- -
- 100%
- +
Смерць Длускага зрабіла Новамейскага па тастаменце спадкаемцам усяго яго фундушу і прывяла да канфліктаў і судовых працэсаў з хцівай да грошай віленскай капітулай. Капітула знайшла юрыдычныя перашкоды, каб не аддаваць яму фундуш пралата, гэта значыць аднаразовы гадавы даход з бенефіцыяў пралата юрыдычным спадкаемцам, які ў такіх выпадках выдзяляўся спрадвеку. Фундуш у гэтым выпадку складаў сто тысяч злотых. І таму, хто жыў на ўсім гатовым, трэба было пачынаць жыць з уласнага гроша, той, хто прызвычаіўся весці халасцяцкае жыццё за кошт пралата, трымаць пры гэтым і сабак, і коней, хутка адчуў, як пачала змяншацца крыніца яго даходаў. Трэба было падумаць, чым заняцца.
Жырмунскія Радзівілы: Мікалай, Караль, Францішак69 пасля смерці свайго дзядзькі Радзівіла Бердычоўскага, перанялі ў спадчыну Бердычаў, маёнтак з дзіўна заблытанымі інтарэсамі. Самі яны былі няздольныя разабрацца ў даўгах і ў сварках са сваім таленавітым братам Міхалам і сёстрамі Храпавіцкай і Радзівілавай, удавой іхняга дзядзькі, якая пазней выйшла замуж за Любамірскага. Патрэбны ім быў паўнамоцны прадстаўнік. І тады паўнамоцны прадстаўнік старога Тызенгаўза Чачот, вялікі чалавек са з'едлівым досціпам, рэкамендаваў Радзівілам Новамейскага.
Наступілі досыць доўгія, з частымі перапынкамі, перамовы, прычым Новамейскі адразу выехаў у Бердычаў як давераная асоба толькі князя Францішка. У той час, калі яшчэ жыў Длускі, да Новамейскага прыехаў крыху маладзейшы за яго брат Вінцэнт. Ён прыняў брата, але ў такім тоне, што кожны лёкай у доме меў большае значэнне, чым брат. Праўда, паміж братамі мелася вялізная розніца, але прыстойнасць вымагала, каб Вінцэнта усё ж паважалі больш за лёкая. Мне было балюча глядзець, як жорстка ён ставіцца да брата. […]
З дня ад'езду Новамейскага ў Бердычаў я страціў яго з поля зроку і не меў з ім больш ніякіх зносін. Я жыў на вёсцы ў бацькоў і ў Вільні, а потым паехаў у Пецярбург. Тым часам наступіў дзень 14 снежня 1825 г. Выбухнула шырокамаштабная змова, пра якую ўжо шмат сказана і сказана будзе яшчэ больш70. Арышт галоўных кіраўнікоў і самае строгае расследаванне выявіла факт сувязяў расейскіх змоўшчыкаў з палітычнымі таварыствамі ў Літве, з масонамі. Новамейскі, хоць і жыў у той час на Валыні, быў схоплены разам з маршалкам Міхалам Ромерам, рэдкім прамоўцам Ігнатам Завішам, Струмілам, Вагерам, Чаркоўскім і іншымі і аказаўся ў пецярбургскай Петрапаўлаўскай фартэцы. Праз некаторы час, у 1828 ці 1829 г., ён і яго калегі атрымалі ад манарха свабоду. Тады я ўжо стала жыў у Пецярбургу, і ён наведаў мяне на хвіліну, бо ўсе яны мелі загад неадкладна пакінуць Пецярбург, а трэба яшчэ было сабрацца ў дарогу – час быў халодны і снежны.
Адам Міцкевіч змог у той дзень даць абед для Завішы, на якім быў і я. Іншыя слушна баяліся высунуць нос са сваіх пакояў, каб іх зноў не забралі ў турму. Усе, колькі іх было, мелі твары белыя, як галандскае палатно, нібы хто іх мукой прысыпаў. Столькі гадоў не бачылі сонца! Пасля гэтага, з 1829 па 1834 г. з Новамейскім я толькі ліставаўся. Ажно ў 1835 г., вяртаючыся з Парыжа, па справах заехаў у Вільню. Заставаўся там толькі пяць дзён, бо мой адпачынак ужо канчаўся. Вядома, я з ім сустрэўся і дазволіў выразаць папяровыя формы з маіх фракаў і іншага гардэроба, падараваў нешта з рэчаў на памяць. Паколькі я быў у Парыжы, каб атрымаць спадчыну71, ён уявіў сабе, што я ўжо вельмі багаты. Казаў пра маю сітуацыю, пра тое, што я магу атрымаць у спадкі, і таму толькі ўздыхаў і ўздыхаў. Гэта была зайздрасць, але я мала тады звяртаў увагі на яе, аднак, гэта галоўная прычына патаемнай антыпатыі, якую ён хаваў ад мяне, ад іншых асоб і ад агульных сяброў.
