- -
- 100%
- +
Бацька на другі дзень пакінуў Вільню. Новамейскага ён, натуральна, не бачыў. З болем у сэрцы ад нячуласці свайго сябра я вырашыў сам напісаць тату. Пераказаў яму свае цяжкасці. Патрапіў на добры настрой, і ён пагадзіўся. Я сам зрабіў тое, што хацеў атрымаць праз сяброўства.
Але другі выпадак быў значна больш важны і ўшчэнт садраў шоры з маіх вачэй. Людзі шукаюць моцныя эмоцыі як прычыны вялікіх злачынстваў, каб лагічна наракаць на той тып істот, да якога і самі яны належаць. Яны памыляюцца. Менавіта сукупнасць невялікіх але працяглых падзей, якія як кропля вады точыць камень, стварае нашы перакананні. Вялікае зло, як метэор, б'е па нас, здзіўляе, хвалюе, абурае. Але мы цешымся, што гэты метэор – толькі метэор. Што ў памяці ён застанецца толькі як падзея. Але малыя і брудныя заганы нашай натуры, як восеньскі дождж, крыўдзяць і труцяць нас, як лыжка гразі псуе цэлае вядро вады.
Памёр Нямчэўскі34, дэкан фізічнага факультэта ўніверсітэта, некалі мой гувернёр, давераная асоба майго дзядзькі, у той час ужо эмігранта ў Парыжы. Нямчэўскі, які таптаўся па габеленах, узятых у маёй роднай маці разам з іншымі рэчамі – не ведаю, з якім сумленнем ён памёр. Дэкан юрыдычнага факультэта быў яго душапрыказчыкам (ці хопіць мне часу і жадання, апісаць усе маё жыццё, таму для яснасці я павінен дадаць, што ў выніку фамільных драматычных і па-сапраўднаму цікавых інтрыг, мая маці ў сямнаццацігадовым узросце была вымушана юрыдычна расстацца з мужам, якога кахала. Праз некалькі гадоў, гэтая няшчасная жанчына, прыгнечаная болем і рознымі паразамі, якія труцілі сэрца, памерла ад сухотаў. Давераная асоба яе брата Нямчэўскі, як быццам забыўся пра тое, што я ёсць на свеце і ўсё, што засталося пасля маці як спадкі, адправіў яе брату ў Парыж, а нешта ўзяў сябе, каб пакінуць памяць пра свой добры ўчынак. Мой бацька не любіў спрэчак і судоў і таму не хацеў у гэта ўвязвацца. І толькі праз шмат гадоў справядлівы Божы суд вярнуў мне частку забранай маёмасці, тады, калі я гэтага менш за ўсё чакаў і думаў пра тое. Калі Нямчэўскі хварэў, мой бацька падчас побыту ў Вільні часта казаў мне: «Пайдзі, пакажыся яму, можа гэта ўзрушыць яго сумленне». Але я не хадзіў. Не жадаў стаць жывым сімвалам пакаяння перад яго смерцю.
Праз нейкі час пасля смерці Нямчэўскага да мяне прыйшоў сакратар універсітэта з позвай да Зноскі па нейкай важнай справе. Я пайшоў на наступны дзень. Зноска дастаў з бюро запячатаную капэрту і сказаў: «Вось вашы паперы, якія па жаданні с. п. Нямчэўскага я павінен вам перадаць». Я паглядзеў на пакет. На ім рукой Нямчэўскага было напісана: «Паперы Станіслава Мараўскага, якія належыць аддаць яму пасля маёй смерці». Здзівіўся, бо Нямчэўскі кожныя вакацыі бачыў мяне на вёсцы і вось ужо два гады як штомесяц падпісваў маё акадэмічнае пасведчанне, але ніколі мне пра штосьці падобнае не казаў. Узяў пакунак і пайшоў да сябе. Быў позні вечар. Карцела даведацца пра змесціва пакета, але я пераадолеў сябе, лёг спаць і заснуў як мёртвы. Раніцай знайшоў у пакеце некалькі дакументаў датычных маёй маці, тастамент майго дзядзькі, які запісаў на мяне ўсю сваю вялізную маёмасць (тастамент быў нячынны, бо меўся ўжо пазнейшы), але я знайшоў там і дакумент майго бацькі, існаванне якога не мог нават уявіць сабе: пры разводзе з маці ён запавядаў мне, незалежна ад іншых сродкаў, якія я буду мець, 60 000 злотых. Гэта, як гарантыя майго лёсу, з'яўлялася абавязковай умовай разводу. Мяне вельмі здзівіла, што я, тады васемнаццацігадовы юнак, ані ад бацькі, ані ад Бабацянскага35, які потым памёр сенатарам у Маскве, ані ад іншых сведкаў, якія падпісалі дакумент, ані ад Нямчэўскага, з якім кожны год жыў па суседстве ўсё лета, калі ён гасцяваў у нейкага Прускага, карацей, ад усіх гэтых асоб я ніколі і нічога пра гэта не чуў. Што мне рабіць? Паклаў пакет у кішэню і пайшоў па параду да свайго лепшага сябра Новамейскага.
