- -
- 100%
- +

Переводчик Леанід Лаўрэш
Составитель Леанід Лаўрэш
© Станіслаў Мараўскі, 2025
© Леанід Лаўрэш, перевод, 2025
© Леанід Лаўрэш, составитель, 2025
ISBN 978-5-0068-4005-8
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Крыніца: Morawski Stanisław. Kilka lat młodości mojej w Wilnie (1818—1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
Ад перакладчыка
Аўтар гэтых успамінаў, др. медыцыны Станіслаў Мараўскі, нарадзіўся 22 ліпеня 1802 г. у Міцкунах пад Вільняй, што ў Лаварышскай парафіі, у маёнтку сваёй маці і быў першым і адзіным сынам шамбаляна караля Станіслава Аўгуста Апалінарыя Мараўскага і Мар'яны з Сямашкаў (памерла ў 1813 г.). Бацька – Апалінар Мараўскі (памёр у 1838 г.), быў вельмі вядомым у той час чалавекам, ведаў і падтрымліваў сяброўства з многімі тагачаснымі інтэлектуаламі, браў удзел у паўстанні 1794 г., асабіста ведаў Тадэвуша Касцюшку і Якуба Ясінскага, быў масонам.
Бацькі аўтара, вельмі заможныя людзі, пабраліся шлюбам па вялікім каханні, але «ў выніку сямейных, драматычных і па-сапраўднаму, з-за сваёй надзвычайнасці, цікавых інтрыг, маці на сямнаццатым годзе свайго жыцця была вымушана законна расстацца са сваім мужам, якога кахала». Пара развялася ў 1810 г. па ініцыятыве бацькі. Каб паскорыць шлюбаразводны працэс, звярталіся нават да імператара Аляксандра I, прычыны разводу ў крыніцах не ўказваюцца. Маці пасялілася ў Вільні, дзе, з-за шлюбаразводнай драмы захварэла ў 1813 г. і «гэтая няшчасная жанчына, прыгнечаная болем і рознымі паразамі, што атручвалі сэрца, памерла ад сухотаў». Пахавана на Бернардынскіх могілках, магіла не захавалася. Адзіны сын Мараўскіх Станіслаў застаўся жыць з бацькам і яго другой жонкай Юзэфай з Храпавіцкіх (1770—1842).
Яго дзяцінства было сумным і не толькі з-за адсутнасці маці (шляхетная мачаха з дому Храпавіцкіх, як магла імкнулася рабіць дабро пасынку), але больш з-за стаўлення бацькі да сына.

Бацька аўтара Апалінары Мараўскі
Бацька, несумненна чалавек выбітны, здольны, інтэлігентны, вынаходлівы, бонвіван і лавелас, «высакародны і паважаны ў свеце», надзіва рэзка, строга і сурова абыходзіўся са сваім адзіным сынам. Аднак для яго ён зрабіў усё, што і належала зрабіць. Выхаваў яго здаровым і даў выдатную адукацыю. Першапачаткова Станіслава вучылі гувернёры – і не абы якія: Міхал Канарскі, перакладчык з французскай мовы (потым ён вучыў Шчэнснага Патоцкага) і Захара Нямчэўскага, будучага прафесара матэматыкі Віленскага ўніверсітэта і дэкана факультэта. Калі Станіслаў падрос, яго аддалі ў Ковенскую павятовую школу, у якой праз год пасля таго, як яе ў 1818 г. скончыў Мараўскі, пачаў настаўнічаць Адам Міцкевіч.
Пад ціскам бацькі Станіслаў паступіў на медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта, які скончыў у 1823 г. і абараніў ступень доктара медыцыны. Вучоба Мараўскага прыпала на гады максімальнага развіцця Віленскага ўніверсітэта і на кульмінацыю руху філарэтаў сярод моладзі. Мараўскі браў удзел у гэтым руху, быў прыняты ў сакавіку 1819 г. з псеўданімам «Патрокл» і 15 сакавіка прачытаў даклад «Пра свабоду народа», а 7 чэрвеня «Жыццё і справы кардынала Рышэлье». Яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце меў зносіны з А. Міцкевічам, Т. Занам. Яму ўдалося пазбегнуць суда над філарэтамі і выгнання з краю. Па сямейнай традыцыі быў членам масонскай ложы «Руплівы ліцвін» («Litwin Gorliwy»).

