- -
- 100%
- +
IV
У дарозе Ірына гаварыла з Лісаковічам пра мінулае. Успамінала, якім быў іх час, пражыты ў адносінах. Яна вышуквала толькі добрыя ўспаміны, спрабавала ўзнавіць моманты, абудзіць настальгію па тых часах. Аднак, у Лісаковіча ўспаміны не стваралі таго прыемнага асяроддзя, якое б мроіла пра раман з былой. Ён адчуваў сябе няёмка, пры гэтым, не падаваў выгляду, што ў яго ёсць нявеста. Твар усміхаўся, вушы слухалі. Лісаковіч заўважаў, як Ірына на яго глядзела, і бачыў у яе паводзінах намёкі на ўз'яднанне. У ёй прачыналіся не згаслыя пачуцці кахання. І як бы мужчыну не хацелася спыніць Ірыну і сказаць ёй, што паміж імі не можа быць нічога акрамя сяброўства, што ён неўзабаве ажэніцца на іншай – ён не змог расказаць усю праўду пра сябе. Лісаковіч баяўся, што яго прызнанне выклікае абурэнне і разбурыць шлях да матэрыялу. А яму вельмі хацелася напісаць новы артыкул, не ўпусціць гэты шанец. І пакуль становішча дзеянняў Ірыны былі не занадта адкрытыя і настойлівасць не заходзіла за рамкі, Паша паводзіў сябе стрымана.
Праехаўшы большую палову шляху, аўтамабіль спыніўся за кругавым скрыжаваннем, так і не дабраўшыся да пункту прызначэння. Увесь праспект Дзяржынскага замёр, рух спыніўся. Не ўсе кіроўцы выходзілі з машын, некаторыя сігналілі, выказваючы сваю незадаволенасць.
– Чаму ўсе стаяць? – спытала Ірына, а затым прашаптала, – Чаму тыя, двое, бягуць да нас?..
– Аварыя, – даў аб сабе знаць Школік, прасунуўшы галаву паміж пярэднімі сядзеннямі.
Лісаковіч, замест адказу, выйшаў з машыны і зірнуў наперад. Пакруціў галавой, затым вярнуўся на месца. У яго шырокіх вачах адбівалася энергія, з'яўляўся запал да таго, што адбывалася. Цяпер ён накіраваў свае думкі і мэты ў іншы бок, а прапанова Ірыны выйшла на другі план.
– Вельмі цікава. Я б напісаў пра нешта страшнае, – вымавіў ён.
Лісаковіч глядзеў у будучыню, уяўляў якім будзе яго вынік расследавання спантаннай падзеі і, як вынік, атрыманне хвалы ад кіраўніцтва і ад чытачоў. Было адчуванне, што ў ім не было спачування да пацярпелых. Журналіст думаў пра іх і ў цэлым пра здарэнне як пра матэрыял для артыкула. Ён хацеў бачыць маштабы падзей шырокімі і трагічнымі, каб прадстаўленне яго публікацыі на першай старонцы не сарвалася. Фотаапарат ужо павіс на шыі, ноўтбук быў зараджаны для адпраўлення справаздачы. Усё было гатова для збору матэрыялу. Засталося распытаць людзей і дабрацца да эпіцэнтра, і як мага хутчэй.
– Ты сур'ёзна, зараз думаеш пра працу? Паніка на праспекце, азірніся! – пярэчыла Ірына, імкнучыся пераканаць Лісаковіча.
– Не думаю, што нешта нам пагражае. Трымайцеся мацней! – не згаджаўся ён, – Зараз паглядзім, што там наперадзе!
Аўтамабіль загудзеў гучней, збочыў з праезнай часткі на ходнік і роварную дарожку. Але, як аказалася, не ён адзін хацеў аб'ехаць затор і праехаць наперад. Прарабіўшы шлях не больш за сто метраў, Лісаковіч ізноў захрас. І тут, на маленькай паласе, ужо не было куды дзецца. Машыны ўразаліся, спяшаліся пакінуць праспект, кіроўцы нерваваліся, а пешаходы ўсё разбягаліся ў бакі.
– Што адбываецца? – гучна сказала Ірына і нервова выйшла за дзверы.
