- -
- 100%
- +
Травень вытарашчыў вочы.
– Хто так робіць?! Што табе гарыць?
– Што не так?
– Не ў той бок махаеш! Ды на адной назе трэба стаяць!
Я паслухмяна стаў на адну нагу і махнуў у другі бок.
– У янруд і інвеп ыцйя цусян!
Здаецца, зноў нешта не тое, бо паветра ў пакоі нават не скалыхнулася.
– На правай трэба стаяць! На самыя дыбачкі станавіся, каб дотык да зямлі быў найменшы! Ды не расцягвай так словы, бо губляецца сувязь у хвалевым ланцужку!
Правая нага на дыбачках таксама не дапамагла, як і хутчэйшы тэмп слоў.
– З меншай амплітудай, не рві ты хвалевы ланцужок! Менш размаху! З кім ты там біцца сабраўся?
Я ўжо пачаў нешта падазраваць, але тут мой госць з Ненарніі падняў палец і прыслухаўся.
– Чуеш? Ужо зазвінела!
– Што там звініць? – Колькі ні прыслухоўваўся, я нічога, акрамя гарадскога шуму за акном ды радасных падскокаў Лабрыка, не чуў.
Тайназнавец задумаўся, паглядзеў на мяне.
– Слухай, а ў цябе якая рука рабочая?
– Рабочая?.. Я праўша, калі ты пра гэта! Навошта табе гэта?
– У вашых школах не вучаць, што ўсе магічныя словы ініцыююцца толькі лёгкай рукой? Рабочая рука занадта абцяжараная, каб актываваць ключ, а я бачу, што ты толькі
– У нашых школах не вучаць гэтай дурасці! – перабіў я і кінуў бязглуздую іголку ў мастака-правадыра, які ўжо ледзь стрымліваўся.
– Ага, не вучаць, а вось не верыць гэтай дурасці не навучылі! – зарагатаў ён і паваліўся на ложак, хапаючыся за бокі.
Я стаяў пунсовы, сціскаючы кулакі. І чым больш я чырванеў, тым мацней ён заліваўся нястрымным вясёлым смехам – чуваць было на тры паверхі ўніз. Маркіз не вытрымаў гэтага цырка на дроце, скочыў на падлогу, падняў свой руды распушаны штандарт і з вялікім гонарам панёс з пакоя. Сапраўднаму рыцару-арыстакрату не месца ў адной кампаніі з дурнямі.
Каб гэта быў Колька, мы б ужо каталіся па падлозе, лупцуючы адзін аднаго. Смех не здзеклівы, але ж усё-такі... Я адвярнуўся, падышоў да акна, а потым адчыніў яго насцеж. З насалодай удыхнуў гарадскі чад – той толькі і чакаў, каб уваліцца ў пакой. На, і ты падыхай. У нас гэтага шчасця хапае.
Ззаду хутка сціхла. Скрыпнуў ложак. Травень ціха падышоў, мякка адсунуў мяне і асцярожна зачыніў акно. Гэтым разам ручку не выломліваў. Прыкметлівы, хутка ўсё схоплівае. Паклаў руку на плячо.
– Каб ты быў больш уважлівы, адразу б зразумеў, што са словамі не тое, – сказаў ён прымірана.
– Вядома, на кожнага дурня знойдзецца свой гаспадар
Я нахіліўся і патрапаў Лабрыка за шыю – гэты заўжды ў выйгрышы застанецца. Мне ўжо не хацелася злавацца. Наадварот, я пачаў баяцца, што дзіўны госць можа знікнуць.
– І заўважыў бы, што не тое з самой іголкай.
Штукар паднёс рарытэт да маіх вачэй. Гэтым разам я быў больш асцярожны, але маіх здагадак ужо не чакалі. Ён павярнуў іголку гарызантальна так, што волас звіс долу – другі канец не быў прасунуты праз вушка.
– Хітра ж ты яго прыклеіў, – буркнуў я, здзіўляючыся, як ён яшчэ не адляцеў ад маіх дырыжорскіх выкрутасаў.
