- -
- 100%
- +
7. Калі пакаленне, якое жыло перад ці адначасова з нашымі бацькамі, не заўсёды магло выканаць свае абавязкі, яны часам шукалі паратунку ў дасціпным жарце, а не ў юрыдычнай формуле са «Зводу законаў». Пішу гэта, бо хачу расказаць анекдот пра ваяводу Хамінскага40, які, нягледзячы на значныя даходы і добрую галаву, як турэцкі святы меў талент заўсёды не мець грошай! Відочна, увесь час ён мусіў шукаць пазыкі і меў вялікія даўгі. Паволі вестка пра гэта разнеслася па ўсёй Літве, і яго крэдыторы ўстрывожыліся. Яны пачалі патрабаваць свае грошы і гэтым знудзілі ваяводу. Аднойчы шляхціц, які даверыў Хамінскаму добрую суму грошай, занепакоены фінансавым станам ваяводы вырашыў неадкладна спагнаць з яго пазыку. У Хамінскага было шмат гасцей, калі яму паведамілі, што нейкі шляхціц хоча з ім паразмаўляць.
– Прасі яго сюды, – сказаў ваявода.
Шляхціц увайшоў, і ваявода спытаў у яго:
– Што цікавага можаш сказаць?
Шляхціц паважліва, напаўголаса, каб не пачулі госці:
– Я прыйшоў прасіць ЯВ пана вярнуць мне мой невялікі капітал, бо я знайшоў выгадны фальварак у арэнду.
– Што, што? – прамовіў ваявода, зрабіўшы выгляд, што не чуе і прыклаў вуха да вуснаў шляхціца.
– Прасіў бы ЯВ ваяводу вярнуць мне мае грошы.
Тады ваявода, нібы з агідай адступіў ад шляхціца, нахмурыўся і сказаў:
– Ах, пане, фу! У цябе з рота смярдзіць!
І са смехам адышоў ад яго. Шляхціц быў настолькі разгублены цалкам незаслужанай і выдуманай заўвагай, што пачырванеў і адразу ж выслізнуў з пакоя, сеў у воз і на цэлы год вызваліў ваяводу ад выплаты доўгу.
Хамінскі славіўся яшчэ тым, што кожны, каго да яго пасылалі з лістом, павінен быў тры – чатыры тыдні чакаць на кошце і выгодах ваяводы, першы чым ваявода адкажа нават на самае малое пытанне.
Раздзел 3. Маладосць аўтара. Поспехі ў жанчын. Тры пацалункі. Пані стольнікава Яновічава, яе дом і акружэнне. Тамаш Умястоўскі, старшыня Галоўнага віленскага суда. Пані Гарэцкая, віленская войская, яе дом і акружэнне. Пані Высагердава. Прыгожая Юлія
Вяртаюся да Новамейскага і чакаю, што пасля двух прыведзеных вышэй прыкладаў, ніхто мне не адмовіць – быў ён архідыяканам, біскупам і кардыналам усіх эгаістаў. Але эгаізм гэтага чалавека быў асаблівага роду. Ён змалку прызвычаіўся гнуцца, шукаць абароны і дапамогі, меў за мэту жыцця трымацца фартуны, а справай гонару ўсім дагадзіць і ўслужыць, прыкрываць свой эгаізм плашчом самаахвярнасці, шмат казаць пры цноты, выконваць кожную літару дамовы, прыкідвацца сапраўдным філантропам, ніколі нікога не крыўдзіць, ніколі ні дэманстраваць свае сапраўдныя мэты і такім чынам заўсёды падымацца ўгару.
