- -
- 100%
- +
Дом пані Гарэцкай быў адным з самых паважаных у Вільні. Дом са старымі традыцыямі, з якім не маглі зраўняцца тагачасныя навамодныя сфранцужаныя дамы іншых паноў. Я буду імкнуцца не часта згадваць такія дамы, бо іх і сёння ўсюды багата. Але дом Гарэцкай вылучаўся найвялікшай высакароднасцю і ветлівасцю, асаблівай прыгажосцю дам, якія там бывалі, і поўным выдаленнем адтуль «сваяцкага» элементу з асаблівым «куншутовым» водарам. Нягледзячы на тое, што абодва сыны добра на грошы «ашчыпалі» сваю маці, да таго ж яна не раз сплачвала іх даўгі, гэтая разумная жанчына змагла зэканоміць некалькі сотняў тысяч, чаго хапала для раскошнага жыцця ў тагачаснай Вільні.
Яе дачка Высагердава не была прыгожай. Чорная і худая, знешнасцю не кідалася ў вочы, але і брыдкай не была. Яна з’яўлялася выбітнай асобай, вельмі ветлівай, мілай, прыемнай, з добрым гумарам, начытанай і добра прынятай ва ўсіх еўрапейскіх дварах. Мела больш за прыгажосць – была прыемнай і добрай. Мела багацце. У яе доме, асобным ад матчынага, маладыя людзі, прытрымліваючыся старых завядзёнак, вельмі шляхетна і прыгожа бавілі час – у яе доме сумленна злучаліся старыя і новыя звычаі. Маладзён уважаў за гонар быць прынятым у яе, аднак колькасць прынятых была невялікай. Размаўлялі наперамен па-польску і па-французску, не звяртаючы на гэта асаблівай увагі, у той час, калі ў пані Гарэцкай, канешне ж, панавала польская мова, а хто пачынаў французіць з дамамі, таго там называлі толькі блазнам. Усе, хто ў яе бываў, ведалі мовы, але мусілі прыстасоўвацца да нораву старасвецкай матроны. І маці і дачка мелі рацыю, і ў іх абедзвюх нам было вельмі прыемна. Іх дамы сардэчна шанавалі і любілі. Сярод моладзі вышэйшага саслоўя нават ўвайшло ў моду закахацца ва ўдаву Высагердаву. Воляй-няволяй, трэба было гэтага прытрымлівацца і цяжка ўздыхаць, інакш цябе маглі абазваць словам з чатырох літар. Але яна, лагодная і мілая жанчына, ні ў каго з нас, блазнаў, не была закаханая, не мела ніякага какетства і нават не ведала, што яна ў нас у такой вялікай пашане. Выдадзеная прымусам замуж сваёй самавольнай маці, яна закахалася толькі пасля таго, як аўдавела. Адзіным чалавекам, які натхніў яе на такі моцны запал, і за якога яна хутчэй за ўсё пайшла б замуж, быў слаўны Казятульскі54, палкоўнік, рыцар і гонар нашай зброі і войска. Іспанская куля пад Сарагосай на палову абрэзала яго плюмаж і менавіта такім малююць яго на гістарычных карцінах. Але пасля таго як Казятульскі страціў розум у Дрэздэне, небарачка Высагердава замкнулася ў жалобе свайго сэрца і толькі ў 1829 г., ужо старой, зрабіла глупства. Закахалася ў пляменніка, сына сваёй сястры Людвіка Замбрыцкага, прыгожага як анёл хлопца, які потым мусіў эміграваць у Францыю і там памёр ад сухотаў. З папскага дазволу, яна, у два разы за яго старэйшая, выйшла замуж за Людвіка. А ён, пэўна, палічыў за лепшае пайсці ў паўстанне, чым жыць у абдымках ужо старой для яго жанчыны.
Яе маці Гарэцкая мела тады ўжо больш за 60 гадоў, была чорная, як вугаль і сухая, як мумія. Казалі, што некалі яна была прыгожай, але, мусіць, гэта было вельмі даўно. Калі мы пазнаёміліся, у яе ўжо былі паралізаваныя ногі і ўвесь час яна ці ляжала ў ложку, ці яе вазілі ў механічным крэсле. Мела суровы і пагрозлівы твар, і калі бацька прадставіў мяне ёй, і я зірнуў на яе, у мяне ажно здрыгануліся лыткі. Але д'ябал не заўсёды такі страшны, як яго малююць.
