Название книги:

Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925)

Автор:
Гіпаліт Корвін-Мілеўскі
Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925)

000

ОтложитьЧитал

Шрифт:
-100%+

Переводчик Лаўрэш Леанід

© Гіпаліт Корвін-Мілеўскі, 2025

© Лаўрэш Леанід, перевод, 2025

ISBN 978-5-0065-4589-2

Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero

Ад перакладчыка і каментатара ўспамінаў

Цікавыя ўспаміны Гіпаліта Корвін-Мілеўскага (1848—1932)1 маюць аб'ём у 600 старонак. Большая іх частка прысвечаная жыццю аўтара па-за межамі сучаснай Беларусі, у значнай ступені ён з'яўляўся еўрапейцам прафранцузскай арыентацыі. У Францыі Корвін-Мілеўскі атрымаў сярэднюю і вышэйшую (да ступені доктара) адукацыю, меў тут шмат сяброў і знаёмых, добра ведаў гісторыю, культуру і палітыку гэтай дзяржавы, і па яго словах, пісаў па-французску лепш, чым па-польску (мне здаецца, у яго дастаткова своеасаблівая, не віленская, польская мова, але не бяруся рабіць ацэнкі ў гэтай справе). Амаль што ўсё сваё жыццё, ён кожны год па 3 – 4 месяца жыў у Еўропе, займаўся палітыкай, пісаў, але пры гэтым жаліўся на лёс буйнога абшарніка. Заўважу, што сваю вялікую гаспадарку Корвін-Мілеўскі прывёў ва ўзорны стан, і менавіта гэта дазваляла яму жыць тым жыццём, якім ён жадаў жыць, час ад часу пісаць і друкаваць публіцыстыку, займацца грамадзянскай дзейнасцю.

Але ўсё ж, у значнай ступені, ён быў спадчынным вільнянінам, меў багатую кватэру у фешэнэбельнай частцы горада з вялікай бібліятэкай, напоўненай, па яго словах, творамі мастацтва. Вялікая бібліятэка мелася ў Корвін-Мілеўскага і ў Лаздунах, якія ён, здаецца, разглядаў толькі як месца сваёй «цяжкай» працы, неабходнай, каб весці звычайны для яго лад жыцця.

На працягу стагоддзяў Лаздуны ўваходзілі ў склад вялізных уладанняў князёў Радзвілаў і здаваліся імі ў арэнду (заставу). Апошні нясвіжскі ардынат Дамінік Радзівіл перадаў гэты маёнтак на вечныя часы Юзафу Валадковічу і яго жонцы Караліне з Бжастоўскіх. У 1810 г. Лаздуны набыў Самуэль Воўк-Ланеўскі, ён перадаў гэту маёмасць сваёй унучцы Вераніцы, мужам якой быў Аскар, а сынам Гіпаліт Корвін-Мілеўскія. Аўтар успамінаў цікава расказвае пры свой род і яго маёмасць, падае шмат важанй інфармацыі пра суседнія, літоўскія заможнай роды абшарніцкай шляхты.

Палац Гіпаліта Корвін-Мілеўскага ў маёнтку Лаздуны, фота 1930-х гг.


Гіпаліт Корвін-Мілеўскі да 1878 г. пабудаваў у Лаздунах свой палац-рэзідэнцыю, пра які Чэслаў Янкоўскі пісаў, што пакоі палаца вызначаліся «вялікім густам і не вясковым камфортам». Што не дзіўна, улічваючы еўрапейскаць гаспадара, а таксама творчы патэнцыял яго сям'і: яго бацька Аскар Корвін-Мілеўскі (1818—1906) быў публіцыстам і аўтарам лібрэта да операў Манюшкі2, а ўладальнік Геранёнаў, брат Ігнат Корвін-Мілеўскі (1846—1926) з'яўляўся вядомым мастаком і калекцыянерам.

Як дэпутата расійскай Дзяржаўнай думы Гіпаліта можна лічыць часткай палітычнай эліты Расійскай імперыі. Здаецца, сярод вышэйшага чынавенства імперыі яго лічылі сваім чалавекам – разважным кансерватарам і нават манархістам.

Думаю, у палітычным сэнсе Гіпаліта Корвін-Мілеўскага можна аднесці да катэгорыі так званых «віленскіх зуброў» – мясцовых абшарнікаў з кансерватыўнымі поглядамі, які пры гэтым, у адрозненні ад шматлікіх іншых яго калегаў, вельмі адмоўна ставіўся як да беларускага, гэтак і да летувіскага нацыянальнага руху.

Трэба трошкі расказаць пра брата аўтара ўспамінаў? Ігната Корвіна-Мілеўскага. З 1856 г. разам з братам Гіпалітам ён жыў і вучыўся у Парыжы, у ліцэі Банапарта. У 1865—1866 гг. браты вучыліся ва ўніверсітэце ў Дэрпце. У 1868 г. Ігнат Корвін-Мілеўскі вярнуўся ў Геранёны, дзе жыў да пачатку вучобы ў студыі выяўленчага мастацтва ў Мюнхене. У 1873 г. прымаў удзел у Міжнароднай выстаўцы ў Вене, праз год – у Парыжскім салоне.

Бацькі аддалі Лугамавічы і Лаздуны сыну Гіпаліту, а маёнтак у Геранёнах – Ігнату. Ігнат атрымаў тытул графа, меў свой герб, быў кавалерам Мальтыйскага ордэна. Жыў у Вене і Вільні, у Вільні пабудаваў палац у італьянскім стылі. Пасля 1905 г. ажаніўся з Янінай Оструг-Садоўскай, багатай удавой, сваячкай Уладзіслава Умястоўскага, але гэты саюз трываў нядоўга. Праз некалькі гадоў з дапамогай Ватыкана шлюб быў скасаваны. Пасля гэтага Ігнат Корвін-Мілеўскі купіў востраў на Адрыятычным моры і яхту. Замовіў у Парыжы вялікія габелены са сваім новым гербам. Яхту назваў «Літва» і плаваў на ёй па Міжземным, Балтыйскім і Паўночным морах, за Паўночны палярны круг у нарвежскія і рускія парты, у Канстанцінопаль, Венецыю, Каір, Амстэрдам, Стакгольм, Гданьск і іншыя месцы. Многа пісаў. Надрукаваў свае нататкі аб падарожжах у 1897 г. У 1899 г. выдаў другую кнігу ўспамінаў. У 1905 г. апублікаваў некалькі публіцыстычных прац. Судзіўся з многімі людзьмі і нават з ксяндзом Бародзічам з Суботнікаў. На сваім двары для аховы трымаў 20 стражнікаў.