Калі чалавек жыве ў грамадстве, ён не можа час ад часу не пакрыўдзіць свайго бліжняга. І калі ў Новамейскім сутыкаліся два супярэчлівыя інтарэсы, ад яго можна было не чакаць дапамогі, ён тады, натуральна, уважаў за лепшае крыўдзіць слабейшага. Гэтак адбылося і са мной. Ён быў сябрам усіх, а гэта значыць – нікога. Бо немагчыма любіць увесь сусвет. А для яго галоўнай маніяй быў поспех, уздым, пыха. У выніку ён нават няздольны быў зразумець, што такое сяброўства. Хаваючы сваё сапраўднае аблічча, ён кожнаму казаў пра іншага, што той эгаіст, аднак, калі на кожным кроку бачыць чалавечы эгаізм, дык сам напоўніш ім сваю душу, але тыя, хто яго слухаў, не разумелі гэтага. Палахлівы баязлівец па натуры, ён выдаваў сябе за спартанца. Але ён хаваўся, калі трэба было нечым трошкі ахвяраваць дзеля сябра. Было шмат людзей, якія разумелі, хто ён такі насамрэч, і адной з іх была мая маці.
Нарэшце, прыйшоў час і мне паказацца ў свеце. Мой бацька рабіў гэта па сваім разуменні – для стасункаў, сувязяў і далейшых перспектыў. А яшчэ яму хацелася пакрасавацца сынам-няўломкам, паказваць жонку і сына было яго слабасцю. Са свайго боку я жадаў гэтага, каб лепш пазнаёміцца за звычаямі свету, асвойтацца, выкарыстаць набытыя веды і свае таленты ў грамадскім жыцці. А яшчэ больш – каб хоць калі быць бліжэй да гэтых прыгожых і стройных жанчын, да гэтых маладых і ладных дзяўчат, якія вабілі маю душу і цела, распальвалі палымяныя фантазіі. Больш спрыяльных абставін, каб пусціцца ў хвалі жыцця, меў мала хто з маладых людзей. Маё імя было вядома ўжо ўсёй Вільні. Мяне запрашалі ў шматлікія дамы. Так бывае заўсёды – тое, што людзі не шукаюць самі, заўсёды шукае іх саміх. Меліся і іншыя прычыны гэтага. Бо мяне бачылі толькі ў двух паважаных дамах сябровак майго бацькі: пані стольнікавай Яновічавай41 і пані войскай Гарэцкай. Паважаная і любімая ўсімі дачка пані Гарэцкай – Высагердава, сяброўка майго бацькі, таксама была вельмі ласкавая да мяне.
Агульнавядомай з'яўлялася празмерная і большая, чым патрабуе старая традыцыя, суровасць майго бацькі, а таксама тая пакора, з якой я яе зносіў. Як студэнт медыцынскага факультэта ўніверсітэта я быў вядомы сваёй стараннасцю і пільнасцю да навук. Я заўсёды з павагай ставіўся да старых, каб нечаму ад іх навучыцца, і таму шмат старцаў былі адданыя мне душой і сэрцам і вельмі добра казалі пра мяне. Маладыя ж, не бачылі мяне ў сваім модным коле і тым самым не лічылі мяне канкурэнтам у салонах, якія наведвалі і не думалі калі-небудзь мяне там убачыць. Таму яны не мелі да мяне зайздрасці і ставіліся нават паблажліва. Таксама цікаўнасць да мяне ўзбудзіла прывязанасць панны-красуні Веранікі Сакен, якая з'явілася без папярэдняга знаёмства і толькі з-за ўзаемных позіркаў праз акно, пра гэта яна расказала свайму крэўнаму, шаноўнаму Ігнацыю Ляхніцкаму, а ён гэты сакрэт разнёс па ўсім горадзе. Таксама і геніяльны, шаноўны і высакародны аматар ўсяго прыгожага і добрага, доктар Юзаф Франк42, які больш за 20 гадоў штодзень наведваў розныя дамы, лекар, які сваім прыходам заўсёды ўзбуджаў надзею у хворых, расказаў усёй Літве пра маю вялікую пільнасць і дакладнасць вока, і пра тое, што я хутка стану мясцовым Бюфонам ці Рэмюрам. Пачцівы немец меркаваў, што я ўсё сваё жыццё па-нямецку закапаю ў навуку! А я і тады, і сёння нічога так у сваёй душы не баюся, як быць літаратарам ці вучоным! Сама арыгінальнасць майго прысвячэння медыцыне, выклікала цікавасць жанчын, якія вядуць рэй у салонах. Бо нармальным лічылі, каб малады 19-ці гадовы юнак быў пад пазногцем мезенца ножкі маладой дзяўчыны ці жанчыны. І таму «старыя кунтушы» і нават не «кунтушы» здзіўлена знізвалі плячыма і не разумелі, як я мог на гэта адважыцца. Памятаю, стары Залескі, стараста швянтоўскі і сябар майго бацькі, якога немагчыма было нечым здзівіць, бо ён быў юрыстам, тым не менш, у пакоі сваіх сыноў са здзіўленнем сказаў мне: «Як гэта можа быць, каб я, кармазынавы шляхціц ды вывучыў медыцыну?» Такія былі забабоны таго часу! Забабоны ўжо канаючай фалангі старых шляхціцаў канца папярэдняга стагоддзя. Лекарам гэтыя мосці-дабрадзеі маглі ўявіць толькі француза, немца, італьянца ці венгра, г. з. усіх тых, хто не мог атрымаць шляхецтва. Гэты забабон жыве і сёння, бо я не чуў, каб мой прыклад атрымаў паслядоўнікаў43.
