«Той дом, хоць невялікі, але мілы воку…». Маёнткі на захад ад Ліды

- -
- 100%
- +
А на Каляды і Вялікдзень дзяўчынка вярталася ў Вялікае Ольжава. Падчас летняга адпачынку ў бацькоў, Цэцылія любіла ездзіць верхам і нават мела свайго каня. У канцы лета 1939 года з маёнтка ў войска былі мабілізаваны легкавая і грузавая аўтамашыны, забралі і коней, разам з канём Цэцыліі.
17 верасня 1939 года Цэцылія разам з маці знаходзілася ў Вялікай Ольжаве. Раніцай яны селі на звычайны сялянскі воз і паехалі ў бок Вільні; у сталіцы краю былі 18 верасня.
У Вільні Цэцылія вярнулася ў сваім пансіён і правучылася ўвесь навучальны год (1939—1940). Пасля далучэння Літвы да СССР дзяўчына яшчэ год вучылася ў савецкай школе.
У чэрвені 1941 года прыйшлі немцы. Яны выдалі загад, які абавязваў уладальнікаў маёнткаў вярнуцца ў свае гаспадаркі. Таму ў ліпені 1941 года Эльжбета Красіцкая са сваёй сяброўкай і дачкой вярнулася ў Вялікае Ольжава. Дом быў заняты, і сям’я пасялілася ў чвараку. У жніўні 1941 года нямецкія ўлады прызначылі Эльжбету Красіцкую адміністратарам маёнтка і выдалі план па здачы сельскагаспадарчай прадукцыі.
Праз небяспеку на пачатку лета 1942 года Красіцкія з сяброўкай пераехалі ў Ліду. У Лідзе дзяўчына пазнаёмілася са сваім будучым мужам Станіславам Маскалам. Каб не патрапіць пад вываз на працу ў Германію, Цэцылія да шлюбу паўтара года працавала на бровары. У гэты час сям’я жыла ў арэндаванай палове дома з садам, а сваю швейную машынку «Зінгер» Эльжбета Красіцкая абмяняла на карову і корм для яе на два гады, у дадатак атрымаўшы яшчэ і два вёдры мёду.
У студзені 1944 года Цэцылія Красіцкая выйшла замуж за Станіслава Маскала.
Пасля вайны Цэцылія выехала ў Вільню, адтуль перабралася ў Люблін, а потым у Варшаву. Тут у жніўні 1945 года нарадзіўся сын Міхал Маскала-Красіцкі, а ўжо ў верасні яна запісалася ў Акадэмію палітычных навук, дзе вучылася 3 гады.
15 верасня 2017 года ў Варшаве я сустрэўся з дачкой апошняй уладальніцы маёнтка Вялікая Ольжава Цэцыліяй Красіцкай.
Жыла Цэцылія Красіцкая ў раёне Варшавы, забудаваным на пачатку 1960-х гадоў невялікімі двухпавярховымі домікамі, у двухпакаёвай кватэры. Калі ў яе гасціннай зале сабраліся сябры, пачалася двухгадзінная размова, якую графіня Красіцкая пачала фразай: «Мы ўсе нарадзіліся ў Лідзе». Абмяркоўвалася шмат тэм, але галоўнай тэмай быў наш горад.
Напісаць жа я хачу пра дзве рэчы.
Цэцылія Красіцкая дыпламатычна сказала, што шмат з таго, пра што напісаў адзін з аматараў лідскай гісторыі на адным з лідскіх сайтаў пра падзеі ў маёнтку Ольжава, ніколі не было ў рэчаіснасці.
Другім цікавым для мяне момантам былі ўспаміны графіні Красіцкай пра мову. Яна сказала, што польскую мову пачала вывучаць ва ўзросце 5—6 гадоў разам з французскай, а ў сям’і да гэтага заўсёды размаўлялі па-беларуску. Неяк, маючы 5 гадоў, яна гуляла з сялянскімі дзецьмі. Яны заўважылі ў Ольжаве іншых дзяцей, якія размаўлялі на нейкай іншай мове. Спыталіся і даведаліся, што гэтыя дзеці размаўляюць па-польску, бо яны… палякі!
— А я тады хто?! — закрычала малая Цэцылія. — Мама кажа, што гэта мы палякі!
Вось такая гісторыя пра тое, на якой мове размаўлялі графы Красіцкія ў сваёй сям’і.
Мыто
Мыто, якое заўсёды было мястэчкам, мае вельмі старажытную гісторыю.
