Лідскі замак. Кароткая гісторыя

- -
- 100%
- +
Для вытворчасці цэглы ў Сярэднявеччы імкнуліся браць мясцовую сыравіну, каб не везці яе здалёк. З ХІІІ па ХVІІІ ст. выкарыстоўвалася і спецыяльная буйнапамерная фасонная цэгла. Узоры яе знойдзены ў культурных пластах Лідскага, Крэўскага і Мірскага замкаў, у Гродне, Мінску, Навагрудку, Віцебску, Полацку і іншых месцах. Найбольш пашыранымі спосабамі вырабу такой цэглы былі фармоўка і абсклюдаванне (абразанне цагліны-сырца звычайнай формы спецыяльным нажом дзеля надання патрэбнай формы). Профільную цэглу Сынкавіцкай царквы і Мірскага замка спачатку выразалі з сырца, а потым абпальвалі, а нервюрная цэгла з Лідскага, Крэўскага, Гродзенскага і Віцебскага замкаў фармавалася адразу.
Знакі на буйнапамернай цэгле сустракаюцца рэдка, аднак мы бачым іх на цэгле з Лідскага і Гродзенскага замкаў.
З ХІІІ да сярэдзіны XIV ст вялікапамерную цэглу выкарыстоўвалі ў тэхніцы балтыйскай, або вендскай, муроўкі — чаргаванне двух, радзей трох рубаў і старчака. Выраз «вендская муроўка» прыйшоў з нямецкай мовы, вендамі немцы называлі славянскіх насельнікаў Памор'я. Таму потым гэты тып муроўкі пачалі называць «балтыйская муроўка». З другой паловы XIV ст. на беларускіх землях пашырылася гатычная муроўка, якая змяніла вендскую (у гатычнай муроўцы чаргуюцца старчак і руб).
У першай палове XIV стагоддзя пабудавана першая квадратная ў плане (9 х 9 м) паўднёва-заходняя вежа (якую лідзяне завуць «вежа Гедыміна»). Другая, паўночна-ўсходняя, вежа была пабудавана ў канцы XIV — пачатку XV стагоддзя (так званая «вежа Вітаўта»). У замак вялi тры ўваходы — 2 ва ўсходняй сцяне i адзін у паўднёвай.
У XVII стагоддзі замак атрымаў дадатковае ўмацаванне — штучнае возера (стаў), якое прыкрывала яго з усходу. Гэтае возера ёсць на планах і малюнках XVIII—XIX стагоддзяў.
На працягу XIV—XVIII стагоддзяў у выніку шматлікіх аблог часткова былі разбураны вежы i ўнутраныя пабудовы замка, захаваліся толькі рэшткі абарончых сцен i веж. Воіны, якіх ахоўвалі замак, жылі ў драўляных казармах, прыбудаваных да каменных замкавых муроў з паўночнага боку. Жылыя будынкі мелі форму выцягнутых прамавугольнікаў, падзеленых перагародкамі на асобныя памяшканні. У кожным пакоі стаяла кафляная печ. Падчас шматлікіх аблог замка і пажараў драўляныя пабудовы гарэлі, а печы разбураліся. Але насельнікі замка хутка зноў аднаўлялі сваё жыллё на старых каменных падмурках, а разбітыя кафлі ішлі на адбудову новых печаў. Таму археолагі знайшлі ў замку вялікую колькасць кафлі, кухоннага і сталовага керамічнага посуду, вырабаў з металу, каменю і косці. Асабліва ўражвае пячная кафля, якой тут знойдзена некалькі тысяч фрагментаў.