Спадар фокуснік падняў руку вышэй – я выразна ўбачыў, што волас ні да чаго не прыклеены. Звісаў проста з сярэдзіны вочка, быццам левітаваў.
– Выдатны фокус, навучыш, як ты гэта робіш?
– Навучу, – пасміхнуўся ён, павярнуў іголку, стаў спіной да акна, склаў далонь люлькай і прыклаў адтулінай да дна. – Што бачыш?
Я прыгледзеўся. Не адразу, пакуль вочы не прызвычаіліся да гусцейшага ценю, разглядзеў, што вушка ледзь свеціцца. Жоўтаватым прыемным святлом, быццам з зялёнай купіны на далонь зваліўся малюсенькі светлячок. Святло ішло з самай глыбіні – пэўна, не фосфар.
– Хочаш паглядзець, што там? – падмігнуў іншасусветны хлопец.
– Дзе там?
– Там!
– Проста ў іголцы?
Я паспешліва перабіраў у галаве ўсе магчымыя варыянты, якія толькі змог прыпомніць з кніг ды бясконцых фільмаў пра супергерояў. Паменшаны на квантавым узроўні касмічны карабель? Тэлепорт на іншую планету? Што за тэхналогіі? Мабыць, зноў дурыць мне галаву Калі агучу чарговую здагадку, дык апынуся ў яшчэ адным цыркавым нумары, хопіць і апошняга. Таму я асцярожна працягнуў:
– У нас не тыя памеры, каб уціснуцца.
– Памеры не маюць значэння.
– Вядзі куды хочаш, толькі свае магічныя фокусы рабі сам!
– Толькі фізіка, ніякай магіі, – пасміхнуўся ён.
– Публіка з нецярпеннем чакае вашага выхаду.
– Як скажаш.
Травень шырокім рухам змёў з пісьмовага стала мае рэчы – кнігі, сшыткі, ручкі і навушнікі разам паляцелі на падлогу. Следам пакаціўся глобус, які і без таго нацярпеўся ад лабрадора. Грукнула і каробка з пазламі – вечка адскочыла, а па ўсёй падлозе рассыпаліся аскепкі касмічнай бітвы. Калі засталася толькі голая сталешніца, ён паклаў іголку непадалёк ад краю. Потым выцягнуў з кішэні сваіх залатаных штаноў шкляны, цёмна-матавы флакончык, заткнуты коркай.
– Ведаеш, што гэта?
– Эліксір для памяншэння? Як у Карыка і Валі?
– З тымі эліксірамі год трэба памяншацца, ды і то ёсць крытычныя памеры.
Убачыўшы мой выцягнуты твар, гэты эрудыт растлумачыў, што эліксіры памяншаюць толькі жывыя клеткі, а хімію з арганізма трэба выводзіць. Калі хочаш за пяць хвілін – атрымаеш проста ў сабе смяртэльны канцэнтрат. Ад гіперкаліеміі ператворышся ў крышталь да таго, як дасягнеш дна шклянкі. Ці згарыш знутры праз шалёныя хімічныя рэакцыі – выбірай, што падабаецца. Ды нават памерамі з ката ты чалавекам наўрад ці застанешся: нейроны ў мозгу перастануць праводзіць імпульсы хіба што ператворышся ў разумнага жука.
Вось табе і цямнота. Жывая энцыклапедыя!
– Ізалятар – больш хуткасны варыянт, – чужынец асцярожна выцягнуў корак: з адваротнага боку быў укручаны медны дроцік, які выгінаўся ў колца на канцы. – Ненадзейны, але хуткі, галоўнае, каб заставаўся стабільным, пакуль мы будзем там коўзацца. Праваднік у ім сфарміруе іншае вымярэнне.
Мой твар, мабыць, можна было смела лавіць для мемаў. Наступнае тлумачэнне мне мла што дало:
– Малекулы, атамы – усё на сваіх месцах застанецца, без сціскання і ўсякай там халеры.
