- -
- 100%
- +
Стары назаўжды зачыніў за сабой дзверы, але гэты выпадак прымусіў Агінскага ажаніцца, да таго ж Нагруская ўжо зацяжарыла ад яго. Гэтая цяжарнасць праз некалькі месяцаў пасля шлюбу развязалася дачкой Амаліяй, ці, калі жадаеце, Амеліяй, якая потым выйшла замуж за графа Залускага88. Сваёй дабрынёй, лагоднасцю, вучонасцю, вернасцю і адданасцю мужу, сваімі розумам і цнотай яна адрознівалася ад маці, і таму ніколі не была ёю любімай.
Вось так мы і займелі венецыянскую кухарку аздобленую сенатарскім і княжым тытуламі! Няма іншага месца для гэтай чужаземнай галоты, як толькі наша зямля! Хто насмеліцца падлічыць усе прыгоды, усе слабасці, ўсе здрады гэтай жанчыны? Агінскі не змог утаймаваць паводку, і сам, маючы амаль што на кожнай вуліцы адну, калі не дзве палюбоўніцы, усё дазволіў жонцы і адпусціў яе. А яна стала ўжо сапраўднай пані, ганарлівай арыстакраткай – сапраўднай арыстакраткай ў поўным сэнсе гэтага слова. Ніхто ўжо і ніколі не мог адчуць ад яе пах катла ці патэльні. Яна забылася пра паленту і макароны! Цалкам прыняла гэты імпануючы ёй панскі тон і дух, і нават сама пачала верыць, што нарадзілася ў княжай кароне і для кароны. Бляск дома, самыя перадавыя вынаходніцтвы ў выгодах жыцця, з густам аздобленая мужам рэзідэнцыя ў Залессі, дасканаласць напудраных слуг у ядвабных панчохах і фраках у талію. Мела розум, смеласць, гонар, не кажучы ўжо пра геніяльнасць – ва ўсім яна цалкам пераўзыходзіла сваё атачэнне, але разам з тым мела і злачынны эгаізм, і поўную адсутнасць высакародных пачуццяў. Заглушаныя галасы сэрца і сумлення давалі ёй натуральную перавагу над людзьмі, якія мелі сэрца. Смелыя і бессаромныя паводзіны і какецтва, схаванае ў гжэчнасці. Хітрасць італьянкі, лоўкасць лісы, нарэшце, з'яўленне ў свеце новага пакалення, якое не магло ведаць пра яе мінулае – усё гэта ператварыла яе ў сур'ёзную, паважаную, незвычайную і дзіўную жанчыну, перад якой усе, як перад боствам, у нас і за мяжой схілялі галовы! Не было такога значнага чалавека, не было маладзейшага за яе расейскага генерала, не было нават і прыгожага лёкая, якія не былі б яе каханкамі. Рэшту дапаўнялі акцёры, спевакі і простыя жаўнеры. Я не раблю ёй крыўду, бо яна сама не хавала гэтага ад людзей. Акрамя Залускай, якая нарадзілася ад Агінскага, у кожнай з яе дачок быў іншы бацька. Быў сын ад спевака Пальяні, мужчыны, дарэшты знуджанага спадніцай старой княгіні, які потым ажаніўся з нашай слаўнай спявачкай, паннай Бальбені. У 1841 г. сумеснага сына яго і Агінскай несправядліва абвінавацілі ў нейкім тайным злачынстве і кінулі ў цвердзь у Пецярбургу, а яе, ужо ў сталым ўзросце, па той жа прычыне арыштавалі ў Залессі, у простых санях прывезлі ў Вільню без прыслугі, а толькі з яўрэйскім фактарам замест камердынера, і яна тут не мела права зрабіць ні кроку з дому. Тады праз сваю дачку Кубліцкую разаслала ў Пецярбург лісты з просьбамі. Што ў іх было? Яна напісала кожнаму з высокапастаўленых генералаў, ясна растлумачыла кожнаму з міністраў, што калі ён дапаможа яе сыну, дык адначасова выратуе і сваю кроў! І кожны з іх паверыў у сваё бацькоўства, і кожны з іх звярнуўся да манарха, і як вынік – сын выйшаў з вязніцы.
