«Той дом, хоць невялікі, але мілы воку…». Маёнткі на захад ад Ліды

- -
- 100%
- +

© Лаўрэш Леанід, 2026
ISBN 978-5-0071-2475-1
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Ад аўтара
У гэтай кніжцы я распавяду пра лёс некалькіх маёнткаў і мястэчак на абшарах гістарычнай Лідчыны, на захад горада.
Можа галоўная выснова, якую я для сябе зрабіў, покуль пісаў гэту кнігу — жыццё, гэта такая рэч, што вялікае ў ім заўсёды пераблытаецца з малым, велічнае і слаўнае — са звычайным і недарэчным. У гэтым і ёсць яго праўда.
З старадаўніх часоў шлях з Ліды ў бок Гродна бег каля Астроўлі і Цыбараў на мост праз Дзітву, на якім бралі маставы і грэблявы збор (плату, або так званае мыта) і таму паселішча, якое месцілася каля моста і грэблі (раней яно называлася Дзітва Пратасаўская), атрымала назву Мыто. Гэты шлях называўся ў Лідзе Мытлянскі гасцінец, далей ён ішоў на Васілішкі, Астрыну, Азёры і да Гродна. Заўважу, што Астроўля — другасны тапонім, яго назва паходзіць ад старажытнага маёнтка (двара) Востраў, пра які я раскажу ў наступнай главе.
Пачнём нашу вандроўку па старажытных дварах і мястэчках Лідчыны…
Гісторыя маёнтка Востраў
Беларусь ідзе па еўрапейскім шляху развіцця з ХІІІ-XIV стагоддзяў, з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Трэба было бы на тэрыторыі Лідскага раёна, каля… Вострава, дзе было падпісана мірная дамова паміж вялікім князем літоўскім Вітаўтам і польскім каралём Ягайлам, паставіць помнік ім, таму што пасля гэтага спыніліся канфлікты, у тым ліку і ўзаемнае знішчэнне… Пасля гэтага Беларусь была адчыненая для ўплыву заходняй культуры.
Адам Мальдзіс
4 жніўня 1392 года было заключана Востраўскае пагадненне. Падпісалі яго з аднаго боку кароль польскі Уладзіслаў, ён жа Вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі Ягайла і ягоная жонка — польская каралева Ядвіга, з другога боку — князь гарадзенскі Вітаўт і ягоная жонка Ганна. Яны дамовіліся спыніць міжусобную вайну. Вітаўт стаў фактычным уладаром Вялікага Княства Літоўскага. Пагадненне паклала канец братазабойчай вайне, прывяло да разгрому крыжакоў на палях Грунвальда і дазволіла Вялікаму Княству Літоўскаму неўзабаве дасягнуць найбольшага росквіту і магутнасці.
Раней мною было надрукавана некалькі артыкулаў пра месца падпісання Востраўскага пагаднення 1392 года паміж Вітаўтам і Ягайлам1. У артыкулах аналізавалася інфармацыя, якую падаваў Тэадор Нарбут, і рабіліся некаторыя высновы аб яе дакладнасці.
Адразу заўважу, што расходы каралеўскага двара Ягайлы і яго месцазнаходжанне распісаны падзённа і яшчэ ў XIX стагоддзі выдадзены на лаціне і па-польску. Было б элементарна проста даведацца, дзе знаходзіўся кароль з каралевай 4 жніўня 1392 года. Але інфармацыі пра 1392 год у гэтых кнігах няма і, верагодна, яна страчана назаўжды. Тое ж самае тычыцца і раскладу па днях дзейнасці вялікага князя Вітаўта.
Верагодна, лакалізацыя месца заключэння Востраўскага пагаднення ўжо ніколі не будзе ўстаноўлена па-навуковаму дакладна, але гэта не перашкаджае кожнаму з магчымых гарадоў-прэтэндэнтаў выкарыстоўваць гэта гістарычнае пагадненне ў мэтах пашырэння турызму.
З моманту маіх першых публікацый паступова знайшлася гістарычная інфармацыя пра адну з найстарэйшых мясцін Лідчыны — двор Востраў, якую я і прапаную ў гэтым артыкуле.