Маці аўтара Мар’яна Апалінарыева Мараўская з Сямашкаў
Не вытрымаўшы тыраніі бацькі, паехаў у Пецярбург (жыў там у 1827 і 1829—1838 гг.), дзе працаваў лекарам і атрымаў ордэн св. Ганны падчас знакамітай эпідэміі халеры. Меў стасункі з Адамам Міцкевічам, сябраваў з піяністкай М. Шыманоўскай, мастакамі Ю. Аляшкевічам і В. Смакоўскім.
Знаходзячыся ў Парыжы, вырашаў праблемы са спадчынай, якая дасталася яму ад пляменніцы. Падчас знаходжання ў Францыі зблізіўся з эміграцыяй і павінен быў стаць сватам шлюбу Цэліны Шыманоўскай (1812—1855) з Адамам Міцкевічам, з якім зноў сустрэўся ў 1833 г.
Пасля смерці бацькі ў 1838 г. пасяліўся ў маёнтку Устроні Троцкага павета, дзе пісаў свае мемуары. У 1845—1846 гг. жыў у Варшаве. Сучаснікамі характарызаваўся як мізантроп, што бачна і з яго ўспамінаў.
Памёр у 1853 г. у сваіх Устронях і быў пахаваны ў капліцы ў Неманюнах Троцкага павета.
Розныя кнігі ўспамінаў Станіслава Мараўскага неаднаразова выдаваліся на польскай мове і даўно перакладзены на летувіскую мову. Значна больш «роўныя» і менш суб'ектыўныя ўспаміны Мараўскага пра жыццё ў Пецярбургу таксама перакладзены і на расейскую мову1. У сваіх росшуках я неаднаразова перакладаў і цытаваў фрагменты ўспамінаў Мараўскага і добра разумеў каштоўнасць, а ў чымсьці ўнікальнасць яго тэкстаў і таму некалькі разоў прапаноўваў асобе, якая магла б арганізаваць высокапрафесійны пераклад, навуковае каментаванне, рэдагаванне і выданне ўспамінаў Мараўскага, зрабіць гэтую працу. Усе разумелі каштоўнасць такога выдання, і таму віленскія ўспаміны Мараўскага рана ці позна павінны былі б з'явіцца ў тым ліку і на беларускай мове. Але сталася так, што верагоднасць гэтага сёння наблізілася да нуля. Таму я і ўзяўся за поўны пераклад віленскіх успамінаў Мараўскага, бо яны, у тым ліку, наўпрост датычаць і маёй Лідчыны, а таксама Ашмяншчыны, Наваградчыны і г. д.
У маім перакладзе амаль што няма скаротаў, касаваў я толькі не зусім дакладныя апісанні аўтарам біяграфій Бенігсена, Зубава і г. д., стамляўся перакладаць адмоўныя характарыстыкі яго непрыяцеля Новамейскага і іншыя, вельмі суб'ектыўныя і малакаштоўныя часткі пра цалкам невядомых сёння асоб, але гэтыя скароты агулам не перавышаюць некалькіх старонак кнігі.
Улічваючы вельмі спецыфічны стыль Мараўскага, яго сказы на паўстаронкі з вялікай колькасцю косак, косак з кропкай, вялікую колькасць састарэлых слоў і г. д., на пачатку я думаў зрабіць пераклад як максімальна набліжаны выклад сэнсу яго ўспамінаў. Але стыль Мараўскага, калі яго думкі абганяюць пяро, да апісання кожнай асобы дадаецца па пяць ці болей эпітэтаў, а самая простая думка можа раскрывацца на некалькіх старонках, захапіў мяне, і таму я маю слабую надзею, што ў пэўнай ступені мне ўдалося перадаць яго вельмі своеасаблівы стыль. Мараўскі ўвесь час працаваў нібыта для сябе ці максімум для сваіх сваякоў і сяброў, бо пісаў пра «вочы і вушы майго прыяцеля ці сваяка, які будзе гэта чытаць», але меў надзею і на нешта значна большае, «бо, хто ведае, можа і мае трызненні часам каму прыдадуцца».
