- -
- 100%
- +
Пахаванне ксяндза Міхала было прыгожым, можа, самым прыгожым у Вільні. Не таму, што за труной ва усім сваім бляску ішла капітула, ішла і радавалася, бо дзве значныя бенефіцыі напэўна дастануцца камусьці з іх, але таму, што пахаванне суправаджалася шчырым і аднадушным смуткам усяго горада. Бо ўсе прыйшлі сюды, каб аказаць пашану памерламу. Ад натоўпаў немагчыма прайсці было ад Замкавай брамы да катакомбаў. Магістр масонаў жадаў сваіх паказаць лепш, чым капітула сваіх. І ўсе віленскія масоны, са згоды ўладаў ішлі ў чорных цывільных уборах са свечкамі ў руках следам за намі, сваякамі, што добра прычынілася да бляску пахавання. Гледзячы на гэта, канвенты (манаскія законы – Л. Л.) сціскалі зубы і моўчкі скрыгаталі імі ад вечнага няшчаснага пераканання ксяндзоў, што масанэрыя ёсць справа і выдумка д'ябла (Д 3).
Калі на катафалк неабходна было павесіць партрэт нябожчыка пэндзля Рустэма21, а партрэт, верагодна, да гэтага часу знаходзіўся ў ложы і меў інсыгніі магістра масонаў, яго забралі з ложы, Рустэм неяк хуценька зафарбаваў інсыгніі і пакінуў толькі свецкія ўзнагароды і знакі. Як на ліха, калі ставілі гэты партрэт, адзін з бернардынаў рукавом сцёр частку яшчэ нявысахлай фарбы і ўсе ўбачылі цыркуль ці кельню. І пачаліся выдумкі і доказы, што касцёл апаганены блюзнерамі. Ад айцоў-бернардынаў чуткі разышліся па касцёлах, уздымаліся і грымелі, і чым далей, тым болей усе прыслухоўваліся да гэтага глупства, аж пакуль справа не дайшла да скандальных сцэн у сакрыстыі.
Калі мы ўжо збіраліся выходзіць за целам, я з запаленай свечкай у руцэ чакаў сігналу рухацца наперад і размаўляў з панам Канстантым Новамейскім, сваяком і вось ужо 4 гады адміністратарам маёнткаў і інтарэсаў ксяндза Длускага. Да мяне наблізіўся малады масон з надзвычай прыемным тварам і папрасіў дазволу запаліць свечку. Я ветліва дазволіў бы зрабіць гэта любому, але ў той момант адчуў такі інтарэс і цікавасць да гэтага чалавека, што цікавасць адбілася на маім твары на якім немагчыма было нешта схаваць. Новамейскі гэта заўважыў і сказаў: «Я бачу, панове, што вы не ведаеце адзін аднаго, пры тым, што вы аднафамільцы». Гэта быў шляхетны Караль Мараўскі, чалавек пачцівага сэрца і непаспалітай галавы, у той час ужо буйны праўнік, суддзя крымінальнага дэпартамента. Так я пазнаёміўся з Каралем Мараўскім, з якім, дзякуючы яго рэдкім якасцям, неўзабаве склалася блізкае сяброўства.
Перад тым, як расказаць вам пра гэта і ўсё іншае, што моцна паўплывала на маё жыццё, трэба згадаць пана Новамейскага, пра якога я наўмысна дагэтуль нічога не сказаў, бо вырашыў прысвяціць яму асобны раздзел, а можа, і болей.
Дадаткі
1. Віленскі ксёндз-біскуп22 выказваў вялікую прыязнасць і пашану да майго тады яшчэ зусім маладога бацькі. Адным з галоўных доказаў гэтага, які і прывабіў маю ўвагу, стаў падарунак сарака бутэлек венгерскага віна шасцідзесяцігадовай вытрымкі толькі за тое, што бацька аднойчы за сталом біскупа пахваліў гэтае віно. Шмат хто хваліў віно, але гэтакай увагі да сябе не меў. Гэтае віно ў нас на працягу многіх гадоў выстаўлялася толькі падчас вялікіх святаў і перажыло бацьку адной бутэлькай. Я стаў спадчыннікам гэтай бутэлькі, калі мой высакародны калега і сябар, сапраўдны стацкі дарадца Францішак Малеўскі23, вяртаўся з-за мяжы і знарок збочыў з дарогі, каб па глыбокім снезе наведаць мяне ў маёй вёсцы – мы разам выпілі віно за здароўе і за памяць пра лепшыя часы.
