«Той дом, хоць невялікі, але мілы воку…». Маёнткі на захад ад Ліды

- -
- 100%
- +
Неабходна адзначыць, што Тэадор Нарбут таксама лакалізуе Дайнаўскае княства ў Лідскім павеце «за левым (лідскім — Л. Л.) берагам ракі Дзітва» і лічыць лідскі населены пункт Дайнава, які знаходзіцца паміж Мыто і Лідай, цэнтрам княства, пра што піша ў сваіх «Дзеях…». Аднак агульнага меркавання пра лакалізацыю Дайнавы няма. Можна прыгадаць меркаванне польскага гісторыка-медыевіста Генрыка Лаўмянскага, які на падставе лакалізацыі тапонімаў граматы Міндоўга 1259 года зрабіў выснову, што Дайнаўская зямля знаходзілася паміж Мазурскімі азёрамі і ракой Бебжа, ці расейскага гісторыка Мікалая Барсава, які лічыў, што яна знаходзілася ў міжрэччы Верхняга Нёмана і Віліі. У другім томе энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае» Валерый Пазднякоў пакінуў пытанне лакалізацыі Дайнаўскага княства адкрытым.
* * *
Святыя камяні былі, напэўна, самым распаўсюджаным аб'ектам пакланення ў насельніцтва Еўропы ва ўсе часы існавання дахрысціянскіх культаў. Пакаранне смерцю на камені павінна мець карані ў балцкай міфалогіі. Звычайна камяні з назвамі «кабыла», «кравец», «шавец» — гэта грубыя валуны аморфнай формы з неапрацаванай паверхняй. Тое, што валуны размяшчаліся ў паніжаных, забалочаных мясцінах, паблізу вады, і запісаныя народныя паданні, пацвярджаюць, што гэты від культавых камянёў у міфалогіі звязваўся з тытанічным боствам, якое магло ўвасабляцца ў вобразе вала або, зрэдку, каня ці змея. Пасля прыняцця хрысціянства ў народнай свядомасці гэта боства трансфармавалася ў чорта. Засталіся сляды людскога ўшанавання камянёў: знакі на іх, сляды ахвяраванняў каля іх, уключэнне камянёў у структуру больш складаных і буйных сакральных комплексаў. Шмат народных паданняў сведчыць пра «сямействы» сакральных камянёў. І нашая дайнаўская «кабыла» не была адзінокай. Да сённяшняга часу захаваўся яе напарнік — камень даўжынёй 2,45 м, шырынёй 1,8 м і вышынёй над паверхняй зямлі 1,15 м. Зверху на гэтым валуне маецца 13 выразных лунак і некалькі меркаваных. Дыяметр лунак 5—7 см, глыбіня — 1—3 см.
Вера ў цудоўную моц камянёў захавалася да нашых дзён. Спадзеючыся на краязнаўчую ўдачу, я пачаў шукаць сведак, якія захавалі паданні пра дайнаўскі камень. Такім сведкам стала Ядвіга Паўлюкевіч, 1940 года нараджэння, былая жыхарка вёскі Заполле, што ў двух кіламетрах ад былога маёнтка Дайнава. Яна расказала, што яе бацька, Іосіф Казіміравіч (1910 года нараджэння), раззлаваўшыся, ужываў прымаўку: «Адсяку галаву, як курыцы на Дайнаўскім камені». Ён жа, выкарыстоўваючы розныя гаспадарчыя прылады з сасны ці елкі, часта казаў: «Вось у нас растуць грабы, якіх больш нідзе няма, вось гэта дрэва! Мацнейшае за дуб!». Ядвіга Іосіфаўна памятае, што калі ёй было некалькі гадкоў, яе маці Міхаліна (1912 года нараджэння) расказвала казку, у якой людзі танцавалі на вялікім Дайнаўскім камені, але, на жаль, сюжэт гэтай казкі забылася. Яна распавяла, што стары панскі дом знаходзіўся паміж вёскамі Дайнава і Бельскія на выгане. Рэшткі сажалак захаваліся да нашага часу.
* * *
Засталося выехаць і знайсці месца легендарнага Дайнаўскага палаца, што і было зроблена напрыканцы траўня.