Адметным было тое, што яна ўвесь час пісала лісты ўсяму свету і ніколі не магла дапісаць усе патрэбныя літары ў слове. Нават падпісваючыся, яна ніколі не пісала «Гарэцка», але ці «Грка», ці «Грцка». У гэтым сэнсе горшай за яе была гетманова Касакоўская55, жонка павешанага ў 1794 г. Бо тая, калі заканчвалася папера, з-за рассеянасці, дапісвала ліст на стале, а потым, як быццам так і трэба, запячатвала і адпраўляла ліст і пры гэтым зусім не думала, што можа самае галоўнае, засталося на стале з чырвонага дрэва. Але і лісты Гарэцкай былі не лепшымі.
Мой бацька ў яе бываў, як у сябе дома. Расказвалі, што гэты слаўны лавелас, няздольны дараваць аніводнай жанчыне, калісьці меў з ёю блізкія стасункі і, што аднойчы ён, пераапрануўшыся ў эканома, некалькі сотняў міль па Беларусі ажно да Себяжа, сачыў за яе карэтай. Потым яны рассталіся, але сяброўства захавалася да яго смерці. Аднак, магчыма гэта проста бабскія плёткі (Д 10).
Дом пані войскай, у якім я «пад батагамі» майго бацькі таксама мусіў бываць, для мне быў вельмі сумны, бо хворая, старая, сварлівая, капрызлівая і слязлівая старая, як і пані стольнікава, любіла карты, у якія я ніколі ў жыцці не гуляў, але меўся там і іншы сапраўдны магніт! Яна заўсёды трымала пры сабе некалькі маладых паненак, сваячак ці прыжывалак. Працяглы час жылі з ёй панна Гагноўна, панна Ванкавічоўна, сястра слаўнага і рана памерлага мастака, панна Барцяроўна і шмат іншых. Усе яны былі ці вельмі ладныя, ці вельмі мілыя. Калі дзяўчына вясёлая, мы кідаемся ў заляцанкі. Але ў заляцанкі сціплыя, пачцівыя, прыстойныя – толькі ўздыхі з закочваннем вачэй.
Аднойчы я прыходжу, а дзверы ў пакой старой зачынены. Панны кажуць: «Пані войская моцна пакутуе і сёння нікога не прымае», – і робяць кіслыя міны. «Невялікая бяда», – падумаў я, бо ўжо прыняты ў дом. Праз 15 хвілін нашай балбатні старая пачала моцна званіць. Унучка Ванкавічоўна пабегла да яе, вярнулася і кажа: «Пані войская просіць пана да сябе». Іду. Дзверы за мной зачыняюцца. Трохі пастагнаўшы, трохі паскардзіўшыся, старая пачала сур'ёзна прасіць, каб я дазволіў сябе пацалаваць. Кепска, але што зробіш? Схапіла яна мяне дрыжачымі сухімі рукамі і як трэба, горача пацалавала. Потым падзякавала, і сказала, што ёй стала лепш. «Але ж ты, Стасю, такі ладны, што мне, старой, стрымацца цяжка», – дадала яна. І насамрэч яна паздаравела, бо адразу пасля гэтай нешчаслівай для мяне аперацыі, загадала адчыніць дзверы, і госці, якія сабраліся да таго часу, цэлы вечар гулялі з ёй у бастон.