За ёй паспяшаўся выйсці Школік. Ён не заўважыў мужчыну і жанчыну з дзецьмі, якія спяшаліся дадому, і зачапіў іх дзвярыма. Ён тут жа папрасіў прабачэння і адвёў вочы ад сям'і. Пацярпелы мужчына гучна, але коратка вылаяўся. У вузкім месцы адчувалася няволя і небяспека. Гул ад сігналаў машын толькі ўзмацняў хваляванне. Шумелі розныя галасы. Акрамя таго, гарачае сонца напальвала абстаноўку сваімі прамянямі. Целы пацелі, рабілася душна і кепска.
Лісаковіч маўчаў, толькі круціў галавой. Разумеючы, што далей не праехаць, ён выйшаў на ходнік, накінуў заплечнік і абышоў машыну.
– Трасца ліхая! – незадаволена ўсклікнуў ён, а затым дадаў, – Ідзем наперад, далей няма праезду!
– Так. Тут недалёка. Кватэра маіх бацькоў вунь там, за гэтым новым будынкам! – напалоханым тонам казала Ірына.
Яна адчувала небяспеку, а вялікая навала машын перадавала спыненне часу і хацелася хутчэй схавацца ад гэтага нервовага наваколля.
– Эм… Я пра тое, што нам трэба знайсці крыніцу страху. Табе не цікава, у чым прычына ўсёй блытаніны? Добра, я пайду адзін, а ты… – гарэў новай ідэяй Лісаковіч, і тут жа яго спынілі, чалавечае цела ўпала перад ім, – Вы ў парадку? – ён правёў незнаёмку вачамі.
Ад убачанага пад нагамі, маланкавы, але нядоўгі страх сцёр усе словы, адштурхнуў цікавасць рухацца наперад.
– Не чапайце яе! – грозна і разборліва выгукнуў Школік.
Сярод шыпячых навакольных гукаў горада, дзе гул машын змешваўся з рэдкімі людскімі крыкамі і мітуснёй, Лісаковіч адчуў, як па целе прабегся халадок. Светлавалосая незнаёмка хутка паднялася і знікла з вачэй. Лісаковіч толькі разгледзеў на яе спалоханым твары мноства чорных кропак, падобных на вялікія кляксы. Ірына не бачыла таго цела, яна глядзела ўдалячынь, не адводзіла шырокіх вачэй ад невыразнай з'явы, нават не адцягнулася на гучны вокліч калегі. Далёка наперадзе, сярод размытых аб'ектаў, пульсаваў жоўта-чорны дым. Выяўленая ёю з'ява праяўлялася воблакам, а пасля, за долю секунды, рассейвалася. Што гэта было, міраж, нейкая ілюзія на фоне асцярогі за жыццё ці ўсё ж рэальнасць? Ірына спачатку спрабавала зразумець, але потым, адарвала погляд і паглядзела на цёмныя цені, якія ўцякалі ад дымчатага прывіду, як ад урагану. Павярнуўшыся, яна заўважыла, што з іншага боку, з-за пабудоў, выглядвала роўна такая ж рухаючая маса. Гэта былі людзі, якія, не ведалі куды ім падзецца. Яны беглі і азіраліся, нешта гнала іх, падганяла наперад. Колькасць грамадзян расла. Падобна чорным мошкам, яны перамяшчаліся ад дома да дома, перабягалі дарогу, перамяшчаліся паміж машынамі. Нібы кучары, спіраллю расцякаліся па праспекце людзі. Як бязладныя ніткі, жывы рух закручваўся і пераплятаўся, баючыся загінуць. Здалёк цяжка было разглядзець, які від страху ці пагрозы стварыў паніку. Скрозь горад папаўзлі шумныя крыкі, якія вылучаліся на фоне светлага дня і зачароўвалі творчыя, нестандартныя людскія душы, такіх людзей, як Лісаковіч. Уся карціна праспекта сціскала Ірыну. Яна паглядзела на Лісаковіча, які ў гэты момант рабіў пару здымкаў хаусу, натоўпу людзей, якія пускаліся наўцёкі.
"Чаму? Ад чаго вы бяжыце?" – разважаў журналіст, жадаючы разабрацца.
