Закон захавання кахання

- -
- 100%
- +
На наступную лекцыю прафесара Арлова Ада не пайшла, а накіравалася ў гістарычную бібліятэку, дзе з цікавасцю перачытала першакрыніцы – указы Кацярыны ІІ, якія датычыліся навядзення новых маскоўскіх парадкаў на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага, цяпер яно называлася толькі так. Новай назвы яму пакуль яшчэ не прыдумалі. Царскія загады датычыліся ўрэгулявання вывазу лесу з ліцвінскіх земляў па Дняпры і Дзвіне ў Чорнае і Балтыйскае мора. Выходзіла, што ўвесь расійскі флот быў пабудаваны з беларускага лесу, толькі таму што яго было лёгка сплаўляць па нашых рэках. Былі там указы пра нацыялізаваныя маёнткі і вываз каштоўных рэчаў з іх, пра падаткі, – усё тое, што заўсёды рабілі захопнікі, калі далучалі, а дакладней падпарадкавалі сабе новую краіну. Ада вяла канспект і цяпер магла прафесару Арлову на аснове першакрыніц давесці, што Масковія не вызваліла ВКЛ, а, наадварот, ператварыла самастойную дзяржаву ва ўласную калонію, пазбавіўшы яе магчымасці развіваць эканоміку і культуру, гадаваць сваю навуковую эліту. Гэта была тая жорсткая праўда, якую расійскія гісторыкі, мабыць, ніколі не прызнаюць, а ўсё будуць чаўпсці, што мы «адзін народ», толькі чамусьці па-беларуску ніхто з іх не чытае і мовы не разумее. Калі б яны маглі ведаць нашу старажытную мову, ім вочы адкрыліся б на шматлікія рэчы, асабліва калі гаворка датычыцца міфалогіі, бо беларуская мова перанасычана міфічнымі архетыпамі. Аднак гэта трэба разумець і адчуваць, што ўжо і шмат каму з сучасных беларусаў не дадзена, бо не ведаюць і не любяць сваю мову. Выхаваныя на рускай мове і культуры, яны не здатныя нічога дадаць у скарбонку творчых здабыткаў уласнага народа.
Ада заявілася толькі на апошнюю лекцыю. Наіна Андрыянаўна заўважыла яе адсутнасць і спытала:
– Што здарылася?
– Нічога. Хацела тое-сёе ўдакладніць для сябе па гісторыі Беларусі, каб даказаць прафесару Арлову, што ён іншы раз трохі памыляецца.
– Не заводзілася б ты з ім. Ён прафесар, а ты хто? Ён чытае, а ты слухай і не псуй яму настрой. Ён прыйшоў пасля лекцыі ўвесь чырвона, ажно ціск у чалавека падняўся.
– Я зусім не хацела яго пакрыўдзіць, напраўду. Проста выказала нязгоду з ягоным пунктам гледжання на Вялікае Княства Літоўскае.
– Годзе табе, Ада, ведаю, што ўсе вы прыязджаеце геніяльныя, але пакуль не вы, а вам чытаюць лекцыі. Дарэчы, у мяне для цябе дзве навіны і абедзве добрыя, – сказала Наіна Андрыянаўна і зрабіла паўзу.
Ада наструнілася, падумала ўсхвалявана, мо Лятаўчык тэлефанаваў і папрасіла:
– Кажыце хутчэй, памру ад цікаўнасці…
– У суботу едзем на экскурсію ў Ясную Паляну ўсёй групай.
– Выдатна! А што яшчэ?
– Тут цябе зямляк шукаў.
– Які зямляк? – насцярожылася Ада, зноў думаючы пра Касьяна.
– Хлопец-завочнік з Мінска, ён і называў сваё прозвішча, ды я забылася.
– Што яму трэба?
– Не ведаю, проста пабачыцца па-зямляцку. Ён таксама жыве ў інтэрнаце, рыхтуйся сустракаць госця.
Сапраўды, увечары нехта пастукаў у дзверы. Ада адчыніла і ўбачыла невялічкага чарнявага кудлатага хлопца з гітарай, які павітаўся і спытаў:
– Дзе ты прападала? Цэлы дзень цябе шукаў.
