- -
- 100%
- +
Нагурскі выглядаў вясёлым і радасным, бо застаўся жывым, але патаемна падрыхтаваў і падпісаў вельмі кароткі тастамент. Здавалася, ён верыў ва ўсё, што ўкладвала ў яго сэрца і розум прыяцельскія стасункі, радасць ад свайго вяртання да жыцця маляваў рознымі словамі ўдзячнасці і здавалася так натуральна з усімі пагаджаўся, што ўсіх ўвёў у зман. І на сёмы дзень пасля замаху на сваё жыццё ўжо здавалася, што небяспека прайшла, і мой знясілены дзяжурствам бацька на некалькі гадзін пакінуў свайго хворага сябра, каб адпачыць. Нагурскі толькі таго і чакаў і толькі ўдаваў, што спіць і такім чынам супакоіў сваю ахову. Напісаў алоўкам некалькі слоў майму бацьку: «Хто аднойчы зрабіў на сябе замах, з-за гонару не можа больш жыць». Сваімі рукамі сарваў з сябе швы і пластыры, раздзёр раны і праз некалькі гадзін увесь у крыві памёр. Гэта быў адзін з самых высакародных, самых прыстойных, самых перспектыўных людзей нашай бацькаўшчыны, якая ўжо памірала. Мой бацька і праз 50 гадоў, да сваіх апошніх дзён, не мог казаць пра яго без слёз і штодзень з нейкай нагоды згадваў яго. Захоўваў розныя дробязі свайго сябра і пры канцы жыцця перадаў іх мне.
Яна Карпёўна, атрымаўшы такі ўдар у самае сэрца, на пэўны час аддалася слязам і роспачы, хацела замкнуцца ў кляштары, але падпарадкавалася загаду свайго строгага бацькі і з параненай душой аддала сваю руку Тышкевічу, старасце вялятыцкаму.
Род Тышкевічаў, які здаўна вылучаўся фамільнымі і грамадзянскімі цнотамі, за паўстагоддзя значна павялічыў сваё багацце, і стараста вялятыцкі Міхал стаў самым багатым панам у Літве. Пакінуў трох сыноў і дачку, якая пабралася з Леонам Сапегам, і ўсе яны ёсць першымі багачамі нашага краю. Ніводзін з Тышкевічаў сябе нічым не запляміў. Ніколі не зрабіў крыўды свайму бліжняму. А калі, маючы грошы, чакаў, каб танна купіць дарагі маёнтак, дык хто ж хоча купіць дорага? Гэта слаўная лінія Тышкевічаў заўсёды, нават і сёння, мае шчасце на спадчыну, што нікому не шкодзіць і, магчыма, ёсць найменшым з грахоў, але дае зайздроснікам тэмы для размоў.
Няхай наступная гісторыя ў гомеапатычных дозах раскажа вам пра тое, як здабываліся вялікія багацці, і чаму гэта немагчыма ў нашы часы.
Неяк мой бацька ў самую адлігу паехаў да Яна Нагурскага на лёгкай брычцы. Недзе ў Жмудзі на жудаснай дарозе зламалася вось. З падстаўленай жэрдкай дацягнуўся да першай карчмы.
– Каваля!
– Няма, пане, каваля, і на тры мілі навокал няма яго, – адказвае карчмар.
– А няхай у цябе снег згарыць! Што рабіць? Немагчыма ехаць яшчэ 3 мілі!
Літасцівы карчмар, чухаючы патыліцу, адказаў:
– Есць каваль у двары, але ён не мае права займацца іншай працай, апроч як у маёнтку. Можа б пан зараз пайшоў у двор, бо якраз тут ужо некалькі тыдняў бавіцца сам дзедзіч, дык вам, напэўна, не адмовілі б у дапамозе.
– Чый гэта маёнтак?
– Графа Тышкевіча (бацькі ці дзеда, старастаў вялятыцкіх).
Што рабіць? Бацька пайшоў па гразі. Прайшоў праз браму, і ні сабака не забрахаў, і нікога не сустрэў. Ніводнай жывой душы! Тады падышоў да вялікага панскага драўлянага дома. Агромністыя сені, і зноў нікога няма! Пайшоў налева, да дубовых дзвярэй і адчыніў іх.
