- -
- 100%
- +
– Алё-алё… Сцеша, што ў нас чуваць?
Станіслава памалу аднавіла кантроль над дыханнем. Вочы высахлі. Нос болей не хлюпаў. Яна адкінулася на сядзенні.
– Не, сёння не заеду, не паспею. Перанясі на заўтра. Марцін паедзе ў Выдруйск, а я зранку ў СК. Па абедзе ў СІЗА. Пасля пяці хай набірае. Не, скажы, што сёння ніяк. Адбой, – Кірыл ткнуў у экран айфона.
– Кірыл Аляксандравіч, калі я вас затрымліваю, не трэба мяне падвозіць, – Станіслава пазірала ў люстэрка задняга віду. – Даеду са…
Батман ударыў па тармазах, машына тузанулася, і яна адчула пякучы боль у носе, а на вуснах – абіўку сядзення. Заціснула пальцамі ноздры.
– Тваю ма…каўку! Ну проста пад колы! – Батман азірнуўся на чырвоны “форд”, што адчайна віскнуў тармазамі. Не, паміж іхнымі машынамі было не менш за паўметра. Тады што за штуршок? Кірыл вывернуў галаву ў яе бок.
– Стася, вы ў парадку? Пакажыцеся.
– Нармальна, – гаварыць даводзілася ў нос.
– Я сур’ёзна. Сядзьце, каб я вас бачыў, – запатрабаваў адвакат.
– Усё нармальна, – Станька рызыкнула прыбраць з носа пальцы, але – на ўсялякі выпадак – падставіла далонь пад падбароддзе. Кроў не капала.
– Не зламалі? – удакладніў Батман.
– Не, – Станька правяла тылам рукі пад носам. Крывавых пісягаў не было.
– А спераду былі б прышпіленыя, – з дакорам мовіў ён.
Станька тузанула пас, гучна шчоўкнуў фіксатар.
– Добра, як сабе хочаце, – здаўся Батман.
Калі не крануць плячо,
бо размежаваныя лёсы нейтральнай палосай…
Калі ў цішы не пачуць ніякага рэха –
ні плачу, ні смеху…
Калі не адчуць смак сяброўскага жарта,
месца ў памяці вартага…
Застаецца нямым сэрца.
Ніхто не павінны ахвяраваць сваёю рутынай.
Прыдумляю сабе ўспаміны – пахі, дотыкі, відзяжы.
Звінавацце мяне ў крадзяжы чужога сюжэта.
Абрыньце мае міражы.
Мае сляды не вартыя вашага свету.
Каляны вецер угрызаўся ў пальцы нават праз кішэню. А палове на сёмую на прыпынку віраваў чалавечы натоўп, перамешваўся ў дробную салату з жоўтымі аўтобусамі, белымі маршруткамі, легкавікамі ўсіх колераў і фасонаў.
Станька прытулілася плячом да бетоннага слупа. Над вухам люта шапацела абъява “куплю кватэру”, амаль сарваная ветрам. Дамаўляліся на без чвэрці сем.
Яна вярнулася ў падземны пераход, да соннай маладзіцы ля кававага аўтамата.
– Два амерыкана.
Гарачая кава акурат змясцілася ў кішэні, але рукі цяпер маглі быць толькі звонку. Далоні зберагалі цяпло, а тыльны бок рук стыў пад ледзяным дажджом.
Не, не варта было разлічваць на пунктуальнасць Батмана. Зранку гэта ніколі не працавала.
“Добры дзень. Я на месцы,”– дачакаўшыся на гадзінніку 6-44, Станька націснула “адаслаць”.
“Добры. Праз 10 хвілін буду”, – адгукнуўся тэлефон. Бедная кава…
Чорны джып праляцеў ля самага ходніка, змусіўшы Станьку адскочыць ад бруднай хвалі. Позна. Джынсы ад правага калена да халявы бота пацямнелі няроўнымі кроплямі. Добра, што кава ў кішэнях ацалела, наколькі можна было давяраць здранцвелым пальцам.