Археолагам вядома гарадзішча Мыто, яно знаходзіцца на правам беразе р. Дзітва ў 1,5 км на паўднёвы захад ад сучаснай вёскі Мыто. Узрост гарадзішча датуецца сярэдзінай — другой паловай І тысячагоддзя н. э. Яно невялікіх памераў, пляцоўка авальнай формы 30 х 20 м, месціцца на ўзгорку і ўзвышаецца над далінай ракі Дзітва на 20 м. Археолагі мяркуюць, што гэта было гарадзішча-сховішча, куды падчас небяспекі хаваліся жыхары з блізкага селішча. У розных частках пляцоўкі вызначаны культурны пласт цёмнага колеру да 50 см таўшчынёй. Валоў і равоў гарадзішча не мела і, верагодна, агароджвалася драўлянай сцяной. За гарадзішчам, на раллі вызначана пляцоўка 200 х 150 м, на якой знойдзена ляпная кераміка. Тут фіксуецца славянская кераміка Х—ХІ стст.. Прыкладна з XVIII ст. на вяршыні ўзгорка знаходзіўся фальварак Мыто. З-за гаспадарчай дзейнасці ў 1980-х гадах значная частка гарадзішча была разбурана.
На поўнач ад гарадзішча Мыто, у лесе, ляжыць вельмі цікавы валун, які на сваёй паверхні мае даволі вялікае паглыбленне ў выглядзе чашы. Мясцовыя людзі расказваюць, што ў выемцы гэтага незвычайнага каменя заўсёды стаіць вада, і яна не высыхае нават у самую спёку, і вада гэтая гаючая — лечыць бародаўкі і «канапушкі». Колькі людзі сябе памятаюць, яны хадзілі да гэтага каменя лекавацца і пасёння водзяць сюды дзетак. У 1988 ці 1989 гг. моладзь з менскай «Талакі» была тут у вандроўцы, і імі былі запісаны расказы мясцовых людзей пра гэты камень, які мае назву «Чара Багародзіцы». Адна з бабуляў распавяла наступную легенду: «Стаяла вельмі сухое лета, выгаралі палі… Студні ў вёсцы пачалі сохнуць, і ў іх ужо амаль не было вады. Дзяўчына пайшла ў лес, дзе калісьці была крыніца. Але на тым месцы, дзе па паданні была крыніца, ляжаў вялікі камень… Дзяўчына была знясіленая ад смагі і, упаўшы на зямлю, пачала маліцца да Маці Божай, каб тая дапамагла не толькі ёй, але і ўсім вяскоўцам. Малітва была такая шчырая і чыстая, што Багародзіца падаравала дзяўчыне адмысловую чару з вадой, якая цудатворна з'явілася на камені. Усё лета вяскоўцы бралі з яе ваду і гэтым выратаваліся ад смяротнай спякоты». На паўночным баку каменя быў высечаны крыж, аднак, людзі кажуць, што яго счасалі па загадзе мясцовага (калгаснага?) партсакратара на пачатку 1960-х гг.
Яшчэ на карце Rizzi Zannoni, выдадзенай у Парыжы ў 1772 г., паміж Лідай і Мыто пад назвай Лідскі лес пазначана вялікая лясная прастора. Прастора тая калісьці складалася з лясных абшараў, якія належалі да Лідскага староства, Цыбарскай дзяржавы, маёнткаў Дайнава, Белагруда і іншыя.
Міхал Балінскі паведамляе пра Мыто ў 1415 г., верагодна, гэта першае згадванне мястэчка. Вядома, што з старадаўніх часоў дарога з Ліды ў бок Гародні бегла каля Астроўлі і Цыбараў на мост цераз Дзітву, на якім здаўна бралі маставую ці грэблевую аплату або так званае мыта, адкуль і паселішча, якое месцілася каля таго моста і грэблі і раней называлася Дзітва Пратасаўская, атрымала назву Мыто.
Для пераправы цераз Дзітву з даўніх часоў будавалі масты. Самы стары з іх ужо існаваў у 1392 г., ён быў пабудаваны на шляху з Жырмунаў да Васілішак, насупраць пазнейшай Дзітвы Тальвашоўскай ці Рулевічаў. Мост на вялікай дарозе з Васілішак да Ліды пры Дзітве Пратасаўскай ці Мыто вядомы з канца XV ст. Наогул маёнткаў з назвай Дзітва на Лідчыне ў розныя часы было некалькі, была Старая Дзітва Шамятоўская ці Дзітва Шамятоўская, Дзітва Талвашоўская і г. д.