Праз год, калі некаторыя з маіх сваякоў распачалі беспрынцыповы, несумленны і бязбожны суд, мне давялося зноў прыехаць у Вільню. Трэба было ехаць за мяжу, але каб дарэмна не змарнаваць тэрмін у пашпарце, зычлівы і вельмі прыхільны міністр Польскага каралеўства Стэфан граф Грабоўскі, сам прапанаваў мне, каб я даў паказанні ў Вільні і гэтак забяспечыў свае інтарэсы, а калі прыйдзе час, паведаміў яму пра гэта. Тады ён павінен быў вырабіць мне замежны пашпарт у імператара. Польскае міністэрства ўваходзіла ў групу канцылярый, якімі асабіста кіраваў Яго Мосьць, і таму ніводны чыноўнік гэтага міністэрства не мог быць прыняты на працу, звольнены ці адпраўлены ў адстаўкі без яго ведама. Гэтак, для справы і ў чаканні пашпарта я мусіў сядзець у Вільні, але ўжо не ў ранейшай Вільні. Сустрэлі мяне як брата, з вялікай пашанай. Натуральна, з Новамейскім давялося сустрэцца ў некалькіх дамах, дзе ён заўсёды паводзіў сябе як мыла наеўшыся. Доўга не мог зразумець у чым прычына, але гэтак адбывалася кожнага разу, і я аднойчы паведаміў пра гэта гаспадыням. Тыя адказалі мне: «Ці ты не разумееш? Гэта ён зайздросціць твайму поспеху ў жанчын». Такой лухце, дальбог, я не мог паверыць, паверыць у такое – недаравальнае глупства для разумнага чалавека.
А гэта справа адбывалася наступным чынам. Брат маёй мачахі, Антоні Храпавіцкі, які вельмі добра да мяне ставіўся, сказаў: «Пане Станіславе, чаму ж ты не жэнішся?» А меў я тады ўжо 33 гады – узрост Езуса. «Вось тут ёсць мая пляменніца Цеханавецкая, прыгожая, як анёл, добрая, выхаваная і багатая паненка. Пазнаёмся з ёю, папрасі яе рукі – даю табе слова гонару, яна будзе тваёй», – сказаў ён. Я засмяяўся не ў голас, бо апроч таго, што трошкі інакш глядзеў на шлюб і не лічыў яго здзелкай, я пранікаў у самыя патаемныя куткі многіх сем'яў і мог паўтарыць словы графа Морыса дэ Сакса, які сказаў, што ніколі не ажэніцца, бо ніколі не бачыў мужа, годнага добрай жонкі і жонкі, годнай добрага мужа. Храпавіцкі ведаў, што я буду на балі, які ўся губерня давала вялікаму нягодніку князю Даўгарукаму (Д 11), генерал-губернатару Літвы і паабяцаў мне паказаць гэтую дзяўчыну ва ўсім бляску. І паказаў яе мне. Яна была маленькай, але цалкам прывабнай асобай з крыху большым, чым трэба носам. Мне казалі, што яна вельмі дасціпная і добрая. Усё было добра, але яна мне ўсё адно не спадабалася. Каб закончыць з гэтым, я сказаў Храпавіцкаму, які некалькі разоў правёў яе перада мной, што здаюся, але знаёміцца з ёй не стану. Стары потым быў прымушаны тлумачыць гэта яе маці ці нават ёй самой. Вядома, гэта гісторыя не палепшыла мой стан. Але з-за таго, што мая маці была таксама не супраць гэтага праекта, а браты панны, вельмі добрыя хлопцы, па загадзе сваёй маці пазнаёміліся са мной і бывалі ў мяне, я не мог у адказ не наведаць іх хаця б адзін раз. Відавочна, пакрыўджаная панна, спрабавала даць мне зразумець, што зусім пра мяне не дбае і ставілася да мяне з такой пагардай, прыкрытай, вядома, вытанчанай свецкай ветлівасцю, якую, аднак свецкія людзі з тактам бачаць адразу і могуць ацаніць. Самае смешнае, што жанчыны абараняюцца, калі на іх не нападаюць і нават не думаюць нападаць. Менш смешным выглядае толькі ліс, які не можа дастаць вінаград і з пагардай кажа, нібыта вінаград зялёны. Да гэтага часу я захапляўся чалавечай прыродай і з задавальненнем назіраў як нашы зямныя анёлы, пасля таго як іх трошкі падрапаюць, адразу ператвараюцца ў маленькіх змей. Панна потым шчасліва выйшла за Тышкевіча.