Галадранец-энцыклапедыст страсянуў флакончык, паглядзеў на прасвет, быццам нешта можна было разглядзець праз гэтае цьмяное шкло. Потым стаў няспешна размешваць свой эліксір-ізалятар, раз-пораз выцягваў дроцік і, прыплюшчыўшы адно вока, пільна ўглядаўся ў празрыстую плёнку. Я аніякай разніцы не бачыў. Мабыць, ён валодаем большым дыяпазонам бачных хваль... Ці зноў што задумаў? Зараз будзе мыльныя бурбалкі за навуку выдаваць. З нецярпеннем чакаю наступны нумар, добра, што хоць квіткі бескаштоўныя.
– Трымай свайго сябра, – скамандаваў Травень. Сам ён адсунуўся ад акна, каб было больш прасторы, і стаў надзімаць вялізную бурбалку.
З меднага колца павольна палезла празрыстая сфера з металічным бляскам. Звычайныя мыльныя бурбалкі пераліваюцца ўсімі колерамі, калыхаюцца, як жывыя, радуюць вока, а гэтая куля застыла нерухома, толькі ледзь трымцела, быццам вібравала ад нейкіх працэсаў знутры. Вось яна памерам з мой глобус, вось з футбольны мячык, а вось ужо большая за метр Лабрадор кінуўся было праверыць гэтае дзіва ўласным носам – я учапіўся ў яго абедзвюмя рукамі. Абалонка, адліваючы халодным бляскам, усё расла і расла, запаўняла пакой. Я чакаў, што зараз лопне, натыкнуўшыся на востры кут, але сфера толькі ляніва абцякала перашкоды.
– Станавіся побач, пад полюс! Хутчэй, перыяд стабілізацыі кароткі!
Я і падумаць не паспеў, як нецярпялівы Лабрык падцягнуў мяне да кулі. У Калумбаву эпоху з ім, мабыць, наадкрывалі б куды больш зямель.
Травень разамкнуў калцо і сунуў пальцы ўнутр, не даючы сферы сцягнуцца – відаць, гэта і быў полюс. Зубамі вярнуў дроцік у ранейшае становішча, заткнуў флакон і схаваў яго ў кішэню. Далей брамнік асцярожна пашырыў адтуліну, на ўвесь размах рук – і накінуў сферу-ізалятар на нас разам з рэтрыверам. Засталося толькі вышэй падняць ногі і зрабіць крок, каб цалкам апынуцца ўнутры. Калі адтуліна-полюс замкнулася – металічны бляск знік, быццам нічога і не было.
– А цяпер бярыся за праваднік! Не марудзь!
– За які яшчэ праваднік? Дзе ён?!
– Ды вось, – Травень ухапіўся за той самы волас, што выходзіў толькі з аднаго боку вушка.
Я паспяшаўся ўзяцца за волас-праваднік, зусім забыўшыся, што рызыкую зноў наступіць на тыя ж граблі. Лабрыку таксама не цярпелася паўдзельнічаць у гэтым дзіўным працэсе – нават намагаўся залезці на стол. Я абхапіў яго за шыю і прыціснуў да сябе. Нічога не змянілася.
– Толькі не адпускай – патрэбна хвіліна, каб праваднік прасканаваў, што памяншаць. Калі выявіць, што ізалятар замкнёны, паменшыць і кісларод, інакш нашы лёгкія згараць.
Прайшла хвіліна, нічога не змянялася. Я ўжо хацеў выдаць гнеўную тыраду, але столь, сцены, вокны раптам падаліся ў бакі. Стол ірвануў уверх так, што трэснуў па падбародку, мае зубы гучна клацнулі, ледзь не прыкусіў язык. Ад нечаканасці я выпусціў праваднік і разгублена агледзеўся. Пакой стаў значна прасторнейшым. Шафа набыла недасяжную вышыню, схаваўшы на верхавіне стары куфэрак. Ложак цяпер мог лёгка змясціць двух ці трох Стасікаў. Стол, на які я толькі што абапіраўся локцямі, падняўся вышэй за галаву.
Мільганулі босыя пяты – учапіўшыся за край, Травень спрытна забраўся на стол. Крыкнуў зверху:
– Руку давай!
