- -
- 100%
- +
– Што ты кажаш?
– Я хачу ісці з табой. Мне патрэбная Жывая вада. Калі ласка, калі гэта магчыма…
Стэфан апусціў руку.
– Паслухай, ісці са мной – небяспечна. Верагоднасць выбрацца жывым і здаровым – малая. Яшчэ меншы шанц, што мы калі-небудзь зможам знайсці гэтую ваду.
– Ты ў яе не верыш?
– Я веру, што яна была. І хацеў бы, каб з’явілася зноў. Але ў нас пакуль што няма ні сямі камянёў, ні Пэтрафора.
– Пакуль што? Значыць, шанец усё-такі ёсць?
Стэфан пільна ўгледзеўся ў Яся:
– Для чаго яна табе?
– Гэта не мне… Але калі яна сапраўды існуе, яна вельмі патрэбная. Вельмі.
– Паслухай, знайсці Жывую ваду – гэта, канечне, важная задача. Але самае галоўнае для нас тут – гэта перамагчы Вормара і вярнуць уладу Арыстарху, – Стэфан сур’ёзна паглядзеў хлопцу ў вочы. – Не спяшайся, падумай.
Адказаць Ясь не паспеў. Над левым яго плячом, абдаўшы шыю рэзкім павевам, з глухім гукам штосьці з усяго маху глыбока ўваткнулася ў камель дрэва. Рука Стэфана схапіла Яся, прыгнула, і бакавым зрокам хлопец паспеў заўважыць, што ў дрэве тырчыць кароткі тонкі нож з чырвоным дзяржаннем.
– Бяжым! – пракрычаў Стэфан, і яны стрымгалоў кінуліся наперад.
Ясь бег, не зважаючы на галіны дрэваў і кустоўя, якія білі па твары. Спрабуючы не адстаць ад Стэфана, ён пераскокваў паваленыя ствалы. Яму стала страшна ад думкі, што зараз ён можа зачапіцца за корань ці зламаць нагу, патрапіўшы ў невідочную ў траве яму. На хвілю Ясь азірнуўся і праз недалёкі хмызняк убачыў, што за імі бягуць пяцёра чалавек, узброеных мячамі і кароткімі арбалетамі.
Лес заканчваўся, наперадзе быў тракт. За трактам мясцовасць рэзка ішла ўгору – схіл быў скалісты, без расліннасці, але з безліччу расколінаў. Ясь зразумеў, што Стэфан кіруецца менавіта туды.
Яны выбеглі на пустую дарогу. Пераследнікі былі ўжо зусім блізка – за метраў трыццаць. Ясю здавалася, што зараз тыя могуць спыніцца, прыцэліцца з арбалетаў і стрэліць у спіну. Але да скалаў удалося дабегчы раней, чым хтосьці паспеў стрэліць. Стэфан заскочыў у адну з расколінаў, паказваючы шлях Ясю. Яны пачалі імкліва ўзбірацца наверх, закрытыя ад жаўнераў вялізнымі каменнымі глыбамі. Стэфан упэўнена падымаўся ўсё далей і далей нейкай невідочнай сцяжынкай – нават у тых месцах, дзе, здаецца, і праходу быць не магло. Дзе трэба, ён падаваў Ясю руку, падсаджваў яго і азіраўся, каб разгледзець, ці далёка ад іх нападнікі. Ясь таксама глянуў уніз: тыя крыху адсталі, але ўпарта паўзлі наперад, не збіраючыся ўпускаць сваю здабычу.
Раптам Стэфан вохнуў. Ясь азірнуўся і з жахам пабачыў, што той ляжыць на камянях. Яго нага была зашчэмленая ў вузкай расколіне. Хлопец кінуўся да яго:
– Я дапамагу!
– Паспрабуй, сам я не дацягнуся…
– Ты трапіў у невялікую шчыліну… Так, тут з аднаго боку камень паддаецца, у ім трэшчына… Зараз…
Ясь учапіўся пальцамі за вострыя краі камянёў і пачаў цягнуць на сябе. Але пальцы сарваліся і парэзаліся, пырснула кроў.
Тады Ясь дастаў свой кінжал і паспрабаваў уставіць яго ў трэшчыну. Але кінжал быў завялікі: ён не падлазіў пад вялізную глыбу, якая была якраз над расколінай.
