«Ты як здароўе тое…». Больцінікі, Гайцюнішкі і Падварышкі

- -
- 100%
- +

«Бацькоўскі край, ты як здароўе тое: не цэнім, маючы, а страцім залатое…»
Адам Міцкевіч
© Леанід Лаўрэш, 2026
ISBN 978-5-0071-4746-0
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Бальценікі (Больцінікі) і род Путкамераў
Калі ехаць з Ліды на поўнач, праз Жырмуны і Воранава, на самай мяжы можна спыніцца ў Беняконях, у мястэчку, якое ў 1566 годзе, пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы ВКЛ, увайшло ў Лідскі павет.
У 230-й кнізе Метрыкі ВКЛ бачым першае пісьмовае згадванне Беняконяў у 1529 годзе, калі пасля смерці нейкага Томка паселішча перайшло яго дочкам Ядвізе і Алене Тамкоўнам. Сёстры прадалі частку сваёй маёмасці баярыну Лаўрыну, ад якога Беняконі ўспадкавалі яго сыны Мікалай, Шчасны, Павел і Балтрамей Лаўрынавічы, але ў 1542 годзе паміж сынамі Ядвігі і баярамі Лаўрынавічамі пачалася судовая спрэчка за маёмасць. З 1553 годзе Беняконямі валодаюць баяры Ямантавічы, і недзе з 1556 года гэтае мястэчка згадваецца як сяло гаспадарскага двара «Рудомино» — уладанне вялікага князя Жыгімонта Аўгуста.
Беняконі ў першай палове XVІІ стагоддзя належалі Яну Чаплінскаму, які ў 1634 годзе заснаваў тут драўляны касцёл Яна Хрысціцеля. У ХІХ стагоддзі быў пабудаваны касцёл у стылі народнага драўлянага дойлідства, які мы можам убачыць на фотаздымку Яна Балзункевіча. Сучасны, цагляны касцёл пачалі будаваць у 1900 годзе, і да 1906 года паўстаў новы храм у эклектычным стылі з рысамі неабарока і неакласіцызму.
Гэты прыгожы касцёл аточаны невысокім каменным валам, з яго ўсходняга боку, як гэта бывае каля храмаў, маюцца могілкі, на іх ёсць магіла Марылі Путкамер з Верашчакаў з вялікім каменем, на якім чытаюцца літары надпісу: «S. P. Marya z Wereszczaków Hr. Puttkamerowa Ur. 1799 r. Grudnіa 24. Um. 1863 r. Grudnіa 23. «Wіeczne odpocznіenіe racz Jej dać Panіe». Гэта жанчына яшчэ пры сваім жыцці стала легендай: яе кахаў вялікі Адам Міцкевіч. Каля магілы Марылі маецца магіла яе дачкі — Караліны Рыхлевіч з Путкамераў, якая ў 1923 годзе памерла ва ўзросце 83 гадоў.
Пэўна, трэба дадаць сюды эпізод пачатку ХХ ст. з мемуараў Гіпаліта Корвін-Мілеўскага: «У Беняконскай парафіі сяляне, хоць і карысталіся ў хаце летувіскай гаворкай, звязалі свайго летувісманскага пробашча, паклалі ў воз, вывезлі на мяжу парафіі і выкінулі ў роў».
Перад тым як з Беняконяў павярнуць на захад у бок Бальценікаў (ці Больцінікаў), пра якія далей пойдзе размова, дадам, што да 1939 года ў Беняконях знаходзілася даследчая аграрная станцыя, якой кіраваў вядомы біёлаг, прафесар Вацлаў Ластоўскі, поўны цёзка беларускага дзеяча. Калі не ўсё жыццё, дык як мінімум у 1920-х гадах гэты Вацлаў Ластоўскі лічыў сябе беларусам.