Побач круціўся Лабрык – брахаў і таксама ірваўся наверх, толькі ўжо не змог сам заскочыць, як раней, бо адкаціўся да памераў Маркіза. Два гады таму мы яго вось гэткім шчанюком і ўзялі да сябе. Калі ён застанецца такога росту назаўсёды, то для майго пакусанага глобуса наступяць добрыя светлыя дні. Я хуценька падсадзіў рэтрывера, а потым падаў руку – Травень адным махам узвалок мяне да сябе.
– Хутчэй, хутчэй, рухаешся, як мокрае гарыць!
Стаўшы на калені і прыціснуўшы да сябе нястрымнага лабрадора, мы зноў схапіліся за праваднік.
І сусвет вакол нас замільгацеў. Столь, сцены разам з шырачэзным акном панясліся ад нас, усё далей і далей, перарастаючы ў ангар неімаверных памераў. Падлога правалілася кудысьці ў бяздонную прорву. Шафа ўзнялася магутнай скеляй, на якой замест гарызантальных пластоў горнай пароды вертыкальна выгіналіся залакіраваныя валокны драўніны. Налепкі трансформераў на баку гэтай кручы быццам ажылі: мініяцюрныя відарысы абярнуліся ў злавесных веліканаў з фільмаў – яны зверху грозна сачылі за намі. Кактус на акне набыў памеры баабаба, ашчэрыўшыся біўнямі калючак.
Мы хутка апынуліся сярод шырокага драўлянага поля, на якім цалкам можна было б змясціць наш школьны стадыён. Нявінныя драпіны і англійскія літары, калісьці старанна выразаныя мною, ператварыліся ў глыбокія разоры і канавы. Калі мы дасяглі мышыных памераў, то падхапіліся і пабеглі, пераскокваючы цераз "STAS" і іншыя выявы майго мастацтва. У гэтыя хвіліны я шчыра жадаў згарэць сінім полымем таму складанчыку, які нагаспадырыў тут.
Танюсенькі валасок перарос у матузок, потым у вяроўку, а пасля – у тоўсты марскі канат, якім швартуюць караблі. Гэта быў зусім не біялагічны волас. І не нітка з бавоўны ці поўсці. Тонкая металічная сетка, туга скручаная ў безліч слаёў. Лёгкая, як папера, яна не адцяжвала рукі. У дробных вочках праскоквалі сінія іскоркі, якія адчувальна калолі ў пальцы.
Кожны крок даваўся ўсё цяжэй і цяжэй. Мы быццам апынуліся на дне глыбокага басейна: намагаешся ісці хутчэй, а ногі ледзь перастаўляюцца.
Зялёнавалосы правадыр аглянуўся на мяне.
– Паветра звонку ўжо вязкае, вось і прабіваемся скрозь яго, – патлумачыў ён.
Чаму ж было не стаць бліжэй?
У той час я не разумеў: калі б разамкнуўся ізалятар – задыхнуліся б імгненна. І добра, што не разумеў.
На апошнім дзясятку крокаў мы выпусцілі канат – прабіцца б і так, скрозь гэта нябачнае жэле! Травень быў куды дужэйшы, таму, схапіўшы мяне за руку, літаральна валок за сабой. Лабрыку хапала і чатырох лап – бег наперадзе.
Мы ледзь дасягнулі сталёвай калоны, якая ляжала на баку і адсвечвала халодным бляскам. На адпаліраванай паверхні адлюстроўваліся нашы постаці – скажоныя, быццам у пакоі крывых люстэркаў. У больш шырокай, пазалочаной верхавіне гэтай калоны зіяў вузкі, груба прарублены ў метале прарэз. Другі канец высокатэхналагічнага каната вёў у гэты лаз.
Травень і тут не даў мне пакруціць галавой.
– Не стой! За мной!
І першы нырнуў у лаз, толькі ногі мільганулі ў пералатаных нагавіцах.
Глава 4
МікрасветСледам праціснуўся Лабрык, які падпісваўся на любыя авантуры, акрамя галадоўкі. Нават не азірнуўся.