Вось і ведайце, якія ў нас былі лялькі! Наша шчасце, што яна італьянка!
Да кароткага жыццяпісу гэтай зласлівай, але па сучасным меркаванні, геніяльнай жанчыны, я дадам яшчэ дзве гісторыі, у якіх бачна, якое яна мела сэрца. У 1820 г. Агінскі, маючы за мяжой жонку ў пазыках, і больш нідзе не знайшоўшы крэдыту, па намове, відочна, самога д'ябла, з сваім паўнамоцным прадстаўніком, высакародным і мілым Антоніям Гінетам, прыехаў да майго бацькі і на каленях маліў даць яму 4000 рублёў срэбрам: «Бо ў Фларэнцыі жонка босая ходзіць». У пачцівым сэрцы бацькі адрадзілася даўняя зычлівасць да яе, бо пад суровай знешнасцю ён меў вельмі мяккае і незласлівае сэрца. Бацька даў грошы, але на ўмовах, што Агінскі паведаміць ёй, хто яе выратаваў і гэтым разам. Гінет памёр, жанчына вярнулася і ўбачыла, што яе муж без грошай. Тады заключыла кантракт, прымусіла Агінскага перапісаць на яе ўвесь свой маёнтак і завалодала ўсёй маёмасцю, а потым пасяліла яго ў Італіі на вызначанай ёю пенсіі, дзе неўзабаве, пасля публікацыі сваіх успамінаў, ён і памёр. А сама яна паехала ў Пецярбург, каб галавой і тым, чым яшчэ магла, ратаваць свае грошы89. Ледзь не ўсе даўгі яна пакрыла сваім пасагам ад Нагурскага, які мой бацька выбіў у Нагурскага ў памеры 400 000 злотых, і якія яна павялічыла да некалькіх мільёнаў, бо нібыта купіла маёнтак Рэтаў. Захавала за сабой яшчэ і Залессе, а рэшту аддала на эксдывізію (падзел маёнткаў і продаж па частках. – Л. Л.). Такім чынам ўсіх крэдытораў мужа пакінула без грошай, а сама зноў стала багатай!
Але самы нахабным было тое, што яна шчыра імкнулася адмовіцца ад крэдыту перад маім бацькам. Яна адмовіла яму і пры сваім вялікім багацці перавяла доўг на агульную эксдывізію свайго мужа, хаця гэтыя грошы даваліся ёй асабіста, каб даслаць у Італію, дзе яна ўжо не мела з чаго жыць! Мой стары не вярнуў ані грошы, ані працэнты, бо мусіў адмовіцца ад маёмасці ў Маладзечне з эксдывізіі, на якой меліся даўгі перад скарбам, і выплата падаткаў з афармленнем папер каштавала б больш, чым той маёнтак. Бацька суцяшаў сабе толькі тым, што гэтае яго каханне было такім дарагім.
Сенатар Агінскі, як я ўжо згадваў, меў ад Лясоцкай двух сыноў – Тадэвуша і Ксаверыя, якія ажаніліся з сёстрамі Рэно і сядзелі «на жончыных фартухах», бо ніякіх спадкаў ад бацькоў не атрымалі90. Іхняя маці сваім былым мужам Агінскім была даведзена да апошняй стадыі галечы. Калі іх мачыха «княжна дэ Неры», як яна сама сябе называла, выплачвала даўгі, гэтыя два сыны запатрабавалі сваёй часткі. Агінская адказала, што яна мае толькі сваё і нічога з гэтага не належыць яе мужу. Падманула братоў нейкай надзеяй на разлік і паехала ў Вільню.