Павінен сказаць, што ў маёй маладосці моцна дапамагала тое, што мяне звалі «прыгожым Мараўскім». Насамрэч гэта быў прыдомак да прозвішча майго бацькі Апалінарыя, які сапраўды быў прыгожым чалавекам. Мой бацька з маці, ці таму, што хацелі каб я быў больш прыгожы, ці каб пашарпаць мне нервы, ці і сапраўды мой твар і постаць былі ім не даспадобы, але па некалькі разоў на дзень казалі мне, каб я быў удзячны за тое, што Бог даў мне, як казаў мой бацька, добры рэкамендацыйны ліст у жыццё, але да сапраўднай прыгажосці мне далёка. Я потым усё думаў і чухаў патыліцу, бо не разумеў, чаго яны ад мяне хацелі. Мушу шчыра, як на святой споведзі, прызнацца, што я праз навуку, выхаванне і па прыкладзе бацькоўскага дому прызвычаіўся пакланяцца ўсяму прыгожаму і ўзвышанаму і таму, далібог, не знаходзіў у форме свайго твару нейкія перавагі ці недахопы і ніколі не пераймаўся з-за гэтага. Але, як я цяпер здагадваюся, павінна было нешта быць у маім твары, постаці, складзе ці жэстах, рухах ці выразах фізіяноміі, бо са мной увесь час здараліся падзеі, якія маглі б сапсаваць менш сціплага хлопца. Праз шмат гадоў, калі я ўжо стаў дарослым мужчынам, меў высакароднага і пачцівага сябра Канстанты князя Гейдройца44, сына рыцара, які ў паўстанні Касцюшкі паказаў выключную мужнасць і таму да яго добра потым ставіўся і меў вялікую пашану імператар французаў. Неяк у Пецярбургу Гейдройц знаходзіўся разам са мной у доме адной шаноўнай і высакароднай пані. Падчас размовы, некалькі непрыгожых жанчын казалі пра сябе: «Была я тады маладая і прыгожая», тады Канстанты, павярнуўся да мяне і ціха па-польску сказаў: «Мой Мараўскі, растлумач мне, дзе тады былі брыдкія, бо кожная кажа пра сябе, што была красуняй у маладосці?» Я адказаў: «Не здзіўляйцеся, калі-небудзь тое самае і мы пра сябе скажам». На што ён мне прамовіў: «Ну, калі так, дык добра. І калі ты так скажаш пра сябе, дык не будзе вялікага граху. Ніколі ў жыцці я не бачыў такога прыгожага хлопца, якім ты быў у 1820-м годзе, калі мы пазнаёміліся ў Жмудзі». Пра густы не спрачаюцца. Мужчына, які лічыць каштоўнасцю свае аблічча – блазан. Калі ён па-сапраўднаму прыгожы, людзі будуць дараваць яму прыгажосць, але цаніць толькі за гэта стануць мала. Аднак і жанчыны зрэдчас калі ловяць толькі сваёй прыгажосцю, і таму непрыгожыя часцей абуджаюць моцныя жарсці, чым прыгожыя. Аднак калі Бог камусьці даў ўсё ў меру, і ён умее з прыстойнай годнасцю паказаць свой «рэкамендацыйны ліст» людзям, калі рысы і постаць яго ажыўлены адкрытай і сумленнай душой, тады, нягледзячы ні на якія іншыя якасці, чакае яго поспех у свеце. Я згадваю ўсё гэта, бо хачу трошкі нагадаць пра глупствы маёй маладосці і вяртаюся да падзей, якія самі сабой мне прыгадаліся. Распавяду я тры гісторыі ў розных стылях.
