«Ты як здароўе тое…». Больцінікі, Гайцюнішкі і Падварышкі

- -
- 100%
- +
«Гэтыя словы ў вуснах мужа Марылі, выкананыя з яе ўласным акампанементам, маглі стаць самым пераканаўчым каментаром тагачаснага іх жыцця. Для мяне ж гэтае першае трохдзённае гасцяванне ў Бальценіках зрабілася пачаткам вельмі шчырага і сардэчнага сяброўства, якое, з аднаго боку, ужо выстаяла, дык і з другога — пратрымаецца аж да смерці», — гэтымі словамі заканчвае Адынец успаміны пра гасцяванне ў Бальценіках.
Цікавымі з’яўляюцца сведчанні і меркаванні Антонія Адынца пра далейшую гісторыю шлюбных адносін Ваўжынца і Марылі Путкамераў. Марыля пастаянна памятала пра сябе як пра аб’ект пачуццяў вялікага паэта, як пра крыніцу яго першага натхнення і славы, як пра «новую Лауру ці Беатрычэ», але ў рэальным жыцці яна была ўзорнай і шчырай сяброўкай мужа, пакуль урэшце агульная бацькоўская любоў да дзяцей аб’яднала іх агульнымі пачуццямі і думкамі, так што іх сумеснае жыццё з гэтага часу і аж да смерці было шчаслівае.
Сябры сям’і пісалі, што дом Путкамераў для гасцей быў надзіва мілым і дзіўным паэтычным храмам. Усё тут, здаецца, дыхала і было прасякнута паэзіяй, пачынаючы ад самой гаспадыні і да самых нязначных дробязей штодзённага жыцця. Ні ў чым не было свецкай раскошы і багацця, але без перабольшання можна было сказаць, што ва ўсім адчувалася раскоша і багацце паэтычнае, гэта значыць, што ўсё ў доме рабілася хутчэй для эстэтычнага ўспрымання і задавальнення, а не з-за рэальных патрэбаў або матэрыяльнай карысці. Нават і жаночая хатняя гаспадарка, якой Марыля ахвотна і самастойна займалася. Напрыклад, яна заглядала ў кароўнік, стайню і ў фальварак не дзеля прадуктаў або нагляду панскім вокам. Каровы на яе покліч самі падыходзілі да ейных рук, коні ў стайні, асабліва любімая ездавая Гурыска, азіраліся на яе, калі Марыля заходзіла, бо звычайна яна мела ў хустачцы соль або цукар. На яе голас пасля абеду да ганка з усіх бакоў двара з крыкам збягаліся розныя птушкі і атачалі яе, бо яна сыпала ім з кошыка зерне або сабраныя са стала драбкі (магчыма, адсюль у «Пане Тадэвушу» вобраз Зосі з яе птушкамі). На тварах слуг была бачна жывая ветлівасць, і кожны з іх быў гатовы да загадаў гаспадыні, бо яна не патрабавала поўнай паслухмянасці, але была ў доме як бы «старэйшай паненкай», якая прыехала ў вёску на канікулы, сама забаўляецца напоўніцу і рада кожнаму зрабіць прыемнасць. Сапраўднае жаночае кіраванне домам было ў руках «старой гаспадыні» Грындзавай — былой нянькі гаспадара.