Ядвіга Паўлюкевіч паказала падвышэнне, дзе стаяў панскі дом Сангіноў, уся сям'я якіх з'ехала з Дайнавы прыкладна ў 1938 годзе. У першай палове XIX стагоддзя панскі двор, дзе ляжаў камень «Кабыла», належаў гаспадарам Брадоўскім (Brodowski, герба Лада). На расейскай тапаграфічнай мапе сярэдзіны XIX стагоддзя гэты фальварак названы Мазораўшчызнай (на польскай мапе 1929 года — Мазураўшчызна).
Пасля Другой сусветнай вайны ў панскім доме паслядоўна месціліся школа, сельсавет, медыцынскі пункт і дзесьці да канца 60-х гадоў панскі дом быў разбураны. Цяпер на яго месцы стаіць дом фермера, а на месцы фальварка — вялікая фермерская гаспадарка з жылым домам і гаспадарчымі пабудовамі. З паўночна-заходняга боку ад былога панскага дома яшчэ нядаўна меліся сажалкі з бачнымі яшчэ землянымі валамі. Грабаў, канешне, ужо не было. Зараз уся пляцоўка забудавана фермерскай гаспадаркай, і пэўна, я апошні, хто бачыў сажалкі. Тым не менш, каардынаты аб’екта — +53° 52» 9.96, +25° 10» 25.21
Сучасны гаспадар гэтай зямлі, фермер, і не здагадваецца, што ягоная гаспадарка стаіць на месцы, пра якое пісаў Адам Кіркор. І нават калі Дайнаўскі замак не больш, чым легенда, гэтае месца вартае таго, каб трапіць у турыстычныя даведнікі.
Ольжава
Польскі гісторык Ян Глінка ў сваёй ґрунтоўнай працы пра род Клаўсуцяў на Лідчыне ўказваў, што Ольжава, а таксама Малое і Вялікае Ольжава былі часткамі адзінай маёмасці і ў XV ст. належалі гэтаму роду. Заснавальнік роду Клаўсуцяў нарадзіўся, пэўна, каля 1300 года і жыў у першай палове XIV ст.. У XV ст. род асеў у Ваверцы і вакол яе. Працяглы час яны валодалі больш як 30 маёнткамі на Лідчыне.
Другімі ўладальнікамі нейкай часткі Ольжава ў ваколіцах Белагруды з першай паловы XV ст. былі Завішы. Пэўнай часткай маёнтка валодаў і Пётр Гаштольдавіч. Нам вядомы дакумент наступнага зместу, падпісаны ў Вільні 7 ліпеня 1468 года: «Ян, сын Пятра Гаштольдавіча, разам з жонкай Кацярынай і дзецьмі надалі віленскім францішканам на Пясках 10 бочак з Ольжава: 5 збожжа і 5 ярыны, а таксама 1 бочку пшаніцы і аднаго вепрука штогод з абавязкам адпраўляць штотыдзень дзве імшы — адну за жывых, другі за памерлых».
У 1463 годзе адзін з самых магутных у той час родаў Лідчыны — Клаўсуці — фундаваў касцёл у Ваверцы. Грошы на касцёл былі ахвяраваныя з двароў Ольжава і Ваверка. Ольжавам у той час валодалі прадстаўнікі роду Галігінавічаў: Міхал, Суцька, Дыль і Андрэй. Міхал Галігінавіч з жонкай Зоф’яй, якая жыла яшчэ ў 1479 годзе, меў сына Жыгімонта — адзінага нашчадка лініі Галігінавічаў і старэйшыну ўсяго роду. Жыгімонт меў сына Мікалая і дачку, якая пасля замужжа стала Скіндаравай. У Метрыцы ВКЛ захаваліся дакументы «Справы Скіндаравай пра маёнтак Ольжава». З гэтага дакумента вядома, што Мікалай быў сынам Жыгімонта і ўнукам Міхала Галігінавіча; ён памёр бяздзетным, а яго маёнтак унаследавала сястра (маці Сымона і Андрэя).
У 1498 годзе лідскі маршалак Войцех Кучукавіч атрымаў загад падзяліць маёнткі нябожчыка Мікалая Жыгімонтавіча паміж панамі Скіндарам і Андрэем Сіруцевічам. Сярод іншай маёмасці трэба было падзяліць і «имен (ь) я небожчика Миколая Жигимонтовича Олжево. … Ино, онъ небожчикъ отписалъ одно имен (ь) е Ольжево на церковъ Бож (ь) ю…» (тут і далей — старабеларуская мова).
