- -
- 100%
- +

I
Роўна ў дзевяць вечара пачуўся стук у дзверы. Гаспадыня кватэры, Раіса Міронаўна, павольна ўзяла пульт ад тэлевізара, паставіла праграму навін на паўзу і з трывогай паднялася з канапы. Жанчына чакала гасцей раніцай, але яны не з'явіліся нават на абед, і вось, нарэшце, толькі цяпер пастукалі ў дзверы. У гэтую хвіліну, з-за непрыемных навін, якія абмяркоўвалі суседзі і навінавыя інтэрнэт парталы, яна адчувала неспакой. Раіса Міронаўна спадзявалася, што госці нясуць толькі добрае і застануцца ў яе як мага больш. Пальцы рук злёгку падрыгвалі ад старасці, а афарбаваныя сівыя валасы ў цёмны тон казалі пра нямірэнне са старэннем. Жанчына баялася выглядаць старэй сваіх гадоў, таму старалася сачыць за сваёй скурай і ў цэлым за здароўем. Але ў гэты дзень, ці то ад перажыванняў, бо даходзілі нядобрыя чуткі да яе, ці то ад недахопу пазітыўных сцэн на экране, Раіса Міронаўна забылася пра сябе. З усходам сонца ў галаву загружаліся непрыемныя падзеі, якія даносіліся з суседняга пад'езду, і толькі цяпер яе адцягнуў ад гэтага чаканы падыход гасцей. Шарпаючы тапкамі па падлозе, жанчына падышла да дзвярэй. У гэты момант яна думала пра сына і пра першую сустрэчу з будучай нявесткай, аб абяцаным знаёмстве, якое, на яе думку, павінна прайсці, безумоўна, вельмі прыемна.
– Паша, гэта ты? – спытала Раіса Міронаўна, паварочваючы замок.
– Так, мам. Хто ж яшчэ?
Жанчына адчыніла дзверы і ўпусціла свайго меншага сына, які жыў у абласным цэнтры, у адным горадзе з ёй. Адзіная дачка і старэйшы сын знаходзіліся далёка, да мамы прыязджалі нячаста.
У кватэру ўвайшоў круглатвары, бялявы Паша Лісаковіч. Ён быў адзін. У лёгкай спешцы, спярша абняў маці, затым вымавіў:
– Знаёмства адкладзена.
Сын рушыў, каб вымыць рукі і сесці за стол.
– Што такое, чаму ты без яе? Дзе Марына? – перажывала Раіса Міронаўна, – Што, насамрэч, там у вас? – тупала следам, думаючы пра сябе: "Ці не здарылася што? Чаму ён прыйшоў так позна і адзін?".
Мама адпусціла пытанні, вырашыла накрыць на стол, а ўжо потым пачуць ад сына адказы. Чакаючы прыход Пашы раніцай, яна прыгатавала сырнікаў, зараз жа падагрэла і паставіла іх на стол, таксама дадала да стала смятану і сочыва.
Сын зайшоў у невялікую кухню, дзе пахла смачным. Ён падняў вочы на насценны гадзіннік. Чорныя стрэлкі замерлі на палове пятага.
– Мам, гадзіннік у цябе не робіць, – пачаў ён.
– Дзе Марына? Ты зноў хаваеш нешта ад мяне! Ой, не …вы разышліся?
– Усё добра ў нас. Мам, даруй. Гэта я ва ўсім вінаваты, што мы не прыйшлі да цябе разам. Мне па рабоце трэба было ад'ехаць. А заўтра я ў камандзіроўку, у Менск.
– Ты што! Ты заўтра не едзь у Менск! Там такое творыцца… – з воклічам сказала Раіса Міронаўна, а затым ціха задумалася, – Як там наш Сяргей? На тэлефонныя выклікі не адказвае…
– Батарэйку купі. Ты заўтра па хлеб будзеш спускацца?
Мама толькі адкрыла рот, не паспела сказаць ні слова, як ізноў стала слухаць.
– Заўтра, як пойдзеш, не забудзься ў краме батарэйку купіць. Я прыеду, устаўлю яе і павешу гадзіннік на сцяну. Сама не лезь. І выходзь паболей з кватэры, як табе лекар рэкамендаваў. А то ты выглядаеш хмурна. Надвор'е сёння было выдатнае. Ты спускалася ў сквер, галубоў карміла?