Тут жа, з боку скрыжавання, лінуў крык моцным патокам. Спачатку напалоханыя і бледныя людзі хваляй прабеглі побач, затым, за імі, рэдкай паласой драпалі скрозь машыны і падалі на асфальт знясіленыя жыхары сталіцы. Перад Лісаковічам павалілася яшчэ адно маладое цела з чорнымі, сухімі плямамі на скуры. Меткі рознай формы былі на твары і на аголенай частцы рук. Яны разрасталіся, як выпальванне лістоты. Абпальвалі, нібы капаў на скуру кіпень. Знявечанае цела крычала ад болю, стагнала, рыпаючы зубамі, маліла аб дапамозе. Плямы працягвалі павольна награваць кроў, мучылі чалавека горыччу і ператваралі яго ў нейкую іншую істоту. Лісаковіч зрабіў хуткі крок назад, а затым, хутка зрабіў здымак пакутніка, які ляжаў каля пярэдняга кола яго аўтамабіля. Лісаковіч не ўспрымаў поўную карціну таго, што адбывалася, як небяспеку для сябе. Ён перастаў думаць, як іншыя, быццам мозг ненадоўга адключыўся і толькі рэфлексы цела кіравалі ім.
– Ты ідыёт?! – парушыла цішыню Ірына і моцна схапіла яго за руку.
Моцны захоп ажывіў і разагнаў глухі стан Лісаковіча.
– Што?..
– Ты чуеш, што я кажу? Бяжым, хутчэй! – смела крыкнула Ірына і ад злосці адцягнула яго ад машыны.
Пачуўся гучны выбух, дзесьці далей станцыі метро Грушаўка. Паміж пякарняй і аптэкай выбухнуў аўтамабіль. Праз секунду яшчэ выбух.
– Пара адсюль выносіць ногі! – дадаў Школік, дакорліва паглядзеўшы на тое, як Ірына трымала за руку свайго сябра.
Злёгку пацямнела ў горадзе, сонца зайшло за невялікае касматае воблака. Чорны дым ад палаючых машын не цягнуўся трубой да неба, а завісаў над дарогай. Ён навіс над выбухам, нібы запаўняў сваёй цемрай плоскі, празрысты посуд. Калі Ірына адпусціла мужчынскую руку, яна зрушылася з праспекта, за ёй пабеглі Школік і Лісаковіч. Лісаковіч адчуваў сябе недарэчна. Сярдзіты твар Ірыны спалохаў яго больш, чым барацьба акружэння. Яго ўчынак быў тут жа ім расцэнены як слабасць. У ім сціхла цікаўнасць, а думка пра тое, што гэта ён павінен быў турбавацца за ўсіх, а не паводзіць сябе эгаістычна, душыла журналісцкую адвагу.
Трое спяшаліся, аббягаючы перашкоду з машын і людзей. Зрэзалі вугал скрыжавання, каля новага дома, дзе іх сустрэлі напалоханыя маляры. Мужчыны ў рабочай уніформе глядзелі ўдалеч, разгублена абмяркоўвалі ўбачанае. Ірына злёгку правяла іх вачамі, нібы не заўважала іх строй, затым расштурхала, праціснулася скрозь іх. Яна перабегла дарогу, першай увайшла ў арку і забегла ў двор. Падбегла да дома, дзе жылі яе бацькі. Ля пад'езда, у момант свайго выратавання, яна азірнулася, бо ўспомніла пра неабыякавых ёй мужчын. Ірына адчыніла дзверы, упусціла Пашу і Мікіту, а затым паглядзела на зялёную зону ў двары. Высокія, пышныя дрэвы плаўна кідалі сваю жывую лістоту, нібы стаміліся ад цяжару і, не чакаючы восені, агалялі галіны. Тады ж чырвоны легкавы аўтамабіль, які стаяў непадалёку, плавіўся, хаатычныя кропкі па кузаве грэлі паверхню, з дзвярэй сцякалі кроплі фарбы, сцякалі на асфальт, агаляючы месцамі метал. Унутры, затрымаўся ў машыне з пакутамі кіроўца, яго скура чарнела пад вугаль. У гэты момант, калі Лісаковіч падбег да ліфта і націснуў на белую кнопку, ён павярнуўся, паглядзеў на Ірыну. У пад'езд забег не толькі Школік, але і цёмнавалосая дзяўчынка васьмі гадоў, з партфелем на тонкіх плячах. Ірына адпусціла дзверы, пад'езд зачыніўся, і прагучаў гучны выбух. Загарэўся аўтамабіль. На шчасце, ліфт адразу адгукнуўся, усе чацвёра ўвайшлі ўнутр, дзверы злучыліся і ліфт пацягнуўся ўверх.
– Мы не захраснем? – прашаптала дзяўчынка, адчуваючы трывогу.