Ясь бездапаможна азіраўся па баках.
– Здаецца, мне не выбрацца адсюль… – голас Стэфана быў поўны крыўды й бязвыхаднасці. Ён расшпіліў каўнер кашулі і сарваў з шыі невялікі раменьчык. На раменьчыку ў простай срэбнай аправе зіхацеў неймавернай прыгажосці празрыста-сіні крышталь.
– Трымай яго… Гэта сапфір, адзін з тых сямі камянёў. А зараз бяжы адсюль, хутка! Хавайся! Потым, калі ўсё скончыцца, пойдзеш па дарозе ў Вертагард. Перадасі Гераніму. Ён будзе ведаць, што рабіць.
Ясь паклаў крышталь у кішэню і ў гэты ж момант заўважыў нападнікаў. Яны стаялі ніжэй па схіле. І цэліліся з арбалетаў. Ясь пачуў, як недзе, не далятаючы да іх, метал дзынкнуў аб камень. І адразу наступны стрэл – тут ужо хлопец заўважыў, як за метраў дваццаць ад іх лязо з чырвоным дзяржаннем ударылася аб скалу і, адскочыўшы, знікла паміж камянёў. Зноў недалёт.
«Дык вось чаму арбалеты ў іх такія малыя, – падумаў Ясь. – Яны страляюць спецыяльнымі нажамі. З такімі нашмат лягчэй бегчы, але дальнасць стрэлу невялікая».
Тое, што ім не дастрэліць са свайго месца, зразумелі і нападнікі. Яны пачалі зноў падымацца і часова зніклі з вачэй.
– Пачакай, Стэфан… Трэба нешта прыдумаць… Ну як жа так…
– Бяжы! – загадаў Стэфан. – У мяне меч, і проста так я ім не здамся.
– Але ж у іх арбалеты!
На гэтым слове Ясь рэзка развярнуўся і нечакана пабег у бок нападнікаў.
– Ясь! Стой!
Хлопец не слухаў. У іх арбалеты… У іх нажы. Адзін з якіх упаў не так далёка адсюль! Толькі б знайсці яго, толькі б не прапусціць. Дзе ж ён? Дзе? Ага, вось! Як жа разумна з іх боку было аздобіць яго яркім, чырвоным дзяржаннем! Ясь схіліўся і выцягнуў нож з-пад каменя. Адсюль ён бачыў, што ворагі таропка ўздымаюцца да іх. Яны ўжо зусім блізка.
«Цяпер назад, да Стэфана!»
– Вось, вось што ў мяне! – амаль пракрычаў Ясь, падбегшы да сябра. – Глядзі, іхні нож! Зараз паспрабую, ён кароткі, вось тут, у шчыліну…
– Пакінь гэта, – цвёрда сказаў Стэфан. – Ты павінен бегчы адсюль. Крышталь важнейшы!
Ясь упарта, не слухаючы, спрабаваў уціснуць нож пад выступ скалы, у тонкую трэшчыну пароды. Са скроняў ліўся пот і крапаў на камяні. «Шкада толькі, што не вызвалю палонных», – пачуў ён аднекуль зусім здалёк, як праз вату, словы Стэфана.
Не можа быць! Ясь не паверыў сваім вачам. Нож уціснуўся пад скалу і стаў роўна ў трэшчыну. Хлопец пачаў, як рычагом, расхістваць камень, пашыраючы шчыліну. Адзінае, на што ён спадзяваўся, – што лязо вытрымае і не зломіцца.
– Давай, давай! – ужо даносіліся галасы ворагаў, але іх саміх пакуль не было відаць.
Жалеза заскрыгатала, і камень надламаўся. Стэфан застагнаў ад болю. Ясь адкінуў нож і акуратна дастаў кавалак адколатай пароды.
Стэфан выцягнуў нагу: шчыкалатка была ў крыві. Ён паспрабаваў стаць на яе:
– Не зламаная, звычайны парэз… Дзякуй табе… Цяпер хутчэй наперад!