Успаміны, відочна, ён пісаў на адным дыханні, і таму заўважны няроўнасці і нестыкоўкі тэксту. Напрыклад, у адным месцы пра свайго бацьку ён піша, што «вялікія і малыя грошы сыпаліся на яго без аніякага старання, нават, калі ён сам гэтага не чакаў», у іншых месцах неаднаразова згадвае вялікую заможнасць сваёй сям'і, але потым мы даведваемся, што яго бацька ў канцы жыцця ўжо амаль што нічога не меў і нічога не змог пакінуць свайму сыну.
Мая праца – не акадэмічны пераклад, бо перакладаў я віленскія ўспаміны як цікавейшы раман з жыцця нашага краю першай трэці XIX ст. Таму, хоць гэта і было б цікава зрабіць, пераклад не мае навуковага апарата і занадта вялікіх каментароў, выкананых па ўсіх правілах у канцы кнігі. Тым не менш, пераклад разлічаны на дастаткова абазнанага ў нашай гісторыі чытача.
Каб не абцяжарваць і так складаны тэкст, я часта не расшыфроўваў шматлікія французскія і лацінскія словы, прымаўкі, а адразу падаваў іх у перакладзе на беларускую мову.
Успаміны поўняцца анекдотамі, расказамі і аповедамі пра вядомых і невядомых сёння асоб, і, калі ўзяць папраўку на зразумелую суб'ектыўнасць аўтара, яго ўспаміны можна лічыць энцыклапедыяй жыцця сярэдняга і вышэйшага класа былога ВКЛ у XIX ст.
Закончу гэты ўступ думкай, якую былы філамат Францішак Малеўскі2 паведаміў другому былому філамату Адаму Міцкевічу (яны абодва былі жанаты з сёстрамі Шыманоўскімі) – Малеўскі лічыў тэкст Мараўскага «шклом, праз якое можна бачыць», дадам, чароўным шклом, праз якое можна бачыць гісторыю.
Вельмі цікавым для мяне ёсць апісанне аўтарам прыгожага абраду атрымання ступені доктара медыцыны (MD), я ўжываю для гэтага тэрмін, які мне падабаецца – «дактарацыя». Заўважу, што паступіўшы ў 16 гадоў ва ўніверсітэт, Мараўскі ўжо ў 20 гадоў стаў доктарам медыцыны. Наколькі я ведаю, і сёння ў англамоўным свеце доктар медыцыны (MD) – гэта прафесійная (і апошняя) навуковая ступень лекараў. Па ўзроўні падрыхтоўкі яна прыблізна адпавядае магістратуры немедыцынскіх прафесій, надаецца пасля заканчэння медыцынскага ўніверсітэта і дазваляе займаць медычныя і выкладчыцкія пасады ў медыцыне ажно да прафесарскіх. Тады, як і сёння ў большасці дзяржаў заходняга свету, юрысты атрымлівалі навуковую ступень доктара юрыспрудэнцыі (J.D, JD, D. Jur. ці DJur), а багасловы – доктара тэалогіі (Theology Doctor, ThD). Каб займацца медыцынай, як навукай, сёння трэба мець ступень PhD (гл. ніжэй), напрыклад у галіне біялогіі, такая ступень лекара-навукоўца пішацца як «MD-PhD».
Апроч медыкаў, юрыстаў і тэолагаў, усе іншыя выпускнікі ўніверсітэта, пры жаданні, атрымалі ступень доктара філасофіі (PhD, Philosophiа Doctor) – навуковую ступень, якую і цяпер атрымліваюць спецыялісты ў галінах гуманітарных, прыродазнаўчых і тэхнічных навук на аснове ступені магістра пасля выканання цягам 4—5 гадоў незалежнага даследчага праекта і абароны дысертацыі (PhD Thesis). У той час Віленскі ўніверсітэт не меў інжынерных накірункаў, і ступень магістра, а потым доктара філасофіі прысвойвалася гуманітарыям і прыродазнаўцам. Вядома, напрыклад, што Адам Міцкевіч у 1819 г. скончыў Віленскі ўніверсітэт і ў 1822 г. атрымаў вучоную ступень магістра філасофіі. Загадкай для мяне з'яўляецца згаданы ў гэтых мемуарах хімік Ляхніцкі, які стаў доктарам ва ўзросце 19 гадоў. Невядома, ці тое тычылася вундэркінда, ці гэта проста памылка.