– Хіба мы раней сустракаліся? – здзівілася Ада.
– Я – Мікола Патапеня з вёскі Марудава. Ты ж мне лісты пісала, кансультавала наконт вершаў.
Ада ўспомніла, гэта быў адзін з пачаткоўцаў, вершы якога яна часам друкавала на літаратурных старонках раёнкі, а часам дасылала яму лісты і раіла, што і як паправіць, каб дацягнуць твор да пэўнага ўзроўню.
– Ну, заходзь, зямляк, расказвай навіны.
Хлопец прайшоў да стала, паставіў гітару, сеў па-гаспадарску зручна і паведаміў:
– Усё выдатна! Удалося вырвацца з вёскі, развітацца з ветэрынарствам. Ажаніўся з мінчанкаю, Міланаю завуць. Жыву пакуль з цешчаю, але, на шчасце, яна амаль увесь час на лецішчы пасецца. Паступіў у літінстытут на завочнае, прыехаў на ўстановачную сесію, дазнаўся, што і ты тут, вырашыў наведаць.
– Добра, будзем піць гарбату. Я на кухню на колькі хвілін, ты не сумуй.
Ада ўскіпяціла чайнік, заварыла гарбату, зрабіла бутэрброды, паставіла варэнне, цукар, печыва, наліла ў кубкі вару, запрасіла:
– Частуйся, калі ласка, і расказвай, што там у Мінску?
– Нічога асаблівага, тое, што і ў Маскве: чэргі, талоны, дэфіцыт.
– Што пішаш?
– Вершы пакуль, але ёсць задумы і на прозу. Хочаш, раскажу сюжэт, толькі ты не ўздумай красці.
– Бог з табою, нашто мне твой сюжэт? Дам табе параду: ніколі не расказвай пра тое, пра што збіраешся пісаць. Выгаварышся – і стане табе нецікава.
– Можа, і так, – пагадзіўся хлопец.
– Але ты і жук! Адзіны раз прапусціла заняткі, дык ты тут жа прыйшоў мяне шукаць! І да каго? Да загадчыцы навучальнай часткі!
– Прабач, я не ведаў, што ты загуляла. Вельмі хацелася пабачыцца. Можа, я табе паспяваю, каб віну загладзіць?
– Паспявай, калі маеш жаданне.
Хлопец узяў у рукі гітару, пашчыпаў струны і сказаў:
– Словы і музыка мае.
– Выдатна. Ты і нотную грамату ведаеш?
– Нашто яна мне? Мелодыю трымаю ў галаве. Наогул кожны верш мае сваю мелодыю і рытм, ці не заўважала?
Ён зацягнуў сіплаватым голасам нешта невыразнае, трэнькаў на струнах аднастайна, хіба мог ён параўнацца з Касьянам, у якога гітара ў руках быццам ажывала і выцінала дзівосныя гукі, а сам музыка так рухаўся па сцэне, нібы спраўляў нейкі таямнічы абрад. Ада ўзіралася ў смуглявы твар госця, чорныя вузкія вочы пад калматым чубам і думала: «Мала ў ягонай знешнасці славянскага, хіба толькі мова. Найхутчэй атрымалі ягоныя продкі генетычную спадчыну ад качэўнікаў-обраў, якія некалі межавалі са славянамі ды збыткавалі з іх. На зіму сяліліся ў сем’ях славян, сілком бралі сабе іх жонак і дзяўчат, а пасля з’язджалі, а чарнявыя нашчадкі заставаліся ў славянскім асяроддзі».
– Мікола, скуль ты родам? – спытала яна.
– З Палесся, – не без гонару адказаў ён, – на Бабруйшчыну мяне накіравалі працаваць ветэрынарам пасля тэхнікума.
– Там дзе рэчка Обраўка, вёска Обрава ды горад Кобрын – твая радзіма?
– Не, я з-пад Століна.
– Гэта не істотна. Галоўнае, што душа ў цябе беларуская і спяваеш па-нашаму.
– Ведаеш, я хоць і вясковы, у беларускай школе вучыўся, але выветрыліся ўсе веды, пакуль служыў у войску, цяпер наганяю са слоўнікам.
