- -
- 100%
- +
– Колькі ні ёсць, усе мае, – пакрыўдзілася Клава ад намёку на яе ўзрост, бо па вясковых мерках яна заседзелася ў дзеўках.
– Я не ў тым сэнсе. Думаў, што ты ўжо даволі самастойная дзяўчына. Зрэшты, давай яшчэ па адной.
Сяргей наліў сабе новы кубак, зазірнуў у Клавін, расчаравана пакруціў галавою:
– Якая ж з цябе будзе партызанка, калі ты зусім не п’еш? Ну, давай да дна за Сталіна, за Радзіму!
Клава вымушаная была выпіць за такі тост увесь кубак, у процілеглым выпадку гэта азначала б здраду, і адразу адчула, як запякло пад грудзьмі, цёплая п’янкая хваля разлілася па ўсім целе.
– Вось гэта па-нашаму, па-партызанску! – пахваліў яе Сяргей.
– Я больш не буду піць, бо не дайду дадому, сп'яна заблуджуся ў лесе, і ваўкі мяне з’ядуць, або засну і замерзну.
– Я цябе сам з’ем, такую салодкую, – сказаў Сяргей, абхапіў яе за шыю і пачаў цалаваць.
Клава адказвала на ягоныя пацалункі пяшчотай і любасцю, няўцямна шаптала ласкавыя словы, і не было зараз на свеце шчаслівейшага чалавека, чым яна.
– Усё, дапіваем гарэлку і кладзёмся спаць, табе ж трэба адпачыць з дарогі, – п’янаватым голасам прамовіў Сяргей, выпрабавальна пазіраючы на сувязную.
Ён напоўніў кубкі, з хітравата-змоўніцкай усмешкай падміргнуў дзяўчыне і абвясціў тост:
– За ноч кахання!
– Чаму толькі ноч? Бываюць жа і дні, – заўважыла Клава.
– Ну, удзень гэтым няма калі займацца, – пасміхнуўся Сяргей. – Давай – за каханне.
– За каханне, – паўтарыла Клава.
Пакуль Сяргей закусваў, потым прыбіраў са стала, Клава сачыла за ягонымі рухамі і думала пра тое, што ён вельмі прыгожы. Кучаравы смаляны чуб спадаў на лоб, чорныя вочы хавалі ў сабе нейкую таямніцу ранейшага жыцця, якое было ёй невядомае. Як бы яна хацела даведацца пра яго мінулае хоць што-небудзь, пахадзіць па тых шляхах, да якіх дакраналіся яго ногі, пабыць сярод людзей родных і блізкіх яму, каб раздзяліць яго жыццё, усе мінулыя і наступныя радасці і надзеі. І гэта здавалася тым больш недасяжным, бо зараз яна мусіла збірацца і ісці дамоў, нягледзячы на тое, што на дварэ была глухая ноч. Зімовыя дні кароткія, усё роўна дамоў трапіш поначы. Лепш выйсці зараз, дык да таго, як развіднее, можна дайсці да сваёй вёскі.
– Ты будзеш маёю каралеваю на адну ноч, – урачыста абвясціў ён.
– Чаму на адну ноч? – зноў уражана спытала яна.
– А на колькі ты хочаш? На дзве, на тры?
– На ўсё жыццё. Я моцна кахаю вас, Сяргей Анатольевіч.
– У партызана век вельмі кароткі. Сёння ёсць, а заўтра – няма.
– З вамі нічога не здарыцца, вы не ходзіце на заданні, – спакойна адказала Клава.
– Што? Ты мяне папракаеш? Я па-твойму пры штабе аціраюся? А ты ведаеш, колькі ў мяне такіх сувязных, як ты? Усім трэба даць заданні, асэнсаваць вынікі зробленага, распрацаваць стратэгію і тактыку далейшых дзеянняў! Ты хоць уяўляеш, аб’ём работы, якую мне даводзіцца выконваць? Я па трое сутак не сплю!
– Прабачце, Сяргей Анатольевіч, я зусім не хацела вас пакрыўдзіць. Мяркуючы па зводках саўінфармбюро, хутка прыйдзе вызваленне. Вайна скончыцца. Не варта думаць пра смерць.