Пасля з'яўлення замка, Ліда, якая існавала да гэта як малазначнае паселішча на рацэ Каменцы, пачала расці вакол яго, і таму, Гедымін можа лічыцца заснавальнікам нашага горада, яму цалкам заслужана пастаўлены помнік. Горад як «падзамча» першы раз згадваецца ў 1366 г. у 5-тым томе «Гісторыя літоўскага народа» Тэадора Нарбута ў сувязі з забойствам манахаў-францішканаў. Верагодна, адначасова з замкам, з'явілася і вуліца Замкавая, якая вяла да гістарычнага цэнтра горада — Рынка (на поўнач ад замка, сёння плошча Леніна). Ад Рынкавай плошчы адыходзілі вуліцы Вiленская — да Вiльнi, Каменская — да ракi Каменкi i далей да Гродна, Крывая — злучала Каменскую вуліцу з рынкам, яе працяг ад Каменскай да замка ў пачатку XIX ст. насіў назву Нова-Кармелiцкай.
Далейшы лёс замка і горада
Незадоўга да сваёй смерці Гедымін размеркаваў удзелы паміж сваімі сынамі, і Лідскі замак з яго воласцю аддаў сыну Кейстуту. У 1346 годзе Лідская воласць была саступлена Кейстутам яго брату Альгерду, які каля 1370 года аддаў яе на трыманне свайму ўлюбёнцу, чалавеку простага паходжання Вайдылу. У 1382 годзе Ягайла запрасіў свайго дзядзьку да сабе і адправіў у Крэўскі замак, у падзямеллі якога стары князь быў задушаны. Такая ж доля пагражала і сыну Кейстута Вітаўту, але ён паспеў збегчы да нямецкіх рыцараў, з якімі на працягу некалькіх гадоў трывожыў Літву.
Са смерцю Вайдылы Лідская воласць перайшла ў валоданне Ягайлы, які ў граматах тытулаваў сябе князем віцебскім, крэўскім, лідскім.
10 студзеня 1389 годзе Ягайла у Лідзе, з вялікай доляй верагоднасці — у замку, асабістай пячаткай зацвердзіў два прывілеі каталіцкаму касцёлу ў ВКЛ.
У 1391 годзе Ягайла аддаў Ліду свайму брату Зміцеру Карыбуту, а ў студзені наступнага года моцны аддзел нямецкіх рыцараў, у шэрагах якога знаходзіўся і стрыечны брат Ягайлы Вітаўт, перайшоў па лёдзе каля Аліты (зараз — Алітус) Нёман, нечакана з'явіўся ля сцен Лідскага замка, спаліў прылеглую да яго частку горада і запатрабаваў здачы яго Вітаўту. Застрашаны з'яўленнем рыцараў, Зміцер Карыбут пакінуў замак Вітаўту і без бою, у глухую поўнач спешна збег з усім сваім аддзелам і накіраваўся ў Наваградак. Пішуць, што крыжакі вывезлі тады адгэтуль вялікія запасы зброі, правіянту і г. д. Атрымаўшы такім чынам у сваё валоданне Лідскі замак, Вітаўт у хуткім часе зноўку перабудаваў яго і зрабіў з адным з наймацнейшых умацаванняў.
4 жніўня 1392 годзе ў маёнтку Востраў каля Ліды паміж Вітаўтам і Ягайлам былі падпісаны ўмовы вечнага міру, прычым Лідская воласць засталася ў валоданні Вітаўта. Гэтая апошняя акалічнасць паслужыла нагодай для новай міжусобнай вайны. Карыбут запатрабаваў у Вітаўта вяртання Ліды, але атрымаў адмову. Таму на пачатку восені 1392 года сабраў значнае наёмнае войска і выступіў з ім супраць Вітаўта. Вітаўт не дапусціў Карыбута да сцен Лідскага замка і сустрэў яго на беразе Нёмана. Ля вёскі Дакудава адбылася кароткая, але гарачая бітва. Карыбут не выстаяў і адступіў да Наваградка, але і тут не сумеў абараніцца, быў разбіты, захоплены ў палон і са ўсім сваім сямействам адасланы да Ягайлы ў Польшчу.
Крыжакі неаднаразова з'яўляліся пад мурамі Лідскага замка. Зараз я раскажу пра сусветна вядомых людзей, якія ў складзе рыцарскіх аддзелаў наведвалі Ліду ці былі недалёка ад яе ў канцы XIV стагоддзя.