Мікола праспяваў яшчэ колькі песень сваіх і чужых, нарэшце сказаў:
– Мне ў цябе падабаецца. Бадай, заначую…
– Табе няма дзе спаць? – здзівілася Ада, а сама падумала: «Вось калі ў ім обр прачнуўся».
– Ёсць ложак, але аднаму сумна, хацеў бы з табою…
– У цябе ёсць жонка для гэтае справы, – засмяялася Ада.
– Яна дома, а тут не лішне каля добрай жанчыны пагрэцца.
– Бачу: у цябе на шыі крыжык матляецца…
– Я шчыры вернік праваслаўны…
– Дык чаго ж ты мяне на грэх штурхаеш?
– Які там грэх! Бог сказаў: кахайцеся і размнажайцеся!
– Мне твая задума не падабаецца, ідзі ты, хлопец, па-добраму туды, скуль прыйшоў…
– Слухай, чаму няма гармоніі ў свеце? – спытаў ён. – Чаму я хачу, а ты – не?
– А таму, што ты шчыры праваслаўны вернік можаш сабе дазволіць награшыць, потым пакаешся і зноў будзеш рабіць тое самае. А я нехрышчоная, мне нельга грашыць, бо няма перад кім каяцца, толькі перад сабою, а гэта значна цяжэй і страшней, чым перад Богам. Павер мне. Уласнымі згрызотамі можна сябе да смерці давесці.
– Дык ты мо і ў Хрыста не верыш?
– Якая табе розніца, у што я веру?
– Хрыстос быў, навукова даказана!
– Ці мала што, Мікола, было. Мо і ты яшчэ святым угоднікам станеш. Зрэшты, ні даказаць, ні абвергнуць існаванне Бога немагчыма. Кожнаму чалавеку патрэбен хаця б уяўны абаронца. А з другога боку, калі нейкая вышэйшая сіла існуе, дык выглядае яна далёка не так, як малявалі іх мастакі – з барадою ды вусамі… Людзі стварылі сваіх багоў падобнымі сабе, а не наадварот. Разумееш?
– Калі жанчына пачынае філасофстваваць, мне робіцца сумна, бо як ветэрынар добра ведаю яе сапраўднае прызначэнне. Пайду я лепш да дзяўчат на свой пяты паверх, – расчаравана сказаў Патапеня, падхапіў гітару і падаўся з пакоя.
Ада з палёгкаю ўздыхнула і падумала: «Вось яшчэ адзін рыхтуецца ў інжынеры чалавечых душ. Усе мы толькі блудзім ды блукаем на гэтым свеце, не бачым сваёй дарогі, прызначэння, не разумеем уласнага шчасця, не навучаныя. Нешта важнае страчана ў нашым соцыуме: традыцыі, добры прыклад сям’і, што павінна жыць у вяках. А яно, тое галоўнае, рушылася і гублялася з пакалення ў пакаленне з моваю, з самабытнаю культураю, з рамёствамі, з фальклорам… Навошта я падцягвала і друкавала вершы гэтага Патапені? Нічога людскага, мабыць, з яго не атрымаецца. Хаця хто тут з нас без заганаў? У кожнага свой шлях, свае памылкі і згрызоты. У мяне таксама гэтага дабра хапае. Усе мы збеглі ў Маскву ад нейкіх жыццёвых нягод. Бежанцы ад саміх сябе…»
8
Ада ўзяла друкарку на пракат, падрыхтавала тэксты падрадкоўнікаў і прынесла іх на заняткі секцыі паэзіі, якая налічвала дзесяць чалавек. Перад званком вырашыла раздаць вершы аднакурснікам. Армянін Ара і кіргіз Кажагільды грэбліва адвярнуліся.
– Мы жаночых вершаў не чытаем, – сказаў Ара.
– А я вашы з задавальненнем пачытаю, калі дойдзе чарга, ды і разбяру дэталёва, – адказала Ада з іранічнай усмешкай. – Я гэта ўмею рабіць, бо шмат гадоў кіравала літаб’яднаннем.
Гэтыя два хлопцы выклікалі ў яе адмоўныя эмоцыі паводзінамі з першах дзён сумеснага навучання. Аднойчы прыземісты Кажагільды падымаўся з Адаю ў ліфце. Кіргіз змераў жанчыну позіркам і сказаў:
– Я згубіў ключ ад пакоя, можна ў цябе пераначаваць?