Абурэнне супраць яе было агульным. На гэтых двух сыноў, гэтых сапраўдных нашчадкаў роду, усе глядзелі са спачуваннем, бо яны ўмелі ўсім дагадзіць сваімі талентамі і паводзінамі. Гаворка ішла толькі пра 20 000 рублёў срэбрам, якія б вырашылі праблемы абодвух. Нават яе сын Ірэней пагадзіўся выплаціць гэтыя грошы, бо саромеўся свайго багацця побач з іх сумленнай беднасцю. Тады з Пецярбурга я прыехаў у Вільню і ўбачыў гэтыя круцельскія, сямейна-юрыдычныя праблемы. Ксаверый з 1818 г. быў маім добрым знаёмым. Абураны несправядлівасцю ў дачыненні да гэтых бедных людзей, я звярнуўся да паўнамоцнага прадстаўніка Агінскай Новамейскага, каб ён растлумачыў жанчыне справу і ўгаварыў заплаціць мізэрную для яе суму. Гэты чалавек, нагавораны мной, асмеліўся пайсці да яе і выказацца настолькі смела, наколькі яму дазваляла сарамлівасць і павага да сваёй патронкі. Што на гэта адказала княгігя? Вось такі адказ і такі ўльтыматум ён нам перадаў: «Княгіня адусюль чуе, што пасербы пагражаюць ёй зброяй, але не дасць ім ані гроша, лепш яна пойдзе ў суд, патраціць на гэта 40 000 рублёў срэбрам і цалкам згубіць гэтыя грошы, чым даць ім хоць палову гэтай сумы, каб зрабіць шчаслівымі сыноў свайго мужа». Цудоўная душа, няма чаго казаць! Але смерць ў беднасці і пакутах гэтых двух няшчасных людзей вызваліла ведзьму ад такога злачынства. І сама яна хутка, скручаная, памерла ад артрыту, знесла цяжкія грахі ў сваё гняздо, бо паехала ў Італію, і там, на востраве Ісх'я, падобна, і сёння парахнеюць яе парэшткі.
Даведаўшыся пра «нявінную» Неры, вы, магчыма захочаце даведацца, што стала з яе старым каханкам, з гэтым «удавам», са славутым душыцелям свайго манарха, адным словам з графам Бенігсенам91. Ён належыць гісторыі, і там вы ўсё пра яго знойдзеце. […]
Пасля той вялікай паразы ў Нагурскай, пра якую я пісаў вышэй, генерал-граф Бенігсен рэціраваўся і неўзабаве ажаніўся з Андрэйкавічаўнай, паннай са шляхетнага і знатнага гарадзенскага роду. Не ведаў графіню, бо яна здаўна жыла за мяжой. Аднак пра яе ў час майго знаходжання ў Вільні хадзіў анекдот, яго пацвердзіў яе брат, былы гарадзенскі губернатар, які быў са мной у шчыльных зносінах у Пецярбургу.
Графіня была смелая, вясёлая і дасціпная. Маўляў, з-за нейкай дамоўленасці з Шуазелямі, як потым казалі, ці з-за палітычных інтрыг, у Вільню з Парыжа прыехаў нейкі пан Левіс. Неўзабаве ён стаў душой мясцовых салонаў. Без Левіса не праходзіла ні адна забава, баль ці пікнік. Нарэшце, да вялікага жалю нашых дам, ён мусіў пакінуць Вільню! Развітваліся з ім сардэчна. Давалі абеды. Графіня Бенігсен на галоўным абедзе, зразумела, што гэта быў абед у генерал-губернатара, узняла наступны тост у гонар Левіса… Але ці магу я яго паўтарыць? Гэты каламбур крыху падобны да таго, што французы называць un mot de gueule (брудныя словы. – Л. Л.). Але, калі дамы маглі пачуць такое без скандалу, чаму вочы і вушы майго прыяцеля ці сваяка, які будзе гэта чытаць, павінны быць больш чуйнымі? Напішу!
Графіня з пэўнай зменай у акцэнце, адкінуўшы слова «месье», падняла келіх і выгукнула: «Vive Lewis!». … і думала, што заспее яго знянацку.
Француз, які напэўна і ў сваёй краіне шмат разоў сустракаўся з гэтай гульнёй слоў, без найменшага вагання, падняўся, вельмі ветліва ўсім пакланіўся і адразу выгукнуў: «Et les convives!» («І госці!». фр.).
Той, хто захоча знайсці тут дзіўна дасціпны сэнс, знойдзе яго сам. А каму гэта не падабаецца, няхай жуе кашу92.