Ён сказаў мне наступнае: «Нядаўні ўказ манарха абвяшчае, што для ўсіх дакументаў і абавязацельстваў, не аформленых у разумны тэрмін па ўстаноўленай форме, дадзены тэрмін у адзін год, пасля чаго яны страчваюць сваю актуальнасць. Тэрмін гэты сыходзіць. Калі не ўнясеш свае дакументы ў акты, згубіш іх. Я не адмаўляю таго, што твой бацька заўсёды быў і застанецца бацькам. Але паколькі ён так часта кажа, што пры найменшым капрызе пазбавіць цябе спадчыны, то хто зможа гарантаваць, што ўсё сказанае ім, каб толькі напалохаць і трымаць цябе ў лейцах, калісьці не прыйдзе яму да галавы і ён гэтага не зробіць? Між тым яго жонка цяжка хворая і можа памерці ў кожны момант. Твой бацька яшчэ прыгожы стары і горача любіць жанчын. Калі так здарыцца, ён адразу ажэніцца зноў і будзе мець дзяцей. І тады тое, чым ён толькі палохае, можа стаць рэальнасцю, прынамсі, пры пэўных умовах. Таму ідзі і неадкладна зарэгіструй гэты дакумент у актавых кнігах».
Усе што ён сказаў цалкам адпавядала маім адчуванням і расплюшчыла мне вочы. Аднак я звярнуў увагу, што хаця ўсе гэтыя довады з'яўляюцца рацыянальнымі, меўся і іншы бок, іншая думка, якая прымусіла мяне спыніцца: у той час у Літве ўнясенне грашовых дакументаў у акты па-ранейшаму лічылася недалікатнай справай і знакам недаверу – што падумае мой дзіўна чуйны ў такіх справах бацька, ці не атрымае ён першы раз у жыцці сапраўднай падставы, каб абурыцца на мяне? На гэта Новамейскі адказаў, што я – яшчэ дзіцё, а людзі, якія доўга жывуць на свеце, ведаюць – актывізацыя дакументаў не можа нікога абразіць, і мой бацька, калі ён выдаў такі дакумент, ёсць высакародным чалавекам і не можа адмовіцца ад сваёй волі. І што, нарэшце, калі ён ніколі не казаў мне пра гэта, дык толькі таму, што не хацеў, каб я ў такім узросце ведаў, што маю нешта сваё, а можа нават і думаў, нібыта яго папера загінула ў дзядзькі ў Парыжы.
Супакоіўшы мяне такім чынам, ён адразу ж паслаў свайго пісара, які заўсёды сядзеў за сталом, да нейкага пана Окалава, як сёння памятаю, земскага рэгента, з папярэджаннем, што сёння прыйдзе яго сябар з дакументамі і трэба пасадзейнічаць яму з афармленнем, бо увесь яго час заняты заняткамі ва ўніверсітэце.
Удзень я наведаўся да Окалава, і той зрабіў усё, як найлепей: імгненна вырабіў паперы, прыняў аплату ў памеры 12 рублёў срэбрам і вярнуў мне легалізаваны дакумент. Усё прайшло хутка і гладка, і больш я не звяртаў увагі на гэтую справу.