Яна зноў падперла слуп, узіраючыся ў ноч. 10 хвілін прамінулі. Прапаўзлі яшчэ пяць. Віднела, і яна згледзела машыну Батмана метраў за пяцьдзясят, сэрца грукнула і затрапятала, разганяючы кроў.
“Мэрсэдэс” акуратна прыткнуўся побач, яна рынулася насустрач цяплу ўтульнага салона.
– Добры дзень, – Станька ўціснулася на першае сядзенне, ледзь не расплюхаўшы каву, таропка прычыніла дзверы, ашчаджаючы такое жаданае цяпло.
– Калі кожны раз так ляпаць дзвярыма, пасля адной з паездак іх давядзецца памяняць, – ледзяным тонам павітаўся Батман.
Станька замёрла, тады асцярожна прыстроіла ў ямку падшкляніка каву і прашаптала, адвярнуўшы твар:
– Даруйце…
Затор застаўся ззаду. Падняўшыся на кальцавую, кіроўцы літаральна з ланцуга зрываліся ў спробе дагнаць час. Залатыя змеі сустрэчных палос нячутна слізгалі паўз невысокі паркан. Станіслава стомлена пазірала ў чорна-зіхоткую цемру. Вуха злавіла кароткі сігнал. Яшчэ адзін, бліжэй… Вось побач… На бляклым фоне вечаровага неба мільгануў і знік сцяг на высокім тронку.
– Кепскае месца, бегчы няма куды, – задуменна прамовіў Батман. – Нельга доўга стаяць.
– Да пяці хвілін, – адказала яна. – Максімум сем – і пад’едуць хлопцы, якія маюць рацыю.
– Стаім пяць хвілін і сыходзім.
Кір сунуў Станьцы партрэт Журналіста, Лізе Генерала, Сержу Палітыка, Мішку фатаапарат. Сабе пакінуў Бізнэсоўца і так сама стаў у шэраг. Мішка нырцануў у падземны пераход: паспрабуе зняць агульны план з супрацьлеглага ходніка, тады вернецца па буйныя планы.
Тагачасцы беглі паўз іх, нават не касавурачы вачэй. У кожнага свой клопат. Гэтым стаяць, тым бегчы. З усяго горада акцыя іхная цікавая хіба аленінскаму РАУСу, а майскаму РАУСу нецікавая, бо стаяць на аленінскім баку.
– Стаяць яны, сярод бела дня! На працу ўладкуйцеся! Лайдакі! Вас краіна корміць, а вы, дармаеды… – жанчынка перадпенсійнага веку патрэсла кулаком перад Станьчыным носам.
– Вы яшчэ да мяне зубы прыйдзеце выдаляць, – памяркоўна пазяхнула Станька.
– Я на вас міліцыю выклічу! – ярылася кабета, і нейкі дзед з ліку былых супрацоўнікаў – пінжак з ордэнскімі планкамі цялепаўся на ім бы на калу – падтакваў ёй, стукаючы кавенькай па накрыўцы люка.
– Дзве хвіліны, – падаў голас Кір. Станька гатовая была закласціся, што стаяць яны не 180 секунд, а сама мала чвэрць гадзіны.
– На вас араць можна, ад’елі морды! – кабета ўпёрла рукі ў бакі і галасіла ўсмак, хоць міжвольныя гледачы старанна адводзілі вочы, а абъекты яе атакі мелі зусім іншы клопат.
– Машына паехала на разварот, – мімаходзь кінуў Кіру Мішка і знік у арцы, фатаапарата ў руках ужо не было.
Станька насунула кепку, Кір накрыўся каптуром, Ліза вывернула куртку і павязала рукавамі вакол таліі. Партрэты зніклі пад байкамі, і насустрач ім раскрыў абдымкі гасцінны паўзмрок падземкі…
– Алё-алё… Не, Міхал, сёння не змог. Заўтра па абедзе заходжу да Машы. Што перадаць? Зразумеў. Перадам абавязкова. Не, гэтага ў перадачу не возьмуць. Не, лекі толькі па заяве. Рэцэпты лепей прыкласці да заявы. Так.