Мае каментары да тэксту ўспамінаў пазначаны літарамі «Л. Л.», а каментары, якія былі зроблены да выдання 1924 г., падаюцца без дадатковых пазнакаў.
У кнізе Мараўскага ўспаміны дадатковыя да асноўнага тэксту падаюцца пры канцы выдання. Гэтыя дадаткі я падаю пасля кожнага раздзела кнігі, пазначаны яны будуць літарай «Д» з адпаведным нумарам.
Перакладчык і каментатар успамінаў Леанід Лаўрэш.
Першая частка
Казалі тады першасвятары Пілату: «Не пішы». Але Пілат адказваў:
«Што напісана, тое напісана».
«Змяніліся пакаленні, і я застаўся блукаць сярод людзей у амаль што невядомай мне краіне, дзе нішто з таго, што мяне раней атачала, не было мне чужым».
Раздзел 1. Пралат Міхал Длускі. Яго характарыстыка. Яго сувязь з Лабаржэўскай. Яго масонства. Ссылка ў 1812 г. Вяртанне, смерць і пахаванне
Адным з блізкіх сяброў майго бацькі ў Вільні быў яго дваюрадны па цётцы брат ксёндз Міхал Длускі3, пралат і архідыякан Віленскай катэдры.
У той час гэты ксёндз-пралат быў свяцілам, зоркай, сонцам капітулы. Сёння ніхто не мае ўяўлення пра тое, якое значэнне, павагу і пашану мелі члены Віленскай капітулы ва ўсім забраным краі і ў самой Вільні, а было гэта яшчэ на маёй памяці.
Але ўжо нават і тады людзі скардзіліся, што ў капітулу ўбіліся інтрыганы. У часы кс.-біскупа Масальскага і потым, не было іншых пралатаў, як толькі арыстакраты. Гэту духоўную пасаду займалі Лапацінскія, Валовічы, Касакоўскія, Страйноўскія, Бжастоўскія, Зянковічы і ім падобныя, святасцю жыцця над іншымі ўзвышаўся біскуп Пільхоўскі4. Спалучалі яны сапраўднае выхаванне з уласным, звычайна, вялікім багаццем, і, галоўнае, карысталіся агульнай павагай да сябе. Узнагароджаныя зоркамі св. Станіслава і Белага Арла, засядалі ў парадных тогах за дзіўнай прыгажосці сталамі віленскай капітулы, выглядалі як рымскія сенатары, якія з-за гальскага нашэсця чакаюць смерці.

Станіслаў Мараўскі
Потым, палітычныя змены, заўчасная смерць многіх пралатаў і ідэі, якія з'явіліся пад уплывам універсітэта і сучаснай навукі, пачалі дэмакратызаваць свядомасць і прывялі да таго, што большасць пралатур і пасад у капітуле атрымалі ўніверсітэцкія прафесары святой тэалогіі. Пасады атрымалі пераважна асобы з дробнай і беднай шляхты і, як кажуць, малой высакароднасці. І шапталіся, што былі сярод іх нават сяляне, якія ўзняліся праз моц таленту ці праз інтрыгу.
Аднак заўсёды былі Бжастоўскі, Касакоўскі і Багуслаўскі, а сярод навукоўцаў-матэматыкаў Нарвойш5, Міцкевіч6, Клангевіч7, Хадані8 і Кундзіч9. Цывінскі10 – шляхціц старажытнага і чыстага паходжання, хаця і быў ужо афіцыялам, але ніколі не думаў, што дачакаецца той ролі, якую пазней яму давялося выконваць. Я часта бачыў Цывінскага выструненым каля дзвярэй Длускага і вельмі цяжка было яго ўгаварыць усяго толькі сесці ў крэсла. Я бачыў гэта, але яно мне не шкодзіла, і з гэтым будучым біскупам у мяне ніколі не было стасункаў, хоць часам я меў іх з асобамі, якімі ён кіраваў. Зрэшты, лепш не заўважаць прыніжанай сціпласці людзей, якія потым узняліся, бо яны не любяць сведкаў сваёй мінулай пакорлівасці. А такія сведкі, часцей за ўсё міжвольна на пачатку глядзелі на іх, як бараны, але потым заўсёды ставаліся вінаватымі: «Чаму глядзелі, чаму бачылі?» Гэта нешта накшталт лёсу Авідзія, які ўвесь час скардзіўся: «Cur aliquid vidi. Cur noxia lumina jeci!» (лац. «Чаму я нешта бачыў. Чаму я падпаліў агонь!». — Л. Л.).