У тую зіму мае бацькі жылі ў Варшаве. Пісаць да таты па яго загадзе я мусіў раз на месяц (Д 6). Нявінны, як авечка, не ў стане нешта схаваць ад блізкага мне чалавека і, нарэшце, перакананы маім дасведчаным сябрам у тым, што зрабіў добрую справу, я апісаў бацьку нечаканае вяртанне гэтага дакумента праз Зноску і тое, што афармленне дакументаў выцягнула ў мяне больш за 4 дукаты, якія я хацеў бы скарыстаць на нешта лепшае. Напісаў гэта без ніякай думкі і забыўся пра ўсё, як быццам нічога і не было. Дадам, што жывучы сярод людзей, не трэба хітра хаваць свае дзеянні ад тых, з кім маеш больш-менш блізкія адносіны. Каб я быў больш разумны і хітры і ўтаіў усю справу ад бацькі, дык максімум праз год яна выявілася б сама па сабе, але ў больш шкодным для мяне святле. Калі праз год для нейкай справы майму бацьку стала патрэбна даведка, якая пацвярджала поўную закладную чысціню яго нерухомасці, дык віленская Цывільная палата ў якасці пярэчання якраз і выставіла мой дакумент і не выдала яму неабходнай даведкі, пакуль я не адмовіўся ад свайго першынства. Таму, калі не ад мяне, дык потым, мой бацька ўсё адно даведаўся б пра гэту справу, але выглядала б яна ўжо па-іншаму.
Тыдні праз тры, калі я, задумаўшыся, сядзеў над пудовай працай Парацэльса, у якой не разумеў ані слова з таго, што чытаў ужо цэлую гадзіну і спытаў сябе, ці не здзекуецца гэты чалавек з нас усіх, ці яго кніга сталася ўжо для нас незразумелай як егіпецкія іерогліфы, пошта прынесла мне з Варшавы адказ бацькі. Прызнаюся, што само з’яўленне яго лістоў, заўсёды ўводзіла мяне ў хваравіты і нервовы стан.
За прыгожым, узорным і непаўторным стылем ліста, мелася столькі грубых, жоўцевых і незаслужаных абразаў і заўваг, што маё захапленне да такога ўмелага і гладкага аўтара і павага да яго, толькі павялічвала боль, які прычыняў грубы змест ліста. Змяніць майго бацьку не магла ніякая чалавечая сіла. Старадаўнія шляхецкія правілы, якія былі часткай яго натуры, вучылі: «Сын ёсць поўная ўласнасць бацькі. Ганьбі і карай сына, калі ён дрэнны, каб стаў лепшым. А калі ён добры, ганьбі яго і карай, каб не сапсаваўся». Ад гэтага правіла ён да самай смерці не адступіўся ні на валасок і гэтак жа паводзіў сябе на семдзесят трэцім годзе жыцця, калі я меў ужо трыццаць шэсць гадоў.
Кожны бацькаў ліст быў горкім для мяне, пра што сведчыць сшытак лістоў, якія ён дасылаў з самага майго дзяцінства. Што ж я павінен быў адчуць, калі атрымаў гэты, не толькі напоўнены ўсімі навальніцамі бацькоўскага гневу і бацькаўскай улады ліст, але і ліст, які біў мяне па ўсім часткам сэрца і розуму. Мяне апанаваў жах. Яго вымовы і папрокі былі мацнейшыя за прычыну, з-за якой ён іх мне закідаў. Магчыма, гэта адбывалася з-за маёй залішняй раздражняльнасці? Але што зробіш, калі прырода цябе ўжо такім стварыла? Напэўна, было б лепей, каб я стаў каменем ці мурам, ад якой адскоквае кожная кінутая ў яе гарошына.