Адмова імператара ў адказ на шматразовыя просьбы графа Грабоўскага і пана Туркула72, дазволіць мне выехаць у Парыж, вярнула мяне ў Пецярбург. Мяне зноў прынялі на дзяржаўную службу, і мне зноў давялося выдаткаваць шмат сродкаў. Бо, калі я з'язджаў адтуль, то амаль за бясцэнак прадаў усю маёмасць, мэблю, коней і г. д., а цяпер мусіў набыць гэта ўсё зноў. Далей, я буду не раз згадваць пра добрае стаўленне да мяне былога міністра скарбу Польскага каралеўства, а ў той час чыннага чальца Дзяржаўнай рады князя Ксаверыя Любецкага73, чалавека, які ў Еўропе пануе сваім геніем, а паўсюдна сваёй дабрынёй. Не раз, калі я лячыў князя ад падагры, у адказ на мае просьбы за якога-небудзь беднага сваяка, ён загадваў абматаць яго ногі авечымі шкурамі і асабіста ішоў да міністра выпрошваць месца для майго небаракі. Новамейскі неяк даведаўся пра гэта. Збяднелы з-за палітычнага пераследу і падмануты Радзівіламі, ён не меў на каго абаперціся. Па яго просьбе я праз князя Любецкага, атрымаў рэкамендацыю да Кажухоўскага74, галоўнага паўнамоцнага прадстаўніка Вітгенштэйнаў, які і да мяне ставіўся вельмі добра, каб прызначыць Новамейскага членам радзівілаўскай камісіі ў Вільні. Плацілі за гэта тысячу дукатаў на год. Новамейскі, хутчэй за ўсё, атрымаў бы гэтую працу, але сказаў некалькі разоў у горадзе, што ён не будзе дзейнічаць у духу Кажухоўскага. У гэтым я яго ніколькі не ганю, але Кажухоўскі адмовіў і мне, і князю.
У гэты час у самым пачатку станаўлення знаходзілася Міністэрства дзяржаўнай маёмасці, і па яго просьбе, мы шукалі сувязі, каб прызначыць Новамескага прэзідэнтам палаты. Спачатку гэта было даволі лёгка, бо мала хто мог прадбачыць, як хутка гэта ўстанова стане ледзь не галоўнай і будзе стаяць над іншымі. Князь Любецкі зноў паехаў да Кісялёва75. Граф Кісялёў паабяцаў прыняць, калі Новамейскі не будзе належаць ні да якіх палітычных таварыстваў. Такі прынцып граф меў для ўсіх сваіх чыноўнікаў. Любецкі, які чуў пра Новамейскага толькі ад мяне, палічыў, што справа вырашана. І вось гэтага чалавека за палітычныя грахі пасадзілі ў крэпасць на некалькі гадоў.
Нарэшце сястра князя Любецкага, графіня дэль Кампа Сцыпіён, па маёй просьбе, парэкамендавала яго на пасаду паўнамоцнага прадстаўніка князя Канстанты Любамірскага76, генерала расейскай арміі, самага годнага чалавека ў свеце. Не ведаю, чаму гэтак не атрымалася. Але я даведаўся, што Новамейскі з малым жалаваннем прыняў тую самую працу ў знакамітай княгіні, сенатаравай Агінскай з дому Неры, гэтай выключна ўнікальнай жанчыне, якой я яшчэ прысвячу некалькі адмысловых старонак77.