Пагадненне было заключана ў маёнтку Востраў (Ostrów, Ostrowo). Аўтар, працуючы з «Дзеямі народа літоўскага» Тэадора Нарбута, знайшоў інфармацыю пра месца, дзе знаходзіўся Востраў. Наш гісторык дае дакладную і дастатковую інфармацыю. У пятым томе «Дзеяў…» (выданне 1839 г., Вільня, на старонцы 491, у дадатку №1) Нарбут піша: «Востраў, у павеце Лідскім, на захад ад Ліды недалёка Мыто, за левым берагам ракі Дзітва, раней уласнасць скарбу літоўскага, дзе быў вялікі палац і да гэтага часу фундамент і склепы захаваліся, … меў памер 9 моргаў, у апошнія часы належаў Тадэвушу Нарбуту, падкамораму лідскаму. Зараз, пасля здрабнення праз exdywizye2, ёсць невялікім фальваркам, які належыць панам Міхалоўскім».
«За левым берагам» — гэта адносна вёскі Мыта. Такім чынам маем, што Востраў знаходзіўся на левым (лідскім) беразе Дзітвы. У кнізе Чэслава Малеўскага «Роды шляхецкія на Літве ў XIX стагоддзі. Лідскі павет» чытаем, што панам Міхалоўскім, сярод іншага, належыў Востраў (1832—1845 гг.) з вёскай Янцавічы — 350 дзесяцін, 40 душ мужчынскіх, 35 жаночых, у 1845 г. Лідская парафія.
На нямецкай карце 1913 г., якая з'яўляецца перадрукам з 1893 г., каля Янцавіч абазначаны фальварак Востраў. Далейшы пошук вывеў на польскую тапаграфічную карту 1929 г. На ёй Востраў адзначаны, і назва падаецца на польскі манер: «Fw. Ostrowo». Параўнанне розных карт дазволіла прайсці да высновы, што на тапаграфічнай карце 1983 г. на месцы Вострава абазначана купка дрэў.
Пасля знаходжання маёнтка на карце паўстала задача знайсці яго на мясцовасці. Гэта адбылося ў 2007 г. Перад выправай я сустрэўся з Юзафам Хрулём, 1929 года нараджэння, шляхцічам герба «Прадзіц». Ён — сын апошняга ўладальніка фальварка Воўкавічы, які знаходзіцца каля сямі кіламетраў на поўдзень ад Вострава. Юзаф Юзафавіч адразу сказаў, што добра ведае такі фальварак. Гэта быў адзіны пункт з падобнай назвай у ваколіцах Ліды, калі рухацца ў бок Мыто. Апошні ўладальнік гістарычнага месца — Барташэвіч. Гаспадар пакінуў сваё валоданне ў 1939 г. і апошні раз з'явіўся на Лідчыне ў сярэдзіне 1950-х гадоў, каб паглядзець, што сталася з яго маёмасцю. Фальварак быў добра бачны з боку Крупава як зялёны сад з домам і пабудовамі. З кнігі Ч. Малеўскага бачна, што Барташэвічы — вялікі і разгалінаваны шляхецкі род Лідскага павета гербаў «Бонча» і «Самсон». Самае цікавае, што ў 1835 г. Барташэвічам належалі Кербедзі, якія межавалі з Востравам. Верагодна, таму Барташэвічы і купілі занядбаны маёнтак. Улічваючы, што яшчэ ў 1829 г. фальварак належаў Міхалоўскім, а да Барташэвічаў ён перайшоў у 30-я гады XX ст., можна зрабіць выснову: Міхалоўскія валодалі ім больш як 100 гадоў.