Падчас спусташальнай вайны 1654—1667 паміж, у лютым 1659 г. у Мыто на грамнічны соймік сабралася шляхта Лідскага павета, каб спыніць разбоі і беззаконне ў павеце. На сойміку былі абраны службовыя асобы, на якіх ускладзены абавязак выкараніць злачынствы — выракі гэтых асоб прызнаваліся роўнымі выракам трыбунала і павінны былі безапеляцыйна выконвацца. Гэты былі: Васілішскі стараста Марцін Лімант — суддзя, Мацей Мікалай Альшэўскі — падсудак, Ян Нарбут — земскі пісар, Адам Нарбут — падстараста, Ян Зуб — суддзя, Аляксандр Станіслаў Калантай — гродскі пісар Лідскага павета, Мікалай Радашынскі і Аляксандр Тышкевіч. У мястэчку Мыто соймік сабраўся з-за эпідэміі ў Лідзе.
27 лістапада 1659 г. на пераправе каля Мыто адбыўся бой. У сувязі з гэтымі падзеямі мястэчка Мыто ўзгадваецца, з нашага боку — ва ўспамінах Багуслава Маскевіча, з расійскага — у рапарце камандзіра рускіх войскаў, якія прынялі ўдзел у сутычцы каля Мыто. Тады ж была спалена Мытлянская Пакроўская драўляная царква.
У 1784 г. калятарам5 царквы ў Мыто быў вілейскі стараста Юзаф Пац.
Юзаф Пётр Пац (1736—1797), з магнацкага роду Пацаў герба Газдава. Бацька — стараста пінскі і вілейскі Пётр Пац, маці — князёўна Ефрасіння з Агінскіх, сёстры — Бенядзікта і Альжбета. Дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, у 1757 г. ён атрымаў патэнт генерал-маёра літоўскіх войскаў, а не пазней за 1758 г. — патэнт генерал-ад'ютанта вялікай літоўскай булавы.
У дэпешы ад 2 кастрычніка 1767 г. да прэзідэнта калегіі замежных спраў Расійскай імперыі Мікіты Паніна, расійскі пасланнік Мікалай Рапнін назваў Юзафа Паца годным чалавекам для рэалізацыі расійскіх планаў на сойме 1767 г., куды ён абіраўся ад Лідскага павета. Абіраўся Пац і дэпутатам ад Лідскага павета на канфедэратыўны сойм 1776 г. Ён з'яўляўся праціўнікам так званай «Фаміліі» — партыі Чартарыскіх і Панятоўскіх. Тым не менш, 16 сакавіка 1792 г. Юзафа Паца ўзнагародзілі ордэнам Белага арла.
24 красавіка 1794 года на плошчы перад ратушай ў Вільні быў урачыста абвешчаны «Акт паўстання», які пацвярджаў адзінства віленскіх інсургентаў з паўстанцамі Тадэвуша Касцюшкі. У той жа дзень была створана Найвышэйшая Літоўская Рада на чале якой стаў Юзаф Несялоўскі. Сярод іншых, у склад Рады ўвайшоў і вілейскі стараста Юзаф Пац, ён лічыўся ў складзе ваеннай камісіі Рады. Пра сур'ёзнасць яго намераў кажа тое, што 15 чэрвеня 1794 г. ён ахвяраваў паўстанню ажно тры лёгкія янычарскія ружжы! Нагадаю, што Юзаф Пац быў вельмі багатым чалавекам, бо ў сваім тастаменце (06.03.1797 г.) акрамя вялікай нерухомасці, ён пералічвае і грашовыя квоты ў памеры 4 мільёнаў злотых. Не дзіва, што ў ліпені 1794 г. Пац выехаў у Галіцыю «для папраўкі здароўя на водах» і вярнуўся толькі пасля задушэння паўстання.
Юзаф Пац меў вялікую зямельную маёмасць у Лідскім і іншых паветах, памёр 13.03.1797 г. бяздзетным і быў пахаваны ў капліцы касцёла ў Ражанцы, дзе меў вялікую маёмасць (пісаўся — «граф на Ражане»). У тастаменце ўсю сваю маёмасць, акрамя раней запісаную для касцёла ў Ражанцы, запісаў свайму далёкаму крэўнаму Людвіку Міхалу Пацу «як апошняму з дома і роду пацаўскага».