Такім чынам, ніякія нашы планы не ажыццявіліся. І гэта добра, бо неўзабаве, праз некалькі месяцаў, ён сказаў мне ў вочы, што ніякіх планаў у яго са мной ніколі не было, і ён ніколі мяне ні пра што не прасіў.
Увесь гэты час у Пецярбургу мяне ананімна папярэджвалі, каб я быў больш асцярожны, бо мае віленскія сябры здраджваюць мне. Што мае канфідэнцыяльныя лісты, напісаныя да іх, бачылі ў руках асоб з варожымі да мяне намерамі. Але нікога не называлі. Я перапісваўся з некалькімі асобамі з Вільні і не мог, каб нават і хацеў, вылічыць, хто з прыяцеляў мяне падманвае. А паколькі я заўсёды сваю душу трымаў на адкрытай далоні і ішоў простай дарогай, то не меў таямніц і не асцерагаўся здрады. Толькі пасля майго вяртання ў Літву, жанчыны, мае былыя сяброўкі, прызналіся мне, што гэтыя безыменныя лісты пісалі яны і мелі на ўвазе Новамейскага, але баяліся, што іх лісты могуць прачытаць на пошце.
Магчыма далей, з іншай нагоды, я напішу, наколькі ў той час былі складанымі і далікатнымі мае сямейныя стасункі, і нават ў бацькоўскай хаце пада мною капалі ганебную яму. Але наша прымаўка пра тое, што кожны мае свой лёс, стала цалкам праўдзівай. У тыя хвіліны я не прадбачыў, што мае сэрца хутка кране самы вялікі боль! Бо набліжаўся прызначаны Божай рукой час, да якога я быў гатовы менш за ўсё (Д 12), час, калі мой высакародны, цнатлівы, шляхетны, светлы, бясцэнны для мяне, па-сапраўднаму строгі і з’едлівы чалавек, мой бацька, скончыць сваё жыццё! Пра гэта я даведаўся на эстафеце ў Пецярбургу. Мяне чакалі на пахаванні, і ўжо на чацвёрты дзень я быў у Вільні. Гэты выпадак выбіў мяне з таго кола жыцця, па якім я ўжо пачаў свабодна рухацца ў Пецярбургу.
Усё жыццё мне ані разу не дапамог шчаслівы выпадак. Усё што зарабіў – зарабіў крывёю і потам! Усё маё жыццё, мяне, як Тантала, лёс адрываў ад вады ў тую самую хвіліну, калі я набліжаўся да яе. Вось і тады так сталася! Самая лепшыя перспектыва мусіла быць разбітая праз абставіны, выкліканыя смерцю майго бацькі, пра гэта я раскажу ніжэй і ў сваім месцы.
Між тым, да багацця, якім я ўжо валодаў, і якое людзі, як звычайна, пераацэньвалі ў два ці нават у чатыры разы, дадаліся новыя грошы. Гэтага ўжо Новамейскі стрываць не мог! З гэтага часу, не збочваючы з дарогі знешняй прыстойнасці, ён патаемна стаў маім найпершым ворагам. Сваімі асцярожнымі, езуіцка-дыпламатычнымі меркаваннямі наконт мяне, ён спрабаваў сапсаваць і парушыць грамадскую думку, якую я заслужыў сваёй доўгай працай і спакойным жыццём. Натуральна, ён не меў да чаго прычапіцца, але не мог цярпець, што я ўсё раблю па-свойму, а не па-ягонаму. Ён хацеў быць маім настаўнікам і ўзяць мяне пад сваю апеку. Гэта не атрымалася, і таму ён, калі толькі пры ім размаўлялі пра мяне, казаў: «Так, так, гэта вельмі сумленны, справядлівы і вучоны чалавек, чалавек паважаны, але ганарлівы, фанабэрысты, эгаістычны, але …, але…» і г. д. без канца. Усё гэта было б яшчэ нічога, бо ўсе маюць сваё «але» і калі справа ішла пра мяне, дык я павінен быў дзякаваць Богу, што мае «але» яшчэ не былі подласцю! Горш было тое, што гэты чалавек, бавячыся, брудзіў мяне ў маіх справах, і не ведаючы майго стану, крыжаваў абраныя мной шляхі. Кожны, хто атрымлівае якія-небудзь спадкі, адразу бывае атачоны тысячамі бедных сваякоў, якія ўмомант з’яўляюцца як грыбы, і пра якіх спадчыннік ніколі не чуў ды не бачыў. І ўвесь гэты зброд уяўных сваякоў, якіх я ніколі ў жыцці не бачыў, пра якіх я ніколі не чуў, наваліўся на мяне як саранча, каб з-за любві да мяне жыўцом садраць скуру. Гэта подласць, а я ненавіджу подласць.