Ігната Корвіна-Мілеўскага найбольш цікавілі гістарычныя карціны і пейзажы. У яго калекцыі налічвалася каля 250 карцін, але ён быў не толькі калекцыянерам, ён яшчэ і дапамагаў маладым мастакам. Сваю карцінную галерэю Ігнат спачатку планаваў размясціць у Кракаве, але да 1893 г. галерэя знаходзілася ў яго палацы ў Вільні і заўсёды была адкрыта для наведвальнікаў. У 1895 г. ён арганізаваў выстаўку сваіх карцін у Вене. Пасля выстаўкі ў Вене меркаваў перавезці карціны ў Берлін ці Геранёны, дзе меў вялікі мураваны будынак. Але пасля разводу з жонкай забраў іх з сабой на востраў Санта-Катарына.


Вяртаемся да аўтара ўспамінаў Гіпаліта Корвін-Мілеўскага, якія я з цікавасцю прачытаў, але пераклаў толькі тое, што наўпрост датычыць нашага краю (каля 20%) – у асноўным гэта першая кніга ўспамінаў. Большая частка яго мемуараў можа быць цікавай толькі для вузкай групы гісторыкаў, якія спецыялізуюцца на тым часе, некаторыя яго думкі і заўвагі сёння могуць выклікаць толькі ўсмешку, але некаторыя з іх паказваюць аўтара адукаваным і ўніклівым чалавекам.

Спадзяюся, што мая праца не будзе дарэмнай і ў большай ступені, чым раней, увядзе гэтую асобу ў лік актараў нашай мясцовай і агульнабеларускай гісторыі. Заканчваючы, не магу не заўважыць артыкулы пра Корвін-Мілеўскіх цудоўнай пісьменніцы і даследчыцы гісторыі роднага краю з Іўя Алены Смалянічэнка.

Леанід Лаўрэш.

Кніга першая. Прыватнае жыццё

Доўга я пражыў на гэтым свеце, нашмат даўжэй, чым абяцаў аўтар псалмоў простым смяротным. І, дзякуючы абставінам, пра якія чытач далей даведаецца, маё жыццё з ранняга дзяцінства і да нядаўняга часу развівалася ў розных краінах, я меў розныя заняткі і вёў справы з самымі рознымі сацыяльнымі класамі – ад ніжэйшых да вышэйшых, гэта рабіла мяне сведкам ці нават дадатковым чыннікам розных цікавых падзей і гістарычных дэталяў, не заўсёды вядомых даследчыкам. Бо, паўтаруся, перыяд маіх цалкам ясных успамінаў ахоплівае цэлых семдзесят гадоў, і пачаліся яны на маёй радзіме, яшчэ ў па-сапраўднаму феадальныя часы і дайшлі да часоў, калі на трэцяй частцы нашага кантынента ўсё жыццё еўрапейскіх народаў развіваецца пад уладай камунізму, яго пагрозай і пастаянным страхам перад ім. Таму матэрыял для назіранняў і ўспамінаў я маю даволі багаты.

Ужо перад сусветнай вайной (тут і далей, Першай сусветнай – Л. Л.) многія мае сябры пачалі падахвочваць мяне пачаць пісаць дзённік. Я іх не слухаў, бо я чалавек дзейны і працавіты нават і ў глыбокай старасці. Таму я не меў схільнасці паглыбляцца ў сваё мінулае, бо пакуль, каб запоўніць сваё жыццё, свой час і свае думкі, мне дастаткова сучаснасці. І калі, амаль раптоўна, у 1920 годзе надышоў перыяд поўнай бяздзейнасці і жыццёвага вакууму, узнік сімптом, якога я не пажадаў бы ніводнаму разумова гнуткаму чытачу, – старэчая лянота і абыякавасць. Іх магла пераадолець толькі нейкая «іскра».

Затрашчала гэтая «іскра» восенню 1925 года ў таварыстве паляўнічых. Паміж двума калегамі адбылася размова пра 1918 год. Адзін з гэтых паноў перажыў той час па гэты, а другі – па той бок «кітайскай сцяны», створанай фронтам. […] Калі я атрымаў параду пісаць ад адукаванага, начытанага пана і выключна кампетэнтнага дарадцы, дык падумаў, а што яшчэ я магу зрабіць карыснага, і ўзяўся за працу. На самым пачатку ўзнікла некалькі пытанняў. Па-першае, на якой мове мне пісаць? Я шмат пісаў і публічна гаварыў па-польску, па-руску і па-французску. Але галоўнай скрыпкай для мяне заўсёды была французская, віяланчэллю – польская, кантрабасам – руская мова. Для мяне было б забавай пісаць па-французску, але па-польску гэта стала сапраўднай працай. Тым не менш, я спыніўся на польскай мове, бо кожнага пісьменніка найперш цікавяць чытачы. Сярод замежнікаў іх не знойдзеш, і ў нас змяншаецца колькасць асоб, якія ахвотна і свабодна чытаюць па-французску.


Гіпаліт Корвін-Мілеўскі, каля 1910 г.


Таму многія прыдзірлівыя чытачы напэўна сустрэнуць словы ці фразы, якія пахнуць галізмамі. Прашу яго прыслухацца да парады сапраўднага «музыканта» польскай мовы, пана Часлава Янкоўскага, які ў некалькіх артыкулах, прысвечаных мне, заўсёды раіў чытачам ці слухачам звяртаць увагу не на тое, як гаворыць ці піша пан Мілеўскі, а на тое, што ён кажа ці піша.