Неяк удзень я наведаў пані Яновічаву, стольнікаву нейкай літоўскай зямлі, забыўся ўжо, якой. Адным словам, я быў у пані стольнікавай, сяброўкі майго бацькі, высакароднай, усімі шанаванай дзевяностагадовай жанчыны. Мой бацька строга загадаваў наведваць яе хаця б раз на месяц. У той раз здарылася так, што ў яе нікога не было, хоць яе салон заўсёды ўдзень быў поўны. Каля стагадовай жанчыны, нягледзячы на яе лагоднасць, сямнаццацігадоваму хлопцу стала неяк нудна і маркотна. Усё, пра што я думаў – каб неяк прыгожа выслізнуць, выканаўшы такім чынам, загад бацькі. Бабуля ж, якая не прызвычаілася да самоты, радавалася, што перад ёй сядзіць такі шпак, як я, і хацела пацешыць мяне тысячай маленькіх плётак. Гэткая тайная дыпламатычная вайна паміж намі ішла ўжо паўгадзіны, калі, на маё шчасце, мы абодва пачулі грукат карэты каля брамы. Нехта прыехаў. Скарыстаўшы момант, з капелюшом у руцэ я пайшоў па паркеце, бо меў ужо права на гэту фамільярнасць з капелюшом у пані стольнікавай. Развітаўся са старой дамай. Пані стольнікава жыла ва ўласным доме на вуліцы Замкавай і ўладкавала яго па ўсіх правілах сучаснага камфорту. Сені ніжнія, сені верхнія і сходы ацяпляліся, што ў той час мелася толькі ў адным доме. Вільня ў гэтым сэнсе была і застаецца вельмі несучаснай. Рэчаў і сапраўдных выгод мала. А адвечная Коўня і зараз не мае перадпакояў. Госць вымушаны паліто ці каштоўнае футра пакінуць на сходах, якіх ніхто не пільнуе, альбо цягнуць за сабой лёкая. Праўда, у Коўні ужо гадоў з дваццаць ніхто не чуў пра злодзеяў. Пачулі пра іх толькі цяпер, калі ўвялі паліцыю. Але пойдзем далей. Выйшаўшы з перадпакоя пані стольнікавай, сустрэў лёкая ў галунах і абмінуў яго. На сходах было цёмна, і таму спускаўся павольна, калі ў дальніх сянях убачыў дзвюх дам. Гэта была княгіня… і сваячка пані маршалковай …, абедзвюх я раней толькі бачыў здалёк. Сустракаў іх на прыгожай імшы ў кс. дамініканаў па пятніцах і нядзелях, куды прыходзілі ўсе элегантныя жанчыны вышэйшага свету, каб паслухаць славутага дамініканскага прапаведніка Фалькоўскага45, і куды сам чорт нас зацягнуў у вольныя ад заняткаў хвіліны. Дык вось, калі я параўняўся з гэтымі дамамі на сходах, княгіня, тады яшчэ маладая, свежая і прыгожая, зірнула на мяне нейкім дзіўным позіркам, робячы выгляд, што не ведае, дзе яна знаходзіцца і не ведае гэтага дома, у якім рэгулярна бывае па два разы на тыдзень. Спыніла мяне пытаннем: «Ці тут жыве пані стольнікава?» З глыбокім паклонам я адказаў, што тут.