З чужога досведу я ведаў, што так здараецца заўсёды і меў час падрыхтавацца, каб прыняць іх заляцанні, ліслівасць і сардэчную любоў. Было б сорамна, хай нават і перад правінцыйнымі ашуканцамі, паказаць сябе дурнем і адчыніць гаманец і сэрца нахабнікам, якія спадзяюцца на тваю далікатнасць. Але я і без гэтага меў пра што падумаць. Неспадзявана абцяжараны справамі і асобамі, якія і сапраўды мне належалі, маючы на карку мачаху з усім дваром, коньмі, дзядзькамі і цёткамі, якія страцілі ўсе свае сродкі і мелі толькі спустошаныя маёнткі, абцяжараны бацькавымі пазыкамі, пра якія ён раней мне ніколі не казаў і нават не згадваў у тастаменце, бо, пэўна, разлічваў сам іх выплаціць – не да ласкавасці было мне ў той час. Аднак, Бог тое ведае, я зрабіў усё як сумленны шляхціц. Сплаціў усе пазыкі, нават тыя, на якія меліся толькі распіскі майго бацькі, не гледзячы на тое, што гэта «не па форме» ці на тое, што яны «не запісаны ў акты». Выглядаў як турэцкі святы, бо выдаткоўваў свае, а не спадчынныя грошы. Адразу падтрымаў тых людзей, якія былі таго вартыя. Лотрам, трутням і фальшывым сваякам, якія яшчэ на гасцінцы лезлі ў маю кішэню, бо лічылі мяне дурням, адмовіў адразу. Тады яны пайшлі шукаць дапамогу ў майго прыяцеля Новамейскага.
І той пачаў ім спагадаць!78 Абвінавачваць мяне перад імі! Каму я даў пяць дукатаў, той жаліўся, чаму не пяцьдзесят! Той, каму я праз свой уплыў знайшоў добрае месца на дзяржаўнай службе, шкадаваў, чаму я за свае грошы не выплаціў яму яшчэ і гадавое жалаванне! Нічога мне не кажучы, Новамейскі пачаў паўсюдна распавядаць пра мой эгаізм і мае заганы. Казаў маім сябрам, што я павінен быў пачаць сваё жыццё ў Літве толькі, калі аддам даўгі ўсіх сваіх сваякоў, якія па тракцірах, більярдах, дзяўчатах і падобных забаўках шчасліва і весела страцілі ўсё, што мелі. […] У рэшце Вільня так мне абрыдла, што я больш ніколі ў ёй не паказваўся. […]
Цяжкая хвароба, паралюш ног, звалілі гэтага чалавека. У такім стане ён жыве дагэтуль. […]
Заканчваю аб Новамейскім. Бачыце, які гэта быў мой стары і горача любімы сябар!
Дадаткі
11. Самым нягодным мясцовым генерал-губернатарам ад падзелу краю быў князь Даўгарукаў, пра якога я згадваў. Чалавек несумленны, фанабэрысты, напышлівы, ганарлівы марнатраўца, абжора, распуснік, кепскі муж і сын, кепскі бацька.
Сярод паважаных і сумленных людзей яго лічылі абсалютным злодзеем. Нягоднік, на жаль, самавольна і, як яму хацелася і падабалася, кіраваў тутэйшым народам гадоў дзесяць з лішкам.
Гэты злы чалавек прадстаўляў манарху наш край незадаволеным, кіпячым і ў кожны момант гатовым да паўстання, гатовым на ўсё, каб вярнуць сябе свабоду, у той час як мясцовым людзям гэта нават не прыходзіла ў галаву. Рабіў нам вялікі гонар, бо маляваў такімі небяспечнымі. Гэтак ён даваў зразумець, што толькі яго талент, здольнасці і пільнасць утрымліваюць Літву ад новага выбуху і рабіў сябе патрэбным Пецярбургу. Яму верылі, і таму ён рабіў, што хацеў.