Праўнучка Ваўжынца і Марылі Путкамераў Яніна Жаўтоўска3 пісала пра сваіх прадзеда і прабабулю: «Прадзед Ваўжынец любіў паляваць і гасцяваць па суседзях і не любіў праводзіць час у сваім доме. Яго жонка, істота сапраўды паэтычная, хадзіла ў белай сукні і вялікім саламяным капелюшы, не цікавілася практычнымі справамі, але, седзячы на галінцы квітнеючай яблыні, чытала Байрана». Падобнае пісаў і Антоні Адынец: «Дык вось, я, як відавочца, сцвярджаю, што не ведаў іншай асобы, якая б так, як яна, пасавала для аб’екта „паэтычнага кахання“, і гэта асабліва з боку паэта студэнта і адэпта „прамяністай“ тэорыі кахання. Не магла яна называцца прыгожай ва ўласцівым значэнні гэтага слова, але мела тую прыцягальнасць і прывабнасць, якія складаюць сутнасць і галоўную чароўнасць прыгажосці. Талія стройная, рост сярэдні, твар ясны і мілы, вочы блакітныя, погляд выразлівы і чулы, усмешка наіўная і разам гуллівая — дакладны выраз разумовага і эмацыйнага настрою яе душы. Начытаная, экзальтаваная, больш марыць, чым думае, яна сама па сабе ніколі не выйшла на святло з вясёлкавай імглы сваёй фантазіі, але менавіта сама гэтая імгла рабіла так, што таксама і для вачэй назіральнікаў яна ніколі не здавалася звычайнай, простай асобай; але дастаткова было паглядзець праз прызму кахання, каб заўважыць у ёй незямны, асіянаўска-воблачны феномен».
Да Путкамераў цягнуліся суседзі, з-за паэзіі Адама Міцкевіча Марыля для іх была «магнітам». Яна ўсім была рада і кожнаму рабіла нешта прыемнае. У лісце да Яна Чачота ва Уфу пасля 1829 года Марыля пісала, што зладзіла свой будуар і бібліятэку. Хацела б мець пару добрых кніг пра гаспадарку, агарод, птушках і інш. Яна не проста перапісвалася са ссыльнымі філаматамі і перажывала за іх, але і ўсяляк дапамагала матэрыяльна, пасылала кнігі, падарункі. Прафесар Пігонь назваў Марылю «заступніцай, закліканай вышэйшай сілай, і дабрадзейкай ссыльных філаматаў».
Ваўжынца Путкамера заўсёды моцна турбавалі лёс і жыццё сялян, і таму Марыля вельмі старанна яму дапамагала і апекавалася дзецьмі і хворымі ў вёсцы альбо рыхтавала і пасылала ў поле бочкі квасу ці воцатнай вады для тых, хто працаваў падчас летняй спякоты. Таксама яна ахвотна суправаджала мужа пры наведванні ім сялянскіх хат, а часта нават і на паляванні з хартамі, якія ён палка любіў, а яна была каля яго смелай амазонкай. Нават яго паляўнічыя сабакі, якіх Марыля зусім не любіла, былі для яе аб’ектам апекі, бо яна ведала, што гэта падабаецца мужу.
Антоні Адынец цікава апісвае паляванне, на якое Ваўжынец Путкамер запрасіў яго ў верасні 1825 года. Трошкі камічным быў момант прыезду паэта ў Бальценікі: «…я ўвайшоў у пакой… падчас апавядання пра выдуманую маю смерць ад рук забойцы, якім уражваў абаіх гаспадароў, проста з Вільні прыбыўшы, іх стары сусед, які выдумаў гэта падчас перакусу ў карчме, калі пасля цярплівага праслухоўвання ўсяго гэтага доўгага аповеду я сам прадставіўся яму як жывы, а ён гэта палічыў за недарэчны жарт „малакасоса“. Гэтая дробная на першы погляд акалічнасць разам са спачуваннем з іх боку і маёй удзячнасцю яшчэ больш, вядома, умацавала сувязі ўзаемных адносін; а гэта паляўнічае гасцяванне ў іх паказвае такую поўную і выдатную карціну грамадскага жыцця і звычаяў на той час у Літве, што, хоць у сціплых рамках шляхецкага маёнтка, можа сысці за мініяцюрную копію даўняга панскага палявання…».
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «Литрес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на Литрес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.
Примечания
1
Далей успаміны Антонія Адынца я буду цытаваць па выданні: Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск: Лімарыус, 2020.
2
Эксдывiзія — юрыдычны тэрмін, у Літве існаваў закон, па якім у выпадку неплацежаздольнасці даўжніка яго маёмасць не прадавалася з аўкцыёна, а дзялілася на часткі адпаведна колькасці крэдытораў.
3
Успаміны Яніны Жаўтоўскай цытуюцца па выданні: Janina z Puttkamerów Zółtowska. Inne czasy, inni ludzie. Londyn, 1998.