Можа будзе не залішнім і павучальным згадаць адзін не вельмі вядомы анекдот.
Задоўга да 1794 г., кс.-біскуп з-за мяжы вяртаўся з прычыны розных палітычных інтрыг, галоўнай апорай якіх у сваёй групоўцы быў ён сам, і заехаў у Дрэздэн. Там жыла варажбітка, якая здзіўляла ўсіх дакладнасцю сваіх прадказанняў будучыні і веданнем мінулых падзей. Кс.-біскуп, чалавек XVIII ст., верыў толькі ў правераную свецкую мудрасць тым не менш раптам арганізаваў для сваіх дамачадцаў візіт да варажбіткі. Біскуп, каб яго не пазналі, усклаў на сябе свецкае адзенне. Варажбітка паведаміла кожнаму нешта больш-менш вартае. І калі нарэшце да яе падышоў сам біскуп, сказала яму: «Ты ў думках здзекуешся і смяешся з усяго гэтага. Але памятай, і хай памятаюць усе, хто сёння з табой, што цябе чакае кепская будучыня. Ведай, ты загінеш на шыбеніцы!»
Біскуп з усмешкай даў ёй жменю золата і выйшаў на свежае паветра. Там, зусім не разгублены, сказаў сваім спадарожнікам: «Мосці панове, бачыце, ці можна верыць такім ведзьмам. З усіх смерцяў, якія мне магла прадказаць варажбітка, толькі гэтая цалкам немагчымая і несумяшчальная з маімі санам і таму ніколі не можа адбыцца са мной».
Небарака, ці мог ён падумаць тады, што ягоны сан не ўратуе ад ганебнага канца.
Рукі свярбяць накрэмзаць тут яшчэ адзін, весялейшы анекдот пра гэтага магната.
Віленскі кс.-біскуп, вельмі свецкі пан, не заўсёды насіў сутану і, нягледзячы на тое, што сан прымушаў яго ўстрымлівацца ад многіх зямных забаў, вельмі любіў паляванне. Падчас адной з такіх выпраў ён пагнаўся за аленем ці зайцам і заблукаў у глухім лесе. Згубіўшы набліжаных, біскуп не меў іншага выйсця, як ісці наўдачу па вузкай і вельмі ненадзейнай сцежцы, на якую выбраўся выпадкова.
Ішоў, ішоў па гэтай сцяжынцы і нарэшце выйшаў да нейкага незнаёмага засценка, новыя і чыстыя пабудовы якога сведчылі пра руплівасць тамтэйшага гаспадара. Жыў тут багаты чалавек, які сваю сядзібу заклаў у лесе. Стомлены біскуп ужо ледзьве стаўляў ногі і яму патрэбныя былі адпачынак і ежа. Гаспадар з паклонам прыняў падарожнага і не здагадваўся, хто гэта такі. Біскуп уціснуў яму ў руку талер і папрасіў, каб яго жонка зарэзала курыцу, якая гуляла па двары і зварыла з яе крупнік. Гаспадары з радасцю ўзяліся за справу для такога шчодрага і ветлівага госця. А біскуп на хвіліну прыснуў на сене.
Будзяць яго: «Ягамосць, ягамосць! Курыца гатовая. Галодны біскуп ідзе ў хату. Пах булёну радуе і казыча вантробы. Стаіць стол, накрыты чыстым абрусам, з чыстай алавянай лыжкай, нажом і відэльцам. Брава! Шчаслівы біскуп хваліць парадак у хаце і сядае за стол. А гаспадар з трыумфам і мінай, якая здаецца, кажа: «Пачакай, куме, будзе яшчэ і не тое!», ставіць перад ім курыны булён… думаеце ў чым?
У глінянай місе? Не!
У алавянай? Не!
А ў чым?
У белым фаянсавым начным гаршку!