– Гэта для жанчын вайна скончыцца, а мужчыны пагоняць фашыстаў далей, на захад.
– Я заўсёды буду вас кахаць і чакаць, Сяргей Анатольевіч.
– Мне не трэба заўсёды, я хачу цябе зараз, – катэгарычна сказаў ён і памкнуўся абняць Клаву.
Яна адхіснулася і адказала:
– Я вясковая дзяўчына старасвецкага выхавання. У нас не прынята жаніцца па-сабачы без сватоў і шлюбу. Мне пара, бывайце.
Клава памкнулася да дзвярэй зямлянкі, але Сяргей абхапіў яе за плечы, затрымаў:
– Ну, куды ты, дурненькая? Я цябе не пакрыўджу. Нам будзе добра, пабачыш.
– Не хачу я вашага дабра, – адказала Клава, вырываючыся з ягоных абдымкаў.
– Я цябе нікуды не пушчу, – утрымліваў яе за рукаў Сяргей. – Ты будзеш мая, мая, уся, уся, – яго свавольныя рукі абмацвалі яе грудзі.
– А я заўтра ўсё камандзіру раскажу! Вы п’яны, і невядома што вырабляеце!
Клаве раптам здалося, што яна баіцца гэтых ачмурэлых вачэй і ўчэпістых рук. Яна бараніла сябе, сваю годнасць і пры гэтым кахала яго, такога жаданага і чужога.
– Ты не сувязная, ты даносчыца! Ты шпіёнка! – злосна прамармытаў Кедраў. – Заўтра ж напішу рапарт, каб цябе арыштавалі і расстаралялі за тое, што ты ў такі адказны час адмаўляеш савецкаму афіцэру ў самым неабходным!
Ён, няпэўна стоячы на нагах, раптам зарагатаў хрыпла і жорстка, быццам уявіў, як яе будуць расстрэльваць і зласліва радаваўся гэтаму.
– Пішыце зараз, калі ўтрымаеце аловак у пальцах, – з’едліва адказала Клава, вырвалася, адштурхнула Кедрава і памкнулася да выхаду.
– Змяя балотная! Тваю маць! – пачула яна ўслед і хуценька зачыніла за сабою дзверы, адбегла, схавалася за сасну, баялася, што Сяргей кінецца даганяць.
Зімовы лес насцярожана маўчаў, толькі зрэдчас патрэсквалі на марозе дрэвы. Неба завалакло хмарамі, там-сям праз іх дзіравы невад праглядвалі зоркі. Напэўна, на адлігу. Сувязная пастаяла ў нерашучасці, падумала, мо варта вярнуцца, я ж яму падабаюся. Ён так сябе паводзіць таму, бо напіўся. Але тут жа сама сабе сказала, што, калі кахае, дык будуць новыя сустрэчы. Ён яшчэ будзе прасіць прабачэння за сваё нахабства. Да чаго дадумаўся! Не трэба мне шчасця на адну ноч! Яна намацала рукою халоднае жалеза пісталета ў кішэні і рушыла ў зваротны шлях. З таго часу, як Алёша Здзітаўскі падараваў ёй гэтую цацку, яна звыкла хадзіць са зброяй. Прынамсі, сустрэчы з ваўком не баялася, больш асцерагалася звяроў двухногіх, якія палаюць лютай нянавісцю да партызанаў і ўсіх, хто ім дапамагае. Алёша жыў на ўскраіне Антопаля з бацькамі, трымаў гаспадарку. Ягоны агарод выходзіў на шырокі выган з рэдкім кустоўем, далей цягнуўся лес. Гэта дазваляла незаўважна сустракацца з партызанскімі сувязнымі. Клаве ён дапамагаў асабліва ахвотна. Разам яны аднойчы напаілі паліцая Сцяпана Дзеркача самагонкаю і пакралі ў яго патроны. Алёша для яе быў надзейным сябрам. У памяці выплыў гэты сціплы хлопец з прыязным позіркам зялёных вачэй, у картузе з прымятым казырком, невысокі з крываватымі нагамі. Дзе ж ён цяпер? Ці жывы?