Калі вывучаеш войны Вялікага Княства Літоўскага з Тэўтонскім ордэнам, сустракаеш прозвішчы замежных і, у тым ліку, брытанскіх рыцараў, якія ваявалі супраць нашых продкаў на баку Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. Сярод іх былі асобы, вядомыя па творах славутага Вільяма Шэкспіра.
Якім жа чынам яны патрапілі на беларускую зямлю?
У тагачаснай Прусіі пабывалі практычна ўсе арыстакраты Еўропы, яна, як магніт, вабіла шараговых ваяроў — усе яны жадалі стаць рыцарамі. Аднак у канцы XIII стагоддзя Тэўтонскі ордэн усё радзей і радзей мог прапанаваць замежным рыцарам удзел у баявых дзеяннях. Часцей за ўсё прыезджыя ваяры маглі разлічваць на сумную залогавую службу альбо небяспечную і нецікавую партызанскую вайну. У 1330-х гадах вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Лютар фон Браўншвейг (Luther von Braunschweig) прапанаваў план прыцягнення новых рыцараў. Сам Лютар быў адораным паэтам і заахвочваў аўтараў рэлігійных і гістарычных прац пісаць пра Тэўтонскі ордэн. Ён стварыў традыцыю, у якой паходы супраць Літвы сталі неабходным складнікам рыцарскай галантнасці. Важнае значэнне мела колькасць пасвечаных у рыцары па заканчэнні паходаў. Таму пасвячэнне адбывалася, як толькі хтосьці з кандыдатаў здзяйсняў годны ўчынак. Тады вялікі магістр запрашаў самых адважных ваяроў за стол, падобны да Круглага стала караля Артура, і ўзнагароджваў іх. Французскі гісторык Эрнест Лавіс так апісаў гэтае мерапрыемства: «У пышным шатры накрываўся круглы стол, пад гукі труб і цымбал вакол яго сядалі дзесяць прызнаных найадважнейшых рыцараў, і імёны іх услаўляліся потым паэтамі ва ўсім хрысціянскім свеце. Такія рыфмаваныя аповеды таксама запальвалі мужнасць, як у мінулы час казань Пятра Пустэльніка або Святога Бернара, і, дзякуючы… гэтаму, існаванне Ордэна працягвала падавацца патрэбным».
У адрозненне ад рыцараў, якія ўдзельнічалі тады ў Стогадовай вайне на тэрыторыі Францыі, матэрыяльная зацікаўленасць крыжакоў не была для іх галоўнай. Калі параўноўваць з астатняй Еўропай, гэта ў значнай ступені тлумачылася беднасцю мясцовага насельніцтва. Адзіным багаццем тут былі коні. Дарэчы, вялікі князь літоўскі Вітаўт меў 20 000 коней. Тэўтонскіх жа рыцараў вабіла зямля, а на рухомую маёмасць яны мала звярталі ўвагу. Таму ордэн прыцягваў ваяроў не грашыма, а рыцарскімі забавамі, банкетамі і адмысловымі знакамі шляхецкага гонару. Э. Лавіс пісаў, што замежнікам карцела паглядзець зблізку на гэты ордэн, адчуць гонар рыцарства, але больш за ўсё вабіла пагоня за цікавымі прыгодамі, ну і гісторыямі, пры дапамозе якіх можна было б потым рабіць уражанне на паненак.
Не дзіўна, што шматлікія нямецкія песні пачынаюцца словамі: «Жыў аднойчы рыцар, які паехаў у Прусію», а французскія казкі часам згадваюць пра гаротнае становішча рыцара, які браў удзел «у святым паходзе ў Прусію» і апынуўся ў незайздросным становішчы ашуканага мужа. Прыклад адносін рыцарства Еўропы да крыжовага паходу ў Прусію адлюстроўвае раман Антуана дэ ла Саль «Маленькі Жан дэ Сэнтрэ», ён уяўляе сабою амаль што падручнік для тых, хто прагнуў пасвячэння ў рыцары. Па аналогіі з сучасным спортам, у той час існавалі «прафесійныя» рыцары, іх асноўным заняткам быў выклік на бой супернікаў у чужых краях і бадзянне ад аднаго манаршага двара да іншага ў пошуках праціўнікаў, якія прынялі б іх умовы. Дзеля гэтага Жан дэ Сэнтрэ з Францыі накіраваўся ў Арагонскае каралеўства, дзе гаспадар шчодра адарыў яго. Пазней герой рамана пабываў пры двары імператара і выступаў супраць нямецкіх рыцараў, прычым імператар асабіста прысутнічаў на двубоях. Нарэшце ён перайшоў ад рыцарскіх гульняў да рэальнай вайны і адправіўся ў «крыжовы паход» на Прусію, дзе і здабыў сабе славу.
