- -
- 100%
- +
– Я не ведаю, дзе Стэфан. Яго не было ў нас, – адказаў Тамаш, не ўзяўшы паперы і нават не глянуўшы на хлопца.
Ясь з горыччу зразумеў, што яму не вераць і, відаць, яго палічылі наўмысна падасланым шпегам.
– Калі ласка, проста прачытайце гэты ліст, – зноў папрасіў ён.
– Ты не мог бачыць Стэфана, яго не было ў нашым горадзе.
Ясь заўважыў, што частку неба ўжо засцілаюць аблокі. Зараз яны закрыюць месяц, і тады ніякі ліст прачытаць будзе ўжо немагчыма.
– Гэта вельмі важна! – не сунімаўся Ясь. – Стэфан разлічвае на вас. Ён кажа, што гэта адзіная магчымасць вам дапамагчы. Паверце!
Старэйшына павярнуў галаву ў бок Яся і ўважліва паглядзеў на хлопца.
– Чаму я мушу верыць табе? Ты не мог бачыць яго: я думаю, што ён далёка і адсюль, і ад Чырвонай Руды.
Пагорак збоку заканчваўся, праз некалькі хвілінаў яны выйдуць на адкрытую прастору.
– Я сустрэў Стэфана ў пячоры Эйлон, там, дзе возера яркай вады.
Бровы старэйшыны ледзь заўважна падняліся. Тамаш усё яшчэ вагаўся. Аблокі засланілі сабою частку месяца. Памарудзіўшы, гарадскі галава працягнуў руку, і Ясь перадаў яму ліст.
Тамаш разгарнуў аркуш, і тут сцямнела – месяц цалкам знік. У Яся ўсё пахаладзела ўнутры: яны няўмольна набліжаліся да Лагера.
– Трэба пачакаць, так нічога не атрымаецца, – прамовіў старэйшына.
Ясь назіраў за тым, як пагорак злева ад іх становіцца ўсё ніжэй і ніжэй. Вось і апошнія камяні. Як толькі яны дайшлі да іх, ён пачуў грукат валуна, што каціўся з гары дзесьці за імі: Стэфан спрабаваў адцягнуць увагу канваіраў. І ахоўнікі, і палонныя ўстрывожана азірнуліся. Але Ясь застаўся ў калоне. Пакуль ён не будзе ведаць, што Тамаш прачытаў ліст, ягонае заданне, ад якога залежыць лёс тысячы людзей, не выкананае.
Грукат сціх. Калона выйшла на адкрытую прастору. І зноўку з’явілася месяцовае святло: відаць, там, у небе, быў моцны вецер. Старэйшына пачаў прабягаць вачыма напісанае:
«Вітаю, шаноўны Тамаш.
Я мусіў выйсці з вежы, калі даведаўся ад свайго новага сябра Яся, праз якога і перадаю ліст, што жаўнеры Вормара зрабілі з Чырвонай Рудой. Зараз я недалёка.
Трымайцеся! Я веру, што ў нас ёсць шанц збавіць людзей ад пажыццёвага зняволення ў Лагеры. Гэта зрабіць складана, але магчыма. Пяць гадоў, праведзеных мною ў гэтым месцы, як ты памятаеш, далі мне такі-сякі досвед.
Вас пакінуць да раніцы на ўнутраным двары. Так яны заўсёды рабілі, калі прыводзілі некалькі соцень новых арыштаваных уначы. Канваіры пойдуць спаць у канвойнае памяшканне. Вартаўнікі таксама па начах бываюць няўважлівыя. Тое, што вы цэлую ноч будзеце ў двары, – гэта добра. Калі вас перавядуць у баракі, будзе ўжо запозна нешта рабіць.
Адразу за брамай Лагера, справа і злева ад яе, вы ўбачыце два невысокія дамы – гэта памяшканні аховы. Там спяць жаўнеры, не задзейнічаныя ў начной варце. За левым домам – доўгі, прыбудаваны да лагернай сцяны дом начальства. Далей, уздоўж сцяны, – склад зброі. Гэта галоўныя мэты. Калі вам удасца схапіць частку ахоўнікаў, а затым узяць пад кантроль зброю – вызваленне стане рэальным.