Далей схіл быў ужо не такі стромкі. Ясь зразумеў, што яны выбіраюцца на самы верх пагорка. «Там жа нас проста перастраляюць», – толькі паспеў падумаць ён, як яны апынуліся наверсе. Тут не было ні валуноў, ні дрэваў, толькі амаль роўная пляцоўка і неба наперадзе.
Ясь спыніўся. Куды ім бегчы цяпер – ён не мог уявіць.
– Не спыняйся! – крыкнуў Стэфан.
Ясь кінуўся за ім. Яны беглі насустрач прорве.
– Скачы! – не азіраючыся, пракрычаў ягоны спадарожнік за крок да бездані і сам скочыў. На развагі часу не было: Ясь ведаў, што ззаду – смерць, хаця і наперадзе, відаць, таксама яна.
Ясь адпіхнуўся нагой і пачуў, як пстрыкнулі за ім арбалеты – некалькі нажоў адначасова ляцелі ў ягоны бок.
Хлопцу падалося, што ён завіс у паветры над прорвай і ніяк не можа пачаць падаць – нібы застыў час, застыла ўсё, нават само жыццё. Але вось нарэшце ён абрынуўся долу – нажы праляцелі недзе над ім. Яго закруціла ў паветры, і было не разабрацца, дзе аблокі, а дзе зямля, і ён ляцеў і ляцеў уніз.
Удар.
* * *
…Пераследнікі асцярожна падыходзілі да краю стромы, з вялізным здзіўленнем і з не меншай прыкрасцю ў вачах пераглядваючыся.
– Яны што, самагубцы? – прамовіў адзін.
– Проста яны разумелі, што доўга ім не жыць. Шкада толькі, не зможам прад’явіць Хваўлюсу доказаў, што мы іх забілі.
– А якія яшчэ тут доказы? Ляснуцца на скалы з такой вышыні – ці ж гэта табе не самы лепшы доказ?
* * *
Ясь не адразу зразумеў, што з ім. Удар быў моцны, балючы, здаецца, ён нават на некалькі імгненняў страціў прытомнасць, бо расплюшчыў вочы, калі ўжо апынуўся на некалькі метраў пад вадой. Ён паспрабаваў зарыентавацца: у які бок плыць, дзе паверхня? Але ў яго нічога не атрымалася. Навокал была толькі цёмна-сіняя вада. Ясь адчуў, як яго апанаваў жах і як яму не хапае паветра. У гэты момант хтосьці схапіў яго, паддзеў сваю руку пад ягоныя рукі і пацягнуў за сабой. Ясь пачаў вырывацца: яму падалося, што яго цягнуць на дно. Раптам ён убачыў твар Стэфана, які вольнай рукой рабіў яму знакі супакоіцца.
Яны ўздымаліся з глыбіні, але Ясь задыхаўся. Яму нясцерпна захацелася выдыхнуць і набраць у лёгкія чаго заўгодна, хоць гэтай сіняй вады. Ён быў ужо гатовы гэта зрабіць, як пабачыў над сабою святло, і ў тое ж імгненне яны выплылі на паверхню.
Вакол іх, з вады, уздымаліся шматлікія скалы, падобныя на шпілі гатычнага замка. Іх вяршыняў не было відаць – яны адразу губляліся ў аблоках, якія тут былі надзвычай нізка: да іх было метры чатыры. Ясю здалося, што варта падняць руку – і можна крануцца шчыльнай і мяккай белі. Стэфан падцягнуў хлопца да бліжэйшай скалы, пад нагамі з’явілася дно. Яны стаялі па плечы ў вадзе, спрабуючы аддыхацца пасля пагоні і падзення.
– Чаму яны не скокнулі за намі? – урэшце запытаўся Ясь.
– Тут нельга скакаць, гэта ўсім вядома. Тут паўсюль скалы. І нават калі іх трохі прыкрывае вада, то глыбіні тут – метр, найбольш – паўтара. Так што гэта верная смерць, – ён хітравата памаўчаў. – Канечне, калі не ведаць месцы – такія, як гэтае. А тут якраз глыбокая падводная яма.
– І ты ведаў?
– Калі хочаш, праблема Вормара дый ягоных памагатых у тым, што яны не ведаюць сваёй краіны. Але каб спазнаць, спачатку трэба палюбіць.
