Название книги:

Ашуканае сэрца

Автор:
Юлия Макаревич
полная версияАшуканае сэрца

000

ОтложитьЧитал

Шрифт:
-100%+

Ашуканае сэрца

Позняй купальскай ноччу блытаюцца дарогі, зоркі мяняюць сваё становішча, а малойцы губляюць галаву ад зазовак, што заводзяць іх у гушчар і губяць там. Некаторыя адпраўляюцца на пошукі кветкі папараці, каб выканаць свае самыя запаветныя жаданні, іншыя ж самі твораць свой лёс. Цудоўная і бясконца цёмная Купальская ноч для падарожнікаў і незнаёмцаў.

Алесь прайшоў па хаце, зачапіў галавой саламянага павука, падвешанага да столі. Абярэг трывожна захістаўся, быццам спрабаваў зазваніць у саламяныя званочкі і сагнаць саламяных птушак, якія на ім прымасціліся. Хлопец зірнуў на падкову над дзвярыма, у думках просячы аб поспеху. Вузельчык з патрэбным скарбам быў ужо складзены каля парога, і Алесь захапіў яго з сабой.

У вячэрнім паветры пахла травой, кветкамі і цяплом вогнішчаў. Алесь далучыўся да карагода, а затым да спеву традыцыйных купальскіх песень, але адчуваў, быццам бы ён тут чужы. Голас не хацеў вымаўляць знаёмыя словы.

Упушчу цябе Купаленька,

Прыйму сэрцам шчырым;

Паіць буду мёдам, півам,

Карміць буду сырам.

У галаве шумела, а вочы ніяк не маглі запрыкмеціць галоўнае. Фарбы блыталіся, змешваліся пахі, гукі зліваліся.

Ты ж Купаленька,

Ночка маленька,

– Ды дзе ж ты была?

– За гарой была.

– Што рабіла?

Кужалі прала, ткала, бяліла.

Алесь углядаўся ў знаёмыя твары, але ніяк не мог разгледзець сваю нарачоную. Ванда не прыйшла на вогнішча, дзе сабралася ўся моладзь, каб расказаць гісторыі аб гэтай ночы.

– …А я нават касну бачыла! – загаварыла Паўлінка. – Хвост у яе, як у змяі, а крылы дакладна як у птушкі. І ўсё цягнецца, каб высмактаць кроў!

– Хлусіш ты ўсё, – хутка абарвала яе Соня. – Дзе ж ты яе бачыла?

– У лесе, калі папараць-кветку шукала! Потым каснаў разагнаў пан нейкі, ён таксама па пошукі кветкі пайшоў.

Алесь напружыўся. Ванда кожны год кідалася шукаць кветку, быццам знойдзе яе – і зменіцца нешта важнае. Гэтым разам і Алесь паабяцаў далучыцца да пошукаў, бо менавіта сёлета вырашыў, што лепшай дзяўчыны яму не адшукаць. Ніводная, акрамя яе, не ўмела так строга глядзець і гэтак заразліва гучна смяяцца. Няўжо ж Алесь не змог бы здабыць кветку, калі ёй так хочацца? Ды ён і месяц бы з неба зняў, калі б пажадала.

– А дзе Ванда? – рассеяна спытаў Алесь.

Паўлінка ўся сціснулася.

– Не ведаю. Кветку трэба адной шукаць, іначай не з’явіцца.

Алесь падхапіўся на ногі. Турбота запаўняла ўсе думкі.

– А дзе ты гэтага пана сустрэла?

Паўлінка махнула рукой і ён павольна, як зачараваны, пайшоў да паказанага месца. Ля самага берага ракі паказаўся чарнявы і каржакаваты Янка, які толькі на імгненне пакінуў у баку агульную весялосць.

– Чаго застыў, Алесь? – крануў яго за плячо Ян цёплай шырокай далонню. – Хапай вянок прыгажэйшы – і годзе.

– Ці бачыў Ванду? – разгублена азваўся Алесь. Усе думкі засяродзіліся на ёй, усе імкненні.

