- -
- 100%
- +
Ужо вечарэла. Паводле разлікаў Антаніны Сяргееўны, ежы хапала на два дні, а калі тужэй зацягнуць паясы, то на тры. Гаспадыня кватэры строга і справядліва распараджалася гэтым абавязкам, была галоўнай на кухні. Пакуль яе муж прылажыўся да бутэлькі і самотна разважаў у сваім кабінеце, яна актыўна ўдзельнічала ў мэце выжывання, старалася ўсім дапамагчы і верыла, што хутка прыбудуць ратавальнікі, а можа, і ўся небяспека сама сабой спадзе. Кожны быў удзячны гаспадыні за дабрыню і клопат.
Ірына адказвала за дзіця. Віта была пад яе наглядам. Яны дапамагалі Лісаковічу раскласці спальныя месцы. А калі з ваннага пакою выйшаў Школік, не падаючы разгубленасці, яго прыцягнулі да збору вады, папрасілі напоўніць ванну. Былі патрэбны запасы на выпадак адключэння.
Калі сцямнела, ніхто не мог адразу заснуць, акрамя Захара Пятровіча. Яго гучны храп насіўся па кватэры як прывід. Рэдкія грукі і скрыгат завастралі вушы. Жанчыны размясціліся ў гасцёўні, а мужчыны ў спальні, на гэтым настаяла гаспадыня. Лісаковіч пільна ляжаў на падлозе, слухаючы, ловячы ўсе гукі. Акрамя, цяжкія роздумы грузілі мозг.
Ва ўспамінах Лісаковіча маячыла страшнае аблічча чалавека, які пакутаваў ад невядомай сілы каля яго машыны. "Што цяпер з ім? Што з маімі роднымі?" Адсутнасць навін аб блізкіх і якіх-небудзь іншых навін, дадавалі хвалявання. Мужчына ляжаў і шукаў выйсце, прадумваў варыянты заўтрашняга дня: як дзейнічаць, як знайсці сувязь са светам. Усе думкі заводзілі яго ў тупік. За ўвесь час у чужой кватэры, Лісаковіч не карыстаўся фотаапаратам, не адчыняў ноўтбук. Ён не думаў пра працу.
Праз дзве гадзіны, пасля захаду сонца, пачулася сірэна. Усе паўставалі з пасцеляў, уключалі ліхтарыкі, углядаліся ў вокны, толькі Школік адхілена стаяў збоку. За шклом цемра – ліхтары не гарэлі, у дамах не было святла, месяц хаваўся за тоўстым воблакам. У гэты момант студэнт Калядка адважыўся і загаварыў. Ён пачаў з усімі шмат разважаць і дзяліўся сваімі дзіўнымі тэорыямі. Яго ўяўленні часам былі вар'яцкімі і фантастычнымі, што крыху надавала ўсмешкі не толькі Лісаковічу, але і студэнтцы Алене. Адзін толькі варыянт аб прышэльцах, чаго варты. Усе глядзелі на Калядку, як на вядучага нейкага шоу. Толькі Віта ўспрымала любую яго тэорыю, як рэальную пагрозу. Школік па-ранейшаму заставаўся ў баку, пабольш маўчаў, чым казаў, ён трымаў таямніцу слядоў на пальцах і баяўся, што да світання ўвесь пакрыецца пякучымі плямамі.
Усю ноч гучнае выццё сірэны апавяшчала аб небяспецы. Да самага світання Менск патанаў і слухаў працяглы голас пагрозы.
Пад раніцу, ад стомы, толькі Віта заплюшчыла вочы, убачыла сон.
VII
Раніцай другога дня па кватэры хадзілі нервова людзі. У бетонных сценах яны адчувалі сябе пакінутымі, зняволенымі. Адключэнне электрычнасці і газу наводзілі паніку на галодных. З кожнай хвілінай, ад бязвыхаднасці, расла незадаволенасць.