Коратка апішу табе Лагер, каб было лягчэй арыентавацца. З правага боку ад брамы, за домам аховы, стаіць прыбудаваная да сцяны турма, у якой у адзіночных камерах Вормар трымае трох Захоўнікаў і яшчэ каля сарака вязняў – тых, каго лічыць найбольш небяспечнымі для сябе. Далей за турмой – склад харчавання і адзення.
Яшчэ далей, недзе пасярэдзіне самога Лагера, – вялікі пляц, куды кожную раніцу выганяюць зняволеных (усіх, акрамя тых сарака, што сядзяць у турме) на шыхтаванне. За гэтым пляцам – баракі. Там трымаюць усіх астатніх. Па перыметры баракі ахоўваюцца чатырма вартаўнікамі. Яшчэ па вартаўніку знаходзіцца ў кожнай з шасці вежаў, якія ўзвышаюцца над лагернай сцяной.
Дарагі Тамаш! Ты можаш сказаць, што за ўвесь час панавання Вормара ніхто на такое яшчэ не адважыўся. Але ўспомні, што некалі мы былі вольнымі людзьмі. І, спадзяюся, нягледзячы ні на што, мы такімі застаёмся. Ніхто і ніколі не зможа забраць нашай свабоды.
З надзеяй, Стэфан».
– Прабач мне, што не паверыў адразу… – паглядзеў на Яся старэйшына. – Я баюся, што цяпер табе не выбрацца з калоны. Ужо зусім хутка мы апынёмся ў Лагеры.
– Але вас жа так шмат, чаму вы не нападзяце на гэтых канваіраў?
– Тут не працуе звычайны падлік. Хоць нас і больш за тысячу, а канваіраў толькі пяцьдзясят, але ў іх ёсць зброя. Мы ж – бяззбройныя. Гэта значыць, што пры нашым нападзе на іх – нават калі ён і будзе выніковым – загіне вялікая частка гараджанаў, нашыя жонкі, дзеці. Таму мы не можам гэтага зрабіць.
Яны ішлі яшчэ не менш за гадзіну, пакуль недзе наперадзе Ясь не заўважыў агні некалькіх дзясяткаў паходняў.
Калі палонныя падышлі яшчэ бліжэй, стала зразумела, што гэта і ёсць Лагер – паходні гарэлі на сценах і ў байніцах вежаў.
Уваходам у Лагер была аграмадная жалезная брама. Вышыня яе была каля трох метраў, а каменныя сцены – разы ў тры вышэйшыя. Брама адчынілася павольна, з цяжкім лязгам. Палонных пачалі заганяць у Лагер, крычучы ды піхаючы ў спіны. За брамай быў шырокі двор – ягоныя межы хаваліся ў цемры, а там, дзе хапала святла паходняў, Ясь заўважыў дзве ўнутраныя прыбудовы, якія стаялі справа і злева пад сценамі.
– Колькі ж іх тут? – радасна запытаўся ў канваіраў адзін з лагерных ахоўнікаў.
– Тысяча дзвесце трыццаць шэсць!
– Ого, гэта прыемна чуць! Такога папаўнення ў нас яшчэ ніколі не было!
– Так-так, тут цэлы горад, – канваір задаволена заківаў галавой. – Хавалі ў сябе Шостага, за што зараз і будуць расплачвацца, – ён павярнуўся ў бок палонных і з задаволенай усмешкай наўмысна гучна прагаварыў: – Справядлівасць у тым і ёсць: зло мусіць быць пакаранае!
– Якая ўдача для нас! За апошні час мы пабудавалі дзевяць новых баракаў. Прыемна бачыць, што яны не будуць пуставаць.
Тым часам да палонных падбеглі ахоўнікі.
– Усе рэчы складаем тут! З сабой браць толькі адзенне!
Былых жыхароў Чырвонай Руды выстраілі ў некалькі шарэнгаў і сталі пералічваць. Праз некалькі хвілінаў нехта крыкнуў:
– Тысяча дзвесце трыццаць сем!
– Пералічыце яшчэ раз! Павінна быць на аднаго бандыта менш!