У 1514 годзе Бальценікі належалі Добку Скіландзевічу. У той жа 230-й кнізе Метрыкі ВКЛ знаходзім інфармацыю пра Бальценікі ў гэтым годзе. Уладальнікамі маёнтка былі Лукаш Кандратовіч, браты Марцін і Мікалай Міхнавічы, Міхал Сакалоўскі, Давойна, Казінскія. Паводле дадзеных падымнага рэестра ВКЛ 1690 года, Бальценікі належалі Зямбло і Стэфану Храптовічу, якія мелі тут па адным дыме. На пачатку XVIII стагоддзя ад Храптовічаў Бальценікі і Гайцюнішкі перайшлі да інфлянцкага роду Шротараў, герба «Любіч». У гісторыі вядомы Ян Шротар (1646—1726), які меў у Вільні камяніцу на цэнтральнай вуліцы Замкавай, двор за віленскай брамай і шэраг маёнткаў у Віленскім павеце. У 1723 годзе праз шлюб з Даротай Шротар Бальценікі перайшлі інфлянцкаму стольніку Ваўжынцу Путкамеру.
Род Путкамераў бярэ свой пачатак у сівой даўніне, і ёсць тры версіі яго паходжання. Па першай версіі, Путкамеры паходзяць ад роду Варсевічаў-Сякеркаў, прычым першым з гэтага роду быў Яська (Jeśko), які займаў пасаду падкаморага ці кароннага шамбеляна; яго патомства, перасяліўшыся ў Германію, атрымала прозвішча Путкамераў, з Германіі Путкамеры рассяліліся ў Чэхіі, Прусіі і ВКЛ, атрымліваючы землі і пасады за добрую службу. Заснавальнік роду — падкаморы Яська Варсевіч — дапамог Баляславу Крывавустаму (Bolesławowі Krzywoustemu) перамагчы ў 1109 годзе войска імператара Генрыха V пад Уроцлавам на Сабачым полі (Psіm Polu), за што і атрымаў герб «Брадач» (Bradac). Менавіта ад пасады падкаморы і атрымалася прозвішча Путкамер (podkomorzy = putkamer).
Паводле другой версіі, першы прадстаўнік гэта роду перасяліўся ў Інфлянты ў сярэдзіне XVІ стагоддзя, заснаваў там замак Нерфт, у 1620 годзе род упісаны ў генеалагічна-геральдычныя кнігі рыцарства курляндскага як «адвечная шляхта рыцарская».
Трэцюю версію дае «Польская шляхецкая энцыклапедыя»: «На пачатку XІV стагоддзя — адзін з даўнейшых і заможнейшых радоў паморска-прускіх, які паходзіць ад знанага і ўплывовага роду Швенца (Szwenca). У XV стагоддзі род падзяліўся на некалькі ліній, адна з галін роду аславяніла прозвішча на Клячынскі, іншыя, захоўваючы сваё родавае прозвішча, дзедзічылі ў Прусах, Курляндыі, Польшчы і ВКЛ (галоўным чынам у Жмудзі). Прадстаўнік курляндскай галіны палкоўнік Крыстоф-Генрык атрымаў ад нямецкага імператара Леапольда І тытул барона, а Марцін-Антон з паморска-шлёнскай галіны стаў прускім баронам у 1737 годзе».
Як бы там ні было, але нямецкая галіна роду згасла у Курляндыі ў XVІІІ стагоддзі, пруская існуе да нашага часу (жонка Бісмарка была з Путкамераў), а на тэрыторыю сучаснай Беларусі (на Наваградчыну) прадстаўнік гэтага роду перасяліўся ў XVІІ стагоддзі.
Ваўжынец Путкамер, стольнік інфлянцкі, ажаніўся з Ганнай Лівен, яны мелі сына Казіміра. Пасля смерці Ганны ад яго другога шлюбу з дачкой інфлянцкага кашталяна Даротай Шротэр нарадзіліся тры сыны: Станіслаў, Ежы і Ваўжынец. Праз шлюб з Даротай Шротэр Путкамер атрымаў Гайцюнішкі і Бальценікі, па іншай версіі — ён купіў гэтыя маёнткі. Згадваецца ў дакументах як сіньёр Віленскага пратэстанцкага збору.
Ваўжынец — сын Ваўжынца, генерал-ад’ютант польнага гетмана ВКЛ Масальскага, які ажаніўся з Даротай Цэндроўскай, бабруйскай старасцянкай, меў сына Ежы Аляксандра — шамбеляна караля Рэчы Паспалітай, які быў ахрышчаны ў Бальценіках 7 кастрычніка 1762 года.