Пазней пры сустрэчах Кедраў быў з Клаваю падкрэслена сухі, гаварыў толькі пра справы. У хуткім часе, ён заняў Клавіну «пасаду», стаў лічыцца сакратаром Антопальскага падпольнага райкама камсамола, хоць з тэрыторыі размяшчэння партызанскага атрада не высоўваўся і да вызвалення не ведаў, як той Антопаль выглядае. Клава па-ранейшаму выконвала неабходную работу, якую ёй даручалі як сувязной. Яна таксама ніяк не выяўляла сваіх пачуццяў, хоць шмат думала пра Сяргея, пакуль не ўпэўнілася канчаткова, што ён яе не кахае. Здарылася гэта Восьмага сакавіка. Камсамолкі вырашылі наладзіць невялікі канцэрт у партызанскім атрадзе. Клава таксама далучылася да гэтага гурту. Сцэнаю была невялічкая палянка, акружаная высокімі елкамі, за якімі дзяўчаты пераапраналіся і прыхарошваліся. Клава выйшла на сцэну, каб праспяваць «Кацюшу», і раптам убачыла Кедрава. Ён стаяў побач з Вандай Вышанскай, сувязной з Антопаля, пра нешта з ёю гутарыў, усміхаўся і, здавалася, зусім не звяртаў увагі на тое, што адбывалася на ўяўнай сцэне.
Клава не помніла, як даспявала песню, як схавалася за елкамі, ускінула на плечы світку і паспяшала дамоў з адзінаю думкаю ў галаве: «Чаму я ў гэты дзень не захварэла?! Не трэба было спяваць. Вышанская, бадай, аказалася больш згаворлівай. Няхай жывуць. Такі лёс. Заблудзілася маё шчасце недзе, ніяк мяне не знойдзе. А я ж на Сяргея гатовая была маліцца».
Цяпер Клаўдзія Міхайлаўна разумела, што няварты быў Кедраў яе светлага кахання. Але што зробіш са сваёю апантанаю душою? Як ні ўгаворвай яе, якія доказы ні прыводзь, а яна цягнецца, бы кветка да сонца, да адзіна каханай асобы.
Калі Антопаль быў вызвалены, адразу пачала ўсталёўвацца савецкая ўлада. Тады сакратаром райкама партыі быў прызначаны Іван Самуілавіч Сіроцін. Клаве Мартынюк прапанавалі пасаду сакратара па ідэалогіі, вядома, каму ж яшчэ, як не ёй, падпольшчыцы, партызанцы было заняць гэтае адказнае месца. Клаўдзія з сухім і строгім выглядам курыравала працу сакратара райкама камсамола таварыша Кедрава, і не прамінала, каб не паўшчуваць за недахопы і недастатковую працу сярод моладзі. Час той быў напружаны. Па лясах у зграі збіваліся ўзброеныя мужчыны з ліку тых, хто не прымаў савецкую ўладу ці баяўся яе, а найбольш было звычайных дэзерціраў, якія пазбягалі мабілізацыі, каб не трапіць на вайну. Трэба было ісці ў самую гушчу людзей, агітаваць за савецкую ўладу, абяцаць залатыя горы і ўтрымліваць хісткую раўнавагу ў раёне. Дарогу да дома Вышанскай Кедраў быў вымушаны забыць, бо ў хуткім часе прыехала з Масквы ягоная жонка. Пасля гэтага адносіны ў Кедрава з Мартынюк сталі амаль прыязныя. Камсамольскі правадыр з усяе сілы стараўся выслужыцца, але пры гэтым сам уважліва сачыў за ёю, часам мог і падкусіць пры нагодзе. Клава прапускала міва вушэй ягоныя кпіны, і, напэўна, усё было б добра, каб не Сіроцін. Ах, Сіроцін, Сіроцін… Іван Самуілавіч, яна так спадзявалася на падтрымку, мужнасць, разуменне.
Ад гэтых згадак разбалеліся сэрца і галава. Клаўдзія Міхайлаўна паднялася, яе моцна павяло ўбок. Жанчына села на ложак, дацягнулася рукой да ўключальніка, шчоўкнула – загарэлася святло, зірнула на гадзіннік, было каля трох гадзін ночы, пашукала на кухні таблетку нітрагліцэрына, паклала яе пад язык. Памерала сабе ціск нязручным танометрам і жахнулася. Стрэлка паказала 160 на 100.