Так, не хвалюйцеся. Маша малайчына, усё разумее. Заўтра ўвечары выйду ад яе – адразу набяру. Да сувязі.
Тусклая чырвань перад шклом успыхнула ярчэй.
– Падобна, прыехалі, – канстатаваў Батман. – Наперадзе аварыя. Падвёз дык падвёз… Але ж пехатой хутчэй не будзе…
Станіслава нічога не адказала. Проста за правым шклом стракацеў пасёлак, у цэнтры якога пузаціўся белы храмавы комплекс, за пасёлкам цямнеў лес, а над вершалінамі дрэў уразаліся ў ружовую палосу навершы бетонных гмахаў. Галюнкі.
– Алё-алё… Добры, Мілана. Так, я быў у спецаддзеле. Павал пастаўлены на прафілактычны ўлік як схільны да суіцыду. Не, гэта не значыць, што ён схільны да суіцыду. І не значыць, што ён спрабаваў сябе пашкодзіць. І ніколі не пагражаў. Так, ён у парадку. Іх цяпер усіх амаль адразу бяруць на ўлік. Я гаварыў з псіхолагам, той падкрэсліў, што рэдка бачыць настолькі ўраўнаважаных і адэкватных арыштантаў. У практычным сэнсе гэта значыць, што Павал абавязаны насіць нашыўку. І пераводзяць яго заўсёды ў кайданках. І да мяне яго прыводзяць у кайданках, у кабінеце здымаюць. А калі забіраюць – надзяваюць. А потым, у камеры, здымаюць, – цярпліва тлумачыў па тэлефоне Батман. – Не, на гэта ніяк не паўплываеш. У іх інструкцыя. Падчас этапа не здымаюць. Так, з рэчамі складана. Звычайна таварышы-калегі дапамогуць… Давайце дачакаемся рашэння. Набяру, як толькі ад яго выйду. Усяго добрага. Алё-алё… Роз? Як у цябе? Адужваеш? Малайчына. Роз, заўтра трэба з’ездзіць у Галюнкі, туды сёння мелі перавесці Вашторнага, адведай яго. Не, я не змагу. Выклікае следчы па Мудраву, будзе прад’яўляць. Не, не паехаў. Стаю ў заторы ля Галюнкоў. Так, каб на гадзіну раней, то выйшаў бы, адведаў Вашторнага ды поўз бы далей з хуткасцю 3 кіламетры за гадзіну. Лякуйся. Да заўтра.
Чыгунка на Чакановічы засталася ззаду. Станіслава пільна ўзіралася ў прыцемкі, дзе шмыгалі з эстакады пад мост легкавікі скаладромцаў. Проста за “Дзёнэркінгам” пракладзены пешаходны тунэль у бок мікрараёна…
– Алё… Марціне, ты ўжо не ў каранціне? Ды не крыўдуй. Што там з банкетам, ці ты вызначыўся з месцам? “Брыганціна”? Ніводнага разу не чуў. Дзе гэта?
– Тагачаскае мора, – падала голас Зубрэвіч. Ведала яна і “Брыганціну”, і яе гаспадара. Добры чалавек, родны дзядзька адасява сябрука. Варта паспрыяць. – Пару кіламетраў за Чакановічы, паварот на Храпавічы. Добрае месца. Побач з яхтклубам. Можна і на яхце пакатацца за невялікія грошы.
Батман азірнуўся на яе, падміргнуў і падняў вялікі палец.
– Згода, Марціне, плывем на “Брыганціне”. Замаўляй яхту на тры гадзіны. Падарожны вецер табе ў спіну. Не, карту мне слаць не трэба, ужо ведаю, дзе гэта. Добрыя людзі падказалі. Адбой. Загаворыш з імі і вершамі, – ізноў скасавурыўшыся на Станьку, нібыта выбачыўся ён. Абмінуў шэры ад пылу “фальксваген” і прыбавіў ходу. Стрэлка паказала 125. – Стась, ці палепшала крыху?
Станіслава прамаўчала. Не, не палепшала.