Пачцівы гаспадар, каб мець у хаце нешта не з гліны, а штосьці багатае, што пакажа гасцям дастатак у доме, у Вільні ўбачыў у вітрыне крамы розныя вырабы з фаянсу і вырашыў купіць сабе вазон. Прыгледзеўся – і не адзін фасон посуду не спадабаўся яму так, як фасон начнога гаршка. І набыў яго, бо вырашыў, што гэта супніца.
Біскуп нярэдка згадваў сваю прыгоду. І рабіў гэта у супрацьвагу выхваленнем свайго супраціўніка князя Радзівіла Пане Каханку, які ўвесь час выдумляў пра сябе тысячы розных гісторый.
2. Не ведаю, ці хопіць мне часу, ахвоты і жыцця, каб напісаць успаміны пра мой побыт у Пецярбургу і асоб, якіх там сустрэў. Таму напішу тут, бо ў нядаўнім лісце са сталіцы мне паведамілі пра смерць 6 ліпеня 1849 г. адміралавай і міністравай Шышковай (некалі, Лабаржэўскай). Памерла за колькі гадзін ад халеры, якая там лютавала ўжо некалькі гадоў. Гэта была дзіўная жанчына, каля васьмідзесяці гадоў яе цела і душа ішлі рознымі шляхамі, яе вялікія памылкі, як звычайна, праз нейкі час забыліся на тле дабра, якое яна зрабіла ў глыбокай старасці, у той непрацяглы час, калі нарэшце яе ўжо адпусцілі грахі, бо яна доўга, доўга трымалася за іх абедзвюма рукамі і расстацца з імі ніяк не магла. Гэта наша Нінон дэ Ланкно24, гэта наша сучасная Аспазія, яна памерла з вялікая пакорай ды з нейкім богабаязным зычэннем і прагай смерці. Яе апошнія словы да тых, хто стаяў каля ложка, былі: «Comme le cholera est bon… on en meurt»25.
Я ўжо згадваў вышэй, што, нягледзячы на сталы ўзрост, пра які немагчыма было і падумаць, яна заўсёды заставалася прыгожай.
Мне пішуць, што да самага канца яна захавала тую абаяльнасць твару, якая разбіла столькі сэрцаў. Але вось якое дзіва – смерць так амаладзіла яе рысы, што тыя, хто яе не ведаў, а ўбачыў толькі ў труне, давалі ёй дваццаць пяць ці найбольш трыццаць гадоў.
Так яна жыла, карысталася і злоўжывала ўсім, з чаго складаецца зямное задавальненне. І нават яе парэшткі сведчылі, што нейкая больш магутная, чым чалавечая рука, паслала яе на гэты свет менавіта з такой мэтай. Бо яна, як некалі Венера, была зроблена з белай і бязважкай марской пены.
(Запіс зроблены 28 ліпеня 1849 г.)
3. Ксёндз Алойзы Каржанеўскі26, дамініканін, адзін з нашых самых адукаваных святароў, аўтар і перакладчык шматлікіх карысных твораў, славуты прапаведнік, а таксама выкладчык фізікі і галоўны наглядчык знакамітага фізічнага кабінета, які знаходзіцца пры школе айцоў дамініканаў у Гародні, чалавек найлепшага сэрца і анёльскай душы, аднак, як і кожны з нас, меў свае заганы. Пры ўсёй сваёй вучонасці – быў зацятым, гарачым католікам. Напрыклад ён уважаў, што масонства – справа сатаны. І як прапаведнік, самымі рознымі спосабамі пераконваў у гэтай думцы віленскіх вернікаў. Чалавек красамоўны, поўны энтузіязму і агульнай павагі, пакрыты мантыяй, ён і сапраўдны нарабіў шмат шкоды масонам, хоць і сам таго не ведаючы, нямала ў каго ўзбудзіў цікаўнасць да вольных муляраў і зрабіў масонамі. Увогуле, усё, што тхнула нейкім махлярствам, хітрасцю ці здрадай, ніколі не магло чакаць ад яго паблажлівасці.
А зараз паглядзім на другі бок нашай карціны і на хвіліну прыглядзімся да чалавека іншага кшталту.