«Гэта ж трэба, дурніца старая, расхвалявалася з-за леташняга снегу! Ды пайшлі яны ўсе! Даруй, Божа! – падумала яна, наліваючы з чайніка ў кубачак вады і запіваючы таблетку клафеліна. – Усё, ніякіх успамінаў і думак! Спаць! Спаць! Бо заўтра буду зялёная, як вадзянік».
Жанчына падышла да акна, паглядзела на пустую, цьмяна асветленую ліхтарамі вуліцу, узняла вочы ўгору, дзе ззялі зоркі. «Адзінае неба ніколі не губляе свайго хараства і не старэе, – падумала жанчына. – Можна бясконца глядзець у яго і не нагледзішся, але трэба хоць трохі паспаць». Яна лягла ў пасцель, уздыхнула і аціхла ў чаканні сну.
5Юля спазнялася на спатканне, але не прыспешыла крок, ішла па набярэжнай, паглядвала на спакойную роўнядзь ракі, якая ўсё ж такі цякла незаўважна, не спыняючыся ні на хвіліну. Гэтак струменіць і жыццё, незаўважна і будзённа, у памкненнях і клопатах. Сёння яна паспела да абеду напісаць артыкул пра Клаўдзію Мартынюк пад назваю «Палеская кветка ў Сібіры». Цікава, як успрыме гэты матэрыял рэдактар? Ён з тых абачлівых людзей, што сем разоў саломку падсцеліць, перш чым не тое што ўпасці, а проста сесці. З другога боку, яго можна зразумець. Каб заснаваць новую газету трэба мець першапачатковы капітал, прыкласці вялікія намаганні, а ў дзяржаўным выданні, дзе яна працуе, дастаткова аднаго – кіруй сабе, мінаючы рыфы, мелі і штормы. Жыццё спакойна плыло да пенсіі. Праўда, у рэдактара таксама шмат праблем, часам ён цішком даставаў з сейфа пляшку з саракаградуснай вадкасцю і прыкладваўся да кілішка, каб зняць стрэс. Што ж, у кожнага – свой лёс і воля выбару ў межах магчымага.
Юля здалёку пабачыла Бырыса, які абапіраўся на бетонную агароджу набярэжнай, памахала яму рукою, маўляў, не злуйся, што спазняюся, я ўжо тут. Хлопец пайшоў ёй насустрач. Быў ён на гэты раз у цывільным: сінія джынсы, шэрая куртка, шматколерныя кітайскія красоўкі.
«Дзеля першага спаткання мог бы апрануцца элегантней, – падумала Юля. – Дзіця вёскі, што з яго возьмеш?»
Барыс радасна ўсміхаўся. Юля залюбавалася гэтаю галівудскаю ўсмешкаю і замест прывітання спытала.
– Чаму радуешся?
– Сустрэчы, Юлія Максімаўна! – адказаў ён, выцягнуў з-за спіны тры барвовыя ружы і падаў дзяўчыне.
– О, вы такі галантны! Не чакала.
– Каб кветкі дарыць, шмат розуму не трэба. Вы з пашпартам?
– Правяраць будзеце? – насмешліва спытала яна.
– Абавязкова. Давайце ваш пашпарт.
– Мне гэты прымітыўны жарт надакучыў, – расчаравана сказала Юля.
– Я не жартую.
– Вы хочаце даведацца пра мой узрост? – з’едліва спытала дзяўчына?
– Ваш узрост мне вядомы, і ён мяне зусім не цікавіць. Я прызначыў вам спатканне насупраць загса. Ці заўважылі?
– Толькі зараз убачыла.
Барыс зрабіў шырокі жэст рукою:
– Я запрашаю вас у гэты палац, каб вырашыць адно важнае пытанне.
Юля паморшчылася і сказала:
– Госпадзі, гэта ж толькі міліцыянеры могуць так засакрэціць справу. У вас там працуе нейкая сваячка, пра якую трэба напісаць у газеце?
– Не, я думаю, нам пара падаць заяву для рэгістрацыі шлюбу.
– Шлюбу? – Юля зарагатала. – Першае красавіка даўно мінула.