Ян нахмурыўся, над пераноссем утварыліся пацешныя маршчынкі, якія зрабілі яго падобным на вожыка.

– Алесь, што з табой? – ляпнуў па спіне Янка. Цені ад вогнішча так ляглі на зморшчыну паміж броваў, што Янка здаваўся злавесным і непрыемным.

Алесь бы з радасцю растлумачыў, але ў яго галаве не было аніводнага слова. У вачах пекла, быццам у іх трапіў пясок або парушынка.

– Пачуццё ў мяне нейкае брыдкае, – буркнуў сабе пад нос Алесь. І, спрабуючы выглядаць больш упэўнена, пастукаў па грудзях. – Вось тут.

Янка, на здзіўлення, не засмяяўся. Маршчынкі разгладзіліся, і ён зноў ператварыўся ў старога сябра. На яго твары застыў выраз турботы. Прыгадаў, дакладна, гісторыю, як з суседняй вёскі дзяўчына купальскай ноччу згінула. Любіць паскуддзе ноч гэтую, гаспадарыць на зямлі, як у сябе ў хаце.

– Ты ж нарачоны яе, значыць і на самай справе трэба знайсці, – сур'ёзна адгукнуўся Янка, сажмурыўшы чорныя, як бяззорная ноч, вочы. – Можа, дапамагчы табе? З табой пайсці?

Алесь матнуў галавой. Ды глупства ўсё гэта, гульня купальскага агню, што бянтэжыць і турбуе, зацягваючы ў кругаварот паданняў і легенд. Ванда, пэўна, зусім недалёка адышла, ён і адзін дасць рады.

Алесь пайшоў уздоўж берага, разганяючы туман у сваёй галаве. Ён не мог успомніць, дзе сам быў увесь гэты час, але чамусьці здавалася, што ў страчаным кавалку памяці таілася разгадка таго, дзе знаходзілася Ванда. Ён не заўважыў, як паглыбіўся ў лес. Пошукі здаваліся бясконцымі, але неспакой які распусціўся, прымушаў ісці наперад.

Памяць вяла яго даўно вывучанымі сцяжынкамі скрозь пыкрыўленыя дрэвы і старае ламачча. Дарогі блукалі, а лес не канчаўся. Ён быў падобны рацэ: чым далей праходзіш, тым глыбей патанаеш ў гуках, пахах і адчуваннях.

Наперадзе з’явілася вялікае дрэва. Раптам шум заціх, быццам ноч заглушала ўсе гукі. Лісце дрэва ледзь дрыжала, хоць ветра зусім не было. Алесь пераступіў з нагі на нагу. Гучна хруснула галінка.

Крона ўспыхнула бурштынавым колерам. Хлопец ступіў наперад. Свячэнне распаўсюдзілася ўніз, азараючы велізарныя карані. Цяпер увесь клён быў заключаны ў залацісты круг. У галінах дрэва зашчабяталі птушкі, нібы да лісця ўжо дакрануліся сонечныя прамяні. Ля вузлаватых каранёў жа, наадварот, згусцілася цемра. На імгненне цемру асвяціла нешта яркае, ствол дрэва трэснуў пасярэдзіне, а затым з'явілася белая постаць, якая рабілася вышэй з кожнай секундай, пакуль не ўстала ва ўвесь свой рост.

Яна выпрасталася і цяпер падавалася маладой жанчынай, толькі твару яе было ніяк не разгледзець. Алесь адчуў дрыготу, але смела пайшоў наперад да дрэва. Постаць змахнула тканіну з твару. Перад Алесем была сухая баба з запалымі вачыма.

– Белая баба, – у жаху прамармытаў Алесь.

Вястунка смерці. Яго прадзед таксама сустрэў у лесе белую бабу, а на наступны дзень не прачнуўся. Алесь адчуў, як у сэрцы пасяліўся страх. Не паспеў ён і рукой варухнуць, як баба знікла, а на каранях дрэва з'явіліся тры дзяўчыны з калаўротамі. Алесь не мог адарваць погляду. Дзяўчыны здзіўлялі і зачароўвалі, палохалі і прадказвалі. Ад іх верацёнаў адляталі прывідныя сілуэты людзей: дзядок, бледны пан, дрыжачая купчыха, сухотная дзяўчына. Алесь зажмурыўся.