Самотны Школік, схаваўшыся ад усіх, сядзеў у спальні гэтай раніцай. Яго мучыў лёгкі сверб на далоні. Чорныя, сухія плямы на смуглай скуры падраслі за ноч і цяпер раздзіралі яго яшчэ мацней. Раздражненне пульсавала тонкім болем, адчувалася спякота ў целе. Хлопец нерваваўся, бо не ведаў, што цяпер рабіць. Уяўляў, што прызнанне пацягне за сабой агіду і яго выпруць за дзверы. А што там, за ёй, што дзеецца на гарадскіх вуліцах сёння? Можа, за дзвярамі яго чакае пакутлівая смерць? Школік не хацеў рызыкаваць, ён усё разважаў, не заўважаючы, як на секунды адключалася галава і ўзнікалі прабелы ў памяці. Мысліцельны працэс ненадоўга абрываўся, а затым зноў працягваў работаць. Апошняе, пра што Школік думаў, да прыходу ў пакой Лісаковіча, гэта былі перакананні, што яго хвароба не заразная. Бо пасля ночы ніхто не адчуў таго, што адчуваў ён. А можа, іншыя таксама маўчалі, таксама хавалі плямы? Калі пачуўся гук дзвярной ручкі, хлопец ад спалоху схаваў хворую руку за спіну.
У пакой уварваўся Лісаковіч, наморшчыў лоб і зірнуў злымі вачамі на Школіка.
– Ты думаў, мы не заўважым? Мы ўсё ведаем! – не набліжаючыся блізка, суха загаварыў ён.
– Ты, пра што?
– Мікіта, давай без гэтага, Захар Пятровіч усё нам расказаў і даказаў! Ён бачыў цябе! – узвышаў голас Лісаковіч.
– Ён не мог… Не. Я хацеў прызнацца, але баяўся, што вы заб'яце мяне! – сціскаючы кулак за спінай і з заміраннем сэрца адказваў Школік.
– Ён бачыў, усё бачыў. Твае хцівыя пальцы. Я так разумею, цябе не хвалюе наша агульнае выжыванне, і ты, выскачка, думаеш толькі пра сябе! Таму, у якасці пакарання ты пажывеш у кабінеце з надакучлівым старым. Табе на карысць пойдзе яго п'яное бурчанне і скупасць. Ты застаешся без абеду і вячэры.
– Без абеду? Вы не прагоніце мяне, не заб'яце?
– Не. Хоць былі такія думкі. Ты ноччу прабраўся на кухню і скраў ежу. Нашу агульную ежу! Зараз жа, уставай. Захар Пятровіч чакае тваёй споведзі! Уставай! – скамандаваў Лісаковіч.
– Гэта не я, я не краў ежу! Шчыра кажу! Я толькі папіў вады. Гэта ўсё Захар Пятровіч! Ён сам скраў і на мяне нагаворвае! – павольна падымаўся з ложка Школік, стракача словамі, як кулямёт.
– Разбярэмся! – Лісаковіч не ўсе словы распазнаў у хуткай прамове, ледзь памаўчаў і прадоўжыў, – Хтосьці з вас відавочна хлусіць. Вось і пасядзіце разам!
– А ведаеш, мабыць, я пайду! Хачу зірнуць у вочы таго, хто мяне падставіў. Выб'ю ў яго прызнанне! А ты, задумайся, хто ў гэтым доме гаспадар і чыя тут ежа! – буркнуў Школік.
Яны выйшлі ў калідор і спыніліся насупраць дзвярэй кабінета. Статычнае становішча Ірыны ля ўваходных дзвярэй кватэры зацікавіла мужчын. Яна стаяла да мужчын спінай і пазірала праз вочка на лесвічную пляцоўку.
– Што там? – усклікнуў Школік.
Ірына тарганулася ад спалоху і павярнулася да іх.
Бачачы ўстрывожаны твар, Лісаковічу стала цікава, што адбываецца за дзвярамі.
– Ну? – дадаў ён, штурхаючы Ірыну на словы.
Яна падышла і ціха прашаптала:
– Паша, там… Табе лепш самому паглядзець. Дзяніс пачуў крык і паклікаў мяне.