Тады княгіня раптам азірнулася, убачыла, што навокал і ўверсе нікога няма, хутка схапіла мяне за шыю і пацалавала спачатку ў абедзве шчакі, а потым у вусны, але так, што маі вусны наведала палова яе каралавага язычка. Тым часам маршалкова няспешна падымалася па сходах. Усё заняло якую секунду. Я разгубіўся і стаяў чырвоны па самыя вушы, як бурак, а княгіня тым часам, звярнулася да сваёй спадарожніцы і, як нічога і не было, без найменшай збянтэжанасці, сказала: «Праўда, што ён прыгожы як анёл?». Успамінаючы гэта, я не раз казаў сам сабе: «Ах, калі б маладосць ведала, а старасць магла». Спаткаў яе гадоў праз пятнаццаць у іншым краі, мы былі ўжо цалкам іншымі, і гульня здавалася не вартай свечак.
Можа не будзе лічыцца вялікім грахом расказаць трошкі пра пані стольнікаву, гэта магло б даць пэўнае ўяўленне пра нашы старыя часы.
З дому Кашыцаў, заможная, яна выйшла замуж за багатага старога юрыста. Пляткарылі, што стары пан стольнік, аматар рымскага зводу законаў, з-за цяжкага целаскладу, пакінуў сваю жонку цалкам нявіннай, і ў такім стане яна пражыла да 100 гадоў. Па звычаях нашых бацькоў, стольнік перапісаў на яе сваю маёмасць на пажыццёвае ўладанне і неўзабаве памёр, а пані засталася ўладальніцай значанага маёнтка і вялікай сумы грошай. Яна пакінула свае капіталы ў надзейных руках, прыгожа ўладкавала свой дом у Вільні і пражыла ў ім 70 гадоў.
Дзякуючы сваім паводзінам, асцярожнасці ў размовах, ветлівасці, гасціннасці і сямейным стасункам, яна была вартая самай найвышэйшай павагі. Гэтыя ж якасці мелі ўсе пакаленні, з якімі яна пражыла свой век. Самыя старыя людзі XVIII ст., з якімі я пра яе размаўляў, не маглі ані ў чым папракнуць яе. Мне і іншым пані стольнікава казала, што ніхто і ніколі яе не кахаў, і яна сама ніколі ў жыцці нікога не кахала. Няма чаму зайздросціць, але ўсё адно гэта незвычайна! Яна была даволі высокая, худая як чапля і нават худзейшая за чаплю, не ведаю, ці важыла яна хоць з пуд, да таго ж па старадаўняй модзе насіла боты на абцасах, што рабіла яе яшчэ больш высокай. Уся яе гасцёўня поўнілася злымі як змеі і вельмі надакучлівымі папугаямі, яны размаўлялі, лаяліся, крычалі. Яна трымала заўсёды накрыты стол для сваякоў, знаёмых і сяброў. Дастаткова было завітаць да яе каля поўдня, каб знайсці тут смачны абед (Д 8). Усе самыя свецкія асобы Літвы пасля прыезду ў Вільню, абавязкова мусілі бываць у яе. Нават самыя выдатныя нашы афіцэры, якія гналі казакоў і авангардам увайшлі ў Вільню, спынялі коней перад яе балконам, выклікалі яе на ганак, першымі віталіся і выказвалі надзею на адраджэнне айчыны46. Усе гэта адбывалася не таму, што яна калі-небудзь, каму-небудзь у чымсьці дапамагла – яна ніколі гэтага не рабіла, а таму, што гэткай была паўвекавая, перанятая ад бацькоў, мода і звычаі. І мой бацька, чалавек старой школы, нягледзячы на засвоеную ім новую цывілізацыю, быў поўны старых забабонаў у стасунках і звязах, і таму загадаў мне бываць у пані стольнікавай. Тут я пастаянна сустракаў Радзівілаў, Тызенгаўзаў, Храптовічаў, Вайсэнхофаў, Плятэраў, Ельскіх, Пшаздзецкіх, Тышкевічаў, Вайніловічаў і іншых. Дзіўна, але за столькі гадоў ніхто і ніколі не чуў, каб пані стольнікава дала каму-небудзь грошы ці падтрымала каго. З яе размоў было зразумела, што беднасць яе не датычыць і яна нават не разумее, «як можна быць беднай». Ці гэта была сціпласцю з ўтойваннем сваіх дабрадзействаў, ці толькі самалюбствам стогадовай бабулі – зараз пра гэта адзін Бог ведае. Не цікавіла яе нішто на свеце апроч хваробы і смерці яе старых сябровак, якія натуральна, даўно ўжо ўсе сышлі са сцэны, на якой яна адна грала да 100 гадоў. Адзінай яе жарсцю былі карты, у якія яна добра гуляла. Казалі, што ў лепшыя часы, бадай што, рэдкім быў той вечар, калі бабуля не клала ў кішэню 100 дукатаў, якія заўсёды насіла пад старасвецкай сукенкай. Калі трэба было адтуль нешта дастаць, яна пры ўсіх задзірала сукню, як быццам мела што паказаць, і гэтым вельмі здзіўляла моладзь. Мабыць гэткімі былі старыя норавы, бо і мая бабуля рабіла акурат тое самае, і графіня Сцыпіён47, сястра слаўнага міністра, князя Ксаверыя Любецкага, да сваёй смерці ў 1847 г. рабіла тое самае, хоць ёй і не бракавала ні нашага, ні міжнароднага велікасвецкага выхавання, бо штогод яна па шэсць месяцаў праводзіла ў Парыжы.