– Нельга, у кіргізаў мужчыны на жаночай палавіне не начуюць, – з’едліва адказала яна.
– Я думаў, ты мне паспачуваеш.
– Тут, акрамя мяне, жывуць яшчэ трыццаць мужчын, думаю, яны з радасцю дапамогуць, – адказала Ада і выйшла з ліфта, абурана думаючы: «Трэба такую лухту прыдумаць, ключ ён згубіў!»
Ара жыў злева ад Адзінага пакоя. Быў ён высокі, з чорнаю кучараваю галавой і арліным носам, насупленымі зламанымі бровамі, з-пад якіх пазіралі халодныя непрыемныя зрэнкі. З яго пакоя часта чуліся крыкі і спевы ледзь не да світання, што не давала магчымасці заснуць. З-за гэтага Ада злавала на яго.
Празвінеў званок – у клас увайшлі знакаміты паэт Максім Сераброў і крытык Алег Махонькін, якія вялі паэтычны семінар. Сераброў быў даволі высокі, з хваравіта-шэрым колерам твару, разумнымі вачамі, маўклівы. Пры разборы вершаў устаўляў час ад часу слова, усю асноўную нагрузку браў на сябе дробны, са зморшчаным твара Махонькін, які вельмі ўважліва ставіўся да кожнага твора, не прапускаў ні аднаго ўдалага радка, а калі бачыў лухту, дык без жалю бэсціў яе.
У той дзень разбіралі творы ленінградскага паэта Сяргея Шастова. Нешта не спадабалася Махонькіну ў той падборцы і ён сказаў пра гэта аўтару. Шастоў набычыўся, не прымаючы ніякай крытыкі, стаў даводзіць, што ў Ленінградзе існуе свая паэтычная школа, а ён з’яўляецца яе вучнем.
– Мёртвыя вучні мёртвых паэтаў, – не вытрымаў Сераброў, – у якога была ўласная думка пра творчасць некаторых леніградскіх лірыкаў.
Шастоў страшэнна раззлаваўся, бо зняважылі не толькі яго, але і ягоных настаўнікаў, схапіў свае рэчы і падаўся з аўдыторыі. Усталявалася гнятлівая цішыня. Агнія Дымава, па-жаночы адчуваючы віну за ўсіх, сказала:
– Што вы, мужчыны, ваюеце? Хопіць у літаратуры месца ўсім: геніям і графаманам. Вось у мяне бяда. З мужам развялася, а без мужчыны жыць не магу. Быццам палавіну мяне адрэзалі, і я хаджу, трымаючы рукамі вантробы, баюся, што яны вось-вось вываляцца. Масква поўная людзей, а роднай душы не знайсці. Скажыце мне, цудоўны паэт Максім Паўлавіч Сераброў, як вырашыць маю праблему? Вы ж разумны чалавек, пішаце геніяльныя вершы, якія не толькі вас, але і ўсіх нас, мададзейшых, перажывуць.
Агнія скардзілася на жаночую долю, ледзь не плакала. Адзе было няёмка слухаць яе, бо сама ніколі не адважылася б раскрыцца гэтак перад чужымі людзьмі, каб вызваліцца ад уласнага болю. Агнія магла. У яе была іншая ментальнасць, якая дазваляла ёй выглядаць слабой і нават бездапаможнай у гэтым мужчынскім асяроддзі, сярод паэтаў былі толькі тры жанчыны.
На гэтай слязлівай і маркотнай ноце скончыўся чарговы паэтычны семінар. Усе разышліся. Ада вярталася дамоў з сібірачка Тоняй Сурковай, ішлі да станцыі метро, разгаварыліся.
– Як там у вас у Сібіры?
– Прыемнага мала. Часам холадна, часам голадна. Не хочацца туды вяртацца. Сын даслужвае апошні год у войску, таксама турбота – трэба яго неяк тут уладкаваць. Што ён адзін без мяне будзе рабіць?
– Было ж там нешта добрае. Столькі песень Пахмутава напісала пра той край.