У вялікім пакоі, абстаўленым драўлянымі зэдлікамі і чыстымі дубовымі сталамі, на лаве, прыстаўленай да аднаго са сталоў, сядзеў сівы, як галубок, прыгожа прычэсаны і паголены маленькі дзядок у кашулі, суконных портках на раменьчыку са спражкай і ў чаравіках з казлінай скуры, ён плёў сеткі. Убачыўшы госця, дзядок падняўся і ціхім голасам спытаў, хто ён і чаго хоча? Бацька адказаў, што ён хацеў бы мець прыемнасць бачыць графа. Дзядок яшчэ больш ціхім голасам паказаў на дзверы: «Граф там, і калі б вы былі так ласкавы сесці тут і пачакаць, я б схадзіў, пабудзіў яго і паведаміў пра вашае прыбыццё».
Праз 10 хвілін выйшаў сам граф. Як здзівіўся мой бацька, калі пазнаў у ім таго ж самага старога, толькі апранутага ў жупан, кунтуш і боты! Стары з цікавасцю выслухаў госця, загадаў неадкладна прыцягнуць у сядзібу брычку і пажадаў адрамантаваць яе ўласным коштам. А паколькі было ўжо позна, пакінуў бацьку на ноч.
Да самай цемры бавіліся размовамі. Стары быў зачараваны сваім госцем і задаволены ім, як самім сабой. Нарэшце падалі вячэру. На першае – бурачкі з вяндлінай, на другое – крупнік з вэнджанай паўгуськай, на трэцяе – аўсяная каша з селядцом. Стары з зайздросным апетытам з'еў усё і падбадзёрваў госця. Потым яны сардэчна развіталіся, і бацька, як толькі развіднела, працягнуў свой шлях. Тры супы, тры супы адзін за другім! Гэта жах! І якія супы! Адкідваю скупасць, бо відавочна гэта была старалітоўская мода! Бо нават і я яшчэ памятаю такі самы банкет.
З-за брыдкіх і агідных корчмаў нашы бацькі па ўсім краі і па ўсіх дарогах мелі знаёмых альбо сяброў, да якіх заўсёды заязджалі на начлег ці адпачыць. Мой бацька рабіў так усё жыццё, пакуль не перажыў усіх сваіх сяброў. Аднаго разу, калі для лячэння жонкі ён гасцяваў у Гуфеланда84 ў Берліне, палкоўнік войскаў ВКЛ Бернард Пянчкоўскі, наш прыяцель і сусед, які, як і ўсе, трымаўся такой жа сістэмы, збіраўся на імяніны нашых агульных сяброў ў Сянно, што на Наваградчыне, і ўзяў з сабой мяне, 13-ці гадовага на той час хлопца. І ён гэтак жа сама ехаў ад хаты да хаты. Мы ехалі 30 міль бадай што 10 дзён! Падчас гэтага падарожжа ён неяк заехаў адпачыць да вельмі паважаных і ўжо бялюткіх, як снег, мужа і жонкі. Імя іх не памятаю. Сумленныя і заможныя гаспадары ад душы радаваліся, гэта было бачна па іх анёльскіх тварах. Крахталі, ахвотна завіхаліся, каб нас задаволіць і падалі нам акурат 4 супы! Халаднік, курыны булён, боршч з вяндлінай і крупнічак з бычыным хвастом, як раней казалі «з каралеўскім носам», бо ў Станіслава Аўгуста быў крывы, арліны нос! Сумленныя старыя! Сёння нам смешнае гэтае меню. Але раней людзі былі ім задаволеныя, сытыя і, напэўна, больш шчаслівыя, чым мы! Нашы продкі значна больш часу прысвячалі сваёй душы, чым раскошы сваіх кішак. Памятаючы гэта, раскажу яшчэ адну гісторыю пра таго самога старога Тышкевіча, які гэтак добра прыняў майго бацьку.