Раздзел 6. Караль Мараўскі. Яго маці і візіт аўтара да яе. Знаёмыя Караля. Земскі ашмянскі старшыня Сарока. Шамбалян Бянкуньскі. Хірург Мар'янскі і анекдоты пра яго. Упіцкі маршалак. Анекдоты пра Леона Бароўскага. Іншыя знаёмыя Мараўскага
Я ўжо казаў, што падчас пахавання пралата Длускага ўпершыню сустрэў і ўбачыў свайго цёзку Караля Мараўскага. Гэта быў прыгожы і добры чалавек прыстойнага росту, меў блакітныя вочы, закручаныя ў кудзеркі цёмна-каштанавыя валасы, сям-там усыпаныя сівізной, хоць яму і было не больш за 30 гадоў. Лоб высокі, высакародны, удумлівы твар з прыемнай усмешкай. Белыя зубы. Ціцыянавыя плечы, звонкі голас, паважны, поўны годнасці выгляд. У стасунках з людзьмі паводзіў сябе больш сціпла і ветліва, чым іншыя людзі. Сэрца анёла, характар мяккі, разумная і начытаная галава, досціпу шмат, але без жоўці. Душа чыстая як крышталь. Незвычайна назіральны. Адзін з самых добрых людзей, якіх я калі-небудзь ведаў у жыцці. Цяпер я, аддзелены ад свету і людзей на вёсцы, як сапраўдны анахарэт і пустэльнік, згадваю ўсё спакойна і павольна, і калі іншыя паўстаюць перад маімі вачыма, усеяныя шыпамі зайздрасці, эгаізму, няшчырасці і нядобрасумленнасці, дык успамін пра дарагога Караля для мяне заўсёды як празрысты, крышталёвы струмень, побач з якім квітнее зялёны луг, дзе прыемны ветрык і цень ад высокай бярозы, і ўсе гэта разам запрашае мяне прыемна адпачыць і навявае салодкія сны.
Шлях да сяброўства паміж маладымі людзьмі просты і кароткі. Ён ужо чуў пра мяне. Я чуў пра яго. Але не адразу ўсё ў ім я заўважыў. Мы любілі адзін аднаго. Пазнаёміліся летам. Да заканчэння ўніверсітэта заставаўся толькі месяц. Таму кожная вольная хвіліна, якая ў мяне заставалася пасля вучобы, была прысвечаная кампаніі ці то Новамейскага, ці то Караля Мараўскага. Ён быў значна старэйшы за мяне, асцярожны ў сваіх меркаваннях і не адкрываў мне свае думкі пра людзей. З пэўным смуткам у сэрцы я даведаўся, што ён хоць і даўно ўжо ведаў Новамейскага, але мала да яго меў сімпатыі. А я ўсё жыццё толькі і жадаў, каб тыя, каго я люблю, таксама любілі адзін аднаго. […]
Ці ад прыроды, ці ў выніку таго, што я вучыўся ў публічных школах, маім правілам і патрабаваннем бацькі было ніколі не пытацца, як гэта вялося раней, пра сем'і маіх знаёмых і сяброў. Нават калі ён сын ката, але разумны, добры і пачцівы, для мяне і сёння гэта не мае значэння. Сумна толькі мне за добрых дзяцей, калі яны нарадзіліся ў непачцівых бацькоў, бо гэтыя дзеці саромеюцца іх. Але я толькі выпадкова мог даведацца пра такія выпадкі і не трымаўся забабонаў, якія былі на той час звычайнымі і стагоддзямі ўмацоўваліся ў нас. У мае часы ў публічных школах яўрэйчык, апрануты ў сурдут, ці сын шаўца або краўца, ці сын бургамістра, ці ратмана, часта пераўзыходзіў у навуках не толькі падкаморычаў і іншых панічаў, але і як роўны з роўным браў удзел у бойках, і больш моцны з іх выдзіраў у другога кудзеркі. Паскардзіцца на такога было непапраўнай ганьбай у вачах сваіх сяброў. Памятаю, як не раз з сынам шаўца Гурклейта хадзіў на лекцыі, і мы адзін аднаму не раз набівалі вялікія гузы. Паміж сабой мы ўсе былі калегі і браты.