Лісаковіч зірнуў на студэнта Калядку, які знаходзіўся каля дзвярнога праёму ў гасцёўню. Юнак кіўнуў, пацвердзіў, што заўважыў цела першым. Лісаковіч хутка падышоў да дзвярэй. Тое, што ён убачыў, не спалохала, а зацікавіла яго, захапляла ўважліва разгледзець ляжачага чалавека. Мужчына сярэдніх гадоў, сусед Прышчэпавых, ляжаў моўчкі пад дзвярамі сваёй кватэры, у пацёртай адзежы, дыхаў і час ад часу паторгваў канечнасцямі. Светлая скура была амаль уся пакрыта цёмнымі знакамі хваробы, з якіх слаба сыпаўся попел, часцінкі падалі долу, то ўзляталі ўгору. Каля левай рукі ляжаў пакет з прадуктамі, з-пад якога ледзь выглядвала чорная вадкасць. Лісаковіч задумаўся: "Чаму вокны і дзверы не ўпускалі заразу ў кватэру? Сусед прыйшоў з вуліцы? Можа, зараза там, унізе, а тут, на гэтым паверсе, яе няма?! Ці ўсё ж яна за дзвярамі і павольна прабіраецца да нас?! Відавочна вірус нейкі. Лепш пакуль заставацца ў кватэры!"
Адарваўшыся ад дзвярнога вочка, Лісаковічу было вельмі цікава зразумець, што адбываецца з чалавекам у момант хваробы і пасля яе. Сусед яшчэ быў жывы, а за вокнамі ляжалі мёртвыя целы. А можа, яны таксама ў напаўжывым стане? Таму Калядка атрымаў заданне ад старэйшага, сачыць за тым, што робіцца за дзвярамі, пільна сачыць за кожнай, здавалася б, няважнай дробяззю. Пакуль студэнт атрымліваў даручэнне, Школік праскочыў міма ўсіх і зірнуў адным вокам на суседа Прышчэпавых. За дзве секунды, па худым целе прабегся халодны страх.
– Ах! М-м-м! – тарганулася ў кішэні паражоная далонь Школіка, нібы яе закрануў востры цвік, між тым, імгненна стрэльнуў у грудзях востры боль.
Усе, хто быў побач, адначасова зрэагавалі на стогн Школіка.
– Страшнае відовішча, – стаў выкручвацца ён перад людзьмі, душачы сваё хваляванне, – Шкада гэтага чалавека. А што ж з намі будзе? Тое ж, што з ім?
– Хопіць! – сказаў Лісаковіч, а затым скамандаваў хлопцу схавацца ў кабінеце.
Пры гэтым, да хмурнага, да пацеючага Школіка ніхто не дакранаўся. Дый і ён сам не хацеў гэтага, і дзёрзка прыгразіў Лісаковічу не чапаць яго рукамі. Усе падумалі, што гэта ўсяго толькі балючы спалох, накладзены знявечаным суседам, але хлопец абараняў не сябе, а іншых. Школік хутка схаваўся ў кабінеце, які сабраў усе змрочныя пахі алкаголю. Захар Пятровіч сядзеў за сталом у сваім любімым крэсле і цьмянымі вачамі сустракаў госця. Ён амаль задрамаў перад паперкамі, бо доўга стараўся разабрацца ў іх, прыклаўшы ўзмоцненае старанне адшукаць спосаб людскога выратавання. "Дзесьці тут памылка!" – круцілася ў галаве. Асцярожнымі крокамі Школік падышоў да канапы, сеў перад старым і злосна зірнуў на яго. Захар Пятровіч адцягнуўся, узбадзёрыўся, заўсміхаўся белымі зубамі, вярнуўся да яго кампанейскі настрой. Ахоплены радасцю ад прысутнасці "сябра", ён паставіў другую шклянку на стол. Прыйшла неабходнасць выпіць. Выпіўкі хапала, таму гаспадар быў гатовы падзяліцца ёю. Пасапваючы сабе пад нос, Захар Пятровіч падняў цяжкія павекі і, нібы тост, пачаў казаць аб парадках, аб добрых людскіх якасцях, накіроўваючы іх у адрас Школіка. Моўчкі і не адпусціўшы турбот, хлопец пацягнуўся да шклянкі. Ён тут жа разгадаў усю пастаноўку, лёгкую падставу Захара Пятровіча. Гэты распешчаны стары меў патрэбу ў суразмоўцу і таму падманам зацягнуў хлопца ў свой кабінет малапрыемным чынам. Цёмныя вочы Школіка казалі аб няшчырым спакоі. Ён не крыўдзіўся на барадатага старога, бо раптам сузіраў у сітуацыі плюсы. Яму хацелася выпіць і расслабіцца, адпусціць думкі аб заражанай кісці і без спраў пакачацца на канапе. Пры гэтым, хлопец не раз, асабіста, ужо сустракаўся з Захарам Пятровічам. Тады яны бесперашкодна гаварылі на любыя тэмы. Стары выдатна разбіраў хуткую гаворку Школіка і лічыў яго разумным чалавекам. Ён нават ведаў, што прыгажосць Ірыны не дае хлопцу спакою, што той таіў у сабе пачуцці да яго дачкі.