Ксёндз Міхал Длускі быў выхаваны ў школе кс.-біскупа Масальскага, чыя элегантнасць, дасканаласць, вучонасць і ветлівасць славіліся па ўсім краі (Д 1) і дапамагалі біскупу ва ўсіх яго падарожжах за мяжу – яго такт, яго абыходжанне з людзьмі, яго разважлівасць – усё тое, чаго сёння мы ўжо не сустракаем. Дасведчаны, энцыклапедычна адукаваны ва ўсіх галінах ведаў, з веданнем 6 моў і 7-й расейскай, якую потым вывучыў у няшчасці, віртуозны мастак алоўкам і алеем, да гэта ўсяго яшчэ і архітэктар, і аграном, ён вылучаўся нават у часы вялікіх асветнікаў, калі было шмат па-сапраўднаму вучоных людзей, якія атрымалі веды не з газетаў і часопісаў, а з упартага і пастаяннага вывучэння грунтоўных кніг – асоб, якія дзівяць сучасных мудрацоў ведамі – аздобамі свайго розуму і сэрца.
Длускі, кажу я, мог не прымружыўшы вока, мець уладу і надзейна яе трымаць. Калі і быў на свеце хрысціянскі святар, пазначаны рукой Бога анёльскім абліччам, дык гэта, безумоўна, ксёндз Міхал. Прыгожага целаскладу, росту вышэй за сярэдні, з паважнымі і шляхетнымі рухамі, па-сапраўднаму панскімі рукамі, у паводзінах сціплы, ціхі хоць і не па-езуіцку – ён паланіў сэрцы кожнага, хто яго ведаў. Але галоўнай яго аздобай быў твар і нават выраз твару, калі ён размаўляў з людзьмі. Блакітныя вочы, светлыя, доўгія валасы, якія клаліся на шыю прыгожымі, натуральнымі кудзеркамі, лагодны позірк рабілі яго па-сапраўднаму падобным да анёла ці, прынамсі, да таго Габрыэля, якога ў «Вечным жыдзе» сваёй фантазіяй намаляваў Эжэн Сю. З вялікай колькасці партрэтаў ксяндза Міхала толькі мініяцюра, якую я атрымаў ад бацькі, перадае яго воблік. Калі ён нават пры неабавязковай размове пачынаў прамаўляць, ягоныя губы ледзь-ледзь краналі адна адну, нібы ён збіраўся даслаць лёгкі пацалунак – гэтак жа робяць тыя, хто грае на флейце. І сапраўды, яго прыемны голас кранаў вуха, як гук музычнага інструмента. Быў у яго нязначны цік, не ведаю, ці заўважаў гэта хто-небудзь з яго блізкіх ці знаёмых, але мяне, малога, ён звычайна дзівіў, і таму я зачаравана глядзеў на яго. Безумоўна, цік не толькі не псаваў, але рабіў яго яшчэ больш чароўным. Апроч уласнага фундушу, які трымаў як капітал, ксёндз Длускі з’яўляўся яшчэ пробашчам у катэдры і меў дзве значныя бенефіцыі: Рукойні і Міхнішкі11.
Рукойні12, хоць і ляжаць блізка ад Вільні, аднак да пэўнага часу іх ўважалі мёртвым, журботным і нудным мястэчкам, але гэтую сваю летнюю рэзідэнцыю ён перарабіў на маленькі рай. Купамі маляўніча пасаджаных дрэў стварыў прыгожыя краявіды. Пабудаваў жылы дом, мураваны касцёл і іншыя гмахі. Батанік і аматар кветак, ён стварыў цудоўны сад з каналамі, напоўненымі рыбай, дамкамі для самых прыгожых птушак, швейцарскімі хаткамі, пусташ з высвечаным пустэльнікам-старцам – адным словам, узбагаціў усімі вясковымі аздобамі.