Мала хто ў нас зрабіў сваё імя такім папулярным, як вядомы і сёння, геніяльны італьянец Пінеці27. Ён быў фокуснікам і, як казалі, у свеце чараўнікоў валодаў рэдкім талентам і бязмежнай сілай. Сабе і іншым адкручваў галавы, рукі, ногі без найменшай шкоды для здароўя. Уваскрашаў памерлых і, наогул, мог зрабіць усё, што хацеў. Ён мог пераўвасобіцца ва ўсё, пра што мог падумаць! У нашым грамадстве пра яго хадзілі тысячы дзіўных гісторый, якія і сёння, калі мінулі гады, час ад часу пераказвае мясцовая шляхта. Той, хто здолеў так моцна замацавацца ў памяці, не мог быць чалавекам звычайным. Наступныя пасля яго – Боска, Мальдуана – не вартыя нават яго пальца і не змаглі наблізіцца да яго славы.
Прыезду Пінеці ў Вільню папярэднічаў моцны розгалас. А Вільня тады поўнілася чыстым золатам не раўнуючы, як Эльдарада. Яго жыццё больш ніколі не было такім багатым, як пасля ўзыходжання на прастол Аляксандра І. Усё жывое бегла дзівіцца і пляскаць у далоні цудоўным справам Пінеці. Зразумела, што простыя людзі тут жа пачалі тлумачыць яго справы звышнатуральнымі сіламі, і канешне ж, Пінеці, не перашкаджаў гэтаму.
Ксёндз Каржанеўскі быў тады прапаведнікам айцоў дамініканаў у Вільні, і яго гэта абурала. На некаторы час ён пакінуў масонаў у спакоі і напаў на Пінеці. Не было казані, навучання, размовы, наведзін, каб ксёндз Алойзы не пёк ямы лыткі. Хутка Пінеці адчуў вынікі намаганняў святара. Гледачоў у яго станавілася ўсё менш і менш. Усё радзей запрашалі ў панскія дамы і справы яго, відочна, пачалі пагаршацца.
Аднойчы раніцай ксёндз Алойзы сядзеў над брэвіярам (часасловам. – Л. Л.), калі ў яго келлю ўвайшоў прыстойна апрануты чалавек не першай маладосці з прывабным і прыемным тварам.
– Якую маеце справу і чым я мушу вам служыць? – сказаў ксёндз Каржанеўскі з паклонам.
– Я – няшчасная ахвяра незаслужанай нянавісці васпана дабрадзея! Я чалавек, загублены і даведзены вамі да мяжы жабрацтва, – сказаў незнаёмец з уздыхам.
– Хрысце Езу! – усклікнуў ксёндз, заломваючы рукі. – Што вы кажаце! Пэўна, вы памыляецеся!
– Скажу толькі адно слова. І гэта слова адразу пераканае дабрадзея ў тым, што я кажу праўду. Я… Пінеці!
– А калі так, – прамовіў святар пагрозліва, – дык дазволь, васпан, сказаць табе ў вочы, тое, што я казаў пра цябе раней. Ты, васпан, выбраў злое і грэшнае рамяство. Апамятайся, чалавеча! Дурыш людзей. Цягнеш з іх грошы. Робіш выгляд, што маеш нейкія звышнатуральныя здольнасці. Гэта вялікі грэх! Гэта смяротны грэх! Гэта недапушчальна! Так нельга!
– Пры ўсёй павазе, якую маю да ксяндза, – сказаў Пінеці, – дазвольце мне заўважыць, што я нават не магу ўявіць сабе, як вы, чалавек вучоны, чалавек адданы фізіцы, маеце рабіць падобныя закіды? Калі і дзе я казаў, што выкарыстоўваю звышнатуральныя здольнасці ў сваім рамястве? Усё, што я раблю, з'яўляецца вынікам ведаў фізічных навук у спалучэнні з пэўным спрытам рук. Я пакажу пану дабрадзею, як вялікаму знаўцу фізікі, усе свае штукарствы і пераканаю – тое, што здзіўляе людзей недасведчаных, насамрэч, вельмі проста тлумачыцца. І калі кожны чалавек мае права зарабляць сваімі талентамі, дык чаму і мне не скарыстацца гэтым жа правам?