Разам з Юзафам Юзафавічам выехалі ў Янцавічы. І першы ж жыхар вёскі Янцавічы адразу згадаў і правёў нас да Вострава. Тапонім з такой назвай жыве да нашага часу! Жыхары Янцавіч і цяпер помняць, што ўладальнікамі Вострава былі Міхалоўскія. А пра Барташэвіча ўжо не згадваюць. Мясцовы жыхар — Франц Ткацэвіч, 1953 года нараджэння, расказаў, што пра існаванне фальварка ён чуў ад старэйшых. Сам жа помніць толькі каменныя падмуркі з рэшткамі пабудоў. Большы падмурак меў памеры прыблізна 25 на 10 метраў. Фальварак быў засаджаны дрэвамі, добра запомнілася вялікая груша. У пачатку 80-х гадоў XX ст. падмуркі і рэшткі пабудоў былі зруйнаваныя бульдозерамі і скінутыя ў вялікую яму за сто пяцьдзесят метраў ад ваколіцы Янцавіч. Груда зямлі і вялікіх апрацаваных валуноў ляжыць на тым жа месцы і цяпер. Гэта ўсё, што засталося ад найстаражытнейшага на Лідчыне маёнтка Востраў. Франц Часлававіч адлічыў ад камянёў тыя сто пяцьдзесят метраў на ўсход, арыентуючыся на комін лідскай ЦЭЦ, і ў полі ўпэўнена паказаў месца, дзе стаяў фальварак. Па рэльефе месца і цяпер выразна праглядаецца пляцоўка двара.
Ткацэвіч прыгадаў, што яшчэ ў 2006 г. на месцы фальварка цэлы тыдзень «чорны археолаг» шукаў металашукальнікам скарбы. Але нічога для сябе каштоўнага не знайшоў. Для недасведчанага «чорнага археолага» гэта безназоўны фальварак, знойдзены, верагодна, па польскай карце 1929 г. Тым не менш, з ягонай працы скарысталіся і мы. На месцы маёнтка ён накапаў вялізную колькасць ям і шурфаў. На іх паверхні ляжалі металічныя часткі гаспадарчых прылад, цвікі, фрагменты цэглы, кераміка і нават два патроны. Яшчэ доўга ў маёй кішэні ляжалі абівачныя цвікі XIX ст., падабраныя пасля чорнага капальніка. Безумоўна, у зямлі застаўся вялікі культурны пласт. І хто ведае, магчыма, недзе на глыбіні захаваліся падмуркі. Павінны былі застацца і рэшткі склепа ці лядоўні. Археолагі маглі б знайсці рэшткі падмуркаў XIV стагоддзя там, дзе пазней стаяў фальварак Востраў. Але ці захавалася што-небудзь у зямлі пасля ўсіх бед, якія прайшлі па нашай зямлі?
Былая жыхарка вёскі Заполле, што ў двух кіламетрах ад Вострава, Ядвіга Паўлюкевіч, 1940 года нараджэння, таксама выдатна ведае гэты тапонім і помніць старыя пабудовы. З яе слоў — гэта быў вялікі драўляны аднапавярховы панскі дом з высокімі, у рост чалавека, каменнымі падмуркамі. Дом меў належны ганак з чатырма высокімі каменнымі прыступкамі, у ім было пяць пакояў — чатыры вялікія і адзін малы, а таксама кухня. Каля дома месціліся: гумно, свіран, хлеў, лядоўня і флігель для наёмных работнікаў. Пасля Другой сусветнай вайны ў доме знаходзіўся фельчарска-акушэрскі пункт, і жыла сям'я медыкаў Смалякоў. З 1963—64-х гадоў дом пуставаў.
Так скончылася сваё гістарычнае існаванне Востраў — адзін з першых населеных пунктаў Лідчыны. Маёнтак, ад назвы якога пайшоў другасны тапонім — вёска Астраўля.
Вось так, дзякуючы Тэадору Нарбуту, быў знойдзены найстарэйшы маёнтак Лідчыны — Востраў. Уся непасрэдная і ўскосная інфармацыя аказалася дакладнай. Факты шчыльна сышліся адзін да аднаго і пацвердзіліся на месцы. З вопыту даследчыка ведаю, што так здараецца рэдка.
Верагодна, Востраў як месца сустрэчы нашчадкаў Альгерда і Кейстута быў абраны невыпадкова.