Пасля яго смерці ад усяго гэтага не засталося і следу! Бо Длускага змяніў спарахнелы і здзяцінелы пралат, граф Бжастоўскі, рэферэндарый ВКЛ, які з-за нейкага дзіўнага капрызу і фантазіі загадаў усё спляжыць і высекчы ў пень. Рукойні вярнуліся да ранейшага стану. А быў гэта той самы Бжастоўскі, які ў свае маладыя гады стварыў і арганізаваў Паўлава13, мястэчка, слаўнае ў апошнія хвіліны Літвы і Польшчы.
Пры гэтым наш пралат Длускі быў не без граху. Анёлы заняпалі, а як жа часам не саграшыць чалавеку, нават калі ён і падобны да анёла? Прыгожы, вялікі, багаты, адукаваны, таленавіты, яго не маглі абмінуць спакусы. Як зазвычай здараецца, яго спакусіла жанчына. І хоць ён раней не аднойчы казаў дзявулям: «Ідзі прэч, шатан!», але ўсё ж перад чарамі адной з гэтых шатанак ён нарэшце не стрымаўся. Але магу меркаваць, што не вялікае дзіва зваліцца з такога коніка, бо нават праз колькі дзясяткаў гадоў, калі і я ўбачыў гэтую жанчыну, яна ўсё яшчэ заставалася вабнай! Не стану пляткарыць, бо каханне Длускага не было распустай, якой аддаўся гарбаты і страхалюдны пралат Зянковіч, у чые абдымкі кідаліся ці не ўсе модныя віленскія пані, таму што Зянковіч быў багаты і меў надзвычайна вялікую схільнасць да марнатраўства.
Длускі, сціплы чалавек з чулым сэрцам, не вытрымаў і патрапіў у сеткі, якія на яго паставіла прыгожае нябеснае стварэнне, поўнае ўдзячнасці і вабнасці – генаралава14 Лабаржэўская15 з дому Нарбутаў. Яна потым прайшла праз рукі, сэрца і кішэню князя Кутузава-Смаленскага, у той час (1799—1801 і ў 1809—1812 гг. – Л. Л.) генерал-губернатара Вільні, і некалькіх яшчэ паноў у Пецярбургу, а пры канцы выйшла замуж за міністра асветы, адмірала Шышкова. Калі я з ёй пазнаёміўся, яна была ўжо старой, але яшчэ моцнай, дзіўна прыгожай і мілай жонкай міністра, адмірала Шышкова16. Яна цалкам адпавядала свайму становішчу, узняла дом адмірала, з дзіўнай прыемнасцю і ветлівасцю захоўвала ўсеагульную павагу, асабліва цёплую ад землякоў, як быццам ніколі і не была іншай, а толькі і заўсёды жонкай міністра.
Што ж, магчыма, Длускі не ведаў, што ў сваёй хроніцы пісаў легат і папскі нунцый у Польшчы Энеа Сільвіа Пікаламіні, які потым стаў папам Піям ІІ, аб Нарбутоўнах17, і небарака, закахаўся ў гэтую жанчыну па самыя вушы. Ці з-за глупства, ці каб добра яго абдзерці, замест таго каб хаваць стасункі, мілая спакусніца пачала знарок дэманстраваць гэтую сувязь. Выбухнуў скандал, і неабходна было яго хутчэй схаваць і пагасіць. Мой бацька, як Ментар, які скінуў Тэлемака са скалы, гвалтоўна разарваў гэтую сувязь. Лабаржэўская залілася горкімі слязьмі і запатрабавала 2000 дукатаў, каб загаіць сваю каліпсаву рану (у інтэрпрэтацыі рымскім пісьменнікам Гаем Юліям Гігіным старажытнагрэцкага міфа, німфа Каліпса забіла сама сябе з-за кахання да Адысея – Л. Л.). Мой бацька меў каля сябе сястру Лабаржэўскай Далецкую (ці Далінскую – Л. Л.), якую ён раней збаламуціў, і яна аддалася яму і целам, і душой. Пры дапамозе генерала Хацкевіча, які марыў неадкладна ўзяць Лабаржэўскую на свой рахунак, бацька закончыў справу кампрамісам у тысячу дукатаў. Аднак, калі Лабаржэўская развітвалася, дык паклялася помсціць вечна, але не з-за малой сумы грошай, а за сканчэнне такога салодкага кахання. Трэба сказаць, што клятву сваю яна не выканала, бо, відочна, была жанчынай з мяккім, добрым і незлапамятным сэрцам. У 1828 г., ужо будучы жонкай міністра, яна, як сына, прыняла мяне ў Пецярбургу, навучала мяне, дзе магла пратэжыравала, і я меў у сталіцы шмат прыемных момантаў у яе вялікім, знакамітым і бліскучым доме (Д 2).