Барыс памаўчаў, чакаючы, пакуль яна супакоіцца, пасля ўсхвалявана сказаў:
– Юлія Максімаўна, прабачце, я не з таго пачаў. Прапаную вам сваю руку і сэрца. Ці, наадварот, прашу вашай рукі. Як там правільна, па-кніжнаму? Дакладна не помню.
Барыс выглядаў збянтэжаным. Ён чакаў яе адказу, вінавата зазіраючы ў вочы. Яна таксама разгубілася і не ведала, што яму адказаць. Нарэшце яна выціснула з сябе:
– Перш, чым рабіць такі крок, трэба добра падумаць.
– Я шмат гадоў пра гэта марыў, думаў, уяўляў. Нас адразу не распішуць, дадуць тэрмін для абдумвання. Так што і ў вас будзе час нешта вырашыць для сябе канчаткова. Пойдзем, я прашу вас.
– Пойдзем, – сказала яна рэзка, – але гэта першы і апошні раз я патураю вашым авантурам. Запомніце гэта!
Барыс узяў Юлю пад руку. Яны накіраваліся да будынка загса, узняліся па прыступках, увайшлі ў прасторны хол, потым – у маленькі кабінет, дзе іх прыняла ветлівая маладзіца, выдала нейкія анкеты, якія Юля не стала нават чытаць. Барыс сам падпісаў усе неабходныя паперы. Юля сачыла за ім. Ён усё рабіў няспешна, па-вясковаму грунтоўна і сур’ёзна. Зрэшты, ёй заўсёды падабалася назіраць за жыццём ці працаю іншых. Нават у маленстве, яна не брала ўдзел у гульнях, а назірала, як сяброўкі ўваходзяць у ролі бацькоў, выконваюць нейкія сцэнкі. Гэта часам здзіўляла, а найчасцей смяшыла яе. Ды і сама яна звычайна глядзела на сябе нібы збоку. Пасля кожнай сустрэчы ці гутаркі з людзьмі, згадвала, перабірала да драбніц усе сказаныя словы, пераасэнсоўвала, каб зразумець, дзе яна была недастаткова тактоўная ці ўважлівая. І дакарала, і вінаваціла сябе, калі нешта зрабіла не так. Гэтая рэфлексія часам псавала ёй настрой, але і надавала ўпэўненасці ў сваёй справядлівасці і сумленнасці. Наогул яна лічыла найвялікшым грахом хлусіць сабе.
– Юлія Максімаўна, справа зроблена. Я запрашаю вас адзначыць гэтую падзею.
– Дзе? – спытала яна абыякава.
– У кафэ. Ёсць тут адно паблізу.
Барыс узяў яе за руку, пацалаваў і павёў да выхаду.
– Мой генерал, ці не зашмат ты бярэш на сябе?
– Пакуль ніякае цяжкасці не адчуваю.
Кафэ іх сустрэла ціхаю музыкаю і напалову пустою залаю. Яны селі за маленькі круглы столік, накрыты белаю карункаваю сурвэткаю. Барыс пагартаў меню, спытаў:
– Будзем піць шампанскае? У нас жа свята.
– Будзем.
– Закуску прапаную выбраць вам?
– Не, – адказала Юля. – Сёння я давяраю твайму густу.
– Баюся вам не дагадзіць.
– Мой генерал збянтэжыўся?
– Мы вельмі мала знаёмыя, пакуль я не ведаю, якія стравы вам падабаюцца, але спадзяюся з часам выправіць гэты недахоп.
Юля раптам адчула, што яе раздражняе самаўпэўненасць Барыса, яго фальшывае выканне пры жаданні падпарадкаваць яе сваёй волі, і яна спытала:
– Я не вельмі зразумела, для чаго ўсё гэта?
– Мне здавалася, што… – сказаў ён і асекся, бо ў гэты час падышла афіцыянтка з нататнічкам і алоўкам у руках, запісала стравы, якія папрасіў згатаваць Барыс.
Юля запытальна зірнула на хлопца, жадаючы пачуць адказ на сваё пытанне.
– Няўжо вы яшчэ не зразумелі, што я кахаю вас з першай сустрэчы?
– А мае пачуцці цябе цікавяць?
– Пабачыце, я заслужу ваша каханне! – з гатоўнасцю прамовіў Барыс.