Яго справы належаць гісторыі. А я толькі перакажу анекдот і, каб мяне зразумелі, мне неабходна даць некаторыя тлумачэнні. Не думайце, што нейкія мае асабістыя непрыемныя дачыненні з ім прымушаюць мяне гэта пісаць. Ён ніколі не зрабіў мне нічога ані добрага, ані кепскага. Але сумленны чалавек мусіць казаць праўду.
Князь Далгарукаў быў настолькі тлусты, што літаральна нагадваў надзьмуты пухір. Пад канец жыцця для яго давялося рабіць адмысловую прыступку ў карэце бо ён даўно ўжо ў звычайную карэту не мог сесці. А калі падчас прыезду Аляксандра І яго пасадзілі на каня, дык ён падобны быў на воз сена.
І ўсё ж жанчыны, зразумела, што нашы жанчыны, западалі на яго! І на шчасце гэтага краю, невылечная слабасць жанчын да гэтага казла і яго слабасць да іх, сталі прычынай таго, што яго нарэшце прыбралі адсюль – з-за палітычнага страху, каб больш, чым трэба, не паддаўся нашэптванням нашых жанчын!
Ах, нашы жанчыны! Бачыце, бачыце, што значыць займаць важную пасаду. Такая лялька, такі Адоніс, такі малы, такі лавелас з таліяй ў некалькі сажняў, такі сапячы мех, такі потны ўзімку і ўлетку прыгажун, такі тлушч, такі буцэфал, такі кацялок з брыдкім тварам і смярдзючым целам – ніводная жанчына не павінна была б звярнуць на яго ўвагу, але адвярнуцца з жалем ці агідай. Аднак ён насамрэч купаўся ў моры любоўных уцех. Падмануў і развёў з мужамі дзвюх самых прыгожых жанчын Вільні – пані Калкоўскую (з дому Падбярэзскіх) і пані Забелу (жонку Ігнацыя, з дому Ваўжэцкіх)79, з апошняй, пасля працяглага скандалу і некалькіх заручын, ён нарэшце ажаніўся. Але найлепей, што Калкоўскую, кінутую з-за Забелы, Калкоўскую, якая пасля гэтага танула ў роспачы, ён зноў, слухайце зноў, у другі раз, выдаў замуж за таго ж Калкоўскага! Яго ён абяцаў узнагародзіць пасадай, і трэба сказаць, што сваё слова гэтаму падвойнаму мужу, гэтай асобе ў апошняй ступені дэградацыі, стрымаў. Паехаў ён з падвойнай каханай жонкай на пасаду нейкага дарадцы ў Смаленск!
Не ведаю як каму, але калі я кажу пра гэтых бессаромных шэльмаў, мне кроў б'е ў галаву.
Пэўна, спытаеце: «А што нашы мужчыны?»
Яны задаволеныя, шчаслівыя, і я ім нават зайздрошчу! Вось, напрыклад, так ганебна пакрыўджаны муж, мой калега па школе, Ігнацы Забела80, былы павятовы і былы губернскі маршалак шляхты і таму ўзор высакароднай шляхетнасці. За сваю сужэнскую крыўду атрымаў чын радцы стану ад Даўгарукава. […]
Апроч вялізнага заробку, вялікага «сталовага» даходу, дзяржаўнага палаца, бязвыплатна перададзенага Даўгарукаму, ён з каго мог збіраў грошы пад відам пазыкі. Але Даўгарукаў не ўмеў і не збіраўся лічыць грошы, якія так лёгка ішлі яму ў рукі, і ўвесь час іх марнатравіў. Заўсёды меў патрэбу ў грашах і заўсёды быў голым. Але заправадзіў раскошу ў нашым бедным краі. Балі ішлі за балямі. Даваў ён, давалі яму. Жанчыны адна перад адной выдумлялі строі і знішчалі такім чынам багацце сваіх мужоў і дзяцей.
Даўгарукаў як мог падтрымліваў гэта і такім чынам заахвочваў знішчэнне капіталаў шляхты, чым давёў да галечы вёску, але, што яшчэ горш, здэмаралізаваў Літву! Хай пан Бог даруе яму, але я сумняваюся ў гэтым. А ён ўжо паўстаў перад судом Божым.
