна дасталася Вормару. Бо тады яго ўлада будзе бязмежнай.
– Значыць, ён таксама яе шукае…
– Безумоўна. З таго часу як захапіў эферыйскі пасад. Таму ён і палюе на Захоўнікаў.
– А што зараз з камянямі?
– У нас іх два. Адзін у мяне, другі – у Гераніма. Ён – Сёмы Захоўнік.
– А Пэтрафор? Што з ім?
– Пакуль нічога. Мы нават не ведаем, што гэта: можа, нейкая рэч ці, магчыма, мапа. Але дакладна невядома. На жаль.
– І камяні без яго не дадуць ніякага выніку?
– Выходзіць, што так. Пэтрафор і Сем Камянёў павінны дапаўняць адно аднаго.
– Калі тое, што я прачытаў, – праўда, то гэта значыць, што людзі хацелі б вярнуць ранейшыя часы… Чаму ж яны так не зробяць?
– Амаль усе звычайныя эферыйцы хацелі б, каб пасад зноў заняў Арыстарх. Але яны баяцца штосьці дзеля гэтага рабіць. Яны ведаюць, што з імі ў такім выпадку можа стацца – ты бачыў гэта ў Чырвонай Рудзе.
– Так, бачыў… – сказаў Ясь. – Як ты збіраешся вызваліць гараджанаў?
– Пакуль не ведаю, – Стэфан прысеў. – Ёсць яшчэ трохі часу, каб спакойна ўсё абдумаць.
Ясь лёг на мяккую траву і паглядзеў у неба.
– А што азначаюць гэтыя леў, чалавек, бык і арол на старым сцягу? – запытаў ён.
– Здаўна лічыцца, што гэта не проста жывёлы і чалавек. Што гэта чатыры істоты, якія бачаць і слухаюць Творцу Эферыі.
– Творцу? – здзівіўся Ясь.
– Ведаеш, гэта складанае пытанне, – стомлена прамовіў Стэфан. – Я тут нічога не змагу табе сказаць. Геранім у гэтым больш разбіраецца, можа, ён табе штосьці патлумачыць.
Ясь працягваў разглядваць аблокі, якія ціха плылі па небе, плылі свабодныя, спакойныя і вялікія. Затым ён заплюшчыў вочы.
…І прыснілася Ясю Мірка. Яны ішлі разам па пыльнай дарозе за мястэчкам, там, дзе пачыналася жытняе поле. Было спякотна, і яны штосьці гаварылі пра гарачае лета. Мірка спынілася і пачала зрываць васількі, што паказваліся між калосся. Яна рабіла невялікі букецік.
– Яны завянуць? – запытаўся Ясь.
– Вядома, не. Я пастаўлю іх у ваду. Ім проста патрэбная вада.
І тут быццам нейкая іголка, напоўненая атрутай адчаю, уваткнулася ў Ясева сэрца, і ад гэтага ён прачнуўся.
Стэфан усё яшчэ сядзеў пад дрэвам.
– Я доўга спаў? – запытаўся Ясь.
– Не, нядоўга. Нам трэба ісці.
Яны падняліся і сабралі рэчы. Хлопец заматаў пад кофтай пас з манетамі і начапіў на рэмень кінжал. Яны ішлі па лесе яшчэ каля гадзіны, моўчкі. Урэшце Стэфан здзіўлена паглядзеў на Яся:
– Ты чаго такі невясёлы?
– Думаю.
– Пра што?
– Пра ўсю гэтую гісторыю з Вормарам. Пра Жывую ваду. Пра свой дом.
Стэфан спыніўся і паказаў рукой:
– Вось і тракт. Табе па ім – направа, а мне – проста, праз яго.
Ясь не адказаў.
– Я вельмі ўсцешаны, – працягнуў Стэфан, – што мне давялося сустрэцца з табою. Тое, што ты апынуўся ў Эферыі, інакш як цудам не назавеш… Ну што, бывай!
Стэфан падаў Ясю руку, але той вымавіў:
– Не, Стэфан. Я іду з табой.
Шосты Захоўнік застыў.