Пералік пачаўся зноў, і ў Яся замерла сэрца: ці не выдасць яго хто? Але ўсе тыя, хто бачыў, як Ясь далучыўся да іх калоны, маўчалі.
– Тысяча дзвесце трыццаць сем! – зноў пракрычаў голас, калі лічыльнікі звялі ў адно ўсе лічбы. – Так, як і ў першы раз.
– Адкуль лішні? Як вы там лічылі на выхадзе з горада? – незадаволена гаркнуў лагерны начальнік канваірам.
– Мы былі ўпэўненыя ў сваёй лічбе.
– Упэўненыя… У такіх справах не павінна быць недакладнасцяў!
Начальнік павярнуўся да палонных і выгукнуў трэніраваным голасам:
– Першае і адзінае правіла! Як толькі вы ўвайшлі ў гэтую браму, вы ўжо больш не жыхары горада! Не працоўныя, не майстры і не прадаўцы! Вы ўжо не бацькі і не дзеці! Вы ўжо не мужы і жонкі! Вы – зняволеныя, і адзінае, што вы можаце тут, – гэта выконваць загады! – ягоны крык адбіваўся ад высокіх сценаў і, здавалася, атачаў палонных з усіх бакоў. – Вы здрадзілі свайму народу і ў мэтах гуманнасці мусіце панесці справядлівае, суровае пакаранне! Ваш лёс – быць тут да канца сваіх дзён, – ён памаўчаў пару секундаў, чакаючы, каб ягоныя словы далі эфект. – Аднак вы можаце ачысціць сваё сумленне, калі будзеце добра працаваць на славу Вормара і народа і паведамляць начальству пра ўсе праявы падазроных паводзінаў! Іншага выбару ў вас няма!
Начальнік спыніўся, каб перавесці дух, і выгукнуў:
– Ра-а-аздзяліць!
Людзі не зразумелі, што гэта значыць, але калі падбеглі ўзброеныя ахоўнікі і пачалі аддзяляць жанчынаў і малых дзяцей ад мужчынаў, сярод палонных падняўся голасны плач.
– Што ж яны робяць… – у адчаі прашаптаў Ясь і тут жа зразумеў, што ўвесь іх план, уся задума, пра якую казаў Стэфан, правальваецца. Іх раздзеляць, каб ужо гэтай ноччу, зараз, размеркаваць па бараках.
Калі жанчыны былі аддзеленыя, іх павялі кудысьці далей, углыб Лагера, але куды менавіта – было не ўбачыць. Месяц зноў схаваўся за хмары, і адзінай крыніцай святла засталіся паходні турэмшчыкаў.
Ясь глядзеў, як знікаюць ягоныя надзеі на збаўленне людзей ды сваё вызваленне, і адчуваў, як у гэтай цёмнай халоднай ночы яго пачынае напаўняць страх.
* * *
У гэты час Стэфан, так і не дачакаўшыся Яся, падбіраўся да Лагера. Яму былі ўжо добра бачныя знаёмыя агні, якія асвятлялі сцены і якія ўсё яшчэ сніліся яму па начах. Набліжалася непагадзь: вецер шкуматаў полымя паходняў, рэзка пахаладала і, на вялікае здзіўленне Шостага, на зямлю пачалі падаць кроплі дажджу, чаго ён не бачыў ні разу за тыя гады, што яму давялося адбыць у гэтым сухім пясчаным краі.
* * *
Начальнік Лагера і начальнік канвою стаялі адзін насупраць аднаго ў будынку аховы, і па іх паставах было зразумела, што ні адзін, ні другі не хоча адступацца ад свайго.
– Вам трэба памятаць, што ў Лагеры камандую я, а не хтосьці іншы!
– А мы знаходзімся тут на загад Хваўлюса! У нас ёсць адпаведныя паўнамоцтвы! І ніхто мне і маім людзям не будзе ўказваць, што нам рабіць, а чаго не рабіць!