Раіса Міронаўна не хацела хваляваць сына сваімі трывогамі, але ўсё ж, чакала зручнага моманту, каб пераканаць сына не ехаць у сталіцу. Паша працягваў гаварыць, зняў са сцяны гадзіннік, затым дастаў з іх акумулятар.
– Трымай. Вось такую купіш, – працягнуў ён батарэйку і пакінуў гадзіннік на стале.
Мама кіўнула, прыбрала батарэйку ў кішэню цьмяна-сіняга халата, а затым вымавіла з лёгкай запінкай у голасе:
– Бог з гэтым, сынок… Вунь, званок дзвярны спярша трэба адрамантаваць. А то неяк не па-людску. Суседка, Валянціна Пятроўна, сваімі слабымі рукамі не дастукаецца да мяне. Падумае, што я памерла.
– Суседка няхай тэлефануе табе, перад тым, як зайсці. А дзвярны званок я паслязаўтра адрамантую, разам з гадзіннікам. Усё зраблю, толькі потым. Я сёння не магу, зараз толькі на хвіліну забег, дый і цямнее ўжо. Я хацеў адведаць цябе і сказаць, што заўтра ўжо не заеду. Пасля камандзіроўкі, потым усё зраблю! – адказаў сын, сеў за стол і ласкава заўсміхаўся, быццам гатовы ў чымсьці добрым прызнацца.
Раіса Міронаўна таксама прысела на крэсла, за стол. Яна не адчувала радасці і цеплыні ў душы. Моўчкі падсунула цёплыя сырнікі бліжэй да сына, а затым коратка вымавіла:
– Не надумаўся, усё ж такі?!
– Пра што гэта ты? – рабіў недаўменны выгляд сын.
– Усё пра тое ж! Ніяк не пазнаёміш мяне з Марынай. Ці яна сама, адна, да мяне заедзе? Ой, не пра гэта зараз. Я сёння чытала, што ў Менску рабочыя захварэлі нейкай страшнай хваробай.
– Ну, мам, пазнаёмлю, пазнаёмлю з Марынай, але не зараз. Ты ведаеш, няма часу. Але абавязкова пазнаёмлю, ужо хутка. Мы толькі пераехалі ў новую кватэру. А з пераездам усе гэтыя клопаты… Пакуль тое, пакуль іншае. Скрынкі яшчэ не ўсе раскрытыя. Вось разбяром усё і абавязкова цябе пазнаёмлю. Ты як? Атрымліваецца добра паспаць? Ці дапамагаюць тыя таблеткі, што Ева прывезла з-за мяжы? – перакладаў размову Паша, згадаўшы сястру.
– Ох, паспала… Сынок, вечна ў цябе няма часу! Я, напэўна, хутчэй памру, чым дачакаюся знаёмства, чым убачу на якой дзяўчыне ты хочаш ажаніцца. І таблеткі не дапамогуць дачакацца. Ты паглядзі на мяне …на старую. На бацьку ў цябе быў час. Супакоіць бог яго душу. Пры ім, дык ужо адрамантаваў бы ўсё. А як на матку, дык часу няма. Дзвярны званок ужо месяц абяцаеш адрамантаваць. Так і з гадзіннікам будзе, і з Марынай. Ой. Ох. Сынок не выязджай заўтра ў Менск. Прашу! Прыходзьце заўтра з Марынай да мяне.
– Як гэта не ехаць? Праца ў мяне такая. Трэба мама, трэба.
– Там жа, не зразумець, што дзеецца.
– Вось я з'езджу і даведаюся.
– Няма ў мяне болей сіл спакойна думаць. Кажу табе, сэрцам адчуваю, застанься заўтра дома! Бальнічны вазьмі ці адгул!
– Не прыдумляй. Усё будзе добра.
– Вечна ты мяне не слухаеш. Сырнікі вунь еш, пакуль не астылі. Чакала вас раніцай, бачыш колькі часу прайшло. Дзень увесь чакала, а ты толькі цяпер прыйшоў!