Сутнасць справы была ў тым, што Мікалай Жыгімонтавіч памёр бяздзетным, і паводле тагачаснага закона вялікі князь Аляксандр перадаў яго маёнтак Ольжава Скіндару. Аднак стала вядома, што нябожчык запісаў сваю маёмасць царкве, а частку перадаў Андрэю Сіруцевічу. Вялікі князь і паны-рада вырашылі пакінуць царкве і Сіруцевічу толькі трэцюю частку маёмасці нябожчыка. Землі ў той час даваліся шляхце для таго, каб яна служыла дзяржаве, і пасля смерці бяздзетнага шляхціца яна адходзіла да дзяржавы. Зразумела, гэта не магло падабацца землеўладальнікам. Цікава, што бывалі выпадкі, калі вялікія князі прымушалі ўдавелых шляхцянак хутка выходзіць замуж другі раз — тады зямля заставалася за імі, каб было каму служыць дзяржаве. Таксама бяздзетным землеўладальнікам дазвалялася ўсыноўваць ці ўдачараць іншых людзей.
Хутка і сам лідскі маршалак Войцех Кучуковіч пачаў прэтэндаваць на маёнтак Ольжава і пажадаў забраць яго ў сваёй зводнай бабулі. 14 красавіка 1496 г. Кучуковіч у судзе выкарыстаў сведак: дарагічынскага пісара Станіслава Вадынскага і лідскіх баяр Юшку, Войтку і Богуша Караевічаў. Яны сведчылі, што муж Марыны Анцушка запісаў ёй Ольжава пажыццёва, а не навечна. Сама ж Марына, якая была замужам двойчы, перадавала маёмасць сваім дзецям ад другога шлюбу (з Раклем), а не ад першага (з Кучуковічам).
Верагодны ўнук Марыны Раклевай-Петкавай, Станіслаў Якубавіч Раклевіч, 30 кастрычніка 1556 года атрымаў прывілей на вольную карчму ў сваім ольжаўскім маёнтку — вёсцы Раклевічы. Можна не сумнявацца, што Раклевічы — гэта сучасная вёска Раклёўцы. З прывілею бачна, што землеўладальнік Станіслаў Якубавіч Раклевіч прасіў у вялікага князя дазволу пабудаваць у сваім ольжаўскім маёнтку карчму, каб гандляваць у ёй півам, мёдам і шынкаваць гарэлкай, што, на яго думку, не будзе перашкаджаць ужо існуючым дзяржаўным корчмам. Вялікі князь улічыў, што гаспадарскіх (дзяржаўных) корчмаў тут няма, і дазволіў Раклевічу пабудаваць сваю.
Як звычайна, калісьці вялікае ўладанне з часам распрадавалася па частках. Так, 29 жніўня 1493 года гаспадарскі маршалак і лідскі намеснік Станіслаў Пятрашкевіч (Кішка) купіў «Олжово, отчизное имение Григория Симоновича». Станіслаў (Пятровіч) Кішка паходзіў з магнацкага роду Кішкаў герба «Дуброва» і быў сынам Пятрашкі Страмілы. Ён атрымаў мянушку Кішка, ад якой і пайшло прозвішча роду. Займаў шэраг дзяржаўных пасад, у тым ліку падстолія (1487—1488), стольніка літоўскага (з 1491 г.), намесніка лідскага (з 1493 г.). Удзельнічаў у пасольстве ў Маскву наконт шлюбу дачкі маскоўскага гаспадара Івана III Алены з вялікім князем Аляксандрам. У 1496 годзе браў удзел у выправе караля Яна Ольбрахта на малдаўскага гаспадара, дзе з уласным атрадам разбіў татараў пад Брацлавам. У 1499 годзе атрымаў пасаду намесніка смаленскага і пачаў умацаванне горада. У чэрвені 1502 года кіраваў абаронай Смаленска ад маскоўскіх войскаў. У 1503 годзе разбіў татараў у бітве каля Прыпяці. У тым жа годзе стаў вялікім гетманам і заставаўся ім да 1507 года, калі з маскоўскага палону вярнуўся Канстанцін Астрожскі. У 1506 годзе ўдзельнічаў у бітве пад Клецкам. З 1508 года стаў гарадзенскім старостам. У 1508 і 1511 гадах працаваў у камісіі па размежаванні Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага ў Мазовіі. Каля 1512 года стаў земскім маршалкам. Другі раз ажаніўся з Соф’яй, дачкой троцкага ваяводы Пятра Мантыгірдавіча Белага, ад якой меў сына Пятра і дачку Ганну. У спадчыну ад згаслага роду Мантыгірдавічаў ён атрымаў маёнткі Нясвіж, Алыка і Лахва, якія праз шлюб дачкі Ганны пазней перайшлі да Радзівілаў.