– Як сабе хочаце. Трэба было прыводзіць іх удзень. Адправіць у баракі зараз усіх не можам – толькі жанчын і дзяцей. А па інструкцыі я магу пакінуць палонных на вуліцы на ноч без размеркавання толькі тады, калі для гэтага ёсць дастаткова аховы. Вашыя канваіры прывялі іх сюды, і калі вы лічыце сваю місію такой важнай, то і не думайце, што вам удасца сысці з Лагера праз гадзіну. Вы павінны заставацца тут да пераводу зняволеных у баракі. А значыць, вы прастаіце тут да раніцы.
Начальнік канваіраў, пачырванеўшы ці ад злосці, ці ад выпітага па дарозе віна, рэзка развярнуўся і, не кажучы ні слова, выйшаў з будынка на дождж ды шпарка пакрочыў да сваіх падначаленых.
Праз некаторы час за ім выйшаў задаволены начальнік Лагера. Ён падышоў да ахоўнікаў, якія прымалі ў палонных асабістыя рэчы, і каб чулі ўсе – і свае, і канваіры, – аддаў загад: «Пасля прыёму рэчаў зняволеных пакідаем тут. Афармленне і перавод у жылую частку будзе праходзіць раніцай».
* * *
Начальнік канвою крыху пастаяў моўчкі, а затым гаркнуў свайму памочніку:
– Дзе там нашы бочкі з віном? Трэба сагрэцца ў такую ноч!
– Вось тут! Усё падрыхтавана.
– Палова канвою вартуе да сярэдзіны ночы. Астатнія будуць у памяшканні. Потым будзе змена. Прасочыш за гэтым. Ну, і дай там таксама хлопцам, што на вуліцы, – ён кіўнуў на бочкі, – а то і праўда памерзнуць. От жа ж пацук гэты лагерны начальнік… Ну, добра. Як кажуць, умей працаваць, ды не забудзь адпачываць, – і, узяўшы пад паху бочачку віна, ён пайшоў.
* * *
– Ну што, трэба збірацца, – уздыхнуў, выціраючы вусы і адстаўляючы чару, адзін з ахоўнікаў Лагера, мажны, з маленькімі цёмнымі вочкамі.
Ягоны калега, надзіва шчуплы, з доўгай шыяй і вялікай круглай галавой, таксама без ахвоты ўстаючы ад стала, нешта незадаволена прамармытаў. Тут, у будынку аховы, было цёпла і ўтульна, у печцы патрэсквалі дровы, а на дварэ чакала непрыемнасць: ужо ішоў сапраўдны дождж. Ахоўнік паказаў таварышу на акно:
– І чаму менавіта зараз? Чаму, Цэбар? Першы раз за ўсю маю службу тут пачынаецца вось такое! І якраз у маё дзяжурства!
Мажны ахоўнік хітравата прыжмурыўся:
– Цэп, дружа, не пераймайся. Я сказаў бы, што нам сёння, наадварот, пашанцавала. Толькі дурань будзе стаяць дванаццаць гадзінаў пад такім дажджом. Там, ля брамы, дастаткова жаўнераў. Яны прывялі гэтых новых палонных, хай самі за імі і сочаць. Можна, канечне, выходзіць на саму пляцоўку наглядчыка, але лепш перачакаць гэты час у сухім пакоі ў вежы.
– Ты не баішся пакарання? – шэптам запытаўся шчуплы.
– А хто нас будзе правяраць у такое надвор’е? Паглядзі: начальства само пазашывалася ў сваіх пакоях. Даўно ўжо сапе на мяккай пярыне.
– Так, ім цяпер і праўда добра, – пагадзіўся Цэп.
– Ды нічога не здарыцца. Мы сёння стаім на вежах ля брамы – а там, унізе, пяцьдзясят чалавек гвардыі Сябра Вормара, дый у нас ва ўсіх – добрыя арбалеты, з якіх можна лёгка пацэліць у вяртлявую муху, а не тое што ў нейкіх напалоханых і прамоклых гараджанаў.
* * *
Натоўп палонных мужчынаў з Чырвонай Руды заставаўся на тым жа самым месцы. З-за холаду яны імкнуліся стаць бліжэй адзін да аднаго. Бязлітасна ліло, потым дзесьці ў далечыні забліскалі маланкі – але схавацца ад навальніцы не было як.