Яны падышлі бліжэй да падножжа стромы, з якой нядаўна саскочылі.
– Як твая нага? – Ясь заклапочана глядзеў на спадарожніка.
– Нармальна. Пячэ ад салёнай вады, але затое гэта заб’е ўсякую заразу, – адмахнуўся Стэфан. – Трэба толькі яе перавязаць, – ён адарваў кавалак ад нізу сваёй кашулі ды зрабіў павязку.
– Зараз куды?
– Тут недалёка будзе вёска рыбакоў. Там ёсць добрыя знаёмыя. У іх – лодкі, на якіх можна пераправіцца на іншы бераг.
Ясь азірнуўся і глянуў на ваду, якая, як і гэтыя нізкія аблокі, распасціралiся ажно да гарызонту.
– Іншы бераг?
– Так, гэта шырокая затока. На тым беразе – Пустэльня, і там – Лагер.
– Тут заўсёды такія аблокі?
– Так. Гэтае месца так і называецца – Воблачная Затока. Жыхароў Чырвонай Руды павінны весці ў абыход яе – такі шлях займае сама меней чатыры дні. Аднак калі пераправіцца праз затоку, то ўжо сёння вечарам можна дабрацца да Лагера. Так што мне туды.
– Я ўжо сказаў, што іду з табой! – прамовіў Ясь.
– А я ўжо зразумеў, – адказаў Стэфан і працягнуў руку, – прымаю ў каманду!
Яны вырушылі на захад, крочачы па калена ў вадзе. Ішлі доўга, і ўвесь час над іх галовамі, быццам нізкая столь, віселі шчыльныя, без прасвету, аблокі, унутр якіх векавечнымі калонамі сыходзілі скалы. Але ўрэшце берагавая строма пачала зніжацца, аблокі ж, наадварот, узняліся вышэй. Ясь заўважыў ля вады хаткі рыбакоў, а таксама лодкі ды нацягнутыя сеткі. Стэфан паказаў рукой кірунак – на самы блізкі дом. Каля яго, на беразе, стаяў сівы мужчына і раскідваў рыбіны па розных кашах.
Стары прыўзняў галаву, выпрастаўся і пачаў пільна ўглядацца ў дзве фігуры, якія набліжаліся да вёскі. Потым шырока ўсміхнуўся, спрытна памыў рукі ў затоцы й пайшоў насустрач.
– Стэфан, няўжо гэта ты? – усклікнуў ён, падыходзячы. – Даўно ты ў нас не быў, больш за год! Рады, рады цябе вітаць!
– Я таксама рады цябе бачыць, Марк! Ты ўсё, як і раней, забяспечваеш сталіцу найсмачнейшай рыбай?
– Ну а як жа! Адзінае – пакутую, калі думаю, што мой улоў, аранжавыя стрэлы, можа патрапіць на стол да Вормара, – уздыхнуў той. – Такое смакоцце прызначанае ніяк не для яго, а для людзей куды больш дастойных.
Ясь глянуў у кошыкі і ўбачыў там безліч рыбінаў, уздоўж срэбнай лускі якіх ішлі тры яркія памаранчавыя палоскі.
– Марк, дазволь пазнаёміць цябе з цудоўным чалавекам, – сказаў Стэфан. – Цудоўным у некалькіх сэнсах. Мы з ім знаёмыя менш за суткі, а ён паспеў ужо выратаваць мне жыццё.
Ясь, адчуваючы сябе няёмка ад такога прадстаўлення, падаў руку.
– Заходзьце да мяне! – прапанаваў рыбак. – А заадно распаведзяце, што прывяло вас сюды.
Яны зайшлі ў просты драўляны дом: ложак, шафа, стол, крэслы. Марк адразу паставіў ежу – як здагадаўся Ясь, тую самую рыбу, запечаную на агні, і хлеб.
– Жаўнеры Вормара арыштавалі ўсіх жыхароў Чырвонай Руды і павялі іх у Лагер, – сказаў Стэфан.
Рыбак прысвіснуў, спыніўшыся.
– Усіх? І старых, жанчын і дзяцей?
