- -
- 100%
- +
Я задраў галаву.
Вочы ўжо прызвычаіліся да паўзмроку, абрысы і дэталі пад купалам сталі выразнейшымі. Не адразу, але разгледзеў. Унутры ўсё пахаладзела, а ногі падкасіліся. На тытанічнай бэльцы ўладкаваўся сапраўдны цмок! Ну, не зусім цмок, бо без крылаў Не ведаю, як гэта перадаць. Згадаўся «Свет юрскага перыяду». Дакладней, брахіязаўры, дыпладокі. Людзі побач з гэтымі гігантамі здаваліся мышамі, бо той жа дыпладок даўжынёй метраў з трыццаць. Дык вось, адзін з іх здолеў узлезці пад столь – учапіўся ўсімі чатырма лапамі за бэльку і павіс спіной уніз. Толькі ў адрозненне ад кіношнага, гэты дыназаўр быў прыгажэйшы: бэжавы, з россыпам цёмных плям, як у леапарда. Па баках галавы гарэлі жоўтым дзве латунёвыя паўсферы.
– Калі ён зваліцца сюды, дык пачне падбіраць усё жывое, – з радасцю паведаміў экскурсавод па гэтым пекле. – Я берагу яго, каб ганяў усякую немач.
– Зараз і за нас возьмецца!
– Чакае, пакуль нас больш набярэцца, – пагадзіўся Травень і паказаў убок: на ферамоннай сцежцы зявіліся яшчэ два мурашы-монстры.
– Думаеш, ён нас зверху бачыць?
– Бачыць. Муху з пяці метраў разгледзіць.
Мяне кінула ў халодны пот, нягледзячы на гарачыню.
– Дык чаго мы тут пляцёмся?! – Хоць мы і так штосілы перастаўлялі ногі. – Трэба бегчы! Ды не сюды, а хавацца вунь пад той пагорак!
– Мы для яго як на далоні, – спакойна адгукнуўся праваднік. – Ён гэтае поле за секунду прабяжыць. Ты з ім і пры звычайным росце не зраўняешся. Нам лепей паспець да краю.
Пра схованку пад пагоркам можна было забыцца, да ўсяго ж ураганны вецер біў з таго боку.
Мурашы, як на ліха, выпаўзалі адзін за адным – хутка руды ланцужок працягнуўся праз усю раўніну. Мабыць, пачалася мабілізацыя ўсёй калоніі: ля возера шасціногіх салдат збіралася ўсё больш і больш. Шведскі стол напаўняўся хутчэй, чым хацелася б. Кожная хвіліна цягнулася цэлую вечнасць. Мы набліжаліся да краю каменнага поля, за якім адкрывалася белая прорва. Я не разумеў: куды мы схаваемся? Як спусцімся? Нават вяроўкі няма. Не кідацца ж уніз галавой!
Калі мы ўжо падышлі, я зноў азірнуўся.
– Здаецца, яны яго хутка выбіраюць! Меншае!
Але сціскалася на вачах не толькі возера, якое звужалася да звычайнай лужыны. Драбнеў і круглы пагорак, і грыбападобная вежа з намотаным канатам-правадніком, і сама раўніна Ісці стала крыху лягчэй. Колькі мы ўжо дадалі? Два сантыметры ці тры?
Я не паспеў парадавацца адваротным зменам, як пачуў крык:
– Бяжым!
Нешта вялізнае на імгненне засланіла неба – і з моцным «Гуп!» абрынулася побач. Так, быццам гахнула гармата. Хваля паветра шпурнула нас да самай прорвы. Яшчэ крок – і сарваліся б уніз. Я паваліўся на мяккае месца і, сутаргава чапляючыся за шурпатую каменную паверхню, папоўз ад краю.
– Скачы!
– Куды?!
У мяне паплыло перад вачыма: прапанавалі скокнуць з вышыні дваццаці паверхаў!
Побач заварочалася нешта масіўнае, з вялікімі цёмнымі плямамі па баках. Мільгануў дрэвападобны хвост. Відаць, цмок усё-такі вырашыў, што мы першыя кандыдаты ў яго мяню, а мурашы пойдуць на дэсерт. На шчасце, босая пятка ўляпілася паміж лапатак – я паляцеў у прорву.
Травень сігануў следам, згробшы ў рукі перапалоханага Лабрыка.
Насустрэч рынулася далёкае дно.
У твар і грудзі ўдарыў магутны струмень паветра. Пад яго ціскам свабоднае падзенне ў нейкі момант запаволілася. Потым моцны штуршок, боль, заняло дух. Рукі і ногі зарыліся ў дробную гальку.
Я распластаўся, баяўся нават паварушыцца.
Кажуць, што ў апошні момант перад вачыма праносіцца ўсё жыццё. Не ведаю, што там мільгае, і што трэба адчуваць, бо я ўспомніў, што дома забыўся зачыніць уваходныя дзверы. Як пакінуў шанец для уцёкаў – так і засталіся прыадчыненыя на пляцоўку. Маркізу цяпер больш прасторы. Спадзяюся, не шмыгне на лесвіцу пад ногі бабы Надзі, калі тая вернецца са сваёй вахты. Думаў пра новую красоўку, якую цяпер прыйдзецца адмываць ад ліпкага паскудства, а то і зусім выкінуць.