Па-першае, на момант падпісання пагаднення маёнтак знаходзіўся на мяжы Гарадзенскага княства, якое належала Вітаўту, і лідскімі валоданнямі Ягайлы. Мяжа праходзіла па рацэ Дзітве.
Па-другое, недалёка ад Вострава праходзіў старадаўні шлях з Вільні ў Кракаў. І найстаражытнейшы мост праз раку Дзітву на шляху з Вільні на Варшаву ў 1392 г. знаходзіўся якраз насупраць Вострава, у Рулевічах. Мост праз Дзітву ў Мыто быў пабудаваны толькі ў канцы XV ст.
На адлегласці ў некалькі міль ад маёнтка Востраў знаходзіўся Лідскі замак, дзе два валадара, здавалася б, маглі наладзіць годны прыём. Але ў студзені таго ж 1392 г. атрады крыжакоў на чале з камандорам Янам Румпенгаймам, Конрадам Ліхтэнштэйнам, разам з войскамі Вітаўта, які ў той час яшчэ змагаўся з Ягайлам за кантроль над Літвой, разрабавалі і спалілі горад і замак. Таму Ліда не магла належным чынам прыняць стрыечных братоў.
Цікава пра пагадненне піша Ян Длугаш: «Уладзіслаў, кароль Польскі… прагнучы забяспечыць спакой Літвы, да якой, як да роднай зямлі, меў найвялікшае шанаванне… пастанавіў нарэшце паяднацца з князем Вітаўтам і даць яму ўладу над Літвой і Руссю, бо іншыя браты Ягайлавы былі аматарамі палявання і п’янства і не былі здатныя да кіравання дзяржавай. Дзеля гэтай мэты патаемна выслаў Генрыха, князя Мазавецкага, які быў абраны біскупам Плоцкім… але потым, парушыўшы стан духоўны, родную сястру Вітаўта… узяў за жонку. … Кароль Польскі Уладзіслаў напрыканцы месяца ліпеня выехаў у Літву, а 7 жніўня стаў у Востраве, туды ж для сустрэчы прыбыў князь Вітаўт з найбольш адданымі прыхільнікамі, і з пачцівай просьбай, слязьмі заліты, умольваў караля аб прабачэнні для сябе і дараванні сваёй віны. Кароль Уладзіслаў адпусціў яму ўсе правіны. Потым выправіўся з ім у Вільню… і не толькі вярнуў Вітаўту спадчынную тэрыторыю і замкі, але і ўсю Літву і Русь з замкамі аддаў пад ягоную ўладу…».
Длугаш піша, што дзеля заключэння пагаднення Ягайла выехаў у Літву.
Трэба адзначыць ролю плоцкага біскупа Генрыха (сына мазавецкага князя Земавіта III з дынастыі Пястаў) у справе пагаднення паміж Ягайлам і Вітаўтам. Біскуп па прапанове Ягайлы ў 1392 г. таемна правёў перамовы з Вітаўтам, які ў той час знаходзіўся ў крыжакоў. Місія біскупа была паспяховай і паклала пачатак прымірэнню паміж двума стрыечнымі братамі, што хутка прывяло да Востраўскага пагаднення.
Сустрэча біскупа з Вітаўтам мела цікавы пабочны эфект. Генрых, які да гэтага часу толькі 2 гады лічыўся плоцкім біскупам і нават яшчэ не заняў біскупскую кафедру, закахаўся ў сястру Вітаўта Рынгалу і ажаніўся з ёй. Але магчыма, гэты шлюб і паскорыў смерць Генрыха, які памёр у Луцку зімой 1392/93 г. З нагоды яго скону сучаснікі мелі 2 версіі: ці нашчадка Пястаў атруцілі крыжакі, ці гэта зрабіла яго ўласная жонка.
На момант падпісання пагаднення ў 1392 г. маёнтак быў уласнасцю скарбу ВКЛ.