– А ты ведаеш, што каханне, калі яно ёсць, ніякіх заслуг не патрабуе? – яна пасміхнулася з позіркам дарослага чалавека, які глядзіць на неразумнае дзіця.
– Ведаю больш, чым вы сабе можаце ўявіць. Бо кахаю, зусім не ведаючы вас, – пакрыўджана адказаў ён.
– А для чаго вы хочаце ажаніцца?
– Хачу ніколі не разлучацца з вамі. Хачу, каб у нас былі дзеці! Хачу ўсё, што маюць звычайныя людзі! Ці гэта такія недазволеныя мары?
Афіцыянтка прыйшла з пляшкаю шампанскага, спрытна адкаркавала, наліла два фужэры, паставіла некалькі талерак з закускамі.
– Што ж, прызнаюся па шчырасці, мы марым па-рознаму, але, па сутнасці, пра адно і тое ж, – адказала Юля, як бы даючы згоду на тое, што прапаноўваў ёй Барыс.
6Клаўдзія Міхайлаўна чакала званка ад Юлі, а дзяўчына не адгукалася цэлы тыдзень. «Напэўна, нічога ў журналісткі не атрымалася з таго, што я ёй напляла, – ці то суцяшала, ці то дакарала сябе яна. – Бадай, не трэба, каб маё імя зноў абрастала застарэлымі плёткамі? А з другога боку, калі б артыкул атрымаўся такі, як я сабе ўяўляю, дык няхай бы пачыталі тыя, хто паверыў, што я была ворагам свайму народу. Гэта ж трэба было прыдумаць такое азначэнне! Напэўна, ва ўсім свеце да такога абсурду не дадумаліся. А ўсё для таго, каб чалавек разумеў: судзіць яго не нейкі суддзя ці “тройка”, а цэлы народ. Таму і пакаранне адпаведна жорсткае. Ілжывы гэты свет! Немагчыма пражыць праведна, таму што кожны рэжым патрабуе слугаваць яму, маніпулюе людзьмі, прымушае пераступаць цераз свае прынцыпы дзеля агульнай далёка не гуманнай мэты. Разумныя людзі стараюцца трымацца як мага далей ад гэтых віроў, а мяне ўцягнула ў самы эпіцэнтр падзей, закружыла, перапляло асабістае з грамадскім і дзяржаўным. Нервы не вытрымалі такога напружання. Я была далёка не гераіня, а толькі слабая жанчына, якой хацелася абапірацца на надзейнае мужчынскае плячо, кахаць, гадаваць дзяцей. Пазней, чытаючы пра розных рэвалюцыянерак, даведалася, што яны заўсёды адмаўляліся ад асабістага жыцця на карысць ідэй. Калі ж у іх нараджаліся дзеці, дык яны аддавалі іх у прытулкі. Я не адважылася нават нарадзіць дзіця. Цяпер няма роднай душы побач. Не, не трэба пра гэта. Зрэшты, ёсць жа ў мяне сястра і пляменнікі. Дзеля маёй кватэры, якая ім застанецца ў спадчыну, можа, дагледзяць мяне, калі зусім занядужаю, і правядуць у апошні шлях…»
Зазваніў тэлефон. Жанчына падняла трубку і пачула голас сястры:
– Як ты там маешся?
– Памаленьку. Якраз цябе згадвала.
– Слухай, тут у газеце так пра цябе напісалі, што і гераіня, і пакутніца.
– Ці добра хоць напісана?
– Добра, аж занадта. Але чаму ты толькі пра сябе расказваеш? Я ж з табою разам лістоўкі раскідвала, спісы здраднікаў рыхтавала, эшалоны лічыла, данос на Збышака адправіла па пошце.
– Прабач, Надзя, у кароткім артыкуле ўсё не раскажаш і не распішаш.
– Не, ты гэта робіш знарок, каб прынізіць мяне. У цябе ж нікога няма. Перад кім табе красавацца? А ў мяне – дзеці і ўнукі. Ты ж сабе ўсе медалі пабрабала, а мне – нічога! Я нават не лічуся партызанкаю! А ты пабыла ў лесе два месяцы перад вызваленнем – і ўжо гераіня на ўсё астатняе жыццё.