Раіса Міронаўна адвярнулася. З пакрыўджаным тварам яна паглядзела ў акно, за якім прыгожа гарэў летні захад сонца пераліваючыся апошнімі прамянямі. Ёй здавалася, што ўсе надзеі пакінулі яе, зніклі, і цярпення працягваць размову ўжо не было. Яна адчула сябе нешчаслівай гераіняй серыяла, таго самага, які глядзела ўвесь дзень пры чаканні гасцей. Таму сталася яшчэ больш сумна, быццам з ёй здарылася тое ж самае, што ў апошняй серыі.
– Ну, ты чаго, мама?! – сказаў Паша, ядучы, – Я ж да цябе прыязджаю. Не кідаю. Ты не хвалюйся, паслязаўтра дакладна ўсё адрамантую.
Маці маўчала не болей за хвіліну, а затым паглядзела на сына са смуткам.
– Не ў гэтым жа справа… – з непакоем адказала яна.
– Ты маеш рацыю. Як вярнуся са сталіцы, пазнаёмлю цябе з Марынай. Яна адкіне ўсе свае справы і прыедзе паслязаўтра са мной да цябе! – упэўнена адказаў сын.
У пацьмянелых блакітных вачах Раісы Міронаўны спачатку заззяў агеньчык. Яна без ваганняў зноў паверыла яго словам. У галаву адразу палезлі добрыя думкі, верачы, што ў гэты раз будзе без сюрпрызаў і словы сына не развеюцца, як пыл па ветры. У першую чаргу, яна зычыла свайму сыну добрую жонку, бо яго першы шлюб скончыўся няўдала. Затым, агеньчык у вачах зноўку пацьмянеў: жанчына ўспомніла размовы, якія хадзілі па шматпавярхоўцы.
– Кажуць, адна сям'я з нашага дома захварэла. Пасля таго, як мужчына вярнуўся з Менску, – устрывожаным голасам казала яна, – Застанься дома. Паслухай, мяне. Я чытала, што цэлая брыгада будаўнікоў, пасля працы ў метро, захварэла. Можа, сынок, пакуль не едзь у камандзіроўку.
– Усё ў Менску добра. Калі б гэта было праўдай, я б дакладна ведаў. Добрыя журналісты пра такое ведаюць. Не перажывай, гэта ўсё няпраўда. А тое, што ў суседнім пад'ездзе захварэла сям'я, то можа ўся сям'я з'ела нешта не тое, атруцілася.
– Сяргееўна з дваццаць першай кватэры ўчора казала пра страшныя рэчы, што побач хвароба нейкая ходзіць. Зачынілі ўвесь пад'езд. Можа, чуткі, а можа… Ой, баюся…
– Мам, далібог, адкуль ёй ведаць. Яна, як і ты, начытаецца ўсяго з інтэрнэту, а потым перажываеце толькі. Не трэба верыць усяму, што пішуць. Усё будзе добра са мной.
– Ой, сынок, нешта на душы неспакойна… Я і Сяргею тэлефанавала, але твой брат усё заняты, не адказвае мне. Ці не здарылася што з ім?
За акном сціхаў горад, людзі спяшаліся па сваіх дамах, а Раіса Міронаўна нікуды не спяшалася. Сын яшчэ трохі пагаварыў з ёй, а затым паглядзеў на наручны гадзіннік і ўстаў з-за стала. Раіса Міронаўна яшчэ болей расхвалявалася, яна неспакойна адпускала сваё дзіця, думала аб смутнай будучыні і ні пра што іншае. Хай сэрца яе стукала як маладое, але трывогі пераносіліся цяжка. Яна выпіла таблетку.
– Ну ўсё, мам. Мне пара. Чакай мяне з Марынай! Хутка з ёй пазнаёмлю! – сказаў Паша, збіраючыся сыходзіць.
Толькі гэта грэла матчыну душу, што сын не быў адзін, што вось-вось ён ажэніцца. Раісе Міронаўне стала лягчэй. "Усё будзе добра! Бог цябе абароніць, зберажэ ад пошасці!" – падумала яна, уздыхнула і перахрысціла сына. І ні пра які іншы расклад жанчына ўжо не думала. Нават ні на секунду не праслізнула думка, што ў сям'ю прыйдуць беды. Гэты серыял яе думак мог шчасліва завяршыцца, але прыгожае ўяўленне, зноўку разбавілася трывогай.