Набліжаліся вакацыі. Зачараваны Каралем, я паехаў да бацькоў на вёску. На наступны дзень, як звычайна, бацька пачаў мяне экзаменаваць. Ён цікавіўся маім прагрэсам у навуцы, музыцы і мовах. Загадаў сыграць мне некалькі санат. Агледзеў гардэроб і, не давяраючы слабасці і паблажлівасці маці, сам зірнуў на бялізну. Увесь гэты час я стаяў, як струна, выцягнуўшыся. Што да навук, дык знайшоў, што ўсё, як звычайна. Даўшы мне прачуханца за плямы на вопратцы і дзюры на панчохах, якія я пільна не зацыраваў, ён спытаў імя і прозвішча таго, з кім жыву ў адным пакоі, і з кім я сябраваў у гэтым годзе. Падумаў, і натуральна паставіў на першае месца Караля. Выслухаў я тады незадаволеную літанію з заўвагамі пра розных людзей. Але сяброўства з Каралем бацька ўхваліў і сказаў пра яго шмат добрага і пахвальнага як пра чыноўніка і чалавека. Але закончыў словамі: «Гэта не тое, што я табе зычу. Больш за ўсё сябруеш з асобамі такога гатунку, якія не могуць дапамагчы табе ў далейшай кар'еры».
І так накінуўся на мяне, што на другі дзень, калі мы ішлі на шпацыр, я наўмысна перавёў размову на Караля. Калі размова ішла пра сям'ю, стасункі і гісторыі, мой бацька станавіўся хадзячай энцыклапедыяй. Я не ведаю, ці быў ва ўсім краі ў той час мужчына, пра якога ён не ведаў, ад каго той нарадзіўся, ці была вядомая жанчына, якую б ён не кахаў, быў каханы, ці прынамсі, любімы. Здаецца, на гэту навуку не хапіла б і ўсяго жыцця, а ён бавіўся з ёй, як з кійком у руцэ і апроч таго грунтоўна ведаў замежныя мовы. Гэта заўсёды было прадметам майго найвялікшага захаплення і павагі. Я з цяжкасцю мог паверыць у гэткія шырокія стасункі, на якія ніколі сябе не адчуваў здольным (Д 13). Гэта падвышала ў маіх вачах выбітнасць бацькі, які відочна высока стаяў над усімі, хто яго атачаў, але ўмеў апускацца да звычайнага ўзроўню і, апроч таго, ніколі не хлусіў, у чым я тысячу разоў потым меў магчымасць пераканацца. Другога чалавека з такой добра арганізаванай ад прыроды галавой я ніколі ў сваім жыцці больш не сустракаў. І барані мяне Божа, калі пішу гэта таму, што хвалю свайго бацьку. Кожны, хто яго ведаў у тыя часы, скажа тое ж самае і ахвотна са мной пагодзіцца.
І тата расказаў мне, што Караль нарадзіўся ад бацькі з Познані герба Наленч, які прыехаў у Літву з бізнесовымі мэтамі. З прывезеным з сабой капіталам ён спрабаваў розныя праекты і ў выніку скончыў антрэпрызай віленскага тэатра, якая мела вялікі поспех. Што займаючы пасаду дырэктара тэатра, нарэшце закахаўся і ажаніўся з актрысай, чыя слава, прыгажосць, фанабэрыстасць, экстравагантнасць і невялікі розум93 так атруцілі жыццё гэтага сумленнага чалавека, што ён памёр з гора раней часу, але нягледзячы на ўсе вар'яцтвы сваёй жонкі, пакінуў пасля сябе грошы. Што яе брату Корвелу, чалавеку рэдкай прыгажосці, гегабродская старасціна Плятэрава краслаўская94, запісала нядрэнны маёнтак. Дадаў, што маці Караля, яшчэ жывая і дагэтуль рознымі спосабамі руйнуе дабрабыт свайго сына, і таму яму сумна, што такі шляхетны чалавек мае такую маці! Я нічога пра гэта не ведаў, бо мы сустракаліся толькі ў вызначаных месцах і разам шпацыравалі, але не хадзілі адзін да аднаго ў госці – ён быў чыноўнікам, а я вучыўся.
Не магу апісаць, якое балючае пачуцце выклікалі ў мяне бацькавы словы. Тры дні я хадзіў, як скалечаны, як быццам мне ўваткнулі нож у сэрца. Я ўяўляў, як павінна пакутаваць гэтая высакародная душа, які боль ён хавае ад свету, бо мае маці, якая так мала яго шануе. Што ён страціў свайго сумленнага і добрага бацьку, які стаў ахвярай жончыных памылак. Усе гэта не зменшыла, а хутчэй падвоіла мае сяброўства і павагу да яго.