Ежы Аляксандр ажаніўся з Каралінай Стрыеўскай (дачкой палкоўніка войскаў ВКЛ) і меў сыноў Яцака Багуслава (1792 г. н.) і Ваўжынца Станіслава Яна (1794—1850), дачок Дароту Катарыну (1797 г. н.) і Яну Канстанцыю (1798 г. н.).
Ваўжынец Станіслаў Ян нарадзіўся 14 жніўня 1794 года і быў ахрышчаны 26 жніўня ў Бальценіках. Гэта быў год апошняга падзелу краю, у краіне гаспадарылі рускія войскі, і ў дзень нараджэння немаўляці ў маёнтку з’явіліся казакі, што выклікала паніку сярод дамачадцаў. Бацька малога Ваўжынца прасіў рускага афіцэра не парушаць спакой сям’і ў такі дзень. Казацкі афіцэр паабяцаў гэта і нават узяў дзіцятка на рукі і благаславіў яго. Хутка маладая жонка памерла, што разам са стратай незалежнасці радзімы прывяло каралеўскага шамбеляна да працяглай меланхоліі і страты ўсякай цікавасці да жыцця, таму малы Ваўжынец гадаваўся не толькі без маці, але і без бацькі.
Выхаваннем унука заняўся дзед, былы генерал-ад’ютант польнага гетмана ВКЛ Масальскага, і старая нянька Грындзава. Дзед быў чалавекам гарачай веры, кожны дзень у яго маёнтку адбываліся богаслужэнні, у якіх удзельнічалі ўсе дамачадцы. У старога генерал-ад’ютанта была любімая прымаўка: «Насамрэч хай лепей нас Усявышні крыўдзіць, абы мы нікога не крыўдзілі».
Ва ўзросце 13 гадоў Ваўжынец быў аддадзены вучыцца ў Слуцкую пратэстанцкую школу, пад апеку рэктара школы пастара Міхала Ваноўскага. Ваноўскі вучыў яшчэ бацьку Ваўжынца, і адносіны паміж Ваноўскім і Путкамерамі былі амаль што радзіннымі. Даследчыкі адзначаюць, што пратэстанцкая школа дала яму значна лепшую падрыхтоўку для атрымання вышэйшай адукацыі, чым, напрыклад, падрыхтоўка ў наваградскіх дамініканаў, якую меў Адам Міцкевіч.
У 1809 годзе памёр Путкамер-дзед.
У 1810 годзе ўнук пачаў вучыцца на філасофска-матэматычным факультэце славутага Віленскага ўніверсітэта і ў 1812 годзе атрымаў ступень кандыдата філасофіі. Калі пачалася вайна 1812 года і Напалеон аднавіў існаванне Вялікага Княства Літоўскага, унук, як большасць яго сяброў, запісаўся шарагоўцам у зноў створанае войска Вялікага Княства, у гвардзейскі кавалерыйскі полк генерала Канопкі, а потым у полк лёгкай кавалерыі імператарскай гвардыі Вінцэнта Красінскага. Васямнаццацігадовы юнак быў з арміяй Напалеона ў Маскве, выжыў у катастрофе на Бярэзіне. Адступаючы з войскам каля Вільні, заехаў дахаты — і тут захварэў на тыф. А калі вылечыўся, вайна ўжо ішла далёка на захад ад дома. Гонар жаўнера і вера ў зорку Напалеона не дазволілі яму адсядзецца ў хаце: праз тылы расійскіх войскаў, абмінуўшы казацкія патрулі, ён прабраўся у Мерач на Нёмане і ў люты мароз перайшоў раку. Потым спустошаным вайной краем малады граф рухаўся да сваіх. Час ад часу злазіў з каня і, каб сагрэцца, бег побач. Сілы ўжо пакідалі юнака, калі ён сустрэў інспектара дывізіі кавалерыі, які ехаў у Варшаву ў полк Красінскага. Афіцэр падабраў задубелага маладзёна і давёз яго ў полк.