Калі сын сыходзіў за дзверы, Раіса Міронаўна сказала яму:
– Як будзеш у Менску, да Сяргея не забудзься заехаць. Ты даўно брата не бачыў. А сям'я павінна трымацца разам. Спадзяюся, усё ў яго там добра.
– Усё добра ў яго, – Паша ціха пагадзіўся і кіўнуў галавой, паспяшаўся да машыны.
На вуліцы, ля пад'езда, яго сустрэў дзед Валодзя. Сівавалосы, нізкі стары ў спартыўным касцюме, які жыў паверхам ніжэй Раісы Міронаўны. Ён ведаў Пашу ўсё яго жыццё.
– Лісаковіч, стаяць! – выгукнуў дзед хрыплым голасам і сеў на лаўку, пад пухнатыя галіны бэзу, якія асвятляліся ліхтаром.
– Ох, гэта вы! Вечар добры! – са здзіўленнем вымавіў Паша, з-за спешкі, не адразу заўважыў старога сябра.
– Сядай, пабалбатаем! – працягваў гаварыць дзед, – Прыязджаў да матулі?
Кіўнуў у адказ Лісаковіч, спыніўшыся ля сваёй машыны, а дзед Валодзя ўсё казаў:
– Правільна, дапамагчы ёй трэба. А то, яна мяне не падпускае, кажа, сын прыедзе – усё зробіць! – пераклаў дзед свой кій з рукі да краю лаўкі, – Раіса табе казала, што сёння ў нашым доме памерлі людзі? Глянь-ка, нават дагэтуль хуткая і міліцыя стаяць. У ахоўных касцюмах, вунь, паглядзі, ходзяць яшчэ, няўжо зноў якая халера?
– Прабач, дзед, спяшаюся. У наступны раз пагутарым! – адказаў Лісаковіч і нават не зірнуў у бок машын экстранай дапамогі, а сеў за руль свайго аўтамабіля і з'ехаў.
Дзед Валодзя пакруціў галавой і прамовіў:
– Эх, Пашка, бяжыць, спяшаецца кудысьці. Непаслухмяны Пашка. Як у дзяцінстве, на месцы не стаіць. Відаць жа, пра маці нават сёння не паклапаціўся. Што за журналіст такі шалапутны, не цікавіцца здарэннем у двары, – паглядзеў ён на шэрага ката, які падышоў да ног, – А ты, адкуль прыйшоў? Не спяшайся, пасядзі са старым, помурлыкай мне.
II
На наступны дзень Лісаковіч наведаў Міжнародную спецыялізаваную экалагічную выставу, якая адкрывалася ў Цэнтральным раёне Менску. Па рабоце трэба было сабраць не толькі цэласны матэрыял аб мерапрыемстве, але і надаць вялікую ўвагу сваім, землякам, Гарадзенскай моладзі, якая прадстаўляла свае рашэнні па развіцці экаўпакоўкі. Лісаковіч даўно не быў у сталіцы, тры гады як. Да камандзіровак ён ставіўся добра і таму выклікаўся першым. Яму хацелася імчацца наперад, хацелася расці ў журналістыцы, працаваць у самай папулярнай крыніцы. Таму, мужчына імкнуўся як мага болей пра сябе заявіць, збіраў рознабаковы матэрыял, сам шукаў важныя тэмы, над якімі трэба было паразважаць. З-за чаго начальства вырашыла, што яго ўвага годна сталічнай выставы.
На сваёй машыне Лісаковіч спакойна дабраўся да Нацыянальнага выставачнага цэнтра. Перад самым пачаткам мерапрыемства, ля ўваходу, ён сабраў меркаванні простых людзей, спытаў аб іх чаканнях і значнасці выставы. Затым, увайшоўшы ва ўнутр будынка, ён падвоіў крок, каб, спяшаючыся ахапіць усю інфармацыю, якая прадстаўлялася там. Лісаковічу хацелася раней за ўсіх апублікаваць артыкул аб прадстаўленні экалогіі цяперашняга часу і аб яе развіцці ў будучыні, у яе розных галінах.