– Ахвота табе згадваць леташні снег? – з дакукаю спытала Клаўдзія Міхайлаўна.
– Каб ты ведала, колькі мы страху натрываліся з-за цябе. Таму мама так рана памерла. Колькі яна нервавалася і плакала, калі ты сыходзіла на некалькі дзён да партызанаў! Мяне з-за цябе маглі вывезці ў Германію!
– Не маглі, я заплаціла солтысу.
– Нас жа маглі ўсіх расстраляць з-за таго, што ты пайшла ў партызаны! Тады ж паліцай Сцяпан Дзяркач прыходзіў і пытаўся, дзе ты? Добра, што Аляксей Здзітаўскі выручыў, сказаў, што ты з ім жывеш.
– Дзіўна, я і не ведала, што Аляксей мог такое сказаць. Навошта яму гэта? Мы ж проста сябравалі.
– Кахаў ён цябе.
– Вярзеш абы-што. Я пасля вызвалення яго толькі разы два бачыла. Куды ён падзеўся?
– Ён жа схаваўся ад мабілізацыі ў лес. Яго застрэлілі недзе, здаецца, у сорак дзявятым годзе, у балоце за Грушаўкай. Нават не пахавалі. Багна яго паглынула. Пасля, як у сямідзясятых рабілі меліярацыю, дык расказвалі, што адкапалі нейкія косці, але куды іх пасля падзелі, я не ведаю.
– Госпадзі, якая жахлівая смерць. Між іншым, ён ніколі не казаў мне пра каханне.
– Што ён мог табе сказаць, калі ўвесь раён ведаў, што ты гуляла спярша з Кедравым, потым – з Сіроціным?
– Не расказвай мне пра вашы калгасныя плёткі. З Кедравым у мяне нічога не было! Зразумела? Ён заляцаўся, а я яму адмовіла. А што датычыцца Сіроціна, дык і тут склаліся чыста дзелавыя адносіны. Ён быў маім непасрэдным начальнікам. Вам абы языкамі мянціць. Паўсотні гадоў мінула, а той-сёй яшчэ ўсё ад зайздрасці памірае! Калі Сіроцін мяне кахаў, дык навошта ахвяраваў мною? Чаму не збярог? Падумай!
– Падумала даўно. Прыехала ягоная жонка з дзецьмі, вось ён і пастараўся пазбыцца цябе. Спачатку накіраваў на курсы ў Брэст, а потым наогул перадаў нкусаўцам на расправу. Прынёс цябе ў ахвяру дзеля спакою сям’і і непарушнасці дзяржавы. Зрэшты, паскудны ён быў чалавек. Помніш, у Антопалі лавачнік Зыгмусь быў, яго з сям’ёю выслалі некуды на Поўнач, а ўсе рэчы забралі? Дык футрачка, у якім хадзіла лавачнікава дачка, я потым бачыла на дачцэ Сіроціна. Ты ўсё маўчыш. Ніколі нават не расказвала, як там у вас было.
– Годзе! Гэта не тэлефонная размова. Бывай, – Клаўдзія Міхайлаўна злосна пляснула трубку на апарат, села на канапу, задумалася.
«Ах, Алёшка, Алёшка, бадай, ты адзін не здрадзіў мне ў жыцці. Заўсёды падтрымліваў, стараўся правесці ды сустрэць з лесу, але не адважыўся нават абняць. Хаця, канешне, я і не заўважала цябе, аслепленая Кедравым, а потым Сіроцін свет засціў. Варта было мне хоць намякнуць табе пра якую-небудзь патрэбу, ты заўсёды стараўся аблегчыць маё становішча. Як толькі паскардзілася, што страшна хадзіць у лес без зброі, ты праз два тыдні недзе раздабыў пісталет».
Раптам выплыла ў памяці апошняя сустрэча з Алёшам ужо ў пасляваенны час. Яна тады затрымалася да цямна ў клубе, дзе быў прагляд мастацкай самадзейнасці. Алёша чакаў яе каля хаты гаспадыні, дзе Клава кватаравала. Аддзяліўся ад дрэва, што расло каля весніц. Яна ажно спалохалася. А ён супакоіў:
– Гэта я, Клава.
– Алёшка, куды ты прапаў?
– Гаспадарка ўвесь час забірае.