Я зазірнуў у праход – з таго боку было цямней, чым у маім пакоі, але бачна, што там зусім іншая прастора. Што там? Звалюся ў трусіную нару, дзе назаўсёды згублю свае сапраўдныя памеры? Не здзіўлюся, калі Льюіс Кэрал ведаў нешта большае Зявілася зялёная купіна і занепакоены твар гаспадара гэтай купіны.
– Ты што там капэшкаешся? Хочаш застацца?
Вось гэтага мне дакладна не трэба! Я рашуча палез следам.
Лаз і без таго быў вузкі, шырынёй з локаць, а тут давялося яшчэ праціскацца побач з канатам-правадніком. Прызнаюся, набраўся страху. Травень, хоць і вышэйшы за мяне, праслізнуў вужом, ды і, відаць, меў віртуозны досвед пераадолення незразумелых парталаў. А я вось лез, як мядзведзь у барсучую нару – ледзь уціснуўся. Учапіўся рукамі за няроўны край і намагаўся праштурхнуць сваё добра адгадаванае цела. Я не з таўстуноў, але зараз пірожныя ды іншыя прысмакі зусім не стасаваліся з дзікім турызмам. Цікава, як скора пачнецца працэс аднаўлення нашых памераў? Што будзе, калі прама зараз? Тады што, кожнаму сусвету дастанецца па палове Стасіка? А як там ізалятар? Мяне ахапіў прыступ клаўстрафобіі – металічныя масы раптам пачалі сціскаць з усіх бакоў, і гэта не абяцала нічога добрага
Я аж віскнуў – і штосілы ірвануўся наперад. З таго боку Травень схапіў мяне пад пахі, упёрся нагамі і выдзер, як дзед з бабай тую казачную рэпку. Пляснуўся, нібы мех з бульбай.
Замест таго каб зрабіць пафасны крок у невядомы свет, ды яшчэ прамовіць нешта гістарычнае, накшталт Ніла Армстранга, я мусіў прыводзіць да ладу ссунутыя штаны. Гістарычных думак хапала, і даволі яскравых, але наўарад ці для паліц вялікіх цытат. Толькі потым я дазволіў сабе агледзецца.
І без таго неімаверны ангар раздаўся ўшыркі – адна сцяна адсунулася недзе за кіламетр і танула ў залацістай смузе. Замест звыклых сцен ад падлогі да столі падымаліся жоўтыя вежы-хмарачосы. Яны адлівалі воскавым бляскам і былі раўнамерна падзеленыя вузламі-каленамі на ярусы. Кожны з ярусаў перавышаў памеры дзесяціпавярховага дома. Праз шырокія прасветы паміж вежамі лілося сонечнае святло, якое стварала глыбокае бурштынавае ззянне. Столь выгнулася і ўзнялася конусам, дзе пад самым верхам хавалася мяккая паўцемра. На недасяжнай вышыні вырысоўвалася перапляценне складаных канструкцый, якія рабрыстымі веерамі спускаліся да сцен.
Мы апынуліся на неабсяжнай круглай плошчы, памерам, мабыць, з Цяньаньмэнь. Светлую каменную раўніну паўсюль пакрывалі ружовыя разводы і пранізвалі цёмныя жылы. Пасярод яе зяяла шырачэзнае жарало шахты – праз яго са свістам праляцеў бы «Боінг», не зачапіўшы крыламі сцен. На супрацьлеглым краі плошчы ўзгрувасціўся выцягнуты пагорак: ягоныя зялёныя, быццам абцягнутыя скурай круглыя бакі плаўна пераходзілі ў вузкае падножжа. Ён толькі цудам трымаўся на невялікай апоры. У вертыкальна зрэзаным схіле віднеліся пласты шчыльна пераплеценых карычневых канатаў. У зрэзе белым мармурам адкрывалася глыбокая пячора. Пагорак нагадваў аэрастат братоў Мангальфе, які прылёг адпачыць, ды так і не здуўся.
Непадалёку высілася прыземістая масіўная вежа з шырокай асновай і грыбападобным дахам. Да яе ад праходу ў сталёвай калоне вёў канат-праваднік. Абвіваючы вежу акуратнымі, шчыльна ўкладзенымі віткамі, ён забіраўся амаль пад самы дах.