– Было. Аднойчы на цеплаходзе ехала па Енісеі, мне далі паруліць! Уражанняў хопіць на ўсё жыццё. Нездарма мужчыны так рвуцца да ўлады.
– Я некалі таксама хацела ехаць па камсамольскай пуцёўцы ў Сібір, ды маці не пусціла. У яе быў нейкі свой адмоўны досвед на гэты конт, – заўважыла Ада.
– Адна наша паэтэса склала такое чатырохрадкоўе:
Ах, ты, сука-романтика,Краснаярская ГРЭС.Я приехала с бантиком,А уехала – без.Такая ў нас рамантыка! Ад яе ажно верне.
– Так, Тонечка, вешаюць нам лапшу на вушы ідэолагі, а мы, наіўныя, верым. Мо зойдзем у Елісееўскі? У мяне нічога няма на вячэру.
– Пайшлі.
Жанчыны мінулі помнік Пушкіну і пашыбавалі ў гастраном. Ён стаяў насупраць, зусім побач і вельмі падабаўся Адзе. Размяшчаўся ў шыкоўным будынку з высачэннаю столлю, аздоблены ляпнінаю з пазалотаю. У прасторнай зале заўсёды мелася ў няўнасці і ў дастатку харчовых тавараў, у той час як у другарадных гастраномах найчасцей свяціліся пустыя халадзільнікі. Увайшлі ў сярэдзіну памяшкання, агледзеліся. Па каўбасу стаялі тры чаргі.
– Давай станем у розныя чэргі, мо якая хутчэй будзе рухацца, – прапанавала Ада.
– Нешта не хочацца ў чарзе марнавацца, мо якой рыбы купіць?
– Дык і па рыбу таксама чарга…
Жанчыны разышліся, сталі ў розныя чэргі. Ада назіраючы за знерваванымі ці пакорна маўклівымі людзьмі міжвольна пачала складаць верш:
Людзі ў чэргах… Маўклівасць і крык.Па надзённае і да святыняў.І сябе ад тугі не акрыцьУ агорклай жыццёвай пустыні.Сем дзясяткаў гадоў адстаіш, —Хоць была гэта жытка няміла, —Атрымаеш ці зорку, ці крыжНа грудзях, а хутчэй – на магіле…Хуценька дастала натанік і запісала яго, нават не згледзелася, як хутка дайшла яе чарга. Паэзія паскарае час. Клікнула Тоню. Яны купілі сыравяленай каўбасы, каб магла паляжаць без лядоўні колькі дзён, узялі хлеба і малака ды накіраваліся ў інтэрнат, разважаючы пра тое, што пара дэфіцыту занадта зацягнулася, ажно на ўвесь савецкі перыяд. Ёсць надзея, што аднойчы ўсё гэта скончыцца, бо жыццё рухаецца па прынцыпу вады хвалямі.
– Тоня, а дзе твой муж? – спытала Ада.
– Чорт яго ведае, мо ў Ізраіль з’ехаў. Ён быў яўрэй. Усё, што я запомніла з сумеснага жыцця, гэта старых баб, якія ўвесь час нешта жавалі і чаўкалі ўстаўнымі сківіцамі. Як згадаю, дык і зараз на ваніты цягне. А як тваё сямейнае жыццё склалася?
– Звычайна, толькі дзяцей яшчэ не завяла, такая вось бясплодная смакоўніца.
– Ты яшчэ маладая, у цябе ўсё наперадзе. Колькі табе?
– Трыццаць.
– А мне ўжо за сорак. Іншы раз адчуваю сябе старою, старою…
– Што ты, Тонечка, ты вельмі добра выглядаеш…
– Стараюся…
За размовамі яны непрыкметна даехалі да інтэрната, дзе іх сустрэла вахцёрка-армянка сярэдняга веку, захутаная ў шэрую пуховую хустку.
– Замерзлі, Марыета Арамаўна? – спытала Тоня.
– Так, цяжка пераношу пахаладанні.
– Тут столькі хлопцаў бегае, можна пагрэцца.
– Вой, дзяўчаты, я ўжо і майткі лянуюся зняць, а вы кажаце… Для мяне ўсё лепшае мінула. Даседжу тут адзін год да пенсіі ды і падамся ў вырай на поўдзень.