Ксёндз трошкі знудзіўся размовай і сказаў:
– Ну, калі так, пан Пінеці, даю слова, што больш ніколі не згадаю пра вас.
– Але, пане, гэтага мала! – сказаў Пінеці са слязьмі на вачах. – Што мне з таго, калі станеце пра мяне маўчаць? Загубілі мяне, і ніхто больш не ходзіць на мае прадстаўленні. Я страціў заробак. Я сірата ў чужым краі і нават не маю грошаў, каб вярнуцца дахаты.
– Шкадую васпана, – сказаў ксёндз. – Але што я магу з гэтым зрабіць?
– Можаце! – адказаў Пінеці. – Калі толькі як добры чалавек, як хрысціянін, зразумееце, што не толькі мяне аднаго загубілі але і ўсю маю няшчасную сям'ю. Загубілі маю жонку і шасцёх бязвінных дзетак! Загубілі столькі нявінных людзей, якія ані думкамі, ані словамі, ані ўчынкамі, не зрабілі нічога ліхога! – і зноў зайшоўся ў плачы.
– Як я магу вам дапамагчы? – добры ксёндз заплакаў разам з ім. – Як я магу вам дапамагчы? Скажыце мне?
– Гэта нескладана! Мяне назаўтра запрасілі да графа Тышкевіча. Вы там часта бываеце, ведаю пра гэта. Прыйдзіце туды. Я скажу, што маю чароўную скрыпку, і кожны, на каго я пакажу, будзе танчыць пад яе. Я выберу вас. Калі жадаеце ўратаваць мяне, як толькі я зайграю, прыкіньцеся, што не можаце вытрымаць, устаньце з крэсла і хоць адзін раз тупніце нагой! Вам гэта не зашкодзіць, а я, бядак, вярну сваю славу і лад жыцця.
Сумленны святар пачмыхаў, пачухаў патыліцу, але ўсё ж, каб уратаваць бліжняга, згадзіўся на такія фіглі і даў слова гонару, што стрымае абяцанне.
На наступны дзень Пінеці, з прадчуваннем трыумфу, паказаў гасцям Тышкевіча сваю скрыпку, паведаміў пра яе ўласцівасці і сказаў прысутным: «У доказ гэтага я выбіраю таго чалавека, які больш за ўсіх зрабіў мне зла, які ніколі не верыў мне. Паны і дамы, пэўна ўжо здагадаліся, каго я маю на ўвазе, і вы ўбачыце, што як толькі я зайграю, сам ксёндз Каржанеўскі пойдзе ў скокі!»
Усе з цікавасцю чакалі. Пінеці зайграў. Ксёндз, верны свайму слову, уздрыгнуў раз, другі, трэці, як быццам змагаўся сам з сабой. Весткі пра гэты цуд разнесліся па ўсёй Вільні. І справы фокусніка зноў пайшлі ўгару.
Раздзел 2. Канстанты Новамейскі. Яго характарыстыка. Яго стасункі з аўтарам. Стасункі з бацькам аўтара. Працэс аўтара са спадкаемцамі Станіслава Карвіцкага
Канстанты Новамейскі, кармазынавы28, але небагаты шляхціц, здаецца, паходзіў з Ваўкавыскага павета, падобна, з нейкіх Длускіх. Прайшоў праз суседскія дамы і народныя школы, меў прыродны, чысты розум, і яму было не цяжка вучыцца і пераймаць чужыя здольнасці. Ён адправіўся ў Гародню, каб паступіць на дзяржаўную службу ў якую-небудзь тутэйшую канцылярыю. Абаяльны і сціплы, не прыгожы, але з мілым тварам, ён меў станоўчую рэпутацыю. Неяк у нядзелю ў касцёле ён убачыў старога чалавека ў даволі паношанай вопратцы, які стаяў каля яго лаўкі, бо не было дзе сесці. Новамейскі адразу ўскочыў і, не ведаючы з кім мае справу, прапанаваў старому сваё месца.