Такім чынам уся маёмасць, у тым ліку і маёнтак Мыто, перайшла ў валоданне Людвіка Паца (1780—1835), які быў сынам Міхала і Людвікі з Тызенгаўзаў. Цікава, што бацька Людвіка Паца — Міхал Пац «запаў у меланхолію і памёр 29 студзеня 1800 г. у Мыто, маючы 46 гадоў» — памёр у маёнтку свайго сына але быў пахаваны «у катакомбах Езненскага касцёла».
Па сведчанні сучаснікаў, Людвік атрымаў «стараннае выхаванне ў Францыі, Англіі і на радзіме», а ў 1796 г. стаў студэнтам Віленскай акадэміі. Праз год атрымаў у спадкі ад далёкага сваяка Юзафа Паца вялікую маёмасць: ключы6 Ражанку (з Мыто) і Гарадзішча на Лідчыне і Наваградчыне, Даўспуду, Рачкі і Мазуркі на Беласточчыне, якая ў той час стала часткай Прусіі, палацы ў Вільні і Гародні і тыя самыя 4 мільёны злотых гатоўкай, пра якія я пісаў вышэй.
У 1802 г. Людвік па тагачасных законах стаў паўнагадовым і распачаў ваяжы па Еўропе: наведаў парыжскі салоны княгіні Ганны Сапяжанкі, а потым з яе братам Станіславам Замойскім у 1803 г. перабраўся ў Лондан. Тут, у Англіі, Шатландыі і Ірландыі, ён вывучаў сельскую гаспадарку. У 1808 г. у Парыжы са званнем «шэф эскадрона»7 паступіў у полк лёгкаконнай гвардыі. Ваяваў у Іспаніі, дзе атрымаў раненне багнетам у сцягно. Прыняў удзел у Аўстра-Французскай вайне 1809 г., належаў да эскорту Напалеона, атрымаў ордэн Ганаровага легіёна, пасля чаго пайшоў у адстаўку і пераехаў у Варшаўскае княства. Адсюль ён займаўся арганізацый выведкі на тэрыторыі былога ВКЛ і перад кампаніяй 1812 г. атрымаў чын палкоўніка. Напачатку камандаваў 15-м палком уланаў, а ў маі 1812 г. атрымаў 2-гі ўланскі полк. Пасля ўваходу Напалеона ў Вільню, сустракаў яго ў тут сваім палацы. 16 ліпеня атрымаў чын брыгаднага генерала і прайшоў з Напалеонам да Масквы праз усе бітвы. У 1814 г. стаў дывізіённым генералам і камандаваў кавалерыйскай брыгадай, якую сам і сфармаваў. Пры канцы вайны камандаваў усёй французскай коннай гвардыяй і недалёка ад Парыжа быў паранены. На баку Напалеона прайшоў чатыры ваенныя кампаніі і пасля адстаўкі, у маі 1814 г. выехаў у Англію, дзе зноў пільна вывучаў сельскую гаспадарку.
Пасля амністыі Людвік Пац вярнуўся дахаты і тут, разам з Адамам Чартарыскім, прэтэндаваў на руку Ганны Сапяжанкі. Канкурэнцыя з Чартарыскім за руку і сэрца дзяўчыны набыла палітычнае адценне, бо Адам Чартарыскі быў сябрам маладосці цара Аляксандра І і ў 1804—1806 гг. займаў пасаду міністра замежных спраў Расійскай імперыі. Справа даходзіла да дуэляў са шчаслівым канкурэнтам і цікава, што апошняя дуэль паміж імі адбылася, калі абодва рывалі ўжо былі жанатыя.
У 1817 г. Людвік Пац бярэ шлюб з Каралінай Малахоўскай, якая прынесла яму 1 мільён злотых пасагу. Але хутка, у 1822 г. ён аўдавеў. Жыў у беластоцкіх маёнтках і быў віца-прэзідэнтам мясцовага Аграрнага таварыства. Пабудаваў цікавы палац у стылі англійскай готыкі ў Даўспудзе і перабудаваў куплены ў 1823 г. у Радзівілаў палац па вуліцы Мядовай у Варшаве, пасля рэканструкцыі тут паўстала «адно з самых арыгінальных прасторавых рашэнняў Варшавы». Палац паступова ператварыўся ў музей, дзе месціліся калекцыі Людвіка Паца, у тым ліку і калекцыя антыкаў, купленая ім асабіста ў Рыме і Пампеях. Тут былі грэцкая, гатычная і маўрытанская залы і калекцыі жывапісу, у тым ліку і партрэты Пацаў розных эпох. Госці з захапленнем разглядалі сервізы са срэбра, крышталю, наборы сеўрскай парцэляны коштам у дзесяткі дукатаў за талерку. Жартавалі, што гэты гмах актуалізаваў даўнюю прымаўку: «Варты Пац палаца». Менавіта ў гэтым палацы і жыў калятар царквы ў Мыто. Перад 1830 г. нерухомасць Паца ў Польскім каралеўстве ацэньвалася ў 3 мільёны, а ў былым ВКЛ — у 1 мільён злотых.