У галаве, як і ў сэрцы, дагэтуль сядзеў страх, але Ванду трэба было знайсці. Ён зрабіў крок наперад. Вакол яго распаўзліся змеі. Яны віліся пад нагамі і падымаліся вышэй, імкнуліся ператварыцца ў адзенне Алеся. Толькі цяпер ён ведаў, што ў Купальскую ноч, часам, можна адшукаць дзверы ў іншы свет. І, здаецца, ён іх знайшоў. Быць можа, і Ванда заблукала ў лесе і прайшла праз дрэва ў іншае месца.

Алесь насілу адарваў погляд ад змей. Ля самай расколіны дрэва цяпер стаяла багатае ложа, а ў ім ці то змяя з чалавечай галавой, ці то дзяўчына з доўгім змяіным хвастом. Яе залатыя вочы глядзелі на Алеся з дрэнна схаванай цікавасцю. Гэта была вужалка, дачка Вужынага караля, што ахоўвала мяжу светаў.

Дзяўчына махнула сінюшнай рукой і змеі зніклі. Яна правяла па валасах пазалочаным грэбнем і крыва ўсміхнулася Алесю.

– Навошта табе туды? – прашыпела дзяўчына.

– Я шукаю тую, якую кахаю, – проста адказаў Алесь.

Дзяўчына-змяя прыжмурыла свае незвычайныя вочы.

– Кахаеш, ды не так. Шукай-шукай, ды не тут, – і звонка засмяялася.

– Ці дасі прайсці? – і махнуў рукой у бок дрэва.

Вужалка перастала расчэсваць валасы.

– Не верыш, значыць? Хочаш пераканацца сам?

Алесь замяўся. Крыўдзіць вужалку не хацелася. Тая, адчуўшы яго сумневы, паціснула плячыма.

– Ну ідзі. Толькі, – вужалка на імгненне заціхла, – калі раптам сустрэнеш маю сястру, то вярні яе дадому, а то бацька турбуецца.

– Якую сястру? – Нахмурыў брові Алесь.

Вужалка махнула рукой.

– Ты яе пазнаеш.

І ўсё, што бачыў Алесь, завагалася і раскалолася на незлічоную колькасць крупінак, а потым зноў згарнулася, але ні вужалкі, ні дрэва побач не было. Алесь апынуўся ў горадзе, які не мог і ўявіць.

Погляд не мог ахапіць усяго хараства горада. Той быў не роўня мястэчку, каля якога жыў Алесь. Каменныя вулачкі перацякалі ў вытанчаныя домікі з гаўбцамі і фантанамі, а векавыя дрэвы суседнічалі з дагледжанымі паркамі. Алесь ніколі не бачыў такой бязмежнай красы, хіба што квітнеючы лён або майскі хвойны лес. Ён, як зачараваны, блукаў сярод высокіх і таямнічых будынкаў, якія, здавалася, захоўваюць страшную таямніцу будучага альбо мінулага. Яны – ціхія вечныя сведкі жудасных злачынстваў і крывавых дзён. Вось і пазіралі змрочна на людзей з іх дурнымі клопатамі, беражліва ахоўваючы іх ад ведаў. Алесь ледзьве адарваў погляд ад злавесных шпіляў і зірнуў на тых, хто побач з імі жыў.