Сям-там валяліся порыстыя брудна-шэрыя глыбы. Многія з іх былі ахутаныя белымі накідкамі з лёгкага шоўку, а некаторыя і зусім патанулі ў чорным гушчары іншапланетных джунгляў. Расліны падымаліся высока над галавой на тонкіх шнурах-гіфах – на верхавінах калыхаліся чорныя галоўкі памерам з буйнае яблыка. Ад гэтых фантастычных зараснікаў ішоў цяжкі, задушлівы, сыры водар зямлі і гніення. Побач разлілося цэлае возера чагосьці густога і ліпкага, ад яго таксама моцна цягнула, толькі не зямлёй, а чымсьці кіслым, што даўно забрадзіла, быццам узарваўся алкагольны завод. Далей па беразе віднеліся танканогія рудыя карчы, якія зліваліся з сонечным святлом і ружовай паверхняй раўніны.
Значна пагарачэла. Паветра стала вільготным, навалілася парнота. І моцны вецер – урываўся жорсткімі шкваламі паміж каленчатымі вежамі-хмарачосамі, так што валіў з ног. Першы ж шквал штурхнуў мяне проста ў падступнае возера. Шчыра кажучы, закінуў бы і цалкам, каб не паспеў схапіцца за Траўня. Але не пашанцавала новай красоўцы: трапіў адной нагой у глейкую твань. Яна трымала лепш за свежы бітум, у які мы з Колькай калісьці ўлезлі на будоўлі – тады нам абодвум давялося развітацца з чаравікамі.
Гэтым разам я не хацеў развітвацца. Фірмовая красоўка, відаць, была са мной згодная – упарта трымалася за шчыкалатку. Пасля некалькіх спроб я ірвануў штосілы – і яна засталася ў пастцы.
Майму праводцу таксама не падабалася гэтае кіслае возера – ён раз-пораз кідаў касыя позіркі на рудыя карчы.
– Ідзём, тут лепш не свяціцца, – пацягнуў ён мяне. – Потым забярэш, ды тут яны табе і не спатрэбяцца.
Інтанацыя была трывожная, таму я кінуў ратаваць новенькі «Найк» і, пакульгваючы, падаўся следам. Паветра ў гэтым свеце не стала радзейшае, таму мы зноў прарываліся скрозь нябачнае жэле, ледзь перастаўляючы ногі. Нават энергічны Лабрык і той сцішыў імпэт.
Праходзячы паўз смярдзючыя зараснікі, я штурхнуў ацалелай красоўкай танюсенькую, не таўсцейшую за мой мізінец, ножку невядомай расліны. Гіф лёгка падаўся, як гумавы, – і зверху дажджом пасыпаліся чорныя крупінкі. Я адскочыў, уцягнуўшы галаву. Яшчэ не хапала, каб споры прараслі проста на мне!
І ў гэты момант з процілеглага боку гушчара проста на нас выскачыла пачвара. Ростам з нашага Лабрыка, але выглядала так, нібы саскочыла з экранаў трэцясортнага хорару. Непамерна вялікая галава, масіўныя сківіцы і талеркі фасетачных вачэй. Выцягнутае тулава-грудзі, ад якіх адыходзілі тры пары доўгіх, пакрытых белымі валаскамі ног. Да грудзей з дапамогай двухчленістай шыйкі прымацоўвалася сегментаванае брушка. Пачвара была рудай, у паўпразрыстым панцыры, на якім дзе-нідзе тырчэлі тоўстыя белыя валасіны.
Невядомае стварэнне рэзка спынілася за метр ад нас. Замерла і выгнула брушка наперад. Доўгія вусікі-антэнкі жыва рухаліся – спачатку яно дакранулася імі да Траўня, а потым да мяне.
На мне заварушыліся валасы.
– Спакойна, не хвалюйся, – аднекуль здалёк данёсся знаёмы голас. – Ён адзін не нападзе.