Трэба дадаць, што Людвік Пац фундаваў у сваім мястэчку Ражанка Петра-Паўлаўскі касцёл. Архітэктарам касцёла быў Генрык Марконі, які пры праектаванні касцёла адмовіўся ад абавязковага ў той час падабенства з антычнасцю, і таму пастаўлены ім у 1827 г. Петра-Паўлаўскі касцёл у мястэчку Ражанка можна лічыць адным з першых неагатычных будынкаў Беларусі. Беспярэчна, гэта адзін з самых прыгожых касцёлаў Беларусі.
У Варшаве граф Пац трымаў дыстанцыю ад палітыкі, тым не менш з'яўляўся сенатарам каралеўства. Прыняў удзел у паўстанні 1830—1831 гг. і ахвяраваў на паўстанне 100 000 злотых — больш за ўсіх іншых сенатараў. Пасля паразы паўстання выехаў у Парыж.
Царскі ўрад канфіскаваў усю маёмасць Людвіка Паца, у тым ліку і ключ Ражанку (1351 душ), але нейкія капіталы ў яго захаваліся, і таму і за мяжой граф заставаўся багатым чалавекам. У 1834 г. з рознымі даручэннямі кола эмігрантаў Пац выехаў з Парыжа ў Італію — жыў у Генуі, Рыме, Неапалі, дзе, пакінуўшы дачку пад нагляд законніц, усю зіму бавіўся ў арыстакратычным «элегантным свеце». У 1835 г. выехаў у Грэцыю, дзе таксама займаўся палітычнымі справамі. З Афін перабраўся ў старажытны грэцкі горад Смірна, што ў Малой Азіі,8 дзе 31.08.1835 г. памёр. Некаторыя даследчыкі лічаць, што Людвік Пац для Адама Міцкевіча з'яўляўся правобразам Графа ў паэме «Пан Тадэвуш».
У 1816 г. Людвік Пац прадаў маёнтак Мыто за 300 000 злотых Яну Расудоўскаму, які ў 1812 г. быў чальцом Рады сканфедэраванай шляхты ў Жалудку. Працэс афармлення Мыто зацягнуўся, і маёнтак разам з усёй маёмасцю Паца быў канфісаваны ў скарб. Але Расудоўскі неяк даказаў сваё права і стаў гаспадаром Мыто. У 1860 г. Расудоўскія яшчэ валодалі ў Мыто 124 мужчынскім душамі і 495 дзесяцінамі зямлі. Сяляне павінны былі адпрацаваць на пана па 156 дзён у год, а таксама штогод з сялянскага двара аддаць пану 1 курыцу, 10 яек і 60 грыбоў.
Прывяду тут цікавы кавалак тэксту з дзённіка дамініканскага візітатара, які ў 1822 г. ехаў па Мытлянскім гасцінцы: «Ранні выезд праз Мыто. Мыто калісьці было прыгожым і добраўпарадкаваным мястэчкам: карчма дзедзіча васпана Паца, зараз карчма заняпала, стаіць паштовы дом, уніяцкая царква, як руіна, грэбля ў дрэнным стане. Паснедалі ў крупаўскай карчме. Нікчэмная, належыць Скіндарам. Ліда засталася па правай руцэ. Начавалі мы ў карчме ксяндзоў піяраў, карчма была б зручная, калі б не прусакі — казуркі занесеныя з глыбіні Расіі ў Літву. Гэтая казурка завецца прусаком таму, што яна тут з'явілася такім чынам: была прынесеная… падчас паходу рускіх на Прусію, у валадаранне царыцы Лізаветы».