Галасы ў кабінеце сталі званчэй, пасля першага тоста цяжкае паветра ўжо перастала быць непрыемным.
VIII
Горад быў ціхім, здавалася, што ўсе памерлі і засталася толькі адна кватэра з жывымі. Лісаковіч зайшоў у гасцёўню. Антаніна Сяргееўна чытала кнігу дзіцяці, студэнтка Алена хадзіла з кута ў кут з тэлефонам, а каля акна сумавала Ірына з фотаапаратам у руках.
– Што ж нам рабіць? – спытала смуглявая студэнтка, падышоўшы блізка да Лісаковіча, прыціснулася да яго плячом і падняла смартфон перад тварам.
– Га? Гэта відэа, ты нас здымеш? Навошта? Выключай! Эканом зарадку.
Алена прыбрала тэлефон і сказала:
– Я хацела б пачуць ваша меркаванне. Як думаеце, гэта бяда адбываецца па ўсёй краіне, ці толькі ў Менску?
– Хацеў бы я ведаць. Спадзяюся, мае родныя не пацярпелі.
– А вы фатограф? Мне сказалі, што вунь той фотаапарат належыць вам.
– Я журналіст, – адказаў Лісаковіч, павярнуў галаву на Ірыну, задумаўся, а затым вярнуўся да Алены, – І мне вельмі цікава адшукаць адказы. Я, зараз, як дзікі звер у клетцы. Адбываецца нешта жудаснае, а я проста кідаюся з вугла ў вугал, і чакаю, калі ўсё скончыцца і адчую свабоду. Мы ўсе гадаем, выратуюць нас ці не! А нехта яшчэ выжыў? Як доўга мы прабудзем у ізаляцыі? Галоўнае, не рабіць глупстваў і не выходзіць з кватэры!
– Мне вельмі падабаюцца вашы развагі, – адказала Алена, стрымліваючы ўсмешку.
– Вось і падумай над гэтым, – абыякава, гледзячы ў глыбокія вочы, сказаў Лісаковіч і пайшоў да акна.
Ірына глядзела скрозь аб'ектыў на самотнае, нежывое цела, якое знаходзілася ля чужога пад'езда, за пустой пляцоўкай. Цела выглядала палахліва, пакрылася гарам, падабенства вугалю, і пускала ледзь прыкметны шэры дым, як бервяно пасля пажару. Такіх нежывых было нямала, яны застылі ў розных позах, не паспеўшы схавацца, збегчы ад катастрофы. За шклом, наперадзе, трывожна красаваўся Грушаўскі сквер. Лістота лягла долу тоўстым пластом і схавала траву, ціха ляжала пад дрэвамі, не змяніўшы сваю прыродную афарбоўку. Цёплае святло дакраналася да крывых галінак. На зялёнай, адкрытай падстрыжанай траве не было заўважана ніводнай загінулай ці жывой птушкі. Увесь лясны астравок атачыў сябе кволымі аўтамабілямі. Фарба працягвала аддзяляцца ад металу. За кароткі час кузава машын паспелі пакрыцца вялікім іржавым рабаціннем. Асноўная частка прыпаркаваных легкавікоў была згарэлай, некаторыя яшчэ дыміліся пасля выбуху.
Ірына была ўцягнута ў гэта і не чула ціхіх крокаў Лісаковіча. Пасля змрочнай ночы і ад безжыццёвага двара, у якім прайшло яе дзяцінства, яна адчувала сябе выматанай. Калі мужчына ўстаў каля акна і дакрануўся да яе пляча, Ірына злёгку здрыганулася і адкрыла твар. Яна зусім не была гатовая да дыялогу.