Яшчэ ў XV ст. па ўсёй тэрыторыі гістарычнай Лідчыны цягнулася пушча, якая належала Вялікаму князю літоўскаму. У часы Вітаўта тут было не шмат сталага насельніцтва, і менавіта гэты Вялікі князь пачаў надзяляць баяраў землямі, але надаваць ён мог толькі лясы і рэкі. Гэта маёмасць каштавала не шмат, бо гаспадар павінен быў карчаваць лес, і так праз выкарчоўку лесу і заняцце новых пусташаў рухалася каланізацыя Лідчыны.
Першымі ўладальнікамі маёнтка маглі быць Бутрымы. Вядома, што ў Гародле ў 1413 г. Мацей з Вансоша, калішскі ваявода, адаптаваў у род Тапор Яна Бутрыма з Жырмун, які да акта адаптацыі прывесіў пячатку з гербам «Тапор» (павернуты ўправа). Бутрымы — першыя ўласнікі Жырмун. Як будзе бачна далей, Востраў на працягу стагоддзяў быў злучаны з Жырмунамі ў адну маёмасць і меў аднаго гаспадара, і таму, думаю, можна выказаць здагадку, што Бутрымы маглі атрымаць Востраў адначасова з Жырмунамі або пасля іх.
Неабходна трошкі расказаць пра гэты род. Першы раз мы сустракаем Бутрыма ў канцы XIV ст. на радзе баяраў. Гэты Бутрым меў патронім (імя па бацьку) Савічавіч, таму, верагодна, ягонага бацьку звалі Савіч. Але і Савіч ёсць патронім ад Савы, які быў дзедам Яна Бутрыма. Калі Сава таксама быў Бутрымам, дык магчыма, менавіта яго Ягайла загадаў пакараць смерцю ў 1382 г. за забойства Вайдылы.
Вяртаючыся да Яна Бутрыма, бачым яго ў 1407 і 1410 гг. яшчэ без усялякіх пасад. Але ўжо ў 1412 г. ён атрымлівае пасаду маршалка двара вялікага князя Вітаўта і на гэтай пасадзе знаходзіцца да канца жыцця. У 1410 г. Ян Бутрым адбываў пасольства Вітаўта ў Празе, а ў 1414 г. прымаў удзел у выправе на Прусію і каля замка Голанд патрапіў у крыжацкі палон. У 1422 г. атрымаў пасаду смаленскага старосты. З 1426 г. інфармацыі пра яго няма, аднак у 1428 г. пасаду маршалка двара Вітаўта займае сын Яна — Юры Бутрым. Таму можна лічыць, што Ян Бутрым памёр паміж 1426 і 1428 гг.
Сын Яна Бутрыма — Юры з Жырмун у маладосці вучыўся за мяжой і лічыўся высокаадукаваным чалавекам. У 1428—1429 гг., пасля бацькі, ён таксама займаў пасаду маршалка двара Вітаўта. Потым ніякай пасады не меў, аж пакуль у 1440 г. мы не сустракаем нейкага з Бутрымаў на пасадзе слонімскага і здзітаўскага намесніка. Але упэўненасці, што справа ідзе менавіта пра Юрыя Бутрыма, няма. Яго сын Уладзіслаў Бутрым у 1445 годзе — студэнт Кракаўскага ўніверсітэта. Другі сын — Трэчус Бутрымовіч — у сярэдзіне XV ст. атрымлівае маёмасць у Ашмянскім павеце.
Аляксандр Мантоўт у 1422—1435 гг. — салечніцкі стараста. Праз нейкі час ад Жыгімонта Кейстутавіча ён атрымаў Салечнікі ва ўласнасць. У 1440 годзе Мантоўт — эйшышскі стараста, пасля чаго яго след губляецца. Абодва староствы Мантоўта з двух бакоў суседнічалі з «гняздом» Бутрымаў — вёскамі Бутрыманцамі і Бутрымамі.
Аляксандр Мантоўт меў чатырох сыноў: Барташа, Конрада, Міхала і Таўцівіла. З іх Конрад вядомы з прыдомкам Кучук. Міхал Мантоўтавіч меў нейкія справы з Жырмунамі Бутрымаў, і, верагодна, праз яго Жырмуны перайшлі да Мантоўтавічаў.