У маёнтку, дзе ён стала пражываў, быў трохпавярховы мураваны лямус падобны на замак. На трэцім паверсе меліся жалезныя дзверы з некалькімі ўнутранымі і навяснымі замкамі. Увесь паверх быў адной вялікай залай, выкладзенай вытанчанай галандскай цэглай. Тут стары багач трымаў сваю гатоўку – грошы былі ссыпаны ў кучу нібыта зерне. У адным куце ляжалі медзякі, у другім бітыя талеры. Пасярэдзіне, таксама кучай, ляжалі галандскія дукаты. Стары часта патаемна хадзіў сюды і бавіўся, тым, што, як дзеці пясок, сыпаў золата праз пальцы. На гэтым паверсе меліся два круглыя, высокія акны, але яны былі цеснымі і вузкімі – праз іх ніхто не мог бы трапіць усярэдзіну. Аднойчы стары заўважыў, што яго золата як быццам нехта парушыў. Але сам сабе не паверыў. Тады ён пазначыў сваё золата як эканом пазначае збожжа. І зноў нехта парушыў! Ой, кепска! Нікому не сказаў і пачаў пільнаваць. Вядома, што лепшая пара для зладзеяў – поўдзень. У гэты час дваровая прыслуга сядае разам за стол пад гукі барабана ці звона, і хата пусцее. Тады бяда садам і фруктам, бяда агуркам і гарбузам! Злодзеі вылазяць з кожнага кута, бо упэўненыя, што іх ніхто не заўважыць. Стары, вядома, ведаў пра гэта і аднойчы апоўдні прабраўся ў свой лямус. Лямус межаваў з садам. Каля яго стаяла вялікае дрэва. Гаспадар сядзеў тут ужо з чвэрць гадзіны, калі пачуў шоргат у акне, які прыцягнуў яго ўвагу. Бачыць, на крывым і доўгім кіі праз акно нехта прасунуў моцна абмазаны дзёгцем лапаць. Гэты лапаць некалькі разоў дакрануўся да кучы дукатаў. Золата прыліпла да дзёгцю. Знізу кій моцна патрэслі і злёгку прыліплыя манеты пасыпаліся долу. Тады паволі і асцярожна кій і лапаць высунуліся назад. Стары цярпліва сачыў за ўсім гэтым і адразу ўскараскаўся да акна каб ўбачыць, як ягоны селянін, дваровы пастух, злазіць з дрэва па садовай драбіне, абірае з лапця дукаты і зносіць іх у далоні. Так граф даведаўся, хто здраднік, але трэба было яшчэ даведацца, дзе ён хавае грошы. Пастух, прайшоў з дзесятак-другі крокаў, агледзеўся, залез пад куст парэчак і закапаў скрадзенае за дзень. Потым стары знайшоў там каля тысячы скрадзеных такім чынам дукатаў.
Але вернемся да Нагурскіх. Пасля смерці Яна яго бацька з братам сабраліся на пахаванне. Адкрылі тастамент. Нябожчык, каб не пакрыўдзіць свайго бацьку, зрабіў яго разам з баратам Каэтанам спадкаемцам свайго фундушу. Адразу ж пасварыліся паміж сабой. Але, што яшчэ горш, у тастаменце былі прадугледжаны 7000 дукатаў майму бацьку, пра што ён не ведаў. Стары Нагурскі хціва шукаў, як пазбавіцца гэтага запісу. Сын Каэтан, чалавек больш сумленны, але таксама хцівы і сквапны, вынайшаў спосаб. Прапанаваў тату толькі палову. Бацька адпісаў абодвум, што сумуе з-за смерці свайго адзінага ў жыцці сябра, не мае часу думаць пра фінансавыя інтарэсы і з усім пагаджаецца, нават калі не дастане ні гроша. Яму адразу залічылі 4000 дукатаў, але ён вярнуў усе грошы і так закрыў гэты сумны рахунак.
Тут трэба прызнаць, што мой бацька «нарадзіўся ў сарочцы». Вялікія і малыя грошы сыпаліся на яго без аніякіх высілкаў, нават, калі ён сам гэтага не чакаў. Адзін з самых смешных запісаў на яго імя меўся ў тастаменце Сільвястровіча, старога, заможнага і бяздзетнага месціча-юрыста, перакананага патрыёта і чалавека свайго часу – вельмі дасціпнага, грубага але і сур'ёзнага. У сваім тастаменце Сільвястовіч пісаў: «Майму прыяцелю, пану Апалінарыю Мараўскаму, запісваю 200 дукатаў за тое, што ён носіць вельмі прыгожую старалітоўскую вопратку. А пану Станіславу Ажахоўскаму запісваю 100 дукатаў за тое, як ён прыгожа, „на бок“, носіць шапку».