– Ты ў парадку. Не бойся. Спадзяюся, твае бацькі дома! – сказала Ірына, стараючыся гаварыць спакойна.
– Не ведаю. Можа, яны яшчэ на працы.
Ірына жаласна паглядзела на дзіця і, убачыўшы ў дзіцячых вачах смутак, сказала:
– Калі іх не будзе дома і табе будзе страшна, прыходзь да нас у пяцідзесятую кватэру. Ты ж жывеш на паверх вышэй. Не бойся, я знаёмая з тваёй мамай, усё будзе добра.
"Не падобна, што ўсё будзе добра. Што магло за секунды нашкодзіць, спаліць скуру чалавеку?" – не патухала цікавасць у Лісаковіча, – "Трэба тэрмінова звязацца з Марынай!" – ён дастаў смартфон з кішэні.
Ліфт спыніўся, выпусціў пасажыраў.
– Выходзім! Выходзім! – пакрыквала Ірына і пацягнула дзіця за сабой, – Хутчэй пабеглі па лесвіцы да тваіх бацькоў! Я цябе тут не пакіну.
Затым, яна апусціла галаву і, паднімаючыся па прыступках, у спешцы сказала:
– Мікіта, я пераканаюся, ці ёсць хто наверсе. Хутка вярнуся! Вы не стойце, заходзьце да маіх…
Школік падышоў да дзвярэй кватэры і моцна націснуў на кнопку дзвярнога званка. Лісаковіч, адразу пасля ліфта, спыніўся, успомніў пра сваіх блізкіх. Ён паднёс тэлефон да вуха.
– Алё, каханая!
– Так. Як добра, што ты на сувязі. Я не магла да цябе датэлефанавацца. З табой усё добра? – пачуўся звонкі голас нявесты.
– Усё добра. Ты як?
– Я бачыла навіны. Я вельмі перажываю за цябе! У інтэрнэце столькі страшнага перадаюць з Менску…
– Марын, наведай маю маму!
– …
– Каханая, ты мяне чуеш? Алё!.. Алё! Алё! Марына?
У трубцы цішыня, сувязь знікла. Лісаковіч цяжка задыхаў і яшчэ раз набраў нявесце – абанент недасягальны. Пасля гэтага ён набраў маме, але ізноў не было злучэння. Усё болей таямніц і праблем набывалася ўдалечыні ад дома.
V
Дзверы кватэры адчыніліся, Школік адпусціў кнопку дзвярнога званка. У дзвярах паказалася Антаніна Сяргееўна, худая жанчына з вішнёвым адценнем валасоў, у дамашнім цёмна-сінім касцюме. Яна сустрэла гасцей, трымаючы ў руцэ тэлефон, яшчэ нядаўна старанна спрабавала датэлефанавацца да Ірыны. Прынамсі, жанчына спадзявалася ўбачыць сваю дачку за дзвярамі, але замест адзінага яе дзіцяці, перад ёй усталі мужчыны.
– Дзе Ірына? Дзе мая дачка? – спытала яна ў Школіка, адчуваючы прыгнечанасць.
– Добры дзень, Антаніна Сяргееўна! – адказаў ён, прыбіраючы свой рэдкі чубок валасоў у бок, – Яна тут. Дакладней, зараз прыйдзе. Вы не хвалюйцеся! – пралепятаў ён.
– Дзе яна? – грозна спытала гаспадыня кватэры, не ўпускаючы мужчын.
– Я тут! – пачуўся голас дачкі.
Ірына спускалася па прыступках, вядучы за руку дзяўчынку. Лісаковіч падняў галаву, адарваў вочы ад тэлефона і, як у цяжкім дурмане, марудліва адышоў у бок, не ўстаючы на шляху. Антаніна Сяргееўна, убачыўшы напалоханы твар Ірыны, выбегла і абняла дачку са словамі:
– Ты ў парадку… Што дзеецца на вуліцы?
– Бацька таксама дома? – хутка спытала дачка.
– Так. Ён са сваімі студэнтамі, у кабінеце! – адказала Антаніна Сяргееўна, затым, гледзячы на знаёмага Школіка, ціха вымавіла: – Праходзьце ж усё ў кватэру.
– Зачыніце дзверы! – палахліва вымавіў Лісаковіч, апярэдзіўшы ўсіх, і, не пакідаючы абутку ў пярэднім пакоі, пакрочыў па калідоры, – Дзеецца нешта жудаснае! – пачаў ён злавацца, не адпускаючы смартфон з рук.