Першае згадванне пра Востраў я знайшоў у дакуменце ад 1 ліпеня 1436 года — усяго праз 44 гады пасля заключэння Востраўскага пагаднення. У гэтым дакуменце Кучук Конрад (сын Аляксандра Мантоўта), дзедзіч Жырмунаў, надае касцёлу францысканаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вільні меру мёду са сваёй вёскі Дакудава і дзесяць мер жыта з Вострава (Dominis Conradus de Szyrmuni legat mensuram dictam vszatekin Dokudov millessimo quadringentesimo tricesimo sexro Legatio pro una mensura mellis ex villa Dokudov et pro desem vasis siliginis ex Ostrov a domino Conrado de Szyrmin).
Гэты старажытны пергамент захаваўся ў архіве Віленскага каталіцкага капітула. Да дакумента у архіве была прыкладзена папраўленая копія, перапісаная на пачатку XIX ст. Пра Востраў у копіі напісана: «et decem wasa siliginas (de) Ostrov», пра Кучука — «Cimradus alias Kuczuc».
Вядома, што родапачынальнікам гэтага роду быў Кучук — каморнік Ягайлы, які ў 1382 годзе ўдзельнічаў у забойстве Кейстута. Яго сын Конрад (? — пасля 1437) ужо валодаў Дакудавам, Шчучынам і Востравам. Сын Конрада — Ян Кучук (каля 1410 — каля 1478), маршалак гаспадарскі ў 1469—1478 гг. і намеснік лідскі ў 1473 г. У 1473 годзе згадваецца ў Метрыцы ВКЛ: «Здесъ положилъ передъ нами маршалокъ нашъ, намесникъ лидский, панъ Янъ Кучукъ…».
Ян Кучук меў сыноў Юрыя (каля 1435 — пасля 1482), які быў гаспадарскім маршалкам у 1482 годзе, і Войцеха (каля 1440 — пачатак 1506). Войцех у 1492—1505 гг. таксама займаў пасаду гаспадарчага маршалка. У 1496 годзе Войцех Кучукавіч заяўляе пра «близкость имения своего, на имя Жирмунъ, что жъ держать Михайловичи Монтовтовичи». Каля 1516 года ў метрыцы ёсць справа пра Кучукаўскае возера ў вёсцы Сцеркава пад Лідай, дзе Кучукі, пэўна, таксама мелі маёмасць.
У Метрыцы ВКЛ знаходзім, што Казімір Ягелончык 8 мая 1466 года сярод іншага надаў Андрэю, малодшаму сыну Галігіна з роду Клаўсуцяў, даннікаў з Вострава: «Ондрюшку дворецъ у Волковыску, а Червичи у Пинску, данники, а 14 человековъ у-въ Острыне, у-въ Острове данъники, на имя Поздешевичи; даютъ два устава меду». Польскі гісторык Глінка, каментуючы гэты тэкст, указваў, што гэтыя наданні даваліся ў межах радавых маёнткаў Клаўсуцевічаў. У выпадку з Востравам зусім блізка быў маёнтак Дзітва, якім валодалі Клаўсуці.
У недатаваным дакуменце (каля 1509 года), у якім разглядаюцца спрэчкі кухмістра пана Пятра з панам Юрыем (Радзівілам), ваяводзічам віленскім, размова ідзе пра трэцюю частку маёнткаў «Докудово, Щетино [Шчучын — Л.Л.] а Остров», якія раней належалі пану Войцеху Кучукавічу. 20 жніўня 1512 года ў судовай справе, акрамя іншага, запісана: «Будучи де ещчо за славное памяти милости Александра, панъ Вотехъ Кучуковичъ, маршалокъ его милости, именья свои отчизные, третюю часть, … Докудово а Щетино а Остров…». З Метрыкі не бачна, чым скончылася справа, аднак у 1537 годзе, пасля смерці кіеўскага ваяводы і лідскага старосты Юрыя Мікалаевіча Радзівіла (1480—1541), кароль Жыгімонт «на вечнасць» зацвердзіў за другою жонкаю нябожчыка, Барбарай Станіславаўнай, сярод іншых маёнткаў таксама і «Жирмуны, Щчучин, Остров, … Докудов».