Праляжаўшы амаль гадзіну ў сваёй кватэры без прытомнасці, маёй першай здаровай думкай было бегчы да Новамейскага, майго любімага сябра і дарадцы, каб паказаць яму ўсё гэта і шукаць суцяшэння на яго грудзях. Так і зрабіў. Хто можа ўявіць сябе гэтую новую пакуту майго і без таго збалелага, маладога сэрца, гэта расплюшчванне вачэй і выраз майго твару, калі ён, прачытаў ліст і холадна сказаў мне: «Ці не баяліся вы Бога, калі такое рабілі? Як вы маглі? Ведаючы вашага бацьку, яго суровасць, яго слынны на ўсю Літву дэспатызм у стаўленні да вас, вы актывавалі выдадзены ім дакумент? Няўжо вы адважыліся выказаць яму недавер?» Ах! У гэты момант маё сэрца ўмацавалася, мой дух загартаваўся сілай і цвёрдасцю, якую ў сумленных душах выклікаюць неаднаразовыя паразы. За адно імгненне я пражыў некалькі гадоў! Не сказаў ані слова. Паклаў ліст за пазуху і як звычайна развітаўся. Пане Канстанты, ты яшчэ жывы, хоць без ног і ўлады, але, пане Канстанты, твая рука нанесла такую рану майму сэрцу, якая з таго часу не можа як след загаіцца.
Увесну на Святаянскія кантракты з Варшавы прыехаў мой бацька. Хаця злосць і крыўда на людзей не заставалася доўга ў яго сэрцы, але ўбачыўшы мяне, ён закіпеў ад абурэння і жоўці. Усё, што толькі можна ўявіць сабе ў вуснах імпульсіўнага, злога, красамоўнага і дакладнага ў падборы слоў чалавека, як лава вылілася на мяне! Вытрымаў напад. Думаў, што гэтым усё, як звычайна, і скончыцца. Як жыць! Бо праз дзень тое самае! І на наступны дзень тое самае! Я зразумеў, што ўся гэта гісторыя і сапраўды моцна параніла яго сэрца. І да гэтага спрычыніўся я, той, хто павінен быў падсаладзіць яму жыццё, хто, хоць і ў справядлівай і святой справе, сваёй уласнай рукой распаліў пажар!
Ні раячыся больш ні з кім апроч свайго сэрца, на чацвёрты дзень, калі ўбачыўшы мяне, тата зноў выбухнуў яркім полымем, я, не кажучы ані слова, паклаў дакумент у яго ўласныя рукі. Мая душа, якая, нягледзячы на мой гарачы тэмперамент, заўсёды жадала толькі міру і згоды, і маё сэрца, якое прагнула толькі ласкавага позірку – адзінай магчымай узнагароды за шматлікія згрызоты ўнутры самога сябе, падказвалі мне, што я нарэшце дасягнуў мэты. Ён узяў дакумент, кінуў яго на стол і каля паўгадзіны яшчэ лаяў мяне, але, здаецца, толькі для праформы. Ён не сказаў ані слова пра тое, што мой учынак ўразіў яго. Дадам, ён не знішчыў дакумент, а пакінуў яго мне пасля смерці і ўзгадаў яго ў сваім тастаменце.
Так шчасліва завяршыў я далікатную сямейную справу і праз такую ахвяру набыў душэўны спакой. Я адчуваў вялікі боль і не мог не радавацца, бо як сапраўдны спартанец вытрымаў гэтыя чатыры дні, пры тым, што мог адным словам перакінуць віну на Новамейскага, калі б засведчыў, што толькі выконваў яго параду. Але такая моц і годнасць схаваныя ў сумленным сэрцы шляхетнага сяброўства, што разумеючы ўжо ўсё пра яго, ужо здраджаны і пакінуты гэтым чалавекам, у тую хвіліну я палічыў за лепшае маўчаць і ўсю адказнасць узяць на сябе, адмовіцца ад 60 000 злотых і больш за тое, змірыцца з усімі наступствамі, але не выкрыць свайго сябра, што непазбежна прывяло б да разрыву стасункаў, якія працяглы час лучылі Новамейскага з маім бацькам.
Немагчыма было ўявіць сабе, каб бацька, задыхаючыся ад майго ўчынку, не паскардзіўся Новамейскаму на мяне. Цікава было б даведацца, што ён сказаў, і з якой мінай той адказваў. Сумняваюся, што ён мяне бараніў, бо на гэта ў яго не хапіла б, бадай, ні волі, ні сілы духу. І для ліха, і для дабра заўсёды патрэбна пэўная доля стойкасці. Першае і другое мала ўласціва духоўным кастратам.
Новамейскі ніколі не згадваў мне гэту гісторыю.