Малады вайсковец ваяваў усю кампанію 1813 года, трапіў у прускі палон і пасля амністыі, у 1814 годзе, вярнуўся дахаты ў чыне паручніка. Напалеон застаўся кумірам Ваўжынца Путкамера да канца жыцця, потым ён часта расказваў: «Вы, маладыя, не разумееце, што з намі адбывалася… у нас ускіпела кроў, і мы былі здольныя на ўсё, калі вялікі чалавек… у шэрым сурдуце галапіраваў перад фронтам нашага палка і, паказваючы на непрыяцеля, казаў: „Mes braves et fіdeles Polonaіs en avant!“» Параза пад Ватэрлоа прывяла Путкамера да гарачкі, а калі ён пачуў пра вяртанне імператара ў так званыя «сто дзён Напалеона», дык ужо прыгатаваў свой уланскі мундзір і гатовы быў ехаць у Францыю. Нават будучы ў сталым веку, ніколі не мог спакойна расказваць пра тыя часы і пра імператара Напалеона. А ў 1840 годзе, калі парэшткі імператара ўрачыста перавозіліся з вострава Святой Алены ў касцёл Інвалідаў у Парыжы, толькі адсутнасць грошай прымусіла графа ўстрымацца ад паездкі ў Францыю.
Пасля заканчэння вайны Ваўжынец Путкамер пачаў гаспадарыць на зямлі. Ад 1816 года малады граф жыў у невялікім маёнтку Уніхава недалёка ад Карэлічаў. Былы афіцэр арміі Напалеона, чалавек з еўрапейскім менталітэтам, ён лічыў неабходным паляпшаць жыццё простага народа, даць сялянам асабістую волю і стварыць сістэму народнай адукацыі. У той час імператар Расіі Аляксандр І дазволіў абшарнікам даваць асабістую свабоду прыгонным сялянам і пераводзіць іх на грашовы аброк. Як дэлегат ад Наваградскага павета на Гродзенскім губернскім сойміку, ён прапанаваў так зрабіць усім абшарнікам і прыняць супольную заяву. Калі б гэтая прапанова была прынятая і сяляне атрымалі асабістую волю амаль на палову стагоддзя раней, гісторыя нашага краю магла скласціся інакш. Толькі некалькі маладых абшарнікаў падтрымалі Путкамера, большасць шляхты абурылася і назвала яго анархістам і якабінцам. Дэлегату ад Наваградскага павета толькі заставалася далучыць свой праект да пратаколаў сойміка.
У 1817 годзе цар Аляксандр І дазволіў ушанаваць памяць памерлага Касцюшкі, і па ўсёй Беларусі і Польшчы праходзілі зборы шляхты з урачыстасцямі, прысвечанымі смерці Тадэвуша Касцюшкі, і богаслужэнні ў касцёлах. Прайшло ўшанаванне памяці героя і 13 снежня 1817 года ў Наваградскім касцёле. Касцёл быў упрыгожаны партрэтамі Касцюшкі, Рэйтана, Корсака, Багушэвіча, Радзішэўскага — мужоў, якія годна паводзілі сябе падчас падзелаў і баранілі Радзіму. Падчас урачыстасцяў пасля прамовы маршалка шляхты Вайніловіча пратэстант Ваўжынец Путкамер прачытаў элегію «На смерць Тадэвуша Касцюшкі», якую напісаў сам, але ёсць меркаванне, што гэтая элегія магла належаць пяру Адама Міцкевіча.
Уніхава знаходзілася недалёка ад Туганавічаў, дзе дваццацішасцігадовы граф і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай — Марыляй Верашчакай. Ён сябраваў з братамі Марылі і, як запісана ў дзённіку дзяўчыны, сваю прапанову «рукі і сэрца» зрабіў 14 ліпеня 1819 годзе ў форме чатырохрадкоўя. Даследчыкі адзначаюць, што, акрамя графа Путкамера, невядома ні аднаго сапраўднага канкурэнта на руку Марылі.