У яшчэ адным недатаваным дакуменце (каля 1510 года) разглядаецца скарга каралеўскага двараніна Януша Сакаловіча на слуг паноў Крупскіх (уладальнікаў Крупава, зараз вёска пад Лідай, у некалькіх кіламетрах ад Вострава — Л. Л.). У справе ў якасці сведак фігуруюць суседзі Крупскіх — Баярын Юры Востраўскі і Міхна, «корчміт» Востраўскі.
Войскі рускага ваяводы Хаванскага разбурылі Востраўскі двор падчас вайны (1654—1667).
Далейшую гісторыю Вострава можна прасачыць па дакументах, і таму мы не будзем яе падрабязна пераказваць. Цікавую інфармацыю пра гэты населены пункт даў выбітны лідскі гісторык першай паловы XX ст. Міхал Шымялевіч. Ён піша, што на карце «Rizzi Zannoni», выдадзенай у 1772 годзе ў Парыжы, між Лідай і Мытом намаляваны вялікі лес з назвай «Лес Лідскі». Гэты лес уваходзіў у Лідскае староства і быў падзелены паміж маёнткамі Дайнава, Цыбары і інш. Напрыканцы XVI ст. Ян Янавіч Завіша, падкаморы лідскі, а потым кашталян і ваявода віцебскі, выкупіў Белагруду — маёмасць, якая належыла яшчэ яго дзяду, Андрэю Завішу. Пасля смерці віцебскага ваяводы Белагруда разам з Жырмунамі і Востравам (так званы Жырмунскі ключ) перайшла да ягонага пляменніка Мікалая Завішы, таксама кашталяна віцебскага. Пасля смерці бяздетнага Мікалая Завішы ўся гэта маёмасць перайшла да ягонай удавы, а потым, напрыканцы XVII ст., да Ганны Завішы, дачкі Яна Юрыя Завішы, старосты браслаўскага. У сярэдзіне XVIII ст. Жырмуны і Востраў з Белагрудай — маёмасць княгіні Барбары Радзівіл (з Завішаў). Ад яе маёмасць пераходзіць да сына — Станіслава Радзівіла (1722—1784) і ўнука Мікалая Радзівіла, уладальнікаў Жырмун.
У 1767 г. Востраў як пасаг атрымаў Юзаф Юдыцкі (1717—1797), калі ажаніўся з Алаізай Радзівіл, дачкой генерал-маёра Альбрэхта Радзівіла і Ганны Халецкай. Таму ў Падымным тарыфе 1775 г. Востраў належыць лідскаму абознаму Юдыцкаму, лідскі падкаморы Нарбут валодае суседнімі Сукурчамі. Тэадор Нарбут паведамляў, што перадапошнім гаспадаром Вострава быў як раз лідскі падкаморы Тадэвуш Нарбут. Ягоны ўнук Лявон Дэмбоўскі пісаў у сваіх мемуарах: «Лідскі падкаморы жыў у радзінным маёнтку Сукурчы і па жонцы меў вёску Котлава, а каля 1773 г. дакупіў ад Пясецкіх (насамрэч, Юдыцкіх — Л. Л.) маёнтак Востраў, нічога не заплаціўшы, у крэдыт».
Міхал Шымялевіч пісаў, што ў XVIII ст. у Белагрудскую парафію ўваходзіла маёмасць князёў Радзівілаў: Востраў, Дайнава, Вялікае Ольжава, Тарноўшчына. Акрамя касцёла ў Белагрудзе, парафія мела некалькі капліц: у Востраве, Дайнаве, Дзітве, Вялікім Ольжаве і інш. Дакладна вядома, што менавіта ў Востраве Тадэвуш Нарбут на свае сродкі фундаваў капліцу, якая была ліквідавана ў 1866 г. Тое, што ён пабудаваў капліцу не ў сваіх Сукурчах, а ў суседнім, нядаўна набытым маёнтку, кажа пра адметнасць Вострава ў вачах гаспадара і суседзяў, бо традыцыйна менавіта Сукурчы былі цэнтрам вясковай акругі (у акрузе жыло больш за 500 чалавек). Таксама пры Тадэвушы Нарбуце ў фальварку Востраў, каля дарогі, знаходзілася карчма, а на рацэ Крупка меўся стаў з млынам (другі стаў быў каля Сукурчоў).