– Што-небудзь разгледзела? – пачуўся зацікаўлены голас Лісаковіча.
– Нічога добрага. Няма жывой душы, – паныла вымавіла Ірына.
– Можна мне паглядзець?
У момант яго слоў Ірына ўжо здымала з шыі фотаапарат, а пасля перадала прадмет у рукі гаспадару. Тады ж яркі голуб урэзаўся ў шыбу, маючы намер прабіцца да людзей, але ад няўдачы зваліўся ўніз. Глухі стук удару спалохаў Ірыну, яна моцна прыціснулася да Лісаковіча, як да свайго абаронцы. Лісаковіч супакоіў устрывожаную Ірыну, якая глядзела на яго так, быццам гатовая глядзець на яго вечна. Мужчыну стала няёмка, ён хутка адвярнуўся і паспрабаваў адцягнуцца на сцякаючую кроплю. З вонкавага боку акна цягнулася ўніз цёмная кропля крыві мёртвай птушкі. Было не па сабе.
Час ішоў. Лісаковіч таксама шукаў жывых праз аб'ектыў. Доўгімі хвілінамі выглядваў усе даступныя вокны дамоў з адсунутымі шторамі і ўсё часта вяртаўся да тонкай паласы чужой крыві на шкле. Ён вельмі шмат думаў, пытанні да сябе толькі ўскладнялі яго развагі. Журналіст зрабіў пару здымкаў у спробе пасля разгадаць загадку сваіх дум. Ён стаяў нерухома каля акна і пісаў у галаве артыкул, нібыта збіраў матэрыял для працы. Цікавасць расла і павялічвала энергію ў целе. Калі Лісаковіч адарваўся ад сваіх дыскусій, то адклаў прыладу ў бок і аглядзеўся вакол сябе. Ён павысіў адвагу, паспрабаваў уявіць, абмаляваць апавяданні стомленых людзей, якія быццам змірыліся з гібеллю і больш не шукалі выйсця.
Доўга доўжылася гадзіна за гадзінай. Цяпер ужо дзевятнаццацігадовая Алена часта хадзіла з фотаапаратам па пакоях і глядзела праз вокны на суседнія дамы.
А Ірына, раз-пораз падыходзіла да Лісаковіча, пыталася, пра што заўгодна, уважліва глядзела ў яго вочы, як на зоркі, але не ўважліва слухала. Ёй былі не цікавыя любыя тэорыі катастрофы, яна проста хацела быць побач з сімпатычным мужчынам. Цяпер яны знаходзіліся ўдваіх у спальні, блізка, седзячы на адным ложку. Ірына адчувала бяссілле да Пашы. Унутры трапяталі пачуцці, не ад страху перажытага, а ад будучыні, ад ажыўленага кахання. Закружыўшы сабе галаву, яна міжволі ўяўляла, як іх вусны даткнуцца. З-за чаго Ірына не пачула пытанне і толькі ў другі раз адштурхнулася ад надзей пацалаваць Лісаковіча.
– Ты чаму ўсміхаешся? – незадаволена спытаў ён.
– Што? Прабач, – заўважыўшы нахмураны твар, яна прыбрала ўсмешку.
– Я кажу табе пра сур'ёзныя рэчы, а ты мне ўсміхаешся. Ты хоць чуеш мяне, разумееш, пра што я кажу?
– Разумею. Пра сур'ёзныя рэчы.