Справа ўдалечыні паказаліся мажныя градзірні чацвертай ЦЭЦ. Злева пралятала Мухарава. Мухарава? Станіслава бязгучна аскалілася, пакруціла галавой. Халера ясная, яны прагапілі паварот. Ат, трыццаць тры бяды…
– Стася, што ж вы маўчыце! Я ж завёз вас ледзь не на іншы бок горада! – усклікнуў Батман.
– Нічога страшнага, аўтобусы ходзяць, – стрымана адказала яна. – Дабяруся. Выпусціце, дзе вам дазволена стаць…
– Не, гэта я вінаваты, вы не мусіце мерзнуць праз маю няўважлівасць. Недзе развярнуся, – вырашыў ён.
– Як на другі бок завезлі, то мо колам праехаць бліжэй? – нявесела пажартавала яна.
– Можа, і так, – імгненна пагадзіўся ён. – У кожным разе давядзецца заправіцца. Алё-алё… Маргарыта? Алё-алё…
Мільганула разваротнае колца пятай Калінаўкі. Кірыл азірнуўся чарговы раз, і Станіслава ссунулася ўправа, каб не выкручваў галаву, а сама пазірала ў левае шкло на тыпавыя бетонныя дзевяціпавярховікі, што на вачох праступалі з цемры, разгараліся новымі залатымі квадратамі.
– Кір недзе тут жыў? – спытаў Батман.
– Так. Тут напачатку года ўсё і пачалося. Не памятаю ўжо, хто пазваніў сказаць пра затрыманне Кіра. Прылятаю, заходжу ў агульны “кішэнь” – тры чвэрці дзверы ў кватэру на петлях, а тая чвэрць, дзе замок – грудай трэсак і метала на падлозе. Прайшлі скрозь сцены, штукары. Не было б мяне – па сёння разламаная дзверына гайдалася б ад кожнага ветрыка. Заходзь, хто пажадаў, бяры, што ўпадабаў. Балазе ўсё кучай на падлозе. Ну і гаўна сабачага яны там знайшлі, толькі што стырылі вінчэстар з хатнім відэаархівам, – Станіслава тужліва перасмыкнула вуснамі. – З такой нагоды нарэшце металёвыя дзверы паставіла.
Яна не затрымалася ў прыбіральні, выйшла, абціраючы рукі і твар насоўкай. Працерла акуляры. Хто не робіць макіяж, у таго ён не плыве. Батман чакаў ля машыны. Запабягаючы, расчыніў дзверку спераду.
– Тут будзе зручней, я адсунуў крэсла назад.
– Дзякую.
Кірыл уладкаваўся побач і працягнуў Станіславе марожанае. Яна прыўзняла руку, змучана пасміхнулася, але падвісла.
– А сабе?
– Там было адно, – не паспеў схлусіць ён і запознена спахапіўся: – Ды я не хачу. Бярыце.
– Так нясмачна, – Станіслава прыбрала руку. – Пагатоў, я-та з дому, а вы зранку наогул ці елі. Вось і есце.
– Дык неўзабаве дома буду, – заўпарціўся Кірыл. – Бярыце.
– Добра. Я з марожкам іду на метро, а вы як найхутчэй едзеце вячэраць, – Станіслава рашуча паправіла каўнер. Кірыл пасміхнуўся і даў газу. Калінаўка мільганула леваруч.
– Ясна, – зазначыла Станіслава. Пашапацела ў сумцы, дэманстратыўна выцягнула з фольгі аднаразовае лязо скальпеля, і, не раскрываючы ўпакоўкі, аддзяліла верхнюю палову эскімо. – Гэта мне, гэта – вам. Трымайце, бо пацячэ.
– Шакаладныя плямы мне строй не ўпрыгожаць, – Кірыл перахапіў марожка. – Але ж чаго толькі ў вас пры сабе няма…
– І таго няма, і гэтага няма, – кіўнула Станіслава. – Ані грошай, ані сумлення.
– Для таго, чаго няма, заплечнік выглядае даволі цяжкім.
– Затое ветрам не зносіць. І ў спіну не халодна.