У дзяцінстве мой бацька быў прымушаны маёй 15-ці гадовай маці, выхаванай ў Варшаве, апранацца па-французску, гэта яна паставіла галоўнай умовай шлюбу. Потым бацька змяніў свой строй. Праз год ці трохі пазней Сільвяровіч памёр. Тады зачыталі яго тастамент, змест якога раней ніхто не ведаў, і знайшлі запіс пра майго бацьку. Але ў дадатку да тастамента прачыталі наступныя словы: «Пану Мараўскаму, які ўжо пераапрануўся па-французску, здымаю вышэйзгаданы запіс, бо з любой кропкі гледжання ён лепш выглядаў у кунтушы». Тады ўсе смяяліся з дзівацтва старога, але сёння, магчыма, шмат хто падумае, што ён разумеў усё лепш за іншых.
Хаця мой бацька зусім не любіў Каэтана Нагурскага, даўняе сяброўства з яго братам стала прычынай таго, што яны мелі добрыя стасункі. Каэтан пасля смерці свайго бацькі стаў адным з найбагацейшых паноў Літвы. Але неўзабаве з'явіліся Касцюшка і Ясінскі. Нагурскі далучыўся да паўстання і пасля бітвы пад Мацяёвіцамі уцёк у Венецыю. Там ён сустрэўся з таксама збеглым Высагердам, і разам яны спыніліся ў адной беднай карчме. Карчмар, нейкі Неры, быў адначасова і вясёлым італьянцам-гандальерам. Аднекуль ён даведаўся, што ў яго спыніліся знакамітыя эмігранты, і хваліўся імі, а таксама спяваў і граў небаракам. Яго старэйшай дачка, дзяўчына дзіўнай прыгажосці, прыслугоўвала і таксама спявала ім баркаролы. Абодва эмігранты закахаліся ў яе. Больш спрытны і маладзейшы Высагерд убачыў у сябры суперніка, выкраў маладую Марысю і ўцёк з ёй у Фларэнцыю. Нагурскі неадкладна кінуўся ў пагоню, выкраў яе ў Высагерда і паабяцаў ажаніцца. Па дарозе ён даведаўся, што ўжо можа смела вяртацца дахаты, і паехаў з дзяўчынай у Варшаву. Толькі там, калі трошкі астыў першы запал, убачыў, што ягоная красуня не мае ані адукацыі, ані манер, ледзь чытае і піша і таму не можа быць не толькі жонкай, але нават і наложніцай, бо ў Літве будзе выклікаць толькі жарты і кпіны. Яшчэ не маючы магчымасці назаўсёды з ёй расстацца, ён зняў для яе пансіён, наняў некалькі гувернантак і, добра заплаціўшы за самую строгую адасобленасць і таемнасць знаходжання тут дзяўчыны, паехаў у Вільню парадкаваць свае справы. У Вільні ён знайшоў Высагерда і яны добра разам пасмяяліся са сваіх італьянскіх любоўных прыгод.