Ну, і каб хоць коратка закончыць біяграфію Длускага, дадам толькі, што яшчэ падчас вандроўкі па Еўропе разам з біскупам ён уступіў у таварыства масонаў. І калі пазней масоны пачалі множыцца ў Літве і Польшчы як грыбы на моху, аказалася, што ён і наш агульны сваяк генерал граф Караль Мараўскі18 былі ветэранамі масонскага руху ў краі19 (гэты графскі тытул для яго быў куплены нясвіжскімі Радзівіламі ў рымскага імператара, ён меў падвойнае сваяцтва з Радзівіламі, бо аддаў сваю адзіную дачку за апошняга нясвіжскага Радзівіла. Ён вельмі хацеў мяне ўсынавіць, але бацька не пагадзіўся). Мараўскі доўгі час жыў у Завушшы, і яго галоўным сябрам стаў пралат Длускі. Праз Длускага міласэрны і шчодры граф часта аказваў значную падтрымку і рабіў складкі для мастакоў, вучоных без сродкаў, для бедных і сірот і таму быў шырока вядомы.
Нарэшце, прыйшоў 1812 г. З'яўленне імператара Напалеона, які па-здрадніцку падараваў нам бразготку, нам, якія яшчэ ўсё памяталі і ўсімі сіламі і шляхамі імкнуліся аднавіць сваю незалежнасць. Гэта дало новы стан, новыя постаці. Руплівы і высакародны Длускі ўсёй душой прыкіпеў да гэтай няспелай яшчэ надзеі. А ў дзень імянін французскага імператара ён сказаў з амбона катэдральнага касцёла слаўнае казанне, якое зрабіла на ўсіх вялікае ўражанне, і шпегі адразу даслалі звесткі ў расейскі лагер. На яго ўжо меўся кампрамат, але, паколькі былі і больш дыскрэдытаваныя асобы, пасля вяртання маскоўскіх войскаў ён неяк выкруціўся. Ды няшчасны лёс абрынуў на яго галаву новую буру.
Калі ўжо расейскія войскі падышлі да Вільні, французы адступалі і хаваліся, дзе маглі, бо мелі спадзяванні, што перамога, якая выпала з іхніх рук, вернецца ў кожны момант. Вышэйшыя афіцэры хаваліся ў цывільным адзенні ці ў салдацкіх мундзірах ад простага люду, раззлаванага нядаўнім рабаўніцтвам, і асабліва ад цікаўных і спрактыкаваных вачэй яўрэяў, якія пра ўсё даносілі расейскаму войску. Адзін з французскіх генералаў, масон, які раней бываў у віленскай ложы і ведаў Длускага, пайшоў да яго з просьбай дапамагчы ўцячы. Пралат са сваіх ці з масонскіх грошай даў яму 100 злотых, і генерал рознымі шляхамі дабраўся да Дрэздэна. Але ў Вільні застаўся яго сябар і, не падумаўшы, што ён робіць, генерал праз пошту напісаў яму, што той мае рабіць і расказаў, як ён сам уцёк у Саксонію. «Калі ў цябе няма грошай, ідзі да высакароднага і свентаблівага каплана, пралата Длускага, які дапамог мне, і цябе, дакладна, не пакіне». Гэты ліст патрапіў у рукі Кутузава, адтуль да імператара Аляксандра І, які загадаў саслаць Длускага ў Сібір! Нечакана для святара прыйшла кібітка і яго, ужо сталага чалавека, павезлі ў Табольск і, як вялікую ласку, дазволілі ўзяць з сабой для паслуг прывязанага да яго камердынера Тавянскага.