– Пане Тамашу, здаецца, нас не будуць пераводзіць у баракі. Трэба нешта рабіць, – нягучна прамовіў Ясь.
– Я згодны, што не варта сядзець склаўшы рукі, – адказаў старэйшына і, уважліва паглядзеўшы на людзей вакол сябе, павярнуўся да суседа і ціха назваў некалькі імёнаў.
Па натоўпе пайшоў лёгкі шэпт – мужчыны ланцужком паведамлялі адзін аднаму, каго шукае Тамаш.
– Размовы забароненыя! – заверашчаў нехта з канваіраў.
Гараджане сцішыліся, але справа ўжо была зробленая. Праз некалькі хвілінаў вакол Тамаша сабралася каля дзесяці чалавек. Усе яны былі паважанымі ў горадзе людзьмі, якія заслужылі шанаванне жыхароў Чырвонай Руды не адным добрым учынкам.
Тамаш пачаў гаварыць – настолькі ціха, наколькі гэта было магчыма пры навальніцы, якая падабралася ўжо ўшчыльную да Лагера. Яго словы раз за разам перакрываліся грукатам грому. Старэйшына распавёў пра Яся і пра ідэю Стэфана.
– Што будзем рабіць, сябры? – урэшце запытаўся ён.
– Лепш паспрабаваць удачы зараз, чым усё астатняе жыццё ў Лагеры шкадаваць пра страчаны шанц. Нават калі гэты шанц мізэрны, – адказаў адзін з палонных.
– Тады трэба дзейнічаць хутка, ціха і зладжана. Можа, у нас і няма вялікай надзеі, але важна, каб нашае сумленне засталося чыстым, – дадаў другі.
– Зараз, калі яны аддзялілі ад нас жонак і дзяцей, у нас развязаныя рукі. Мы можам не баяцца, што хтосьці з іх загіне ў сутычцы. А загінуць самім, спрабуючы здабыць свабоду, – гэта не самая горшая смерць, – прамовіў трэці.
– Значыць, рашэнне прынятае, – падвёў вынік Тамаш. – Адна з умоваў поспеху падчас нападу – нашае адзінства і адначасовасць у дзеянні. Але ў гэтым жа і асноўная праблема. Мы не можам падаць ніякага сігналу да пачатку. У нас няма магчымасці ні запаліць агонь, ні ўдарыць у барабаны, ні нават крыкнуць, каб пачулі ўсе, – такая навальніца перакрывае любы крык.
Сярод удзельнікаў таемнай нарады павісла маўчанне. Кожны імкнуўся прыдумаць нейкае выйсце, але ці то цяжкасці апошніх дзён, ці то халодны дождж не давалі засяродзіцца. Шуганула маланка, і пачуўся магутны рокат грому. Ясю здалося, што гэта вялізны моцны леў, які жыве дзесьці сярод аблокаў і бліскавіцаў, напоўніў сваім рыкам усю Пустэльню.
– Я ведаю, што нам падкажа! – раптам амаль закрычаў Ясь. Усе здзіўлена павярнуліся да яго.
Вестка пра падрыхтоўку нападу імгненна разышлася сярод некалькіх сотняў палонных мужчынаў. Гараджане вырашылі пачакаць, пакуль не скончылася змена каравула і замененыя на вышках ахоўнікі не зайшлі ў дом па левым баку брамы.
Прапанаваная Ясем ідэя была простая. Само неба падказала выйсце.
* * *
Ад напружання й трывожнага чакання Яся пачала браць дрыготка. Дождж сцякаў па твары, пякучымі халоднымі струменьчыкамі ліўся за каўнер. «Спакойна, спакойна, ціха, – паўтараў сам сабе Ясь. – Першая… Чакаем, чакаем… Другая…»
Трэцяя! Магутны сполах маланкі і адначасовы выбух грому.
Як па камандзе, імкліва, амаль бясшумна, ад натоўпу зняволеных аддзяліліся незаўважныя постаці.
Тры секунды, каб дабрацца да аслепленых яркім святлом канваіраў. Паваліць на зямлю. Звязаць. Забраць зброю… Галас ад удараў і ўскрыкаў быў перакрыты наступным, яшчэ больш гучным выбухам грому, які страсянуў Лагер.