Яе зачараванасць да яго адбівалася ў светла-карых вачах. Лісаковіч занепакоіўся гэтым. Ён адчуў нейкую збянтэжанасць, нібы апынуўся не ў сваёй талерцы, таму адышоў да дзвярэй. Яму не хапіла духу прад'явіць свае здагадкі яе дзеянняў, пагасіць агонь у жаночых вачах. Здавалася, што ўсё гэта будзе няпраўдай, будзе выглядаць па-дурному. Лісаковіч падумаў, што не гатовы быць бессардэчным чалавекам у такі цяжкі час. Ён адчуў сябе вінаватым, у тым, як глядзела на яго Ірына ў момант яго маўчання каля дзвярэй. З палахлівым пачуццём мужчына выйшаў з пакоя. Ірына не адчувала ніякага сораму, прачытаўшы палахлівасць Лісаковіча, яна легла на ложак з перакананнем, што была недастаткова смелай. І ў гэтай цязе, у ціхім месцы, яна не пазнавала саму сябе. Нібы за вокнамі радасны свет, а не заміраючае святло жыцця. Ірына глядзела ў столь і са здзіўленнем разважала, як жа можна было зноўку закахацца ў таго самага чалавека, які пакінуў яе адну з пабітым сэрцам. Яна ўжо была не такая маладая, юна, як раней. І дзе ж дарослыя паводзіны, разважанні і, нарэшце, размовы? У яе сэрцы адчуваліся новыя пабудовы, зноўку раскветнелі пачуцці, збіраліся ў цэлае кавалкі мінулага кахання.
Бледны Лісаковіч стаяў у калідоры перад дзвярамі кабінета, адкуль даносіліся п'яныя лагодныя галасы. Пабольш быў разборлівы басісты тон Захара Пятровіча, а голас Школіка толькі шыпеў скрозь дзверы. Адчуўшы непрыемнасць, у якой Лісаковіч не змог разабрацца адразу, ён успомніў аб каханай Марыне і ўзварушыў думкі, адагнаў цяжар.
Дзесьці за гадзіну, да таго, як Антаніна Сяргееўна раздала ежу, якая была падобная на сціплы паёк, зноў загудзела сірэна. Лісаковіч ірвануў па калідоры ў гасцёўню, дзе плакала дзіця. Віта хацела хутчэй абняць маму, а не слухаць бясконцыя заспакаенні Антаніны Сяргееўны.
Лісаковіч падбег да Алены, якая шукала жывых праз аб'ектыў яго фотакамеры.
– Нешта ёсць? – спытаў ён, адчуваючы прыліў сіл, небяспеку.
– Людзі ў вокнах. Няшмат, але яны ёсць. Жывыя, – выразна адказала дзяўчына, – Зірніце!
На яе голас падышоў Калядка.
– Гэта ж добра? Так? – усклікнуў студэнт, у выразе яго твару адбівалася надзея.
На яго паглядзелі з нядоўгім маўчаннем, пасля павярнуліся ізноў да акна.
– Сірэна не крыніца добрага! – адказаў Лісаковіч.
– Глядзіце! Глядзіце туды! – усклікнула Алена і паказала пальцам, – Вы бачыце? Там, плакат!
Злева ад іх, у іншым доме на верхніх паверхах можна было разгледзець рух. Асабліва выразным быў сілуэт у чырвонай майцы, які махаў рукамі. Лісаковіч праз фотаапарат разгледзеў, як цёмнавалосая жанчына спрабавала нешта растлумачыць рукамі. Затым, ён паглядзеў на паверх вышэй і ўбачыў мужчыну з кардонкай ў руках. Чорным, тоўстым маркерам было напісана: "Не выходзьце! Санітарыя!" Гэтыя словы былі напісаныя ў два радкі, вялікімі літарамі. Простым вокам, пры добрым зроку, можна было распазнаць тоўстыя літары.
– Значыцца, нас будуць ратаваць! Праводзяць меры па нашым выратаванні! – загаварыў Калядка.
Калі падышла Ірына, Калядка пачаў дзяліцца з ёй новай інфармацыяй. Тады Алена забегла ў спальню, зірнула праз шкло на бязлюдную вуліцу Шчорса, на яе маўклівыя крамы з сапсаванымі шыльдамі. Затым паглядзела вышэй, у вокнах кватэрнага дома, дзе нікога не было відаць. Да пятага паверха шыбы былі не ўсюды: ад першага па трэці паверх яны былі разбітыя, на чацвёртым і пятым, выглядала ўсё так, быццам па шыбам мякка ўдарылі малатком, і яны дзесьці патрэскаліся, а дзесьці засталіся толькі тырчаць аскепкі ў рамах. Далей уверх, усё было як раней, частка фасада высокага будынка выглядала ацалелай, па-ранейшаму адлюстроўвала тое, што адбываецца перад пабудовай. Сонечнае святло надавала бляск і затуманенасць. Ці ёсць хто там, за непразрыстай заслонай? Дзяўчына толькі прадчувала, што ў такім вялікім доме абавязкова засталіся яшчэ жывыя людзі. Яна вярнулася ў гасцёўню і падзялілася не зусім добрымі навінамі. У той жа час, Ірына спрабавала размаўляць з незнаёмымі людзьмі, праз паперу і маркер. Яна пісала кароткія словы, атрымлівала ў адказ не новае. А той мужчына, што вывесіў "Не выходзьце! Санітарыя!", знік з-пад увагі пакінуўшы плакат на шыбах.