Каб не збочваць ад маёй тэмы, сцісла скажу толькі, што маладыя людзі спрадвеку абвінавачваюць старэйшых у фальшывым поглядзе на сучасны стан рэчаў. Старыя сапраўды ганяць сучаснасць, бо не бачаць у ёй добрага, але часцей за ўсё яны самі сапсаваліся, і таму старажытныя філосафы і нават наш любімы Гарацый, здзекуецца з тых, каго называе laudatores temporis acti (лац., «тых, хто хваліць старызну». – Л. Л.), аднак у часы, у якія жыву, я магу прызнаць не саромеючыся, што і сам належу да гэтых людзей, якіх меў на ўвазе Гарацый. Сачу за прагрэсам нашага веку, наколькі мне дазваляе розум, і прызнаюся шчыра, што не з'яўляюся яго прыхільнікам. Бог сваёй уладай усталяваў пэўны баланс паміж рэчамі, пачуццямі і думкамі. Магчыма, дабро і зло на працягу стагоддзяў не мелі перавагі паміж сабой. Але кожнае, асобна ўзятае стагоддзе, мае свае моцныя і слабыя бакі. Што выбраць? Калі вы шануеце матэрыяльнае, трэба быць сляпым, каб параўноўваць мінулыя часы і наша XIX стагоддзе. Але, калі вы вышэй за ўсё ставіце дух, вы павінны пачырванець і прызнаць, што людзі сёння горшыя, чым былі раней, і што калі яны носяць больш чыстае адзенне, яны ўсё адно ўнутры бруднейшыя, чым раней.
Але разважанняў мала, патрэбны факты. І гісторыя з маімі дакументамі, а дакладней з адным дакументам, чалавечы гонар і добрасумленнасць пры гэтым, дазваляе зрабіць бясспрэчныя высновы. Пра таемныя даносы і абвінавачванні, якіх раней не ведалі, пра поўнае знікненне гасціннасці і шмат чаго іншага, пэўна, я яшчэ раскажу. Нашы бацькі не ўмелі ці не здагадваліся, што можна адмовіцца ад дакумента ці ад абавязацельстваў, адмовіцца ад паперы, калі яна не ўнесена ў акты. Стары кунтуш (маецца на ўвазе, ранейшы шляхціц – Л. Л.) павесіўся б, калі б яго абвінавацілі ў такой падступнасці! Дастаткова было толькі слова, а паперы людзям даваліся для памяці, маленькія паперкі, часцей за ўсё без подпісаў сведкаў. І на гэтым усё, святая справа! Перагледзьце, калі ласка, абавязацельствы Радзівілаў, Пацаў, Пацеяў і г. д. Не было прыкладаў, каб нехта адмовіўся ад іх. Каб дзеці, нават у галечы, не плацілі за свайго бацьку згодна з самай малой паперкай. Мой бацька ўжо пры расейскім урадзе стаў гарантам аблігацый сваіх сяброў Пянчкоўскіх на суму каля 600 000 злотых, і натуральна, атрымаў ад іх паперу-распіску, у тым, што гэтыя грошы ўзяты не для яго, а для іх і іхняга ўжытку. Меў ён такую паперу. Я трымаў яе ў руках. І што? … Гэта чацвёртая частка чвэрці сіняй паперы (маецца на ўвазе – ад in-quarto. – Л. Л.). падпісаная абодвума братамі Пячкоўскімі без сведкаў. І тыя, хто даваў распіску, і той, хто яе браў, добра ведалі, што робяць, і ўсё рабілі правільна. Гэтай паперкі было дастаткова, каб вызваліць майго бацьку ад далейшай адказнасці (Д 7).
Першым у Літве, хто адмовіўся ад распіскі толькі таму, што яна не была зарэгістравана і не складзена на гербавай паперы, быў граф Юзаф Забела36, былы ковенскі маршалак. І зрабіў ён гэта ў дачыненні да Юзафа Горскага37, здаецца, у 1822 г. Адказам грамадства стала ўсеагульнае абурэнне і пагарда да нягодніка, яму давялося цішком пакінуць кантракты і з'ехаць з горада.