Але ж падарожжа ў Прусію было занадта дарагім для бедных рыцараў, і таму Тэўтонскі ордэн выплачваў грашовыя субсідыі. Практыка выплаты грашовых сум на дарогу стала настолькі шырока распаўсюджанай, што нават герцаг Баварскі, адзін з найбагацейшых людзей у Святой Рымскай Імперыі, прыняў грошы ад ордэна за службу ў 1322 годзе.
Зацішша ў Стогадовай вайне выклікала прыток французскіх, бургундскіх і брытанскіх рыцараў. Маршал Францыі Жан Бусіко (Jean Boucicaut) асабіста ўдзельнічаў у чатырох кампаніях на баку ордэна і, пакуль мужчыны ваявалі ў Прусіі, арганізаваў абарону сем'яў крыжакоў у Францыі ад разбойнікаў. З 1329 годзе ангельскія рыцары сталі рэгулярна ўдзельнічаць у зімовых або летніх наездах на Літву. Кульмінацыя актыўнасці адбылася паміж лістападам 1367 годзе і лютым 1368 года, калі каралеўскія ліцэнзіі на ўдзел у вайне ў Прусіі былі прадстаўлены чатырнаццаці рыцарам і іх атрадам, што ў суме склала дзевяноста сем ваяроў.
Для некаторых экспедыцыя ў Прусію стала звычкай. У 1360-х гадах там пабывалі рыцары ўсіх рэгіёнаў Англіі і розных сацыяльных узроўняў дваранства. Увогуле, у балтыйскіх крыжовых паходах удзельнічала мноства высакародных сем'яў Англіі: Warwicks, Herefords, Beauchamps, Uffords, Bohuns, Percies, Despensers, Fitz Walters, Beauchamps, Scropes, Courtenays, Montagues, Counenay. Генры Персі (Henry Percy), знакаміты Хотспур (Hotspur), сын першага графа Нартумберленда (first earl of Northumberland), пра якога падрабязней я распавяду далей, быў у Балтыйскіх крыжовых паходах у 1383 годзе і, верагодна, пад Лідай у 1392 годзе.
Кароль Генрых IV (граф Дэрбі). Самы вядомы ваяр, які стаў прататыпам рыцара з «Кентэрберыйскіх аповедаў», напісаных выдатным англійскім паэтам Сярэднявечча Джэфры Чосерам (1344—1400), а таксама прататыпам героя трагедый Вільяма Шэкспіра «Рычард II» і «Генрых IV», быў граф Дэрбі, будучы кароль Англіі Генрых IV. Крыніцай сюжэта для Шэкспіра з'явіліся некалькі ананімных п'ес і летапісы Холіншэда, з якімі, аднак, Шэкспір абышоўся вельмі вольна. П'еса пра валадаранне Генрыха IV складае сярэднюю частку тэтралогіі, пачаткам якой з'яўляецца «Рычард II», а канцом — «Генрых V». Усе яны звязаны паслядоўнасцю гістарычных падзей і супольнасцю некаторых персанажаў. Дзеянне п'есы разгортваецца ў Англіі на пачатку XV стагоддзя, калі каралеўская ўлада сцвярджала сябе ў барацьбе з феадаламі.