– А ўзімку сумёт не намятае? – абсмактаўшы палачку, Кірыл сунуў фольгавы пачак у кішэнь на дзверы.
– Бывае… Не люблю зіму. Цяпер дык наогул…
– Зіма добрая ўжо тым, што з яе класна вырвацца на цёплае мора. Хоць на тыдзень які. Вяртаешся іншым чалавекам…
Мора! Тры дні таму вярнуўся з адпачынку, ды апроч загару і памяці ўжо ніякай не засталося. Кірыл выбраўся з машыны на брукаваны схіл. Зноў, як на тое, месца для паркоўкі засталося хіба пад вокнамі пільнага грамадзяніна. Летась штораз, як ставіў тут свой немаленькі дагледжаны «мэрс», перазвоньвалі з ДАІ, прасілі прыбраць аўтамабіль. Кірыл пакорліва выбачаўся, але, як многія беларусы, выпраўляцца не бег: з’язджаў толькі тады, калі заканчваў працоўны дзень, ці калі ляцеў у СІЗА. Дзякаваць богу, у менш снежныя часы парковачных месцаў было паболей, а машыны хоць бы за пяць метраў ад акна ў пільнага грамадзяніна абурэння не выклікалі. Кірыл нават думаў быў пагаварыць з грамадзянінам. Але той на час прыцішыўся – мо хварэў ці з’ехаў – і Батман вырашыў пакінуць як ёсць. Але штораз, як мусіў ставіць сваю ластаўку тут, нэрвова касавурыўся на забраныя каванымі кратамі вокны белага двухпавярховіка.
Рука з партфелем амаль адразу пачала мерзнуць. А тут абудзіўся тэлефон, і праз трыццаць метраў акалелі абедзьве рукі й вуха. Узбегшы металічнымі прыступкамі да ўвахода, Батман ледзьве трапіў электронным ключом у дзверы. Трэба ўсё ж падключыць відэафон і памалу арыентаваць кліентаў на новы ўваход…
– Добры дзень, – Кірыл з неабходнай доляй ветлівасці, але без асаблівай прыязнасці кіўнуў жанчыне, што чакала на канапе.
Першы погляд адзначыў стомлены ўжо а дзявятай раніцы твар без касметыкі, гладка сабраныя рэдкія тлустыя валасы, насцярожаныя прыпухлыя вочы, мо шэрыя, а мо зялёныя, злёгку перакрыўлены на правы бок рот. Пра яе прафесійную прыналежнасць сказаць было цяжка. Мешкаватая вопратка падлетка пасавала б кур’еру ці расклейшчыку. Абдзёртыя насы ботаў, аблуплены ля замкоў заплечнік са штучнай скуры добрых ганарараў не абяцалі. Зноў будзе, як тады – працы свет, грошай вобмаль. А Міканор казаў, інтэлігентная дама… Штопраўда, па тэлефоне – не на яве. Зірнеш – і шмат што зразумела. Зараз пачне распавядаць, які яе хлопчык цудоўны і паслухмяны, як яна адна яго гадавала, а гэта ўсё школа ды вуліца… Так, тут будзе 328-ая. Чарговы малалетка зрабіў “закладку”, бо хацеў падзарабіць, а маці не давала грошай на айфон… бо зарабляць не ўмее, асабістае жыццё не склалася, муж-алкаш… Што там казаў Міканор… Як толькі такія людзі выходзяць на B&P? Іх месца ў кансультацыях, іх паратунак – 46-ты артыкул пра бясплатных адвакатаў…
– Добры дзень, – адказала яна і, спахапіўшыся, што сутуліцца, расправіла плечы. Рука з коратка абрэзанымі пазногцямі сціснула худы заплечнік. Голас ніякі, нізкаваты, але без асаблівай глыбіні. Увасобленая нежаноцкасць. Але кожнаму сваё.
– Жадаеце кавы? – прапанаваў ён.
– Ужо, – яна запланавана пасміхнулася. – Вашая памочніца мяне пачаставала. Кава ў вас добрая, дзякуй.