На працягу наступнай гадзіны журналіст старанна рабіў сваю працу, падыходзіў да самых цікавых, на яго погляд, выставачных кутках. І калі задуменны Лісаковіч праходзіў міма не зацікаўленай экспазіцыі, ён пачуў жаночы голас, які імгненна памяняў яго планы.
– Паша? Паша, Лісаковіч!? – пачулася з боку.
Паспешлівы журналіст адразу спыніўся, з цікавасцю павярнуўся на голас. Ён быў здзіўлены нечаканасцю сустрэць тут знаёмы твар. Лісаковіч хутка пазнаў гэтую дзяўчыну ў белым халаце. Перад ім стаяла Ірына, той самы чалавек, з якім ён цесна меў зносіны ва ўніверсітэце. Будучы студэнтамі, яны кахалі адно аднаго, але пасля першага года вучобы Пашу надакучылі заняткі, і ён пайшоў у войска. Зносіны з Ірынай хутка зніклі. А калі ён вярнуўся да цывільнага ладу жыцця, то абраў сабе новы ўніверсітэт, новы напрамак, паступіў на журналістыку завочна. За доўгія мінулыя гады ён не шукаў магчымасці наладзіць стасункі з Ірынай.
З першага погляда Лісаковіч заўважыў, як змянілася Ірына: стала нейкай іншай, не толькі пасталелай, але і здавалася, што яе ўнутраны свет таксама стаў іншым. Лісаковіч быццам убачыў у ёй новага чалавека, але нягледзячы на гэта, прыгожая ўсмешка, ямачка на шчацэ і бляск карых вачэй – засталіся прыемна знаёмымі. Ірына паправіла чорныя валасы, стрыжаныя пад карэ, шчыра заўсміхалася, калі ўбачыла неабыякавага ёй чалавека. Нечаканая сустрэча абудзіла ў жаночых грудзях знаёмае цяпло. Яна хацела абысці стол і стэнды, падысці да яго і моцна абняць, але ногі быццам не слухаліся. Лісаковіч падышоў першым.
– Прывітанне, – ціха вымавіў ён з усмешкай.
– Сардэчна запрашаем на выставу! – адказала Ірына і паправіла акуляры з чорнай аправай, – Чаму праходзіш міма? А, разумею, верагодна, мая тэма экатурызму цябе не цікавіць!
– Я здзіўлены. Праз столькі гадоў, тут, вось так, мы сустрэліся. Ты мяне пазнала. Я не змяніўся? – з ласкаю ў голасе, але з вінаватай трывогай мінулага, казаў Лісаковіч, крыху забыўшыся пра сваю работу.
Ён быў апрануты з густам, гладка паголены, а кароткая прычоска надавала маладосці. Гэта быў не той хлапчук, якога яна ведала, перад ёй стаяў мужчына, які прыемна прыцягваў яе ўвагу.
– Я цябе любога пазнаю, і ўсё роўна мне, колькі часу пройдзе. Так, ты толькі злёгку паправіўся і гэта выдатна. Стаў дужым. У момант нашай апошняй сустрэчы ты быў занадта худым, – ненадоўга з’явілася паўза, пасля якой, яна прадоўжыла, – А я, па-ранейшаму турызмам і экалогіяй займаюся, не пайшла па бацькавай лініі. Як табе выстава? Працуеш тут ці зацікаўлены гэтым, ці так …марнуеш час?
– Не схлушу, калі скажу, што ад выставы я чакаў большага. Але спадзяюся, мая публікацыя выйдзе не горшай, надасць размах і ідэю грамадству. Ты са мной пагодзішся, экалогія – гэта важны аспект нашага жыцця, нашага свету.
– Згодна. Па бэйджу бачу, ты ўсё ж скончыў універ, стаў журналістам?! Варта было таго?.. Знайшоў у журналістыцы сябе? Знайшоў, што шукаў? – спытала Ірына, успамінаючы іх расставанне, а затым дадала, – У цябе кальца няма, развёўся ці па-ранейшаму халасты …а можа зняў яго?