Пасля зняцця секвестру з маёнткаў і вяртання Каэтана мінула каля 8 месяцаў, калі справы вымусілі майго бацьку паехаць у Варшаву, куды ў той час цяжка было атрымаць пашпарт. Наведвальнікаў у Варшаве было вельмі мала. Нагурскі даведаўся пра гэта падарожжа і напярэдадні ад'езду прыйшоў, каб нібы развітацца з маім бацькам. Але потым, убачыўшы, што больш нікога няма, замкнуў усе дзверы і, паверыўшы слову майго бацькі пра захаванне таямніцы, прызнаўся яму пра венецыянку Неры, прасіў перадаць ліст яе апякунцы, бываць у яе і выэкзаменаваць ступень прагрэсу, які гэта яшчэ зусім нязграбная і неахайная дзяўчына зрабіла ў навуках і мове, а таксама перадаць ёй на выдаткі 600 дукатаў. Апроч таго, ён прасіў не пісаць яму ніякіх лістоў, якія могуць канфіскаваць, а ўсё расказаць асабіста пасля вяртання. Бацька абяцаў. Паехаў. Пазнаёміўся з паннай. Чакаў убачыць якую-небудзь субрэтку. Якое ж было яго здзіўленне, калі ён убачыў даму дзіўнай прыгажосці і бліскучымі здольнасцямі. Яна ўжо магла стаць дасканалым гонарам салонаў, ужо добра размаўляла па-французску і па-італьянску без венецыянскага акцэнту, хутка пісала без вялікіх арфаграфічных памылак – словам, была ўжо выдатна выхаванай паннай, ад якой ані ў якім разе не тхнула карчмой! Толькі ў музыцы яна не змагла прасунуцца наперад, што вельмі не спадабалася майму бацьку, які сам захапляўся музыкай, спяваў з вялікім густам і граў на двух інструментах – на гітары і на вільдаморы (viola d’amour), якую сёння ўжо ніхто не памятае. Хаця сёння і адмаўляюцца ад усялякай меладычнасці ў музыцы, але ўсё ж дзіўна, што гэты меладычны і гучны інструмент аказаўся цалкам забыты, і бачыў я яго толькі ў майго бацькі. Неяк ён, калі даўно ўжо закінуў свае таленты, якім у маладосці быў абавязаны шматлікім перамогам, загадаў прынесці вільдамору са скарбца, каб я убачыў, як на ёй граць. Мне, праўда, тады было ўсяго 14 гадоў, але калі ён узяў некалькі акордаў, а потым зайграў нейкую душэўную песеньку, я расплакаўся як дзіця. Няхай я, але наш стары сусед, які тады гасцяваў у нас, рупліва мяне падтрымаў.
Калі новы апякун пазнаёміўся з выхаванкай, калі яны пачалі размаўляць пра музыку, граць і спяваць разам, закахаліся яны як насельнікі неба, і ў гэтым каханні, цалкам задаволеныя, пражылі амаль што паўгода. Трэба прызнаць, што гэтак мой бацька назаўсёды страціў давер Нагурскага, чаму потым ён прыпісваў фатальныя і згубныя для яго фартуны наступствы ў стасунках з гэтай асаблівай жанчынай. Так ён гэта разумеў, хоць і быў добра прасякнуты тагачаснай французскай галантнасцю, якая ставілася да падобных рэчаў, як да жартаўлівых прыгод. Увесь свет ведаў, што яны з Каэтанам ніколі не падабаліся адзін аднаму, і таму выбіць з-пад яго зэдлік было не такім ужо і цяжкім, смяротным грахом.
Хочаш – не хочаш, трэба было вяртацца з Варшавы і пакінуць гэты магаметанскі рай! Але яны яшчэ не паспелі насыціцца адна адным! Мой бацька быў цалкам адданы панне Неры і ахвотна напісаў Нагурскаму пра поспехі, якія яна дасягнула за такі кароткі час, раіў яму як мага хутчэй прывезці яе ў Літву. Нагурскі, чыё здароўе значна пагоршылася за апошнія некалькі месяцаў (ён пакутаваў ад хранічнай чорнай жаўтухі), вырашыў што здароўе і настрой вернуцца да яго, як толькі прыедзе каханая. Прывёз яе, і новы Пігмаліён, ап'янелы ад цела, манер і добрага тону сваёй Галатэі, адразу пачаў паўсюдна публічна прадстаўляць яе як сваю жонку, з якой ён таемна ажаніўся ў Італіі, чым прымусіў жудасна пакутаваць астатніх сямейнікаў, якія чакалі яго смерці! Яны пачалі сачыць за італьянкай і распаўсюджваць весткі, што яна яму не жонка. Віленскія дамы абурыліся такай зухаватасцю і бессаромнасцю: «Як ён насмеліўся прывесці сваю наложніцу ў паважаныя дамы!».