Не было ў нас багатага яўрэя, багатага чыноўніка ці, тым больш, багатага абшарніка, якому ён не запусціў бы пазуры ў кішэню і не выхапіў бы адтуль грошы. Я чуў, што Тышкевіч падараваў яму 6 000 дукатаў і ведаў, што ніколі іх не верне. Праз пазыкі і рознага роду пагрозы забраў у віленскага кагала 30 000 рублёў.
Маючы пасады ў месцах, дзе ўсё дазволена, ён і ў Харкаве, дзе потым таксама стаў генерал-губернатарам, забраў 90 000 срэбных рублёў у магістратуры агульнай апекі, настрашыўшы сваёй помстай і ссылкай у Сібір. Яму далі скарбовыя грошы, а ён памёр. І гэтыя няшчасныя людзі былі пакараныя па законе і загубленыя разам з жонкамі і дзецьмі.
Калі гэты забойца столькіх няшчасных сем'яў, праз асаблівую міласць Бога, быў канчаткова скінуты з «каралеўскай» пасады ў Вільні і пераведзены на падобную па назве, але не такую выгадную пасаду ў Харкаў, і на яго месца прызначаны чалавек разумны, сціплы і пачцівы – генерал Мірковіч, на Даўгарукага накінуліся крэдыторы, бо не мелі ўжо страху, каб з ім цырымоніцца. Тады ён ажаніўся са сваёй каханкай Забелавай з Ваўжэцкіх і атрымаў за яе некалькі дзясяткаў тысяч срэбных рублёў ад яе старога і сквапнага бацькі. Гэтымі грашыма закрыў самыя важныя дзюры, чым замыліў вочы іншым і змог больш-менш спакойна ўцячы з Вільні. Аднак і потым заўсёды меў вялікія даўгі. Пасля ягонага ад'езду, назаўтра, віленскі віца-губернатар сустрэўся на вуліцы з саркастычным і трапным жмудзінам, баронам Краўзэ:
– Что новенького, – спытаў віца-губернатар, – Князь Долгорукий уже выехал?
– Не совсем, однако ж, – адказаў Краўзэ. – Руки, правда уехали, но долги всё-таки здесь остались.
12. Пасля пятнаццаці гадоў блуканняў па свеце, у 1838 г., я вяртаўся у сваю загроду. Прывяла мяне туды сумная і балючая смерць майго бацькі, самага сумленнага і пачэснага чалавека ў свеце, які, каб не быў сапраўдным старапольскім ліцвінам, дык, напэўна, нарадзіўся б сапраўдным спартанцам. Чалавек, які, што з'яўляецца рэдкасцю ў наш час, здолеў выціснуць увесь мёд XVIII стагоддзя у свае шляхетныя вусны і пры гэтым нават не дакрануўся да яго смяротнай атруты. Чалавек, які ўзняўся над брудным узроўнем ванітаў, якія ўсе жыццё атачалі яго з усіх бакоў. […]
Раздзел 5. Род Нагурскіх. Ян Нагускі, яго стасункі з бацькам аўтара, намер ажаніцца, самагубства, смерць. Тышкевічы. Анекдот пра скарб графа Тышкевіча. Старадаўнія шляхецкія абеды з супоў. Каэтан Нагурскі. Гісторыя са спадкамі ад Нагурскага і Сільвястровіча. Нагурскі і Высагерд у Венецыі і раман з Марыяй Неры. Раман бацькі аўтара з Неры. Шлюб Нагурскага з Неры ў Вільні. Раман Нагурскай з Людвікам Пацам. Хвароба і смерць Нагурскага. Добрыя справы, зробленыя бацькам аўтара для Нагурскай, і канец іх адносін. Раман Нагурскай з Агінскім і Бенігсенам. Шлюб з Агінскім. Характарыстыка сенатаравай Агінскай. Уратаванне ёй маёнтка мужа. Тост жонкі Бенігсена за Левіса
Я ўжо вышэй згадваў і абяцаў расказаць яшчэ пра тое, што памяталі ў маёй сям'і пра сенатараву княгіню Агінскую, тут я згадаю яе, як вельмі рэдкі і павучальны тып, здольны шмат чаму навучыць нас у штодзённым жыцці. Яе справамі займаўся Новамейскі. Каб мяне лепш зразумелі, трэба вярнуцца крыху назад.