У палове XX ст., калі Сукурчоў як населенага пункта ўжо не існавала, у народзе захавалася памяць пра тое, што адзін з тутэйшых будынкаў быў вельмі стары. А ў сям'і апошніх уладальнікаў Сукурчоў Пілецкіх захавалася легенда пра Востраўскае пагадненне. Апошні ўладальнік Сукурчоў Вітальд Пілецкі па расповедах сваіх бабулі і маці пераказаў мясцовую легенду пра тое, што калі «Ягайла сустрэўся з Ядвігай… у Востраве на Дзітве, у двары і стайнях было там занадта цесна, і яны прыйшлі ў Сукурчы на гучную бяседу»3.
Але на гэтым гісторыя не скончылася. Мае артыкулы пра знаходку месца падпісання дамовы 1392 года публікаваліся ў шматлікіх беларускіх сродках масавай інфармацыі і навуковых зборніках. І праз нейкі час, праз «трэція рукі», да мяне дайшла інфармацыя, што «чорныя капальнікі» зноў пабывалі на тым месцы і на гэты раз знайшлі рэчы XIV стагоддзя (энкалпіён4 і інш.).
І мне стала сумна…
Лідская Дайнова
Пасля таго, як быў знойдзены палац у Востраве, дзе па версіі Тэадора Нарбута было заключана знакамітае Востраўскае пагадненне 1392 года, мяне зацікавіў яшчэ адзін аб'ект каля Ліды — старая Дайнава, за некалькі кіламетраў на поўдзень ад Вострава.
Вялікі знаўца нашай гісторыі Адам Кіркор у «Живописной России» пісаў, што Ліда была сталіцай удзельнага княства і з'яўляецца старажытным паселішчам на мяжы ўласна Літвы і дайнаўцаў. Горад адыграў значную ролю ў гістарычных лёсах нашай дзяржавы. Кіркор лічыў, што каля Ліды магло існаваць умацаванне, а князь Гедымін ужо потым пабудаваў там замак. У кнізе «Черты из истории и жизни Литовского народа» Кіркор дапаўняе гэтую інфармацыю звесткамі пра Дайнаўскі замак, а ў заўвагах да тэксту дае вельмі цікавую інфармацыю: «Дайнава на захад ад Ліды за 10 вёрст (вярста = 1,0668 км — Л. Л.), паблізу ракі Дзітва, зараз маёнтак. Тут існаваў замак, сляды якога бачныя і цяпер у розных паглыбленнях сажалак, у грабах (дрэвах — Л. Л.), якія нідзе паблізу не растуць, у камені вялізарных памераў, на якім па паданні каралі смерцю злачынцаў. Камень гэты называецца і цяпер у простага люду „кабылай“ і, мяркуючы па яго месцазнаходжанні, верагодна, ляжаў на плошчы супраць палаца. Княства Дайнаўскае межавала з цяперашнімі паветамі: Гарадзенскім, Наваградскім і Ашмянскім». Інфармацыя пра Дайнаўскі замак (палац) не была падмацавана пісьмовымі крыніцамі, і таму ў сур'ёзнай навуковай працы «Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда. 1893» нічога не пішацца пра замак, а толькі пра былое паселішча, і ўказваецца на крыніцу інфармацыі — народную памяць. Самы выбітны лідскі гісторык і краязнаўца XX стагоддзя Міхал Шымялевіч напісаў пра тое, як закончыўся лёс гэтага сакральнага для паганцаў каменя: «Пры вёсцы Бельск за 6 вёрст ад Ліды на полі ляжаў велізарны камень, які звалі „Кабыла“. Па паданні на гэтым камені каралі даўней злачынцаў. Магчыма, што тут у старажытнасці збіраліся копныя суды. Камень пабіты мулярамі на пачатку 1905 года».