Пані войская жыла на вуліцы Святаянскай у доме Урублеўскага. Насупраць стаяў вялікі дом, на які я ніколі не меў часу звярнуць увагу, бо глядзеў на вокны Гарэцкай і на ўніверсітэцкія заняткі заўсёды хадзіў па тым баку вуліцы, з якога, як малады вісус, мог убачыць панну Гагноўну ці каго яшчэ з іншых дзяўчат, пакланіцца і з усмешкай адказаць ім. Неяк, акурат улетку, як звычайна ішоў на лекцыю слаўнага на ўсю Еўропу натураліста Баянуса і глядзеў у вокны Гарэцкай – няма нікога! А псотніцы ўжо ведалі гадзіну, калі я іду на лекцыі, і звычайна мелі тады нейкі занятак каля акна. Апусціўшы нос, пачаў думаць пра сваю паразу, калі нешта звалілася мне на галаву. Паглядзеў пад ногі – некалькі дзесяткаў свежых руж. Паглядзеў угару – з малюсенькай белай ручкі і прыгожага кошыка на мяне высыпаюцца апошнія кветкі! Хто гэта можа быць? Не ведаю! Інстынктыўна зноў зазірнуў у акно Гарэцкай. А там, як на бяду, ужо стаяў шпег і сведка, панна Гагноўна, якая на ўсю гэтую сцэну глядзела з такім здзіўленнем і абурэннем, што ажно заламала пальчыкі і абедзве рукі праклала да бузі (роціка). Разгублены, рушыў я далей. На маім капелюшы засталося тры-чатыры ружы, з якіх блазны, мае калегі, досыць наздзекаваліся на лекцыі. Добра, ружы, але мне было цікава, чыя гэта была ручка? Латва было мне думаць пра гэта, бо шлях да шчасця прапанавалі ў такой квяцістай форме і без усялякіх намаганняў з майго боку! Нарэшце, я сустрэў гэтую арыгінальную, дзіўную, ззяючую цудоўнымі чарамі цела і душы жанчыну. Яшчэ адзін раз у жыцці я бачыў падобную ножку, але з таго часу ніколі не бачыў падобнай ручкі!
Адчыню заслону над усім, што было натуральнай выпадковасцю, магчыма неасцярожнасцю ці неабдуманым дзеяннем. Сама яна ў гэтым прызналася, і хто пасля гэтага шпурне ў яе камень? Але ружы, высыпаныя на мяне незнаёмкай, дагэтуль займаюць самае мілае і радаснае месца ў маёй памяці! І калі я меў у жыцці сапраўдную, адначасова і духоўную, і матэрыяльную асалоду, дык толькі ў тваіх салодкіх абдымках, бясцэнная, неапісальная ніякім пяром, ніякім красамоўствам, ніякімі словамі, Юлія! І сёння, прыціснуты да зямлі лёдам гадоў, масай памылак і цяжарам досведу, я столькі разоў на дзень аплакваю страту цябе, анёла, забранага на неба ў 20 гадоў. Не магу не прызнацца, што ты была для мяне адзінай! Што пра тваю дабрыню, тваё каханне, тваю рэдкую прыгажосць і аблічча, памяць пра агонь і сілу, з якой твая душа злілася з маёй, і сёння грэе маю кроў, якая, напэўна, ужо астывае і дражніць усе фібры майго даўно памерла для кахання сэрца!
Дадаткі
8. Пра яе на падобным абедзе Антоні Гарэцкі напісаў адзін са сваіх знакамітых, напоўненых досціпам экспромтаў, якімі сыпаў і сыпаў, як быццам трос грушу ці яблыню, і большасць з якіх, на жаль, страчаны, хоць у свой час іх ведалі ўсе.
Жыхар, здаецца, Лівоніі граф Моль, вырашыў, што ён паэт і, паверыўшы ў гэта, пераклаў і нават надрукаваў на польскай мове трагедыю Расіна «Бераніка»56. Толькі што надрукаваную і яшчэ пахкую ад друкарскай фарбы кніжку, ён прынёс на памяць пані стольнікавай і застаўся на абед. Акурат у гэты дзень выпадкова на абед да яе завітаў Гарэцкі, і калі ўсе былі занятыя размовамі па розных кутках залы, ён узяў ў рукі са століка невядомую яшчэ кніжку, хуценька прачытаў яе і напісаў на вокладцы:
Такая людскіх лёсаў доля,Не ўнікне ўсё знішчэння!Пасля стагоддзяў захапленняРасін знайшоў свайго Моля!57І як нічога і не было, вярнуў кнігу на столік.