Чаму гэта было ўспрынята тады так адмоўна ўсімі і моцна запала ў сэрцы, і чаму сёння ніхто ні на цалю не варухнецца супраць тысяч такіх жа ўчынкаў? Прызвычаіліся да ліха, сораму і жаху. Да таго, чаго раней не было.
Я сам, калі пішу гэтыя радкі, прайграў у Сенаце найважнейшую справу супраць зяцёў Станіслава Карвіцкага38, багатага абшарніка з-пад Жытоміра, які кожнай са сваіх дачок пакінуў у пасаг па мільёну. Адна з іх выйшла замуж за Златніцкага, другая за Мадэйскага. А сам Карвіцкі быў зняволены ў парыжскім кляштары св. Пелагеі за даўгі і выкуплены праз літасць майго дзядзькі за 2000 дукатаў. Частку грошай Карвіцкі выплаціў, на рэшту ў 1300 злотых выдаў распіску і занёс яе ў акты, заплаціць павінен быў, калі вернецца дадому. Але неўзабаве заняўся палітыкай і быў сасланы жаўнерам у Сібір, дзе і памёр. Дочкі і зяці перанялі яго маёнткі і не захацелі плаціць мне па асабістых абавязацельствах свайго бацькі і цесця, хоць я ў Францыі і ў Расеі з'яўляўся афіцыйным спадчыннікам свайго дзядзькі. Яны адхілялі ўсе мае прапановы. Абавязацельствы хоць і былі падпісаны іх бацькам, але не былі своечасова актывізаваны ў Расеі. І я прайграў гэты суд і нават заплаціў яшчэ 400 рублёў срэбрам за неправамерную скаргу ў Сенат. Я не вінавачу ўрад, бо ён прытрымліваецца літары закону, але тым зладзеям, якія раней распачалі б падобную справу, далі б ў пысу і плюнулі б у вочы. Яшчэ дзесяць гадоў таму ніхто з сумленнай шляхты ў знак пагарды не загаварыў бы з імі. Сёння яны абодва – маршалкі сваіх паветаў і кіруюць шляхтай, яны – перлы, яны – узор, ім зайздросціць усё грамадства! Сёння мы sic itur ad astra (лац. «ідзём да зорак». – Л. Л.).
Патрыятызм, рэлігія, гонар, узвышанае каханне, лютае стаўленне да злоўжыванняў, гарачая абарона правоў чалавека былі тым маятнікам, які прыводзіў у рух папярэднія стагоддзі. Сёння галоўнай спружынай гэтага руху ёсць грошы. Як-небудзь выдраць грошы з рук суседа – цяпер вяршыня годнасці. І калі ў гэтым брудным тыглі, які сёння мы называем цывілізаваным светам, бачыш цень нейкага нематэрыяльнага пачуцця, дык знаходзіш толькі зайздрасць лайдакоў і нягоднікаў да кожнага, хто ашчаднасцю і працай мае кавалак хлеба для сябе і дзяцей! Знаходзіш толькі зайздрасць невука і асла да чалавека, які цяжкай працай здабывае свае веды! Але можа быць, усе яны толькі нікчэмныя і подлыя ілоты, якія па-свойму працуюць для шчасця будучых пакаленняў Спарты?
Дадаткі
4. Дзед Антонія Храпавіцкага Яўстах быў літоўскім існтыгатарам і паводле звычаю і па закону, перадаў сваю дыгнітарскую пасаду свайму сыну Юзафу, які потым, у часы Кацярыны ІІ, быў маршалкам Полацкай губерні.
Пасля ўступлення Напалеона ў Літву ў 1812 г., Антоні Храпавіцкі быў адным з той бліскучай моладзі, якая ахвотна ўзялася за свой кошт набіраць літоўскія палкі. […] Храпавіцкі павінен быў выставіць полк жандараў і быў прызначаны яго палкоўнікам. Розныя акалічнасці перашкодзілі цалкам ажыццявіць гэтыя высакародныя намеры. Але з тымі, каго сабраў пад сваю харугву, рушыў услед за адступаючым войскам Напалеона і толькі пад Ляйпцыгам трапіў ў палон і таму быў вымушаны пакінуць імператара Напалеона. Потым яго абралі прэзідэнтам Галоўнага крымінальнага суда Віленскай губерні, потым стаў прэзідэнтам Віленскага дабрачыннага таварыства і пакінуў яго ў добрым стане, бо праз забавы і тэатры заахвочваў жыхароў Вільні і Віленшчыны падтрымліваць бедных, якім патрэбная дапамога.