Працяглы гул сірэны цягнуў за сабой час, ён здаваўся раздражняльным, а выццё дапякальным. Пасля абеду, стомленыя людзі, бязмэтна блукалі па кватэры.
Тады, калі сонца яшчэ ніжэй нагнулася ў бок Захаду, з нябёсаў пасыпаўся белы парашок. Сухі пылок закрываў сабой увесь прасвет, падобна густому пылу з вясковых дарог, ён падоўгу завісаў у паветры. У кватэры пацямнела. Гаспадыня запанікавала і запаліла недагарэлую свечку, паставіла яе на падаконнік. Яна сабрала ўсіх у гасцёўні, не думаючы пра тых, хто застаўся ў кабінеце, верыла ў тое, што ўчарашняя малітва прынесла не толькі ёй, але і ўсяму гораду выратаванне. Жоўтае святло свечкі смірна гарэла ўверх, усе часцей глядзелі толькі на яго. У такіх абставінах Антаніна Сяргееўна пачала распавядаць кароткія гісторыі, якія трохі змякчалі трывогу душам, што знаходзіліся побач. Многія дадавалі да яе расказаў свае гісторыі. Віта болей не плакала, яна чула ад Калядкі, што, калі сухі туман рассеецца, то ўсё дрэннае скончыцца. Дзіця моцна паверыла ў тое, што хутка вернецца дадому, да бацькоў. Таму дзіцячыя вочы часцяком глядзелі ў акно, не адводзячы сваіх сумных пачуццяў.
Калядка ўжо не падыходзіў да ўваходных дзвярэй, не сачыў праз вочка за нерухомым чалавекам, суседам. Ён цяпер не бачыў у гэтым карыснасці, дый і стала цяжка глядзець на хворага. Таму, студэнт сядзеў на падлозе, дакранаючыся спінай да сцяны і сціпла падтрымліваў размовы ў гасцёўні.
Пры захадзе сонца пыл не быў ужо такі шчыльным, але яшчэ лунаў у паветры на гарадскіх вуліцах і дварах. Да ночы людзі ў кватэры адчулі прысутнасць ёду, з'явіўся яго дымны прысмак.
IX
Бліжэй да паўдня, ад салёнага смаку вельмі хацелася піць. Нават пасля сняданку, салёнасць не знікала. Усяму віной учорашні рассеяны парашок, які прасочваўся ў дамы і сплятаўся з паветрам, трапляючы ў арганізм людзей. Антаніна Сяргееўна пералічыла ежу і ваду, пасля адправіла студэнтаў сачыць за становішчам з вокнаў. У гэты час Ірына ў гасцёўні запляла косы дзіцяці і паглядала на Лісаковіча, які змрочна хадзіў па шырокім пакоі. Яна бачыла ў ім таленавітага, каханага, прыгожага чалавека. Зараз ёй трэба было супакоіцца, падабраць правільныя словы, каб потым пагаварыць з ім пра яе пачуцці. Хай было недарэчна казаць пра каханне ў гэтак складаны момант жыцця, але яна жадала ўвагі, хацела згладзіць свае душэўныя раны.
– Паша, можа пагаворым пра нас? – сказала Ірына і пяшчотна ўсміхнулася, круцячы на руцэ бранзалет.
– Эх…, – уздыхнуў Лісаковіч, – Навошта зараз казаць пра нас, што з намі не так?