 

Другое пытанне: якога тыпу гэты дзённік? Згодна з нямецкай тэрміналогіяй: «суб'ектыўны» ці «аб'ектыўны»? Я, безумоўна, аддаю перавагу другому, а не першаму тыпу. На розных мовах я чытаў шмат успамінаў і практычна ўсе яны цікавілі мяне больш, чым раманы, бо самая яркая чалавечая фантазія пра падзеі ці характары не дасягае рэчаіснасці. Які Вальтэр Скот, Гофман, Эжэн Сью, Крашэўскі маглі б прыдумаць… Распуціна? Нават самыя таленавітыя і вядомыя пісьменнікі, як Ж. Ж. Русо ў сваёй «Споведзі» […] пагружаюцца ў нястомнае назіранне за ўласным пупком і знаёмяць чытача са сваімі сардэчнымі рэфлексамі або драбнюткімі дэталямі хатняга жыцця, што ў мяне часам выклікае агіду. Нас людзей, асоб на двух нагах і нібы разумных стварэнняў, на свеце не менш за паўтара мільярды. Кожны з нас у свой час марыў пра манну нябесную, быў закаханы, меў сяброў, кожны ў жыцці меў ад іх разнастайныя сюрпрызы, падманы, прыгоды і г. д. Доўга расказваць пра ўсё гэта чытачам, як гэта робіць Мараўскі3 пра свае стасункі з чыноўнікамі кансісторыі ці віленскімі месцічамі, або як нядаўна зрабіў знакаміты заходні арыстакрат пра свае шлюбныя спрэчкі, мае такі ж сэнс, як і ваша кухонная кніга.

Аднак гэтаму не будзе супярэчыць тое, што я спачатку больш падрабязна разгледжу паходжанне самога аўтара ўспамінаў. Два погляды падштурхоўваюць мяне зрабіць так.

Па-першае, гэта дазволіць мне звярнуць увагу чытача на малавядомую гістарычную з'яву, памяць аб якой, як я зразумеў тут у Познані, хутка згасае нават у той частцы краіны, дзе яна мела месца, а менавіта размова пойдзе пра каласальнае пераразмеркаванне зямельнай уласнасці, сацыяльных, грамадскіх чыннікаў і эканамічных фактараў, якія адбыліся, галоўным чынам у Літве і Беларусі, у часе паміж пачаткам агоніі Рэчы Паспалітай, г. зн. ад Станіслава Аўгуста і па самы страшны жыццёвы крызіс, якім стаў 1863 год.

Па-другое, я маю цвёрды намер пісаць праўду, калі буду апісваць гісторыю, людзей і падзеі, падабаецца гэта камусьці ці не. Аднак загадзя ведаю, што цалкам гэты намер я не выканаю. Чаму? Таму што ў меркаваннях чалавека няма абсалютнай праўды. Гэта зразумела нават, калі не прымаць тэорыі адной філасофскай школы, якая адмаўляе існаванне любой рэальнасці, бо яна нібыта ёсць толькі ўяўленне, створанае нашымі пачуццямі. Гэта бачна з пастаянных, штодзённых разыходжаннях у аднолькава шчырых, добрасумленных і перакананых паказаннях сведкаў падчас судоў. Гэта дастаткова даказвае, што заявы і перакананні залежаць перш за ўсё ад схільнасці і пункту гледжання чалавека. Тут самы галоўны і непераможны ўплыў аказваюць паходжанне, спадчынныя традыцыі і звычкі, а таксама дзіцячыя ўражанні і выхаванне кожнага чалавека. Для хранікёра, які шчыра думае, што ён толькі фатаграфуе жыццё, усё гэта з'яўляецца тым, чым для сапраўднага фатографа будзе вышыня, святло ці бок, на якія ён паставіў сваю камеру. Таму, кожная фатаграфія выглядае па-рознаму.

Няхай чытач, гледзячы на апісанне падзей праз свае акуляры, якімі стала для яго жыццё, ведае, з якога паверха (з першага ці з верхняга) і праз якія акуляры глядзеў на іх мемуарыст. Маючы жаданне наблізіцца да ісціны, ён можа вылічыць нешта прапарцыйна-сярэдняе.

Што ж да раздзелаў гэтай працы, дык іх мне падказала сама хада майго жыцця. У першай яе частцы, самай працяглай, бо яна дасягае 50-гадовага ўзросту, я быў толькі простым мінаком, які сачыў за гістарычнымі падзеямі і не ўдзельнічаў у іх асабіста. Мае ўспаміны пра гэты перыяд (1848—1898) могуць мець вартасць толькі як альбом малюнкаў і партрэтаў, як, напрыклад, цікавыя і пазнавальныя дзённікі канца XVIII ст. Другі перыяд пачаўся ў 1898 годзе падчас кароткай паўзы, калі імператар Мікалай ІІ выпаўз з-пад спадніцы сваёй маці, але яшчэ не трапіў пад спадніцу жонкі і калі нейкія промні святла і паветра ўвайшлі ў падзямелле, у якім 30 гадоў задыхалася наша грамадства. Гэта быў час, калі мне было наканавана разгортваць грамадска-палітычную дзейнасць. Апошні перыяд 1914—1921 гадоў пачаўся, калі пад уплывам майго бацькі, пагаршэння здароўя і некаторага расчаравання я збіраўся паставіць крыж на сваёй дзейнасці і, кіруючыся парадай Мантэня, вырашыў апрануцца ў халат старасці. Але грамадская жылка яшчэ падштурхнула мяне далучыцца да шматлікага тады рою мух, якія пхалі польскі рыдван. Хаця я мала што рабіў, але бачыў многае спачатку з аднаго, а потым з другога боку […] і не аднойчы пераканаўся, што многія суайчыннікі, якія не пакідалі сваёй радзімы ад пачатку і да канца драмы, і сёння вельмі слаба ўсведамляюць, асабліва, пачынаючы з сярэдзіны 1915 г., тое, што рабілася па-за межамі нямецкага жалезнага кальца. Паколькі гэты гістарычны перыяд, несумненна, будзе прадметам шматлікіх даследаванняў, як дагэтуль перыяд Вялікай французскай рэвалюцыі, мая праца можа служыць дадатковай крыніцай інфармацыі. […] Такім чынам, пасля анансаванага вышэй кароткага гістарычнага пралогу мы будзем мець успаміны пра:

1) прыватнае жыццё 1848—1898 гг.;

2) грамадска-палітычнае жыццё 1898—1914 гг.;

3) катаклізм 1914—1921 гг.