* * *
Цэп сядзеў у вежы. Тут, крыху не даходзячы да выхаду наверх, на адкрытую назіральную пляцоўку, было некалькі нішаў, якія прымыкалі да вінтавой лесвіцы. У такой нішы мог змясціцца чалавек у поўны рост і было яшчэ месца для арбалета і вялікага запасу стрэлаў. Адсюль прастрэльвалася тэрыторыя на падыходзе да Лагера – на выпадак, калі нехта задумае на яго напасці.
Хоць звонку грымеў гром, тут было суха і спакойна. Вецер дзьмуў з іншага боку, таму дождж амаль не трапляў у вузкі праём байніцы. «Але ці правільна я раблю? – ён прыўстаў, разважаючы, і зірнуў у цемру. – Я павінен зараз стаяць наверсе, назіраць за тэрыторыяй Лагера… Аднак жа там бура, холадна і мокра, і я ўсё роўна не змагу нічога добра разгледзець. Паходні на сценах пазадзімала. А ўнізе пару дзясяткаў канваіраў – спрактыкаваных вайскоўцаў Вормара… І ўсё ж: ісці наверх альбо не?»
І ў той жа момант, калі Цэп вырашыў не ісці, ярчэзнае белае святло асвятліла Пустэльню. Ахоўніку здалося, што недзе там, на падыходах да Лагера, мільгануў чалавечы сілуэт.
* * *
Канваіры зусім не чакалі нападу. Частка з іх была ў напаўсне ад трохдзённага пераходу і моцнага віна, частка проста калацілася ад халоднага ветру й дажджу, які ўсё ліў ды ліў з неба. Ніхто з іх не трымаў напагатове свой зараджаны арбалет. Ніхто з іх не паспеў выцягнуць меч.
Палонныя гараджане з’явіліся быццам з ніадкуль. Завязалася бойка, у ход пайшлі кулакі й ногі. Праз некалькі хвілінаў усе канваіры былі звязаныя і ляжалі ў лужынах і брудзе. Зброя была адабраная.
– Не магу паверыць, што ўсё так лёгка атрымалася, – са шчаслівай усмешкай пракрычаў, перасільваючы вецер, хтосьці з гараджанаў.
– Пакуль нічога не скончана! Гэта яшчэ дзіва, што ніхто з вышак не падаў сігнал трывогі! Цяпер – хутчэй у збройню! – загадаў старэйшына.
* * *
Вартавы хадзіў туды-сюды, захутаны ў плашч ды накрыўшыся капюшонам. У руцэ боўтаўся ліхтар, за шклом якога мільгала свечка. Трыццаць крокаў ад аднаго вугла збройні да іншага – і назад. «І так яшчэ паўночы», – думаў вартавы і, калі праходзіў каля асветленага акна, з зайздрасцю кідаў позірк у сухі цёплы пакой. Там сядзелі яго чацвёра таварышаў, больш удачлівых, чым ён, – бо іх дзяжурства не прыпала на сённяшнюю ноч.
Ён дайшоў да рага будынка, развярнуўся і пабрыў назад, схіліўшы галаву ад ветру і дажджу. Горш быць не магло. Аднак жа стала: ён адчуў, як хтосьці прыставіў вастрыё клінка паміж ягонымі лапаткамі і пагрозліва прашаптаў:
– Спакойна. Кідай зброю.
Арбалет паваліўся на раскіслую зямлю.
– Зараз будзеш рабіць тое, што я скажу.
Злёгку падпіхваючы клінком, яго скіравалі да збройні. Вартавы пабачыў, як сюды падбягаюць дзясяткі людзей з арбалетамі і мячамі і становяцца абапал увахода. Зразумеў, што сіла не на яго баку, і, значыць, трэба выконваць усё, што яму скажуць. Яго падвялі да дзвярэй, і вартавы пагрукаў ды гучна паўтарыў тое, што яму прашаптаў голас з-за спіны:
– Адчыняйце! Тэрміновы загад ад начальніка Лагера!