Так, Сцеша ніколі не забывалася прапанаваць наведнікам каву, балазе кавамашына стаяла побач з яе сталом. Кожны, хто ўпершыню пераступіў парог офіса – патэнцыйны кліент, не цяпер – дык пасля, і рэпутацыя пачынаецца з вось такіх дробязяў – ветлівасці, кавы…
– Тады прашу праходіць, – Кірыл расчыніў дзверы ў кабінет, прайшоў на сваё месца начале т-падобнага чорнага стала, размясціўся ў высокім скураным крэсле.
Крэслы для наведнікаў – ці падначаленых, калі яны працавалі разам – былі крыху сціплейшыя. Кірыл глядзеў, як садзіцца госця. Адсунула крэсла леваруч (заплечнік звыкла сцішыўся недзе пад сталом), апусцілася не на краёчак, але і не разваліўшыся, села трывала, рассунуўшы сцёгны па шырыні плеч, не падбіраючы пад сябе падэшвы. Павярнулася ў кут літары Т, тварам да яго, абаперлася лакцямі на стол. Маленькія далоні, без грубых мазалёў, без пярсцёнка, падабраныя пальцы не мнуцца, не барабаняць, не круцяць ручку – ляжаць. Увасоблены ўпэўнены спакой, ці… Эмоцыі на паўзе, так найлепей можна сказаць пра яе. Асцярожнасць? Зацкаванасць? Дэпрэсія? Відаць, першае. Бо глядзіць у твар, таксама вывучае.
– Расказвайце, – падахвоціў Кірыл.
– Мой брат Кірыл Зубрэвіч (імя і прозвішча яму нічога не сказалі, што не здзівіла) затрыманы па крымінальным артыкуле 293, частка 2. Я шукаю адваката, бо тыя адвакаты, на каго ён разлічваў, занятыя… ці не могуць узяцца. Параілі звярнуцца да вас, – яна казала роўна, не спатыкаючыся. – Ці маеце вы досвед працы з такой катэгорыяй спраў? Ці можаце ўзяцца?
Кірыл адзначыў, што госця – кліенткай яна стане хіба пасля падпісання папер, пакуль яшчэ госця – гатовая і да згоды, і да адмовы, і, відаць, адмоў пачула не адну, бо глядзела сувора. І за пытаннем пра досвед удзелу ў пэўных справах, відавочна, стаяла больш канкрэтнае: ці не баіцца ён, ці гатовы ён да ціску, ці не кіне справу на паўдарозе? Што ж, адкуль ёй ведаць, што Кірыл Батман, празваны калегамі Бэтманам, знаны ў тагачаскай калегіі адвакат, можна сказаць, нашчадак юрыдычнай дынастыі, яшчэ ніколі не збаяўся непрыемнасцяў і не адступіў! Хоць часы цяпер іншыя. Дысцыплінарка раз, другі – і бывай, ліцэнзія. Але адкуль ёй гэта ведаць. Глядзіць на яго, гаспадара стылёвага чорна-белага офіса ў самым цэнтры сталіцы, у пары сотняў метраў ад нулявога слупа. Бачыць касцюм, гадзіннік. Відаць, у маладога адваката ўсё ў жыцці ўдалося, відаць, кліенты ягоныя – не сінюгі, не аматары пабытовага гвалту, не гора-шчыпачы, а дыпламаты, бізнэсоўцы, чыноўнікі высокага ранга. І рызыкаваць усім гэтым дзеля адмарозка з няпэўным мінулым і пэўнай будучыняй яму рацыі няма.
– Такі досвед ёсць, – вытрымаўшы паўзу, прамовіў ён. – Мы бярэмся за самыя розныя справы. Скажыце, калі яго затрымалі?
– Тры дні таму.
– А пра артыкул адкуль ведаеце?
– Была дзяжурная адвакатка.
– А чаму з ёй не плануеце далей працягваць?
– Яна сказала, што раней не ўдзельнічала ў падобных працэсах. Таму спрабуем знайсці дасведчанага ў гэтым плане адваката, – без затрымкі адказала наведніца.