– Ды памаўчы ты! – незадаволена вымавіла Ірына, паказаўшы бацькоўскі характар, – Мне і без тваіх слоў страшна і цяжка! Я не хачу паміраць. Мы маглі не дабегчы, застанься мы на праспекце… А ты, ты такі ж! Думаеш толькі пра сябе! Працягвай фатаграфаваць і шукаць прычыну ўсяго! Нават не ведаю, як гэта назваць! – затым яна перадала дзяўчынку Антаніне Сяргееўне, – Мама, пакармі і супакой яе. Паклапаціся пра яе, – вярнулася Ірына да Лісаковіча, – Паша, бо для цябе праца важней! Можа спусцішся, вернешся назад, ля сквера зробіш пару фатаграфій? Я бачыла твой халодны погляд ля дарогі, табе было ўсё роўна на нас. Нават на сябе! Я бачыла ў тваіх вачах холад, калі той чалавек прасіў аб дапамозе! У цябе ёсць блізкія? А, зрэшты, не важна… – апусціўшы вейкі, Ірына адышла адведаць бацьку.
Лісаковіч быццам не чуў слоў Ірыны, прапусціў міма вушэй яе лекцыю. Ён вадзіў пальцам па экране гаджэта, спрабуючы датэлефанавацца то да мамы, то да нявесты. А калі голас Ірыны аціх, ён паглядзеў на акно гасцёўні і гучна вымавіў:
– Зачыніце ўсе вокны!
У летнія дні Антаніна Сяргееўна любіла ўпусціць у кватэру свежае, цёплае паветра. Школік хутка паддаўся загаду і падбег да акна. Зачыняючы яго, ён адчуў на пальцах спёку, нібы дотык распаленага металу ўкусіў скуру. Хлопец таргануў рукой, апусціў вочы на правую далонь і ўбачыў на вонкавым баку пальцаў маленькія чорныя кропкі, падобныя на рой маленечкіх радзімак. Ён спалохаўся, павярнуўся, схаваў руку за спіну і бегла агледзеўся. Ці не заўважыў хто яго апёкаў? Паглядзеў у калідор, там стаяў толькі адчайна ўцягнуты Лісаковіч з апушчанай галавой, які нестрымана размаўляў.
– Алё! Марына, ты мяне чуеш? – Лісаковіч пачуў толькі гудок, а затым неразборлівыя словы, – Паўтары! У мяне перашкоды сувязі. Марына, што б не здарылася, я кахаю цябе! – сказаў ён і пасля шуму ў адказ, сувязь знікла, – Зноўку гэтыя дурныя непаладкі, – прашаптаў Лісаковіч, увайшоўшы ў гасцёўню, не падымаючы вачэй.
Затым да гасцёўні, да расчыненых дзвярэй, вярнулася Ірына.
– Паша, ты з кімсьці па тэлефоне размаўляў? Ёсць сувязь? – спытала яна і падышла да яго так блізка, каб можна было ўбачыць імя кантакта на экране.
– Сувязі няма. Чорт яе і гэтыя перашкоды! Я не магу датэлефанавацца маме.
– Але я чула, што ты гаварыў з кімсьці.
– Толькі шум у адказ з нейкімі літарамі. Карацей, я не паспеў нічога разабраць і не ўпэўнены, што мяне пачулі. Паспрабую яшчэ раз набраць! – адказаў Лісаковіч.
Ён знік з вачэй Школіка і Ірыны, зрабіўшы пару крокаў па калідоры, дзе яго сустрэла і спыніла Антаніна Сяргееўна.
– Я зачыніла вокны і накрыла вентыляцыю. Правільна? – стомленым голасам казала яна.
– Ага, – коратка і хутка адказаў ён, завязнуўшы ў тэлефоне.
– Вы мне кагосьці нагадваеце, – Антаніна Сяргееўна моўчкі разглядала рысы твару і з цікаўнасцю чакала нейкіх слоў.