Знутры заскрыгаталі замкі, і з-за дзвярэй данёсся голас:
– Ты што там, зусім ужо? Які загад сярод ночы?
Жаўнер расчыніў дзверы збройні і высунуў галаву. Нехта з гараджанаў схапіў яго за каўнер і рыўком выцягнуў на вуліцу, астатнія рынуліся ўнутр, наставіўшы на перапалоханых ахоўнікаў дваццаць пяць зараджаных арбалетаў.
Яшчэ адна важная мэта была дасягнутая. Цяпер у паўстанцаў было дастаткова зброі: мячы, шчыты, арбалеты, лукі і стрэлы. Ясь узяў вузкі лёгкі меч. Канечне, не шпага і не рапіра, да якіх ён прывык, але з гэтай зброяй ён адчуў сябе нашмат больш упэўнена.
Жыхарам Чырвонай Руды яшчэ трэба было захапіць заходні ды ўсходні будынкі аховы, дом з начальствам, вежы і турму.
* * *
Цэп быў устрывожаны. Цёмны сілуэт у сполаху маланкі мог зусім і не быць чалавекам, а ўсяго толькі гульнёй ценяў у час навальніцы. І праўда, што магло камусьці спатрэбіцца ў Пустэльні ў такі час і ў такое надвор’е? Але калі гэта быў сапраўды чалавек? Відаць, сёння ўсё-такі прыйдзецца падняцца на назіральную пляцоўку. Яно будзе няўтульна, але спакайней.
І вартаўнік, шкадуючы аб тым, што давядзецца пакінуць сухую і спакойную нішу, пачаў падымацца па вінтавой лесвіцы.
* * *
Усе, хто не быў задзейнічаны на дзяжурстве, даўно ўжо спалі. Тыя ахоўнікі, якія толькі што прыйшлі пасля дазору на вежах, рыхтаваліся да сну. У будынку аховы гарэў камін. Хтосьці наліваў сабе ў гліняны кубак падагрэтае на агні віно, хтосьці развешваў бліжэй да цяпла мокрае адзенне.
– Ну і ночка! Нам яшчэ пашанцавала, што рэшту яе мы будзем праводзіць тут, а не на вуліцы, – сказаў адзін з іх.
– Ха-ха! Няма нічога лепшага, чым цёплы пакой, сытная ежа, моцнае віно ды залатыя манеты з профілем Вормара, якія шчодра сыплюцца ў наш гаманец, – адказаў іншы. – За здароўе Сябра Вормара! – ён прыпадняў кубак, паднёс яго да вуснаў ды так і застаўся сядзець – без руху: толькі вочы шырока расплюшчыліся ад здзіўлення.
У адчыненых дзвярах стаялі жыхары Чырвонай Руды: наперадзе – арбалетчыкі, за імі – узброеныя мячамі.
Дрыжачай рукой ахоўнік паставіў нявыпіты кубак назад.
– Вам лепш здацца, – прамовіў нехта з гараджанаў. – Бо мы не спудлуем.
Ахоўнік павольна падняў рукі ўгору. Астатнія жаўнеры зрабілі тое ж самае.
* * *
Стэфан усё бліжэй і бліжэй падбіраўся да Лагера. Знаёмыя вежы, сцены, якія абрыдлі за пяць гадоў зняволення. Здавалася, што і не пакідаў гэтага месца. Яно стаяла непарушна і нязменна, як помнік сіле, што ўмее толькі ненавідзець.
Прабірацца трэба было акуратна. Цемра час ад часу адступала пад святлом маланак, і Стэфан разумеў, што калі не хавацца за камянямі ды нізкімі сухімі пустэльнымі дрэўцамі, то падчас адной з такіх успышак яго лёгка могуць заўважыць з вежаў. Ён набліжаўся кароткімі перабежкамі. Прайшло ўжо даволі шмат часу, як палонныя апынуліся ў Лагеры, і Шостага Захоўніка трывожыла тое, што там усё выглядала вельмі спакойна. Ці перадаў Ясь ліст? А калі перадаў, то няўжо яны не змогуць нічога зрабіць? Няўжо гэтая задума была сапраўды планам без шанцаў? Ён пачаў дакараць сябе за тое, што адправіў Яся ў Лагер – быццам бы ў пашчу бязлітаснага драпежнага звера.