У XVI ст. Вялікае Ольжава належала Кішкам, а Малое Ольжава — пані Раклевай.
У 1570-я гады Ольжава стала маёмасцю Мікалая Пятровіча Кішкі Цеханавецкага, падляшскага ваяводы, драгічынскага і бельскага старасты. Мікалай Кішка падтрымліваў планы збліжэння ВКЛ з Польшчай, дзякуючы чаму ў 1569 годзе стаў падляшскім ваяводам (пасля пераходу ваяводства ў склад Кароны). Заставаўся на гэтай пасадзе да канца жыцця. Быў сенатарам і разам з іншымі займаўся арганізацыяй пахавання караля Жыгімонта II Аўгуста. У 1573 годзе браў удзел у абранні новага манарха Генрыха Валуа. У 1575 годзе спачатку не падтрымліваў кандыдатуру Стэфана Баторыя, аднак прымаў удзел у яго ўрачыстым узвядзенні на трон Рэчы Паспалітай і ў каранацыйным сойме. Пазней ніколі не належыў да яго прыхільнікаў і нават супраціўляўся волі караля ў справе вызвалення ад падаткаў драгічынскіх мяшчан. Быў двойчы жанаты. Першы раз у 1555 годзе — з Марынай Заслаўскай, якая памерла ў 1563 годзе. Другі раз — з Барбарай Хадкевіч, дачкой віленскага кашталяна Гераніма Хадкевіча. Меў дачку Барбару (жонку Юрыя Алелькавіча) і сына Мікалая.
2 мая 1579 года падляшскі ваявода Мікалай Кішка Цеханавецкі запісаў сваёй другой жонцы Барбары з Хадкевічаў у пажыццёвае валоданне («дажыванне»), акрамя іншых, і маёнтак Ольжава за яе пасаг у 6 000 коп грошай літоўскіх.
Вядома, што ў 1586 годзе Канстанцін, Станіслаў і Мікалай Тукалы дакупілі яшчэ нейкую маёмасць у Ольжаве, але, як бачым са спіса войска ВКЛ 1567 года, яны ўжо і раней валодалі тут пэўнай уласнасцю. Крыштаф Тукала 13 мая 1603 года запісаў сваёй жонцы Гальшцы Сабакінаўне 1000 коп грошай літоўскіх на маёмасць Ольжава і Гарадзішча. Запісам у кнігах земскага суда ад 16 лютага 1612 года за Гальшкай Сабакінаўнай (па другому мужу — Дышкевічавай) былі пацверджаны яе правы на Гарадзішча, Ольжава і Жданаўшчыну Сабакінскую.
З судовых дакументаў даведваемся, што, як і раней, у 1618 годзе часткай Ольжава валодала Барбара Кішка з Хадкевічаў, а іншай часткай маёнтка ў той час валодаў мсціслаўскі староста Мікалай Францкевіч-Радзімінскі. У 1622 годзе Багдана, жонка драгічынскага старосты Мікалая Кішкі, адмовілася ад усіх правоў на Ольжава і перадала правы ўласнасці полацкаму ваяводзе Янушу Кішку і яго жонцы Крысціне.