Пасля абеду Яновічава, нічога не ведаючы, захацела зрабіць прыемнасць Молю і наўмысна завяла размову пра яго Бераніку. Шчаслівы Моль зрабіў сціплую міну аўтара. Не цяжка ўявіць яго шчасце з гэтай нагоды. Але кожны госць між волі, калі глядзеў на вокладку, бачыў і эпіграму. Нарэшце сам Моль узяў кніжку, і лёгка можна ўявіць, як ён гэтаму ўзрадаваўся. На наступны дзень чатыры радкі ведаў увесь горад. Шкада, што большасць гэтых мімалётных вершыкаў Гарэцкага, у якіх ён быў па-сапраўднаму непараўнальным і вялікім, не засталася ані ў яго, ані ў чыёй-небудзь памяці.
Антон Гарэцкі не заўсёды, але час ад часу заікаўся. Гэта яго бянтэжыла, бо калі ён пачынаў заікацца, гэта мінала не хутка. Вяртаючыся з-за мяжы ён раз-пораз спыняўся ў Кракаве, дзе ў той час жыла вядомая сваёй прыгажосцю, элегантнасцю, розумам і досціпам панна Веляпольская, якая тады ўяўляла сабой тое, што сёння мае назву «свецкая львіца». Надта непрывабны Гарэцкі, аднак, вельмі любіў прыгожых жанчын, і як толькі ўпершыню ўбачыў прыгожую панну Веляпольскую, яна яго моцна заінтрыгавала. Ці з-за гэтага пачуцця, ці з-за чаго яшчэ, але падчас размовы з ёй паэт пачаў моцна заікацца. Нягледзячы на пашану, якую ўжо тады паўсюдна меў Гарэцкі, панна пырснула са смеху. Гэта вельмі пакрыўдзіла нашага паэта, але ён удаў быццам нічога не заўважыў. Гарэцкі ўсім спадабаўся, і яго папрасілі зрабіць запісы ў альбомах прысутных дам. Альбомы пасыпаліся градам. Панна Веляпольская, прымадонна гэтага салона, выступіла першай. Гарэцкі ўзяў яе альбом і не задумваючыся ні на хвіліну, напісаў:
У тых вершах вечная памяць пра дзве хібы застанецца.Я заікнуўся, а пані з мяне смяецца.І скажу нашчадкам, робячы параўнанне,Што тут вінавата прырода, а там дрэннае выхаванне58.(Пераклад С. Судніка.)9. а) Пасля далучэння Літвы увесь час мяняліся віленскія губернатары. Адным з іх быў нейкі Мёнш (Moensch), які па невядомых мне прычынах пазнаёміўся і вельмі зблізіўся з генералавай Фіцінгоф (у першым шлюбе Забела), добрай, міласэрнай, вельмі брыдкай, але багатай жанчынай вышэйшага свету. Яе дом на рагу вуліц Нямецкай і Троцкай да гэта часу вядомы пад яе іменем. Аднойчы пані Фіцінгоф адчула патрэбу даць абед для гэтага Мёнша і сабрала для яго паважанае таварыства, запрасіўшы некалькіх вучоных і прафесараў Галоўнай віленскай школы (універсітэта. – Л. Л.). У іх лік уваходзілі знаёмыя нам сваімі творамі Дызма Бонча-Тамашэўскі59, Рэшка60, Жыцкі61 і інш.
З ветлівасці расейскія чыноўнікі стараліся размаўляць ці хаця б разумець па-польску.
– Прадстаўляю губернатару, – сказала пані Фіцінгоф. – Пан Рэшка, прафесар.
Мёнш разявіўся, прыжмурыў вочы і зрабіў выгляд, што нічога не разумее.
– Прадстаўляю вам, – паўтарае гаспадыня. – Пан Рэшка, прафесар.
– Да… Да… знаю, знаю! Brodfresser! Brodfresser!62 – адказаў Мёнш, прыкідваючыся дурнем, каб выказаць сваю непавагу да вучоных.
б) Генералава Фіцінгоф зусім не ведала расейскай мовы. Але справы прымусілі яе паехаць у сталіцу. Яна была ўжо старая, набожная і заўсёды мела кепскі настрой.