Лісаковіч проста павольна адышоў ад яе. Ён думаў пра блізкіх людзей, так як незразумелая і жахлівая з'ява, што сустрэла яго на праспекце, падахвочвала думаць пра іх. Тады ж маці Ірыны паглядзела ў гасцёўню. Там шыпеў тэлевізар з надпісам "няма сігналу". Яе дачка трымала пульт і размаўляла з Мікітам. Хлопец стаяў за два крокі ад Ірыны, схаваўшы правую далонь у кішэні нагавіц. Антаніна Сяргееўна спалохана глядзела на людзей, нібы чакала ад іх нейкага тлумачэння, баялася падысці і спытаць. Затым, калі Лісаковіч падышоў да дзвярэй кабінета яе мужа і ўзяўся за дзвярную ручку. Жанчына павярнулася на металічны шчоўк і, не чакаючы ўказанняў, хутка пакрочыла па калідоры з гучным воклічам:
– Захар! Захар!
Лісаковіч заўсёды паводзіў сябе натуральна, свабодна, у такіх умовах, калі побач было болей за адзін знаёмы чалавек. А ў гэтай кватэры, пакуль толькі Школік быў для яго чужым. Да ўсяго, Лісаковіч ужо бываў тут і меў уяўленні пра ўсю сям'ю Прышчэпавых. Ён з каменным тварам адчыніў дзверы і ўпэўнена ўвайшоў у кабінет, дзе Захар Пятровіч хваліў студэнтку Алену:
– Я ўжо бескарысны. А вось ты, дар чалавецтва! Разумная. Я цябе рыхтаваў і да такога, – сказаў ён, затым спыніўся, адцягнуўся на няпрошанага госця.
– Дабрыдзень, Захар Пятровіч! – вымавіў Лісаковіч.
– Ты яшчэ хто такі? – ускочыў з мяккага крэсла Захар Прышчэпаў, муж Антаніны Сяргееўны і бацька Ірыны, – Можа, вы ведаеце, што адбываецца на вуліцах? – паморшчыўшыся спытаў ён і зрабіў твар задуменнага чалавека.
Праз нядоўгі час, ён пазнаў у шчыльным целе таго юнака, які сустракаўся з яго дачкой. Захар Пятровіч незадаволена плюхнуўся ў крэсла, нібы хтосьці яго штурхнуў, прымусіў сесці. Ён пацягнуўся да шклянкі недапітага віскі, зрабіў адзін вялікі глыток і зморшчыўся яшчэ мацней. Адпусціўшы горыч, ён вярнуў шклянку бліжэй да бутэлькі, на бязладны стол, дзе па першым поглядзе размясцілася з дзясятак кніг. Першая бутэлька алкаголю была ім распачатая тады, калі за акном пачуліся выбухі і крыкі.
– Ты? – са здзіўленнем вымавіў Захар Пятровіч і апусціў тоўстыя сівыя бровы.
– Я, Захар Пятровіч. Я. Бачу, вы не асабліва радыя мне, – павольным голасам казаў Лісаковіч, угледзеўшыся ў нецвярозыя і строгія чорныя вочы пенсіянера.
– Паршывец! Бессаромная сволач! Што ты тут робіш? – скаліў зубы гаспадар кватэры.
Лісаковіч нават не ўяўляў, што вось так усё павернецца. Ён адчуў злосць Прышчэпава, але да канца не мог зразумець чаму настолькі агрэсіўна яго сустрэлі. На яго думку, ён мірна расстаўся з Ірынай. Можа былі нейкія іншыя, асабістыя прычыны нянавісці? Цяпер гуляла ўсё супраць яго, і Лісаковіч адчуў сябе зайцам, які трапіў у пастку, але паводзіў сябе стрымана. Лісаковіч смела падышоў, паглядзеў за акно і на секунды задумаўся: "Хто б ведаў… Гэта пастка ад Ірыны? І як цяпер адсюль выбрацца?"
За акном гарэлі аўтамабілі, жывых людзей не было відаць. Воплескі і ўспышкі даносіліся з рознай частатой, гукавыя хвалі выбухаў грукаталі чэргамі: то стукалі здалёку, то зусім побач. Шыбы трэскаліся, наводзячы яшчэ болей турбот.