Палац у Коўні, ужо тры чвэрці стагоддзя вядомы ў народзе як палац Храпавіцкіх, быў пастаўлены і аздоблены ў гэтым горадзе праз гандаль і багацце прабабкі Антонія Храпавіцкага, Шчытовай, у другім шлюбе Сыруцёвай. Здаецца, ён складаўся з некалькіх асобных будынкаў, набытых разам, каб пабудаваць палац, і не меў нават найменшых прыкмет якой-небудзь шляхетнай архітэктуры, але ўражваў вялікімі, як для Коўні, памерамі. Унутры палац быў багата аздоблены. Прыгожыя, драўляныя панелі, падлога з кафлянай узорчатай пліткі і шмат іншых упрыгожанняў, якія за паўстагоддзя перажылі ўсе разбуральныя перыпетыі. Ні шпіталі расейцаў, ні сваволя французаў, не здолелі пазбавіць яго ўсіх слядоў былой велічы. У гэтым палацы, хоць ён і шмат гадоў пуставаў і руйнаваўся да 1843 г., калі я яго бачыў, і да сённяшняга дня, калі гэты будынак спешна аднавілі ўнутры, мелася вялізная бальная зала, якую ў народзе называлі парцалянавай. Яе сцены выкладзены квадратнай кафлянай пліткай белага колеру, пасаджанай на тынкоўку, з малюнкам блакітнага пейзажа на кожнай плітцы.
5. Ці чулі вы, хоць бы дзеля жарту, што ёсць на свеце Езна? Але ж тут стаіць палац Антонія Паца, пісара ВКЛ, пра Пацаў мы маем прымаўку: «Варты Пац палаца, а палац Паца»39.
Гэты сапраўдны гмах прыцягвае ўвагу не прыгажосцю пабудовы, не вытанчанасцю абрысаў, бо пабудаваны па-за стылямі, але сваёй велізарнасцю. Пажар, які адбыўся ў 1837 г. цалкам знішчыў рэзідэнцыю магната, якая трыццаць гадоў да гэтага стаяла занядбанай і напаўзакінутай. Пажар знішчыў увесь корпус палаца разам з яго аздобамі. З гэтага часу ён стаў падобны да руін. Ацалелі толькі павільёны, два паверхі аднаго з іх сёння заселены. З павільёна бачны бліскучы крышталь возера, якое яшчэ нядаўна было багатае на смачную рыбу. Не бракуе пра гэты палац розных расказаў і баек.
Напрыклад, у першай гісторыі, наконт праўдзівасці якой прысягнулі б многія тутэйшыя жыхары, і якая законна можа лічыцца галоўнай, расказваецца, што калі Пац будаваў гмах, ён патаемна замураваў дзесьці ў ім сто тысяч дукатаў і перад смерцю расказаў пра гэта спадчыннікам, каб пры ўпадку і збяднення фаміліі яны зламалі палац, выкарысталі грошы для падтрымкі сям'і і прывялі яе да новай славы.
Кажуць таксама, што гэты палац першапачаткова задумваўся як сапраўдны велізарных памераў каляндар. Меў 365 вокнаў з адным, так званым валовым вокам на высакосны год. Уваход у яго нібыта быў праз дванаццаць брам, а пяцьдзесят двое дзвярэй павінны былі спрыяць камфортнаму жыццю. Калі казаць пра вокны, дык магчыма і можна налічыць неабходную колькасць, але дванаццаці брам няма і не было.