Ада зірнула на палічку, дзе паштальёнка пакідала лісты для насельнікаў інтэрната. Ад Касьяна па-ранейшаму нічога не было. Яна з сумам падумала: «Крыніца Лятаўчыкавага кахання перасохла, а мо і не было зусім нічога, толькі гульня, пісаў жа ён у лісце, што душа ягоная заснула, а мо і не прачыналася».
Пакуль Ада з Тоняю чакалі ліфт, да іх падышоў святар, разам моўчкі падняліся на сёмы паверх.
– Тоня, што гэта ў нас наспявае? – здзіўлена спытала Ада.
– А ты хіба не ведаеш? Хлопцы дапіліся да белай гарачкі. Грыша Вепраў расказваў, што да яго ў пакой прыходзіць вялізны чорны сабака, галавой ажно да столі дастае, і сядзіць усю ноч. А ён баіцца паварушыцца, каб звер яго не загрыз. Агнія запрасіла святара, каб асвяціў наш паверх, ачысціў ад усяго благога.
– Ну, няхай сабе, абы памагло, бо Ара ў мяне за сцяною таксама ноччу оргіі ўчыняе, заснуць немагчыма. Можна ж ціха піць, навошта гарлапаніць… Бывай, да заўтра, – Ада развіталася з Тоняю і накіравалася ў свой пакой.
Яна і сама заўважала, што хлопцы адурэлі ад волі – побач ні сям’і, ні родных, толькі вялізны горад са спакусамі. Напіваліся так моцна, што іншы раз покатам ляжалі на калідоры. Некаторыя, мусіць, мелі ўжо вялікі стаж п’янства, таму справа дайшла да белай гарачкі. Грышу Веправа было асабліва шкада, вельмі прыгожы і таленавіты хлопец, але аказаўся слабы духам.
У пакоі было холадна. Ацяплення яшчэ не ўключалі. Аду, як і вахцёрку-армянку, таксама даймалі раннія маскоўскія халады, яна падумала, што трэба купіць нейкі абагравальнік ці хоць гумавую грэлку, каб класці ў пасцель пад ногі, і занялася прыгатаваннем вячэры. Вырашыла насмажыць трохі бульбы, калі-нікалі можна парушыць правілы харчавання, каб пазбыцца аднастайнасці. Гэтым яна і занялася. Калі бульба была гатовая, узяла патэльню і панесла ў пакой. Як толькі вытыркнулася ў калідор, убачыла, што на яе рухаецца працэсія на чале са святаром, які апускае вялізны венік у памыйнае вядро і пырскае калідор, за ім цягнуліся гурмою насельнікі сёмага паверха. Ада спынілася, каб не пераходзіць дарогу хрэснаму ходу. Мінаючы яе, святар шчодра пырснуў з веніка на смажаную бульбу. Ада зразумела, што есці бульбу, асвечаную з памыйнага вядра, не будзе, вярнулася і выкінула жаданую вячэру ў смеццеправод. «Не заслужыла я, мабыць, гэтую ежу», – падумала Ада і вярнулася ў пакой. Папіла гарбаты пад ціхі гоман радыёпрыёмніка, прыслухалася і са здзіўленнем пачула, што інтэрв’ю бралі ў прафесара, кандыдата мастацвазнаўства, пісьменніцы Молевай Ніны Міхайлаўны, той самай, у якую падчас вучобы быў закаханы Уладзімір Караткевіч. Слынны навуковец апавядала пра расійскіх мастакоў-авангардыстаў, аб’яднаных вакол студыі «Новая рэальнасць». Ада ўважліва ўслухоўвалася ў голас жанчыны і думала: «У рамане Караткевіча жанчына, якую пакутна кахае беларускі пісьменнік, памерла ад аперацыі на сэрцы. Закаханы герой павёз сваю каханую-нябожчыцу, каб пахаваць у Беларусі. Не мог пакінуць яе ў Маскве, хоць мёртвую забраў з сабою. Такая сумная гісторыя. Праўда мастацкага твора не супадала з фактамі жыцця. Прататып персанажа Молева жыве, працуе і нават перажыла аўтара. Мабыць, грэх – пісаць пра жывога чалавека, што ён памёр, за гэта аўтара можа чакаць кара і ранні зыход. Нельга праз літаратурны твор помсціць сваім непрыяцелям, жадаць ім зла, праклінаць. Сусветны закон справядлівасці бязлітасны да пісьменнікаў, таму што ім дадзена ўплываць на чалавечыя душы».