Неры ведала пра гэта і, відочна, далей ёй самой проста не ставала такту. Ужо вышэй меры насыціўшы хворага псеўда-мужа, працягвала яна старую інтрыгу з маім бацькам, пры гэтым удавала лютую прывязанасць да Нагурскага, пастаянна яе дэманстравала, пастаянна сядзела ў яго на каленях, прыціскалася да яго, цалавала і такім чынам цалкам вычарпала і знудзіла хворага, які адчуваў сваё знясіленне. І калі, з аднаго боку, пайшла чутка, што яна не жонка, а з другога, яна адчула непрыхільнасць Нагурскага да сябе, Нагурскага, які яшчэ не даў ёй аніякіх гарантый. Пасля некалькіх гадзін кахання з маім бацькам, яна ўпала да яго ног і маліла каб ён выратаваў яе з гэтай багны і схіліў Нагурскага да шлюбу з ёй. Але Нагурскі, хоць і не меў ніякіх падазрэнняў, не дазволіў нават пачаць размову пра шлюб і толькі пагадзіўся пакрыць выдаткі на вяртанне панны Неры ў Венецыю.
Тады мой бацька прыйшоў да добрага каплана, кс.-біскупа Пільхоўскага і сілай красамоўства растлумачыў гэтаму лагоднаму, як ягнё, залатавусту, усімі шанаванаму, пабожнаму чалавеку, які нічога не падазраваў, гэтую гісторыю. І тады, калі пакуты Нагурскага ад хваробы сталі большымі, чым звычайна, біскуп наведаў яго і выкрыў грэх супраць Бога і людзей, той пакаяўся і пагадзіўся на шлюб. Так праз ласку майго бацькі, дачка карчмара Неры стала пані Нагурскай.
Між іншым, каханне мінулага стагоддзя звычайна мела даволі вузкія межы, бо грунтавалася толькі на сексуальных пачуццях. Таму яно не магло быць працяглым, але праз гэта забяспечвалася вялікая гнуткасць і ўзаемаразуменне. Мой бацька і пані Нагурская ўсё ж надакучылі адна аднаму, адкрыта ў гэтым прызналіся і гэтак захавалі ўзаемнае сяброўства і свабоду без рэўнасці ў адносінах з іншымі. Бацьку гэта задавальняла, бо ён на той час меў ажно тры інтрыгі, калі не лічыць сувязі з Нагурскай. Адна платанічная, бо датычыла жанчыны рэдкай цноты, але дзве іншыя моцна высмоктвалі яго сілы і грошы. Загнаны, як паштовы конь, ён быў рады пазбавіцца ад цяжару стасункаў з Нагурскай.
На яго шчасце, прыехаў малады на той час Людвік Пац, які потым стаў генералам, а ў 1831 г. эмігрантам, беспрытульным выгнанцам і закончыў ён сваё жыццё ад гарачкі ў Смірне85. Гэта быў прыстойны, багаты малады чалавек у самым прывабным веку. Жанчыны цікавіліся ім, і ён не бараніўся ад іх, але на гэтым не спыняўся і шукаў прыгод у менш далікатных і больш брудных крыніцах. Нагурская пакахала яго па-свойму, па-італьянску. Пац пажадаў належным чынам адказаць ёй, нягледзячы нават на тое, што пакутаваў ад нясціплай хваробы. Ён уступіў з ёй у цесную сувязь і перадаў сваю хваробу, а сам, узняўшы хвост, уцёк з вільнянкай. Хворы Нагурскі, на бяду, цяпер часцей, чым звычайна, прагнуў кахання са сваёй жонкай. Выпадала альбо неяк засцерагчыся ад настойлівага мужа, альбо адкрыць свой сорам і ганьбу! Новы зварот да майго бацькі. З усёй пакорай прызналася, і ён сакрэтна знайшоў для яе трох дактароў, узяў на сябе ўсе клопаты па стрыманні яе мужа і гэтак зрабіў для гэтай жанчыны новую важную паслугу.
Віленскія лекары не бачылі паратунку ў сваёй навуцы і параілі Нагурскаму для лекавання чорнай жаўтухі змяніць клімат і выехаць за мяжу, у Вену, дзе на той час працавалі знакамітыя дактары Франкі, бацька і сын, і было шмат іншых добрых лекараў.