– Я перажыў развод… А ты як?
– Я таксама адна, – ухмыльнулася Ірына і паправіла залаціста-зялёны бранзалет на правай руцэ.
Ізноў павісла няёмкая паўза. Лісаковіч неспадзявана апусціў вочы на тое самае ўпрыгожванне, падоранае ім у адзін з выдатных, закаханых дзён. "Бранзалет пры табе?!" – здзіўлена, падумаў ён. Ірына заўважыла, як хвалююча глядзеў Лісаковіч і таму, прыйшла ў замяшанне, паспяшалася прыкрыць ўпрыгожванне рукавом халата.
– Што здарылася, чаму тут былі ўрачы? – загаварыла яна, – Ты ведаеш, што здарылася з тым пацярпелым каля буфета? Я крыху перапалохалася, калі людзі стоўпіліся, а потым разбегліся. Страшна стала за сябе.
– Гэй! – у размову ўлез цёмнавалосы калега Ірыны, смуглявы хлопец Мікіта Школік, – Я ж усё бачыў і табе ўжо ўсё распавёў! Я падбег да натоўпу, падумаў, што чымсьці магу дапамагчы. Ірына, можа, сябар твой не ў курсе, але я заўсёды дапамагаю людзям, не стаю збоку. Дык вось, я бачыў цёмную пляму на шыі ў таго хворага, што гучна сіпеў ад болю. Чорная, няроўная. Як клякса, якая вылазіла з-пад кашулі. Мужчына сціскаў рукі, злосна глядзеў на ўсіх, хто атачаў яго. Вось, так, – спрабаваў адлюстраваць злосны погляд Школік, – Потым, я заўважыў, што яшчэ адна такая пляма з'явілася на руцэ ў яго жонкі, але маленькае і небалючая. Жанчына не рэагавала на сваю метку. А яе муж, ну вы чулі, як ён крычаў ад болю. Гэта было падобна на пякельныя пакуты. А я стаю такі і думаю, а чым я яму дапамагу!?
Школік казаў хутка, трывожным тонам. Некаторыя літары псаваліся ў яго вуснах, ліліся так, што слухачам даводзілася ўслухоўвацца амаль у кожнае слова і толькі праз секунду прыходзіла разуменне, што было сказана. Мозг суразмоўцаў з тармажэннем апрацоўваў невыразныя словы і, падобна тэсту, хутка збіраў літары ў адно цэлае, падбіраў правільны сэнс, разбіраў гаворку.
– Мікіта, дзякуй! – спыніла свайго балбатлівага калегу Ірына, далей слухаць ёй было нецікава.
І Лісаковічу не хацелася болей услухоўвацца і разбіраць, як задачу, спешныя словы Школіка. Ён адвярнуў ад яго вочы і паглядзеў на Ірыну, загаварыў ціхім голасам:
– Я запытаў відавочцаў, кажуць, што мужчына атрымаў апёкі. Але ніхто не можа зразумець ад чаго. Ён быў у бяспецы і раптам адчуў боль. Я ўжо бачыў сёння ў горадзе не адну машыну хуткай дапамогі, калі ехаў сюды. Супадзенне, выпадковасць ці ж не? Я павінен напісаць пра гэта. Але, пасля, я ж тут па-іншай нагодзе. Ты не супраць, я цябе сфатаграфую, для матэрыялу?
– Так, добра! – устала ля свайго стэнда Ірына і ўзяла зялёную брашуру, – Цяпер, табе прыйдзецца напісаць і пра мяне.
– Нас дваіх! – імкліва падышоў і раўніва загаварыў Школік, – Мы тут удваіх працуем!
Лісаковіч адступіў назад, зрабіў фота і вярнуўся.
– Добра, – адказаў ён напаўголаса, – Мне пара ісці.
– Паша, пачакай! – усміхнулася Ірына і адышла ад калегі, – Можа, яшчэ сустрэнемся, пасля выставы? Ты ў Менску жывеш? – ласкава казала яна з відавочнымі ноткамі хітрасці.
– Даруй. У мяне шмат працы, – не хацеў прадоўжваць размову Лісаковіч, уважліва разглядаючы знаёмыя, прыставучыя вочы.