Кірыл не настойваў. Тое, што пра невядомую калегу яму не сказалі нічога благога, яго задавальняла. Да таго ж, сам стыль размовы – роўны і без пауз, як размінка ў пінг-понгу – дазваляў думаць, што госця не маніць, адказвае як ёсць. Агулам, першае ўражанне крыху згладзілася.
– Да яго нечакана прыйшлі?
Ад адказу залежала шмат, і ён уважліва глядзеў на жанчыну. Пачне расказваць, што выпадкова, пераконваць, што брат ні пры чым – значыць, альбо наіўная, альбо ўсё ж няшчырая.
– У яго адміністратыўных затрыманняў на паўтара года, калі не болей. Гэта для яго было пытанне часу, – тым самым тонам – не тое, каб пазбаўленым эмоцый, але абсалютна спакойным – адгукнулася яна, падмацаваўшы словы кіўком. Твар, да таго насцярожана-статычны, ледзь прыкметна ажывіўся, апушчаны кут рота прыўзняўся.
– Значыць, ён чакаў, што па яго прыйдуць, – удакладніў Кірыл. Яна зноў кіўнула.
Усё паўстала на месцы: яна, як кажуць, “у тэме”, ведае пра цяжкія прысуды, працавала, відаць, і з адвакатамі, адміністратыўныя суды, перадачы…
– Чакаў. Хаваўся па сябрах некалькі месяцаў. Яго апошняга з іхнай кумпаніі ўзялі, астатніх пабралі яшчэ ўвосень. Дзяжурная адвакатка сказала, там іх шмат у адной справе, вялікі працэс.
Ці тое ён удала падладзіўся, ці тое яна паверыла, што знайшла адваката, але размова ажывілася. Самы час быў пусціць пробны шар: ці разумее, што гэтым разам усё будзе не так, як заўжды? Кірыл настроіўся на спагадлівы тон.
– Вы мусіце разумець, што дамоў мы, хутчэй за ўсё, не паедзем. Ні праз трое сутак, ні праз дзесяць ніхто нас з СІЗА не адпусціць. Будуць падаўжаць тэрмін утрымання пад вартай да бясконцасці, колькі ім трэба. І пасля прысуда нас з залі суда ніхто не адпусціць, найхутчэй мы паедзем у калонію. Вы мусіце гэта цвёрда разумець.
– Так, гэта відавочна, – лёгка пагадзілася яна.
– Вы кажаце пра тое, як пра нейкую рутыну! – Кірыл прамовіў гэта крыху больш эмацыйна, чым разлічваў. Госця нявесела пасміхнулася, і ён зразумеў: так, рутына. Не будзе – прынамсі, сёння – слёз, заламаных у адчаі рук, просьбаў уратаваць і дапамагчы. Брат сеў – брату трэба адвакат. Знаёмы адвакат не можа – трэба іншы адвакат. Гэты адвакат бярэцца – у брата будзе гэты адвакат. Што ж, відаць, і ад яго не асабліва шмат чакаюць. Значыць, бурыць ілюзіі не давядзецца. Ужо лягчэй. Хоць і не надта прыемна, чаго хаваць. У іншых умовах ён бы рэальна мог дапамагчы, а то і выратаваць – не ад судзімасці, дык ад турмы. І неаднойчы ратаваў, і дамагаўся малых тэрмінаў… Ды не ў гэтым годзе. І не па тым артыкуле.
– Не буду хаваць, роля адваката ў такіх працэсах – гэта, найхутчэй, проста сувязь і падтрымка. Да таго ж, мы будзем пісаць скаргі, хадайніцтвы і ўсё іншае, каб зафіксаваць усе магчымыя парушэнні на будучыню, –Кірыл казаў хутка, яна ківала з той самай ветлівай, але невясёлай усмешкай. І ён вырашыў абазначыць сябе, як заўсёды рабіў напачатку працы, калі меркаваў уступіць у справу.