Даведаўшыся пра гэта, мой бацька, як кіпенем абліты, паляцеў у Вільню, націснуў на ўсе спружыны, два гады праціраў усе парогі і нарэшце, дачакаўся вяртання Длускага. Але гэта ўжо быў не той Длускі! І хоць ён карыстаўся яшчэ большай павагай сярод людзей, але цяжкая дарога, маральныя пакуты, клімат, пераслед, хамства, ганьба – усё тое, ахвярай чаго ён стаў сярод раз'юшаных расейцаў падчас выгнання, сумна паўплывалі на яго розум, на стабільнасць яго характару і на яго здароўе. З таго часу ён вёў замкнёнае і сумнае жыццё, бачыўся толькі з намі, з блізкімі яго сэрцу людзьмі і выглядаў, як перад самай смерцю. Праз некалькі гадоў, у 1820 г., прыехаў у касцёл св. Стэфана20, дзе звычайна па пэўных днях адпраўляў святую імшу для мар'явітак і, калі выходзіў з карэты, нешчасліва ступіў і так паламаў нагу ў галёнцы, што ажно косць выйшла вонкі.
Не далі выніку самыя прачулыя старанні, руплівы нагляд лепшых лекараў і хірургаў, бо ён не згаджаўся, каб яму адрэзалі нагу. І няшчасны выпадак звёў пралата ў магілу.
Такі быў канец гэтай выключнай для краю і чалавецтва асобы, якая была вартая зусім іншага лёсу. Ні тады, ні сёння няма ў нашым краі каталіцкага ксяндза, які быў бы такім адукаваным і меў бы такое сэрца, такі характар і такую постаць.
Ягоная сястра Канстанцыя, вось ужо цягам больш як 30 гадоў абатыса віленскіх візітак, жанчына святая, шырока вядомая ў краі і за яго межамі, поўная лагоднасці, веры і сапраўднага хрысціянскага святла, у пансіёне свайго кляштара выхавала тысячы маладых, багатых і бедных паненак – цяпер яны ўжо маці, а можа і бабулі і павінны з удзячнасцю ўспамінаць абатысу. А я ўдзячны ёй за смачныя пернікі і іншыя мілыя прысмакі, якімі яна заўсёды адорвала. Апроч гэтай сястры, Длускі меў яшчэ адну, таксама візітку, але яна даўно ўжо памерла, і ксёндз Міхал акрамя майго бацькі не меў больш блізкіх сваякоў. Воля пралата, пра што мне неаднаразова казалі ў розных абставінах, заключалася ў тым, каб усё, чым ён валодаў, пасля яго смерці перайшло да майго бацькі. Але бацька быў высакародны і па-сапраўднаму бескарыслівы чалавек і таму адкінуў не толькі думку пра маёмасць Длускага, але і пра ўсе наступствы, якія вынікалі з гэтай думкі. Памятаю, калі я меў каля 10 гадоў, мяне прывезлі ў Вільню, і я абедаў з бацькам у пралата. Са сваёй вялікай і добра ўкамплектаванай бібліятэкі, пралат дастаў пераплеценую французскую кнігу з каляровымі гравюрамі жывёл, як на той час – вельмі прыгожую, і падарыў яе мне на памяць. Бацька, шкадуючы, што я сапсую кнігу (а яна ў мяне, хоць і парваная, але захавалася дагэтуль), пачаў угаворваць яго не рабіць гэтага, каб не шкодзіць свайму кнігазбору. Тады ксёндз Длускі сказаў: «Браце мой, чаму хочаш ваяваць з самім сабой? Гэта твой сын, і неўзабаве і гэта (паказвае на бібліятэку), і тое (паказвае на вялікую калекцыю карцін), і ўсе, што я маю, не каму іншаму, а вам дастанецца. Чаму ты так шкадуеш аб гэтай кнізе?» Ні тады, ні пазней я не думаў пра гэта, бо лічыў за ганьбу чакаць чужую смерць. Я згадаў гэтую акалічнасць, бо яна потым можа спатрэбіцца для тлумачэння некаторых пазнейшых падзей майго жыцця.