2 жніўня 1624 года Мікалай Францкевіч-Радзімінскі падаваў пратэстацыю супраць Крысціны Кішкі за наезд на маёнтак Ольжава і грабеж рухомай маёмасці. У 1629 годзе пробашч Ваверскага касцёла праз суд запатрабаваў ад Мікалая Францкевіча-Радзімінскага вярнуць зямлю, запісаную за касцёлам, якую папярэднія землеўладальнікі выкарыстоўвалі як сваю. Судовы працэс цягнуўся доўга, і ў 1645 годзе касцёл судзіўся ўжо з Уладзіславам Леонам Францкевічам-Радзімінскім.
Прыкладна з XVIII ст. у Ольжаве існавала грэка-каталіцкая капліца, якая была філіялам лідскай царквы. У акце візітацыі 1784 года захавалася яе апісанне: «На зямлі вяльможных ягамосцяў паноў Гінетаў, крайчых лідскіх… У Ольжаве. Драўляная, гонтам крытая, на падмурку, асвечаная. Гэтага асвячэння сакрамант быў прэзентаваны. Мае дастаткова парафіян. Мае апараты (рэчы для набажэнства), якія маюцца падчас візіту… капліца пабудавана за кошт… Яна Бялькевіча, сурагатара Гарадзенскага, 2 жніўня 1764 г. ахвяравана Лідскай парафіяльнай царкве».
Варта таксама расказаць пра дарогі, якія праходзілі каля Ольжава. Міхал Шымелевіч пісаў, што ў даўнейшыя часы дарога з Ліды на Слонім (так званы Беліцкі гасцінец) ішла праз Гарні, Палубнікі і Любары, дзе быў пабудаваны вялікі мост праз Дзітву. Перад Ольжавам ад гэтага шляху адходзіла дарога на фальварак Белагруду, якая бегла праз Дзітву на Парачаны, Голдава і Жалудок і была вядомая пад назвай Зэльвенскага гасцінца.
Вось як апісана дарога ад Белагрудскага касцёла ў бок Ліды ў «Вопісах парафій Лідскага дзеканата ў 1784 годзе»: «Дарога да Ліды, судовага горада, і тракт Віленскі ад касцёла Белагрудскага ў кірунку на летні ўсход сонца ідзе па правым баку. Даехаўшы да броду, будзе вёска Гарняты за тры стадыі да карчмы Найяснейшага князя ягамосці Радзівіла, генерал-лейтэнанта войскаў ВКЛ, за ёй Дубічаны Найяснейшага князя ягамосці Масальскага, біскупа Віленскага, за шэсцьдзесят стадый, далей фальварак Белагруда Найяснейшага князя ягамосці Радзівіла, генерал-лейтэнанта войскаў ВКЛ, за трыццаць стадый, потым Тукалаўшчына, фальварак яснавяльможнага пана Гінета, за чвэрць мілі, далей, мінуўшы брод, па правым баку — Рубікі ў арэндзе васпана Сідаровіча і васпанства Ёчаў. З гасцінца, з якога ідуць дарогі да фальварка Тукалаўшчына і вёскі Дубчаны, праз дзевяць стадый, па левым боку ідзе дарога да Мохавічаў і да Медзеўшчыны, плябаніі Белагрудскай, адкуль на ўсход сонца ідзе дарога на гасцінец Лідскі і Віленскі, да карчмы, якая мае назву „Пад крыжамі“, яснавяльможнага пана Альшэўскага, на мяжы Лідскай парафіі. Тут гасцінец налева ідзе да Вільні на Дайнаву ксяндзоў-аўгустынаў да гасцінца Віленскага, які ідзе з Мыта і сыходзіцца з Мытлянскім гасцінцам. Сярэдні гасцінец ідзе на Ліду, і крута направа — да Шчытнікаў. Ад гэтага гасцінца за дзесяць стадый ідуць дарожкі: адна да Лідскай парафіі, а другая направа на поўдзень, да Рубікаў. Шчытнікі дзеляць парафію Белагрудскую з Лідскай».
А вось апісанне дарогі з боку Ліды да Белагруды: «Дарога да Белагруды цягнецца каля Раклёўцаў на Ольжаў-Нелюбаўскі (Малое Ольжава) васпана Альшэўскага, падстолія Лідскага, дзе і заканчваецца парафія Лідская».
