- -
- 100%
- +
Школьны таварыш жадаў парадаваць мяне, таму арганізаваў раскошную вячэру з шампанскім, ананасамі, мільёнам талерак і падвойнай піцай.
– Як ты думаеш, што гэта такое, сапраўднае мастацтва? – маё пытанне, напэўна, зацікавіла рыбку даніо, і яна падплыла бліжэй да сценкі свайго шклянога дома.
– Гэта арыгінальнае мастацкае выказванне, зробленае ў правільным месцы, у правільны час. Калі выконваць умовы, то мастацтвам можа быць усё, што заўгодна. Нават чорны квадрат. Галоўнае тут не тэхнічнае майстэрства. Важны тут пэўны паварот у галаве стваральніка. Вы можаце навучыцца пісаць так, як Вермеер, калі ў вас хоць трохі працуюць рукі, ёсць вочы і цярпенне. Навучыць вас рабіць арыгінальнае мастацкае выказванне – значна складаней.
– А дзе ўзяць мерку арыгінальнасці і каляндар правільнага часу? – спытаў я ў рыбкі. Але адказаў зноў Махоркін.
– У спецыяльна навучаных людзей. У профі, – Росця пяшчотна пакратаў акварыум.
– Такіх, напрыклад, як дзівак Адаменас? – спытаў я.
– Хах, ён профі, вядома, – яхідны погляд Махоркіна скаціўся на імшысты дыван пад нашымі нагамі.
– Які ты разумны, калі хочаш, – праспявала Люся.
– Думаю, ты маеш рацыю наконт мастацтва. Знаўца! Дарэчы, аб знаўцах і профі. Нам тут у рэдакцыю прыйшоў тэкст, – я паклаў перад Росцей свой тэлефон. – Зачаруйся прыгожым.
Тэкст пачынаўся так: «Я бязмерна ганаруся тым, што быў настаўнікам такога яркага талента!».
– Аўтар: Ц. В. Адаменас, – прачытаў Махоркін і з цяжкасцю праглынуў кавалачак мармуровай ялавічыны.
– А ён сапраўды мастак! – пахваліла Люся.
– Ну вось, тут я магу сказаць толькі адно, – Росця марыянеткавым рухам кінуў кулак у спінку крэсла. – Сапраўдны знаўца мастацтва калі што і ўмее, дык гэта перарадзіць сваё меркаванне! Выгадаваць з гусеніцы матылька. І гэта супер хутка.
Наш смех напоўніў апартаменты Махоркіных. Мы зладжана, як спартоўкі-сінхраністкі, ухапіліся за іскрыстыя куфлікі. Каляровыя квадраты гарлалі пра сваю мастацкую каштоўнасць. У іншай частцы нашага мегаполіса, ганарлівы настаўнік яркага талента раптам адчуў жар у вушах і гучна чхнуў. У элітным прыгарадзе любаваўся сваім чырвонатрохкутным партрэтам вядомы гательер. Дзіўныя зоркі, усе гэтыя гіганты і субкарлікі, абляпілі недасяжны нават для людзей мастацтва, вібруючы небасхіл. Творчая гармонія згусцілася і, на імгненне, стала ідэальнай.
Хук Рыны
Рына перавязала рукі бінтамі і надзела трэніровачныя пальчаткі. Трэба папрацаваць з грушай! Балюча ці не, але Рына ніколі не прапускала трэніроўку. Яна памятала толькі некалькі дзён, калі яе рукі не білі ў нешта. Некалькі дзён за трыццаць год. Яе далоні ніколі не будуць такімі, як да спорту, але бінты, а таксама іншыя меры засцярогі, дапамагалі прытупіць боль.
Маці і бабуля былі супраць заняткаў.
«Ты дзяўчына», – казалі яны. – «Табе лепш купіць сукенку і чытаць кнігі ў парку».
Трыццаць год яна даказвала ім, але найперш сабе: яна ўмее не толькі чытаць кнігі, але і біцца. Трыццаць год.
Рына заўсёды добра біла левы бакавы ўдар са скачка. І падчас хатняй размінкі, яна паўтарыла сваю каронку. Левы хук – так гэта называлася ў боксе.
Скончыўшы трэніроўку, Рына зняла павязкі і выцерла твар ручніком.
Пачынаўся важны дзень. Сёння Алеся будзе змагацца за званне абласной чэмпіёнкі.
Рына працавала з Алесяй тры гады, і апошні месяц яны мэтанакіравана рыхтаваліся да бою з Маргарытай. Суперніца, па мянушцы Малатарня Марго, біла выдатны правы аперкот, неверагодна жорсткі і дакладны.
Рына апранулася і выйшла ў калідор. Яна села на зэдлік (хто ведае, магчыма, гэтая забабона дапаможа), адчыніла ўваходныя дзверы і выйшла. Пачакала секунду… рэзка павярнула ключ з бірулькай у выглядзе галавы Майка Тайсана: пацешны сувенір ад Міхася Мечыслававіча заўсёды паляпшаў Рыне настрой. Вясёлы спуск, у жахліва ціхім пад'ездзе. Летаргічны сон у вялізным шэрабетонавым гмаху. Пяцьдзесят крокаў і пацёртая чырвоная машына. Новыя красоўкі трывожна шархацелі на роўна выкладзеным асфальце. Выезд на праспект. Коркі. Гудкі і музыка. Гарадская арэна. Апраналка.