[…]


Познань, май 1926 г.

Раздзел I. Старажытная гісторыя, паходжанне аўтара

Нарадзіўся я 6 жніўня (26 ліпеня) 1848 г. у Друскеніках, курортным мястэчку каля Гародні, ад бацькі Аскара Корвін-Мілеўскага гербу Слепаўрон і маці Веранікі Ланеўскай-Воўк герба Дзве трубы4.

Мінулае абодвух маіх ліній, бацькоўскай і матчынай, цесна звязана са згаданым вышэй эканамічным і сацыяльным пераваротам (пераразмеркаваннем), які адбываўся сярод шляхты ў Літве і Беларусі (а таксама на Падоллі і ў Украіне) паміж сярэдзінай XVIII і сярэдзінай XIX ст. У сярэдзіне XVIII ст. гэты вялікі край, роўны па плошчы ўсёй сучаснай Польшчы, у сярэдзіне XIX ст. належаў (разам з плошчамі, занятымі прыгоннымі сялянамі) у прапорцыі большай чым 2/3, шляхце – польскай або спаланізаванай. Тады, як у часы першага падзелу шляхта мела менш за 1/3. Ільвінай доляй гэтай зямлі раней валодала некалькі вялікапанскіх сем'яў – Радзівілы, Пацы, Сапегі, Хадкевічі, Пацеі, з якіх адзін Караль Радзівіл Пане Каханку меў каля 12 мільёнаў гектараў. Потым ішлі шматлікія і вялікія каралеўскія і дзяржаўныя маёнткі – староствы, польскай артылерыі і г. д., і, нарэшце, у канцы – маёмасць касцёлаў і кляштароў.

Усё гэта памянялася ў XIX стагоддзі. З вялізнай фартуны (маёмасці – Л. Л.) Караля Радзівіла Пане Каханку, у руках унучкі яго брата княгіні Вітгенштэйн, дачкі князя Дамініка, каля 1840 г. заставаўся толькі мільён сто тысяч гектараў. Гэта фартуна пацярпела ўжо падчас першага падзелу 1772 г. праз канфіскацыі маёнткаў у Магілёўскай і Віцебскай землях, зменшылася яна дзякуючы так званым эксдывізіям5, якія праводзіліся згодна са Статутам ВКЛ і вялі да ліквідацыі буйной нерухомай маёмасці. Апошні Сапега з літоўскай лініі, эмігрант 1831 г. князь Яўстах, бацька знакамітай пані Марыі Браніцкай з Белай Царквы і дзед міністра замежных спраў у 1921 г., як і апошні з Пацаў, пацярпеў ад канфіскацыі сваіх вялікіх маёнткаў (хоць паменшаных ўжо ў XVIII ст.) у Гарадзенскай зямлі. Род Пацеяў згас перад апошнім падзелам, род Хадкевічаў яшчэ добра трымаўся на Валыні да Сусветнай вайны, але іх вялізныя маёнткі на Віленшчыне ў ХІХ стагоддзі пайшлі пад эксдывізію. Шматлікія езуіцкія маёнткі пасля роспуску ордэна ў 1773 г. былі раздадзены Рэччу Паспалітай «заслужаным у краіне людзям» на правах поўнага дзедзіцтва з вельмі памяркоўнай штогадовай аплатай, грошы гэтыя ішлі на асвету. Шматлікія староствы і каралеўшчыны пры кожным падзеле Рэчы Паспалітай сваім фаварытам раздавала царыца Кацярына ІІ, і ўсе яны, за выключэннем аднаго Платона Зубава, хутка распрадавалі сваю маёмасць мясцовым панам.

Такім чынам менш, чым за стагоддзе, больш за дзесяць мільёнаў гектараў зямлі змянілі гаспадароў і амаль што выключна на карысць аднаго з трох тагачасных слаёў шляхты, а менавіта сярэдняга слоя. Гэта мела вялікае значэнне не толькі ў эканамічным і сацыяльным, але і ў культурным і нацыянальным планах. Паўсталі шматлікія двары, населеныя сем'ямі, якія маглі даць сваім дзецям добрую адукацыю, гэтыя двары сталі цэнтрам польскасці, але пры гэтым падтрымлівалі беларускую ці летувіскую мовы. Таму пасля знікненнем дзяржаўнасці, за сто гадоў агоніі (1762—1862), нацыянальная справа прасунулася наперад больш, чым за ўсе папярэднія амаль што чатыры стагоддзі – ад Уладзіслава Ягайлы да Станіслава Аўгуста.

Тры слаі шляхты, пра якія я толькі што згадаў, за выключэннем цяпер ужо вымерлых магнатаў, складаліся з:

1) Верхняга слоя. Гэта не вельмі шматлікія сем'і (100, максімум 200), якія часам былі звязаны сямейнымі сувязямі з адным з магнацкіх родаў, раней займалі нейкія сенатарскія пасады і зваліся «кармазынамі»6. Яны мелі значныя але не празмерныя сродкі і ўтрымлівалі толькі абмежаваную шляхетную кліентуру. Пры тым, што, напрыклад, Караль Радзівіл трымаў сапраўднае войска, якое ў асноўным складалася са шляхты.