Марыля Путкамер (з Верашчакаў, 1799—1863)
Будучая графіня была добра выхаваная і адукаваная. Яна мела дзвюх гувернантак (францужанку і немку), музыцы яе вучылі французы-эмігранты Манарэ і Фраке, спевам — італьянец Бранэці, класічную адукацыю яна атрымала ў ксяндзоў-езуітаў Вішнеўскага і Дзівурдзевіча. Дзяўчына валодала французскай, нямецкай і італьянскай мовамі, шмат чытала, спявала, музіцыравала. Марыля з цікавасцю прымала знакі кахання ад Міцкевіча, але выбрала сапраўднага баявога афіцэра. Путкамер і Міцкевіч па-сяброўску зразумелі адзін аднаго, і, пасля сур’ёзнай размовы, супернік згадзіўся добраахвотна «пакінуць поле бітвы». Міцкевіч і потым вельмі добра ставіўся да мужа Марылі, заставаўся сябрам іх абаіх.
Антоні Адынец пісаў, што Ваўжынец Путкамер пазнаёміўся і заручыўся з Марыляй яшчэ да яе знаёмства з Адамам Міцкевічам. Потым ён не разарваў заручын, але па- сяброўску пагаварыў з Адамам і, толькі калі той добраахвотна адступіў, заключыў з ёю шлюб1. Але каханне засталося ў сэрцы паэта.
Марыя Верашчака і Ваўжынец Путкамер узялі шлюб 2 лютага 1821 года ў Туганавічах. Звестак пра гэту падзею няма, аднак, верагодна, цырымонію вёў каталіцкі ксёндз. У традыцыях ВКЛ пры розных веравызнаннях у сям’і сыны павінны былі выхоўвацца ў бацькоўскай веры, а дочкі ў матчынай. Путкамеры прытрымліваліся гэтага прынцыпу некалькі пакаленняў, іх унук (пра якога будзе расказана далей) быў актыўным пратэстантам, пры тым шлюб ён браў у варшаўскім кляштары візітак, а яго дачка Яніна была каталічка.
Адразу пасля шлюбу маладыя жылі ва Уніхаве, але Ваўжынец хутка атрымаў маёнтак Бальценікі з Бражэльцамі (200 мужчынскіх душ), і яны пераехалі ў Бальценікі.
Маёнткам Бальценікі Путкамеры валодалі з 1723 года да Другой сусветнай вайны. Двор і гаспадарчыя пабудовы ляжалі на высокім узгорку, які з захаду пераходзіў у раўніну, а на ўсход ад маёнтка цякла рэчка Гражулка. Болей за стагоддзе сядзібай Путкамераў быў невялікі мураваны дом з мезанінам, накрыты высокім «ламаным» гонтавым дахам, дом меў ганак з калонамі і быў добра аздоблены знутры і абстаўлены мэбляй у стылі ампір. У доме меліся прыгожыя кафляныя печы і каміны, столі ўпрыгожвала маляўнічая размалёўка на біблейскія і антычныя тэмы. Адной з іх была грэцкая сцэна з Апалонам. Перад домам размяшчаўся традыцыйны газон з пад’язным колам, а з правага боку каля газона стаяла невялікая драўляная афіцына. Па восі будынка ішла ліпавая алея. За домам, у нізіне, размяшчаўся пейзажны парк, за якім, агінаючы сядзібу з паўночна-ўсходнага і ўсходняга боку, працякала рэчка Гражулка, якая ўпадае ў Сольчу.
Від гэтага дома захаваўся толькі на малюнку Напалеона Орды. У другой палове ХІХ ст. стары маёнтак праз эксдывізію2 адышоў у дзяржаўную маёмасць і прыйшоў у заняпад. Пусты, без мэблі будынак быў на мяжы зруйнавання.

Стары дом Путкамераў у Бальценіках. Акварэль Напалеона Орды
Вядома, што пачуцці паэта пасля страты Марылі абяссмерчаны ў 4-й частцы «Дзядоў». Падзеі, перажытыя паэтам, адбыліся ў Вялікіх Салечніках падчас яго гасцявання ў ксяндза Паўла Грынашкевіча. Падчас гасціны ў свайго далёкага крэўнага Міцкевіч меў магчымасць сустрэцца з Марыляй, якая жыла за адну мілю ад Вялікіх Салечнікаў. Замужства з Путкамерам — гэта лёс Марылі, але калі б не гэта, дык Адам Міцкевіч не меў бы нагоды прыехаць у Вялікія Салечнікі да свайго далёкага сваяка ксяндза Паўла Грынашкевіча (яго можна лічыць правобразам ксяндза Пятра з «Дзядоў»), і літаратура, напэўна, не мела б гэтакіх геніяльных твораў.