Я зноў вярнуўся ў Вільню. Адносіны з ім сталі яшчэ больш блізкімі. Аднойчы мы абодва былі на маскарадзе. У адным з пакояў сустрэлі дзвюх старых кабет, яны падышлі да нас. Адна з іх з тварам старой каралевы, да таго ж дэспатычнай каралевы, з мінай знакамітай мадмуазэль Жорж95, выглядала больш, чым своеасабліва – высокая, тоўстая, сівая, як пэндзлем намаляваная, у яркай пунсовай сукенцы, на галаве вялізны барэт упрыгожаны не кветкамі, а рознай садавіной. Былі тут і грушы, вінаград, дыні, карнішоны, Божа мой, чаго толькі там не было! І як толькі мне з языка ледзь не сарвалася адмысловае слова, але мой Караль з найвялікшай пашанай падышоў да гэтай жанчыны і, насуперак прынятаму ў той час звычаю, пацалаваў ёй руку. У мяне закіпела кроў ад такога гонару, выказанага гэтай жанчыне. Таму я пакінуў яго ў гэтай прыемнай кампаніі і пайшоў далей. Сунуўся ў натоўпе пад вокнамі і знайшоў вольнае месца побач са старым Вячанеўскім, былым чалавекам Зорыча, фаварыта Кацярыны ІІ. […]
Караль на той час жыў ва ўласным доме на адным паверсе са сваёй маці і часта прасіў мяне прыехаць у госці. Я бываў на яго палове, але заўсёды, калі яго маці не было дома, бо яна кожны вечар ездзіла гуляць у яшчэ модны тады бастон. Аднойчы ён сказаў мне ў сваім дзіўным, ветлівым і цёплым тоне, што жадаў бы пазнаёміць мяне са сваёй маці і таму прасіў зайсці да яго на гарбату і падвячорак. Адмовіцца было немагчыма.
Тым часам гаваркі стары Вячанеўскі за гарбатай з ромам яшчэ раз сустрэўся са мной і расказаў шмат такіх рэчаў, якія выклікалі ў мяне ахвоту радзей сустракацца з ім. Ад яго я, між іншым, даведаўся, што часам дзіўная вопратка Караля, дарослага, цывілізаванага чалавека з добрым густам, часам яго ўяўная арлекінада, забаўны выбар яркіх колераў вопраткі, былі вынікам бязмежнай ва ўсіх адносінах пакорлівасці маці. Што ён не толькі ўвесь прыбытак ад дома і свайго маёнтка, які за некалькі міляў ад Вільні, але і свой службовы заробак аддае маці. Што яго маці, якая трымае ў руках усе гэтыя немалыя сродкі, заўсёды бракуе грошай. Што яна апранала яго па-свойму, па-дзіцячаму, і таму ён часам быў падобны да Вертверта96.
Сціскалася маё сэрца, але шанаваў яго яшчэ больш. Нарэшце я пайшоў на падвячорак. Упершыню ўвайшоў у пакоі яго маці, як для Вільні пышна прыбраныя. Увесь дрыжэў, калі ўбачыў уладны, дэспатычны твар гэтай жанчыны, які мог мець толькі ўгневаны ўлан польскіх легіёнаў. Не бракавала ёй і вусоў. Побач з маці сядзела светлавалосая жанчына маленькага росту з шырокім азадкам, але пры такой постаці мела яна вельмі мілы выраз твару. Караль, як ягня, цалаваў ручкі і ножкі сваёй маці. А яна ўспрымала гэта як нудную павіннасць свайго сына. Я быў чацвёртым і апошнім у гэтым пакоі. Але не! Не апошнім. Яшчэ была прыгожая, свежая як ружа субрэтка97 Рузя, якая разлівала гарбату. Апранутая крыху па-акцёрску, з кароткімі рукавамі, з вялікім дэкальтэ на прыгожых грудзях. Ай, была б яна маёй! Вочкі мела, як два вугельчыкі, чорныя валасы і постаць сапраўднай спакушальніцы. Пры дзвюх старых мне, як абухом у лоб, ляснула гэтае дзяўчо, і калі я ўзяў сябе ў рукі, усе мае зусім не святыя думкі звярнуліся выключна на Рузю. І адно прыстойнасць змусіла мяне асцярожна весці размову з дзвюма маімі суразмоўніцамі. У душы я спяваў для Рузі стары французскі раманс:
Ah bijou, si je te tenois,Comme autrement tu sifflerois!98Мараўская імкнулася быць прыемнай і паставіла мне колькі пытанняў густым, церпкім і артыстычным голасам, які сведчыў пра яе мінулую прафесію. Потым выпіла гарбаты з бісквітамі і шчасліва супакоілася. А паўнаватая бландзінка, каб падтрымаць размову, пачала доўга расказваць пра Вальтэра, Русо і рознымі іншымі спосабамі старалася асляпіць вочы дзевятнаццацігадовага юнака.