Вось гэты слой, пішу папамяці і таму падаю далёка не поўны спіс родаў, ідучы пры гэтым, з усходу на захад:

– у Магілёўскай зямлі, роды Цеханавецкіх, Солтанаў, Галынскіх, Свяцкіх;

– у Віцебскай і на Інфлянтах, роды Борхаў, Шадурскіх, Бяніслаўскіх, Лапацінскіх, Ліпскіх (галіна вялікапольскага роду), галіна роду Плятэраў і роду Грабніцкіх, на самым усходзе (да першага падзелу) Ланеўскіх-Ваўкоў;

– на Меншчыне, роды Несялоўскіх, Рэйтанаў, Вайніловічаў, Ваньковічаў, Абуховічаў, Войнаў, Прушынскіх, Прозараў, Цюндзявіцкіх, Лагойскіх Тышкевічаў, Незабытоўскіх;

– на Віленшыне, роды Тызенгаўзаў, Жабаў, Юдыцкіх (усе тры згаслі), Мірскіх, Сулістроўскіх, Яленскіх, Прускіх (згаслі), Хамінскіх, Друцкіх-Любецкіх, Гячэвічаў;

– на Гарадзеншчыне, роды Скірмунтаў, Старжэнскіх, Нямцэвічаў, Сегяняў, Улодкаў, Пуслоўскіх і інш.;

на Ковеншчыне – роды Гурскіх (з іх выйшлі сем жмудскіх цівуноў), Карпаў, Чапскіх (адзін з іх, паморскі, ажаніўся са зводнай сястрой «пана Каханку»), Агінскіх, Пузынаў, Белазораў, Касакоўскіх, Ваўжэцкіх, Гружэўскіх, Плятэраў, Забелаў, Белазораў, Завішаў і інш., і інш.

Гэтаму слою «паноў», згаданая грунтоўная эканамічная эвалюцыя, прынесла мала карысці. Яны і так мелі для сваіх патрэб ажно зашмат зямлі, але, каб скарыстацца магчымасцямі, не мелі капіталу і характарызаваліся адсутнасцю ініцыятывы і прадпрымальнасці – недахопам, тыповым для ўсіх сацыяльных класаў, якія даўно прывыклі да свайго росквіту. З гэтага патрыцыяту, наколькі я ведаю, выйгралі толькі легендарны палкоўнік (войска Радзівілаў) Міхал Тышкевіч, Ігнацы Плятэр у Літве, сенатар Галынскі ў Беларусі, Ксаверый Пуслоўскі, Умястоўскі7 і, нарэшце, мой прадзед Ланеўскі-Воўк – яны скарысталіся ад гэтай багатай «маёнткавай манны» і дасягнулі па-сапраўднаму вялікага багацця.

 

2) Яшчэ менш магла скарыстацца з сітуацыі трэцяя катэгорыя шляхты, так званая шарачковая, засцянковая ці загродавая шляхта – яшчэ вельмі шматлікая на пачатку ХІХ стагоддзя. Дзякуючы патрабаванням расійскай геральдыкі яна паступова занепадала, пакуль амаль не злілася з сялянскім класам. Гэтыя небаракі «не мелі з чаго пачаць».

3) З гэтай сітуацыі амаль выключна скарысталася толькі сярэдняя шляхта, якая валодала ад некалькіх дзясяткаў і да якіх ста – паўтараста сялянскіх сем'яў (г. зн. дымоў). Мільёны магнацкіх гектараў перайшлі ў рукі гэтай шляхты без усялякіх грашовых выдаткаў – як да крэдытораў і арандатараў. А крыху большыя маёнткі старостваў, маёнткі кляштароў і г. д., з-за недахопу капіталаў і адсутнасці канкурэнцыі, былі выкуплены імі за бясцэнак, бо прапанова значна перавышала попыт. Лад жыцця тагачаснай шляхты да сялянскай рэформы і паўстання 1863 г. і яе менталітэт у любым выпадку выключалі прыцягненне капіталу, дарэчы капітал можна было захоўваць ці толькі ў выглядзе тэрміновай пазыкі іншаму абшарніку, які меў патрэбу ў грошах і таму не выклікаў вялікага даверу, ці ў дукатах і срэбры, якія ляжалі ў мяшках і акутых скрынях.

У той час усё яшчэ пераважаў распаўсюджаны стыль часоў Сасаў (саксонскіх каралёў)8 – есці, піць і расслабляцца. Сярэднестатыстычны землеўладальнік сярэдняга калібру не жыў лепш, чым дазваляў яму маёнтак, але жыў лепш чым дазваляў яму яго даход, бо амаль не бачыў яго. Розум чалавека мае межы, але глупства бязмежнае. Знеахвочаныя нядобрасумленным «эканомам» ці «цівуном» сяляне прыносілі малы прыбытак, і яго значную частку «з'ядала» абшарніцкая гасціннасць. Да таго ж, падчас кантрактаў на «Юр'я» ці на «Юзафа» трэба было купіць запас тканін для пані і паненак, сухафруктаў і арэхаў для кладоўкі і хатняга венгерскага віна ў піўніцу – каб зрабіць гэта, трэба было ісці да Іцкі, а потым прасіць адтэрміноўку даўгоў у іншага шляхціца-скапідома. І ў выніку, яго вялікасць аддае Богу душу і пакідае сям'ю ў бядзе, але ён будзе акружаны павагай і шкадаваннем братоў-шляхты: «Шляхетны чалавек, сапраўдны шляхціц, што тут скажаш!»

Побач з ім, у значна меншай колькасці, меліся абшарнікі з памяркоўным ва ўсіх адносінах характарам. У цвярозым стане яны не сядзелі тыднямі і месяцамі ў суседзяў і сваякоў і таму маглі даглядаць сваю гаспадарку. Яны мелі дастатковы даход каб жыць камфортна, адпраўляць сыноў у школы, забяспечваць дачок дастатковым пасагам, яны маглі эканоміць грошы і карысталіся магчымасцю купіць больш вялікі маёнтак. Паміралі без даўгоў, але пакідалі толькі некалькі сотняў дукатаў на сваё прыгожае пахаванне. У пахавальнай прамове над імі, казалі: «Чалавек прыстойны, але лічыў грошы». А гэта ўжо было не вельмі добра.