– Добры дзень, Алеся.
***
Пот і кроў. Перш чым яна пайшла ў першы бой, яе маленькая мэта была схавана глыбока, там, дзе жылі надзеі, чорна-белыя, яшчэ бясформенныя мары. Рына не ведала, адкуль у яе такая моц і чаму ёй так хочацца перамагаць. Магчыма, гэта спадчыннасць.
Бацька трымаў дома баксёрскія пальчаткі. Яны віселі на старой, савецкіай шафе з дрэннага ДСП, а дакладней, на доўгім цвіку, убітым у бакавіну некалі моднай мэблі. Пальчаткі вялікія. Пахкія. Пах нагадваў крэм для абутку. Эластычныя, але падатлівыя. Чырвоная, пацёртая скура. Пальцы слізгалі па ёй, ствараючы сыпкі, чароўны шоргат.
Тата – вайсковец. Лейтэнант, які выступаў у вайсковым клубе. Ён быў майстрам спорту па боксе і атрымаў пальчаткі ў падарунак ад кубінца, які наведаў СССР.
Бацька ніколі не казаў, што жадае бачыць дачку на рынгу. Ён не мог нават уявіць такога. Маленькія чорна-белыя мары былі надзейна схаваны ад яго.
Рына здымала з цвіка пальчаткі і нацягвала іх на свае малюсенькія далонькі. Далікатныя дзіцячыя рукі хутка хаваліся ў маршчыністыя раструбы. Глыбока. Амаль па локці. Ніхто не адважваўся адабраць у яе гэта незвычайнае пачуццё захаплення.
Рыне шэсць. Але яна ўжо была як тата. Ён усміхаўся і пачынаў жартам трэніраваць дачку. Дзяўчынка стукала кулакамі па вялікіх далонях бацькі, а яны, здавалася, маглі цалкам паглынуць пальчаткі.
Дачка і бацька падчас трэніроўкі патрапілі ў аб'ектыў матулiнай камеры. Вераніка Паўлаўна – маці Рыны, працавала ў гарадскім фотаатэлье. Таму ледзь не кожны крок чальцоў сям'і быў зафіксаваны на плёнцы.
Прайшло шмат часу, але Рына амаль кожны дзень глядзела на старое фота. Такім маладым і прыгожым бацька з'ехаў у Аўганістан…
***
Рыне было шаснаццаць, калі ў яе горадзе арганізавалі першую секцыю жаночага боксу. Прагуляўшы заняткі ў школе, дзяўчынка доўга блукала па цёмных калідорах аблупленай, гарчычна-жоўтай пабудовы – трэніровачнай базы.
Рына знайшла і адштурхнула тоўстыя дзверы, пераадольваючы супраціў спружыны.
Дзяўчыну сустрэла маленькая зала, з высокай столлю, пазаклейванымі грушамі і пацёртымі гантэлямі.
– Каго шукаеш?
Рына павярнулася на гук мужчынскага голасу. Перад ёй стаяў маленькі лысы чалавек. Мяркуючы па выглядзе, яму было каля пяцідзесяці.
– Я хачу запісацца на бокс, – голас Рыны гучаў крыху няўпэўнена, і яна амаль ненавідзела сябе за гэтую маленькую слабасць.
Але лысы незнаёмец нечакана цёплым тонам паведаміў:
– Добра, што ты зайшла. Секцыя камплектуецца. Як ты пра нас даведалася?
– У школе сказалі.
– Ясна. Мяне клічуць Міхась Мечыслававіч. Прозвішча Шоцік. Я тут трэнер. А ты хто?
– Рына. Прозвішча Радкевіч.
– Ты што, дачка Рыгоркі Радкевіча?
– Так, гэта мой тата.
Міхась Мечыслававіч доўга маўчаў. Потым ён глыбока ўздыхнуў і пляснуў у ладкі.
– Мы з тваім бацькам былі ў зборнай. Спачатку, памятаю, пабіліся ў распранальні. А потым на ўсіх сустрэчах – сябры. З мужыкамі бывае такое: спачатку сабачымся, а потым як сваякі. Хоць, мы ўсё роўна моцна спарынгавалі. Я бачыў яго перад паездкай у Афган…
Міхась Мечыслававіч не дагаварыў, рэзка павярнуўся і пайшоў у падсобку за пальчаткамі.
***
Прайшло тры гады. У пахмурны летні дзень Рына спарынгавала з Таняй. Дзяўчынкі пазнаёміліся ў секцыі і пасябравалі. Але на рынгу, як сказаў ім Міхась Мечыслававіч, сяброўству няма месца.
Рына працавала другім нумарам. Таня хутка набліжалася да суперніцы, каб загнаць яе ў кут. Гэта была амаль сапраўдная бойка, але дзяўчыны хавалі слабыя месцы ў амуніцыі.
Рына адыходзіла ў бок і спрабавала дастаць Таню моцным ударам справа, але прапусціла контратаку. Кулак Тані ўляцеў у вобласць печані. Цела напоўнілася жарам і асаблівым, ні з чым не параўнальным, болем. Рына з усіх сіл старалася схаваць свой стан. Але Таня адчула поспех. У яе сапраўдны інстынкт байца. Яна кінулася наперад. Зноў прабіла ў корпус. Рына выдала прыглушаны стогн і апусцілася на калена.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «Литрес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на Литрес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.