Але тут было маё поле бітвы! Як кожны не зусім дурны малады чалавек з сумленнай і чыстай душой, я ўсяму вучыўся з ахвотай – напачатку слізгануў па прыродазнаўчых навуках, паверыў ў сілу розуму і гонару, бо яшчэ не разумеў дзіўных спружын чалавечага сэрца і быў выхаваны ў дабрадзейным і пабожным доме, але потым кінуўся ў атэізм. Неўзабаве, як раз у той час, сваім уласным розумам і з Божай ласкі я пачаў чытаць айцоў касцёла і вырабіў сабе цалкам іншыя перакананні. І схаваная недзе глыбока ў сэрцы навука маёй маці, вынырнула са схованкі і зноў пачала грэць маю душу.
Таму ў той момант я добра пасаваў гэтым жанчынам, каб красамоўна абмеркаваць з імі ўсе «за» і «супраць». Але не мог думаць ні пра што іншае, усе мае думкі круціліся толькі вакол прыгажуні Рузі, якую потым сапсаваў нейкі бязбожны распуснік. Калі я сышоў адтуль, усю ноч перад маімі вачыма стаялі яе вобраз і страшны выраз твару маці Караля. Рузя вабіла мяне, а пагрозлівы позірк старой гнаў прэч. Пасля такой ночы я з цяжкасцю падняўся са свайго самотнага ложка. Тоўстая бландзінка? Як быццам яе і не было! Нават ніколі не пытаўся пра яе імя і толькі праз колькі гадоў даведаўся, хто яна такая!
Жывучы ў цеснай дружбе з Каралем, мне давялося пазнаёміцца з людзьмі, якія наведвалі яго ці як сябры, ці як чалабітнікі па справах. Большасць з іх я ведаў ужо раней, апроч толькі Сарокі, прэзідэнта земскага суда з Ашмяны99, васьмідзесяці з нечым гадоў, худога, высокага, з маршчыністай шыяй, адвіслым падбароддзем, апранутага па-старому. Гэты дзед у сваім веку яшчэ паляваў з хартамі, а нядаўна, на 84-м годзе жыцця ажаніўся з маладой і непрыгожай жанчынай і нарадзіў з ёй некалькі дзяцей. Гэты Сарока, ужо добра потым, бо браў удзел ў паўстанні 1831 г. і, як малады, біўся з Вярзіліным100 і чаркесамі, быў схоплены, кінуты ў вязніцу і памёр маючы, падобна, 100 гадоў.
Усе іншыя разнастайныя асобы былі па-рознаму смешнымі арыгіналамі, якіх Караль з нейкай жарсцю прыцягваў да сябе, каб імі бавіцца. Я ўжо казаў, што ён быў дасціпны назіральнік. І збіраў ён такіх арыгіналаў, як і генерал Хацкевіч, не для зласлівых жартаў і здзекаў, ён абыходзіўся з імі вельмі далікатна і ветліва, але ў душы смяяўся, выварочваў іх вантробы, бо збіраў калекцыю вобразаў. Унутры сябе душыўся ад смеху, але без жоўці, і яны пра гэта не здагадваліся. Я часта бачыў, як унутры яго душыць смех, і як ён умее стрымліваць яго. Я ўпэўнены, што, каб лёс даў яму больш спакойнае жыццё і не зрабіў эмігрантам, выгнаннікам, вечным палітычным бадзягам, ён бы не змог захаваць свае назіранні ў самім сабе і яны былі б выціснутыя з яго ў форме дзіўнага і захапляльнага рамана.