У пакой увайшлі студэнты і Ірына змоўкла. Яна памяняла ўсмешлівы твар на абыякавасць і адчула да студэнтаў варожае пачуццё. Мала таго, што яны перашкодзілі размове, дык яшчэ забралі ўсю ўвагу Лісаковіча. Ірыне стала не па сабе, бачачы, як маладзенькая Алена круцілася каля яго і нешта падшэптвала яму каля акна. У разумнай, яснай і зграбнай дзяўчыне яна цяпер бачыла саперніцу. Ірына злавалася, хвалявалася, уяўляла больш таго, чаго не было паміж людзьмі каля акна. Нават хацела перашкодзіць ім какетнічаць, але была яшчэ не гатовая. Не заўважаючы, яна назапашвала рэўнасці, каб успыхнуць ад пачуццяў.
Тым часам, Антаніна Сяргееўна ўсё хадзіла па кухні. Цяпер яна трымала чайнік, у якім засталося вельмі мала халоднай вады, і думала пра тое, як доўга прыйдзецца недаядаць, расцягваць скарынкі хлеба. Праз пару секунд на кухні з'явіўся Захар Пятровіч, з пакамячаным тварам пасля ўчарашняй п'янкі. На сівой барадзе віселі сухія крошкі ад печыва. Ён адчуваў сябе добра: галава не шумела, вочы выразна бачылі, рукі не дрыжалі.
– Налі вады! – прашаптаў ён, – Мы што, учора на вячэру соль елі?
Антаніна Сяргееўна павярнулася на голас і тут жа адышла назад, урэзалася ў стол ад спалоху. Увесь лоб мужа быў у чорных плямах невялікага памеру, і руку, што трымала кубак, таксама захапіла падобная чарната. Скура нібыта трымала чарнільныя сухія кляксы. Жанчына жахнулася і ўспомніла, што падобныя сляды, як нейкую заразу, раней апісваў Лісаковіч. Яна выказала здагадку, што гэта нездаровая прыкмета невядомага захворвання можа перадавацца, і яшчэ болей спалохалася, і разгубілася. Балюча было глядзець на няправільны твар. Антаніна Сяргееўна, не ведаючы, што рабіць далей, працягнула чайнік і выліла апошнюю ваду ў кубак мужа.
– Ты чаго? – коратка і ціха вымавіў Захар Пятровіч, гледзячы на шырокія вочы жонкі.
– Я? – разгублена адказала пытаннем яна, а затым з запінкай сказала, – С-сыдзі!
Адчуванне страху, неспакой за дачку, дазволілі абыйсціся разумна. Антаніна Сяргееўна не панікавала пры мужу, старалася выраўнаваць дыханне. Яна не глядзела на яго, каб зноў не паказацца дзіўнай.
– Сыдзі! Вады болей няма! Ідзі ўжо, пі сваю гарачую ваду! – гучна казала жонка, намякаючы на алкаголь.
– Не крычы на мяне. Перад гасцямі не строй з сябе гаспадыню! Гэта мая кватэра!
– Так. Добра. Прабач мяне!
– Нешта галава разбалелася, быццам гарыць. Усё з-за цябе! – вымавіў Захар Пятровіч і з кубкам вярнуўся ў свой кабінет, дзе на падлозе ляжаў і сапеў пад пледам п'яны Школік.
Антаніна Сяргееўна хутка вярнула чайнік на пліту і спешна накіравалася ў гасцёўню. Ціхімі крокамі, яна прабегла па калідоры і ўскочыла ў вялікі пакой. Спынілася ў цэнтры, пералічыла прысутных, агледзела іх целы на наяўнасць хваробы, плям.
– На бацьку нейкая зараза! – сказала яна Ірыне.
– Як? Што з ім?
– Ну… Усё, як вы распавядалі. Ой, страшна мне. У яго плямы на ілбе. І на руках… Плямы нейкія, маленькія, чорныя, як нейкі мох! – казала Антаніна Сяргееўна, гледзячы на свае рукі, – Ой, страшна мне дачушка.
Ірына падышла да мамы і стала яе супакойваць. Усе напружыліся, у цесным коле ў людзей стварылася такое ўяўленне, што хтосьці з іх таксама хворы.
– Ёсць запасны ключ ад кабінета? – спытаў Лісаковіч.