А стольнікава любіла карты і гуляла кожны вечар. Добра было, калі яна выігрывала, але трэба было бачыць, калі справа даходзіла да пройгрышу. У яе змяняўся выраз твару, яна адразу ж пачынала цікавіцца сваім капотам і парыком. Увесь час папраўляла іх і круціла то ў адзін, то ў другі бок, заканчвалася гэта тым, што і тое, і другое зусім спаўзала. Для нас, маладых людзей, гэта было дзіўнае і смешнае відовішча. У мой час каля стольнікавай звычайна сядзела яе сястра панна Тэкля, 70-ці гадовая жанчына з адвіслай губой. Гэтая панна ўвесь свой пасаг, некалькі сотняў тысяч, прайграла ў карты і потым, калі ўсё ж не знайшла мужа, схавалася ў Святаміхальскіх ці Зарэчных сясцёр (законніц кляштара бенедыктынак) і па вечарах пацірала рукі, калі радавалася картачным перамогам. Казалі, што з кожнага выйгрышу стольнікавай, які дукат клаўся і ў яе кішэню, і таму яна радавалася выйгрышам сястры.
У доме стольнікавай апрача вялікіх паноў я пазнаёміўся з двума знакамітымі і паважанымі лекарамі: яўрэем Лібаўшчыцам ці Ляйбошыцам, як яго звычайна называлі ў народзе, тады ён быў ужо сляпым, але геніяльным і па-сапраўднаму ўнікальным чалавекам з асаблівым лекарскім нюхам, звалі яго «Яўрэйскім Богам», і Баранкевічам48, недасведчаным лекарам, які славіўся тым, што сваёй практыкай купіў маёнтак, а яшчэ тым, што немцы за мяжой называлі яго не Баранкевіч, а «барон фон Кевіч».
Заўсёды я бачыў там вельмі папулярнага, паважанага і агульна шанаванага чыноўніка і заможнага абшарніка, старшыню Галоўнага віленскага суда Умястоўскага49, якога, здаецца, звалі Тамаш. Не было ў Літве аніводнай важнай справы, якая б не прайшла праз яго рукі. Тады ён быў ужо даволі стары, апранаўся па-мясцоваму, і я ніколі не бачыў больш худога і сухога чалавека такога вялікага росту. Мой бацька, які здаўна меў з ім сяброўскія стасункі, казаў, што той заўсёды носіць бялізну з фланелі і на ваце, каб захаваць здароўе, і каб хоць нешта ўсё ж мелася на целе, бо анікому нават і думка не магла да галавы прыйсці, што Умястоўскі калі-небудзь мог мець страўнік і кішкі. Дык калі праўда, што ён яшчэ і ватай быў напханы, то, пэўна, і сам Вальтэр, незвычайная худзізна якога ўвайшла ў прыказкі, усёроўна ў параўнанні з ім выглядаў бы, як тлусты бернардын. Але калі з-за нейкага капрызу натура звяла аб'ём яго цела амаль што да нуля, дык ва ўзнагароду за гэта яна дала яму надзвычай магутны нос, які завяршаўся вялізнай цёмна-сіняй слівай, што заўсёды прыцягвала мае цікаўныя позіркі. Сорамна сказаць, але твар яго быў не для партрэта. Такім быў Умястоўскі, апякун асірацелай Літвы! Не было тастаменту, на якім не стаяла яго