Вядома, што некалькі вялікіх маёнткаў Лідчыны, сярод якіх былі Тарноўшчына і Белагруда, належалі Радзівілам. Напрыканцы XVIII ст. яны пачалі набываць і ольжаўскую маёмасць. У 1808 годзе Мікалай Радзівіл здаў пад заставу (у арэнду) Тарноўшчыну Тадэвушу Андрэйкавічу. Са спісу парафіян-уніятаў 1829 года бачна, што Ольжава і Далекія належаць Андрэйкавічам.
У 1820 годзе маёнткам Лебяда і часткай маёнтка Ольжава валодаў цэльшаўскі маршалак Леапольд Горскі (1787—1825). У 1844 годзе маёнткам Ольжава валодаў Рышард Андрэйкавіч (305 душ), яшчэ адна частка Ольжава належала Хелене Горскай (100 душ), а Антон Альшэўскі валодаў вёскай Зайкі (40 душ).
Юлію Андрэйкавічу ў 1845 годзе, сярод іншай маёмасці, належала Вялікае Ольжава; ён жа валодаў маёнткам Тарноўшчына. У той жа час маёнтак Ольжава з вёскамі Ольжава, Дудары, Тукалаўшчына, Далекія, Палубнікі (3694 дзесяціны, 305 дымоў, 305 мужчынскіх і 252 жаночыя душы) належаў Рышарду Андрэйкавічу. Сын Тадэвуша Андрэйкавіча Юлій у 1858 годзе прадаў Тарноўшчыну Канстанціну Кашыцу.
Згодна з «Геаграфічным слоўнікам», у сярэдзіне XIX ст. Вялікае Ольжава было маёнткам Кашыцаў у Тарноўскай воласці і ўключала вёскі Ольжава, Палубнікі, Далекія і Дудары.
Прывяду звесткі, якія атрымалася знайсці пра Ольжава ў тагачасным друку.
Увосень 1906 года газеты пісалі пра некалькі грабяжоў на Лідчыне: «У ноч на 18 верасня ў фальварку Ольжава ў Тарноўскай гміне абрабаваныя арандатары Гірш Гутоўскі і Дварынскі. Рабаўнікі Юзаф Мерч-Аляксееў і Мікалай Пухальскі (сын кантралёра акцызнай палаты) былі арыштаваныя з забранымі грашамі».
Пра пажар: «У Лідскім павеце гэтай увосень усё больш пажараў. У пані Красіцкай у маёнтку Ольжава згарэлі гумно і свіран, яшчэ ў трох яе маёнтках пагарэлі гумны. Дрэнна, што прападае шмат збожжа — усё, што сёлета з поля сабралі. Ад гэтага хлеб даражэе, а пад вясну і селяніну не будзе дзе купіць… Арыштаваныя да суда 8 чалавек з вёскі Ольжава, іх вінавацяць у тым, што пасвілі жывёлу ў лесе пані Красіцкай. Вёска кажа, што яны не пасвілі, толькі раз дзеці мімаходам прапусцілі быдла».
У кастрычніку 1916 года ў вёсцы Ольжава каля Ліды адбылося забойства. Жыхар гэтай вёскі «Канстанцін Мазалеўскі за забойства і спробу забіць чалавека засуджаны на смерць».
Відавочна, што з 1920-х гадоў па ўплыве на насельніцтва сярод беларусаў Беларуская сялянска-работніцкая грамада перамагала ППС (Польскую сацыялістычную партыю), і з другога паўгоддзя 1926 года беларускі друк пачаў рэгулярна друкаваць лісты былых «пэпээсаўцаў», якія выйшлі з партыі і далучыліся да Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Напрыклад, у снежні 1926 года ў газеце «Наша Справа» былі надрукаваныя лісты былых сяброў ППС Ігната Ганевіча з вёскі Ольжава і А. Кліма з вёскі Вялікія Канюшаны.
9 жніўня 1928 года газета «Лідскае жыццё» змясціла нататку наступнага зместу: «Ушанаванне палеглых у 1863 годзе. Дня 5 жніўня ў Шчытніках Тарноўскай гміны адбылося ўрачыстае асвячэнне магілы палеглых герояў, удзельнікаў баёў 1863 года. Крыж і надмагільны камень зафундаваў вайсковы асаднік п. Кілінскі. Яго стараннем пры дапамозе асаднікаў п. Бердаўскага і палкоўніка Ардылоўскага была арганізавана ўрачыстасць. Прыгожую і узнёслаю прамову сказаў ксёндз Гародзька, звяртаючыся да падзей баёў 1863—1864 гадоў. У ўрачыстасці бралі чынны ўдзел мясцовыя жыхары, Белагрудская школа са сваёй харцэрскай дружынай і дзятва з Верхняй Сілезіі (Горнага Шлёнска), якая прыбыла ў Белагруду ў летні лагер».