Карэспандэнт «Виленского Вестника» ў артыкуле, перадрукаваным потым у «Літоўскіх епархіяльных ведамасцях», пісаў пра народную Мытлянскую вучэльню: «В. Мыто Лідскага павета. Нядаўна я быў сведкам станоўчай з'явы сялянскага жыцця. 20 мая я праездам знаходзіўся ў в. Мыто, гэта была нядзеля, і я зайшоў у мясцовую царкву. У параўнанні з іншымі вясковымі цэрквамі, тут было шмат вернікаў — чалавек 50. Пасля абедні ўсе сяляне, сялянкі і іх дзеці гуртам накіраваліся ў вучэльню. Гэта мяне здзівіла, бо я прызвычаіўся бачыць, што пасля царквы сяляне ўсім гуртам ідуць у карчму. Я пайшоў за сялянамі і патрапіў у чысты і дастаткова прасторны клас народнай вучэльні. Сяляне ўселіся за сталы… яны мне сказалі, што прыйдзе бацюшка з настаўніцай і будзе з імі размаўляць. … Хвілін праз 15 прыйшоў святар Мытлянскай царквы а. Мікалай Кустаў9 з настаўніцай народнай вучэльні сп. Мірановіч. Святар прачытаў нядзельнае евангелле на расійскай мове і растлумачыў слухачам, чаму гэтае евангелле чытаецца сёння. … Потым сп. Міроновіч прачытала два павучальныя апавяданні з жыцця першых хрысціян. … Як прыемна бачыць… што нашы бедныя сяляне маюць магчымасць раз на тыдзень падумаць пра духоўны бок свайго жыцця. … Сярод сялян былі і прыхаджане іншых прыходаў, бо ў гэтай частцы Лідчыны толькі ў Мыто маюцца нядзельныя чытанні. Вялікі дзякуй бескарысным працаўнікам а. Куставу і сп. Мірановіч… добра, каб у наш край прыязджала паболей такіх людзей… бо сяляне амаль што не разумеюць ні праваслаўнай, ні каталіцкай службы і з вялікай ахвотай ідуць у касцёл, бо там „музыка грае“. Трэба ж і нам шукаць, чым прывабіць сялян у царкву».
Але здараліся і іншыя выпадкі.
З 1861 г. Мыто стала цэнтрам Мытлянскай воласці, у якую ў другой палове XIX ст. уваходзіла 39 населеных пунктаў, у тым ліку і Ваверка. У 1871 г. прэса паведаміла пра незвычайнае здарэнне: «Адзін з лідскіх паліцыянтаў… прыбыў у піцейны дом вёскі Ваверка, і знайшоў там 4 п'яных сялян. Ён западозрыў дрэнныя намеры і спытаў у іх, чым набіты іх мяшок? Гаспадар мяшка не хацеў дазволіць яго агледзець, а ўсе іншыя з яго кампаніі ўцяклі. … У мяшку аказаліся дзве чалавечыя рукі. Арыштаваны селянін прызнаўся, што у ноч на 9 сакавіка, ён з 7 сябрамі, узброенымі ружжамі, на могілках маёнтка Ішчална, выкапалі толькі што пахаванага нябожчыка — селяніна Ёча, знялі яго вопратку і адрэзалі абедзве рукі, каб з чалавечага тлушчу зрабіць свечку. З гэтай свечкай яны разлічвалі бяспечна рабаваць дамы, бо існуе павер'е, што „свечка з тлушчу нябожчыка“ ці „з рук нябожчыка“, калі яе абнесці вакол выбранага для рабунку дома, пагружае жыхароў дома ў „мёртвы сон“».
Тарнова, Лебяда и кароль Андоры
Ваколіцы лідскай вёскі Тарнова з першай паловы XV ст. належалі ўплывоваму беларускаму роду Завішаў, спачатку герба Ружа. Пасля параднення з Кезгайламі і Шаметамі гэтыя роды атрымалі агульны герб Лебедзь. Трэбы адзначыць, што нашы лідскія Завішы не мелі нічога агульнага ні з Завішамі герба Парай, ні з польскімі Завішамі.
Родапачынальнік Завішаў успамінаецца ў 1443 і 1486 гадах. Ён пакінуў сыноў Мікалая (ўспамінаецца ў 1496 годзе, нашчадкаў не меў) і Яна, каралеўскага двараніна (1491), памёр да 1506 годзе. Сын Яна, Юры (каля 1480 — да 1528 гадах), быў суддзём земскім драгічынскім і значным землеўладальнікам, ён у 1528 годзе выстаўляў 34 вершнікі ў войска.