9
Група на чале з Наінай Андрыянаўнай раніцай выехала ў Ясную Паляну. Эма адмовілася ад экскурсіі, сказала, што шмат разоў была там з мужам. Ада сядзела адна ля акна і азірала наваколле, якое мільгала за вокнамі. У аўтобусе было шумна, асабліва ззаду, дзе рэй вёў Гоша Строма. Хлопцы гулялі ў карты, часта спрачаліся, нешта выкрыквалі незразумелае, казалі, што карыстаюцца «блатной феняй».
Краявіды былі вельмі падобныя на беларускія: лясы, палі, часам маляўнічыя ўзгоркі, як пад Мінскам. Здзіўляла толькі тое, што ў такую гарачую пару, у верасні, не было відно на палях ні тэхнікі, ні людзей. Няўжо тут не садзяць бульбу? Самая пара яе капаць. На Беларусі гэтаю справаю займаюцца ледзь не да замаразкаў, а буракі дык наогул са снегам выграбаюць. Пад азіміну пара араць. А тут ніхто нават не варушыцца. У нейкім невялічкім гарадку спыніліся ля кафэ паабедаць. Там Ада ўпершыню ў жыцці пакаштавала медавуху, напой ёй вельмі спадабаўся. Закусіла славутым тульскім пернікам, таксама вельмі смачным.
Аўтобус рушыў далей. Зноў мільгалі палі, лясы ў восеньскай красе, селішчы, і раптам нехта крыкнуў:
– Ясная Паляна!
Ада і сама ўжо ўбачыла шыльду на ўзбочыне і ўзрадавалася, што нарэшце яны прыехалі, куды імкнула яе душа. За вокнамі замільгалі вясковыя хаты, мусіць, тут жылі нашчадкі тых прыгонных сялян, якія належалі графу Льву Мікалаевічу Талстому. Аўтобус спыніўся на шырокай пляцоўцы, разлічанай на вялікі паток турыстаў. Але на гэты раз тут нікога не было. Мабыць, перабудова адбіла ў людзей ахвоту да падарожжаў.
Хлопцы і дзяўчаты высыпалі з аўтобуса, мінулі браму з дзвюх белых вежаў, накрытых зялёнаю бляхай, пайшлі па бярозавай алеі міма вялікага саду, дзе людзі абіралі жаўтаватыя сакавітыя антонаўкі і складвалі ў драўляныя скрынкі. З-за дрэваў ужо быў бачны зялёны дах белага будынка, таго самага, у якім некалі жыў Талстой з вялікай сям’ёй і служкамі. Ада набліжалася да дома пісьменніка, і хваляванне ўсё больш ахоплівала яе. Яна міжвольна спытала сама ў сябе: «А калі б знакаміты пісьменнік жыў не тут, а ў іншай мясцовасці, якія былі б ягоныя кнігі? Ці ўплывае месца жыхарства на творчасць? Безумоўна ўплывае. Таму што самая нязначная з’ява можа стаць фактам паэзіі ці празаічнай замалёўкі. Але трэба, каб тая ці іншая падзея закранула душу, неяк адбілася ў свядомасці, сфарміравалася ў пачуццё і выявілася думкаю, якую можна было б запісаць на паперы».
Пакуль Наіна Андрыянаўна хадзіла ў адміністрацыю і дамаўлялася, каб курсантам дазволілі прайсціся па пакоях, яе выхаванцы некалькі разоў абышлі вакол двухпавярховага будынка, прыглядаючыся да дэталяў даху, падваконняў, аздобы сцен, адкрытай веранды з ажурнаю агароджаю і вельмі простага ганку. У сярэдзіне жытло графа Талстога таксама выглядала даволі бедна. Простыя посцілкі на ложках, звычайныя шторы, старая і сцёртая падлога, белы настольнік на абедзенным стале. Ада разумела, што гэтыя сціплыя рэчы тым і каштоўныя, што да іх дакраналіся рукі вялікага пісьменніка. Столькі часу і падзей прайшло: рэвалюцыя, дзве вайны, нават Чарнобыль не мінуў гэтыя мясціны, а жытло працягвае існаваць, дазваляючы наведвальнікам з дапамогаю ўяўлення пранікнуць у мінулае, аддзеленае мноствам гадоў ад цяперашняга часу.