20 кастрычніка 1930 года ў маёнтку Вялікае Ольжава былі падпаленыя стадола і свіран. Пабудовы згарэлі разам з 16 тонамі збожжа. У тушэнні пажару бралі чынны ўдзел добраахвотныя пажарныя дружыны з вёсак Далекія і Парачаны, а таксама мясцовыя сяляне. Страта ад пажару склала 75 000 злотых.
Пад суд траплялі нават вельмі ўплывовыя людзі. Напрыклад, Лідскі акруговы суд прысудзіў уладальніцу маёнтка Малое Ольжава графіню Эльжбету Красіцкую (пра гл. пра яе далей) да 8 месяцаў турмы за парушэнне межаў зямельных надзелаў. Ці адбывала графіня гэты тэрмін пакарання — невядома.
Трэба сказаць, што ў 1920—1930-х гадах каля Шчытнікаў валодаў фальваркам і гаспадарыў у ім адзін з заснавальнікаў і фундатараў беларускага руху на пачатку XX ст. доктар Амброзі Кастравіцкі. Ён пахаваны на могілках каля Белагрудскага касцёла, але на сёння яго магіла не знойдзена.
Пасля прымусовага продажу Тарноўшчыны (пасля паўстання 1863 года, гл. далей) за Кашыцамі застаўся маёнтак Вялікае Ольжава. Графіня Зоф’я Красіцкая з дому Кашыцаў (28.02.1852—25.01.1933) нарадзілася ў Тарнове і была дачкой Канстанціна Кашыца і Юліі з Нясілоўскіх. Яе муж — Раман Станіслаў Красіцкі (1844—1878). Мела сына Алекса Юліяна Марыяна (1878—1935), жанатага з Эльжбетай Красіцкай, якая памерла ў Лідзе і пахаваная на могілках Росы ў Вільні. Дадам, што лідскія Красіцкія паходзяць з літоўска-валынскай лініі графаў Красіцкіх.
Апошняя ўладальніца Ольжава — Цэцылія Красіцкая нарадзілася ў 1921 годзе ў Лідзе, але месцам нараджэння была запісана Вялікая Ольжава. Бацькі Цэцыліі — Алекса і Эльжбета Красіцкія — першыя тры гады адразу пасля шлюбу жылі ў радавым маёнтку Шабастоўка на Падоллі. Пасля заканчэння вайны, у 1921 годзе, бацькі Цэцыліі пераехалі ў маёнтак Вялікае Ольжава, які належаў Зоф’і Красіцкай з Кашыцаў — маці Алексы Красіцкага і бабулі Цэцыліі.
У 1936 годзе Эльжбета Красіцкая выдала ў Лідзе кнігу паэзіі. У рэцэнзіі, надрукаванай у газеце «Лідская Зямля», указваецца, што графіня ў сваім зборніку прапагандуе мясцовы фальклор і з’яўляецца прыхільніцай народнага мастацтва: «Пані Красіцкая была адной з першых, хто падтрымаў неабходнасць узняць якасць вырабаў з мясцовага льнянога валакна да ўзроўню, калі яно змагло б цалкам замяніць бавоўну. Праблемы льнаводства ў 1930 г. яна абмяркоўвала на старонках „Сучаснай кабеты“. Энтузіястка рэгіяналізму і жыцця сялян, у вершах яна акцэнтуе сваё гарачае замілаванне да вёскі».
Дадам, што з патрыятычнай ідэяй цалкам замяніць імпартную бавоўну на мясцовы лён у той час выступіў генерал Люцыян Жалігоўскі.