Гэта быў паважаны, мажны, разумны, але і горды чалавек, палкоўнік Ляхніцкі29. Учынак маладога чалавека і яго павага да ўзросту, што тады было ўжо не надта распаўсюджаным, зрабілі добрае ўражанне на палкоўніка: ён прытрымаў Новамейскага за руку, выйшаў разам з ім з касцёла, распытаў яго пра ўсё, прывёў у свой самы шыкоўны ў Гародні дом і заняўся яго лёсам.
Тады ўжо была створаная камісія па ацэнцы кампенсацыі для жыхароў Літвы за пастаўкі прадуктаў расейскай арміі ў 1812 г.30 Планавалася заплаціць вялікія грошы, з якіх на працягу дзесяці гадоў была выплачана толькі малая частка. Ляхніцкі быў членам гэтага камітэта, які засядаў у Вільні. Старшынёй камітэта з'яўляўся швагер майго бацькі Антоні Храпавіцкі, Новамейскі атрымаў пасаду сакратара праз яго пратэкцыю (Д 4). Плацілі тут добра, і з гэтага моманту кар'ера Новамейскага пайшла ўгару. Не ведаю, як ён пазнаёміўся са сваім сваяком Длускім. Але неўзабаве, пасля закрыцця камітэта, ён стаў сакратаром Радзівілаўскай камісіі31, наладзіў з Длускім самыя блізкія адносіны і не толькі заняўся ягонымі справамі, але пераехаў у яго дом і жыў тут з тымі самымі выгодамі і паслугамі, як і сам Длускі. Але мне здаецца, што мой бацька, які ўсёй душой любіў Длускага, сам зрабіў шмат намаганняў, каб вызваліць добрага пралата ад гаспадарчых клопатаў. З іншага боку, ён вельмі любіў Новамейскага, высока цаніў яго склад характару, розум, досціп, такт і, больш за ўсё, акуратнасць, лагоднасць і парадак. Ведаю, што мой бацька і сам па сябе, і па просьбе Новамейскага рэкамендаваў яго ў спадчыннікі Длускага. Сяброўства і зычлівасць да Новамейскага захавалася ў яго да смерці. Адзін толькі Бог ведае ці належным чынам разумеў усё гэта Новамейскі, ці наадварот, ён меў нейкую патаемную думку пра нас, якая потым стала прычынай унутранага злому, што бывае ў людзей, якія лічаць іншых адказнымі за свае праблемы – пра гэта я ўжо ніколі не даведаюся.
Але як я ўжо казаў, мой бацька любіў Новамейскага. Маці, ці дакладней, мачаха, якую я прывык зваць маці, ці жаночым інстынктам, ці праз прыроджаную хітрасць, заўсёды казала пра яго дваіста, але часцей за ўсё добра. Усе гэта стала прычынай, што калі на свята і на вакацыі я прыязджаў дахаты з Коўні, заўсёды і ва ўсіх справах яго ставілі мне ў прыклад. Яны мне вушы ім прабубнілі. Тым не менш, пазбаўлены ўсякай зайздрасці, я і сёння з захапленнем стаўлюся, цягнуся да людзей, якія маюць прыгожыя таленты, нават калі іх раней ніколі не бачыў і не меў з імі асабістых стасункаў. І да Новамейскага я міжвольна неяк прывязаўся сэрцам. Прагнуў з ім пазнаёміцца і ў той жа час баяўся яго перавагі. Я бачыў яго лісты да маіх бацькоў, напісаныя добрым стылем, чыстым і прыгожым почыркам ад пачатку і да канца ліста. Ніколі ў жыцці я не мог гэтак пісаць. Пачынаў я ліст добра, але заканчваў такім лятучым почыркам, што пачатак заўсёды адрозніваўся ад заканчэння. Лісты Новамейскага часцей за ўсё былі віншаваннямі з імянінамі і святамі. Новая перамога нада мной! Бо імяніны нікога, апроч сваіх бацькоў, я не мог дапільнаваць. Нарэшце наспеў час майго з'яўлення ва ўніверсітэце. Мне тады заканчваўся 15-ты год. Галава поўная школьных навук, якія я вывучаў, але яшчэ больш поўная тым, што я ўзяў урыўкамі з чытання кніг па начах ці на ранку. Мы вярнуліся з Варшавы. З бацькам заходзім да Длускага. Прызнаюся, я крыху хваляваўся, чакаючы яго сястру. Заходзіць Новамейскі, вітаецца з бацькам і без усялякіх цырымоній, з самай прыемнай і вясёлай усмешкай цалуе мяне ў абедзве шчакі і ў вусны, нібы мы сто гадоў знаёмыя! Гэтак ён мяне заваяваў адразу, як нявольніка, як ілота.