Падчас шпацыраў з ксяндзом Грынашкевічам Адам Міцкевіч даведаўся, якімі дарожкамі ходзіць яго каханая. З цяжкасцю перамог у сабе жаданне паехаць у Бальценікі. Аднак спакуса была вялікай, бо Міцкевіч амаль што год не бачыў Марылю. Ужо пяць месяцаў яна была замужам, і бура патроху сціхала ў яго душы. Але, магчыма, у яго сэрцы яшчэ жыла надзея, што не ўсё страчана, што Марыля, аддаўшы сваю руку Путкамеру, цалкам не выкрасліла яго са свайго сэрца і сваёй памяці. Ірваўся да яе, бо жыла яна гэтак блізка, і цешыў сябе надзеяй, што там, сярод сінеючых бароў, якія раслі вакол Бальценікаў, чакае самая дарагая на свеце жанчына.
Сутыкнуўшыся з Путкамерамі ў Вільні, Міцкевіч атрымаў запрашэнне наведаць Бальценікі і гасцяваў тут два тыдні. Тым візітам датуюцца самыя рамантычныя спатканні з Марыляй. Верагодна, не заўсёды яны маглі афіцыйна бачыцца і таму мусілі ўцякаць на патаемныя спатканні. На адно з гэтых спатканняў паэта паклікала цыдулка: «У 12 вечарам, у чацвер, у тым месцы, дзе паламаная галінка, а калі нешта архіважкае перашкодзіць, тады на мяжы, у пятніцу, а пятай гадзіне».
У часы, калі Бальценікі наведваў Адам Міцкевіч, перад старым домам рэчка пераўтваралася ў своеасаблівае возера (мора Марылі). Месцам, вызначаным Марыляй — «дзе была паламаная галінка», трэба лічыць Гаік, у якім да нашага часу захаваўся вялікі камень з глыбока выбітым крыжам. Лічыцца, што крыж выбіла сваімі рукамі Марыля, якая пасля таго, як паэт незваротна пакінуў наш край, улетку штогод доўгія гадзіны гуляла ў Гаіку, прыгадваючы кароткія, але незабыўныя да канца жыцця хвіліны рамантычных сустрэч.
Гэтая версія з’яўлення крыжа на камені выкладзена ў мемуарах Антонія Адынца. Верагоднасць яго версіі ўзмацняе тое, што ён разам з Чачотам гасцяваў у Бальценіках у 1823 годзе, праз год пасля двухтыднёвага знаходжання тут Міцкевіча. Як піша Антоні Адынец, Марыля часта наведвала лясок, дзе знаходзіўся вялікі плоскі камень «з выкаваным на ім ёю самой крыжам, пакладзены як надмагільная пліта — Мінуламу і Надзеі».
Але існуе легенда, што Адам Міцкевіч сам, у памяць аб рамантычным каханні да Марылі з Верашчакаў, высек крыж на гэтым валуне.

Камень Марылі, лета 2023 г.
Той камень сёння аточаны павагай турыстаў і навакольнымі людзьмі. Ён ляжыць на невялікай палянцы, і дрэвы вакол яго памятаюць гарачы шэпт паэта. Недалёка цячэ срэбная Сольча — тагачасная мяжа Лідскага і Віленскага паветаў. Гаік Марылі — невялікі лясок прыкладна ў 500 метраў ад цэнтральнай сядзібы — мае важнае мемарыяльнае значэнне. Пра свой Гаік графіня ўспамінае ў лісце да Тамаша Зана, апісваючы клопаты пра гэты прыгожы куток сядзібы, у якім, праўда, няма зеляніны, няма кветак і пераважаюць змрочныя цёмныя яліны, але, як пісала Марыля, нягледзячы на гэта, «ён захоўвае для мяне шмат прыгажосці». Тут адбываліся сустрэчы паэта з яго каханай, і народная легенда пра гэта жыве і сёння.