Экскурсавод вельмі будзённа правяла кароткую экскурсію, спынілася на асобных датах і падзеях з жыцця вялікага пісьменніка, пра якія прысутныя добра ведалі і самі са школьных ды ўніверсітэцкіх праграм. Нараджэнне, страта маці, вучоба ва ўніверсітэце, служба ў войску на Каўказе, удзел у Крымскай вайне, вандроўка па Еўропе пасля адстаўкі, жаніцьба, педагагічная дзейнасць, творчасць. Вось так, жыццё вялікага чалавека можна змясціць у некалькі энцыклапедычных радкоў, толькі ніхто не ведае, што ён адчуваў, як успрымаў жыццё, як рэагаваў на тыя ці іншыя падзеі. Пра гэта можна меркаваць толькі па творах і артыкулах. А рэакцыя ў Талстога на падзеі ў Расіі была заўсёды бурная, на жаль, адна асоба не можа павярнуць кола гісторыі ў пэўны бок без дапамогі войска, без хіжасці і хітрасці. На такія заганныя метады Талстой не быў здатны, ён заставаўся пісьменнікам, які назіраў і вывучаў жыццё, рабіў высновы з надзеяю, што яны спатрэбяцца грамадству. У канцы аповеду экскурсавод дазволіла задаць пытанні.
– Скажыце, калі ласка, чаму Леў Мікалаевіч, пражыўшы жыццё з Соф’яй Андрэеўнай, раптам ва ўсім расчараваўся і пайшоў з дамоўкі, – спытала Ада.
– Думаю, крызіс сталага ўзросту. Здарылася так, што пад канец жыцця ён разышоўся ў поглядах з жонкаю. Жылі яны побач, але паасобку. Гэта, мусіць, вельмі прыгнятала Льва Мікалаевіча. Не магу сказаць, што перажываў Талстой у той час, пра гэта лепш было б спытаць у яго. Зараз мы пойдзем на магілу, можа, там зразумееце нешта з таго, што пакуль застаецца для нас таямніцай.
Экскурсанты даўгавата ішлі па зялёнай, чамусьці некранутай восенню дарожцы сярод прысад, мо з-за таго, што тут было ўдосталь вільгаці, якою было перанасычана паветра. Нарэшце спыніліся на зялёнай палянцы з сакавітай травой, пасярод якой неяк наўскасяк, мабыць, зарыентаваеная на захад-усход ляжала магіла без ніякага помніка, даволі вялікая, зялёная ад травы. За ёю цягнуўся яр і вялікі стары лес. Такое ціхае месца выбраў сабе вялікі пісьменнік для вечнага спачыну, а для вечнай славы ён шмат працаваў на працягу ўсяго жыцця.
Хлопцы і дзяўчаты моўчкі стаялі вакол магілы. Наіна Андрыянаўна ўсклала загадзя падрыхтаваныя кветкі на тое месца, дзе маглі быць грудзі нябожчыка. Ніхто не спяшаў, хацелася стаяць тут як мага даўжэй, удыхаць гэтае паветра, каб панесці ўспаміны з сабою. Экскурсавод расказала пра чароўную «зялёную палачку», у якую не толькі ў маленстве, але і пасля, у сталым узросце, верыў Леў Мікалаевіч. Недзе яна тут закапаная на ўскрайку яра. Калі б яе ўдалося знайсці, усе людзі зажылі б шчасліва. Пакуль яе ніхто не знайшоў. Хаця Леў Мікалаевіч усё ж адкрыў формулу шчасця, якую можна прыкладна зразумець так: усе шчаслівыя перажываюць шчасце аднолькава, а няшчасце ў кожнага сваё. Экскурсавод завяршыла аповед і павяла курсантаў у зваротных шлях.