Гэта быў чалавек гадоў на 10—15 старэйшы за мяне. Вышэй сярэдняга росту, стройны, з даволі поўным і смуглявым тварам са знакамі воспы, якія яго не знявечвалі. Губы тоўстыя і мясістыя, але з прыемнай усмешкай. Зубы рэдкія і непрывабныя, пазногці на некаторых пальцах паламаныя, рукі надзвычай доўгія, і калі б ён іх выпрастаў, пальцы дасталі б да каленяў. Але ці з-за інстынкту, ці з-за ведання гэтай заганы, ён заўсёды ўмеў так нахіляцца і браць такія паставы, што вельмі рэдкае вока магло заўважыць гэтую акалічнасць. Валасы меў цёмна-каштанавыя, а цела, як я потым убачыў, было зарослае валасамі, як у мядзведзя, у сваім жыцці я бачыў гэта толькі ў трох мужчын. Да таго ж, усё гэта спалучалася з незвычайным і рэдкім талентам пераймаць іншых у рухах, гаворцы, голасе – гэтыя невялікія досціпы не адрозніваліся арыгінальнасцю і вынаходлівасцю, але былі часткай яго таленту. У той жа час уменне не смяяцца нават са смешных рэчаў, якія ён расказваў, услужлівасць кожнаму без найменшай прыкметы неахвоты ці нуды, увага да дробязей, якую любяць кабеты, і веданне моды, рабілі яго фаварытам у жанчын. Жанчыны, якія, як я потым пераканаўся, бяруць такіх асоб пад сваю апеку і ўдаюць, што іх вельмі цэняць, але насамрэч, выкарыстоўваюць як шырму, якой прыкрываюць іншых, больш смелых, зухаватых, тых, хто лепш кладзецца ім на сэрцы і падабаецца вачам. Гэтага ён, падобна, не адчуваў ці нават не здагадваўся! Пасля першай жа размовы з ім я адразу зразумеў, што значна пераўзыходжу майго прыяцеля ў адукаванасці. Аднак у душы я заўсёды лічыў сябе сціплым чалавекам і казаў сам сябе: «Што ж дзіўнага? Я вучуся, і ў мяне ў памяці яшчэ ўсё свежае, а ён ужо ўсё забыў». Што ж тычыцца маралі, дык ён не толькі прыгожа казаў тое, што я ведаў і без яго, але і рабіў тое, што казаў – гэта рэдкая з'ява паміж людзей. Я ніколі не заўважаў, каб ён адступаўся ад сваіх галоўных прынцыпаў, і ніхто ніколі ні ў чым яго не мог абвінаваціць. У той час я яшчэ не ведаў меркавання адной вядомай кабеты: «Таго, хто сумленны толькі ў межах закона, паважае выключна кат».
Тады я быў лёгкім чалавекам з сэрцам, якое любіла, і таму ўсёй сваёй душой, усёй істотай прывязаўся да яго. Мой бацька не перашкаджаў і быў рады гэтаму. Такім чынам, гэты чалавек з рэдкім сярод людзей талентам, стаў, ці прынамсі, лічыўся кожным з нашай сям'і, кожным з нас траіх, даверанай асобай, сябрам бацькі, маці і сына, хоць інтарэсы, памкненні, мэты, ідэі і густы ў нас траіх былі вельмі рознымі. Нікому з нас траіх, якія не мелі цяжару на сэрцы, не прыходзіла да галавы, што ён, які так шчыра любіць усіх нас, ні да каго з нас не можа мець сапраўднага сяброўства, сяброўства цёплага, адданага і гатовага зняць з сабе скуру для дабра асобы, з якой сябруеш. Менавіта так да самой смерці разумеў сяброўства мой бацька і даказаў гэта ўсім сваім жыццём. Гэтак думаў і я, і здаецца, не раз гэта давёў. Сказаць: «Сябрую, сябрую», – і нічым гэтага не даказаць – сапраўднае духоўнае махлярства, у сто разоў горшае за тое, якое мае месца на Шкляной вуліцы32.