– Яны ўжо на гэта не глядзяць, разумееш? Вормару засціць вочы ўсёдазволенасць і ўяўная ўсёмагутнасць. І ён ужо шалее ад таго, што, хоць і лічыць сябе ўсёмагутным, не можа ні сабраць усіх камянёў, ні знайсці Крыніцу, – адказаў Стэфан і ўстрывожана паклаў руку сабе на грудзі, як быццам нешта правяраючы.
– Ясь, камень у цябе?
– Так, зараз, – адказаў хлопец і развязаў сумку.
Ён шукаў і шукаў, перабіраючы яшчэ мокрае адзенне, дастаўшы дзве біклажкі з вадой, але каменя нідзе не было.
Ясеў сябра спахмурнеў.
– Відаць, тады, калі мы скочылі ў ваду… – сказаў Ясь.
Стэфан набраў поўныя грудзі паветра, спрабуючы зразумець, што значаць словы хлопца.
– Вось ён! – раптам радасна ўсклікнуў Ясь, знайшоўшы камень у кішэні штаноў.
– Больш так не палохай, – выдыхнуў Стэфан, беражліва ўзяў крышталь і завязаў матузкі вакол шыі.
Яны падсілкаваліся аранжавымі стрэламі – гэтая рыба сапраўды аказалася надзвычай прыемнай: сакавітая, пахла дымком, і Ясю здалося, што нічога больш смачнага ён ніколі не еў.
Стэфан папрасіў у Марка лодку, і той з ахвотаю даў:
– Для вас зараз спрыяльны вецер. Проста трымайцеся поўначы. Арыенцірам будзе скала ў форме трохкутніка.
– Дзякую, дружа! – Стэфан лёгка схіліў галаву. – Я табе шмат чым абавязаны.
– Ты ж ведаеш, я заўсёды буду дапамагаць, чым змагу. Табе і іншым людзям, што прагнуць свабоды.
Яны развіталіся з сівым рыбаком, узялі вёслы і адплылі ад берага.
* * *
Пяцёра жаўнераў Вормара вярнуліся ў Чырвоную Руду, дзе іх чакалі астатнія. Тут быў яшчэ трыццаць адзін чалавек – спецыяльны атрад вайскоўцаў. Жаўнеры падышлі да Хваўлюса, начальніка атрада. Мажны шэф сядзеў, як на троне, на выцягнутым, відаць, з нейкага пустога дома фатэлі. Паабапал начальніка стаялі некалькі жаўнераў, у кожнага з якіх на плячы сядзеў вялікі шэры каршун.
– Вашамосць, – далажыў адзін з прыбылых вайскоўцаў. – Гэта быў сапраўды Шосты Захоўнік, Стэфан, а з ім – той дзіўны хлопец, якога мы заўважылі ўчора ў горадзе.
– Досыць з тым хлопцам, – нецярпліва адмахнуўся Хваўлюс. – Дзе Шосты?
– Яны абодва загінулі. У адчаі саскочылі проста на скалы ў Воблачнай Затоцы.
– Як гэта «саскочылі»?! – Хваўлюс занерваваўся. – Дзе іх целы? Дзе сапфір?!
– Целы дастаць не ўяўляецца магчымым, – спалохана адказаў жаўнер. – Сапфір… таксама.
Чорная бародка Хваўлюса затрэслася ад абурэння. Пульхныя шчокі пачырванелі, і здавалася, ён ужо быў гатовы накінуцца на свайго падначаленага, як раптам суцішыўся і надзіва спакойна прамовіў:
– Тваё шчасце, што Стэфан не такі дурань, як ты. Ён бы не скакаў са стромы, калі б не быў упэўнены, што застанецца жывы.
Жаўнер здзіўлена глядзеў на Хваўлюса.
– Галоўная навіна, – працягнуў начальнік, – гэта тое, што мы высачылі Шостага. Значыць, уся нашая праца была не дарэмнай.
– Дазвольце запытацца, – няўпэўнена прамовіў жаўнер. – Дык што, значыць, Шосты збег?
– Збегчы-та ён збег, але зразумела, куды ён кіруецца. Туды ж, куды мы адправілі непаслухмяных жыхароў гэтага гарадка – у Лагер.