Мог бы і не гаварыць. Я і без таго скамянеў. Не мог адарваць вачэй ад гэтага жахлівага цуду прыроды. Толькі Лабрык заліўся брэхам, раптам адчуўшы патрэбу здавацца карысным. Не адразу, але ж узяўся выконваць свае сабачыя абавязкі. Праўда, дыстанцыю трымаў.
Лапы істоты нагадвалі прамысловыя маніпулятары – яны складаліся з рухомых сегментаў і шарніраў. Кожная лапа перабывала ў няспынным руху, быццам жыла сваім жыццём. Асабліва моташна было глядзець на самы ніжні членік: ён складаўся з мікрасегментаў, і кожны з іх рухаўся сам па сабе! Вось пад яго трапіў камень, а жывы маніпулятар самастойна абхапіў камянюку па ўсіх выгібах, абмацаў і, нібы прыйшоўшы да нейкай высновы, мякка саслізнуў долу.
Калі б я цікавіўся энтамалогіяй, то ў гэтай сітуацыі ініцыятыва была б за мною. Меў бы куды больш гераічны выгляд. Але цяпер я стаяў як баран, чакаючы, што са мною зробяць: паабедаюць ці адпусцяць? Падсвядома я разумеў, што супраць гэтых шасці лап аніякіх шанцаў. Нават вогнестрэл не дапаможа: кулі, хутчэй за ўсё, проста расплюшчацца аб гэты хіцінавы панцыр.
– Сыдзі з дарогі, – пачуў я новую каманду. – Мы стаім на яго ферамонавай сцежцы. Толькі не бяжы!
Гэта я з радасцю. Нават не два-тры крокі, а цэлых дзесяць убок. На шчасце, не давялося адцягваць разюшанага рэтрывера: той вырашыў, што лепш ратавацца разам, чым дзейнічаць паасобку. Паварушыўшы яшчэ вусікамі, стварэнне выгнула брушка назад і ўгору і пабегла далей, агінаючы брадзільнае возера. Я ўжо здагадваўся, што гэта за рудыя карчы на тым баку.
– А цяпер спадзявайся, што не прывядзе сваіх, – з усмешкай пацвердзіў маю здагадку гід па мікрасвеце.
– Вядома, паспрабуй тут не спадзявацца, – выдавіў я, азіраючыся.
Мы рушылі далей, адхіляючыся ад ферамонавага шляху мясцовых монстраў. Быццам вырашылі прагуляцца па парыльні, ды яшчэ і шчодра накідалі пары. Пот каціўся градам, кашуля прамокла наскрозь. Да кожнай нагі быццам прывязалі па мяху з пяском і, здавалася, з кожным крокам дадавалі яшчэ па кілаграме.
На шчасце, цяжкі вецер увесь час ціснуў у спіну, а то і зусім падхопліваў ды валачыў, як перакаці-поле. Далей ад небяспечнага месца, калі наогул тут можна было штосьці лічыць бяспечным.
Я не разумеў, як працуе ізалятар: унутры гэтай неразрознай сферы можаш спакойна дыхаць, рухаць рукамі, нагамі – пачуваешся нармальна. Але як толькі спрабуеш пайсці – адразу ўпіраешся ў пругкую сцяну паветра. Відавочна, мы не пад сілавым полем, інакш мой правадыр нікуды б не спяшаўся. Сядзелі б спакойна і чакалі, пакуль не вернуцца звыклыя рукі-ногі. За нябачным барерам дзейнічала рэальная фізіка.
– Дзіўны твой ізалятар, – падаў я голас у гэтым пекле. – Без яго лёгкія згараць, як ты кажаш, а вось пракусіць можа кожны! Чаму б і гэтаму монстру не зменшыцца? Сунуў свае вусы да нас – і нічога!
– Змяншае не ізалятар, а праваднік, – паправіў Травень. – Ізалятар – гэта вымярэнне, у якое нас змясціў праваднік. Другое вымярэнне з той жа самай фізікай, што і звонку. Нічога незвычайнага.
– Ведаеш, мне больш спадабалася б нейкае сілавое поле
– Ага, і бластар табе яшчэ падавай.
– Абышоўся б і без бластара, каб не гэтыя сустрэчы.