Выехалі. Але весткі з дарогі пакідалі мала надзеі. Больш за тое, калі Нагурскі прыехаў у Вену, яго з усіх бакоў засыпалі ананімнымі лістамі з папярэджаннямі, што жонка збіраецца яго атруціць. Нарабілі яму клопатаў, але сваю жонку ён ужо і без гэтага не мог зносіць. Абрыдла яму дачка кухара, і ён прыбраў яе далей ад сваіх вачэй і прыклаў усе намаганні, каб выратаваць свае жыццё. Падазрэнні былі фальшывымі. Але не таму, што пані не была гатовая зрабіць такі крок, а таму, што не мела ад мужа ніякага запісу на маёмасць і яе лёс цалкам залежаў ад яго жыцця. А смерць тым часам набліжалася! І ў гэтай крытычнай сітуацыі яна зноў звярнулася да майго бацькі і напісала да яго жаласны ліст, які ён доўга захоўваў у сваёй калекцыі і паказаў яго мне, а потым аднойчы, у хвіліну гневу і абурэння на гэтую жанчыну, кінуў у агонь разам з многімі іншымі яе памятнымі рэчамі. У тым лісце яна заклінала яго боскімі ранамі і ўсім для яго святым, каб кінуў ўсё і паспяшаўся ў Вену ратаваць яе. Быў тады заняты сваімі важнымі справамі, але прыслухаўся да гэтага роспачнага голасу і хутка паехаў у Вену, прарваўся да хворага Нагурскага, які зачыніўся ад ўсяго белага свету, і сваім красамоўствам пераканаў яго завяшчаць 400 000 злотых сваёй жонцы. Больш вырваць з вантробаў Нагурскага для яе не змог, бо свае мільёны той запісаў на аддаленую і невядомую сям'ю.
Гэта было трэцяе і галоўнае дабрадзейства, якое мой бацька зрабіў гэтай жанчыне за час іх мімалётнага цялеснага кахання. Здаецца, яна павінна была быць яму ўдзячнай. Але ў італьянцаў ёсць прыказка: «Як толькі небяспека мінае, падмані і святога».
Неўзабаве, пасля вяртання майго бацькі ў Літву, Каэтан Нагурскі памёр за мяжой. Яго жонка, што магла, узяла ад яго, па-свойму закахалася ў нейкага кавалера Анджаліні і паехала за ім у Дрэздэн, дзе гэты Анджаліні быў пасланнікам. Пры гэтым даслала майму бацьку, не спытаўшы яго, ці згодны і мае вольны час, паўнамоцтвы на ўрэгуляванне яе інтарэсаў у Літве, якім нешта пагражала. І ён зрабіў гэта для яе. Але ён не мог управіцца з уладкаваннем закладу маёнтка Куртавяны ці Куртаўцы86 (дакладна ўжо не памятаю) і таму паслаў туды свайго брата Мікалая, маладога, прыгожага і вельмі сумленнага хлопца з належнымі інструкцыямі. Брат нечакана знайшоў там італьянку, родную сястру Нагурскай, цішком прывезеную з Венецыі, каб атрымаць тут адукацыю і, калі падвучыцца, выйсці замуж.
І яна добра падвучылася! Не мела дзіўнай прыгажосці сваёй сястры, але была добрай і чулай. З-за пастаяннага кантакту на вёсцы мой брат закахаўся ў яе. У выніку гэтага рамана брат нечакана стаў сваяком пані Нагурскай. Нягледзячы на ўсе намаганні, жанчына даведалася пра гэта ад паслужлівых людзей і, як няцяжка здагадацца, была не рада, бо яе асабістае каханне было безвыніковым. А панна, калі ўсё загаілася, пакінула наш край і вярнулася ў Італію, дзе з дапамогай старэйшай сястры выйшла замуж за нейкага італьянскага графа ці князя, які пра яе нічога не ведаў і да гэтага часу з ёй шчасліва жыве87.