Па вузкіх вуліцах хадзілі людзі, але людзі тыя здаваліся іншымі. Безбародыя мужчыны, падпяразаныя шаўковымі паясамі, вытканымі залатымі і срэбнымі ніткамі, жанчыны з дзіўнымі высокімі прычоскамі. Яны не ішлі, а беглі міма Алеся. Знаёмыя і ў той жа час чужыя твары вабілі да сябе і адштурхоўвалі. Алесь матнуў галавой, каб спудзіць насланнё. Удалечыні пачуўся шум мора, а цёплае сонца ласкава краналася Алеся. Вандзе б спадабалася, яна заўсёды марыла аб далёкіх краях і з захапленнем слухала небыліцы пра розныя краіны, якія расказвалі чужынцы, што зрэдку міналі вёску. Яна не сумнявалася ў іх праўдзівасці, хоць Алесь часта не верыў падарожнікам. Што гэта за краіна такая, у якой сонца ўзыходзіць? Хіба ў нас яно не ўзыходзіць? А ці бываюць краіны без зім? Можа, яшчэ недзе і лета не надыходзіць? Ванда мусіць быць тут.

Гарадскія будынкі купаліся ў яркім сонцы, Алесю нават падалося, што гэта праз самі будынка цячэ святло. Ён адчуў подых ветру на сваёй шчацэ.

– Як ты сюды патрапіў? Не месца табе тут, – незадаволены шэпт накіраваўся пад скуру, ударыў па нервах.

– Я… – у горле перасохла. Жанчына, якая звярнулася да яго, была ярчэйшая за сонца і цяплейшая за летні вечар. Высокая і ладная, яна заспакаяльна ўсміхнулася і паправіла пышныя, падобныя на залатое павуцінне, валасы. Алесь застыў, уражаны здагадкай. Ён трапіў у горад багоў, уварваўся сюды, як у сваю хату.

 

– Лепш ідзі туды, адкуль прыйшоў, – перасцерагла выдатная незнаёмка. Ад яе пахла пшаніцай і роднай зямлёй, працай і любоўю.

– Не пайду, – нечакана ўпарта адазваўся Алесь. Па спіне прабеглі дрыжыкі, але Алесь узяў сябе ў рукі. – Я шукаю сваю нарачоную, Ванду. Не пайду, пакуль не знайду.

Жанчына матнула галавой. Алесь залюбаваўся перапляценнем залатых нітак на яе галаве. Яна ж апякунка любові і жыцця, запознена ўспомніў Алесь. А Ванда для яго – вясновая ворыва і засеянае поле.

– Купальскай ноччу дарога і сюды прывесці можа, – зноў паправіла распушчаныя валасы, а потым, быццам нешта ўзгадаўшы, ажывілася. – Табе, малойца, да Мокаш трэба. Яна ўсе лёсы ведае. Яна і пакажа табе шлях.

Алесь распрастаў плечы.

– А як да яе дайсці?

Жанчына паглядзела на яго, як на вясковага дурня, які ўварваўся ў панскі палац.

– Падымешся на гару і там знойдзеш пячору. У ёй Мокаш і сядзіць, прадзе лёс. Ты глядзі, дачакайся трэцяга дажджу, перш чым гаварыць з ёй, бо іначай зблытаюцца ніткі, чыесьці лёсы перамяшаюцца, хто ведае, да чаго гэта можа прывесці.

Алесь пакланіўся незнаёмцы. Яму хацелася пераканацца ў сваіх высновах, і ён няўцямна зірнуў на жанчыну. Тая з цікавасцю паглядзела на яго.

– Падкажы, як зваць цябе, каб я ведаў каму дзякую.

– Лада, – жанчына больш не ўсміхалася, але Алесь зразумеў, чаму побач з ёй было так спакойна, як побач з роднай маці, яна ж і ёсць маці ўсяго існага.