– Ты маеш рацыю, нам усім трэба працаваць. Разумею. Паша, можа, ты ўсё ж знойдзеш час. У мяне для цябе ёсць вельмі цікавая гісторыя. Як раз тая, якая табе дапаможа напісаць добры артыкул, а не вось пра гэта, сумнае. Апісваць імпрэзы – гэта не твой узровень. Ты калі-небудзь думаў пісаць пра большае, стаць індывідам? – заводзіла новую размову Ірына.
Яна не хацела, каб ён сыходзіў назаўсёды і шукала спосабы прымусіць яго застацца, вярнуцца. Здавалася, што гэтая іх сустрэча была не выпадковай. Ірына хутка вымавіла першую думку, якая загарэлася ў галаве, якая не несла ў сабе поўнай карціны, але ўсё ж такі магла прыцягнуць вялікую цікавасць у чалавека насупраць. Лісаковіч, як рыба, клюнуў на прынаду і гатовы быў яе праглынуць.
– Пра якую гісторыю ты кажаш? – зацікавіўся ён.
– Потым сустрэнемся, і я ўсё падрабязна раскажу, а то нам працаваць трэба. Добра? Паша, ты мне яшчэ не адказаў на мінулае пытанне. Ты ў Менску жывеш? – трохі прыжмурыўшы вочы спытала Ірына.
– Усё, потым. Ведаеш, так, давай, давай усё пазней абмяркуем. Так будзе лепей. А то зараз, і праўда, часу няма. Тут, на гэтым месцы, сустрэнемся. Толькі абяцай, што гісторыя варта майго часу! Убачымся! – сыходзячы, пры канцы Лісаковіч коратка зірнуў на Школіка, які глядзеў на яго спадылба, як злы паляўнічы.
– Запэўніваю! Галоўнае, вярніся і не прапусці свой шанец! – узрадавалася Ірына, яе бледныя шчокі злёгку паружавелі.
Лісаковіч змешваўся ў натоўпе, знік у людскіх постацях. Ірына міжволі, сціпла ўсміхнулася яму ўслед, правяла поглядам шырокія плечы, а затым доўга стаяла нерухома. Яна цяпер думала, што ў жыцці няма ніякіх няўдач, а толькі правільныя шляхі. Вочы нібы застылі, галава замерла, думкі пра Пашу сляпілі і адводзілі ў бок – няважным стала, што адбывалася побач. Тонкія пальцы несвядома круцілі бранзалет. Ірына неасцярожна ўспамінала іх гарачае каханне, іх пацалункі і доўгія размовы.
– Ірына! – цвёрда, бадзёра вымавіў Школік, – Людзі падышлі.
І тут жа, Ірына адышла ад сваіх прыемных думак, перавяла іх на працу.
III
Лісаковіч адправіў сваю справаздачу аб праведзенай рабоце ў рэдакцыю, вярнуў ноўтбук у заплечнік, і адчуў, што настаў вольны час. Ён хацеў заехаць да брата, затым вярнуцца дадому, але гісторыя Ірыны прыцягнула яго цікаўнасць. Зацікаўленасць вярнула журналіста да працы, патрэба ў цікавым аповедзе авалодала ім. Ён не мог адмовіцца ад такой магчымасці. Бо, не даведаўшыся ўсёй гісторыі, на яго б накінулася пакута сумлення. Лісаковіч задаваўся б пытаннем: "Ці магла тая гісторыя дапамагчы мне падняцца па кар'еры на прыступку вышэй?" . Цяпер нішто і ніхто не мог утрымаць яго патрэбы, і ён вярнуўся да Ірыны.
– Я зноў тут. Гатовы ўважліва слухаць, – пачуўся голас Лісаковіча.
Яна зноўку заззяла, як юная дзяўчынка. Шчыра магла прызнацца сабе, што схілялася да таго, што ён уцячэ, але сказала яму адваротнае.
– Чакала! Верыла, што ты прыйдзеш! – адказала яна, папраўляючы прычоску, – Тут становіцца неспакойна. Выставы толькі стамляюць мяне. Ты на машыне?
– Так, – хутка адказаў Лісаковіч і задумаўся: – "Па якой гэта прычыне закрываюць выставу раней?"