* * *
Было вельмі парна, і шлях даваўся Ясю нялёгка. Калі бераг знік з вачэй, яму здалося, што лодка застыла на месцы. Стэфан турбаваўся, што яны могуць страціць кірунак. Але праз паўгадзіны аблокі ўзняліся яшчэ вышэй, стала зразумела, у якім месцы знаходзіцца сонца, і Стэфан скарэктаваў курс.
– Замест простай лініі давялося зрабіць кут, – заўважыў Стэфан – Але добра, што мы ўвогуле не паплылі па коле.
«Проста нейкая геаметрыя, – падумаў Ясь, слухаючы свайго спадарожніка. – Быццам у школе». І ён згадаў сваю школу (як жа далёка яна цяпер была!), заняткі па геаметрыі, з якой у яго заўсёды былі праблемы, а таксама – Мірку.
Яна з’явілася ў іх класе два гады таму. Вясновым днём увайшла перад заняткамі – разам з настаўніцай і сваім бацькам. Навучальны год павінен быў хутка скончыцца, а яе сям’я якраз пераехала сюды з іншага горада. Яна, «новенькая», адразу здалася Ясю асаблівай. Вялікія сінія вочы, дзве коскі, і …і нейкая дзіўная, няўлоўная радасць ахапіла тады Яся.
Ён быў вельмі ўзрадаваны, калі пасля заняткаў даведаўся, што ісці дахаты ім у адзін бок. Па дарозе ён злаваўся на настаўніцу геаметрыі, якая не давала яму спуску з гэтай зусім незразумелай навукай, гаварыў Мірцы пра тое, што ў гэтым разабрацца цяжка і лепш бы вучні займаліся чым-небудзь больш карысным.
– Хочаш, я табе дапамагу? – нечакана запыталася яна.
– Дапаможаш?
– Ну так, з геаметрыяй. Насамрэч там нічога складанага, трэба толькі яе ўбачыць.
– Гэта як?
– Убачыць, зразумець як бы знутры, і тады яна ўжо ніколі не будзе для цябе цяжкой.
– І што, так магчыма? – перапытаўся Ясь, думаючы, што яго хочуць проста падбадзёрыць. – Гучыць як нейкае чарадзейства.
– Зусім не чарадзейства, – усміхнулася Мірка. – Гэта звычайная справа. Так бывае і з іншымі рэчамі: спачатку нічога не можаш зразумець, усё нейкае складанае і бессэнсоўнае, а потым пачынаеш думаць, – і раптам вось яно: становіцца бачны і сэнс, і простасць, і прыгажосць.
– Думаю, тады цябе трэба зрабіць нашай новай настаўніцай геаметрыі.
Мірка засмяялася. Яны прайшлі яшчэ крыху – моўчкі, і Ясь хваляваўся, перабіраючы ў галаве тэмы, на якія можна было б загаварыць. Але маўчанне перапыніла сама Мірка, паказваючы рукой:
– Вось тут мы цяпер жывём.
Дом стаяў у суседнім двары з Ясевым домам, і хлопец узрадаваўся, убачыўшы, што Мірка жыве так блізка.
Яна сапраўды ўзялася дапамагчы яму з геаметрыяй, і Ясь на нейкі час закінуў усе свае прыгодніцкія кніжкі і футбол з хлопцамі ды ўзяўся за складаны для яго прадмет. Спачатку было нялёгка – ён нерваваўся, не могучы разабрацца ў тым, што для Міркі было такім простым. Пасля некалькіх такіх сустрэчаў ён ужо быў гатовы прыдумаць нейкую іншую нагоду (толькі не геаметрыю!), каб мець магчымасць сустракацца і размаўляць з Міркай па-за школай.
Аднойчы сябры паклікалі яго ў парк атракцыёнаў. Ясь вагаўся паўдня, але вырашыў-такі замест парка пайсці да Міркі на «геаметрычныя» заняткі. І менавіта ў гэты вечар усё, што было незразумелае, складанае, варожае, быццам склалася ў яго галаве ў выразную і зразумелую карцінку. Ва ўсім быў сэнс, прыгажосць і простасць – менавіта так, як казала Мірка! Калі гэтае пытанне вырашылася, Ясь адчуў і радасць, і расчараванне. Так, цяпер адной праблемай у вучобе павінна стаць меней, але з іншага боку – ужо не было нагоды для сустрэчаў.