Вось як Адынец апісвае сваё знаёмства з мужам і жонкай Путкамерамі ў 1823 годзе: «…пасля вяртання (у Вільню. — Л. Л.) я… знайшоў вельмі мілы для мяне сюрпрыз — афіцыйнае запрашэнне панства Путкамераў, каб разам з Чачотам прыехаў да іх на Тройцу. Абое яны былі мне незнаёмыя, а ліст абое напісалі такі сардэчны, што хоць бы нават раней сам не меў ахвоты, ён бы дадаў мне жадання да гэтага знаёмства. Марыля здаўна была для мяне аб’ектам цікавасці, і калі ў красавіку 1822 года яна з мужам была пару тыдняў у Вільні і я ведаў, што Адам і Чачот у іх бывалі, — не раз шукаў спосаб, каб хоць бы здалёк яе ўбачыць, не смеючы, зразумела, ніводнага з іх прасіць, каб увялі мяне ў яе дом, і нават згадваць ім пра гэта… У сваёй прыпісцы да ліста мужа, пра які размова, яна паведамляла, што ўжо ведае мяне з выгляду і таму хоча бліжэй пазнаёміцца. <…> Ліст самога пана Ваўжынца быў напісаны з паважнай ветлівасцю, але і ён таксама не менш падобны быў па тоне да сяброўскага. Ён крануў маё сэрца, пагатоў я меў дагэтуль супраць яго заўсёды нейкую перасцярогу з „Дзядоў“, уяўляючы сабе яго (як, магчыма, і не адзін чытач уяўляў) нейкім ганарыстым багатым арыстакратам, які толькі „золатам і зіхатлівым сваім гонарам“ прывабіў да сябе сэрца „ветранай істоты“. Праўда, Чачот мне заўсёды казаў, што гэта найвысакароднейшы, наймілейшы чалавек і што ўсе яго паводзіны адносна Адама насілі заўжды найвышэйшую шляхетнасць, якую сам Адам цалкам прызнаваў. Аднак ніколі, асабіста сам не пазнаўшы, я не мог бы паверыць чужой думцы, што той „захопнік Марылі“ быў сапраўды такім высокаідэальным і нават, так скажу, такім паэтычным ва ўсіх адносінах чалавекам».

Марыля з Верашчакаў Путкамер. Пачатак ХІХ ст. Невядомы мастак
З Вільні ў Бальценікі Чачот з Адынцом ехалі ўсю ноч, і на ўзыходзе сонца ў нядзелю пад’ехалі да мураванага дома ў Бальценіках — аднапавярховага, але прасторнага. У доме ўсе яшчэ спалі, але стары добры слуга Дамінік, які спаў у сенцах, чакаў гасцей і правёў іх у падрыхтаваны пакой, дзе маладыя людзі тут жа моцна заснулі. Але хутка слуга быў змушаны іх разбудзіць, сказаўшы, што варта спяшацца з апрананнем, каб не спазніцца ў Беняконі на імшу. «Таму ледзь мы толькі апрануліся і ён прынёс нам каву — адчыняюцца дзверы, уваходзяць гаспадар і гаспадыня, гатовыя ўжо сесці і ехаць у касцёл. Увайшлі, трымаючыся пад руку, і гэтая хвіліна першай сустрэчы стала для мяне нібы камертонам пачуццяў, якія, развіваючыся і мацнеючы на працягу далейшых шматгадовых стасункаў, назаўсёды, аднак, захавалі больш-менш той жа тон і каларыт. Ён цалкам супярэчыў чаканням, гэта значыць уяўленню, якое ўжо здаўна ў мяне склалася і якое нават новыя аповеды Чачота (бо мы ў дарозе найчасцей пра гэта размаўлялі) змяніць неяк не маглі. Яго я заўсёды ўяўляў сабе як паважнага земскага грамадзяніна з панскім выглядам і далікатнасцю. Яна ж — гераіня! Ахвяра! — уяўлялася мне не інакш як змрочная, бледная, маўклівая, нібы пакорная статуя на магіле. Аж вось з’яўляецца пара! Ён — статны, прыгожы малады чалавек са светлымі валасамі, якія завіваюцца кольцамі, і з такім філарэцкім выразам у вачах і твары, што аж сэрца пацягнула да яго. А яна — у белай сукенцы пад шыю, на таліі падпяразаная чорным паяском; валасы каротка стрыжаныя, аднак спадаюць на шыю з-пад круглага саламянага капялюшыка; са светлым, румяным тварыкам, гуллівай усмешкай, падалася мне тыпам наймілейшай пансіянерачкі», — успамінаў сябар Міцкевіча.