VI
З незадаволеным выразам твару, за шырокім сталом сядзеў Захар Пятровіч, на ім была блакітная кашуля, чорныя нагавіцы, а на вострым носе сядзелі круглыя акуляры. Ён слухаў грымоты выбухаў, запіваючы стрэс алкаголем. Маршчыністы твар сівавалосага старога мужчыны зірнуў на Лісаковіча, выказваючы да яго прамое пачуццё агіды. Тут жа, насупраць стала, на мяккай цёмна-сіняй канапе размясціліся студэнты, для якіх Прышчэпаў быў у якасці рэпетытара. Хлопец і дзяўчына ціха назіралі за сцэнай узаемаадносін, баючыся нешта сказаць старэйшым. Усе, хто прысутнічаў у кабінеце да з’яўлення Лісаковіча, былі ў замяшанні пры нечаканым госце і чакалі ад яго далейшых дзеянняў. У невялікім памяшканні ствараўся непрыемны ціск, усе кідалі адно на аднаго маўклівыя погляды. У дзвярным праёме ціха стаяла Антаніна Сяргееўна. Пасля зласлівых слоў мужа, яна пазнала ў госцю Пашу Лісаковіча і апусціла вочы. Жанчына ўспомніла: як ён прыходзіў да іх, як моцна была закаханая ў яго яе дачка, як шчасліва выглядалі іх твары. І цяпер, жанчыне здалося, што яе муж быў занадта строгі да мінулага. Маці лічыла, што дачцэ даўно было пара выйсці замуж, што не выпадкова Паша апынуўся тут. "Можа іх дарогі зноў сышліся?" Лісаковіч выглядаў больш статна і мужней, далёка ўжо не той студэнт, кім быў у момант першага знаёмства. Антаніна Сяргееўна зусім адцягнулася на мінулае, не звяртала ўвагі, што грукоча, бурыцца горад за сценамі кватэры. Яна вырашылася ўціхамірыць запал мужа, падумаўшы пра шчасце дачкі.
– Захар! – ускрыкнула яна, а затым зменшыла гучнасць тону, – Навошта ж ты так? Паша папрасіў прабачэння перад нашай дачкой. Гэта ж так? – кінула яна погляд на Лісаковіча, – У іх цяпер добрыя стасункі! – пабойваючыся строгага нораву мужа, Антаніна Сяргееўна ўсё болей глядзела на Лісаковіча, не ведаючы, што насамрэч было паміж ім і Ірынай.
– Што ж ён, прыйшоў да мяне? Блаславення прасіць? – фальшыва ўхмыльнуўся Захар Пятровіч, – Няхай выбіраецца! Прэч з майго дому! Раз здрадзіў, значыцца яшчэ раз здрадзіш! – ён ізноў пацягнуўся да бутэлькі.
– Тата, мама?! Што тут адбываецца? – падышла да бацькоў Ірына, пасля таго, як пачула гучны голас бацькі, – Там, на праспекце, рабілася жудаснае! – пачала стракатам апісваць тое, што адбывалася, змяніўшы тэму размовы.
– Мы хваляваліся за цябе! Я хацела ўжо ехаць за табой! – гаварыла Антаніна Сяргееўна, – Ці не вайна? Што ж нам цяпер рабіць?
– Мы чулі крыкі, бачылі мітусню за акном. Справа гіблая! – падхапіў бацька і адклаў акуляры на разгарнутыя кнігі, – Сувязі няма, з дому не выйсці! Будзе яшчэ горш! Гэта ўсё недавучоныя! Трасца! У пекла іх! Паглядзіце, як губяць чалавецтва гэтыя дурні! А мяне яшчэ звольнілі! А я ж папярэджваў, гэтых недаразвітых! Вось яна, іх адплата! – працягваў гаварыць Прышчэпаў павялічваючы свой грубы тон голасу, – А гэты як тут апынуўся? Чаму? – паказаў ён кіўком галавы на Лісаковіча, – Адыдзі! Сыдзі з вачэй маіх!
– Я хацела яму дапамагчы! – адказала бацьку Ірына.
– Мне лепш сысці, за дзверы! – сказаў Лісаковіч і, праходзячы каля Ірыны, ціха дадаў, – Як жа так? – пранізліва, абвінавачваючым голасам вымавіў ён.
Захар Пятровіч устаў, адышоў ад стала, паглядзеў у акно. Ад непрыемнага відовішча ў горле перасохла, а ў грудзях цвёрдым каменем уелася крыўда і злосць. Ён пацягнуўся за шклянкай і бутэлькай віскі, не саромеючыся нікога, наліў сабе больш за палову. Складвалася такое ўражанне, што гаспадар кватэры не баяўся таго, што рабілася за сценамі, нібы яго турбавала толькі крыўда мінулага. На пенсіі Захар Пятровіч часта выпіваў на прыканцы дня, зачыняўся ў кабінеце, пляваўся бруднымі думкамі на несправядлівае стаўленне. Патанаў без сваёй працы, на якую выдаткаваў большую частку свайго жыцця. Ён адпіў глыток моцнага алкаголю, пацёр сівую бараду і сеў на крэсла, нібы змірыўся з гібеллю чалавецтва, якое яшчэ змагалася за жыццё, за існаванне.