Каля 1488 годзе ўладанні наследаваў Мікалай Завіша, каралеўскі дваранін. Пасля яго смерці, каля 1500 года, палова маёмасці, па левым беразе Дзітвы, перайшла да яго брата Андрэя Завішы, цівуна віленскага, а другая палова — па правым беразе ракі Дзітва іншаму брату — Юрыю Завішу. Абедзве часткі гэтай маёмасці назваліся Белагрудай.
Нашчадкі Андрэя Завішы трымалі сваю частку Белагруды да другой паловы XVII ст. Юры Завіша пакінуў пасля сябе сыноў Мікалая, Кшыштафа, Альбрахта, Яна і дачку. Згодна з попісам войска 1528 годзе гэтыя Завішы са сваёй часткі Белагруды выстаўлялі разам з паветам Васілішскім 3 кані. Каля 1560 года гэтую частка Белагруды разам з Вашкевічамі ў Завішаў набыў князь Андрэй Вішнявецкі, праз 20 год ён прадаў яе Яраславу Мікалаевічу Ваўчку.
Пры канцы XVI ст. унук Андрэя Завішы Ян Янавіч Завіша, падкаморы лідскі (з 1593 года), а потым ваявода віцебскі выкупіў усе часткі Белагруды і па тастаманце ад 1 лютага 1593 года з гэтай зямлі і з іншай сваёй маёмасці забяспечыў за сваёй жонкай Анастасіяй з Трызнаў 400 коп літоўскіх грошаў. Пасля смерці віцебскага ваяводы гэтая маёмасць разам з Жырмунамі і Востравам (тым самым, дзе ў 1392 года было падпісана славутае пагадненне паміж Вітаўтам і Ягайлам) успадкаваў яго пляменнік Мікалай Завіша, таксама віцебскі кашталян, а калі і ён памёр бяздетным, маёмасць перайшла да яго ўдавы Гальшкі з Тышкевічаў, якая ў 1668 годзе аддала маёмасць у арэнду. Пад канец XVII ст. Белагруду ўспадкавала дачка Яна Юрыя Завішы, старасты браслаўскага, Ганна, якая ў першым замустве (каля 1690 года) была жонкай Пятра Амора, графа Тарноўскага, а ў другім — Крыштафа Шчыта, кашталяна смаленскага. Памяць гэтых двух прозвішчаў і заставалася ў назвах маёнтка Тарнова і фальварка Шчытнікі.
У XVIII ст. Жырмуны і Востраў з Белагрудай — маёмасць княгіні Барбары Радзівілл (з Завішаў). Ад яе Тарнова пераходзіць да сына — Станіслава Радзівіла (1722—1784), падкаморага літоўскага, а далей — Мікалаю Фаўстыну Радзівілу (1751—1811), уладальніку Жырмун. Пры канцы XVIII ст. з вопісаў парафій Лідскага дэканата бачна, што Тарноўшчына — фальварак Найяснейшага Князя ягомасці Радзівіла генерал-лейтэнанта войск ВКЛ. Незадоўга да смерці, Мікалай Фаўстын Радзівіл аддаў Тарнова ў заклад Тадэвушу Андрэйкавічу за 10 000 залатых дукатаў і 130 000 злотых. Пасля судовага працэсу ў 1824—25 гадах бакі падпісалі судовую дамову, згодна з якой Андрэйкавіч стаў уладальнікам Тарнова. Яго сын Юлій Андрэйкавіч прадаў Тарнова Канстанціну Кашыцу.
Бацька Кашыца — наваградскі маршалак Юзаф Кашыц, прымаў удзел у кампаніі 1812—1814 гг. на баку Напалеона, быў афіцэрам 17-га ўланскага палка. Пасля заканчэння вайны ён на тры года выехаў за мяжу для працягу адукацыі, пасля чаго вярнуўся і пасяліўся ў маёнтку Ятра Наваградскага павета. У 1830 г. Юзаф Кашыц быў абраны наваградскім маршалкам. Падчас паўстання 1831 г. быў арганізатарам выступлення ў Наваградскім і Слонімскім паветах, стварыў ў сваім маёнтку асобны атрад, які ў ліпені 1831 г. налічваў каля 1 тысячы чалавек.