Маёнтак Вялікая Ольжава меў плошчу 2500 га і кіраваўся адміністратарамі. Палац маёнтка разам з іншымі пабудовамі быў спалены падчас вайны. Захаваўся толькі драўляны сядзібны дом, пабудаваны ў XVIII ст., у якім і пасяліліся новыя гаспадары. Гэтая старая пабудова мела анфіладную планіроўку — праз увесь дом можна было пераходзіць з пакоя ў пакой. Першым у доме быў доўгі калідор, потым — канцылярыя. У сярэдзіне знаходзілася вялікая сталовая (з якой можна было адразу прайсці ў бацькоўскую спальню), за ёй — салон, потым — тры пакоі ў шырыню дома. За салонам — гасціная, потым — кабінет бацькі, спальня бацькоў, спальня Цэцыліі, пакой Цэцыліі, пакой гувернанткі-францужанкі, далей — пакой для слуг і кухня. Паміж пакоямі стаялі вялікія кафляныя печы, кожная з якіх абагравала адразу два памяшканні.
Перад сядзібай расла ліпа, пад ёй стаялі стол і лавы. Сядзібны дом замыкаў квадрат фальварка, у якім былі стадолы, спіхлеры (свіраны) для сена і саломы, парк з садам і згарэлым палацам, за палацам — аборы і стайня, кузня і дамы для прыслугі на чатыры кватэры (так званыя чваракі). Была таксама птушкарня для качак і гусей, якія плавалі ў суседняй сажалкавай копанцы, а ў парку жылі два паўліны. Перад згарэлым палацам меўся вялікі газон, на якім расла белая спірэя і цвілі чырвоныя райскія яблыні, утвараючы бела-чырвоную какарду. Двор быў акружаны садам з вялікай колькасцю малін.
Маёнтак спецыялізаваўся на вытворчасці малака, у гаспадарцы трымалі каля 100 малочных кароў. З гэтага малака яўрэй Ілютовіч, які жыў у маёнтку, вырабляў галандскія сыры. Ольжаўскія сыры можна было купіць у самім маёнтку, у Лідзе, Вільні, Варшаве і нават у Галандыі.
Паводле звычаю, на Каляды леснікі маёнтка прыносілі ў двор ялінкі. Бацькі Цэцыліі выбіралі самую прыгожую і ўзнагароджвалі лесніка. Астатнія ялінкі раздавалі прыслузе.
А на Вялікдзень сям’ю прыходзіў віншаваць мясцовы яўрэй Ілютовіч. Ён дарыў гаспадарам маёнтка скрынку з мацой. На Вялікдзень заўсёды быў прыгожа прыбраны вялікі стол пад белым абрусам, на якім стаяла шмат прысмакаў. Раніцай усе ехалі ў Белагрудскі касцёл на імшу, якую праводзіў ксёндз Гародзька, а пасля набажэнства вярталіся на святочны сняданак.
Маці Цэцыліі, Эльжбета Красіцкая, добра ведала архібіскупа-мітрапаліта Рамуальда Ялбжыкоўскага, які ўгаварыў яе прыняць удзел у будаўніцтве Слабадскога касцёла ў Лідзе. І таму касцёл быў пабудаваны з лесу маёнтка Вялікая Ольжава. Цэцылія нават на год пазней прыняла першую камунію — каб зрабіць гэта менавіта ў новым касцёле. Першую камунію яна прымала разам з двума дачкамі слуг; пасля імшы дзяўчынак у Вялікай Ольжаве частавалі марожаным.
Цэцылія расла і выхоўвалася ў маёнтку. Яна мела тут няню па прозвішчы Капля і гувернантку-францужанку мадам Шубэн, жонку царскага афіцэра. Да паступлення ў школу Цэцылію рыхтаваў дырэктар суседняй школы Маргенштэрн.
У 10 гадоў Цэцылія пачала вучыцца ў пансіёне сясцёр-бенядзікцінак у Вільні, дзе яе адразу прынялі ў 4-ы клас. На пачатку сакавіка, на Казюкі, да дачкі ў Вільню заўсёды прыязджала маці і забірала яе да архібіскупа Ялбжыкоўскага. Архібіскупу яны прыносілі кветкі і пернік у выглядзе сэрца. На гэтых сустрэчах Цэцылія страшна нудзілася. Аднак на ўсё жыццё запомніла, як з балкона архібіскупа назірала за жалобнай працэсіяй, якая перавозіла сэрца маршала Пілсудскага з Віленскай катэдры на могілкі Росы.