І зусім рэдкім быў тып гаспадара (якіх у Францыі 9/10 сярод сярэдніх землеўладальнікаў), тып, які метадычна наглядаў за сваім маёнткам, планаваў свае выдаткі ў адпаведнасці са сваімі рэальнымі даходамі і штогод адкладваў частку гэтага даходу на «чорную гадзіну». У скарбец такога шляхціца дукаты лезлі, як мухі ў смятану.

Па-праўдзе, ураджаі з гектара былі мізэрныя, але засяваліся вялізныя плошчы, што прыносіла прыбытак. Калі я ў 1877 г. атрымаў Лаздуны, дык знайшоў гаспадарчыя запісы 1856—1861 гг. Той самы маёнтак, у якім праз 50 гадоў пры высокаінтэнсіўнай гаспадарцы, выдаткі складалі 80% ад агульнага даходу, раней прыносіў толькі 4%. Расходы былі – сціплыя заробкі эканомаў, крыху жалеза і алею для млына. Натуральна, што ледзь не палову чыстага даходу яшчэ ў 1862 г. прыносіла дармовая праца прыгонных.

Шляхціц гэтай 3-й катэгорыі, які не паіў сваiх братоў-шляхту і заўсёды меў вольныя грошы, па літаратурнаму называўся «скнарай», а па-суседску – «свіннёй».

З тагачасных першакласных гаспадароў вялікую фартуну (маёмасць) меў толькі палкоўнік Тышкевіч. Іншыя ж, калі і не займаліся бязладным п'янствам са шляхтай, дык толькі таму, што ім была агіднай пошласць і гучная пампезнасць п'янак. Ксаверый Пуслоўскі рос у багацці і элегантнасці, першы ардынат9 Ян Тышкевіч, філантроп англійскага кшталту, шчодра адбудаваў свае Біржы і ператварыў там свае 1200 сялянскіх хат у англійскія фермы. Мой дзед Воўк трымаў 60 цугавых коней, уласны аркестр і дрэсіраваных мядзведзяў са Смаргонскай акадэміі, пазычаў дзесяткі тысяч рублёў пад мізэрны працэнт або раздаваў суседзям, якія яму ліслівілі і г. д. Але ўсяроўна, жаданне валодаць капіталам было «свінствам»: «Не па-рыцарску гэта, мой пане».

1863 г. і яго горкія наступствы неадкладна змянілі гэты менталітэт. Ужо каля 1880 г. добрае гаспадаранне і захаванне акцый ці застаўных лістоў Віленскага банка лічылася грамадзянскай цнотай. А паколькі «свіння», якая набыла маёнтак, не мела канкурэнтаў, то праз 5 гадоў нованабытая маёмасць акуплялася і куплялася новая і г. д.

Такім чынам на месцы вялізных магнацкіх абшараў і каралеўскіх дзяржаўных ці касцельных уладанняў, утварыўся новы патрыцыят, які геральдычна быў ранейшым, за выключэннем некалькіх сапраўдных выскачак, часткова яўрэяў, часткова сялян. Вельмi хутка, асаблiва дзякуючы шлюбам i аднолькаваму ладу жыцця, гэты слой зблізіўся з ранейшым, хоць пільнае вока дазволіла заўважыць у першых у параўнанні з другімі маленькія «мушкі ў носе», аднак пад канец ХІХ стагоддзя гэтую дэмаркацыйную лінію ўжо нялёгка было заўважыць. Яна бясследна знікне, калі абодва слаі пачнуць чысціць свае боты.

У такім асяроддзі як па бацькоўскай, гэтак і па матчынай лініі я нарадзіўся і вырас10.

Мяне мала цікавіць генеалогія, і я не буду, як нейкі інфляндзец11, весці генеалогію ад Адама, а задаволюся аповедамі бацькоў і хатнімі дзённікамі.

У сярэдзіне XVIII стагоддзя ў Слуцкім павеце жыў пан Дамінік Корвін-Мілеўскі гербу Сляпаўрон. […] Меў ён нядрэнны маёнтак і быў жанаты з Войнянкай12 якая паходзіла са знатнай на Наваградчыне сям'і. Але ён дазволіў заблытаць сябе нейкаму аферысту, за якога паручыўся, пасля чаго памёр ад згрызотаў, удава не дала сабе рады, і маёнтак заняпаў. Тады яна пасялілася ў Слуцку, і там маім дзедам Гіпалітам, які быў яшчэ падлеткам, апекаваўся вельмі заможны сваяк Юдыцкі (гэты род згас). Ён даў дзеду добрае выхаванне і пасля апошняга падзелу накіраваў на дзяржаўную службу, якая тады грунтавалася на выбары шляхты. Пасля буры 1812 г., як Ашмянскі суддзя, Гіпаліт набыў пад Смаргонямі па-езуіцкі маёнтак Цыцін з васьмідзесяці хат, глеба тут была вельмі добрай для пшаніцы. Маёнтак ушчэнт спалілі і зруйнавалі французы і казакі, і Гіпаліт набыў яго ў растэрміноўку з невялікай першай выплатай. Дзед заняўся аднаўленнем маёнтка, што заняло некалькі гадоў і разам са сваёй жонкай з Шваньскіх (малодшая сястра другой пані Воўкавай), заняўся памнажэннем шляхты – яны мелі сямёра дзяцей, з якіх застаўся сын і тры дачкі. Рана аўдавеўшы, дзед даў добрую адукацыю ў Віленскай гімназіі і пансіянаце француза пана Генры свайму выключна таленавітаму сыну. Дачок аддаў за роўных яму абшарнікаў і памёр, як я памятаю, у 1856 годзе. Яго паважалі і любілі, хоць ён і «лічыў грошы». Дзед, уласна кажучы, як усе шчаслівыя людзі, не меў сваёй гісторыі.

Я меў вельмі рознабаковага, амаль што легендарнага дзеда (фактычна прадзеда) па матчынай лініі – пана Самуэля Ланеўскага-Воўка.