Праз колькі гадоў, яшчэ да майго выхаду ў свет, я меў магчымасць пераканацца ў яго сэрцы, г. з. яго сяброўскіх пачуццях да мяне. Але гэта былі толькі справы студэнта. Мелі месца наступныя абставіны. На гадавое ўтрыманне мой бацька даваў ад 450 да 500 срэбных рублёў. З гэтага я павінен быў зняць кватэру, стол, апранацца, купіць кнігі, аплачваць урокі фартэпіяна, нямецкай і італьянскай моў, танцаў і фехтавання. На працягу вакацый у Езне33 я браў урокі верхавой язды ў бярэйтара Пянчкоўскіх Габленса, якому тата плаціў сам. Бялізну мне куплялі, бо цана на тканіну ў Варшаве была ніжэй, чым у Вільні, а мае бацькі кожную зіму ездзілі ў Варшаву і заўсёды прывозілі адтуль ўсё неабходнае (Д 5).
Хаця кожны з вышэйзгаданых урокаў каштаваў ад аднаго да двух дукатаў у месяц, хоць падручнікі на факультэце, дзе я вучыўся, былі дарагімі, пры разумным жыцці і не ўцягваючыся ў карты, у якія я і сёння не гуляю, грошай для мяне было больш, чым дастаткова, калі б гэтая сума замацоўвалася за мной назаўсёды і я мог атрымліваць грошы ці адразу, ці ў вызначаныя даты. Але мой бацька насамрэч хацеў, каб я разглядаў яго грошы не як гарантаваны заробак, а як ласку і яго асаблівую літасць да мяне. Каб я заўсёды ведаў, што грошы могуць прайсці паўз мяне, і адно яго слова можа пакінуць мяне на бруку без грошай. Я меў намер упарадкаваць сваё жыццё, бо мае грошы маглі залежаць ад кожнага выпадку, што было вельмі нязручна, і я жадаў, каб грошы ператварыліся ў мой фіксаваны заробак. Мае добрыя паводзіны ў такім маладым веку, без ніякага дадатковага нагляду за мной, былі дастатковай гарантыяй, што я не выкарыстаю грошы на ліхую справу і не пушчу іх неабдумана на вецер. Мае довады здаваліся мне важкімі. Аднойчы пра гэта сказала маці, і тады бацька, ці па-сапраўднаму, ці граў ролю, як леў разышоўся перад ёй, як зубр! І таму мне трэба было маўчаць.
У кожнай справе ў маім жыцці, у кожнай дамове, першай думкай заўсёды было не зарабіць ці выдаткаваць грошы, але мець душэўны спакой. Ведаючы стасункі майго бацькі з Новамейскім, калі аднойчы мой тата прыехаў у Вільню на некалькі дзён, я зайшоў да свайго дарагога сябра і са слязьмі ў вачах расказаў яму пра цяжкасці, якія я меў у сваім звычайным і беззаганным жыцці. Першы раз пасля нашага знаёмства я прасіў яго паўплываць – хай бацька дае мне толькі 400 рублёў у год – на 100 рублёў менш, але каб ці ўсё разам, ці вызначанымі часткамі. Я папярэдзіў, што тата прабудзе ў Вільні толькі суткі ці максімум двое, і мы павінны скарыстаць час. Новамейскі з дробнай хмурынкай на ілбе, якую я прыняў як праяву спагады, палічыў слушным усё, што я казаў і паабяцаў дапамагчы. Аднак ён разумеў, як цяжка будзе пераадолець упартасць старога, і нічога не абяцаў. Гэта было разумна. Я сышоў супакоены, і калі наступнай раніцай прыйшоў да яго, мне сказалі, што ўчора, адразу як я пайшоў, ён загадаў закласці коней і на тры дні паехаў на паляванне да Гарноўскіх!