Генрых IV Балінгброк (Henry IV Bolingbroke), вядомы таксама як Генрых Ланкастар, кароль, заснавальнік Ланкастарскай галіны дынастыі Плантагенетаў. Генрых нарадзіўся ў замку Балінгброк за 20 км на поўнач ад Бостана ў 1367 годзе. Калі яму было дзесяць гадоў, яму быў нададзены тытул графа Дэрбі і самая ганаровая ўзнагарода ў каралеўстве — ордэн Падвязкі. У 1380 годзе ён ажаніўся з адной са спадчынніц графа Хэрафорда Марыяй Багун і ў 1384 годзе пераняў і гэты графскі тытул, з 1397 годзе Генрых стаў першым герцагам Хэрафордам. Прысвяціўшы сябе рыцарскім подзвігам, 1390—1393 гады Генрых правёў у крыжовых паходах, вандраваў па Цэнтральнай Еўропе, дабраўся да Венецыі, пабываў на Кіпры і ў Палесціне.
У 1390 годзе Генрых вырашыў далучыцца да крыжовага паходу ў Літву, у якім удзельнічалі французскія рыцары. Бацька, Джон Гонт, даў яму 3533 фунты на выдаткі. Былі наняты караблі з Данцыга, каб перавезці тры сотні англійскіх ваяроў. Дэрбі 16 жніўня прыбыў у Кёнігсберг. Прускія гісторыкі прызнаюць добрую службу графа і яго паплечнікаў.
Тым часам магістр Энгельгард Рабэ, сумесна з Вітаўтам і лівонскімі рыцарамі, рыхтаваўся да вайсковага паходу. Тут трэба заўважыць, што Вітаўт змагаўся за спадчынны вялікакняскі пасад і выкарыстоўваў рыцараў як часовых паплечнікаў. У жніўні, пасля прыбыцця добраахвотнікаў з Англіі і Францыі, падрыхтоўка да вайны ў Прусіі была скончана. Войска выступіла пад камандаваннем магістра Энгельгарда Рабэ (Engelhard Rabe), бо вялікі магістр Конрад Цольнер (Konrad Zolner) быў цяжка хворы. Французамі камандаваў рыцар Бусіко, сын маршала Францыі. Пад Коўняй (зараз — Каўнас) злучыўся з галоўнымі сіламі магістр інфлянцкі са сваімі рыцарамі. Мэтай паходу быў захоп Вільні і ўзвядзенне на вялікакняскі пасад Вітаўта. Пад замкам Вісельвальдэ (Wissewalde), недалёка ад старой Коўні, са сваім войскам чакаў Скіргайла. Было вырашана бараніць пераправы. Але магістр з атрадам адборных рыцараў абышоў Скіргайлу з поўначы, пераправіўся праз раку ўброд, раптоўна напаў на ліцвінскае войска і разграміў яго. Гэтая бітва адбылася каля мястэчка Віжуны. Скіргайла страціў сто чалавек. Рыцары ўзялі ў палон трох князёў: Сымона — сына Яўнута, Глеба Святаслававіча Смаленскага і Глеба Канстанцінавіча Чартарыскага (па версіі Стрыйкоўскага, гэтыя князі былі забітыя), а таксама адзінаццаць баяраў. Перамогу крыжакі адсвяткавалі шумным баляваннем. Скіргайла з часткай свайго войска схаваўся ў замку Вісельвальдэ, другая частка войска адступіла да Вільні. Недалёка ад Вільні, пад Веркамі, адбылася іншая бітва, у якой ліцвіны зноў атрымалі паражэнне і адступілі.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «Литрес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на Литрес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.
Примечания
1
Holubowirc Włod. Wyprawa po nieznane // Kurіer Wileński. №292 (2833). 30 października 1933.
2
Слова «кастэль» паходзіць ад лацінскага слова castellum — замак.
3
Гл: Краўцэвіч, А. К. Гедымін (1316—1341). Каралеўства Літвы i Русі = Hiedymin. (1316—1341). Kingdom of Lithuania and Rutenia. Мінск, 2012. 152 с.
4
Гл: Levandauskas Vytautas. Lietuvos mūro istorija. Kaunas, 2012.