– Што ж, і гэта трэба.
– А ты ўсё ў начальстве ходзіш?
– Ай, Алёша, стамілася я ад усяго. Які з мяне начальнік? Праз два дні еду вучыцца на курсы ў Брэст, а пасля не ведаю, куды накіруюць.
– Хіба Сіроцін цябе крыўдзіць? Людзі кажуць, што ў цябе з ім шуры-муры.
– Хлусня гэта ўсё, Алёшка. Ты ж мяне ведаеш. Ад зайздрасці плятуць абы-што! Сіроцін па серадах у Вышанскай вечаруе!
– Дык жа з гэтаю Вышанскаю Кедраў сустракаўся.
– Да Кедрава жонка прыехала, ён і аціх. А гэтага ката памаўзлівага Сіроціна нішто не спыняе: ні сям’я, ні пасада. Яны Вышанскую з рук у рукі перадаюць, як рэч. Божа, як я яе ненавіджу гэтую самадайку! Раскажы лепш пра сябе, Алёшка. Ты яшчэ не ажаніўся?
– Пакуль не сустрэў такую, як ты.
– Дзякую за камплімент. Што ж мы тут стаім? Пайшлі да мяне, узварам якім напаю.
– Дзякую, я толькі на хвілінку, мяне сябры чакаюць, – раптам заспяшаўся Аляксей. – Яшчэ сустрэнемся… Ты доўга будзеш вучыцца?
– Прыкладна паўгода.
– Ну, бывай. Шчаслівага вяртання, – ён паціснуў яе руку на развітанне і знік у цемры.
Толькі цяпер жанчына звярнула ўвагу на словы, сказаныя Алёшам тады: «Не сустрэў такую, як ты». Выходзіла, што яна была ўзорам, якім ён кіраваўся ў пошуку сваёй палавіны. Дзіўна, яна ніколі нават не ўяўляла, што гэты хлопец мог быць яе мужам. Ён быў толькі добрым чалавекам, спагадлівым, надзейным, у лепшым выпадку – сябрам.
Праз два дні Клаўдзія з’ехала ў Брэст на курсы партыйных і савецкіх работнікаў. Спачатку там было цікава, новыя людзі, знаёмствы, а пасля яна адчула, што сумуе па Сіроціну, па ягонай мужчынскай сіле і пяшчоце, напісала яму доўгі і прачулы ліст. Адказу не атрымала, пакрыўдзілася і вырашыла больш не нагадваць пра сябе. Напэўна, Вышанская зусім яму галаву затлуміла, а жонка ягоная і не здагадваецца, што па серадах пасля вячэрніх сходаў, яе муж спяшае да палюбоўніцы.
Жонку Сіроціна Клаўдзія ціха ненавідзела да гэтага часу і ў нейкай ступені лічыла віноўніцай усіх сваіх нягод. Каб яна не з’явілася, усё было б добра. Усталяваліся трывалыя адносіны з Іванам Самуілавічам. Клава адчувала пры ім сябе абаронена і ўпэўнена. Варта было прыехаць жонцы, як пляткаркі адразу расказалі ёй пра каханне Сіроціна да Клавы, што раз’юшыла кабету. Яна прыслала палюбоўніцы ліст, у якім абвінавачвала Мартынюк ва ўсіх смяротных грахах і называла брыдкімі словамі. Тады Клаўдзія адчула, што вакол яе ўтварыўся вакуум, усе цураліся яе. А найбольш пакрыўдзіла тое, што і Сіроцін пачаў пазбягаць сустрэч з ёю, больш таго, паклапаціўся, каб выправіць яе на курсы. Дзе падзелася яго кахане, тыя словы, пяшчота і жарсць? А потым інструктар Дробкіна сказала, што ён сустракаецца з Вышанскай. Усё гэта трэба было перажыць, перадумаць і змірыцца з лёсам.
Калі Клава вярнулася ў Антопаль пасля заканчэння курсаў, дык даведалася, што Вышанскую нехта забіў. Ішло следства. Тэхнічны сакратар Таня Нічыпарук сказала, што ліст, які Мартынюк прысылала Сіроціну, знаходзіцца ў маёра дзяржбяспекі Войкава, які расследуе забойства Вышанскай.