– Толькі чалавек можа загубіць свой свет. Толькі чалавек не ведае цану свайго існавання, – горка вымавіў Захар Пятровіч і выпіў яшчэ, – Але! – падняў шклянку на ўзроўні пляча, дадаў, – Зведаўшы ўсе хваробы, чалавек здольны стварыць новы свет… Да наступнага знішчэння.
Антаніна Сяргееўна не хацела глядзець на п'янствуючага мужа і, пацягнуўшы за сабой дачку, пакінула кабінет. Моўчкі пакінулі старога студэнты. Дзверы кабінета зачыніліся.
Па шырокім калідоры ўсе перамясціліся ў гасцёўню. Калі Лісаковіч першым зайшоў у прасторнае памяшканне, Школік адсутнічаў, на канапе толькі сядзела спалоханая дзяўчынка Віта з хмурным тварам.
– Калі мяне забярэ мама? – спытала яна, аглядаючы пакой.
Тады ж забегла Антаніна Сяргееўна.
– Ах, і што ж нам рабіць? – сумна спытала яна, размахваючы рукамі.
– Нас выратуюць. Мама, нас павінны выратаваць! – супакойвала Ірына, – Ну павінна ж быць нешта, хтосьці павінен нас выратаваць!
Антаніна Сяргееўна паглядзела на разгубленае дзіцяці, падсела да яго і паспрабавала надаць дзяўчынцы смеласці. Ласкава пагаварыла з ёй, запэўніла, што ўсё будзе добра. Жанчына сама не верыла сваім словам, і гэта было прыкмечана Вітай. Дзіця задавала складаныя пытанні, на якія, уяўляючы, адказвала Антаніна Сяргееўна.
У гэтую хвіліну да Лісаковіча падышла Ірына, прасіла дараваць яе за паводзіны бацькі і спрабавала апраўдаць сябе, як чалавека, які выпадкова трапіў у цяжкую сітуацыю. Яна праўда была здзіўленая няўстойлівасці і слізкасці бацькі, што замест разважлівай размовы, ён выкінуў нешта новае. І, нягледзячы на гарадскі жах, які палохаў яе да дрыжыкаў, Ірына набіралася цярпення, прыкідвалася моцнай. Ёй здалося, што за гады бацька ўжо забыўся пра пакуты дачкі, якія прыйшліся ад расставанні з Пашам. Што за доўгі час, не толькі яна даравала Пашу, але і ўся сям'я была гатовая сустрэць Лісаковіча спакойна, больш цывілізавана. Мабыць, цяга Ірыны і абуджэнне былых пачуццяў да Лісаковіча крыху туманілі яе рэальнасць. Мабыць, тое спантаннае запрашэнне, якое прывяло ў кватэру новых людзей, дзяліла віну напалам. Лісаковіч абвінавачваў сябе, за тое, што не з'ехаў дадому пасля выставы. Папракаў у думках Ірыну, якая ўцягнула яго ў падобную пастку. Але любы з гэтых кірункаў не даваў яму выразнага адказу: ці быў бы ён зараз жывым накіраваўшыся да брата альбо да нявесты. Яму было пляваць на грубасць Захара Пятровіча. Добра падумаўшы, усё што ён зараз зрабіў, гэта дараваў Ірыне, тым самым рассеяў яе неспакой іх сяброўскіх адносін. Затым, убачыўшы разгубленасць у многіх чужых вачах, Лісаковіч узяў на сябе вобраз камандзіра. Ён у спешцы паспрабаваў растлумачыць важнасць згуртаванасці і падкрэсліў важнасць не панікаваць перад невядомасцю. Кожны быў роўны, затрымаўшыся ў бетоннай скрынцы з ворахам пытанняў. Тое, што яны яшчэ ўсе жывыя, азначала, што варта пазмагацца за жыццё, а не апускаць рукі. Лісаковіч раздаў прысутным задачы, якія павінны былі разбавіць благія думкі. Бо агульная справа павінна не толькі адцягваць, але і дапамагаць кожнаму пражываць гадзіну за гадзінай.