Знуджаная Анджаліні, страціўшы грошы, узятыя гатоўкай пасля смерці мужа, Нагурская нарэшце мусіла вярнуцца ў сваю міласэрную Літву, прыгожую і заўсёды чароўную. Покуль яна завяла новыя раманы, мой бацька – яе стары прыяцель, без усялякай ахвоты заняў каля яе месца і зноў пачаў ўдзельнічаць у інтэрмедыях. У любоўных гульнях, абвостраных доўгай адсутнасцю, з Нагурскай здарыўся вельмі прыемны для мужчыны выпадак, які мог сведчыць, што з-за моцных пачуццяў яна цалкам забылася. Лавелас ганарыўся сваім трыумфам, не змог утрымаць гэту гісторыю ў сакрэце і патаемна расказаў яе адной са сваіх каханак. Рэўнасць расчыніла вусны. У той жа вечар пра гэта даведалася ледзь не ўся Вільня. Праз некалькі дзён дайшло і да Нагурскай, якая, каб палепшыць грамадскую думку, удавала з сябе засмучаную ўдаву, таму агульнае стаўленне да яе значна і як быццам несправядліва, пахіснулася. А ў той час яна ўжо палявала на Бенігсена, які толькі што прыехаў сюды генерал-губернатарам. Усё, што магло выклікаць гнеў і лютую раз'юшанасць львіцы, адразу выбухнула на майго бацьку. Каралева шведская Крысціна адсекла галаву Манальдэскі. Наша італьянка не магла зрабіць гэтага, але ёй моцна карцела. Сяброўства з бацькам, яго паслугі, дабрадзейства і апека сталіся як быццам пісаныя на пяску і адразу зніклі, адсюль і назаўсёды засталася толькі помста, італьянская помста! Падставай для гэтага стала цяжарнасць яе сястры, якая нібыта зрабілася ганьбай для яе дома і крыўдай яе крыві. А таксама, нібыта парушэнні закону, якія Мікалай Мараўскі, быццам бы навязаў яе сям'і ў Куртавянах. Маючы пратэкцыю Бенігсена, яна адразу адазвала ранейшыя юрыдычная паўнамоцтвы, якія прынеслі толькі беды і нягоды, і з таго часу не прапускала нават найменшай магчымасці нашкодзіць майму бацьку. Нарэшце яны зненавідзелі адна аднаго і нават у старасці, як я памятаю, туды, куды з візітам прыехаў Мараўскі, але там была Агінская – яна адразу знікала, і тое ж самае рабіў мой бацька.
Наспеў час распавесці, як Неры стала княгіняй Агінскай. Стары Бенігсен, як я ўжо казаў вышэй, закахаўся ў Нагурскую. Зразумела, што калі яна была ў яго руках, маўчала пра свае любоўныя гісторыі, але адначасова з ім мела шмат розных маладых людзей, якія патаемна ўзнагароджвалі яе сваімі ласкамі і таксама ніколі не ведалі пра іншых. Сярод іх быў і Міхал князь Агінскі, раней літоўскі падскарбій, дыгнітарый, пляменнік гетмана, а потым расейскі сенатар і фаварыт цара Аляксандра. Прыгожы, статны мужчына, марнатраўца, знакаміты музыкант і перш за ўсё знакаміты бабнік. Разведзены з Лясоцкай, з якой меў двух сыноў, ён пусціў на глупствы яе і свае вялікія маёнткі і ўжо пачаў шукаць падтрымку ў службе расейскаму двару, калі смерць гетмана Агінскага зноў дала яму вялізныя маёнткі, з якімі ён таксама ўзяў на сябе і вялізныя даўгі. Каб уладкаваць свае інтарэсы, ён на нейкі час прыехаў у Вільню і смяротна закахаўся ў Нагурскую. Яна таксама хілілася да яго. А каб бавіцца як мага больш сакрэтна, аддала ключы ад патаемнага ўваходу, праз які ён увесь час прабіраўся да яе ў спачывальню. Закаханы Бенігсен, якога яна рыхтавала ў мужы, і стасункі з якім зайшлі ўжо далёка, баяўся скампраметаваць сябе і яе публічнымі візітамі, і па яго настойлівай просьбе таксама атрымаў падобныя ключы, але з канкрэтна вызначанымі гадзінамі, у якія мог да яе прыходзіць. Так доўжылася каля месяца, калі Бенігсен, па-майстэрску распалены какеткай, у муках кахання, вырашыў неадкладна пайсці да Нагурскай і папрасіць яе рукі. Натуральна, маючы такую мэту, ён не звяртаў увагу на дазволеныя гадзіны і, адчыніўшы дзверы, апынуўся ў спачывальні Нагурскай. Глядзіць на ложак, і о, жах! У ім бачыць Агінскага са сваёй каханкай!