прозвішча. Пастаянная ўпартая праца, вялікія таленты, добрае веданне законаў і поўнае халаднакроўе далі яму гэтую слаўную перавагу над іншымі, і паколькі ён прайшоў шлях ад беднага шляхціца, як сам называў сябе, да багатага чалавека, нізкая зайздрасць выдумляла несправядлівыя абвінавачванні супраць яго – нібы гэты вялікі чалавек нажыў свае грошы за кошт даручаных яго апецы сірот! Аднак ніхто ніколі на яго не скардзіўся. Наадварот, шматлікія маладыя людзі, якія выходзілі з пад апекі, шанавалі яго як бацьку. За тыя 6 – 7 гадоў, калі я яго пастаянна бачыў, ён заўсёды быў апрануты ў адно і тое ж – адзін і той жа зялёны суконны кунтуш і пацёрты слуцкі пояс. Усё жыццё ён вызначаўся вялікай сціпласцю і пагардай да камфорту. Адзінай раскошай, якую ён палюбіў на старасці гадоў, былі два прыгожых коні-таранты і карэта, якая адпавядала ім па элегантнасці. Не дзіва, што доўга пражыўшы і мала патраціўшы, ён столькі назапасіў. Зведаўшы ўсё на свеце, меў своеасаблівую прымаўку, якую вельмі часта паўтараў, асабліва ў размовах пра справы: «Будзьце злымі з людзьмі». З далікатнасці ўстрымаюся, каб два разы не паўтарыць яго праўду! І за некалькі гадоў да смерці ён яшчэ мацней павінен быў упэўніцца ў сваёй прыказцы. Нежанаты, пазбягаў зайздросных размоў і плётак, неаднаразова за свае грошы купляў маёмасць для бедных, але па-панску выхаваных на яго грошы пляменнікаў, якім і так пакінуў бы ўсё пасля смерці. І тыя, з удзячнасці, як толькі дасягнулі пэўнага ўзросту, праз суд, бессаромна забралі яго маёнткі. І калі б ён не меў іншых сродкаў, абавязкова пакінулі б старога на бруку! Гэта былі сапраўдныя дзеткі XIX стагоддзя! Умястоўскі, хоць і стары юрыст, які ўсе зубы з'еў над статутамі, як чалавек старых каштоўнасцей, не мог сабе нават падумаць, што так можа здарыцца.
Я апускаю анекдоты пра пані стольнікаву ў гадзіну яе смерці, бо, нягледзячы на 100 гадоў, паміраць ёй усё ж трэба было. Яны з'яўляюцца сямейнымі сакрэтамі. Але паколькі за столькі гадоў яе ніхто не бачыў у споведзі, бо, напэўна, спавядалася яна дома, людзі лічылі яе атэісткай з душой, адданай д'яблу. Яна баялася памерці, а такія старыя заўсёды маюць «рагатую» душу. У апошнія хвіліны ёй сапраўды здавалася, што бачыць перад сабой д'ябла, і што ён хоча яе скрасці. Сябры, якія яе атачалі і асабліва мая маці, якая наадварот, да самай сваёй смерці славілася святой жанчынай, чулі, як стольнікава ўвесь час прасіла паратунку ад д'ябла, які апанаваў яе. Гэта былі ілюзіі ўзросту і хвароба скажоных пачуццяў. Безумоўна, стольнікава ані сваімі словамі, ані ўчынкамі, не магла нікому даць права думаць, што яна атэістка.