Нарадзіўся ён у 1768 г., быў нашчадкам вельмі заможнага кальвінісцкага роду на Віцебшчыне. Яго дзед, пан Міхал, займаў пасаду перадапошняга вялікага літоўскага пісара13. Яго бацька быў удаўцом, другі раз жанатым з Гружэўскай (са жмудскіх кальвіністаў). Калі адбыўся першы падзел 1772 г. і Кацярына ІІ загадала ўсім значным землеўладальнікам прысягнуць ёй пісьмова або адмовіцца ад сваіх уладанняў, ганарлівы пан пайшоў па прыкладу Караля Радзівіла «Пане Каханку», які такім жа чынам пазбавіўся некалькіх мільёнаў дзесяцін зямлі. Ад першага шлюбу ён меў двух 20-гадовых сыноў14, якім перадаў свае беларускія маёнткі, а сам з новай сям'ёй пераехаў у Наваградскі павет, дзе меў староства і незадоўга да другога падзелу, набыў яшчэ маёнтак Сеняржыцы. Хутка, перад другім падзелам памёр, пакінуўшы пасля сябе старэйшую дачку, баранесу Остэн-Сакен і 16-гадовага сына Самуэля. Яго яшчэ маладая ўдава праз 10 месяцаў выйшла замуж за… гувернёра свайго сына. Пакрыўджаны гэтым мезальянсам, фанабэрысты паніч падаў на інтрыгана скаргу ў суд, абвінаваціўшы яго ў атручванні бацькі, але пазбавіўся падтрымкі апекуноў і збег з дому.

Неўзабаве пасля гэтага яго сваяк, пан маршалак Шукевіч – вялікая рыба ў Лідскім павеце, знаходзячыся ў Кёнігсбергу, зайшоў у цырк і пазнаў свайго маладога сваяка на арэне вярхом на кані – ён весела размахваў бізуном. Шукевіч зацягнуў яго ў сваю кватэру, добра «намыліў» яму галаву, апрануў, як трэба, і залічыў падхарунжым у войска Фрыдрыха Вялікага, які яшчэ знаходзіўся на піку славы. Калі Чатырохгадовы Сойм загадаў усім афіцэрам замежнай службы вярнуцца і далучыцца да нацыянальнай арміі, пан Самуэль так і зрабіў. Прыехаўшы ў госці да свайго дабрадзея Шукевіча, ён закахаўся ў яго выключна прыгожую (і дурную) дачку, маю прабабулю – раз-два – ажаніўся і толькі тады задумаўся, дзе знайсці сваё гняздо? У суседнім Ашмянскім павеце прадаваўся маёнтак Якуні – частка былога Трабскага староства, больш за 4 тысячы дзесяцін. З дапамогай цесця купіў яго, пасадзіў туды жонку і бадзяўся паміж Якунямі і Вільняй, дзе раіўся з гетманам Касакоўскім15. Калі падчас паўстання Касцюшкі паўстала і насельніцтва Вільні, пан Самуэль быў у начной варце гетмана на рагу вуліцы Дамініканскай і Шварцавага завулка, каля дома, які пазней стаў домам Даўкшы. Ён даведаўся, што прыехала жонка і, каб убачыць сваю юную прыгажуню, памяняўся чаргой. Тым часам прыйшлі паўстанцы і патрабавалі аддаць ім гетмана-здрадніка. Афіцэр, які не захацеў іх прапусціць, быў забіты на месцы16.

Войска распусцілі, прадзед вярнуўся ў вёску і напладзіў тут дзяцей і куль грошай. Пасля апошняга падзелу, Кацярына ІІ аддала сенатару Мардвінаву Дудскае староства, большую частку якога складала маёмасць Лугамовічы. Мардвінаў хутка прадаў маёмасць заможнаму абшарніку Гарадзенскай зямлі Корсаку (уладальніку маёнтка Жукаўшчына), сын якога пазней ажаніўся з унучкай пана Самуэля, маёй роднай цёткай. Ён хутка зразумеў, што не дасць сабе рады з аддаленым лясным маёнткам, і прадаў яго з добрым прыбыткам, хоць і вельмі танна, пану Ваўку. Воўк адразу пачаў высякаць амаль безвартасцевыя на той час лясы і заснаваў на іх месцы новыя фальваркі і вёскі, пабудаваў у Лугамовічах прасторны драўляны «палац» і ў 1802 г. аўдавеў пры нараджэнні трэцяй дачкі. Праз некалькі гадоў ажаніўся другі раз з суседняй паннай Ганнай Шваньскай, старэйшай сястрой маёй бабкі Мілеўскай. Яна засталася бяздзетнай17.

У 1810 г. Самуэль ужо назапасіў дастаткова грошай, каб пасля эксдывізіі купіць былы радзівілаўскі маёнтак Лаздуны. У наступным годзе ён аддаў у расейскую армію свайго адзінага 17-гадовага сына Ігнацыя. У той час, асабліва дзякуючы куратару Віленскага ўніверсітэта і навуковай акругі Адаму Чартарыйскаму, Аляксандр I карыстаўся вялікай папулярнасцю ў Літве. У 1812 г., калі сын ваяваў супраць Напалеона пад Барадзіно, бацька, які застаўся ў Лугамовічах, дзякуючы сваёй знанай энергіі, тым жа Напалеонам быў прызначаны прэфектам павета і кіраваў тылам войска. У яго сядзібу прыйшлі трое вюртэмбержцаў-валацуг і пачалі шумець на кухні, дзед загадаў іх звязаць і адвесці ў бліжэйшую вайсковую каманду, пасля чаго ляпнуў за сабою дзвярыма. Тады адзін з марадзёраў паспеў стрэліць, на шчасце – праз дзверы. Але куля глыбока засела ў правую лапатку дзеда і паралізавала яму правае плячо. Праз некалькі гадоў, пад ўласнай вагой, куля выйшла, і дзеду вярнулася свабода руху. На той момант ён ужо амаль што тры гады адседзеў на выбранай пасадзе старшынём павятовага суда і да канца жыцця застаўся «панам старшынём».