– Ну, ёсць ізалятары, якія дзейнічаюць як сілавое поле. Паветра не прапускаюць, у кішэню не пакладзеш, яшчэ і балон з сабой цягаць – нашто яно мне? Ды і гэты ледзьве выдурыў у дзеда Кірмаша.
– У галаве не ўкладваецца!
– Што не ўкладваецца? Дзед Кірмаш табе і не такое загоніць
– Ды не твой дзед, – перабіў я. – Калі мы ідзём, вымярэнне рухаецца разам з намі?
– Рухаецца. Праваднік прывязаў яго цэнтр да нас.
– Гэта я ўжо зразумеў, што прывязаў, – насамрэч я толькі здагадваўся пра гэта. – Паветра ён да нас прапускае?
– Фільтруе. Праваднік задае ізалятару неабходную мембрану для трансфармацыі малекул паветра.
Мне б яшчэ зразумець гэтага лектара.
– Значыць, паветра ён фільтруе, а монстра – не?
– Яго не.
– Ведаеш, я добра памятаю, як ён мяне паказытаў сваімі антэнамі!
– Ну што тут незразумела? – Суразмоўца развёў рукамі. – Гэта як прасунуць палец у паветраны шарык: ён прагінаецца, ты адчуваеш ціск, а ўнутры ніяк не апынешся. Можна і адшчыкнуць праз гэтую гуму кавалак цела – толькі ён табе ўсё адно не дастанецца, пакуль не разарвеш абалонку. Ізалятар эластычны, ён як квантавая тканіна, толькі Табе што, яшчэ ўсе формулы выкласці?
Я зрабіў выгляд, што мне і без іх усё зразумела. Не хапала яшчэ! З матэматыкай у мяне і так дрэнна. Здавалася, што старшы навуковы кансультант у рваных штанах сам не ведаў тых формул, але і я вырашыў не рызыкаваць. Выйшла як у таго Шэкспіра: «Увесь свет – тэатр, а людзі ў ім – акцёры». Можна было не сумнявацца, што па бясконцым каменным полі шпацыравалі двое таленавітых акцёраў. Адзін ведаў усё, а другі разумеў з паўслова. Галоўнае – самому верыць у тое, што граеш, як раіў Станіслаўскі.
Я азірнуўся на возера: здаецца, тыя рудыя карчы прыкметна заварушыліся.
– Глянь, мабыць, яны ўжо за намі?!
– Ты пра каго? – Мой правадыр таксама азірнуўся. – А, ты пра мурашоў, ды можаш не хвалявацца: пакуль гэтую лужыну не выжруць, мы ім нецікавыя.
– Ведаеш, у тропіках ёсць такія мурашы, якія на сваім шляху знішчаюць усё! Нічога жывога не застаецца! Ідуць цэлымі калоніямі!
– Калі ты зараз такога сустрэнеш – лічы, што табе пашчасціла. Адразу напалам перакусіць. У яго сківіцы, як – Травень на момант задумаўся, вылічваючы нешта ў галаве. – Памерам з цябе! Хіцінавыя панцыры трошчаць, як арэхі, смерць імгненная. Нават маргнуць не паспееш.
– А з кім жа тады не пашчасціць?
– Напрыклад, з павуком, ён вунь там жыве. – Хлопец махнуў кудысьці ў далёкі канец кіламетровага ангара. – Яго не чапаю, каб мухі менш заядалі. Ён спачатку паралізуе цябе ядам, а потым упырсне страўнікавы сок, і будзеш паціху пераварвацца. Ці восы – ёсць у нас такія красуні. Адкладваюць лічынкі ў нешта жывое, але не забіваюць, каб не сапсавалася. Потым іхнім дзеткам будзе выдатная сталоўка.
– Вось ты знойдзеш чым супакоіць!
– Калі ласка, звяртайся яшчэ.
– А яшчэ каго нам баяцца? – мяне чамусьці так і цягнула глыбей занурыцца ў гэты фільм жахаў, які стаў рэальнасцю. Замест таго каб адгарадзіцца.
– Яго! – Травень ткнуў пальцам уверх.