Ёсць яшчэ цалкам гістарычнае паданне, якое сведчыць пра сумную распуснасць нашых магнатаў, якіх не каралі закон і моц цвёрдай выканаўчай улады. Апавядаецца, што Пац спяшаўся будаваць свой палац, жадаў як мага хутчэй убачыць яго гатовым і таму паўсюдна шукаў рабочых. Праз Езну ў той час праходзіў Прэнскі гасцінец, адзін з галоўных у ВКЛ. І хцівы на рабочых Пац, які яшчэ быў ковенскім старастам, загадаў бязбожна, самавольна і злачынна хапаць падарожнікаў – купцоў, яўрэяў, сялян і нават бедную шляхту, якія ехалі гасцінцам. Закоўваць іх у кайданы і прымушаць, як у фараонаў, не менш чым тры тыдні працаваць мулярамі, ці цягаць цэглу і жвір з цагельні. Шмат пакутнікаў загінула з-за прыніжэння, адчаю і цяжкай працы. І таму ў народзе жыло павер'е, што душы гэтых ахвяр увесь час стогнуць у палацы.
І сапраўды, калідораў і праходаў тут было столькі, што пры найменшым ветры стаяў жудасны свіст і лямант, што і нарадзіла байкі.
Яшчэ ўсе мясцовыя расказваюць, што Пац за булку хлеба купіў у шляхціца з Шулянаў валоку сасновага лесу, які атрымаў назву Шулянскі бор.
Калі прысутнасць манархаў у дамах прыватных асоб робіць такія дамы гістарычнымі, дык палац у Езне можа ганарыцца двухразовым хуткацечным побытам цара Аляксандра І. […]
6. Лісты павінны былі мець дату ўверсе і пачынацца са слоў: «Найласкавейшы Ойча, Найасаблівейшы Дабрадзей» і заканчвацца: «Застаюся, з глыбокай пашанай, вашым самым ласкавым сынам і ніжэйшым слугой». Калі б, крый Божа, у лістах гэтага не было, мой бацька, добра надраў бы мне вушы і вярнуў бы перапісаць лісты. Нягледзячы на тое, што гэта можа здавацца дзіўным і смешным, але ў ранейшыя часы пачатак і канец ліста меў вялікую вагу. Лічылася, што гжэчнасці тут ніколі не можа быць зашмат. І нават у наш час я быў сведкам спрэчак, якія даходзілі ажно да ўзроўню міністра, наконт таго, што трэба пісаць у канцы ліста.
Яшчэ ў маладосці адзін з маіх сяброў, закончыўшы ўніверсітэт у Вільні, паехаў за мяжу, каб прадставіцца тагачаснаму куратару ўніверсітэта князю Адаму Чартарыйскаму. Па сваім звычаі князь у Пулавах прыняў яго вельмі прыязна і пакінуў гасцяваць на тры тыдні. За гэты час здарылася неяк так, што князь не меў пад рукой свайго сакратара, каб прадыктаваць вельмі тэрміновы ліст у Варшаву. Ён запрасіў майго сябра ў свой кабінет і прадыктаваў ліст яму. Але князь пачаў дапрацоўваць і ўвесь час змяняць ліст – то «застаюся з шацункам», то «з рэспектам і шацункам», то «з высокім шацункам», то «з вялікай павагай». Цэлую гадзіну ён не мог выбраць канец ліста, чым вельмі здзівіў свайго імправізаванага сакратара.
Юзаф Храпавіцкі, інстыгатар літоўскі, светлы і магутны чалавек жыў у сваім віленскім доме і завозіў у віленскую спіжарню прадукты са сваіх блізкіх фальваркаў. Аканом адной з такіх гаспадарак у падобных выпадках заўсёды пісаў наступны радок: «Пасылаю ЯВ пану столькі качак, столькі курэй, столькі індыкоў, з якімі застаюся найніжэйшым слугой ЯВ пана». Інстыгатара на пачатку гэта бавіла, але потым знудзіла. А паколькі раней гаспадары лічылі сябе абавязанымі цывілізаваць сваіх падданых, дык калі аканом з'явіўся ў Вільні, Храпавіцікі растлумачыў яму, што не трэба пісаць так смешна, не трэба заставацца яго найніжэйшым слугой разам з індыкамі. Прыняў да ўвагі і паправіўся. У наступным лісце напісаў: «ЯВ пане, пасылаю для панскага стала шэсць пар індыкоў, дзесяць каплуноў і чатырох парасят. Яйкаў не дасылаю і без іх застаюся ЯВ пана найніжэйшым слугой».