Побач захрумстала галька. Я прыўзняўся на руках.
Камяні драбнелі на вачах, ператвараючыся ў пясок. Сцены і столь імкліва несліся насустрач – менавіта так адлятае душа. Ірвецца ўжо на той свет. З вышыні ўсё здаецца такім маленькім, вось-вось пабачу сваё цела У гэты момант нешта балюча грукнула па макаўцы, нагадваючы, што яшчэ рана пакідаць гэты свет.
Я схапіўся за галаву і адкаціўся. За што мне ўсё гэта? У маім свеце бюць знізу, а тут – зверху. Мегаангар няўмольна сціскаўся, яшчэ крыху – і сплюшчыць, як заводскі прэс. Я інстынктыўна прыціснуўся да зямлі. Нават заплюшчыў вочы, чакаючы лёсу металабрухту.
Калі расплюшчыў – было незвычайна ціха. Ураганны вецер знік. Стала лягчэй дыхаць, як і рухацца. Скрозь бамбукавыя сцены прасвечвала блакітнае неба. Над галавой навісала страха са шчыльна ўкладзенага пальмавага лісця. Замест падлогі – мяккі белы пясок, на якім была пасцелена цыноўка.
Тое, што добра грукнула мне па макітры, выявілася сталом з масіўнай круглай пліты. Паўтара метра ружовага мармуру з адтулінай у самым цэнтры паклалі проста на цурбак. На стале сірацеў рассечаны какос з бялай мякаццю ўнутры. Побач стаяла эбанітавая шпулька з размотанай ніткай – яна вяла да іголкі і знікала ў вушцы. Над лужыцай пралітага соку ўзвышалася мая красоўка. І раскіданыя крохі хлеба, якія ўжо пакрыла чорная цвіль.
Сярод усяго гэтага піраваў гекон. Памерам з маю далонь, бэжавы, пакрыты прыгожымі плямамі, з пукатымі латунёвымі вачамі. Яшчарка бязлітасна знішчала рэшткі мурашынага атрада, які ў паніцы разбягаўся па ўсім стале.
За два крокі ад мяне, скрыжаваўшы ногі, сядзеў на пяску Травень. Ён чухаў загрывак Лабрыка, які яшчэ не да канца ўсвядоміў, што здарылася, і спалохана ціснуўся да ног. Я таксама не змог уцяміць, што адбылося. Скокнуць з дваццаці паверхаў і застацца жывым? Я добра памятаю гэты палёт: мы не паспелі вырасці дастаткова, каб ацалець. Гід-скідальнік глядзеў на мяне і загадкава пасміхаўся, чакаючы чарговай дзівацкай высновы. Мой ашалелы выгляд сведчыў пра ўсё і, мабыць, заслугоўваў Оскара.
– Толькі не кажы мне пра магію!
– Толькі фізіка, ніякой магіі, – пагадзіўся той.
– Паказвай, што ў кішэнях! – запатрабаваў я. – Ізноў нейкі прыбор?
Травень паслухмяна вывярнуў кішэні: адна з іх была дзіравая, а з другой вываліўся ўжо знаёмы флакон з ізалятарам.
– Значыць, антыграў недзе тут хаваеш.
Я пачаў абшарваць вачамі хіжыну: цыноўка, мармуровы стол, драўляная бочачка ў куце, грувасткі куфар ля сцяны ды біты гліняны гаршок – больш нічым гэтае высокатэхналагічнае месца пахваліцца не магло.
– Ага, шукай антыграў, ці як ты там яго называеш, – засмяўся гаспадар прымітыўнага жытла. – Як знойдзеш – будзе твой!
– Ну, не здзеквайся з мяне, – здаўся я, згараючы ад няцерплівасці. – Што гэта было? Чаму рукі-ногі на месцы?
– Фізіка. Толькі фізіка. Каб ты яе вучыў, дык не задаваў бы недарэчных пытанняў. – Травень імгненна выкінуў руку і схапіў спрытную яшчарку. Замест таго каб скруціць ёй галаву, пяшчотна пагладзіў. – Маладзец. Навёў чысціню, ніводнага не пакінуў!
На стале і сапраўды не засталося ніводнага мураша. Уся гэтая рудая армія была цалкам знішчана. Гаспадар падняўся і вярнуў гекона на ранейшае месца – на бэльку з бамбукавага ствала. Той, учапіўшыся за абсалютна гладкую паверхню, на ўсяк выпадак адбег далей, але драпу не даў. Відаць, яны ўжо даўно ведалі адзін аднаго.
– Бачу, які маладзец, – буркнуў я, таксама падымаючыся. – Ледзь нас саміх не ўклаў!
– Без яго табе іншыя госці жыцця не дадуць.
– Якія яшчэ госці?
– Пажывеш тут – зразумееш, сам будзеш запрашаць.
Я тузануў красоўку, чакаючы, што пацягне следам і стол, але яна адарвалася без ніякага супраціву. На белых баках ані кроплі глею, быццам і не трапляла ў ліпкую пастку. На падэшве засталіся толькі сляды вулічнага бруду.
Тады я зразумеў, што гэты фірмовы гонар тут не патрэбны.
За голым праёмам, які называўся дзвярыма, вабіла казка.
Я хутчэй сцягнуў другую красоўку, шкарпэткі і выскачыў вонкі.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «Литрес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на Литрес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.