Магчыма, самым смешным з яе ўдзелам быў наступны выпадак, які я магу сёння згадаць. Стольнікава вельмі клапацілася пра сваё здароўе, і таму за ёй рэгулярна наглядалі лепшыя і дарагія лекары. Дзякуючы іх намаганням, пры нармальным стане здароўя, а 9-й гадзіне яе страўнік заўсёды адчыняўся. Для гэтага ёй у ложак прыносілі адмысловую парцалянавую пасудзіну, у якую яна апаражнялася седзячы пад коўдрай на ложку. Яна ніколі не прымала візіты да абеду, і ўся яе шматлікая хатняя прыслуга разыходзілася па горадзе і рынках, не пільнавала дом. Неяк, як на ліха, у Вільню прыехаў правінцыял айцоў бернардынаў, паважаны стары, які, аднак, не ведаў свецкіх кодэксаў, але захацеў асабіста пакланіцца такой высакароднай пані. Ён прыйшоў як раз у тую кананічную і ціхую гадзіну, калі стольнікава, худая і лёгкая, як пёрка, сядзела на сваім парцалянавым троне. Не знайшоўшы слуг у перадпакоі, ён пайшоў далей і далей, покуль нарэшце не дабраўся да спачывальні. Можна ўявіць жах, сорам і збянтэжанасць стольнікавай. Правінцыял, аднак, ні аб чым не здагадаўся і, што яшчэ лепш, нічога не знюхаў. Ён і сапраўды нічога не зразумеў, бо каля трох чвэрцяў гадзіны сядзеў каля яе ложка ў фатэлі, а стольнікава акурат столькі ж часу сядзела на парцаляне і мусіла падтрымліваць з ім свецкую размову. І толькі, калі пачцівы ксянжыска сыходзіў, ён выказаў здзіўленне, што, стольнікава чамусьці сёння выглядала вышэйшай, чым звычайна.
Заканчваючы гэтае апавяданне, я павінен дадаць – тое, што я сказаў пры стольнікаву і яе дом, адпавядае таму, што я бачыў на ўласныя вочы, калі ёй было каля 100 гадоў. І калі я згадаў пра яе тагачасную абыякавасць да чужой бяды і адмову ад якой-небудзь пратэкцыі, дык такая холаднасць магла быць вынікам не толькі ўзросту, але і пакутлівых перажыванняў за свой доўгі век. Раней усё было не так! Яе сябры ведалі, што падчас касцюшкаўскай эміграцыі многія з першых літоўскіх паноў, пакідаючы радзіму, перадавалі ёй без найменшых пісьмовых дакументаў вялізныя сумы гатоўкай і значныя каштоўнасці ў кляйнотах. І ўсё гэта яна аддала ім пасля вяртання на радзіму. А поўнае павагі сяброўства, якое мелі да яе Рапнін50, Булгакаў, Фрэзель, Мёнш (Д 9) і Галіцын51, дазваляла разарваць ланцугі шматлікіх вязняў, якіх яна вярнула з глыбінь Сібіры.
Старая пані Гарэцкая52 з дому Рэўтаў, віленская войская, удава высакароднага, знакамітага і шанаванага ўсімі мужа, славілася сваім непахісным патрыятызмам. У 1792 г. і потым, маючы яшчэ малых сыноў, на руках выносіла іх на двор, хоць яны былі ўжо цяжкія, і плаціла па рублю маскоўскім жаўнерам, каб дзеці білі іх у твар. І падчас гэтага яна крычала сынам у вушы: «Бі маскаля, бі маскаля». Пані Гарэцкая мела тады пры сабе двух сыноў: Антонія – жаўнера Напалеона, мілага і сумленнага, умелага байкапісца і паэта поўнага дзіўнай прастаты53, і другога – Юзафа, таксама вядомага чалавека, але толькі як шулера, хоць ён таксама з гонарам служыў у нашым войску. Юзаф быў імпульсіўны, ганарлівы, непрыемны, але падобны да сваёй маці, і яна прыкіпела да яго ўсім сэрцам. А быў гэтага не варты. Гэты Юзаф, прайграўся да кашулі і з роспачы шчасліва ўтапіўся ва ўласным маёнтку. Малодшы Антоні, з тварам брыдкім, як смяротны грэх, быў пры гэтым наймілейшым чалавекам – гледзячы сам на сябе ў люстэрка называў сябе «чыстым жыдком». Антоні ажаніўся з рафаэлевай Мадоннай, з паннай анёльскай знешнасці Веранікай з Эйдзятовічаў і ў 1831 г. эміграваў у Францыю.