Па парадзе свайго паўнамоцнага прадстаўніка ў Пецярбургу яна запрасіла да сябе сакратара Сената і размаўляла з ім па-польску, бо іншай мовы, апроч расейскай, сакратар не ведаў. Паляк і расеец заўсёды зразумеюць адзін аднаго, было б жаданне. Пры развітанні генералава ўклала ў руку сакратара пачку асігнацый, пры гэтым убачыла яго заручальны пярсцёнак, бо ён быў чалавек жанаты, і сказала:
– Буду мець задавальненне яшчэ раз наведаць пана дабрадзея, каб даверыць сябе яго апецы.
– Милости просим! Милости просим! – адказаў сакратар, усцешаны вялікім ганарарам і з мілым тварам пацалаваў ёй абедзве ручкі.
Пані Фіцінгоф ледзь не самлела на месцы, калі пачула яго словы!..
Праз некалькі хвілін падышоў яе паўнамоцны прадстаўнік і знайшоў старую ў спазмах жаху і зусім не падобную да сябе.
– Пані, што здарылася?
– Пабойся Бога, мой дабрадзей, якога ж ты мне сакратара Сената прывёў? Што гэта за людзі! Нейкія бязбожнікі, нягоднікі, распуснікі, бессаромнікі! Жанаты, малады, прыстойны мужчына і не саромеецца мяне старой! Узяў грошы і яшчэ патрабуе ад мяне кахання!63
Тады паўнамоцны прадстаўнік, трымаючыся за бакі ад смеху, супакоіў яе сумленне і растлумачыў, як трэба разумець гэтыя словы.
с) Пасля апошняга падзелу краю, губернатар Літвы Булгакаў прымусіў шляхту ў Вільні прысягнуць на вернасць Кацярыне ІІ. Пасля гэтай цырымоніі ў Булгакава адбыўся вялікі афіцыйны абед. Побач сядзеў маршалак Бжастоўскі64, які і раней меў з ім добрыя адносіны.
Падчас абеду Бжастоўскі пачаў патаемна хаваць за пазуху і ў кішэні срэбныя відэльцы і лыжкі.
– Што ты робіш, граф! – здзіўлена спытаў яго Булгакаў.
– Ах, пан губернатар, – адказаў Бжастоўскі. – Гэта нармальная з'ява – як толькі стаеш расейскім падданым, адразу свярбяць рукі, каб нешта ўкрасці!
У Булгакава хапіла розуму і досціпу, каб не раззлавацца з-за гэтага жарту.
10. У Стравеніках, у доме княгіні Агінскай, дарсунскай старасціны65, пані вялікай цноты, дабрыні і агульнавядомай гасціннасці, да таго ж паважанай ва ўсім краі з-за яе пабожнасці, нягледзячы на яе сталы ўзрост, некалькі разоў на год адбываліся вялікія балі, на якія паважаныя госці прыязджалі нават і здалёк. Аднойчы на баль прыйшла вельмі прыгожая і маладая жанчына, пані Шымкоўская. Мой бацька, які ўсё сваё жыццё быў надзвычай слабы на жанчын, моцна заняўся ёй і ўвесь час казаў ёй кампліменты. Пасля абеду, калі госці яшчэ тлуміліся ў сталовай, ён пачаў так моцна прыцірацца да гэтай дамы, што бедная жанчына, каб абараніць сябе і пакараць нахабніка, гучна сказала:
– За каго пан мяне прымае? Хто даў вам права так са мной гаварыць і так абыходзіцца? Ведайце, я сумленная жанчына!
Бацька, нават не дазволіў ёй дагаварыць і адказаў халаднакроўна: «А я такіх як раз і кахаю найбольш!». І гэтымі словамі знянацку так здзівіў небарачку, што потым… Не ведаю, што было потым. Бо гэта вельмі старая гісторыя, якая адбылася яшчэ за польскім часам, і распавядалі яе мне толькі вельмі старыя людзі.