1Korwin-Milewski Hipolit. Siedemdziesiąt lat wspomnień (1855—1925). Poznań, 1930.
2Напісаў лібрэта на наступных опер Манюшка: «Ідэал ці новая Прэціёза» («Ideal czyli Nowa Precioza»), «Карманьёл ці французы любяць жартаваць («Karmaniol albo Francuzi lubie zartowac») і «Латарэя» («Loteria»).
3Верагодна маецца на ўвазе: Morawski S. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie, Warszawa 1924. – Л. Л.
4У трэцім томе цікава і ярка напісанай кнігі Чэслава Янкоўскага «Ашмянскі павет», чытач зможа знайсці вялікі матэрыял, прысвечаную маёй маёмасці, сям'і і сваякам, натуральна, не без недакладнасцяў, асабліва ў датах.
5У ВКЛ існаваў закон, па якім, у выпадку неплацежаздольнасці даўжнiка, яго маёмасць не прадавалася з аўкцыёну, але дзялілася на часткі адпаведна ліку крэдытораў. – Л. Л.
6Кармазынавы колер – ярка-чырвоны колер, кармазын – каштоўная чырвовая тканіна, адсюль: кармазын – заможны шляхціц. Так называлася прывілеяванае саслоўе шляхты – за кармазынавы (чырвоны з ухілам у малінавы альбо цёмна-вішнёвы) колер адзення. Цікава адзначыць, што, калі шляхецтва якой-небудзь асобы выклікала сумнеў, гаварылі – «няпэўны кармазын». – Л. Л.
7Меў мянушку «Стараста Вывяндлінскі».
8Часы Сасаў – часы, калі на польскім троне знаходзіліся кароль Аўгуст ІІ Моцны і яго сын Аўгуст ІІІ. – Л. Л.
9Ардынат – уладальнік ардынацыі. Ардынацыя (ад лац. ordinatio – кірую, прызнаю, загадваю), непадзельная і неадчужальная ўласнасць пэўнага магнацкага роду, таксама прававыя нормы, што рэгулявалі спадчыннасць на гэтую ўласнасць. Тое самае, што і маярат. – Л. Л.
10З 4-х маёнткаў, якія я з братам успадкаваў, а ні адзін не быў шляхецкай маёмасцю. Цыцін, маёнтак дзеда Мілеўскага, быў па-езуіцкім, Лугамовічы, сядзіба прадзеда Воўка – староствам, Лаздуны – радзівілаўшчынай, Геранёны – уласнасцю літоўскай артылерыі.
11Бог сказаў Адаму: «Bеni sois» («Дабраславёны ты», фр.), і па меркаванні гэтай асобы адсюль паходзіць прозвішча Бяніслаўскі.
12Апошняга, Войну, старога халасцяка, кузына майго бацькі, я сустрэў у Вільні пасля паўстання 1863 года. Ёсць паданне, што яго прапрадзед пры Сабескім пад Венай загадаў небяспечна атакаваць, і, калі загінула шмат людзей, сказаў: «Не вайна нараджае, а пані Войніна».
13Паважаны Ч. Янкоўскі памылкова называе яго вялікім лоўчым. Пасля катаклізму 1914—1920 гг. у мяне цудам захаваліся тры яго срэбраныя паўміскі з ініцыяламі: M.W.P.W.W.X.L. (Міхал Воўк пісар вялікі ВКЛ).
14Іх нашчадкі ад праваслаўных маці ўзялі прозвішча Ваўкоў. Два дэрпцкія сябры з такім прозвішчам і сын старэйшага з іх, які незадоўга да вайны быў сакратаром пасольства ў Парыжы, лічыліся маімі кузынамі.
15Шыман Марцін Касакоўскі (1741—1794), палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, польны гетман літоўскі (1792—1793), апошні вялікі гетман літоўскі (1793—1794), удзельнік Барскай і Таргавіцкай канфедэрацый. У 1790 г. у чыне генерал-маёра паступіў у расійскае войска і ўдзельнічаў у баявых дзеяннях супраць Турцыі на Балканах. У 1792 г. расійскі корпус пад яго камандаваннем пачаў наступ на тэрыторыю Рэчы Паспалітай з боку Полацка. Ва ўзятай расійскімі войскамі ў студзені 1792 г. Вільні абвясціў сябе польным гетманам літоўскім. У 1793 г. стаў вялікім гетманам літоўскім. Падчас паўстання, 24 красавіка 1794 г. быў арыштаваны і 25 красавіка павешаны на Ратушнай плошчы ў Вільні. – Л. Л.
16Легенда цвердзіць, што, ужо каля шыбеніцы, гетман пазнаў аднаго са сваіх сыноў, які праходзіў міма, і паклікаў на дапамогу – той павярнуў галаву і праехаў, а бацька закрычаў: «Каб ты ашалеў». Неўзабаве пасля гэтага маладушны сын быў укушаны сабакам і памёр ад шаленства.
17Яе бацька, разам са сваім пратэктарам Пацам конна ездзілі на элекцыю Станіслава Аўгуста, а яго маці, якая паходзіла з Прусіі, была сваячка і выхаванка Пацаў. Яны абодва памерлі ва ўзросце 90 гадоў каля 1835 г. Пані Шваньская любіла расказваць, як перад кожнай «Асамблеяй» прыдворнаму цырульніку Пацаў быў патрэбны цэлы дзень, каб зрабіць фрызуру Яснавялможнай Пані. У фрызуры меліся розныя аздобы, напрыклад мініяцюрныя караблі з ветразямі. Прычэсваў ён яшчэ дзве панны Пацоўны і потым, каб не знішчыць гэты мастацкі твор, усе трое спалі, седзячы на крэслах з жалезным прутам у руках, які быў патрэбны для палявання на вошай, бо вошы прагнулі свежай рысавай пудры.

Издательство:
Издательские решения