* * *
Як толькі Цэп выглянуў вонкі, яшчэ падымаючыся па прыступках, яму ў твар ударыў ледзяны дождж. Вартаўнік паморшчыўся, прыкрыў вочы далонню і, зрабіўшы некалькі апошніх крокаў па лесвіцы, выйшаў на верхнюю пляцоўку вежы – тую, з якой кожны другі дзень ён назіраў за парадкам. Цемра не давала разгледзець нічога, пакуль не бліснула чарговая маланка. Тое, што ўбачыў Цэп унізе, на лагерным двары, прымусіла яго застыць на месцы. Ногі сталі ватнымі; мокры ад дажджу, ён тым не менш зразумеў, што адразу ўспацеў. Маланка асвяціла ўсё толькі на долю секунды, але гэтага было больш чым дастаткова. За гэтае імгненне вартаўнік у дробных дэталях заўважыў безліч жахлівых, недапушчальных рэчаў: звязаныя жаўнеры ляжаць у брудзе; натоўп зняволеных гараджанаў бяжыць да ўсходняга будынка аховы; дзверы ў збройню расчыненыя насцеж; частка людзей імкліва набліжаецца да турмы.
Цэп замарудзіў, не ведаючы, што рабіць у першую чаргу: страляць па бунтаўшчыках ці біць у гонг, які быў прымацаваны на верхняй пляцоўцы. Урэшце ён у два крокі падскочыў да вялізнага меднага гонга і пачаў штомоцы – ад страху і крыўды – малаціць у яго.
Гэтага гуку ў Лагеры не чулі ўжо даўно. Амаль ніхто ніколі не адважваўся збегчы адсюль. Ахоўнікі па перыметры баракаў, у турме, на складах і ў будынку начальства, пачуўшы нізкі гук, схапіліся за зброю. У суседняй вежы мажны Цэбар, заснуўшы ў байніцы, бачыў страшны сон: яму снілася, што ў Лагеры б’юць у медны гонг – а значыць, абвешчаная трывога.
* * *
…Стэфан ужо быў пад самымі сценамі. Ён добра разумеў, што азначае гук, які разлятаўся на ўсё наваколле якраз з вежы ў яго над галавой. Ягонае сэрца напоўнілі адначасова трывога і радасць: трывога за сяброў і радасць ад таго, што яны ўсё-такі паспрабавалі выкарыстаць адзіны шанц вярнуць сабе свабоду.
Дзейнічаць трэба было імгненна, ад гэтага залежалі жыцці людзей. Ён кінуў пад сцяной свой і Ясеў заплечнікі, дастаў са свайго скрутак доўгай вяроўкі з некалькімі невялікімі кручкамі-якарамі на канцы. Раскруціўшы над галавой, дакладным рухам закінуў «кошку» і пачаў караскацца. Слізкія камяні запавольвалі ягоны пад’ём, але яшчэ не скончыў гудзець гонг, як Стэфан далез да верху. Гэтыя лагерныя сцены ён памятаў добра: наверсе, па ўсім перыметры, быццам іклы дракона, былі ўмураваныя вялікія, вострыя як лязо, кавалкі празрыстых камянёў, якія называліся «горны лёд». Калісьці яны пакінулі адзнаку на ягоным перадплеччы – доўгі, да самай далоні, шнар.
Стэфан падцягнуўся, узлез на сцяну і, асцярожна намацваючы шлях нагой, каб не напароцца на зубцы, стаў набліжацца да вежы. Калі маланка ў чарговы раз зрабіла відочным наваколле, ён убачыў, што вартаўнік, які перастаў ужо біць у гонг, цэліцца са свайго арбалета кудысьці ўніз, у двор Лагера. Святло знікла, і праз імгненне Стэфан пачуў, як арбалет хвостка запусціў стралу. Захоўнік стрымгалоў кінуўся да вежы.
* * *
Унізе ж, у двары, Тамаш зычным голасам падбадзёрваў гараджанаў, якія разгублена спыніліся пасля таго, як пачулі сігнал трывогі: