- -
- 100%
- +

Глава 1
Нязваны госцьКажуць, калі вярнуцца дадому намнога раней, можна застаць нечаканага гасця. На кухні ці, хутчэй за ўсё, у зале каля шаф – там, дзе гаспадары звычайна прыхоўваюць каштоўныя рэчы. Дарэчы, вы для яго таксама будзеце нечаканасцю, бо крыху сапсуеце яму задуму. Пасля гэтай яскравай сустрэчы незвычайны госць імкнецца як мага хутчэй пакінуць ваша жытло, магчыма, з-за тэрміновых спраў, якія раптам узніклі дома ці на працы. Шкада, што часцяком вельмі хутка і нічога не патлумачыўшы: ад яго шмат чаго цікавага можна было даведацца. Але не ў маім выпадку.
У той цёплы восеньскі дзень я адправіўся ў «зялёную школу» – так мой бацька называе месца, дзе час не цягнецца і дзе ніхто не стаіць над душой. Прычына была не ў раптоўным жаданні адчуць сябе незалежным ці знайсці нейкі душэўны спакой. Не, уся справа ў страве, якую лепш падаваць халоднай, як казалі французы.
Мае бацькі даўно планавалі ваяж у Гродна – пахадзіць па гістарычных вуліцах, паглядзець на замкі, пасядзець у рэстаранчыках. Адным словам – адпачыць. Як паўнапраўны сямейнік, я таксама бачыў сябе ў гэтай вандроўцы. Ды не ценню старэйшых, а на першым плане. Прадумаў усе маршруты, дзе і як будзем хадзіць. Бегчы наперад паравоза мне ніхто не замінаў, таму далей былі падрыхтаваны шэдэўральныя сцэнарыі: адкуль і як больш яскрава падаць сябе ўсяму свету. Вядома, з Гродна пачнуцца мае першыя крокі па залатым шляху блогера.
Калі выдалася вольная часіна – мае, нарэшце, вырваліся на адзін дзень сярод тыдня. Без мяне. Пакінулі, як малога, пад пільны нагляд Лабрыка. Гэта было, як абухам па галаве.
Мой бізнес-план разваліўся, так і не пачаўшыся. Я прасядзеў увесь вечар, натапарыўшыся, як дзікабраз сярод ваўкоў. Дыпламатыя нічога не дала. Застаўся ваенны адказ, але ніводзін з варыянтаў не падыходзіў: у большай ці меншай ступені ўсе шкодзілі мне самому. Адзін варыянт, нарэшце, быў прыняты. Вы можаце ўспамінаць сваё юнацтва колькі хочаце, аднаўляйце там свае пачуцці, а я – кампенсую гэтую маральную шкоду прагулам.
Бацькі выехалі раней, ціха, намагаючыся не разбудзіць. Дарэмна. Я ўжо ляжаў з расплюшчанымі вачыма. Пасля таго, як ціха шчоўкнуў замок, я скруціў дулю пад коўдрай: устану не раней другога ці трэцяга занятка.
Трэба аддаць Лабрыку належнае – выконваў абавязкі наглядчыка занадта старанна. Ён рабіў усё магчымае, каб стаць маім ворагам назаўсёды. Па-першае – сцягнуў з ложка цёплую коўдру, нават яшчэ да таго, як звычайна падаваў голас мой будзільнік. Давялося цягнуцца на кухню і насыпаць сабачыя прысмакі. Потым лабрадор весела брахаў, апавяшчаючы суседзяў, што нехта застаўся дома. Гэта не той саліст, каб выконваць сваё а капэла ў адзіноце: няма глядачоў – няма і канцэрту. Пра гэта ведала і суседка-пенсіянерка. Калі не ведаеце, то яна ўзяла на сябе абавязкі майго асабістага назіральніка яшчэ з таго часу, як мы сюды пераехалі.
Заставацца было рызыкоўна: пільная баба Надзя ведала мамін нумар. Далей магла загудзець і мая трубка. Гэтакая ланцуговая рэакцыя. Стасік, ты дзе зараз? Што робіш? Камеру не ўключыш? А ну пакажы!.. – Лішнія пытанні мне зараз ні да чаго.
Я з задавальненнем пакінуў рэтрывера, разам з усімі яго здольнасцямі і клопатамі. Хай лепш ахоўвае кватэру. Шчыра кажучы, ахоўнік з яго – хіба толькі для сябе, злодзеям сам можа дапамагчы, каб справа пайшла Дай толькі палашчыцца! Ён заўсёды з табой у змове, асабліва калі трэба нешта выдурыць з халадзільніка.
Выйшаўшы з дому, я накіраваўся ў Лошыцкі парк. Стары, ціхі, утульны парк, асабліва сярод рабочага дня. З дрэў яшчэ не ўсё лісце апала, таму школа павінна была выдацца калі не зялёнай, то хоць жоўта-аранжавай. Сярод акацый, клёнаў, бяроз і павіслых вербаў. Але ж і надворе перайшло на бок бацькоў: неба пачало зацягвацца шэрымі хмарамі, толькі пабачыўшы мой кірунак. А калі нарэшце апынуўся пад покрывам старых алей, пайшоў дробны, брыдкі дождж. Сыпануў зацята, каб нават не сумняваўся. Надзея засталася на альтанку ці крытыя лавы, што размясціліся ўздоўж азярца.
Здаецца, сёння ўвесь свет супраць мяне. Пад плоскі дах альтанкі, што трымаўся на чырвоных калонах, набіліся пенсіянеры, замест таго, каб ціха бадзяцца недзе па сцежках парку. Ім і гэтага было мала – рашуча акупавалі ўсе крытыя лавы. Толькі самую крайнюю захапілі тры тыповыя персанажы: расклаўшы паміж сабой арэшкі, налівалі нешта са схаванай у пакеце бутэлькі. Адзін з іх, круглашчокі, няголены, у пацёртай куртцы, падмігнуў мне:
– Чацвёртым будзеш?
– Ідзі адсюль, – буркнуў другі, цыбаты, бялявы, без пярэдняга зуба, у скуранай кепцы. Сядзеў, закінуўшы нагу на нагу. Ён выразна нацэліў на мяне носік бруднай красоўкі, якая ўжо шмат чаго пабачыла. – Пакуль не дапамаглі.
– Лепш не стой тут, я за гэтага дурня не адказваю, – параіў трэці, мабыць, самы інтэлігентны ў гэтым гурце: у чорным паліто, у акулярах у рагавой аправе з тоўстымі шкельцамі.
– Чуеш, Рэнтген, – узеўся бялявы. – Ты за сваімі ілюмінатарамі разгледзець не можаш, хто тут геній!
Няголены загагатаў, як стары гусак, потым зірнуў на мяне і развёў рукамі:
– На жаль, усе квіткі раскупленыя
Я не з тых, каб упарта, да пераможнага канца, змагацца з даждом.
Куды падацца? Валэндацца па гандлёвых цэнтрах без капейкі ў кішэні – яшчэ тое выпрабаванне. Ды калі і ёсць якія грошы, то без вясёлага сяброўскага гурта марнаваць іх няма ніякай радасці. Хіба што прыцягнуцца на апошнія ўрокі. Так і бачу твар Ніны Іванаўны, нашай класнай кіраўніцы, якая выслухоўвае маю бязглуздую гісторыю пра спазненне: ніводная жылка не здрыганецца. Быў на прыёме ў доктара? Сведкам у паліцыі? З тым жа поспехам можаце агучыць версію пра выкраданне іншапланецянамі ці падзенне метэарыта ў вашым двары.
Пасля таго, як агучваецца кранальная гісторыя, у якой ужо памірае чацвёртая па ліку бабуля за год, побач з якой вы стаялі ў скверы, чакаючы хуткую, Ніна Іванаўна выдае свой фірмовы выраз, дзе мяняецца толькі прозвішча: «Бяляк, ты мне яшчэ раскажы, як цябе ў паралельны сусвет зацягнула – будзе куды цікавей!» Ну, Бяляк – гэта маё прозвішча, але да Бяляка там пабывала ледзь не палова хлопцаў з нашага класа.
Выкідваць белы сцяг я не збіраўся.
План «бэ» нарадзіўся на месцы. Бацька казаў: калі ў адным месцы закрываецца адна магчымасць – у другім адкрываецца іншая. Трэба толькі добра агледзецца. Другая магчымасць чакала дома, за чорным маніторам кампютара. Я з таго малалетняга кантынгенту, які псуе гульню дарослым нават адной сваёй прысутнасцю ў анлайне. Колькі б яны там ні кіпелі, але без «школаты» танчыкі, караблі ці што іншае выглядалі б не так яскрава. Ну што ж, можна хоць неяк кампенсаваць звычайны дзённы дэфіцыт нашага брата. Спадзяюся, што Лабрык ужо адумаўся і паставіць на паўзу свой сольны канцэрт.
Кінуўшы апошні позірк на качак, якія таўкліся пад вербамі на вастраўку і якім той дождж быў да лямпачкі, я павярнуў назад.
Вяртаючыся, я зусім забыў пра пагрозу. Яна сядзела ў падезде, на лаўцы пад старай рабінай, у вобразе бабы Надзі. Мой нязменны шэф-вартаўнік. Яе гэты дожджык палохаў, як тых качак. Звычайна сядзіць разам з сяброўкамі – неразлучным гуртком сочаць за ўсімі падзеямі ў двары, міма мыш не праскочыць. Усё бачаць, усё ведаюць, пра ўсё даложаць. А як няма навін – прыдумаюць свае. Бацька называе іх камерамі відэаназірання. З аднаго боку добра – можна ровар кідаць каля прыступак, не прычапіўшы да парэнчаў. З другога боку: каму падабаецца, што цябе прасвечваюць як на рэнтгене?
Гэтым разам баба Надзя сядзела адна, захутаўшыся ў цэлафанавы дажджавік, але яна была найбольшай пагрозай. Разварочвацца было позна: наш падезд самы першы ад вугла, з-за якога я і выскачыў проста ў гэтую пастку.
– Стасік, ты ўжо са школы? – спытала яна нявінна, але па вачах было бачна, што ўжо зрабіла выснову.
Гэтая выснова не сёння – заўтра дакладна дойдзе да вярхоў.
– Настаўніца дамоў адправіла, сказала, каб не заносіў заразу, – кінуў я ў адказ, закехкаў, але атрымалася так сабе.
Баба Надзя на сваім вяку і не такіх сімулянтаў сустракала. Яна лічыла сімулянтамі нават тых, каго хуткая дапамога забірала ў бальніцу. Мусіць, таму, што сама была дужай бабуляй, якую не брала аніякая хвароба. Таму я хутчэй праслізнуў да ўваходу.
Адчыніўшы дзверы, я зразумеў, што план «бэ» таксама ляснуў. З парога адчуў, што нехта ёсць ў кватэры. У маім пакоі. Не бацька, і не маці – я заўсёды пазнаю, хто дома. Нехта чужы. Каля парога аніякага абутку, які выдаў бы кагосьці са знаёмых. А свой абутак мы заўсёды хаваем у шафу, каб не надаваў лішніх водараў.
І моцны пах свежаскошанай травы, такі шчыльны, быццам нехта прыцягнуў цэлы стог і рассыпаў па ўсіх пакоях.
Каб нікога не было, на рукі ўжо кінуўся б ашалелы Лабрык, круцячы хвастом і намагаючыся абмыліць твар. Яму ўсё адно, колькі часу прайшло ад апошняга развітання: дзень, паўдня, ці ўсяго трыццаць хвілін – будзе паміраць ад шчасця. Галоўнае, каб твой шлях далей ляжаў да кухні. А тут ён нават не думае выглядаць.
Унутры мяне ўсё пахалодала. Я ціха падаўся назад, за парог. Бегаю я не так добра, як мае сябры, але зараз гатовы быў даць ім фору.
– Куды ўцякаеш? Баішся? – данёсся звонкі, вясёлы хлапечы голас. – Давай сюды!
Я так і застыў: добры ж у яго слых! Як клацае дзвярны замок яшчэ можна пачуць, а вось мой ганебны адступ – як можна? Што рабіць? Назад да бабы Надзі, няхай выклікае паліцыю? Або паглядзець, хто такі? Я сунуў руку ў кішэню, дзе ляжаў тэлефон: набраць не паспею Голас прыязны, можна і праверыць, а калі накінецца, то хай паспрабуе дагнаць па прыступках! З дзевятага па першы паверх мы з Колькам гэта ўмелі рабіць, хутчэй, чым дабярэцца ліфт. Правяралі ўжо не раз.
– Ну, доўга чакаць буду?!
– Не хапала яшчэ тут ад цябе бегаць! – выдаў я, сам не разумеючы, чаму заўсёды раблю не тое, што думаю.
Я бокам дзвінуўся да свайго пакоя, дзверы на ўсякі выпадак пакінуў адчыненымі.
Маім вачам адкрылася карціна, якая зусім не рабіла гонару высакароднаму лабрадору. Наш верны сябар і надзейны ахоўнік, разваліўшыся на падлозе сярод фантыкаў з-пад цукерак, каўтаў рэшкі сервелату. Самага дарагога, які толькі можна знайсці на паліцах крамы. Усё ж такі выдурыў! І ў каго?!
А далей я абамлеў, пабачыўшы, каму прадаўся гэты нягоднік.
Глава 2
ЗнаёмстваНа маім ложку бестурботна расцянуўся на ўвесь рост цыбаты юнак. Высокі, худы, як жэрдка, і загарэлы дачарна. Доўгія рукі і ногі, здавалася, жылі асобным жыццём – ні хвіліны не мелі спакою. Хлопец нагадваў багамола, якога незнарок занясло ветрам з вуліцы. У зношанай ільняной кашулі. У драных, падпярэзаных вяроўкай нагавіцах, на якіх латак было больш, чым кратараў на Месяцы.
Ложка яму не хапала, таму незнаёмец проста закінуў непамерныя ногі на кампютарны стол. Босыя, закарэлыя ад зямлі ступні ўжо змахнулі на падлогу клавіятуру. Здавалася, яшчэ трохі – і следам паляціць дарагі РК-манітор, разам з новымі калонкамі.
Нязваны госць бесклапотна ўплятаў маміныя цукеркі. З разложыстай, як мой пісьмовы стол, каробкі з залатым цісненнем – той самай, што тата ўчора ўрачыста падарыў маме на дзень народжання. У ёй, як салдацікі на пляцы, роўнымі шарэнгамі пастроіліся пірамідкі з рознымі начынкамі, гатовыя ваяваць за добры настрой увесь тыдзень, калі не два. Мы з бацькам вырашылі: падарунак – толькі маме, таму ў гэтую прыгажосць руку не запускалі. Цяпер гэтыя шакаладныя салдацікі ў залатых мундзірах з жахлівай хуткасцю гінулі адзін за адным: ад цэлай роты засталіся лічаныя адзінкі. Залацістае вечка валялася недзе пад лапамі Лабрыка, туды ж ляцелі і бліскучыя абгорткі. Блакітныя вочы юнака весела смяяліся, быццам гэты падарунак чакаў толькі яго.
На жываце юнака скруціўся Маркіз. Жмурыўся, муркацеў нешта ва сне, незваротна страціўшы ўвесь свой арыстакратычны гонар услед за Лабрыкам. Наш руды, лахматы, незалежны ад усіх цэнтр Сусвету. Каму пястун, які ўмеў прылашчыцца, а каму – люты вораг. На нашых квадратных метрах ён цярпеў толькі маму, тату, мяне і крыху Лабрыка, калі той трымаў дыстанцыю. З усімі астатнімі ў яго стасункі ніколі не складваліся. Пра гэта сведчылі і пракушаны палец дзядзькі Валодзі, і разадраныя ногі цёткі Вольгі, і вуха майго найлепшага сябра Колькі, куды Маркіз па-майстэрску запусціў кіпцюры. Усіх яго ахвяр не пералічыш! Таму і Маркіз – недатыкальная асоба. А тут, на табе – муркае соладка на пузе незнаёмца, якога сустрэў першы раз у жыцці!
Але здзівіла не нахабства, і не здрада нашых гадаванцаў, а шавялюра, калі гэта можна было назваць шавялюрай.
Замест звычайных валасоў – трава! Расла проста са скуры! Ды не тая дробная брыдота, што на дэкаратыўных газонах, яшчэ і абскубленная дворнікамі пад корань. А сапраўдная прыгажосць – высокая палявая трава, што вымахала да каленяў! Па-веснавому свежая, ярка-зялёная, налітая сокамі, поўная жыцця. Не тарчала венікам ці дрэнна складзеным стогам, а падымалася роўным, травінка ў травінку, прыгожым снапом. Бачна было кожную сцяблінку, і ўсе яны шчыльна трымаліся адна за адну. Не здзіўлюся, калі з яе палезуць розныя жучкі ды пачнуць распаўзацца па ўсім ложку.
Ад гэтай дзіўнай прычоскі і патыхала густым, апяняльным водарам, які запоўніў усю кватэру. Яму і праўда не пажадаеш мыць галаву часта. Лепш ні разу, каб аніводзін шампунь не пакінуў сваіх слядоў. Людзі па гэты пах імкнуцца выбрацца далей за горад, а тут на табе – сам прыйшоў!
Я не заўважыў, што стаю як дурань, утаропіўшыся ў гэтую купіну. У сталіцы цяжка кагосьці ўразіць сваім незвычайным выглядам, асабліва на Нямізе. Як ты ні выдумляй, як ні стрыжыся, як ні фарбуйся – хоць вогненным іракезам, хоць зебрай, хоць зялёным слоікам – не здзівіш. Хіба што слізгануць поглядам і пойдуць далей. А гэтаму і старацца не трэба – мільёны праглядаў за адзін ролік! Гарантавана!
– Чаго вылупіўся? – цукеркаед адправіў шакаладную пірамідку ў рот, летуценна закаціў вочы, потым пакасіўся на мяне. – Нешта не тое?
Я толькі ціха апусціўся на крэсла.
– Не тое, – пагадзіўся я, не зводзячы вачэй з травы, якая шавялілася, як жывая, у такт ягоным рухам. – Спаліўся. Заўтра разведка ўсё данясе, дастанецца па поўнай.
– Добра дастанецца?
Я нарэшце змог перавесці позірк на манітор, якому па-ранейшаму пагражалі закарэлыя ногі. Кіўнуў на матавую паверхню.
– Гэтае шчасце ў мяне забяруць, на тыдзень, давядзецца зноў «Цусіму» чытаць.
– Што за Цусіма?
– Ты яе і за год не адолееш.
Я не стаў тлумачыць, што «Цусіма» ад таварышча Носікава – гэта яшчэ кветачкі, бо ў бацькі на паліцах стаяла і больш цяжкая артылерыя, якую не вытрымае здаровы розум. Карла Маркса або Салжаніцына паспрабаваць не хочаце? А Оруэла на дэсерт не падаць? Як кажуць, на бязрыбі і рак рыба, а на бескампютарстве – і «Цусіма» піражок.
Чарговая цукерка паляцела ў бяздонны рот гаспадара купіны. Відаць, ягонае травяное багацце лепш расце на шакаладзе.
– Клопат вялікі! – махнуў ён рукой. – Насцягваў усякага барахла, было б за што турбавацца
– Барахло?! - я аж падскочыў на месцы. – Ды каб ты бачыў, колькі грошай аддалі за гэтае барахло!!! Ты хоць ведаеш, што гэта такое?
Дзівак быццам і не чуў мяне.
– Вось у нас быў клопат, калі Сіва-Мудр галаву згубіў – мы два дні шукалі! – Ён замахаў рукамі, раптам успомніўшы сапраўды нешта кранальнае. – Да нас Лаўрус з Элірыі прыбыў са світай, дамаўляцца аб раўнавазе, а мы галаву шукаем. Сіва-Мудр яе заўсёды губляе, ён гэта ўмее. Яго Вялікасці дураць галаву: і на Маяк завядуць, і на Кальдэры, на дзедаву рыбу, а мы ў гэты час – шукаем! Усім востравам, паўсюды, куды Дзічок і лыча не сунуў, а яна проста пад ложкам валяецца! Усе Сіву падазраюць, што той наўмысна закаціў, а яму што? Яму нічога не зробіш! Не скідваць жа са скалы разам з дарадцам
Я слухаў гэты варяцкі аповед, разявіўшы рот. Каму з нас зараз спатрэбіцца доктар – мне ці яму? Хаця, гледзячы на яго генетыку, у іх усялякае можа быць.
Толькі калі госць замоўк – трэба было пражаваць мамін ласунак, – я асцярожна спытаў:
– А ў вас – гэта дзе?
– Ды там, – махнуў ён кудысьці на верх шафы.
Я паглядзеў туды, але там з учарашняга дня нічога не змянілася: адзінока прыпадаў пылам бабулін куфэрак ды побач тырчала, уваткнутая ў шафу, старая іголка. Адзінае, што змянілася, пакуль я адсутнічаў, – былі прыадчыненыя аблепленыя налепкамі дзверцы шафы. Адтуль выпалі мае старыя джынсы. Вопратку я заўсёды акуратна складаю. Шафу таксама зачыняю, на ключ, каб не ўводзіць у спакусу Лабрыка. Ну гэта ж лагічна: самі не адчыняцца і самі не вываляцца!
– Ты з Нарніі? – узрадаваўся я. – Яна сапраўды ёсць?!
– З якой яшчэ Нарніі? – прамычэў госць з набітым ротам.
– Ну, з той, што ў кніжцы – тут я зразумеў, што знутры дзверцы не адмыкаюцца, але ўжо было позна – пад праніклівым поглядам коратка выдаў сусвет Клайва Льюіса.
На нейкі момант узнікла паўза, я чакаў, які ўзровень дурня мне прысвояць, але хлопец толькі весела засмяяўся.
– Нічога цікавага ў ім няма! Думаў, праверу, што хаваеш, а там адзін мотлах. – Гэты эксперт па інтэреры абвёў позіркам увесь мой пакой, светлы, чысты, добра абстаўлены, і чмыхнуў, быццам заглянуў у свінячы катух. – Назбіраў усялякай непатрэбшчыны, смярдзіць, цесна Як ты жывеш у гэтай бярлозе?
Я толькі адкрыў і закрыў рот: мабыць, на нядаўні рамонт мы дарма выкінулі грошы. Госць пачухаў Маркіза за вухам, ад чаго наш руды арыстакрат яшчэ саладзей замуркацеў.
– Значыць, з Каспіянам ты не знаёмы, – я зрабіў як мага больш расчараваны выгляд і павярнуўся да акна, за якім густа накропваў дождж.
Можаш тут і далей вылупвацца, на маю бярлогу. Без знаёмства з каралеўскімі асобамі ты мне тут не надта і патрэбны.
– Не ведаю я ніякага Каспіяна, – адмахнуўся прыбылец з Ненарніі. – Увесь свой востраў ведаю, і гасцей добра памятаю. Усіх, і Траўня ўсе ведаюць, а пра твайго Каспіяна ніхто нічога не чуў!
– А хто такі Травень? Прынц ці кароль? – спытаў я абыякава.
– Можаш лічыць яго прынцам.
– Пазнаёміш з ім?
– Травень перад табой ляжыць.
Можна было і самому здагадацца. Які з выгляду, такая і мянушка ці гэта яго сапраўднае імя?
Яшчэ адзін шакаладны салдацік быў бязлітасна выхаплены са свайго ўтульнага акопа, яго залацісты мундзір паляцеў на падлогу.
– Ну, калі так, перад табой сядзіць Стас! – Я спахапіўся і выпрастаў плечы, потым паважна дадаў. – Будучая зорка сеціва. Папулярны блогер. Лічы, табе пашчасціла, можаш не ўставаць – здыму ролікі пра цябе бескаштоўна.
– Хто такі блогер?
– Гэта той, хто робіць вялікія крокі для ўсяго чалавецтва! – У той момант у маёй галаве ўсё пераблыталася: думкі чамусьці прыйшлі з астранаўтыкі, ды яшчэ і згубілі ўсялякі сэнс.
– Куды робіць?
Я завіс. Сапраўды, куды? Спатрэбілася хвіліна, каб зляпіць з хаатычных думак нешта больш-менш прывабнае і пафаснае.
– На вяршыню грамадскай думкі! Каб змяніць людзей, палепшыць свет! – Я сам не разумеў, што нясу, але трэба было трымаць марку да канца. – Табе гэтага не зразумець, ты зусім з іншага свету.
Шчыра кажучы, я больш думаў пра славу, але хто ж вам прызнаецца? Шукайце такога ўдзень са свечкай.
Травень дажаваў апошнюю цукерку. Пакруціў пустую каробку з прыгожым цісненнем, быццам на іншым баку павінна было яшчэ нешта застацца. З надзеяй паглядзеў на мяне.
– Яшчэ ёсць?
– Яшчэ – хіба што ў краме, – я паказаў на акно.
Травень шпурнуў каробку Лабрыку – той падхапіў яе на ляту і з захапленнем узяўся ірваць на шматкі. Ён патрапаў Маркіза за вухам, затым асцярожна пераклаў на падушку, на якой засталіся асыпленыя травінкі. З лёгкасцю ўскочыў і прыціснуўся носам да шкла: на тым баку вуліцы, скрозь дажджавую імглу, праступаў аранжавы сілуэт гандлёвага цэнтра. Прыбылец з сілай пацягнуў ручку на сябе так, што я спалохаўся, каб не выдраў з мясам.
– Што яно ў цябе, прысохла? – спытаў ён, налягаючы.
– Дай пакажу, як трэба, – я адштурхнуў нашага дзікаватага госця і асцярожна павярнуў ручку ўбок. – Глядзі, вось так, а калі так павярнуць, то адчыніцца толькі зверху, будзе лёгкае праветрыванне ды не лаві ты раму, яна не падае! Гэта ж шклопакет! Цямнота ты!
Травень адпусціў раму, дачакаўся, пакуль я адчыніў вакно насцеж, і напалову высунуўся вонкі. Пакой напоўніў шум бясконцага патоку машын. Дыхнула вільгаццю. Следам уваліўся цяжкі смурод выхлапных газаў, які, як цунамі, змыў увесь той водар, што прынесла на сабе гэтая галава. Дагэтуль нястрымны хлопец адхіснуўся. Твар яму перакасіла так, быццам укінулі ў газавую камеру.
– Зачыняй! – закрычаў госць, заціснуўшы нос.
Я паспешліва зачыніў вакно, спалохаўшыся і сам.
Глава 3
Вялікае ў малым– Што ў вас тут за душагубка?! – Травень махаў рукамі, каб разагнаць нябачнае воблака чаду. – У нас няма такога паскудства!
– У вас – гэта дзе? – спытаў я ўжо другі раз.
І адвярнуўся, каб адабраць у Лабрыка рэшткі падарунка, але краем вока сачыў за дзіваком – той зноў прытуліўся да акна. Не вельмі яму карціла ва ўсім прызнавацца. Я скінуў куртку: у цёплым пакоі стала горача. Прысеў на ложак, паказытаў ката за вухам і працягнуў дазнанне сваім метадам:
– Ты дзверы забыўся зачыніць, а мы сочым, каб Маркіз не выскачыў Табе суседка адчыніла?
Травень толькі пасміхнуўся.
– Бярэш на дурня? Мой Дзічок і той хітрэйшы
– Хай і хітрэйшы, але вокны не выломліваю, як ты.
Ён па-сяброўску пляснуў па плячы.
– Клопат вялікі, з тваім вакном. Паглядзі яшчэ раз на шафу, што ты бачыш?
Я пакасіўся на шафу – там усё гэтак жа туліўся ў адзіноце стары куфэрак і тырчала побач іголка. Бабулі не стала год таму, тады мы і забралі гэты рарытэт. Невялікі, але цяжкі, быццам набіты цаглінамі. Я перабраў небагаты скарб адразу, як толькі гэтая абабітая латунёвымі палоскамі скрыня пасялілася на шафе. Нічога ў ёй цікавага не знайшлося: пажаўцелыя ад часу чорна-белыя фатаграфіі, пачак лістоў у старых канвертах, таксама пабляклых, люстэркі, грабеньчыкі і шпількі з класічнага жаночага арсенала, каралі ды сярэбраная касэтка.
Касэтка, здаецца, і была найцікавейшай рэччу. Пачарнелая ад часу, яна была аздоблена тонкай гравіроўкай з раслінным арнаментам. Толькі на кутах, дзе вечка зацерлі рукамі, праступаў цьмяны, халодны бляск. Я нават затаіў дыханне ў надзеі, што, адчыніўшы яе, убачу якую-небудзь сямейную рэліквію – пярсцёнак з чырвоным каменем, залатыя завушніцы ці хаця б медальён. Але ўнутры ляжала тая самая іголка, загорнутая ў прамасленую паперу. Доўгая, адпаліраваная да люстранога бляску, з залацістым шырокім вушкам, у якое толькі сляпы не трапіць ніткай. Старадаўняя, мабыць, дзявятнаццатага стагоддзя. Не ўяўляю, як гэтым увогуле можна было шыць.
Кажуць, дзедаўскія рэчы куды трывалейшыя за сучасныя, асабліва кітайскія. Простыя, але такія, што перажывуць само чалавецтва. Пазаўчора я паспрабаваў праверыць гэтае сцвярджэнне: як мага глыбей загнаў гэтую іголку ў дрэва. Дошку наскрозь не прабіла, але вытрымала! Так і пакінуў у шафе да наступных эксперыментаў.
Я нават залез на стул, каб разгледзець кожную драпіну, але як ні ўзіраўся, нічога новага там не знайшоў.
– А што трэба ўбачыць? – здаўся я, скочыўшы на падлогу.
Травень на галаву вышэйшы за мяне, а зялёным снапом на макаўцы дык і зусім чапляўся за люстру. Яму гэты стул – як сабаку пятая нага. Ён зрабіў крок да шафы, выхапіў іголку і працягнуў мне.
– Паглядзі ўважліва.
Прызнаюся, колькі я ні круціў іголку перад носам, нічога незвычайнага не выявіў. Ці то зрок у мяне пагоршаў, ці то не пад тым кутом гляджу. Хіба што зявіўся доўгі волас, мабыць, конскі, які звісаў з вушка.
– Яна чароўная?
– Ага, чароўная.
– Трэба прамовіць які-небудзь заклён?
– Ага, трэба. – Погляд госця стаў загадкавым.
– І што будзе? Адчыніцца партал у твой сусвет?
– Нешта будзе калі прамовіць: «У янруд і інвеп ыцйя цусян».
– На кітайскую мову падобна!
– Гэта не ваша кітайская. Толькі асцярожна, пакуль не вымаўляй гэта выразна.
Я некалькі разоў пад нос паўтарыў магічныя словы, пакуль яны добра не зачапіліся ў памяці. Не цярпелася хутчэй глянуць на той бок, дзе ў людзей замест валасоў – трава, і няма смуроду, як у нас Ды на безгаловага Сіва-Мудра хоць адным вокам зірнуць. Нават калі мне забароняць – выскачу за дзверы і проста там, на лесвіцы, паспрабую адкрыць партал. Вочы ў мяне гарэлі, а голас дрыжаў. Хваляванне перадалося і звычайна непарушнаму Маркізу – той сеў на падушцы і прыжмурыў зялёныя вочы. Усім выглядам ён не ўхваляў гэтага акультызму. Затое Лабрык падбадзёрваў, скакаў вакол і соваў пысу: ну, чаго марудзіш?
Я набраў у грудзі паветра і гучна, як мага выразней, прамовіў: «У янруд і інвеп ыцйя цусян»! – і махнуў рарытэтнай іголкай так, што ледзь не скінуў манітор.
Нічога не здарылася. Шафа ля сцяны, мой пісьмовы стол ля акна, заціснуты ў кут кампютарны стол ды ложак з катом – як стаялі, так і засталіся стаяць. Сярод усяго гэтага гарцаваў шчаслівы рэтрывер.