Пасля паразы паўстання 1831 г. Канстанцін Кашыц разам з бацькам апынуўся ў эміграцыі ў Францыі — 26 кастрычніка 1831 г. яны прыбылі ў Парыж. У 1838—1842 гг. Канстанцін Кашыц у Дэрпцкім універсітэце вывучаў дыпламатыку і закончыў адукацыю з ступенню кандыдата, быў член мясцовай арганізацыі «Палонія». Маецца інфармацыя, што Кашыц меў дачыненне да справы Шымана Канарскага, аднак у іншых крыніцах гэты факт пацверджання не знаходзіць.
Канстанцін Кашыц — чалавек выдатных разумовых здольнасцей, вызначаўся трапным словам і вострым пяром. У 1850-я, калі яшчэ адбываліся шляхецкія соймікі, сваімі жартамі і эпіграмамі ён дакучаў розным павятовым і губернскім асобам. Аднаго такога «дыгнітарыя» (саноўніка), які ў лісце заміж «вторак» (аўтoрак) напісаў «фторак», ён назваў «Пан Фторак», і мянушка гэтая замацавалася назаўжды. Склаў некалькі рыфмаваных сатыр, якія называліся «Загадка», «Крыжык», «Дагератып», «Пастка на выбарах (галасаванне на сойміках ці выбары)».
Гісторык Вольга Гарбачова піша, што ў паўстанні 1863 г. Кашыц выконваў абавязкі цывільнага кіраўніка па Наваградскім павеце, аднак выступаў супраць пашырэння паўстання. Пазней ён сцвярджаў, што пагадзіўся на кіраўніцтва з мэтай нейтралізаваць актыўнасць прыхільнікаў узброенага выступлення. 20 красавіка 1863 г. Кашыц адмовіўся ад выканання сваіх абавязкаў і выехаў у Рыгу, затым у Пецярбург і далей у Мінск. 17 чэрвеня 1864 г. ён быў арыштаваны і падчас допыту 30 ліпеня 1864 г. даў поўныя і шчырыя паказанні, па выніках якіх былі раскрыты шэраг членаў і дзеянні наваградскай паўстанцкай арганізацыі. Рашэннем часовага палявога суду ў Вільні Кашыц быў прысуджаны да смяротнага пакарання, аднак гэтае рашэнне перагледзеў М. Мураўёў і па канфірмацыі ад 15 студзеня 1864 г. «за заслугі перад следствам» ён быў пакараны ссылкай у Казанскую губерню з утрыманнем пад пільным паліцэйскім наглядам. Правы і маёнткі былі захаваныя за Кашыцам. Пасля выплаты ім 9000 рублёў срэбрам з маёнткаў быў зняты секвестр.
Гіпаліт Корвін-Мілеўскі пісаў пра яго: «Быў арыштаваны добры сябар (бацькі аўтара, Аскара Корвін-Мілеўскага — Л. Л.) пан Канстанцін Кашыц, жанаты з прыгажуняй Несялоўскай, заможны землеўладальнік Лідскага і Наваградскага паветаў, нібыта начальнік нібыта цывільнага кіравання аднаго з гэтых двух паветаў. Пад пагрозай шыбеніцы, ён адразу растаў, як масла на сонцы і прызнаўся не толькі ва ўсім, але і пра ўсіх. Калі дайшла чарга да майго бацькі, Кашыц на пытанне, якія ў яго адносіны з панам Аскарам Корвін-Мілеўскім і што ён ведае пра яго палітычную дзейнасць, зароў, як бабёр: „Калі б я паслухаў гэтага мудрага чалавека, я б не быў тут!“. Ён расказаў, што неўзабаве пасля вяртання майго бацькі з-за мяжы, яны абодва ў яго гатэльных апартаментах пачалі дарагую гульню ў прэферанс. Было ўжо каля поўначы, калі нумарны чалавек прынёс Кашыцу запячатаны ліст. Прачытаўшы яго, ён паклаў на стол ужо раздадзеныя карты, паабяцаў вярнуцца і выйшаў. Вярнуўся толькі праз некалькі гадзін: „Пан Канстанты, я занадта добра ведаю цябе і тваё каханне да прыгожай жонкі, каб падумаць, што ты кінуў нашу паважную партыю дзеля нейкай красуні. Ні аб чым цябе не пытаю, але мне ясна, што ты дазволіў уцягнуць сябе ў нейкую інтрыгу палітычнага характару“, і выразна растлумачыў, што справа безнадзейная і што Кашыц можа толькі знішчыць сябе, сваю сям'ю і свой край, але не мае магчымасці зрабіць нешта карыснае».