Гаспадары і госці ўчацвярых паехалі на імшу ў Беняконі, прычым Адынец заўважае, што хоць Путкамер і быў евангельска-рэфармацкага веравызнання, але гэта яму зусім не перашкаджала разам з жонкай маліцца ў каталіцкім касцёле. Але асабліва ўразіла віленскага госця тое, што адразу, у першых размовах з гаспадарамі пра паэзію, яны абое свабодна і натуральна так часта ўспаміналі імя Адама, як быццам і не было на свеце «Дзядоў». Адынец нядаўна быў у Адама Міцкевіча ў Коўне, і Марыля з цікавасцю, хоць і без выразнага напору, распытвала яго пра пані Караліну Кавальскую, жонку ковенскага лекара Юзафа Кавальскага, палюбоўніцу паэта ў яго бытнасць настаўнікам у Коўне. Антоні Адынец заўважаў: «Зразумела, што Адам не перастаў у думках цікавіць саму пані, але гэта рабілася з ведама і дазволу мужа, які сам успамінаў пра яго са шчырым захапленнем як пра паэта і з павагай і зычлівасцю — як пра чалавека. <…> …гэта быў вынік… некалі заключанай між імі дамовы, або, прынамсі, шчырага і адкрытага ўзаемапаразумення на гэты конт. Але таксама былі моманты, што яна яўна ўдавала, і гэта ў прысутнасці мужа, калі не проста ахвяру, то прынамсі гераіню, якая сама сябе прынесла ў ахвяру. Вынік усяго гэтага ў маім перакананні быў такі: гэтая паэтычная ідэалізацыя самой сябе ва ўласных сваіх марах і думках замяшчала ёй сапраўдную страту каханага і нават цалкам напрыканцы заняла яго месца; муж жа, дасканала разумеючы гэты стан эфірнай летуценнасці ўяўлення, пасля роздуму і рашэння дазваляў ёй свабодна буяць і вычэрпвацца да канца, каб нарэшце, змучаная і насычаная дасягнутай у марах славай гераіні, яна паціху вярнулася на зямлю, да сапраўднага жыцця. Гэтае мудрае псіхічнае прадбачанне спраўдзілася з цягам часу да дробязей. А чалавек жа, які мог гэта прадбачыць, павінен быў быць і быў сапраўды незвычайны; не дзіва, што, супакоеная ў сваім уяўленні адносна сябе, яна нарэшце павярнулася сэрцам і прывязалася да таго, хто так разумна і шляхетна дапамог ёй дасягнуць гэтага супакаення».
За тры дні гасціны ў Бальценіках Адынец і Чачот вычарпалі ўсе магчымыя вясковыя забавы. Хадзілі і ездзілі конна на прагулкі — каля збожжа, у вёску і ў лес. Абедалі ў садзе пад адкрытым небам, а падвячорак весела елі ў гаі, хоць менавіта там знаходзіўся вялізны плоскі камень з выкаваным на ім крыжам. Вечарам ездзілі на вальдшнэпаў і стралялі ў ластавак над сажалкай… Апрача размоў, музіцыравалі, дэкламавалі вершы ці спявалі. Сам Ваўжынец (жонка называла яго на англійскі манер панам Лорэнсам) меў дзіўна гарманічны і прыемны голас. Асабліва ён любіў спяваць французскія жаўнерскія песні часоў сваёй ваеннай маладосці або нашы народныя. З гэтых апошніх у памяці Адынца асабліва засталася адна беларуская песня з вельмі прыгожай мелодыяй, на тэму якой Марыля зрабіла цудоўную варыяцыю на фартэпіяна. Марыля на тыя часы была выдатным музыкам, і яе ігра знаходзіла водгук у сэрцы. Адынец цытуе ўрывак з гэтай народнай песні «Да цераз мой двор» на беларускай мове, без перакладу на польскую:



