- -
- 100%
- +
– Засталося не так шмат! Наперад, браты!
Ясь і яшчэ некалькі чалавек стаялі каля старэйшыны. Тамаш павярнуўся да аднаго з сяброў, нешта сказаў, але словы заглушыў гром. Адразу пасля гэтага старэйшына пачуў, як зусім блізка ў цемры прасвістала страла. З непрыемным да млосці гукам яна патрапіла ў кагосьці якраз там, дзе стаяў Ясь. Чыёсьці цела ўпала на зямлю…
* * *
Сігнал трывогі пачулі і ў бараках, дзе спалі зняволеныя. Змарнелыя ад непасільнай працы людзі, што ляжалі на нарах, тут і там прыпадымалі галовы, трывожна ўслухоўваючыся ў нізкі, цяжкі гук.
Некаторыя разгублена прыселі на цвёрдых насцілах з дошак, бальшыня працягвала спаць. У жаночым бараку адна з дзяўчат паднялася і скіравалася да дзвярэй.
– Рут, ты што робіш? Ты гэта куды? – аклікнула яе жанчына, якая была ў гэты дзень дзяжурнай.
– Няўжо вы не чуеце?
– Ад нас тут нічога не залежыць. Памяшканне пакідаць забаронена, – незадаволена сказала жанчына. – Праблемы будуць не толькі ў цябе, але і ва ўсіх нас!
– Там нешта адбываецца! – усхвалявана адказала Рут.
– Гэта проста навальніца.
– Не рабіце выгляду, што вы нічога не чуеце! Там нешта важнае!
Не даўшы запярэчыць, Рут рэзка адчыніла дзверы.
Гэта было дзіўна, але навокал не аказалася вартаўнікоў. Яна прыгледзелася і ўбачыла, як далёка наперадзе знікаюць кропачкі паходняў: значыць, вартаўнікі бягуць да лагернай брамы. Рут таропка выскачыла вонкі і, не зважаючы на воклічы дзяжурнай, ірванула ў цемру. Яна бегла наперад, пакуль не трапіла на вялікі лагерны пляц. Далей пайшла асцярожным, ціхім крокам. Ахоўнікаў нідзе не было. Яна прайшла яшчэ далей і нечакана ўбачыла паласу святла ў прыадчыненых дзвярах збройні. Перамагаючы страх, Рут наблізілася да будынка і штурхнула дзверы. Унутры нікога не было. Частка паліцаў ужо была пустая, але рознай зброі тут заставалася яшчэ вельмі шмат.
Рут развярнулася і пабегла да барака, у якім быў яе добры знаёмы – Язэп. Барак быў ужо адчынены, і хтосьці з вязняў выглядваў вонкі.
– Язэп! – крыкнула Рут, убягаючы ўнутр. – Вартаўнікоў няма!
Пачуўшы яе словы, людзі паўскоквалі з нараў.
– Спакойна! – прагрымеў басам Язэп – барадаты высокі мужчына. – Рут, ты ўпэўненая?
– Так! Вы чулі сігнал трывогі?
– Чулі. Відаць, штосьці там не так з новымі вязнямі.
– Я бачыла, як ахоўнікі беглі да брамы!
Зняволеныя пераглянуліся.
– Браты! – вельмі спакойна прамовіў Язэп, настолькі спакойна, што гэта выдавала ўсё яго хваляванне. – Гэта наш шанц.
– Але ў нас няма зброі, – запярэчыў нехта.
– Эх, мне б зараз дахаты, – ціха сказаў Язэп, паглядзеўшы на Рут. – Чаго-чаго, а зброі там хапала. Дый на складзе некалькі бочачак з порахам было прыхавана. Шкада, не скарыстаўся.
– Ты нічога пра порах не казаў, – шэптам адказала яна, здзівіўшыся.
– Не было нагоды, прабач.
– Зброя ў нас будзе! – раптам гучна сказала Рут, так, каб пачулі ўсе.
Язэп з недаверам глянуў на яе.
– Тут у будынку, недалёка.
– Ну што?! – усклікнуў Язэп. – Цяпер альбо ніколі!
– Цяпер! Ідзём! Свабоду! – закрычалі вязні.
Язэп аддаў загад падымаць іншыя баракі і схіліўся да Рут:
– Хопіць на ўсіх?
– Так! Яшчэ застанецца!
* * *
Цэп не ведаў, ці трапным быў ягоны стрэл. У цемры і шуме буры, пры патушаных моцным вятрыскам паходнях, што звычайна асвятлялі тэрыторыю Лагера з вышыні сценаў, ён спадзяваўся толькі на тое, што, пачуўшы ягоны гонг, вартавыя ўнізе змогуць спыніць бунтаўшчыкоў. Ён таропка, дрыжачымі рукамі зараджаў арбалет. Цеціва ўсё ніяк не паддавалася, але ўрэшце зброя была гатовая да чарговага стрэлу. Цэп прыставіў арбалет да пляча і скіраваў яго туды ж, куды цэліў мінулым разам. Страляць наўгад ён не хацеў, таму вырашыў дачакацца бліскавіцы, каб паспець намеціць сабе мішэнь. Прыцэліўшыся ў пустэчу, ён раптам пачуў каля сябе незразумелы рух. Цэп павярнуў галаву. У гэты ж момант зноў бліснула маланка, і ў яе святле проста перад сабой ён убачыў чужы твар. Ад нечаканасці вартаўнік закрычаў, рукі таргануліся, спусцілі курок арбалета, і Цэп зразумеў, што страла паляцела зусім не ўніз, у лагерны двор, а кудысьці ў бок суседняй вежы.
Стэфан, убачыўшы спалоханы твар ахоўніка і зброю ў ягоных руках, не вагаючыся, што было моцы ўдарыў знізу ў сківіцу. Вартаўнiк адляцеў, бухнуўся галавой у тоўстую медзь гонга і страціў прытомнасць.
* * *
Колькі імгненняў да гэтага заспаны і ап’янелы Цэбар, чапляючыся за прыступкі, выбег на верх сваёй вежы. Ён ужо зразумеў, што ягоны страшны сон сном не быў. Цяжка сапучы, ён імкнуўся разгледзець, што робіцца там, унізе. Разабрацца было складана – у цемры бачылiся толькі невыразныя абрысы і чулiся незразумелыя выгукі. Цэбар сабраўся зняць з пляча свой арбалет, але ў гэты момант адчуў, як трохі ніжэй за спіну ў яго балюча ўваткнулася страла. Адразу за гэтым на суседняй вежы, дзе павінен быў дзяжурыць ягоны сябра Цэп, нешта глуха ўдарылася ў гонг.
* * *
Стэфан, забраўшы ў беспрытомнага вартаўніка зброю, пабег уніз, на дапамогу сваім таварышам. Ён выскачыў з вежы ў даўно знаёмы яму лагерны двор. Перад сабой Захоўнік убачыў невялікую групу людзей, якія мітусліва нешта рабілі.
– У яго пацэлілі! Трэба спыніць кроў! Адступіцеся! – данесліся словы Тамаша.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «Литрес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на Литрес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.