Раздзел 4. Канстанты Новамейскі, яго дзень, яго ўпэўненасць у паспяховасці ў жанчын. Дзве пані Высагердавы. Замбрыцкія. Др. Эме. Людвік Замбрыцкі. Новамейскі, яго стасункі. Побыт аўтара ў Вільні ў 1835 г. Намер сям'і ажаніць яго. Пані Марачэўская. Зайздрасць Новамейскага, яго хвароба
Такім чынам, у той час, калі я паволі станавіўся сваім чалавекам у розных дамах, мой Новамейскі быў заняты рознымі дробязямі: прыдумляў лепшыя шпількі (для гальштукаў), выбіраў і падбіраў тканіны, атрымліваў асалоду ад рэцэптаў печыва, смачных пернікаў, канфіцюраў, лікёраў66. Як змяя скідае скуру, так і я цалкам забыўся пра яго, калі выйшаў са студэнцтва. Раптам, неспадзявана, мы сустрэліся ў некалькіх дамах. Я паставіўся да яго з павагай, як належыць ставіцца да старэйшага векам, і ён на пачатку паставіўся да мяне сур'ёзна, як быццам аказваў мне пратэкцыю і нібыта быў маім ментарам. Але дэкарацыі памяняліся! Пільны назіральнік, ён адразу заўважыў, што я стаю на цвёрдых нагах, і яму гэта не спадабалася. У свеце мае дзевятнаццаць-дваццаць гадоў цаніліся больш чым яго трыццаць з нечым, тут аддавалі перавагу лёгкай, але разумнай размове, а не яго звычайнай імітацыі сур'ёзнасці. А ў тых дамах, якія наведвалі бацькі, каб выпхнуць сваіх дачок, як гэта звычайна бывае ў горадзе, давераную асобу кс.-пралата Длускага ставілі значна ніжэй за заможнага паніча, з якім мелі надзею парадніцца праз шлюб. Ужо само маё ігнараванне тэм яго размоваў пра рукадзелле і вышыўкі на палатне, у чым ён ўпарта выстаўляў сябе крытыкам і знаўцам перад маладзёнамі, узбуджала дзявочую цікаўнасць да мяне.
У гэтых дробных і амаль што дзіцячых здарэннях паміж намі, дапытлівае вока згледзіць сутыкненне паміж сабой дзвюх ужо розных эпох і пачатак адыходу ад дробязных звычаяў і перабольшванняў галантнага XVIII ст. Дзейных асоб і сведкаў таго галантнага стагоддзя ў той час было яшчэ шмат, але стаў ўжо заўважны пераход да больш сур'ёзных сяброўскіх адносін, менш заснаваных на розных дробязях. Па-праўдзе, сучасная моладзь шчыра сядзіць над кніжкай у сябе дома і корміцца тэорыямі, каб адкрываць для сябе вышэйшыя мэты. Па-за домам, у таварыстве жанчын, нават міжвольна, яны мусяць змешваць прыемнасць з карысцю, павагу да прыгожа полу з пачуццём уласнай годнасці. Але тое, што раней было шчырым і таму нечага вартым, з-за няправільнага пераймання і скажонага разумення, стала для наступных пакаленняў толькі аблудай, няшчасным і нязграбным прытворствам.
У Новамейскага была смешнай яго дробязнасць ва ўсім. Ён замучыў краўца і шаўца. З кожнага фрака, прывезенага з Парыжа ці Варшавы, ён уласнай рукой выразаў выкрайкі з паперы, з кожнага пантофля загадваў рабіць форму. Перш чым прыняць ад майстра гарнітур ці абутак, ён мучыў яго два тыдні папраўкамі і даводзіў да адчаю. Але калі, здаецца, усё дасягала найвышэйшай ступені дакладнасці і дасканаласці, і ён надзяваў гэта на сябе, дык усё на ім сядзела нязграбна, мяшком, а абутак заўсёды выглядаў дрэнна з-за няправільнай формы яго нагі. […]
Няхай усе будуць шчаслівымі – падумаў я сто разоў. Я магу паручыцца, што ён сам шчыра верыў у сваю зорку і дзяліўся гэтай упэўненасцю з іншымі не як марнай хвальбой блазна, але з унутранага пераканання. Дазвольце мне прывесці вам толькі два прыклады. Сярод жанчын, якія толькі і чакалі знаку ад яго, каб як бяззбройная гарліца падпарадкавацца арлу ці магнетычнай уладзе ястраба, і якіх ён шкадаваў толькі з-за сваёй любові да цноты, была, як мне казалі, пані Ксаверава Мюлер, якая рэдка прыязджала ў Вільню. Тады я яе не ведаў, але