Ясь спачатку падумаў прапанаваць Мірцы павучыць яе фехтаваць, але, разважыўшы, зразумеў, што фехтаванне не ўваходзіць у кола яе інтарэсаў.
Надыходзіла лета, заканчваўся вучэбны год. На вакацыі бацька звычайна адпраўляў Яся ў вёску да бабулі і дзядулі. (А мамы Яся ўжо некалькі гадоў як не стала.) Ішоў апошні дзень заняткаў – такі ж шчаслівы дзень у годзе, як і Раство. Усе думалі пра доўгі адпачынак.
На перапынках толькі і размоваў было, хто што будзе рабіць летам. «Я еду да бабулі ў Мельнікі», – пачуў Ясь словы Міркі, якая размаўляла з сяброўкай. Ён ажно падбег да дзяўчат:
– Куды ты едзеш?
– У Мельнікі, да сваёй бабулі. Я была там апошні раз яшчэ зусім маленькай. Звычайна бабуля з дзядулем наведвалі нас самі. А цяпер ім гэта ўжо цяжка рабіць, і я еду да іх на цэлае лета.
– Не жартуеш? Я бываю там кожны год – усе летнія вакацыі. Мая бабуля таксама там жыве!
– Як цудоўна! – узрадавалася яна. – Значыць, можам паехаць разам!
Так і адбылося. Мірчын бацька прапанаваў адвезці Яся на сваёй машыне – разам з Міркай. Ясеў бацька быў не супраць.
Дом Мірчыных сваякоў стаяў бліжэй да рэчкі, Ясевых – амаль у цэнтры мястэчка. Яны бачыліся кожны дзень, і з часам Ясь зразумеў, што лепшага сябра, чым Мірка, у яго ніколі не было.
Яна была цудоўная спадарожніца ва ўсіх ягоных выправах. Разам яны любілі ездзіць на роварах па местачковых вуліцах, хадзіць да высокай ліпы, што расла ля рэчкі, і сядзець у яе цені на вялікім пляскатым валуне. Ясь згадаў, як аднойчы на выспе яны ўдваіх распалілі вогнішча і доўга-доўга глядзелі на агонь, унутр полымя, а потым дзьмулі на чырвоныя ў ранніх прыцемках вуглі – так, што ў абаіх закружыліся галовы.
Той час стаў асаблівым для Яся, лепшым з усіх. Ці мог ён тады падумаць, што наступным летам апынецца так далёка ад мястэчка, ад дома, ад Міркі?
Ясь нават перастаў веславаць, здзівіўшыся, што разважае зараз пра Мірку менавіта так. Канечне, яна была сяброўкай, але раней ён ніколі не думаў, што яна настолькі ж важная для яго, як і ягоныя найбольш блізкія людзі. Проста яна была – і ўсё. І гэтага было дастаткова, каб радавацца і каб чакаць наступнай сустрэчы.
…Ясь цяжка ўздыхнуў, выцер пот, які струменьчыкамі сцякаў па твары, і зноў узяўся за вясло.
* * *
Яшчэ праз гадзіну аблокі пачалі рассейвацца, аж пакуль увогуле не зніклі. Ясь заўважыў на даляглядзе палоску зямлі і скалу, пра якую казаў Марк. Яны набліжаліся да Пустэльні.
Чым бліжэй падплывала лодка, тым больш сумна выглядаў пейзаж: ніякіх раслінаў, толькі пясок і камяні. Неўзабаве яны прысталі да берага, пакінулі лодку там, дзе сказаў рыбак, і рушылі ўглыб Пустэльні. Ісці па пяску было цяжка, хацелася піць, але Стэфан папярэдзіў Яся, каб ён ашчаджаў ваду. Паветра тут было нашмат гарачэйшае, чым на іншым беразе затокі.
Здавалася, што шлях ніколі не скончыцца. Ясь канчаткова выматаўся, і нават размаўляць ужо не было ні жадання, ні моцы. Бліжэй да вечара спадарожнікі падышлі да крутога схілу, засеянага безліччу вялікіх і малых камянёў. Унізе, паміж двух пагоркаў, была дарога, якая ішла ў Лагер. Менавіта тут павінны былі ў хуткім часе правесці жыхароў Чырвонай Руды.