Яшчэ ў часы Станіслава Аўгуста на Літве яскрава ззяў згаслы сёння род Нагурскіх81. Ззяў ён з-за фамільных сувязяў і значнага багацця. У той час вядомымі асобамі ў той сям'і быў стары скнара – бацька Нагурскі, багаты чалавек, сквапны і хцівы, і два яго сыны – Каэтан і Ян, якія з-за шматлікіх спадкаў, якія яны атрымалі, былі багатымі як і іх бацька. Чэрствы стары зайздросціў ім, псаваў жыццё і амаль што адкрыта жадаў смерці сыноў, каб стаць іхнім пераемнікам. Гэтак было ў хатніх справах, а ў грамадскім жыцці ўсе трое былі добрымі грамадзянамі, якія ўсімі магчымымі спосабамі імкнуліся падтрымаць жыццё сваёй бацькаўшчыны, якая ў той час ужо памірала. З сыноў, Каэтан – сквапны і занудны буркун, меў слабае здароўе і твар падобны да сушанай апельсінавай лупіны, яго не надта любілі. Яна любілі ўсе, бо ён быў прыстойны, здаровы, малады, чалавечны, адкрыты, шляхетны, меў цудоўнае сэрца і розум. Мой бацька сябраваў з ім як Арэст з Піладам82. Іх сяброўства яшчэ больш умацавала дапамога майго бацькі на соймах, дзе ён, маючы добрае пяро, пісаў выступы Яну, які не меў падобнага таленту. Пра іх сяброўства ведала ўся Літва. Старому Нагурскаму і ягонаму сыну Каэтану вельмі не спадабалася, калі яны даведаліся, што Ян Нагурскі на імяніны падараваў майму бацьку 100 хат у Вількамірскім ці ў нейкім іншым жмудскім павеце. Гэтае шчодрае віншаванне было зроблена так далікатна, што бацька не мог адмовіцца ад падарунка і прыняў яго. Але горды і чулы юнак ў душы пачаў баяцца, што падарунак дасць Яну права на нейкае вяршэнства ў іх адносінах. Гэтая думка замацавалася ў яго галаве. Таму ён не спяшаўся ўваходзіць у правы валодання гэтым маёнткам. Між тым, аднойчы, нібы наўмысна і як на ліха, тата горача паспрачаўся са сваім сябрам і ўявіў сабе, што той хоча ўразіць яго сваім падарункам. Таму не ўнёс дакумент у акты і на вачах сябра парваў паперу на кавалкі. Нагурскі, як я ўжо казаў, быў далікатным чалавекам. Яму было крыўдна, але ён зразумеў прычыну, і іх ранейшае сяброўства захавалася, бадай што, з падвоенай пашанай. Але копію дакумента не аднавіў. І на гэтым скончылася знакамітая гісторыя з сотняй хат, пра якую згадвалі ўвесь час, колькі я сябе памятаю.
Неўзабаве Ян Нагурскі закахаўся ў Карпёўну і зрабіў ёй прапанову83. З радасцю атрымаў абяцанне яе рукі. Але з-за перашкод, якія рабіліся з абодвух бакоў, падрыхтоўка да вяселля некалькі разоў адкладвалася. І калі, нарэшце, ён паехаў да Карпа на вяселле, то па дарозе адкрыў у сябе сорамную хваробу, якую падчапіў ці ў Вільні ці ў Варшаве, і якой пры яго памяркоўным жыцці і мерах засцярогі ніяк не мог чакаць. Поўны далікатнасці, пакрыўджаны і закаханы, ён ведаў, што лячэнне зацягнецца на некалькі тыдняў, і таму чарговы раз трэба будзе адкласці вяселле, бо немагчыма было ажаніцца і потым на нейкі час адмовіцца ад сужэнскіх абавязкаў. Бядак набраў думак у галаву, не было каму яго суцешыць і не было з кім параіцца – звар'яцеў, страціў розум і стрэліў сабе ў рот з пісталета! Аднак нейкім цудам куля толькі слізганула па твары, і лекары разам з маім бацькам, які быў недалёка, адразу прыбеглі да яго. Здавалася, швы хірургаў і сяброўства майго бацькі супакоілі яго і цела, і думкі. Дактары абяцалі жыццё, а накіраваная маім бацькам эстафета прывезла ад яго нарачонай словы ўцехі, ліст гэты і сёння захоўваецца ў мяне.