– Дапамагу табе яшчэ ў адным. За павагу тваю да мяне аднясе цябе да той гары цмок, – сказала, і адразу ж наляцеў моцны вецер, такі, што не відаць было больш ні Лады, ні горада. Вецер супакоіўся, а побач з Алесем прызямліўся крылаты змей. Алесь у страху адхінуўся. Гэты змей меў шырокае тулава, а крылы як у бусла, толькі скураныя. Шыя была тонкая і доўгая. Дакладна, гэта і ёсць цмок, пра якога казала Лада. Галава ў яго змяіная, але з аленевымі цёмнымі вачыма. Цмок наблізіўся, нахіляючы галаву. Алесь глыбока ўздыхнуў і працягнуў руку, каб пагладзіць незвычайнае стварэнне. Той сам пацягнуўся насустрач і пацёрся галавой аб яго далонь. Луска жывёлы была цёплай і аксамітавай. Цмок павярнуў галаву і паказаў Алесю, што яму трэба сесці на спіну. Алесь памарудзіў, але залез на цмока пад яго нецярплівае варушэнне галавой. Цмок з крахтаннем падняўся ўверх, вышэй і вышэй, пакуль не аддаліўся ад дахаў дамоў. Здавалася, што змей вось-вось скіне яго на адным з віражоў. Алесь мацней схапіўся за цмока, але ўжо хутка адпусціў адну руку. У вушах свістала ад ветру, а сэрца напаўнялася захапленнем. Ён смела глядзеў наперад і нават выпрастаўся. Аблокі і сіняе-сіняе неба, якія здаваліся такімі далёкімі там, унізе, цяпер былі зусім побач, але ў той жа час рукой не дакрануцца. Прахалодным паветрам было не надыхацца, а за гарызонт ніяк не зазірнуць. Цмок рэзка нахіліўся, і Алесь ледзь не сарваўся, у апошні момант утрымаўшыся за луску. Палёт скончыўся занадта рана, Алесю хацелася ляцець далей, вышэй і хутчэй, але цмок, па загадзе, даставіў яго да падножжа гары і незадаволеным буркатаннем пачаў зганяць вершніка са сваёй спіны. Алесь спешыўся і пакланіўся, а затым зноў пагладзіў цмока па скураным крыле. Той зноў пракрахцеў, а потым рэзка ўзняўся ў паветра, ледзь не збіўшы Алеся з ног.

Алесь падняў галаву ўверх і ўбачыў, што гара знікала ў вышыні аблокаў. Цяжка ўздыхнуў і пайшоў па серпантыне ўверх, да той самай пячоры. Дробныя камяні спускаліся з крутой дарогі і разбіваліся недзн ўнізе. Дарога станавілася вузейшай, пакуль зусім не знікла. Цяпер трэба было забірацца па самой скале, усё вышэй і вышэй, да сваёй мэты. Сонца з добрага сябра ператварылася ў бязлітаснага ворага, апальвала стомленыя рукі. Алесь думаў толькі аб Вандзе, стараўся не заўважаць перамены ў настроі надвор'я. Калі ў цябе ёсць мэта, то яна абавязкова да чагосьці прывядзе, а на дарозе цябе не спыніць сама смерць, не тое што надвор'е.

– Не лаеш мяне, хоць я суровы да цябе. Такі добры ці дурны? – прамовіў малады голас, а перад Алесем зноў з'явілася сцяжынка, але цяпер на ёй стаяў высокі светлавалосы юнак у бліскучай вопратцы. Калі б вясна была чалавекам, то цяпер перад ім была вясна ў цялесным вобразе. Само зменлівае і гуллівае сонца глядзела на Алеся.

– Не гневайся, Дажбог. Толькі калі ёсць нешта, што даражэй за ўсё на свеце, то нічый гнеў не страшны.

Юнак нахіліў галаву на бок, як птушка. Ён і сам быў падобны да маленькай птушачкі, якая пралятае ўсюды і з цікаўнасцю глядзіць на людзей.

– І што ж цябе гоніць наперад, хлопча?

– Нявесту шукаю, хачу ў Мокаш дарогу да яе даведацца.

Бог сонца вытанчана махнуў рукой.

– Каханне. Калі ёсць у гэтым свеце нешта большае за зло і дабрао, мацнейшае за смерць і жыццё, то яно самае. Ніхто не павінен яму супрацьстаяць – ні бог, ні нячысцік. А калі хто вырашыць, што вышэй за яго стаіць, той пракляты будзе на стагоддзі. Ідзі, хлопча, – і адышоў з дарогі.