– Выдатна! Мой калега тут усё збярэ, прыбярэ. Мы можам ехаць! – Ірына адклала халат, які хаваў дзелавы сіні касцюм, строга паглядзела на калегу і сказала, – Я болей не вярнуся сюды. Мікіта, ты справішся! Прыбяры дробязь у скрынкі і на гэтым усё!
– Ну не! – прастракатаў дваццацішасцігадовы Школік, адстаўляючы скрынкі ў бок, – Я тут не застануся, тут становіцца жудасна. Людзей усё меней і меней. Ахоўнікі ўжо ўсіх выправаджваюць. Потым вернемся за рэчамі. Я з вамі! Вы куды едзеце?
– Не ведаю, – суха адказаў Лісаковіч, разборліва пачуўшы толькі пытанне.
– Едзем у кавярню?
Лісаковіч паціснуў плячыма і адвярнуўся. Яму было ўсё роўна, ці паедзе гэты незнаёмы чалавек з ім ці не. Галоўнае – не прапусціць расказ Ірыны. Яе маўчанне і спакойныя паводзіны толькі ўзмацнялі інтарэс. Хацелася зразумець, ці няма ў гэтай сітуацыі хітрага фокусу.
Школік страціў жаданне працягваць размову і замоўк, пакінуў экспазіцыю.
Энергічная і мэтанакіраваная Ірына першай убачыла ўзброеных людзей, першай падалася да выхаду.
– Ты куды так хутка памчала? Пачакай! – спытаў Лісаковіч ёй у спіну.
– Табе яшчэ патрэбны матэрыял? Едзем да чалавека, які ведае шмат сакрэтаў! – паспешліва цокала абцасамі Ірына.
– Спадзяюся, гэта не твае хітрыкі! – даганяючы, сказаў Лісаковіч.
Падбег да іх Школік і смела, з рэўнасцю, вымавіў:
– Ірына, дай яму адрас. Няхай ён сам, адзін, з'ездзіць да чалавека! Навошта ўдваіх вам ехаць?
– Так, – пагадзіўся Лісаковіч, па-сяброўску пляснуўшы па плячы нізкарослага Мікіты, – Які там адрас?
– Табе ён добра знаёмы, вядома, калі за гады ты не разгубіў памяць. Едзем да майго бацькі. Упэўнена, ён забыўся пра той твой учынак… Мы едзем да маіх бацькоў. Мікіта, я павінна быць побач. Маме будзе прыемна бачыць нас разам, а бацька лёгка пойдзе на кантакт, адкрые адну са сваіх таямніц, – у яе голасе гучала ўпэўненасць, а ў галаве спантанная ідэя не мела гарантый, вынікаў, закладзеных словам.
Ірына не ўяўляла, як адрэагуе яе бацька на госця, ці зможа ён наогул гаварыць з ім пра мінулае. Часам бацька быў непрадказальны, дзіўным. Дзівацтва вылучалася рэзкім пераключэннем эмоцый, нібы ў памяці круцілася кола ўспамінаў добрых і дрэнных, якое спынялася на адной з бакоў і выдавала настрой старому.
– А хіба яму можна выдаваць таямніцы, яго не пазбавяць заслуг пасля гэтага?
– Сядай за стырно! – настойліва сказала Ірына, – Не турбуйся за яго і за мяне. Яго турнулі з працы, несправядліва адправілі на пенсію. Ён усё раскажа, калі ты не будзеш ціснуць на яго. Спярша, я з ім пагавару, праверу яго настрой. Мой стары часам упарты. У мяне ёсць падступны прыём, які на яго добра падзейнічае. Толькі ты мне падыграеш.
Лісаковіч сеў у машыну згаджаючыся з усім. Ірына села спераду. Ніхто б не заўважыў, як на задняе сядзенне ціха сеў Школік, калі б ён не загаварыў:
– Я з вамі, а потым, на метро.
Ірына прамаўчала, яна была занятая сваімі роздумамі. Кіроўца, не кажучы ні слова, зірнуў у люстэрка, пераканаўся ў прысутнасці пасажыра. Аўтамабіль зрушыў з месца.