чуў, што яна была жанчына з характарам, талентам, цнотамі, надзвычай вясёлага досціпу і была ўсімі любімая. Пасля няўдачнага замуства яна хавалася на вёсцы. Дадам, потым я даведаўся, што поўная жаночай празорлівасці, яна адразу шмат што зразумела пра Новамейскага і ніколі не хацела ўважаць яго вартым яе сяброўства. Другой фатальна ў яго закаханай была пані Высагердава, удава, пра якую я ўжо пісаў. Дадам яшчэ апошні раз некалькі слоў пра яе. Пра яе гарачую прыхільнасць да Казятульскага я ўжо казаў. Пасля няшчасця з ім добрая і пачцівая жанчына працяглы час, каля пятнаццаці гадоў, атрымлівала ўздыхі ад усёй віленскай моладзі і многіх знатных абшарнікаў з правінцыі, напрыклад, Гелгуда. Нарэшце голас прыроды перамог. У Вільню прыехалі вучыцца два яе пляменнікі Замбрыцкія. Абодва прыгожыя, добрыя, мілыя і маладыя, яны былі даручаны яе апецы, за якую яна адразу і ўзялася па-мацярынску. Яны часта бывалі ў цёткі і лічылі яе дом сваім бацькоўскім домам. Беднае сэрца цёткі, стомленае ўдаўством і працяглым супрацівам мужчынам, не магло супрацьстаяць высакароднасці і дабрыні майго прыяцеля і калегі Людвіка Замбрыцкага. Раптоўны выбух моцнага запалу, які яна спачатку ўспрымала як любоў да пляменніка, асляпіў гэту шляхетную, чулую і звыш меры годную жанчыну. Божа нябесны, як доўга не толькі ад людзей, не толькі ад каханага, але і ад самой сябе, яна рупліва хавала гэту бездань, якую вырыла пад яе нагамі занадта чуллівае сэрца! І як раз тады быў момант найбольш блізкіх стасункаў з Новамейскім. Ён цешыў сябе тым, што Высагердава закахалася ў яго. Яна, аднак, разумела неадпаведнасць свайго ўзросту і ўзросту пляменніка, разумела фальш сваёй пазіцыі і бачыла ў Новамейскім толькі пачцівага і зычлівага да яе чалавека. Напоўненая бурлівай страсцю, якую яна хавала ад усіх, Высагердава давярала яго разважлівасці і часта глядзела на Новамейскага сваімі чорнымі, самотнымі вачамі. У размовах пра жаночыя пачуцці і слабасці сэрца, яна шукала тую палёгку, якая на хвіліну вызваляе жаночую душу ад цяжкіх боляў. Аднак уласнае каханне Новамейскага прыняла авансам на свой рахунак гэтыя агульныя з ёй размовы. Таму можна ўявіць сабе яго здзіўленне, калі ён раптам даведаўся, што яна выходзіць замуж за Замбрыцкага. Дзеля Замбрыцкага, дзеля яго цяжкага лёсу, дзеля веры ў словы Святога Пісання, якія сёння мала цэняцца, дзеля чалавека, які будзе гэта чытаць, скажу яшчэ некалькі слоў.
Адна з дачок войскай Гарэцкай выйшла замуж за Замбрыцкага, знатнага і годнага жыхара Беларусі, адкуль паходзіў слаўны род Рэўтаў. Муж пяшчотна кахаў сваю жонку і не сумняваўся ў шчаслівым жыцці сярод прыгожых, як анёлы, дзяцей. Так і было, як раптам здароўе яго жонкі пачало пагаршацца. Ніякіх бачных прыкмет хваробы не было, але яна хварэла! Свежасць свяцілася на яе твары, аднак штодня яна скардзілася на здароўе і атрымлівала ад гэтага задавальненне. Клапатлівы муж кансультаваўся з рознымі лекарамі. Але з кожным днём было ёй усё горш і горш. Таму, калі лячэнне не дало аніякага выніку, ён вырашыў звярнуцца да вядомага ў тым краі доктара Эма67, пра якога хадзілі розныя жартаўлівыя анекдоты. Гэта быў ужо немалады, напудраны немец, які шчыра прывязаўся да нашай зямлі і, вывучыўшы мову, перакручваў словы самым дзіўным чынам, памнажаючы тым самы каламбуры пра самога сябе. Эма заняўся лячэннем пані Замбрыцкай, і ёй стала лепей. Шчаслівы муж заказаў лекара на працяглы час. Эма, ужо тады багаты доктар і дзедзіч воласці, прыязджаў да іх раз на тыдзень. Паміж мужам і доктарам завязалася пяшчотнае сяброўства.