– Я абараняю самых розных людзей і лічу, што кожны чалавек мае права на абарону ягоных правоў. Забойца, наркаман ці педафіл – у кожнага ёсць правы. І я буду сачыць, каб гэтыя правы не парушаліся. Я магу ведаць, што чалавек на ўсе 100 вінаваты – я ўсё адно буду яго абараняць. Можа быць, я больш за ўсіх буду ненавідзець гэтага педафіла – але, раз узяўся за справу, я мушу яго абараняць.
– Такая прафесія, – пагадзілася яна, не асабліва ўражаная ягоным спічам. “Што ж у цябе за прафесія?” – падумаў ён з лёгкім раздражненнем, але не спытаў. І перайшоў да апошняга пункту. Такія словы чуў ад яго не кожны. Але тут Кірыл палічыў патрэбным гэта сказаць. Можа, таму, што ў яго не спыталі пра кошты. Можа, каб разагнаць сумненні, што ён не “саскочыць” у крытычны момант. А можа, зачапіла “такая прафесія”.
– Што датычыць аплаты. Шмат хто з адвакатаў працуе толькі на ўмове перадаплаты. Скончыліся заплачаныя грошы – давайце да пабачэння. Заплацілі яшчэ – ізноўку добры дзень, я зноў ваш адвакат! Мы так не робім. Мы кліентаў не кідаем. Даводзім справу. Я не лічу грошы самым галоўным. Не атрымалася заплаціць – плаціце, калі зможаце. А цяпер хадземце, сакратарка падрыхтуе пагадненне. Да пабачэння.
– Дзякую. Да пабачэння, – адказала яна.
80% за тое, што болей яны не пабачацца. Не ягоны тып кліента. Але, магчыма, усё ж будуць працаваць. Калі не спужаецца коштаў…
Коштаў яна не спужалася. І цяпер ён быў гэтаму рады. Значыць, правільна павёў гаворку тады. Слушнай лініі трымаўся й пасля. А сёння… ён не мог загадзя ведаць пра Дарыну, і Стасніславе хопіць логікі гэта прызнаць. Проста даць ёй час. Нічога страшнага не мела адбыцца й не адбылося. Адміністрацыя школы пабачыла, што Зубрэвіч – не лёгкая здабыча, моўчкі пагаджацца не будзе. Дый ён усё ж сказаў пару фраз напрыканцы. Маюць ведаць: з юрыдычнага боку ў Станіславы моцная пазіцыя. Яшчэ б зараз падшукаць колькі цёплых словаў…
Ад маленства ды ў сталасць –
з табою спакон.
Гэта кампліментарнасць
ва ўсім, да мікрон.
Ты не звоніш не ў час,
не гукнеш неўпатрап,
твой ніводзін адказ
не спрацуе бы кляп.
Я тлумачу – ты чуеш, я плачу – маўчыш,
я нуджуся – пацвеліш, ды ў меру, не звыш.
Я бядую – парадзіш, баюся – ты тут,
і рука на плячы – шчыт ад болю й пакут.
Ёсць каму пасміхнуцца,
далонь працягнуць,
у журбе прыхінуцца –
і праўду пачуць,
што мінецца і гора,
і радасць за ім,
што не вернецца ўчора,
і заўтра – як дым,
як удача ні мроіцца,
як ні жадай,
што не робіш – не зробіцца,
кінуў – бывай.
Што па моцы крыжы нам,
цяжар па плячы,
ды заводзяць спружыны
не нашы ключы.
Нам па схіле віецца
серпантынам карніз,
абіраць застаецца –
уверх або ўніз.
А ці выбар сумлення,
ці зноў-такі страх…
Ты са мною. Збавенне
ва ўяўных сябрах…
– Алё-алё… Сцеша, не, яшчэ не дома. Еду. Перазвані яму сама, прызнач сустрэчу на пазаўтра на дзевяць на офісе. Не буду яму зараз званіць, няма часу. Давай, да заўтра, – Кірыл ізноў перастроіўся і збавіў ход. – Стася, што чуваць ад Кіра? Піша, звоніць?
– Піша, звоніць, думаю шаснаццатага пае…