– Спынімся, – Стэфан зняў з пляча торбу.
Ясь у знямозе лёг на зямлю.
– Паспі, – сказаў Стэфан. – Ты стаміўся, а сілы будуць патрэбныя.
Ясь паклаў сабе пад галаву торбу і імгненна заснуў.
Ён праспаў некалькі гадзінаў, бо ўжо цямнела, калі яго пабудзіў голас Шостага Захоўніка: «Ясь, падымайся. Яны набліжаюцца».
Далёка на гарызонце, справа ад іх, былі бачныя дрыготкія агеньчыкі паходняў. Сюды ішлі сотні палоненых жыхароў горада.
– Пакуль ты спаў, у мяне з’явілася ідэя, – павярнуўся Стэфан да Яся. – Але мне спатрэбіцца твая дапамога, і гэта звязана з сур’ёзнай рызыкай.
– Кажы, – цвёрда прамовіў Ясь.
– Я напісаў ліст для Тамаша. Я вельмі спадзяюся, што старэйшына прыслухаецца да напісанага, бо ў адваротным выпадку шанцаў у іх проста не будзе.
– Добра, я згодны перадаць ліст.
– Калі палонныя наблізяцца да нас, якраз канчаткова сцямнее. Табе трэба будзе асцярожна, каб не ўбачыла варта, далучыцца да натоўпу і знайсці старэйшыну. Думаю, што тут не павінна быць цяжкасцяў. Запомні толькі, што на ўсё гэта ў цябе будзе хвілінаў дзесяць, бо калі калона выйдзе на роўную мясцовасць перад Лагерам, ты ўжо не зможаш пакінуць яе незаўважна. Я паспрабую ў гэты час табе дапамагчы і адцягнуць увагу канваіраў.
Ясь без ваганняў узяў ліст, зняў заплечнік, адшпіліў ад паса кінжал і аддаў зброю Стэфану.
Тым часам сцямнела, вялікую пустыню асвятляў толькі месяц.
Да іх сталі далятаць аддаленыя галасы канваіраў. Жаўнеры відавочна былі ў добрым гуморы і перакрыкваліся паміж сабою.
– Трэба ісці, – сказаў Ясь.
– Удачы табе, – пажадаў шэптам Стэфан.
Ясь пачаў спускацца ўніз, прабіраючыся паміж камянёў. Калона наблізілася ўжо ўшчыльную, і праз колькі імгненняў ён заўважыў першых канваіраў, якія ішлі з паходнямі ў руках. Па выглядзе і паводзінах было зразумела, што ў іх з сабой дастаткова віна і яны сябе не абмяжоўваюць у ім, святкуючы ўдалы дзень.
Палонных было больш за тысячу. У яркім месяцовым святле Ясь бачыў, як цяжка перастаўляюць ногі старыя і як смяротна стомленыя дарослыя, што нясуць сваіх паснулых дзяцей на руках.
Канваіры ішлі абапал палонных: праз кожныя дваццаць крокаў – чарговая пара. Ясь схаваўся за высокім валуном, што стаяў упрытык да дарогі. Каля пяці хвілінаў ён чакаў, пакуль дойдзе хвост калоны. Тады хлопец узяў у рукі невялікі камень і, убачыўшы апошнюю пару канваіраў, перакінуў яго праз жаўнераў, на камяністы пагорак. Яны азірнуліся на гук, і ў гэтую секунду Ясь незаўважным ценем ускочыў у калону.
«Калі ласка, цішэй. Я шукаю Тамаша», – прашаптаў ён людзям, сярод якіх апынуўся. Было бачна, наколькі здзіўленыя гараджане такому нечаканаму з’яўленню незнаёмца, але Ясю паказалі кірунак, і праз пару хвілінаў хлопец змог знайсці таго, каго шукаў.
Гэта быў высокі пажылы чалавек з доўгімі сівымі валасамі і тонкім носам.
– Пане Тамашу, я ад Стэфана, Шостага Захоўніка, – шэптам пачаў Ясь. – Я мушу перадаць вам вось гэты ліст.
Гарадскі старэйшына ад нечаканасці на секунду прыпыніўся, але затым працягнуў свой шлях.