Замбрыцкі па старым звычаі пасля абеду гадзіну спаў, і гэты час запрошаны доктар заўсёды бавіў у кампаніі яго жонкі. Аднойчы, калі Замбрыцкага пасля абеду не ўзяў сон, ён падняўся з канапы і з вясёлым тварам пайшоў у другі бок дома да жонкі і яе госця. Увайшоў і на свае вочы пабачыў, як старэйшы за яго Эма выконвае шлюбныя абавязкі замест мужа! Не сказаўшы ані слова, зачыніў дзверы і вярнуўся ў свой пакой. Там, з разбітым сэрцам і душой, спустошанай нявернай жонкай, схапіў пісталет, які вісеў над ложкам і стрэліў сябе ў галаву. І з таго часу боскае небласлаўленне з'явілася над раней шчаслівым домам. Чарадой пайшлі смерці, калецтвы, страты, пажары. Праз нейкі час два сыны анёльскай прыгажосці прыехалі вучыцца ў Вільню. Старэйшы, хударлявы і стройны, на 23-цім годзе быў паралізаваны, пакутаваў і неўзабаве памёр. Малодшы недарэчна і нешчасліва ажаніўся з цёткай і пакінуў жонку амаль што адразу пасля вяселля, у 1831 г. пайшоў на маскалёў разам са шваграм Антоніем Гарэцкім і ў бітве пад Вільняй быў так шчасліва паранены, што варожая куля ўвайшла збоку між разяўленых вуснаў, не закранула зубоў і толькі знутры адсекла верхнюю губу. Пасля гэтай бітвы ён эміграваў у Францыю. Я бачыў яго у Парыжы, усё такога ж прыгожага і чароўнага. Аднак увесь час ён быў задуменны і сумны, але не сказаў мне, што ўсё было б добра, каб ён не звязаў сябе гэтым недарэчным шлюбам. Тысячы парыжанак працягнулі б да яго свае рукі, каб азалаціць. Праз паўгода, з цяжкім сэрцам і слязьмі, я даведаўся, што гэты чалавек, які меў сілу льва і спрыт леапарда, памёр у Парыжы ад сухотаў. На ім закончылася фамілія, здаўна вядомая сваімі шляхецкімі вартасцямі і багаццем.
Яго няшчасная жонка перажыла палітычныя ганенні, захварэла на артрыт, які ўспадкавала ад маці з бабуляй, і пераносіла сваю хваробу з дзіўным спакоем душы і нязменнай лагоднасцю. Астатак свайго жыцця правяла ў пакутах і болі. […]
Жанчына заўсёды закаханая не ў таго мужчыну, у якога насамрэч закаханая, а ў ідэал, які яна для сябе стварыла. Гэты ідэал можа быць вельмі розным, ён залежыць ад індывідуальнасці жанчыны. Пры гэтым галоўная праблемай мужчыны – угадаць гэты ідэал сваім інстынктам, вылічыць яго ці, што здараецца часцей, супасці з ім выпадкова.
Пераможаная перавагай Новамейскага над іншымі, раней сустрэтымі ёй мужчынамі, панна Мазуркевічоўна, выхаванка графіні Апалінарыі Плятэр68, дачкі вядомага сваёй незвычайнай суровасцю полацкага ваяводы Жабы, пра якога раней многа расказвалі, і які стаў пэўным тыпажом, мілая і добрая паненка так шчыра прывязалася да Новамейскага, што захоўвала гэтае пачуццё трыццаць гадоў. Яна захавала сваё каханне нават нягледзячы на тое, што наш Адоніс вельмі нядоўга цаніў гэтую прывязанасць.