Напрыклад якім арыгіналам быў пан Бянкуньскі101. Другога такога Бянкуньскага больш не будзе, такога ўжо не можа існаваць на свеце! Гэта быў суцяжнік, суцяжнік над суцяжнікамі і кароль зваднікаў! Здавалася б, для гэтага трэба быць вар'ятам ці дурнем. Але з выгляду ён не быў ні тым ні другім. Наша шляхта, пазбаўленая ў той час звычайнага соймавага ці соймікавага руху, для забавы ці для адпачынку кінулася ў суцяжніцтва. Ён паглядзеў на свой кунтуш і ўбачыў, як з-за пазухі выглядае стос дакументаў і юрыдычных папер. Што жупан – то юрыст! Але Бянкуньскага ні з кім і ні з чым немагчыма было параўнаць. Ён еў, піў, хадзіў, цалаваўся, кахаў, спаў, маліўся, спрачаўся і не расставаўся пры гэтым з сталай думкай неадкладна распачаць новы і, калі магчыма, самы цяжкі судовы працэс. Разам з братам яны атрымалі на Ашмяншчыне вялікае багацце. Кожны з іх меў па 200 чыстых, без даўгоў, хат. Гэта значыць, амаль што па 2 мільёны злотых. І наш герой адразу пачаў судзіцца і множыць справу за справай…
[Далей у маім экземпляры кнігі адсутнічаюць старонкі 101 – 104 – Л. Л.]
Тысячы гісторый расказвалі пра Мар'янскага. Быў ён тварам віленскіх дасціпнікаў. І ўвесь час жартаваў. Раней служыў у войску караля Станіслава Аўгуста вайсковым хірургам. Палкоўнік прускіх войск Сякулі102, вядомы ў нашай гісторыі сваімі жудаснымі зверствамі пры апошнім падзеле краіны, казалі, што ён з жыўцом лупіў скуру, быў схоплены Мадалінскім пад Быгдашчам і памёр ад ран. Мар'янскаму праз 20 гадоў давялося ў Вільні быць сведкам размовы пра гэтага Сякулі. Пажадаў дадаць сваю думку і сказаў:
– Сякулі, Сякулі, мы яго забілі!
– Як гэта? – спыталі яго.
– Мадалінскі яго параніў, а я яго лячыў! – адказаў Мар'янскі.
Шмат разоў ён расказваў, хваліўся і хлусіў, як потым, у часы імператара Паўла, ён хірургам перайшоў у расейскую армію, і з войскам быў пасланы ў Галандыю, у Нямецкае мора, кватараваны быў на выспе Джэрсі, а ў Лондане закахаўся ў англічанку. І са сваёй выспы ён два разы на дзень выпраўляўся ў Лондан!
Мар'янскі меў блізкія стасункі з камісарскім чыноўнікам, шулерам і вялікім злодзеем, нейкім Лісаневічам, за якога старая Мюлерава103, маці Станіслава, пра яго я распавяду ніжэй, напрыканцы свайго жыцця выйшла замуж па каханні. Гэты чалавек раскідваўся грашамі, бо нават сваю бялізну адпраўляў праць у Парыж, і такім чынам змарнатравіў увесь капітал сваёй жонкі. Калі жонка памерла, ён некалькі дзён трымаў гэта ў таямніцы і за гэты час з сябрамі вынес з дому ўсё каштоўнае, ажно покуль са сваіх палкоў не прыехалі сыны Мюлеравай. Тады Мар'янскі прывёз да Лісаневіча вялізны пук надзвычай дарагіх на той час брабанцкіх карункаў коштам у 40 000 злотых. Слугі яго дапільнавалі, меліся і іншыя сведкі. Маладыя Мюлеры падалі на Лісаневіча за рабунак у суд, выклікалі ў суд таксама і Мар'янскага. Працэс цягнуўся, бадай, гадоў 15 ці болей. І ўвесь гэты час Мар'янскі, як ад агню, шалохаўся ад усіх Мюлераў і асабліва ад грубага Станіслава Мюлера.






